Вярнуцца: Адукацыя, культура

13-я Агульнацыянальная дыктоўка на Лідчыне


Дадана: 24-01-2021,
Крыніца: 13-я Агульнацыянальная дыктоўка на Лідчыне // Лідскій Летапісец, 2020. 1(89). С. 9-15.



У 2020 годзе Лідчына падтрымала традыцыю масавага напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Дыктоўка пісалася ў рамках акцыі "Беларусь помніць".

13 лютага на базе Аддзела рамёслаў і традыцыйнай культуры г. Ліды адбылася Агульнанацыянальная дыктоўка для работнікаў культуры (15 устаноў культуры). Колькасць удзельнікаў - 22 чалавекі. Тэкст паводле твора Васіля Быкава "Кар'ер" дыктавала метадыст па аматарскіх аб'яднаннях Струмскіс Ірына Эдмундаўна.

Да дыктоўкі былі падрыхтаваны мастацкія аркушы паперы. На экране высвечваўся партрэт Васіля Быкава і яго выказванне, а таксама выказванне Рыгора Барадуліна: "Голас Васіля Быкава - голас сумлення нацыі, голас часу..." Дыктоўка рушыла.

15 лютага ў 11.00 13-ю Агульнанацыянальную дыктоўку післі ў бібліятэцы в. Мінойты Лідскага раёна. Дыктоўку тут пісалі недзе ў шосты раз. У дыктоўцы сёлета бралі ўдзел жыхары вёскі Мінойты, а таксама старшыня і намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк. Быў выбраны тэкст з аповесці А. Карпюка "Данута". Тэкст чытала настаўніца мовы і літаратуры Мінойтаўскай СШ Алена Іосіфаўна Скерсь.

На 10 балаў дыктоўку напісала Галіна Іванаўна Сідарэвіч. Дзявяткі атрымалі Валянціна Уладзіміраўна Станюкевіч, Валянціна Сяргееўна Някрасава і Станіслаў Вацлававіч Суднік. Вельмі добра напісалі і астатнія.

Пакуль ішла дасканалая праверка дыктовак перад прысутнымі з невялікім канцэртам выступіў бард Сяргей Чарняк.

На завяршэнне пераможцы дыктоўкі, а таксама і ўсе прысутныя атрымалі падарункі ад Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ - кнігі і асобнікі часопіса "Лідскі летапісец".

(27KB) Дыктоўку вядзе Ірына Струмскіс.

15 лютага ў 13.00 пачалася 13-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Бярозаўскім доме культуры. Дыктоўку па тэксце Васіля Быкава "На Чорных лядах" пісалі ў гэты дзень сябры Бярозаўскай арганізацыі ТБМ. Чытаў дыктоўку намеснік старшыні ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік. У дыктоўцы браў удзел намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Чарняк, які завяршыў імпрэзу нізкай патрыятычных песень.

Найлепш напісаў старшыня Бярозаўскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Дычок, на другім і трэцім месцы адпаведна - Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак. Пераможцы, ды і ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад ТБМ.

З дыктоўкі ТБМ пачаўся Тыдзень роднай мовы ў Бярозаўцы, які прадугледжваў цэлы шэраг самых розных мерапрыемстваў.

Ужо не першы год у Доме Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея стала традыцыяй пісаць беларускія дыктоўкі, прысвечаныя да Міжнароднага дня роднай мовы. На гэты раз, 19 лютага, зноў з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у гэтым значным мерапрыемстве ўдзельнікі праекта - гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч". Паколькі ўдзельнікі - людзі сталага ўзросту, людзі, якія пабачылі на сваіх вачах страх, голад, холад у гады ваеннага ліхалецця, то і тэкст быў падобраны па іх тэме - урывак з аповесці Аляксея Карпюка "Данута". Тым больш, што ў гэтым годзе творчая інтэлігенцыя адзначала 100-годдзе з дня нараджэння Аляксея Нічыпаравіча Карпюка. Тэкст чытаў навуковы супрацоўнік Дома Таўлая Алесь Хітрун.

Трэба зазначыць, што нягледзячы на сталы ўзрост удзельнікаў, дыктоўка напісана нядрэнна. Адчуваецца ў іх граматны падыход да мерапрыемства, бы ведаюць, што ў Доме Таўлая павінна гучаць беларуская мова, хоць бы нават у такі значны дзень. Пасля яго напісання прайшла праверка, у выніку чаго былі падведзены вынікі. І так, І месца занялі Букоўская Таццяна Георгіеўна і куратар праекта - гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч" Каладзяжная Анастасія Аляксандраўна, ІІ месца падзялілі паміж Хейфец Наталляй Яўхімаўнай і Малахавай Зінаідай Васільеўнай, а трэцяе адпаведна атрымалі ўсе астатнія ўдзельнікі - Хейфец Лазар Лейвікавіч і Кобец Ніна Ягораўна.

19-га лютага да Міжнароднага дня роднай мовы, курсы беларускай мовы "Мова Нанова" ў Лідзе на сваіх занятках у банкетнай зале кавярні "Тутака" далучыліся да 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Для напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны былі прапанаваныя на выбар чатыры тэксты. Выбар курсаў "Мова Нанова" ў Лідзе выпаў на тэкст Васіля Быкава "На Чорных лядах".

А распачалі дыктоўку вершам Уладзіміра Караткевіча "Дзе мой край", які цудоўна прачытала выкладчыца курсаў Марыя Ганчар.

Пасля напісання дыктоўкі адбылася прэзентацыя цудоўнай песні Людмілы Краснадубскай "Беларусь" у выкананні самой аўтаркі.

Дыктоўку напісалі ўсе на выдатна!

Музычна-паэтычная вечарына "Жывы выток зямлі беларускай", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў малой зале Лідскага палаца культуры 19 лютага. Вечарына планавалася на 21 лютага, але ўзніклі непераадольныя абставіны ў выглядзе ўрачыстага адкрыцця культурнай сталіцы Беларусі, і імпрэза, якая ладзіцца ўжо пяты год падрад, прайшла на два дні раней.

Вечарыну арганізоўвалі сіламі творчага аб'яднання "Музальянс", Лідскага музычнага каледжа, літаб'яднання "Суквецце". Рэжысёр праграмы - Горгуль Васіль Канстанцінавіч.

Гучалі песні ў выкананні Аліцыі Казак ("Спеў дубраў"), Славаміра Шклёніка (Мой родны кут...", "Мой край"), Людмілы Краснадубскай ("Беларусь"), Вікторыі Кузьмы ("А ў садзе рэчанька"), Анастасіі Круповіч ("А ў Марусі хата на памосце", "Лён, ляночак", "Вішня"), Лізаветы Капцевіч ("Месяц і вішанька"), беларуская народная песня "Дровы" ў выканні Народнага ансамбля "Вербіца", саліст Іван Мярэўца, песня "Больш табе я не пазваню" ў выкананні музычнага эстраднага калектыва "Талісман", кіраўнік Дзяніс Варановіч.

Лідскія паэты на сцэне заўважаны не былі, а вось паэтэс сабралася цэлае "Суквецце". Са сваімі вершамі, прысвечанымі роднай мове, малой і вялікай радзіме выступалі: Людміла Краснадубская, Вольга Бічэль-Ашмяна, Ганна Рэлікоўская, Станіслава Белагаловая, Ірына Маркевіч, Ала Юшко, Ірына Вашкевіч, Яна Марцэвіч.

Шчырая беларуская атмасфера, разняволеныя і ўпэўненыя ў сабе людзі, што на сцэне, што ў зале. Кавалачак сапраўднай Беларусі. І гэта толькі Палац культуры горада Ліды. А акрамя таго святочныя імпрэзы прайшлі ў Бярозаўцы, у многіх вясковых дамах культуры і бібліятэках.

Так, з мэтай папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы ў Бярозаўскім гарадскім Доме культуры Лідскага раёна адбылася квэст-гульня "Размаўляем па-беларуску", да Міжнароднага дня роднай мовы. Удзельнікаў чакала падарожжа па станцыях, на якіх прыходзілася выконваць цікавыя і разнастайныя заданні.

1-ае месца заняла каманда СШ № 3 г. Бярозаўкі "Крынічкі".

Шэраг мерапрыемстваў прайшлі ў філіялах ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы. Акрамя такіх звыклых форм, як літаратурныя вечары, гадзіны роднай мовы, гасцёўні, віктарыны, урокі беларусазнаўства традыцыйным стала правядзенне Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая сёлета прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтае мерапрыемства праводзіцца з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, шырокага святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.

19 лютага падчас гадзіны беларускай мовы "Далучыся да роднай мовы" у філіяле "Дітвянская сельская бібліятэка" прайшла дыктоўка, у якой прымалі ўдзел вучні мясцовай школы розных узростаў. Школьнікам звычна пісаць дыктоўкі, таму ўсе выдатна справіліся з пастаўленай задачай.

Здаць своеасаблівы "экзамен" на веданне роднай мовы ў Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы 21 лютага прыйшлі самыя актыўныя і адданыя чытачы. Да ўвагі ўдзельнікаў дыктоўкі быў прадстаўлены ўрывак з рамана "Векапомныя дні" М.Ц. Лынькова "Будзем жывы, будзе і дэпо". Адразу пасля дыктоўкі ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць самастойна праверыць свой тэкст і зрабіць асабістыя высновы, наколькі добра яны валодаюць беларускай мовай. Трэба разумець, што гэта сімвалічная дыктоўка, нешта кшталту флэшмоба. Яго галоўная мэта - паказаць, што табе падабаецца беларусская мова. Такім чынам, дэвіз мерапрыемства - "Я ўдзельнічаю, таму што мне падабаецца". І людзі сапраўды атрымалі задавальненне.

Міжнародны дзень роднай мовы быў адзначаны і ў філіяле "Бярозаўская гарадская бібліятэка". 21 лютага сябры аматарскага аб'яднання "Суразмоўніца" прынялі ўдзел у 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, напісаўшы тэкст Васіля Быкава "На Чорных лядах".

Тым жа днём у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" ладзілася літаратурная гасцёўня "Родная мова - матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова". Прысутным быў прапанаваны для дыктоўкі тэкст А. Карпюка "Данута", усе з ахвотай і выдатна яго напісалі. Падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні на роднай мове. Дадаткам бібліятэкар правяла агляд кніг "Адкрываю… нанова беларускае слова".

21 лютага філіял "Дварышчанская сельская бібліятэка" запрасіў вучняў 5-га класа ДУА "Дварышчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа" адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы паэтычнай сустрэчай "І прыгожа льюцца на прасторы словы беларускай мовы". Свае веды вучні прадэманстравалі адгадваючы загадкі, збіраючы прыказкі і напісаўшы дыктоўку, якую прапанавала настаўніца беларускай мовы І.Л. Шостак.

Апошнімі ўдзел у дыктоўцы прынялі чытачы філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3", дзе ў рамках гадзіны роднай мовы "І прыгожа льецца па прасторы слова беларускай мовы" 22 лютага прайшла дыктоўка. Тут тэкст з аповесці А. Карпюка "Данута" пісалі ў асноўным сябры лідскіх арганізацый ТБМ. Чытала А.Я. Папковіч.

Прайшлі мерапрыемствы і ў іншых бібліятэчных філіялах раёна. Да прыкладу:

20 лютага ў рамках дзіцячага клуба "Буслік" філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" прайшла пазнавальная сцяжынка "Чаму знікаюць словы?", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Да Міжнароднага дня роднай мовы 20 лютага прайшла літаратурная вечарына "Роднаму слову прызнанне ў любові" ў філіяле "Тарноўская сельская бібліятэка".

21 лютага філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" запрасіў навучэнцаў 3А класа ДУА "Сярэдняя школа № 8 г. Ліды" на літаратурную палітру "Беларускае роднае слова, ты на крылах бусліных ляціш", прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы.

21 лютага да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1" адбыўся паэтычны вянок па творах беларускіх паэтаў "У мовы роднай - роднае карэнне", і так па ўсіх філіялах.

З 13 па 23 лютага ў лідскіх установах адукацыі ішла Дэкада роднай мовы. Яна была напоўнена масай самых розных мерапрыемстваў, ключавым з якіх была 13-я Агульнанацыянальная дыктоўка.

Як і летась, асноўнай ударнай сілай дыктоўкі сталі лідскія школьнікі. Дыктоўку пісалі ўсе 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі Лідскага раёна.

Сёлета ў лідскіх школах пісалі дзве дыктоўкі: вучні пісалі лідскую дыктоўку, прапанаваную Лідскім райвыканкамам, а настаўнікі, бацькі і іншыя прадстаўнікі грамадскасці пісалі гарадзенскую дыктоўку, прапанаванрую Гарадзенскім абласным упраўленнем адукацыі. Абедзве дыктоўкі былі прымеркаваны да 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Дыктоўку пісалі 7926 вучняў, што некалькі менш, чым летась. З-за гэтага памяняліся лідары сярод школ:

СШ № 12 - 723 чал.

СШ № 15 - 663 чал.

СШ № 1 - 561 чал.

СШ № 8 - 522 чал.

СШ № 9 - 499 чал.

СШ № 6 - 457 чал...

Бярозаўская СШ № 3 - 342 чал. і г.д. на памяншэнне.

Сярод сельскіх школ:

Першамайская СШ - 145 чал.

Дзітвянская СШ - 115 чал.

Ёдкаўская СШ - 105 чал. і г.д.

Гарадзенскую дыктоўку пісалі:

настаўнікі - 425 чал.

бацькі - 180 чал.

іншыя прадстаўнікі грамадскасці - 47 чал.

Разам - 652 чалавекі.

Усяго ўдзельнікаў 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў лідскіх школах - 8578 чалавек.

Безумоўным станоўчым момантам сёлетняй дыктоўкі стаў масавы ўдзел у ёй настаўнікаў, тэхнічных работнікаў школ і бацькоў.

Міжнародны дзень роднай мовы традыцыйна адзначаецца ва ўсіх установах дашкольнага выхавання Лідскага раёна. Сёлета ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх 50 дзіцячых садках (з улікам і тых, якія ўваходзяць у школьныя комплексы).

Палічыць удзельнікаў тут вельмі праблематычна, але гэта недзе 1500 - 2000 чалавек.

Па здымках, узятых з сайта д/с № 24, відно, што дашкольныя ўстановы Лідчыны рыхтуюцца да Дня роднай мовы грунтоўна, нават нацыянальныя строі маюць.

У Лідскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы добрай традыцыяй стала святкаванне Дня роднай мовы. Сёлета да гэтай даты быў падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў.

21 лютага пачаўся яскрава - відэапрэзентацыяй і фотавернісажам, арганізаваным у педагагічным корпусе каледжа. Шмат цікаўных сабрала гульня сярод першых курсаў гуманітарнага аддзялення "Размаўляем па-беларуску". Багата ўражанняў пакінула экскурсія навучэнцаў у Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе яны змаглі дакрануцца да скарбаў народнай творчасці і стаць удзельнікам майстра-класа па ткацтве. А вось бадай самай масавай і папулярнай па традыцыі стала акцыя "Гавары са мной па-беларуску" і ўсеагульная дыктоўка, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі, якую пісалі 233 навучэнцы каледжа 1- 4 курсаў усіх спецыяльнасцей.

Сёлета свой 80-гадовы юбілей адзначае Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. З нагоды слаўнай даты навучэнцы і выкладчыкі прынялі ўдзел у акцыі "Знайдзі сябе з намі": 25 чалавек пісалі дыктоўку "Пад зоркай Купалы".

Дзень роднай мовы праходзіць у каледжы ўжо не першы год і нязменна ахоплівае нямала цікаўных і неабыякавых да роднага слова навучэнцаў і выкладчыкаў. Далучэнне да роднага слова, літаратуры, культуры гарантавана стварае святочны настрой і пакідае шмат прыемных уражанняў, а самае галоўнае - папулярызуе наша роднае слова.

Сёлета да Агульнанацыяальнай дыктоўкі далучыўся Лідскі музычны каледж. Пісалі 104 чалавекі.

Лідскі музычны каледж таксама прыняў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні канцэрту да Дня роднай мовы ў Лідскім палацы культуры.

У рамках акцыі "Беларусь помніць" 20 лютага 2020 года ў Лідскім політэхнічным ліцэі праведзена Гарадзенская абласная дыктоўка па тэксце, прысвечаным 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

75 навучэнцаў удзельнічалі ў напісанні дыктоўкі. Абсалютны пераможца - Бранцэвіч Аляксандр, гр. 376. Хочацца адзначыць дыктоўкі Сыманюка Максіма, гр. 375; Мікуця Дзяніса, гр. 376; Куліковай Аляксандры, гр. 377; Волахава Ільі, гр. 372; Пыпеця Віталія, гр. 373.

Пасля дыктоўкі адбылася сустрэча з намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ бардам С. Чарняком "А мова гучыць…".

13-я Агульнанацыянальная дыктоўка прайшла ў Лідскім дзяржаўным прафесійным ліцэі меліярацыйнага будаўніцтва.

Пісалі дыктоўку 24 чалавекі спецыяльнасці "Грамадскае харчаванне". Чытала выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Вольга Мар'янаўна Вашкевіч.

Па выніках дыктоўкі:

10 балаў - 1 чалавек;

9 балаў - 1;

8 балаў - 3;

7 балаў - 2;

6 балаў - 6.

Трэба думаць, што закончыўшы ліцэй, гэтыя маладыя спецыялісты, якія так паспяхова пішуць дыктоўкі, не будуць упадаць у ступар, калі ў іх папросяць рамонкавую гарбату ці якую іншую звыклую беларускую страву.

21 лютага ў Нёманскім дзяржаўным прафесійным ліцэі г. Бярозаўкі Лідскага раёна таксама адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы.

Беларусам многія народы могуць пайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова. Таму і тут не маглі застацца ўбаку і правялі мерапрыемства "Гучы, наша родная мова, часцей". Удзел у мерапрыемстве прынялі ўсе навучэнцы ліцэя.

У ходзе мерапрыемства:

- была выпушчана насценгазета "Родная мова";

- складалі вершы, прысвечаныя роднай мове;

- пісалі сачыненні - разважанні "Што нам неабходна зрабіць, каб мова гучала часцей".

Абсалютная большасць кіраўнікоў першасных суполак БРСМ Лідскага раёна далажыла аб правядзенні або ўдзеле ў 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы. У навучальных установах суполкі БРСМ пісалі дыктоўкі ў агульнай плыні, а вось на прадпрыемствах арганізоўвалі мерапрыемства самастойна.

Сёлета мы маем абсалютна іншую пастаноўку справы. Калі пазалетась і летась у Лідзе дыктоўкі пісалі па 2-3 суполкі БРСМ, то зараз - 120. І гэта вялікая падтрымка для справы беларускай мовы.

22-га лютага да Міжнароднага дня роднай мовы ў Лідзе адбыўся штогадовы квэст ад платформы падтрымкі жывой беларускай мовы Say.by. Згуляць у квэст маглі ўсе ахвочыя без узроставых абмежаванняў.

Каб прайсці квэст трэба было абысці тры лакацыі: адшукаць QR коды ў кафэ хуткага харчавання "Тутака", у кавярні "Добрая кава" і кафэ "Тамака". Усяго было 13 пытанняў, і за кожны правільны адказ удзельнікі раскрывалі сімвал зачараванай фразы квэсту. Прайшоўшы паспяхова ўсе выпрабаванні можна было атрымаць - "Я (люблю) РОДНУЮ МОВУ".

У пытаннях трэба было: адгадаць беларускія загадкі; пакуль гучыць урывак песні беларускай выканаўцы Palina - "Як ты" або ўрывак з перакладзенага фільма "Вядзьмар" студыяй дыктарскага агучвання па-беларуску Gavarun.by адшукаць ў прапанаваных тэкстах словы, якія не супадаюць з арыгіналам. Напісаць правільна пад дыктоўку знакамітыя цытаты і шмат інш.

Квэст доўжыўся ўвесь дзень і пад заканчэнне працоўнага часу кафэ "Тутака" ў 0:00 быў завершаны.

Падсумаваўшы вынікі былі вызначаны 8 паспяховых удзельнікаў сярод якіх былі вылучаны прызёры 1-га, 2-га і 3-га месца, якія справіліся першымі:

1. Ксенія;

2. Валерыя;

3. Дар'я;

4. Антон;

5. Дзіяна;

6. Зміцер;

7. Вікторыя;

8. Антон.

23-га лютага ў банкетнай зале кафэ хуткага харчавання "Тутака" адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне. Кіраўнік платформы Say.by Аляксандар Шастаковіч прывітаў усіх пераможцаў квэсту з Міжнародным днём роднай мовы і выдатна завершаным квэстам. Усе паспяховыя ўдзельнікі атрымалі арыгінальныя прызы ад платформы Say.by. А заняўшыя 1-е, 2-е і 3-е месцы ў дадатак атрымалі грашовыя сэртыфікаты ад "Тутака" па 10 рублёў, "Добрай кавы" па 5 рублёў і "Тамака" па 10 рублёў.

Агульныя вынікі 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі і Дня роднай мовы на Лідчыне

Міжнародны дзень роднай мовы - нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той адзінай, якую мы завём роднай, якую чуем упершыню з матчыных вуснаў, на якой размаўлялі нашыя продкі. А дыктоўка дае магчымасць праверыць уласную пісьменнасць, садзейнічае развіццю патрыятызму, павагі да роднай культуры.

У пяты раз Лідчына масава пісала Агульнанацыянальную дыктоўку. Сёлета яна складалася як бы з чатырох частак:

- дыктоўка Гарадзенскага аблвыканкама;

- дыктоўка Лідскага райвыканкама;

- дыктоўка Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы;

- дыктоўка ТБМ.

Але ўсё гэта - тое самае.

Лідскія школы далі 8578 удзельнікаў дыктоўкі.

Два лідскія каледжы далі 362 удзельнікі.

Два прафесійныя ліцэі далі 99 чалавек.

Клубы - 22 чалавекі.

Бібліятэкі - 70 чалавек.

Музей - 6 чалавек.

"Мова нанова" - 15 чалавек.

Бярозаўскае ТБМ - 8 чалавек.

Разам атрымалася 9160 чалавек.

Сюды трэба дадаць удзельнікаў дыктовак з прадпрыемстваў. Такім чынам можам гаварыць недзе пра 9200 удзельнікаў 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне. У прынцыпе Лідчына захавала пазіцыі.

Што тычыцца Дня роднай мовы наогул, то тут таксама пазіцыі не страчаны. Свята адзначалася ў 50 дзіцячых садках, быў канцэрт у Палацы культуры, быў квэст, прайшлі мерапрыемствы ў Бярозаўцы і на вёсках. Усяго ж мерапрыемствы да Дня роднай мовы ахапілі на Лідчыне каля 20 населеных пунктаў.

Сёлета 21 лютага Ліда акрамя ўсяго ўрачыста прыняла тытул культурнай сталіцы Беларусі.

Сёлета пад Дзень роднай мовы ўрачыста быў абвешчаны 4-ты конкурс "Дарослыя дзецям" імя Веры Навіцкай.

Дзень роднай мовы прайшоў. Для многіх ён адразу забыўся, але для сяброў ТБМ павінен быць у памяці, бо гэты дзень ёсць індыкатар, што нічога не страчана, што мы ўсё адродзім і вернем.

Паводле "Нашага слова".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX