Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Дзень роднай мовы і 14-я Агульнацыянальная дыктоўка на Лідчыне 


Аўтар: Радзюк Ганна, Мацулевіч Аляксандр, Шундрык Вікторыя, Суднік Станіслаў, Чарняк Марыя,
Дадана: 19-01-2022,
Крыніца: Дзень роднай мовы і 14-я Агульнацыянальная дыктоўка на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 2-9.



Напярэдадні Дня роднай мовы каля 50 супрацоўнікаў Гарадзенскага аблвыканкама сабраліся разам, каб напісаць беларускамоўную дыктоўку.

Мерапрыемства, якое настойліва рухаецца Лідчынай, стала ўжо традыцыйным для ўсёй Гарадзеншчыны. Кожны год яго ўдзельнікі з задавальненнем бяруць чысты аркуш паперы і ручку, каб звярнуцца да мілагучнага беларускага слова. Многія прызналіся, што напачатку крыху хваляваліся, але, нягледзячы на гэта, атрымалі добры настрой і шмат пазітыўных эмоцый.

- Беларуская мова - родная мова маёй бабулі і матулі, тое, што заўсёды застанецца ў сэрцы, - падзяліўся намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк. - Хачу сказаць усім нам, што мова - адзіная частка нашай культуры, якая аб'ядноўвае ўсіх жыхароў краіны. Таму, калі 2021 год мы аб'явілі Годам народнага адзінства, то павінны менавіта мову зрабіць тым падмуркам, на якім гэтае адзінства будзе будавацца.

Сёння ўдзельнікі прыгожай беларускамоўнай акцыі ўспомнілі, што значыць уважліва слухаць настаўніка, успрымаць тэкст на слых, самастойна правяраць памылкі і атрымоўваць адзнакі. У аўдыторыі, трэба сказаць, аказалася шмат выдатнікаў.

- Дыктоўка заўсёды праходзіць у вельмі прыемнай атмасферы: мы запрашаем настаўніка вышэйшай катэгорыі, падбіраем тэксты, якія было б зручна напісаць любому ўдзельніку і якія расказваюць нам пра нашу Радзіму, - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. - Важна таксама, каб не толькі ў гэтыя дні, а на працягу ўсяго года мы ўспаміналі тых людзей, якія стваралі літаратурную беларускую мову. Ва ўстановах адукацыі і культуры мы будзем ушаноўваць імёны нашых пісьменнікаў - стогадовых юбіляраў Івана Шамякіна і Івана Мележа, а таксама Кандрата Крапіву, святкуючы яго 125-годдзе. Гэтаму будзе прысвечана шмат цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў.

Чытала дыктоўку настаўніца беларускай мовы гімназіі № 10 Гародні Ірына Мялешка. Яна прапанавала тэкст беларускага пісьменніка Янкі Сіпакова "Наш родны край".

- Абраны тэкст вельмі прыгожы, блізкі і мілы майму сэрцу, - рассказала настаўніца, - і, я думаю, усе, хто сёння пісаў гэтую дыктоўку, таксама адчулі прыгажосць слова нашага пісьменніка. Тэкст быў нескладаны, насычаны, канешне, знакамі прыпынку, але тыя, хто ўважліва слухаў, памылак не дапусцілі. Наша зямля, наша мова - тое адзінае, чым мы павінны даражыць, тое, што нас аб'ядноўвае і робіць сапраўднай нацыяй.

Дарэчы, напісаць дыктоўку сёлета планавалася не толькі ў Гарадзенскім аблвыканкаме. Такое ж мерапрыемства прайшло ў абласным інстытуце развіцця адукацыі і абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага. У раёнах вобласці акцыю правялі грамадскія аб'яднанні.


На самой Лідчыне 14-ю Агульнанацыянальную дыктоўку сёлета распачалі лідскія курсы "Мова нанова". Дыктоўка пачалася 17 лютага ў 18.30 у лідскай кавярні "Тутака".

Тэкст па "Глыбокай плыні" Івана Шамякіна чытала кіраўнік курсаў, сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Марыя Іосіфаўна Ганчар.

Напісалі проста выдатна. Не больш трох памылак.

Дыктоўка была аздоблена міні-канцэртам намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, барда Сержука Чарняка. У дыктоўцы браў удзел намеснік старшыні ТБМ імя Ф. Скарыны, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Урачыста распачала дыктоўку Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Дыктоўкі была прысвечана 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Году народнага адзінства ў Беларусі. Кожны, хто прыняў удзел у дыктоўцы, хацеў паказаць, што любіць, шануе і ведае родную мову.

Для напісання дыктоўкі быў узяты ўрывак з рамана Івана Шамякіна "Глыбокая плынь" (сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна). Названы раман на тэму Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбы прынёс пісьменніку народную славу. Дыктавала тэкст бібліятэкар Надзея Камароўская.

- Удзельнікі дыктоўкі вельмі добра напісалі яе, - адзначае пасля прагляду напісанага Надзея Міхайлаўна. - Памылак мала, а ў некаторых і зусім няма. Памылкі ў асноўным пунктуацыйныя (ёсць у тэксце некалькі складаных сказаў). Многім можна паставіць васьмёрку ці дзявятку. Радуе, што вельмі добра напісалі і прысутныя школьнікі - ім, школьнікам, пераймаць ад старэйшых пакаленняў эстафету захавання роднай мовы.

Удзельнічалі ў напісанні дыктоўкі і прадстаўнікі БРСМ, у тым ліку першы сакратар і галоўны спецыяліст Лідскай раённай арганізацыі ГА "БРСМ" Вольга Міхаловіч і Вольга Козіч. Дарэчы, у той жа дзень ва ўсёй Гарадзенскай вобласці стартаваў праект "Адзіны дыктант на прыз БРСМ". Напісанне адзінай дыктоўкі на працягу некалькіх дзён праходзіла ва ўсіх першасных арганізацыях БРСМ вобласці, у тым ліку і Лідчыны.

Пасля напісання дыктоўкі ў бібліятэцы ўсе яе ўдзельнікі атрымалі ад моладзевай арганізацыі памятныя падарункі - сшыткі. Работнікі бібліятэкі пасля мерапрыемства арганізавалі для прысутных адкрыты прагляд кніг Івана Шамякіна "Пісьменніцкае слова на далоні".


Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала вельмі важным святам для супрацоўнікаў, чытачоў, наведвальнікаў усіх бібліятэк раёна і звычайных аматараў беларускай мовы. Усе арганізаваныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю і захаванне роднай мовы.

Шанаванне роднай мовы распачалі ў філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка" 17 лютага, калі гасцей запрасілі на гадзіну беларускай мовы "Гучы, родная мова!". Вучні 7 класа ДУА "Дзітвянская сярэдняя школа" з задавальненнем слухалі вершы беларускіх аўтараў, урыўкі з празаічных твораў, бо беларуская мова - гэта родная мова, сакавітая, меладычная і пяшчотная. Кемлівыя знаўцы роднай мовы мелі магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальна-пазнавальным моўным турніры. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Святочнасць мерапрыемству надалі музычныя нумары таленавітых вучняў мясцовай школы.

Традыцыйным становіцца ўдзел філіялаў у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, сёлета акцыю падтрымалі Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3", філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая", філіял "Мінойтаўская сельская бібліятэка" і філіял "Дварышчанская сельская бібліятэка".

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" была праведзена літаратурная гасцёўня "Жыві, мая родная мова!", на якой прысутным таксама прапанавалі напісанне дыктоўкі, з якой справіліся ўсе на выдатна. Падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні на роднай мове, дадаткам стаў агляд кніг "З любоўю да роднага слова".

Тым жа днём у музейным пакоі "Спадчына" філіяла "Дварышчанская сельская бібліятэка" сабраліся аматары беларускай мовы - вучні ДУА "Дварышчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа", каб разам са сваёй настаўніцай Шостак Ірынай Леанідаўнай напісаць дыктоўку па творы Івана Шамякіна "Глыбокая плынь".

"З роднай моваю на "ты"" - пад такой назвай прайшла гульня-спаборніцтва для гасцей філіяла "Мінойтаўская сельская бібліятэка". Для прысутных бібліятэкар правяла некалькі конкурсаў на веданне роднай мовы, гісторыі роднага краю, традыцый беларускага народа. А пасля ўсе разам прынялі ўдзел у напісанні Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Для сяброў лідскіх арганізацый ГА "Таварыства беларускай мовы" 14-я Агульнанацыянальная дыктоўка традыцыйна прайшла ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3".

Акрамя таго мерапрыемствы да Дня роднай мовы прайшлі тут і для дзяцей з СШ № 13 г. Ліды.

Сапраўдная любоў да сваёй краіны неймаверная без любові да сваёй мовы. Кожны чалавек з дзяцінства пачынае гаварыць, думаць, разважаць на роднай яму мове. У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" прайшла паэтычная гадзіна "Гімн роднай мове", прымеркаваная да святочнага дня. У гэты дзень прайшлі гучныя чытанні вершаў беларускіх пісьменнікаў: П. Панчанкі, У. Дубоўкі, М. Танка, К. Цвіркі і інш. з навучэнцамі ДУА "Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў".

Філіял "Гудская сельская біліятэка" ветліва сустрэў гасцей на гадзіне роднай мовы "Каласы роднай мовы". Вучні 6-9 класаў мясцовай школы завіталі на мерапрыемства і апынуліся на сапраўдным спаборніцтве знаўцаў і аматараў беларускай мовы.

Юных чытачоў чакалі ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" на мерапрыемстве "Свет беларускіх кніг!", дзе яны змаглі пазнаёміцца з пісьменнікамі, якія пісалі на беларускай мове, выкарыстоўвалі яе ў сваім жыцці, ганарыліся і паважалі беларускае слова. Каб лепш валодаць, умець размаўляць і разумець беларускую мову, для дзяцей былі праведзены віктарына "Беларускія перакладчыкі" і гульня "Мовазнаўцы". Хлопчыкі і дзяўчынкі паразважалі, для чаго чалавеку і дзяржаве трэба мець уласную мову, а таксама называлі іхнія самыя любімыя беларускія словы. Для дзецей быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры "Роднае слова ў кнігах".

Не пакінуў без увагі святочны дзень і філіял "Iнтэграваная бiблiятэка аграрарадка Бердаўка", дзе быў праведзены вечар "Роднай мовы жывыя вытокi", прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Удзельнiкi мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з гiсторыяй узнiкнення беларускай мовы, яе фармаваннем і асаблівасцях, пазнаёмілі з вуснай народнай творчасцю i з творамі пiсьменнiкаў-юбiляраў 2021 года.

Цікавыя імпрэзы прайшлі ў Мажэйкаўскай і Тарноўскай сельскіх бібліятэках.

І гэта толькі частка яскравых і найцікавейшых мерапрыемстваў, якія прайшлі ва ўтульных залах бібліятэк Лідчыны. Спадзяемся, што мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і бібліятэкары змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць і любіць - "зямлі бацькоўскай слова". Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі перажыць моцныя пачуцці радасці і гонару за сваю Радзіму, пераканацца, што родная мова - бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць.


Святкаванне Дня роднай мовы стала добрай традыцыяй у Лідскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы. У гэтым годзе выкладчыкамі і навучэнцамі ўстановы быў падрыхтаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў.

Дзень роднай мовы пачаўся традыцыйна - самай масавай і папулярнай акцыяй "Гавары са мной па-беларуску". З самай раніцы ў фае каледжа прыхільнікі беларускай мовы сустракалі выкладчыкаў і навучэнцаў прыветлівымі словамі і запрашэннем на працягу дня гаварыць на роднай мове, уручалі кожнаму невялікія буклеты. У педагагічным корпусе каледжа навучэнцы пазнаёміліся з відэапрэзентацыяй, падрыхтаванай дзяўчатамі 1курса групы 84 да. На працягу дня ў бібліятэцы працавала выстава кніг да 100-годдзя з дня нараджэння І. Шамякіна і І. Мележа, а таксама былі прадстаўлены лепшыя конкурсныя малюнкі па матывах баек К. Крапівы, прысвечаныя 125-гадоваму юбілею байкапісца. Навучэнцамі 3 курса групы 98 па была падрыхтавана віктарына. Лепшыя знаўцы беларускай мовы і літаратуры былі ўзнагароджаны прызамі. Багата ўражанняў пакінула экскурсія навучэнцаў у Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе яны змаглі дакрануцца да скарбаў народнай творчасці і стаць удзельнікам майстра-класа па ткацтве. А вось бадай самай масавай і папулярнай па традыцыі стала ўсеагульная дыктоўка, якую пісалі 210 навучэнцаў каледжа 1-4 курсаў усіх спецыяльнасцей.

Дзень роднай мовы праходзіць у каледжы ўжо не першы год і нязменна ахоплівае нямала цікаўных і неабыякавых да роднага слова навучэнцаў і выкладчыкаў. Далучэнне да роднага слова, літаратуры, культуры гарантавана стварае святочны настрой і пакідае шмат прыемных уражанняў, а самае галоўнае - папулярызуе наша роднае слова.


Лідскі дзяржаўны музьічны каледж не абмежаваўся адным днём і адзначыў Тыдзень роднай мовы.

Пачынаючы з 16-га і заканчваючы 23 лютага, кожны дзень у музычным каледжы быў напоўнены рознымі тэматычнымі мерапрыемствамі і гучаннем роднай мовы. Навучэнцы змаглі праявіць сябе ў розных конкурсах: ад чытання вершаў да падрыхтоўкі малюнкаў і ілюстрацый да твораў беларускіх пісьменнікаў. Таксама не абышлося без праверкі сваіх ведаў падчас дыктоўкі тэкстаў на беларускай мове.

Галоўны акцэнт тыдня быў зроблены на музычных скарбах нашай роднай мовы. Навучэнцы разам з настаўнікамі правялі некалькі канцэртаў з творамі беларускіх аўтараў, а таксама арганізавалі літаратурна-музычную гасцёўню "Музыка нас звязала".

Тыдзень беларускай мовы закончыўся сустрэчай з лідскай паэтэсай Людмілай Краснадубскай і незвычайным конкурсам буктрэйлераў.

узяты са стэнда да Тыдня роднай мовы СШ № 15 г. Ліды. І яго пара рабіць дэвізам усяго руху за мову, і яго робяць такім ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Лідскага раёна.

Сёлета, нягледзячы на складаную эпідэмічную і сацыяльную сітуацыю, лідскія школьнікі засталіся галоўнай ударнай сілай Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У дыктоўцы ўдзельнічалі ўсе 34 школы раёна. На жаль, сёлета не ўдалося атрымаць дакладныя звесткі па кожнай школе, але агульную лічбу ўпраўленне адукацыі агучыла - 7485 вучняў. Такім чынам Лідчына застаецца фарпостам Агульнанацыянальных дыктовак у Беларусі, і так ужо многія гады.

Акрамя дыктовак цэлы тыдзень ішлі самыя розныя мерапрыемствы на карысць роднай мовы. Дапамагалі школам у папулярызацыі роднай мовы 50 садкоў і тры прафесійныя ліцэі.

І гэты тыдзень ёсць просты і сціплы адказ тым, хто крычыць, што ўсё прапала, а сам нічога не робіць. На здымку ў класе СШ №15 дыктоўку пішуць 10 чалавек. І не цяжка прыкінуць, колькі павінна было прайсці такіх дыктовак, каб атрымаць 7485 удзельнікаў.

Не засталіся ўбаку і ўстановы культуры.

Два дні ішлі мерапрыемствы ў Лідскім палацы культуры з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.

19 лютага работнікі Палаца культуры горада Ліды пачалі працоўны дзень з акцыі "Вітаемся па беларуску" і гульнявой праграмы "Гульня слоў".

Гэта стала арыгінальнай праверкай на веданне мовы! Пасля прывітання і пажадання добрага ранку, удзельнікам прапаноўвалася прадумаць новае слова на апошнюю літару, амаль як у гульні "Гарады". З задавальненнем работнікі падтрымлівалі эстафету і будавалі ланцужок з беларускіх слоў.

Сапраўдным сюрпрызам стала смачная і духмяная бабка з бульбы са смятанай ад кіраўніка народнага тэатра гульні "100 сяброў" Ірыны Кузняцовай - ёй частаваліся ўсе гульцы.

Дапоўніла і ўпрыгожыла мерапрыемства выстава-інсталяцыя аўтарскіх лялек "Лялька, як мова беларускага народа" ад аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

У 18.00 са словаў:

Мова продкаў нашых і нашчадкаў -

Шэпт дубровы і пчаліны звон, -

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён, -

пачаўся канцэрт да Дня роднай мовы.

Ужо многія гады ідуць тут канцэрты ў гонар роднай мовы. Кожны год нешта трохі замінае, але кожны год гэтыя канцэрты адбываюцца і праходзяць на высокім мастацкім узроўні.

Распачала канцэрт вядоўца Тамара Зенюкевіч, якая некалі паспрыяла, каб у Лідзе прайшла Агульнанацыянальная дыктоўка ў першы раз.

Пачаўся канцэрт песняй "Спадчына" ў выкананні саліста гурта "Медуніца" Аляксея Міранюка. І пайшлі нумар за нумарам: ансамбль скрыпачоў "Славяначка" з салісткай Вольгай Пчыцкай, харэаграфічны калектыў Чаравічкі", хор ветэранаў "Майскія зоры".

Выступілі паэтэса Ганна Рэлікоўская, салістка калектыва рэтрапесні "Мерыдыян" Валянціна Гайдурава, спявачка і паэтэса Людміла Краснадубская, кіраўнік народнага гурта "Прэмія" Віктар Лебядзевіч.

Пад цёплыя воплескі была прынятая гледачамі п'еса "Курачка і каласок" тэатра "Батлейка" Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Завяршыў канцэрт Славамір Шклёнік, саліст калектыва рэтрапесні "Мерыдыян" песняй "Мой родны кут".

І ўсе 75 хвілін на адным дыханні. І ўсё па-беларуску.

І трэба ж так падгадаць што менавіта сёння Палац культуры г. Ліды ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры за шматгадовую творчую дзейнасць па папулярызацыі нацыянальнай культуры.

У суботу 20 лютага ў рамках абласнога інфармацыйна-творчага праекта "Шосты школьны дзень" творчыя калектывы Палаца культуры горада Ліды прапанавалі шэраг мерапрыемстваў да Дня роднай мовы.

Спачатку і дзецям і дарослым прапанавалася прыняць удзел у інфармацыйна-гульнявой праграме "Пагуляем ў роднае слова" і майстар-класе "З добрымі думкамі" па вырабе лялек-абярэгаў. З задавальненнем наведвальнікі ўспаміналі беларускія словы і шылі маленькия паркалёвыя лялечкі.

Потым на спектакль "Як казкі пераблыталіся" запрасіў узорны тэатр "Какос".

Вясёлая і дынамічная пастаноўка на беларускай мове па матывах народных казак не пакінула абыякавымі і дзяцей, і дарослых. А фотасесія з галоўнымі героямі акзалася сапраўдным сюрпрызам для ўсіх.

- Вельмі цікава і смешна! Касцюмы і дэкарацыі неверагодныя. Будзем і далей прыходзіць да вас у госці, - пракаменціравала спектакль адна з мам.

Пасля спектакля хлопчыкаў і дзяўчынак запрасіла танцавальна-забаўляльная праграма "Babydance"!

Музычна-тэматычная праграма "Жыве ў вяках беларускае слова" ў 15.00 у малой зале Палаца культуры стала працягам шэрагу мерапрыемстваў да Дня роднай мовы.

У мовы нашай мноства слоў

Крамяных, росных, васільковых

Ад мурагоў і ад лясоў,

Ад светлых высяў жаўруковых.

Журыцца ўмеюць і звінець,

Спяваць у шумным карагодзе.

Іх трэба сэрцам разумець

I выслухоўваць у народзе.

Удзельнікі музычна-эстраднага калектыва "Талісман", эстраднай студыі "Акцэнт", харэаграфічнага калектыва "Чаравічкі", эстраднай студыі "Ліда-мюзікл" і народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" прадставілі свае лепшыя творчыя нумары.

Шчырыя воплескі сталі лепшай узнагародай для артыстаў.


У Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ўзгадалі, што ў 2021 годзе спаўняецца 22 гады з моманту заснавання Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый Міжнароднага дня роднай мовы і 31 год з дня прыняцця ў Беларусі "Закона аб мовах".

З гэтай нагоды ў мэтах папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы ў перыяд з 19 па 21 лютага 2021 года ва ўсіх філіялах (14 устаноў культуры) ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшлі Агульнанацыянальныя дыктоўкі, прымеркаваныя да гэтага дня, па тэкстах, прысвечаных Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны!

Адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы стала традыцыяй у супрацоўнікаў Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Ужо не першы раз тут збіраюцца мясцовыя пісьменнікі і прыхільнікі беларускага мастацкага слова. Тут, у сценах дома-музея, пастаянна гучыць родная мова, бо, як вядома, тут жыў заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай, які ў гады вучобы ў Слоніме настойваў на тым, што яго мова - беларуская, а нацыянальнасць - беларус, за што быў выключаны з вучэльні. Гэта гістарычны факт.

З мэтай папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы і вырашана праводзіць Агульнанацыянальныя дыктоўкі. На гэты раз яны прысвечаны Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

З прапанаваных тэкстаў быў узяты ўрывак з рамана Івана Шамякіна "Глыбокая плынь". Тэкст чытаў навуковы супрацоўнік Дома Таўлая Алесь Хітрун. Адным словам, дыктоўка ўдалася. І месца было падзелена паміж галоўным рэдактарам часопіса "Лідскі летапісец" і газеты "Наша слова" Станіславам Суднікам і лідскім паэтам, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Васько, ІІ месца атрымала актыўная лідзянка, удзельніца ў шматлікіх беларускамоўных мерапрыемствах горада і раёна Марыя Ганчар, ІІІ месца было прысуджана актыўным лідскім паэтэсам Станіславе Белагаловай і Але Юшко. Пераможцы І і ІІ месцаў атрымалі ў падарунак па адным асобніку літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" № 9 і кожны з удзельнікаў мог набыць чарговыя нумары часопіса "Лідскі летапісец".

Усяго ў Лідскім раёне ўдзел у 14-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы ўзялі больш за 8500 чалавек.

Ганна Радзюк, Аляксандр Мацулевіч, Вікторыя Шундрык, Станіслаў Суднік, Марыя Чарняк.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX