Вярнуцца: Адукацыя, культура

Выдавецкі дом грамадскага аб"яднання ТБМ


Аўтар: Суднік С.,
Дадана: 11-06-2017,
Крыніца: Суднік С. Установа інфармацыі "Выдавецкі дом грамадскага аб"яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (2007-2017). Гістарычны нарыс з нагоды 10-годдзя // Лідскі летапісец 2017. № 1(77). С. 18-20.



Установа інфармацыі "Выдавецкі дом грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (2007 - 2017). Гістарычны нарыс з нагоды 10-годдзя

Неабходнасць незалежнага друку была ўсвядомлена ў Лідзе яшчэ за савецкім часам на хвалі перабудовы. Побач з некаторай дэмакратызацыяй дзяржаўнай газеты "Ўперад" з'явілася ідэя выдання недзяржаўнай газеты. Пра некаторую дэмакратызацыю мы гаворым аб'ектыўна. Была дэмакратызацыя, бо з'яўляліся палемічныя і перабудовачныя матэрыялы. Некаторая - гэта значыць, што газета трымала нос па ветры, напрыклад, падчас путчу 19 жніўня 1991 года газета выпусціла нумар у падтрымку ДКНС (ГКЧП), які потым спешна знішчалі ў Лідскай друкарні.

Група грамадскіх актывістаў, у т. л. былых журналістаў, арганізавала выданне газеты "Народная трыбуна". Пазней выйшаў "Голас з Ліды", які быў ператвораны ў "Голас Ліды".

Газета "Голас з Ліды" паспела прыняць удзел у выбарчай кампаніі 1995-96 гг. Адразу пасля гэтага рэгістрацыі газеты была анулявана. Пачаліся спробы рэгістрацыі газеты "Рокаш", якая працягнула б справу казахстанскага "Рокаша". Але ўсе спробы атрымаць дазвол на рэгістрацыю поспехаў не мелі.

У 1997 годзе ў Менску спыніла выхад газета ТБМ "Наша слова". Пад ударам ужо знаходзілася гарадзенская "Пагоня". На грані закрыцця была "Свабода" (закрыта 24 лістапада 1997 года). У Лідзе ж грамадскі рух быў на пад'ёме. У тым ліку былі матэрыяльныя ўмовы. Рашуча падтрымаў пераход "Нашага слова" ў Ліду холдынг "Руслан" (дырэктар Ігар Валянцінавіч Русак). Па дамове з І.В. Русаком і была зроблена заяўка на перайманне газеты "Наша слова" ў Ліду. Былі прыцягнуты фірма "Прагрэс-2" (дырэктар Мікалай Мікітавіч Сцепасюк) і фірма "Шлях". Рэальна фірма "Шлях" была толькі шырмай, ні адной фінансавай аперацыі не правяла.

Летам 1997 года ў Ліду прыехаў Алесь Казак (наш лідскі хлопец), які прапанаваў падтрымаць выданне краязнаўчага часопіса.

Восенню 1997 года прайшлі перамовы з дырэктарам друкарні сп. С. Лучко, па выніку якіх было прынята рашэнне пра выданне газеты "Тэлескоп".

Першым стартаваў "Лідскі летапісец". Нумар 1 выйшаў у жніўні 1997 года, на часопісе пазначаны час выхаду "верасень". Рэдкалегія С. Суднік, В. Сліўкін, А. Казак. Другі нумар выйшаў за кастрычнік, трэці - за лістапад-снежань.

17 верасня 1997 года фірма "Оникс" выдала першы нумар часопіса "Оникс". Галоўны рэдактар Сяргей Гейль, наклад 1000 асобнікаў. Часопіс быў заангажаваны, як штомесячны.

Першы нумар лідскага "Нашага слова" выйшаў 24 кастрычніка 1997 года, на газеце пазначана 1-15 лістапада, таму традыцыйна лічаць, што першы нумар "Нашага слова" выйшаў 1 лістапада 1997 года. Рэдактар С. Суднік.

Першы нумар "Тэлескопа" выйшаў 24 снежня 1997 года. Нягледзячы на тое, што мы актыўна ўдзельнічалі ў заснаванні газеты, і я прыдумаў назву, я быў адсунуты ад газеты адразу з 1-га нумара, а В. Сліўкін - з другога. Лідская друкарня паставіла свайго рэдактара.

5 ліпеня 1998 года выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Ад лідскіх муроў", рэдактар С. Суднік.

Дадаўшы дзяржаўную "Лідскую газету", былую "Ўперад" атрымліваем лідскае медыйнае поле 1998 года.

Па меры развіцця грамадскай супольнасці з'яўляліся і знікалі маленькія газеткі: "Бярозаўскія навіны", "Лідар", "Сяброўка", "Мастоўскія навіны", "Мястэчка" (Радунь), "Прадмова" (Лідскі каледж) і г.д.

Потым з'явяцца "Прынёманскія весткі", "Лідскі экспрэс", закрыецца і тры разы адновіцца "Тэлескоп", які ніяк не хацеў паміраць, і яшчэ і сёння ёсць у планах, як лідская вячэрняя інтэрнет-газета.

Выданне газеты - гэта не толькі падбор матэрыялаў, іхняе рэдагаванне і палеміка з менскімі інтэлектуаламі, ад якіх мы пачулі пасля першага нумара: "Чым такая газета, то лепш ніякай". Выданне газеты - гэта яшчэ тэхнічная работа, і гэта - фінансаванне ды бухгалтэрыя ад першага нумара. Пачаў аплочваць друк газеты холдынг "Руслан". Ён паспеў аплаціць тры нумары, і да іх, як кажуць, "прыйшлі". "Руслан" спыніў афіцыйныя праплаты, але прадоўжыў падтрымку газеты. На пярэдні план вывелі "Прагрэс - 2". Гэтая фірма павяла бухгалтэрыю газеты. "Прагрэс - 2" адпрацаваў гады два. Далей не змог. Выданне "Нашага слова" ўзяла на сябе Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны. Недзе з год ці больш мы працавалі без афіцыйнага бухгалтара, але ж бухгалтэрыя вялася. Бухгалтэрыю газеты вяла галоўны бухгалтар аддзела культуры Лідскага гарвыканкама Валянціна Мікалаеўна Пятрэнка. Наборшчыцай з 1998 года працавала Ванда Адольфаўна Мацулевіч. Гады праз два яе змяніла Рыта Мікалаеўна Крупкіна. Экспедытарам была Надзея Цвіркун. Усе яны працавалі як сябры ТБМ.

Але патрабаванні да суб'ектаў гаспадарання пастаянна ўзмацняліся. Мы вымушаныя былі ўзяць афіцыйнага бухгалтара ў Лідскую гарадскую арганізацыю ТБМ - Аўгусцін Дануту Пятроўну, спачатку на грамадскіх пачатках, потым на паўстаўкі. Такім чынам сфармавалася выдавецкая структура ТБМ, якая перыядычна выклікала пытанні ў кантрольных органаў, але фармальна прыдрацца не было да чаго.

Тым часам у краіне ішла актыўная законатворчасць, і быў прыняты закон, паводле якога грамадская арганізацыя, як такая, не магла быць выдаўцом газеты. Трэба было засноўваць гаспадарчую структуру. У канцы 2006 года была заснавана Установа інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ". У гэты час газета была ў вялікай небяспецы. Адмова ў рэгістрацыі Выдавецкага дома - і газета, і часопіс перастаюць выходзіць. Але афармленне дакументаў у Лідскім райвыканкаме і рэгістрацыя ўстановы ў Гарадзенскім аблвыканкаме прайшлі надзвычай гладка. На Пасведчанні аб рэгістрацыі № 804 стаіць дата 12.12.2006 г. Рэальна Выдавецкі дом ТБМ пачаў працу з 1 лютага 2007 года, паколькі пасля рэгістрацыі патрэбны быў яшчэ цэлы шэраг мерапрыемстваў: адкрыццё рахунка, пастаноўка на ўлік у падаткавай інспекцыі, атрыманне УНП, афармленне юрыдычнага адраса і г.д.

Сёння можна ўжо гаварыць, што газета была пад пастаянным кантролем ідэалагічнага аддзела Гарадзенскага аблвыканкама, але трэба сказаць і тое, што гэты самы аддзел самым непасрэдным чынам падтрымліваў газету. Можна назваць прозвішчы і сп. Біруковай, і сп. Амелькі, якія не адзін раз выручалі газету. Чаго вартыя словы сп. Амелькі дырэктару друкарні С. Лучко з нагоды аднаго з нашых вострых палітычных матэрыялаў: "Паласу зняць, Судніку перадаць - мы яму закрыць "Наша слова" не дазволім". Паласу замянілі, газета пайшла далей.

Трэба назваць і сп. Гурэцкага з Міністэрства інфармацыі, які таксама вельмі добразычліва ставіўся і да газеты, і да "Лідскага летапісца". Калі паўстала пытанне, што газеце трэба аб'яўляць папярэджанне, то ён замест пісьмовага, што цягне пэўныя наступствы, узяў і аб'явіў папярэджанне вуснае. Калі ж з-за ўнутранага канфлікту ўзнікла перспектыва закрыцця часопіса, сп. Гурэцкі сказаў: "Мы зробім усё, каб закрыцця не дапусціць. "Лідскі летапісец" - ужо брэнд".

Асобным сегментам дзейнасці і папярэдніх нашых выдавецкіх структур, і Выдавецкага дома ТБМ было выданне кніг. Пра гэта ніколі не пісалася, бо на пэўным этапе развіцця беларускага заканадаўства друк на рызографе прыраўноўваўся да паліграфічнай дзейнасці, а для таго, каб займацца апошняй патрэбна была ліцэнзіія. Таму мы імкнуліся нічога не парушаць, друкавалі кніжачкі на правах рукапісу, малымі накладамі, праводзілі цераз іншыя выдавецтвы, перадавалі для друку ў іншыя друкарні. Зараз рызограф прыраўняны фактычна да ксеракса.

Першая кніга, якая была зроблена ў Лідзе, гэта "Расейска-беларускі вайсковы слоўнік", 1997 г., аўтары Станіслаў Суднік, Сяржук Чыслаў, 252 ст., 1300 асобнікаў. Вярстаў кнігу ў Лідзе Валяр'ян Пільчук. Кнігу правялі цераз менскае выдавецтва "Белфранс" і надрукавалі ў Лідскай друкарні з гатовых дыяпазітываў. Кожнае прозвішча ў выходных дадзеных гэтай кнігі - гэта прозвішча асобы нацыянальнага адраджэння.

Наступная кніга "Мой Грунвальд" Станіслава Судніка. Вёрстка Максіма Судніка. 1999 г., 120 ст. 250 ас. Кнігу надрукавала гарадзенская "Ратуша".

Першая вялікая кніга, якую я вярстаў, гэта кніга "Аняменне". Вярстаў няўдачна, кнігу перараблялі ў Менску. Асноўны ўкладальнік кнігі - Людміла Майсеня, рэдактар - Міхась Скобла. Мне пакінулі ў выходных звестках кампутарны набор. Кніга выйшла ў Вільні ў выдавецтве "Gudas" у 2000 г., 320 ст., 500 ас.

Ну і прыйшла чарга Ліды.

Магчыма першым быў надрукаваны "Статут Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", 1999 г.

Далей пайшлі:

"Беларускі спеўнік", складальнікі Яўген Петрашэвіч, Алесь Місцюкевіч, 2002 г., 96 ст., наклад 299 ас.

Вольга Іпатава, "Задарожжа", 2004 г., 100 ст., 299 ас.

Алег Трусаў, "Падсумаванне", 2004 г., 72 ст., наклад 299 ас.

Мікола Котаў, "Народныя гульні", 2004 г., 36 ст., 299 ас.

Алесь Нічыпар, "Паўночная песня", 2005 г., 120 ст., 299 ст.

"Летапіс ТБМ, 1989 - 2004", 2005 г., 96 ст., 299 ас.

"Спадчына - 3. Да 155-годдзя з дня нараджэння Першага Прэзідэнта Чэхаславаччыны Томаша Масарыка", 2005 г., 90 ст.

Людміла Дзіцэвіч, "Беларуска - ірландскі дзённік", 2006 г., 108 ст., наклад 250 ас.

Васіліса Пазнухова, "Мілавіца", 2006 г., 76 ст., 250 ас.

Лявон Лаўрэш, "Генерал Кіпрыян Кандратовіч", 2007 г., 44 ст., наклад 250 ас.

Анатоль Крупа, "Пакінуць след на зямлі", 2007 г., 76 ст., наклад 250 ас.

Смарагд Сливко, "Продлись мгновенье...", 2007 г., 120 ст, наклад 250 ас.

Эдвард Войнилович, "Воспоминания", 2007 г., 380 ст., наклад 250 ас.

"Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Мікола Ермаловіч", Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча. Укладальнікі А. Белы, А. Валахановіч, Н. Сармант, 2007 г., 360 ст., наклад 150 ас.

І.Я. Лепешаў, "У пошуках ісціны", 2007 г., 196 ст. наклад 100 ас.

Станіслаў Суднік "Лідскія скрыжалі", 2008 г., 92 ст., наклад 299 ас.

Алеся Бурак, "Прастора дабрыні", 2008 г., 108 ст, наклад 150 ас.

"Шануйце роднае слова". Анталогія твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову. Укладальнік Міхась Мельнік, 2008 г., 96 ст., 299 ас.

"Летапіс ТБМ, 1989 - 2009", 2009 г., 164 ст., 299 ас.

Міхась Мельнік, "Лодка жыцця", 2009 г. 60 ст., наклад 100 ас.

С.В. Суднік, "Стэнаграфія", Навучальны дапаможнік, 2009 г., 224 ст., наклад 250 ас.

Статут Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", 2009 г., 20 ст., 250 ас.

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2010 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2009 г., 188 ст., наклад 200 ас.

Матэрыялы канферэнцыі "Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні", 2010 г., 152 ст., наклад 250 ас.

Рычард Груша "Беларуская зорка". Песні для голасу ў суправаджэнні фартэпіяна. 2010 г. 146 ст. Фармат А-4, наклад 200 ас.

Іван Гушчынскі, "Ідзі і вяртайся", 2010 г., 60 ст., наклад 100 ас.

Смарагд Сливко "Радужное сияние", 2010 г., 104 ст., наклад 150 ас.

Виктор Бочаров, "Птица из Персидского залива", 2010 г., 88 ст., наклад 40 ас.

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2011 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2010 г., 188 ст., наклад 200 ас.

Станіслаў Суднік, "Літва", 2011 г., 216 ст., 250 ас.

Валерий Мацулевич, "Струны души", 2011 г., 60 ст., наклад 100 ас.

Уладзімір Гарачоў, "Калі ласка", Зборнік песень, 2011 г., 84 ст., наклад 100 ас.

Уладзімір Бурак, "Дарогі розныя бываюць", 2011 г., 72 ст., наклад 100 ас.

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2012 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2011 г., 188 ст., наклад 200 ас.

"Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух", Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі (г. Мінск, 16 красавіка 2012 г.), 2012 г., 224 ст, наклад 250 ас., Лідская друкарня.

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2013 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2012 г., 188 ст., наклад 200 ас.

Яніна Догель, "На дасвецці", 2013 г., 24 ст.

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2014 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2013 г., 188 ст., наклад 200 ас. (надрукаваны ў Гародні)

"Летапіс ТБМ, 2009 - 2014", 2014 г., 168 ст., 240 ас.

Валерый Мацулевіч, "Чалавек са свечкай", 2014 г., 72 ст.

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2015 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2014 г., 188 ст., наклад 200 ас., (надрукаваны ў Гародні).

Зборнік матэрыялаў Міжнароднай практычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", 28 сакавіка 2015 г., т. 1, 2015 г., 264 ст., наклад 250 ас.

Зборнік матэрыялаў Міжнароднай практычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", 28 сакавіка 2015 г., т. 2, 2015 г., 220 ст., наклад 250 ас.

Алесь Мацулевіч, "Леў і ключы", 2015 г., 92 ст., наклад 100 ас.

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2016 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2015 г., 188 ст., наклад 200 ас., (надрукаваны ў Гародні).

Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар на 2017 год (на матэрыяле Гродзеншчыны), 2016 г., 188 ст., наклад 200 ас., (надрукаваны ў Гародні).

Акрамя таго мы аказвалі дапамогу Таварыству польскай культуры ў выпуску шэрагу кніг з серыі "Знакамітыя лідзяне", дапамагалі менскаму клубу "Спадчына" і гарадзенскаму музею Васіля Быкава.

Безумоўна, што нешта прапушчана, але гэта першая падборка. Важна тое, што гэта зроблена. Ніхто такога ўліку раней не вёў.

Што тычыцца лідскай кнігі ў гэты перыяд наогул, то шмат кніг выдадзена аўтарамі самастойна, у розных выдавецтвах, але гэта ўжо тэма іншага даследвання.

Выдавецкі дом ТБМ выдаваў яшчэ календары, буклеты, паштоўкі. Усе яны друкавалісям ў Лідскай друкарні.

Такім чынам УІ "Выдавецкі дом ТБМ" ужо ў гэтай новай структуры адпрацаваў 10 гадоў. Усяго восенню будзе 20 гадоў нашай выдавецкай дзейнасці. Усе гэтыя гады мы друкавалі сваю перыядычную прадукцыю толькі ў Лідскай друкарні. За гэты час Лідская гарадская арганізацыя ТБМ і выдавецкі дом ТБМ выдалі:

- амаль 1000 асобнікаў "Нашага слова";

- 76 нумароў "Лідскага летапісца";

- да сотні нумароў "Тэлескопа";

- 8 нумароў альманаха "Ад лідскіх муроў";

- каля 50 тытулаў кніг;

- шэраг календароў, буклетаў і паштовак.

Дырэктар УІ "Выдавецкі дом ТБМ" С. Суднік.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX