Папярэдняя старонка: Палітычныя рухі

Выбары ў Лідскаю гарадску раду, 1927 г. 


Дадана: 16-03-2023,
Крыніца: Новыя заваяваньні // Наша Праўда. №34, 30 ліпеня 1927.



Усьлед за Вільняй i ў Лідзе зроблены першы крок да заваяваньня места - 17.VII адбыліся выбары ў мястовую Раду i па сьпісу Беларусаў i тутэйшага працоўнага жыхарства прайшоў у Раду адаін беларус - Сябра Нагляднае Рады Лідзкае Акр. Упр. Т-ва Бел. Школы, Міхал Шымелевіч.

Міхал Шымелевіч, 1937 u.

Ураз-жа па разьвязаньні старай Рады N. D. i Ch. D. распачалі энэргічную працу дзеля ўтварэньня адзінага хрысьціянскага фронту проціў жыдоў. Але гэты лозунг адолеў адцягнуць ад працоўных толькі мэталеўцаў i на час прафэсыянальны саюз чыгуншчыкаў. Выбарны Камітэт беларусаў ад самага пачатку свайго істнаваньня вёў перагаворы з Радай прафэсыянальных саюзаў (у якую ўваходзілі i жыдоўскія саюзы) аб выстаўленьне супольнага сьпісу кандыдатаў. На мітынгу Z.Z.К. 29.VI прадстаўнік Віленскага Акр. Кам. Z.Z.К. урачыста выказаўся за адзіны фронт працоўных бяз розьніцы рэлігіі i нацыянальнасьці, што выклікала пратэсты i адыход з мітынгу часткі мэталёўцаў. Але праз гадзіну на канфэрэнцыі той-жа прадстаўнік Z.Z.К. пэпэзовец заявіў ужо зусім другое... аб двох сьпісах, польскім i жыдоўскім i зблёкаваньні ix i тлумачыў гэта a прызвычаенай толькі P.P.S двулічнасьцю матывамі практычнага характару. Узбураныя жыдоўскія работнікі не згадзіліся на гэта, a таксама і на кампрамісную прапазыцыю - выставіць кандыдатамі хрысьціян і блёк працоўных застаў разьбіты, дзякуючы шовінізму польскіх сацыялістаў.

Утварыліся тры работніцкія сьпісы: беларускі, жыдоўскі i польскі. Апошні замест назвацца ўласным імём - Р.Р.S. прыбралі трохаршынны назоў, які падаю ніжэй. 3.VI беларусы наладзілі мітынг у мяйсцовым кіне, які прайшоў з вялікім посьпехам. Дзеля таго, што польскія работнікі зблёкаваліся a сваёй буржуазіяй, якую і самі ў ва ўсіх сваіх адозвах інакш i не называлі, як "Хіенай", a жыдоўскія работнікі з сваёй (праўда, гэтыя блёкі сьпісаў былі прызнаны няважнымі па фармальным прычынам) - беларусы змушаны былі выступіць самастойна. Польскія групы разьвілі страшную агітацыю i выдалі шмат грошай - было пушчана ўсё ў ход: нязьлічаныя плакаты, прывоз агітатараў пээсаўцаў з Вільні i Варшавы, агітацыйныя аўтамабілі i г. д.. аж да магістрацкага апарату i амбона. Навет тоўсты ксёндз-дэкан ня гледзячы на ўпальную пагоду амаль цэлы дзень паўзаў па Слабодцы і раздаваў цукеркі. Апрача таго, знайшліся сярод нас здраднікі, польскія найміты i падлізьнікі, якія хацеді тайна ўтварыць выбарчы Камітэт праваслаўных. Але ix брыдкая праца неспадзявана раскрылася, i на сабраньні спэцыяльна выбраных i запрошаных прадстаўнікаў зьявіўся няпрошаны прадстаўнік беларуоаў, які выявіў усю тую наглую брахню i ілжу, якой яны - "ініцыятары" карысталіся ў сваёй агітацыйнай працы і, хоць сабраньне большасьцю 2-х галасоў пастанавіла ўтварыць гэты Камітэт, - ніхто з прысутных не згадзіўся увайсьці ў склад яго.

Пасьля такога "канфузу" "Ініцыятары" ўсё-ж такі прадаўжалі сваю агідную працу, але ўжо без "Камітэту". Яны не паўстыдаліся навет у дзень выбараў агітаваць за польскія групы, за нумар "свайго Пана".

Самастойнае выступленьне беларусаў мае вялізарнае значэньне:

1) гэта - першая спроба ў больш шырокай меры, што паказала абуджэвьве нацыянальнай сьвядомасьці ў тутэйшага жыхарства.

2) беларусы ўсё ж такі маюць аднаго прадстаўніка ў Радзе (сабралі галасоў ыа 1½ раднага.

3) выявіліся ўсе прадажныя i падлізьніцкія элементы нашага гранадзянства, якія аканчальна скампрамітаваліся ў вачох усіх грамадзян места Ліды.

Рэзультаты выбараў наступныя:

№ 1. Дэмакратычныя хрысьціянскія мяшчане, ўрадоўцы і ўмысловыя працаўнікі. (Група бурмістра Бэрмана), 3 мандаты.

№ 2. Прафэс. саюзы, працоўная інтэлігенцыя, дробныя дамаўласьнікі і неарганіз. работ. (Р.Р.S.), 3 манд.

№ 3. Блёк Хрысьц. (N.D. i Ch.D.) 6 манд.

№ 4. Беларусы i тутэйшае працоўнае жыхарства, 1 мандат.

№ 5. Земляробы і дамаўласьнікі - жыды. (Група заступніка бурмістра Вінцукага,) 1 мандат.

№ 6. Жыдоўскі над. блёк, 9 манд.

№ 7. Жыдоўскі Работ. блёк, 1 манд.

Праежджы.


Выбары ў Лідзкі павятовы сэймік. Як паведамляюць польскія газэты, у павятовы сэймік Лідзкага павету ўвайшлі - 3 беларусы, 8 жыдоў, 2 расейцаў і 11 палякоў.

Неяк дзіўна выглядае гэты сэймік, зложаны з прадстаўнікоў ад гмінных радаў, але ў кожным выпадку палякоў - меншасьць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX