Папярэдняя старонка: Палітычныя рухі

Антысавецкае моладзевае падполле ў Лідзе ў 50-х гадах 20-га ст. 


Аўтар: Станіслаў Суднік,
Дадана: 11-11-2007,
Крыніца: Лідскі Летапісец №25-26.



З адкрыццём шырокага доступу да, раней засакрэчаных і таму недаступных для даследчыкаў, архіўных матэрыялаў з'явілася магчымасць даведацца аб невядомых дагэтуль старонках нашай гісторыі. Устанаўленне хоць нейкай дэмакратыі адагнала страх і дазволіла людзям расказаць праўду пра перажытае. Усё разам дало магчымасць пераадолець панаваўшую дасюль аднабаковасць ў вывучэнні гісторыі нашага народа. Пачэснае месца было вернута і вяртаецца тым, хто быў неабгрунтавана і безпадстаўна выкраслены з яе старонак таталітарнай уладай і залічаны ў лік ворагаў народа на доўгія гады.

У пасляваенныя гады грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў Беларусі вызначалася панаваннем ў краіне таталітарнага рэжыму з усімі ўласцівымі яму рысамі і найперш - таталітарным кантролем за паўсядзённым жыццём чалавека. Але нягледзячы на гэта, 40-50-я гады з'яўляюцца ў значнай меры найбольш цікавымі і супярэчлівымі гадамі ў гісторыі Беларусі. Менавіта яны вызначылі падыходы камуністычнай партыі Беларусі да многіх падзеяў грамадска-палітычнага жыцця пасляваеннага часу, і гэтыя падыходы практычна не змяніліся амаль да забароны дзейнасці КПБ у жніўні 1991 г.

Пераможнае заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны з нямецкімі захопнікамі ўнесла новыя тэндэнцыі ў палітычнае жыццё грамадства. Пасляваенныя гады характарызуюцца пратэстам некаторых слаёў грамадства супраць савецкай улады. У першую чаргу пратэст супраць панаваўшай улады выказвала моладзь заходняга рэгіёну Беларусі, якая самастойна спрабавала разабрацца ў супярэчлівых рэаліях і з'явах у жыцці краіны і грамадства. Аналізуючы гэты фенамен, які яшчэ патрабуе ўсебаковага і глыбокага даследвання, магчыма зазначыць, што ён быў не выпадковы.

На ўсходзе Беларусі таталітарны рэжым меў досыць доўгую гісторыю і "назапасіў досвед" правядзення рэпрэсій, пачынаючы з 20-х гадоў. Амаль усе, хто быў не згодны з палітычнымі і ідэалагічнымі рэалямі Савецкай улады, былі рэпрэсаваныя. На захадзе рэспублікі склалася зусім іншае становішча. Па-першае, мясцовае насельніцтва знаходзілася пад сталінскай дыктатурай нядоўга і "баяцца рэжым" яшчэ ў поўнай меры не навучылася. Па-другое, многія грамадзяне, якія не ўспрымалі Савецкую ўладу і тое, што ад яе імя рабілася - правядзенне прымусовай калектывізацыі, масавых дэпартацый насельніцтва заходніх абласцей, рэлігійны ўціск і г.д.-- уцалелі пасля ажыццяўлення сацыялістычных пераўтварэнняў 1939 - 1941 гг. і не жадалі мірыцца з гэтымі рэаліямі. Менавіта таму ў заходнім рэгіёне ў пасляваенны час і распачынаецца антыбальшавіцкі моладзевы супраціў, і звязаны ён перш за ўсё з выступленнямі моладзі супраць Савецкай ўлады. Зазначым, што гісторыя беларускага моладзёвага антысавецкага руху і барацьбы за нацыянальныя ідэі яшчэ ў поўнай меры не вывучана і не напісана. Адна з першых спроб даследвання гэтай праблемы - выпуск ў 1997 г. выдавецтвам "Наша Ніва" кнігі ўспамінаў пра дзейнасць Саюза беларускіх патрыётаў у 1945-1947 гг. "Гарт", артыкула "Да гісторыі стварэння мядзельска-смаргонскага вучнёўскага падполля".

Аднак, архіўныя матэрыялы сведчаць аб тым, што аналагічныя моладзевыя суполкі існавалі і ў іншых гарадах, ды раёнах захаду Беларусі. Гэтыя дакументы - маўклівыя сведкі аб невядомых старонках той барацьбы.

Сярод такіх сведкаў - дакументы Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь (НА РБ), якія распавядаюць пра стварэнне і непрацяглую дзейнасць у горадзе Лідзе моладзёвай антысавецкай арганізацыі.

... 11 траўня 1951 г. Упраўленне аховы Міністэрства бяспекі Брэст-Літоўскай чыгункі накіравала ў ЦК КП(б)Б пад грыфам "Зусім сакрэтна" спецпаведамленне "Аб ліквідацыі антысавецкай моладзевай арганізацыі". Аналагічнае спецпаведамленне было накіравана і на імя першага сакратара Гарадзенскага абкама партыі С. Прытыцкага. У спецпаведамленні адзначалася, што ўпраўленнем аховы МДБ Брэст-Літоўскай чыгункі арыштаваны:

Салдаценкаў Іван Пятровіч, 1931 г. нараджэння, студэнт Гарадзенскай культпрасветна-вучальні, Параваеў Віктар Фёдаравіч, 1931 г. нараджэння, рускі, токар вагоннага дэпо, Казлоўскі Фёдар Пятровіч, 1932 г. нараджэння, паляк, вучань 9 класа 12 чыгуначнай школы станцыі Ліда, Каштан Аркадзь Яўстафавіч, 1931 г. нараджэння, беларус, бухгалтар Гарадзенскага сяльпо Жалудокскага раёна, Логвін Аляк сей Міхайлавіч, 1934 г. нараджэння, беларус, вучань 8 класа. Некалькі пазней быў арыштаваны яшчэ Мазурок Сазонт Савіч, 1933 г. нараджэння, вучань 7 класа СШ № 1 г. Ліды.

Былі затрыманы яшчэ некалькі чалавек, якіх праз некаторы час павыпускалі. Арыштаваныя былі абвінавачаны ў тым, што "В августе месяце 1950 г. объединившись создали подпольную молодежную антисоветскую организацыю, которая ставила своей целью и ближайшей задачей свергнуть Советскую власть". Акрамя гэтага яны абвінавачваліся ў тым, што планавалі "...распустить армию и заменить ее ополчением. Распустить колхозы и передать колхозную землю единоличникам".

Аналізуючы вытрымкі з допытаў арыштаваных магчыма зазначыць, што патрабаванне аб перадачы зямлі аднаасобнікам мела пад сабой рэальныя падставы і адлюстроўвала тагачасную рэчаіснасць, існаваўшую ў заходнім рэгіёне Беларусі ў 1944-1955 г.г. Гэта рэчаіснасць была ў тым, што большасць сялянства гэтага рагіёну з'яўлялася аднаасобнікамі. Але адразу ж пасля вайны ў заходніх абласцях Беларусі распачалася калектывізацыя, якая праходзіла пераважна прымусовымі метадамі. Калі, на пачатак 1949 г. у заходніх абласцях рэспублікі налічвалася ўсяго 909 калгасаў, то на пачатак 1 студзеня 1951 г. гэтая лічба склала 6054 калгасы, якія аб'ядноўвалі 83,7% аднаасобных гаспадарак. Да канца 1952 г. у заходніх абласцях у калгасах налічвалася 540,3 тысяч: ці 95% сялянскіх гаспадарак.

У вініку правядзення прымусовай калектывізацыі сялянства заходніх абласцей Беларусі было гвалтоўна пазбаўлена зямлі, многія сем'і і заможныя сяляне былі рэпрэсаваны і высланы ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза.

Асаблівую цікавасць уяўляе той факт, што І. Салдаценкаў, як кіраўнік арганізацыі, асноўную працу, улічваючы асаблівасці гэтай тэрыторыі і ў першую чаргу варожасць аднаасобнага сялянства да савецкай улады за правядзенне прымусовай калектывізацыі, дэпартацый насельніцтва, прапанаваў весці менавіта сярод сялянства. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца вытрымкі з пратакола допыту Хадыкі,(імя не пазначана ў пратаколах допытаў, хутчэй за ўсё гэта Хадыка Юра) які паказаў, што "Солдатенков сказал, что в настоящее время необходимо ставить основной упор на работу среди крестьянских масс, обещать им уничтожение колхозов и создание мелких крестьянских наделов, фермерского типа".

Як бачна, патрабаванне моладзевай арганізацыі аб перадачы зямлі аднаасобнікам адлюстроўвала панаваўшую у іх сем'ях спрадвечную мару аб сваёй уласнай зямлі і аднаасобным гаспадаранні на ёй.

Акрамя гэтага, сябры арганізацыі высоўвалі шэраг іншых палажэнняў. Найбольш значнымі з іх з'яўляліся наступныя: "Объявить свободу партий, различных уклонов и направлений. Дать свободу различным религиозным сектам и группам. Передать легкую и пищевую промышленность в частные руки и отменить всевозможные налоги, взимаемые с населения. Разбить территорию государства на ряд полицейских округов, во главе которых поставить членов их организаций с широкими полицейскими полномочиями. Создать особые органы безопасности с целью тайного наблюдения за руководящими работниками. Дать полную возможность Украине и Белоруссии выйти из состава Советского Союза, а так же другим, желающим этого, республикам. Создать террористическую группу, которая не входила бы в организацию, но подчинялась бы ей. Назначение этой группы - физическое уничтождение руководителей советского аппарата, а так же добыча денежных средств для организации путём грабежей".

Пры аналізе архіўных дакументаў узнікае шэраг пытанняў - хто, як, калі, стварыў моладзевую арганізацыю. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні знаходзяцца ў вытрымках з пратаколаў допытаў арыштаваных, хаця, безумоўна, нельга цалкам тым пратаколам верыць. Следчыя часта пісалі тое, што ім хацелася, ці на што была ўстаноўка, а не тое, што было на самай справе.

Аднак, згодна з пратаколам арыштаваны па гэтай справе кіраўнік арганізацыі І. Салдаценкаў на допыце паказаў, што "создание антисоветской организации относится к августу 1950 г., первоначально ею руководил Фомин Юрий, который в данное время призван в Советскую Армию и находится в Кронштадте, а после его призыва, организацию возглавил я".

На пытанне следчых, якім чынам сябры арганізацыі планавалі ажыццявіць свае планы і задачы, І. Салдаценкаў адказаў "По замыслу членов нашей организации всё это должно было произойти путем захвата номенклатурных постов, как в партии, так и в организациях Советской власти, для чего наша организация должна стать более массовой и действовать конспиративно в подполье".

Асноўная стаўка арганізатараў падпольнай арганізацыі рабілася на моладзь. Пацверджаннем гэтых слоў з'яўляецца прызнанне, у тым, што "в организацию надо привлекать в первую очередь молодежь, которой разъяснять, что все проводимые мероприятия Советского правительства являются авантюрой и обманом народа".

Выконваючы гэтае патрабаванне сябры арганізацыі праводзілі працу па ўцягванні ў свае шэрагі новых прыхільнікаў з ліку вучнёўскай і студэнцкай моладзі. На допытах А. Логвін паказаў, што "выполняя указания Солдатенкова мною лично были вовлечены в антисоветскую организацию ученики 9 класса 2-й средней школы г. Лида Сягло Фёдор, Рудяк Александр и ученик 10 класса той же школы Лапко Михаил. Указанным лицам я дал задание проводить соответствующую работу по вовлечению новых членов в нашу организацию и аб исполнении докладывать мне".

Распавядае Марыя Аляксандраўна Логвін, жонка Аляксея Логвіна (Логвін - прозвішча беларускае, таму жаночыя імёны не скланяюцца так жа як не скланяюцца прозвішчы Аўгусцін, Севярын і г. д.):

"Логвін Аляксей Міхайлавіч, беларус, праваслаўны, нарадзіўся 26.02.1934 г. у в. Збляны Лідскага раёна. У 1939 г. Міхайла Логвін купіў хутар у Фалькавічах, і таму ў некаторых дакументах напісана, што А. М. Логвін нарадзіўся ў Фалькавічах. У 1947 годзе Аляксей Логвін закончыў Фалькаўскую пачатковую школу. У тым жа 1947 годзе А. Логвін быў адпраўлены на вучобу ў 5-ты клас Чыгуначнай школы г. Ліды. Пасяліўся на кватэры ў Хадыкі. У Хадыкі кватараваў і Салдаценкаў. Сын Хадыкі Юра таксама хадзіў у тую ж школу і ўваходзіў у арганізацыю"

Як выцякае з архіўных матэрыялаў Аляксей Логвін, ураджэнец Лідчыны, вучань чыгуначнай школы № 52 (зараз СШ № 10) у жніўні 1950 г. (г. зн. у самым пачатку) уступіў у антысавецкую арганізацыю і з'яўляўся актыўным яе ўдзельнікам.

Распавядае Кацярына Астапаўна (Яўстафаўна) Лянцэвіч (Каштан), сястра Аркадзя Каштана:

"Я нарадзілася 15 красавіка 1927 года ў в. Збляны ў праваслаўнай сям'і. Яшчэ пры Польшчы скончыла 3 класы Зблянскай школы. Пасля прыходу Чырвонай Арміі мяне ізноў хацелі адправіць у 3-ці клас, але я, малая, уперлася: "Колькі можна ў той 3-ці клас хадзіць?", - і дабілася, пайшла ў 4-ты. У 1944 годзе пайшла ў 1-ю рускую школу г. Ліды. Праз год, калі бацька пайшоў працаваць на чыгунку, перайшла ў 52-ю чыгуначную школу, якую скончыла ў 1948 годзе. У тым жа годзе паступіла ў Лідскую педнавучальню, якую скончыла праз год, у 1949 годзе. Была накіравана на працу ў Зблянскую школу. Неўзабаве выйшла замуж за суседа Сцяпана Лянцэвіча, 1924 г. н. У 1944 годзе Сцяпан дабраахвотнікам пайшоў на фронт і там уступіў у партыю. Пазней я завочна скончыла БДУ. Паколькі імя майго бацькі Яўстафій аднавяскоўцы вымаўлялі з цяжкасцю, то яго звалі Астап, а мяне Кацярына Астапаўна, так звалі і дзеці ў школе, так завуць і зараз. Брат, Каштан Аркадзь Яўстафавіч, нарадзіўся 2 лютага 1931 года ў в. Збляны. Закончыў Зблянскую школу і недзе ў 1945 ці 1946 годзе прыехаў у Ліду, у чыгуначную школу № 52. Жылі мы ўсе разам: бацька, я і Аркадзь. Праз некаторы час да нас пачаў заходзіць Салдаценкаў. Гэта быў вельмі начытаны хлопец, вельмі эмацыйны, але з надзвычай беднай сям'і. Часцяком яму не было чаго есці, і, здаралася, мы яго кармілі. Ён быў вельмі справядлівы, быў сакратаром камсамольскай арганізацыі. Дзейнасць сваёй арганізацыі хлопцы хавалі ад нас з бацькам, а я на іх увагі зусім не звяртала, яны былі шмат маладзейшыя. Адно ведаю, што ў арганізацыю ўваходзіў яшчэ Лебедзеў, зусім бедны хлопец, які, нават, і жыў пры школе, за што апальваў памяшканне. Але яго забралі ў войска, і Лебедзеў арышту, мабыць, пазбегнуў."

Распавядае Людміла Гербертаўна Мазурок (Бузік), жонка Сазонта Мазурка:

"Я нарадзілася 12 красавіка 1933 года ў Лідзе. Мой бацька Герберт Карлавіч Бузік па нацыянальнасці быў эстонец, служыў у польскім войску ў Паўднёвым гарадку г. Ліды. У 1939 годзе трапіў у савецкі палон у Львове. Аказаўся ў арміі Андэрса, прайшоў увесь шлях праз Іран, Афганістан, Афрыку, апынуўся ў канцы вайны ў Англіі. Пасля вайны ён спісаўся з намі, і мы дамовіліся з'язджацца ў Польшчы. Аднак нам з маці, Верай Антонаўнай, выехаць не ўдалося. Адзін з палякаў, які займаўся нашым выездам сказаў: "Я гэтых кацапаў у Польшчу не павязу", - і сарваў выезд. Пакуль паўторна афармлялі дакументы, мяжа была закрытая. Бацька прыехаў такі ў Польшчу, але яго адгаварылі ехаць у Беларусь. Нічога акрамя Сібіры яму тут не свяціла. Так і жылі па розныя бакі мяжы. Я з мужам і дзецьмі шэсць разоў ездзіла да яго ў госці. Муж мой Мазурок Сазонт Савіч нарадзіўся 7 верасня 1933 года ў праваслаўнай сям'і, але ў польскім горадзе Чанстахове. Уся іхняя сям'я жыла ў Чанстахове, мелі сваю краму. Пасля вайны ў Польшчы пачаўся дзе тэрор, а дзе проста ўціск беларусаў. Пад такі ўціск трапілі і Мазуркі. Спецыяльна насупраць іхняй крамы была пабудаваная такая ж польская, і ўсе пачалі купляць толькі ў польскай краме. Жыць стала немагчыма. Трэба было выязджаць. У 1947 годзе выехалі ў Беларэчанск. З-за дрэннага клімату там захварэў і памёр Сава Мазурок. Марыя Елісееўна Мазурок з сынам Сазонтам і братам прыехала ў Менск, адтуль - у Ліду, купілі хату на Слабадзе на вул. Пархоменкі, 10. Сазонт хадзіў у чыгуначную школу, дзе і пазнаёміўся з будучымі сябрамі арганізацыі. За дрэнныя паводзіны ён быў выключаны з 52-й чыгуначнай школы і мусіў перайсці ў СШ № 1. Мы былі аднагодкі, але Сазонт вучыўся на год пазней за мяне, бо вельмі слаба ведаў расейскую мову. Я з сяброўкай і ён з сябрам гулялі ўчацвярых. Ён зрэдку казаў, што ён шчыры ленінец, але больш пра іхнюю арганізацыю я нічога не ведала. Забралі яго проста са школы. Казалі, што выдаў нейкі Хадыка, які потым стаў афіцэрам. Прыпісвалі ім, што хацелі падкласці бомбу пад трыбуну на стадыёне. Канешне ж ніякай бомбы не было."

Паводле пратаколаў допытаў сябры маладзёвай арганізацыі планавалі наладзіць кантакт з замежнымі нацыяналістычнымі арганізацыямі і святарствам. Прынамсі там напісана, што яны жадалі "...при первой возможности связаться с белоэмигрантами, находящимися за границей и предложить им совместную работу, добиться от них помощи деньгами и литературой".

Згодна з тымі ж пратаколамі сябры арганізацыі не выключалі магчымасці вядзення барацьбы не толькі мірнымі шляхамі, але і збройнай барацьбы, аб чым прызнаўся І. Салдаценкаў паведаміўшы следчым, што "членами нашей организации ставились на обсуждение вопросы приобретения оружия, о печатках, множительных аппаратах, шифрах связи и применения тайников, но конкретных решений по этим вопросам не принималось". Далей Салдаценкаў заявіў, што "…приобретение оружия, печатных и множительных аппаратов, средств связи и шифра вызывалось необходимостью использования их в антисоветских целях, но только не на данном этапе нашей работы, а в будущем".

Аб намеры набыцця зброі сведчаць словы арыштаванага А. Логвіна, які на допыце паказаў, што "Выполняя указания Солдатенкова я попытался приобрести за деньги оружие у своего знакомого Боярчика Алексея, жителя деревни Фальковичи Лидского района, Гродненской области, но купить пистолеты не успел, так как был арестован органами МГБ".

- Глупства ўсё гэта,- пасміхаецца Аляксей Міхайлавіч. - Які тэрор? Мне следчы КДБ нават пісталет прыпісаў. Відаць устаноўку такую атрымаў. А было на самай справе так. Я сам ураджэнец вёскі Фалькавічы (рэальна нарадзіўся ў Зблянах), жыў у Лідзе на кватэры, вучыўся ў старэйшых класах сярэдняй школы, а сакратаром камсамольскай арганізацыі ў ёй у той час быў разумны малады чалавек Іван Салдаценкаў. Ён таксама кватараваў у адным доме са мной. Іван быў старэйшы за мяне, начытаны, поўны ідэй аб паляпшэнні нашага жыцця. А тое, што жыццё пасля вайны трэба было папраўляць, тут у нас мала хто ў той час сумняваўся, аднак маўчалі людзі. А мы маладыя ды гарачыя, з абвостраным пачуццём справядлівасці, загаварылі ў адкрытую пра відавочныя промахі і памылкі кіраўніцтва краіны. Стварылі свой альтэрнатыўны камсамолу "Саюз за абнаўленне ленінскіх ідэй", большай часткай тэарытызавалі, але не пакідалі без увагі прапаганду сваіх паглядаў. Якімі яны былі? Салдаценкаў выступаў за змену ўлады парламенцкім шляхам, іншыя, і я ў тым ліку, лічылі гэта немагчымым у тых умовах. Усяго цяпер не прыпомню, але вось некаторыя найбольш радыкальныя пункты нашай праграмы:

Я ўступіў у арганізацію ў 16 гадоў. У ёй былі хлопцы старэйшыя за мяне, былі і маладзейшыя. Усяго да следства прыцягваліся дзесяткі чалавек з розных школ горада Ліды. Большасць з нашай школы, але былі хлопцы і з 1-й, і з 3-й школаў горада. Не трапіла пад суд 55 чалавек.

Распавядае Марыя Аляксандраўна Логвін:

- Ядро арганізацыі знайходзілася ў чыгу-начнай школе. У 1950 г. Логвін перавёўся ў СШ №3 для пашырэння арганізацыі. Кіраваў арганізацыяй Салдаценкаў. Арганізацыя была добра заканспіраваная. Правал адбыўся ў выніку няўдалай вярбоўкі ў арганізацыю сакратара камсамольскай арганізацыі школы (піянерважатай). Вярбоўку праводзіў сам Салдаценкаў. Пад падазрэнне першымі трапілі Логвін і Юра Хадыка. Хадыка-бацька працаваў кладаўшчыком. НКУС узяў яго ў распрацоўку і пад уздзеяннем бацькі Юра расказаў усё, што ведаў і згадзіўся быць асведамляльнікам. Другім асведамляльнікам быў Бычак з Ольжава. Потым на судзе яны выступалі сведкамі.

Гаворыць Аляксей Логвін:

- Былі сексоты, канешне. Але была і другая асноўная прычына: Салдаценкаў з часам пачаў больш адкрыта выказвацца пра тое, што адбывалася ў краіне, а на той час камсамольскую арганізацыю школы ўзначаліла адданая сталінскім ідэалам дзяўчына. І яна павядаміла ў адпаведныя органы.

Сябры моладзевай арганізацыі планавалі скарыстоўваць легальныя формы працы, шляхам "асцярожнай" крытыкі мерапрыемстваў афіцыйных уладаў, зрыў мерапрыемстваў, якія праводзіліся камсамольскімі арганізацыямі ў школах, тэхнікумах, вучэльнях, вярбоўка ў свае шэрагі новых прыхільнікаў. Красамоўным сведчаннем гэткіх падыходаў з'яўляюцца словы арыштаванага па гэтай справе Ф. Казлоўскага, які паказаў, што "Солдатенков говорил мне и другим членам организации, что нужно вовлекать в нашу организацию, как можно больше людей и главным образом тех, кто проявляет недовольство Советской властью".

Аднак гэтая дзейнасць была вельмі хутка перапынена.

Гаворыць Аляксей Логвін:

- 29 красавіка ў першы дзень Вялікадня, нас арыштавалі. Мяне ўзялі на вуліцы Белагрудскай, 22 (вуліца Выдайкі). Памясцілі ў падвал цяперашняга вендыспансера, а пасля адправілі ў Баранавічы. Арыштоўваў чыгуначны КДБ. Цераз паўгода следства - суд у Гародні, мой прыгавор - 10 гадоў спецлагераў. На той час я быў непаўналетнім, таму і такая "паблажка". Не скажу, каб мяне білі, следчы трапіўся малады. Я яму падчас выклікаў на допыты рашаў задачы па арыфметыцы, хлопец недзе вучыўся. Да таго ж на той час рэпрэсіі пайшлі на спад.

Распавядае Марыя Аляксандраўна Логвін:

- Сядзеў у Баранавічах. У турме навучыўся гуляць у шахматы, ды так, што пазней стаў кандыдатам у майстры спорту па шахматах. Шахматы ў турме ляпілі з хлеба.

Распавядае Кацярына Астапаўна Лянцэвіч:

- Аркадзь на той час ужо скончыў школу. Скончыў бухгалтарскія курсы ў Моўчадзі і праца-ваў у Скідалі ад Жалудокскага сяльпо. Паспеў атрымаць першую зарплату, купіў сабе касцюм і прыехаў на вялікдзень у Збляны. Ноччу прышлі трое ў цывільным. Адзін з аўтаматам хадзіў на панадворку. Двое рабілі ператрус. Забралі ўсе старыя рускія кніжкі з "яцямі", а таксама "Біблію". Забралі Аркадзя і павезлі ў Скідаль, дзе зрабілі ператрус у кватэры, на якой ён жыў."

У адрозненне ад Логвіна А. Каштан гаварыў, што з яго здзекаваліся, дапытвалі з прымяненнем фізічнага ўздзеяння, душылі нейкай спецыяльнай кашуляй. Архіўныя дакументы сведчаць аб тым, што "Дальнейшее следствие по данному делу ведётся в направлении вскрытия возможных каналов связи арестованных участников антисоветской организации с националистическим антисоветским подпольем в г. Лида и Гродно, выявления всех участников антисоветской молодёжной организации и лиц, подвергавшихся антисоветской обработке, а так же в направлении выявления практической деятельности участников антисоветской организации".

Не меншую цікавасць, чым дакладная запіска МДБ Брэст-Літоўскай чыгункі, уяўляе і дакладная запіска першага сакратара Гарадзенскага абкама партыі С. Прытыцкага, накіраваная першаму сакратару ЦК КП(б)Б М. Патолічаву аб выкрыцці ў Гарадзенскай вобласці антысавецкай моладзевай арганізацыі. У запісцы, накіраванай у Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі 18 траўня 1951 г. адзначалася , што:

"Из 5 человек, арестованных участников организации, 4 человека являлись членами ВЛКСМ, что свидетельствует об отсутствии надлежащей воспитательной работы, а также политической бдительности в рядах комсомола." Далей С. Прытыцкі з факту існавання моладзевай падпольнай арганізацыі робіць шырокія высновы. Ён ў прыватнасці выказвае меркаванне, што "...члены организации происходят из различных районов Гродненской области (Гродно, Лида, Желудок), что свидетельствует о разветвленности организации. Программа или план действий говорят о том, что за этой организацией скрывается более опытная и подлая вражеская рука, чем поименованные члены ораганизации".

С. Прытыцкі дакладваў у ЦК КП(б)Б аб тэрміновых мерапрыемствах абкама партыі ў сувязі з выкрыццём антысавецкай арганізацыі. Ён паведамляў, што "Мною лично, (гэта значыць С. Прытыцкім), в известность поставлен начальник Облуправления МГБ тов. Сотский, которому предложено заняться указанной организацией. Предложено обкому ЛКСМБ провести закрытое бюро обкома и участников антисоветской организации исключить из рядов ВЛКСМ; созвать совещание в обкоме партии первых секретарей райкомов комсомола, на котором обсудить вопрос о повышении партийно-политической бдительности в комсомоле; на бюро обкома решено в первых числах июня провести пленум обкома КП(б)Б, на котором обсудить вопрос о выполнении постановления 5 пленума ЦК КП (б) Б и второй вопрос о руководстве комсомолом".

З нагоды узгадваня С. Прытыцкім аб 5 пленуме ЦК КП(б)Б, адзначым, што пленум, які адбыўся ў Менску 9-10 ліпеня 1950 г. разглядаў пытанні аб працы камсамольскіх арганізацый Беларусі. На ім было адзначана, што "ЦК КП(б)Б считает, что в работе ЦК, обкомов, горкомов и райкомов ЛКСМБ, первичных комсомольских организаций имели место серьёзные недостатки".

Якія ж недахопы ў дзейнасці камсамольскіх арганізацыяў адзачыў Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва лічыла, што "… во многих комсомольских организациях республики неудовлетворительно поставлено дело политического воспитания молодёжи. ЦК ЛКСМБ, многие обкомы, горкомы и райкомы партии не обеспечили высокого качества работы комсомольских политшкол и кружков, допускают фактическое распадение кружков и политшкол". І далей "ЦК ЛКСМБ, многие обкомы, горкомы и райкомы комсомола плохо выполняют постановление 9 съезда ВЛКСМ о работе камсомола в школе, не рассматривают работу в школе как важнейший участок своей деятельности. Руководящие комсомольские органы не вникают в работу школ, слабо направляют деятельность комсомольских организаций на борьбу за глубокие и прочные знания, за укрепление дисциплины". І, напэўна, самае галоўнае. Пленум прапанаваў "Повысить действенность, остроту ленинской пропаганды среди молодежи западных областей республики, разоблачая в лекциях и докладах враждебную и подрывную деятельность остатков кулацко-националистических элементов и католического духовенства."

Па ўсёй бачнасці, рашэнні пленума былі абумоўлены і фактам барацьбы, якую вяла моладзь заходніх абласцей супраць Савецкай ўлады. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва рэспублікі, безумоўна, вымушана было прымаць спешныя захады, каб перапыніць такую дзейнасць моладзі.

З гэтай нагоды трэба адзначыць, што праца камсамольскіх арганізацый сапраўды была "не туды". Лідская антысавецкая падпольная моладзевая арганізацыя была створана праз месяц пасля гэтага пленуму, можна сказаць, "у святле яго рашэнняў".

Пошукі "более опытной и подлой вражеской руки", на якую ўказваў С. Прытыцкі, былі для НКУС справай больш важнай, чым разгром па сутнасці дзіцячай арганізацыі. Для эфектнай справаздачы патрэбны быў рэзідэнт. Падарункам лёсу для чэкістаў быў Астап (Яўстафій Якаўлевіч) Каштан, 1901 г. н., бацька Аркадзя Каштана. Яго арыштавалі праз два тыдні пасля арышту сына. Хто ж такі Астап Каштан, чаму ўзяліся менавіта за яго?

Распавядае Кацярына Астапаўна Лянцэвіч:

- Бацька быў унікальны чалавек, бязмерна аддадзены беларускай справе. Ён па сутнасці не меў ніякай адукацыі, але меў выключныя музычныя здольнасці. Пры Польшчы бацька сем гадоў быў рэгентам хору ў Зблянскай царкве. Наогул, Збляны былі вельмі спеўнай вёскай. Былі сем'і, дзе спявалі ўсе да апошняга чалавека. Тая ж маці Аляксея Логвіна спявала так, што любая оперная спявачка пазайздросціць магла. Акрамя царкоўных спеваў Астап Каштан займаўся і свецкай дзейнасцю. Ён узначальваў зблянскае "Кулка млодзежы" (дазволеныя польскімі ўладамі моладзевыя гурткі). Зблянскае "Кулка ..." вяло шырокую беларускую асветную дзейнасць- ставілі драматычныя пастаноўкі: "Прымакі", "Чорт і баба" ды інш. Ездзілі ў Вільню да Рыгора Шырмы, прывозілі зборнікі беларускіх песень. У школе не дапускалі ксендза да выкладання рэлігіі, патрабавалі, каб гэта рабіў бацюшка. У 1939 Астапа Каштана забралі па мабілізацыі ў польскае войска. Ваяваў ён за Польшчу некалькі гадзін. Вайна пачалася 1-га верасня. 1-га ж верасня Астап Каштан і трапіў у нямецкі палон. У палоне было не мёд. Выручалі музычныя здольнасці. "Музыка мой лёс, яна мяне карміла, паіла, ад расстрэлу ратавала", - гаварыў Астап Каштан. Акрамя таго, што ён граў і спяваў, ён быў яшчэ і скрыпічны майстар. Першую самаробную скрыпку ён зрабіў у 14 гадоў. Меў у сваёй біяграфіі Астап Каштан і эпізод, пра які прасіў сваіх сямейнікаў маўчаць да самай яго смерці. Эпізодам гэтым быў рамонт скрыпкі Паганіні. Дзе, для каго? Пра гэта ўжо мы не даведаемся. У канцэнтрацыйных лагерах немцы сабралі ўвесь свет. Каб вязні менш думалі пра ўцёкі ды іншы супраціў, немцы дазволілі і, нават, заахвочвалі стварэнне гурткоў мастацкай самадзейнасці. Першымі адгукнуліся на нямецкі пачын украінцы. Яны сабралі свой гурт, а потым сталкаваліся з немцамі, што няблага было б, каб да іх далучыліся іншыя нацыянальнасці. Аднойчы ўкраінцы з'явіліся ў беларускі барак і пачалі пытацца, ці ведаюць беларусы, свае песні, сваіх пісьменнікаў і паэтаў. Але беларусы маўчалі. "Ды яны ж цёмныя, нічога не ведаюць, нічога не ўмеюць. Не дарэмна іх палякі быдлам абзываюць. Быдла і ёсць." "Як вы можаце абражаць цэлы народ? - абурыўся Каштан. - Я адзін пераспяваю ўвесь ваш гурт, пры гэтым буду спяваць толькі ўкраінскія песні." Пераспяваў ці не, але пасля гэтага ён часта выступаў разам з украінцамі на канцэртах, за што вязняў кармілі, здаралася нават, у рэстаранах".

Выбавіўся Астап Каштан з палону ў 1942 годзе. Пасля вызвалення Ліды ад немцаў пайшоў працаваць у горад на чыгунку. Таму лепшай кандыдатуры на "рэзідэнта" ў НКУС быць не магло: любіць беларускае беларускі нацдэм, быў рэгентам царкоўнага хору - клерыкал, быў у палоне - завярбованы, кім? - не важна.

Астапа Каштана не проста дапытвалі, катавалі з усёй жорсткасцю, падвешвалі за ногі да столі, залівалі ў ноздры ваду і г. д.

Распавядае Кацярына Астапаўна Лянцэвіч:

"Хлопцы даведаліся, што "шыюць" бацьку Аркадзя, і дружна запатрабавалі вочнай стаўкі. На вочнай стаўцы ўсе дружна заявілі, што гэты "малапісьменны" селянін ніяк не мог быць іхнім кіраўніком. Калі бацьку забіралі, ён сказаў мне, што забяруць і мяне, каб рыхтавала сухары, і цёплыя рэчы. Аднак мяне не забралі. Недалёка ад нас жыў камуніст Кастусь Мяшкевіч, малапісьменны бядняк. Яму даручылі сачыць за мной. Дзеці Мяшкевіча вучыліся ў мяне, часта прыходзілі дадому для дадатковых заняткаў. Я іх трошкі падкормлівала. Заглядваў сяды-тады і Мяшкевіч, нібыта па дзяцей. Але, мабыць, нічога дрэннага не дакладваў, бо мяне не зачапілі. Затое "дасталі" мужа. Выклікалі на партыйны сход.

- Ты ведаеш за што засудзілі твайго швагра?

- Вы судзілі, вы і ведайце.

- Кладзі партыйны білет.

- Не вы мне яго давалі.

- Ты звязаўся з сям'ёй ворагаў народа."

Партыйны білет забралі. Праўда, потым вярнулі, але нічога не забыліся. Праз некаторы ў Сцяпана Лянцэвіча, які працаваў бухгалтарам, знайшлі недастачу і ўпаялі тры гады, за якія ён тую недастачу адрабіў. Паколькі савецкі зняволены ніяк не мог у турме зарабіць больш 50 рублёў у месяц, а за 36 месяцаў Лянцэвіч сваю растрату адрабіў, то была яна не больш 2 тысяч, але мусіў тры гады парыцца за калючым дротам, хаця на свабодзе адрабіў бы тую растрату нашмат хутчэй.

Неўзабаве пасля вочнай стаўкі Астапа Каштана адпусцілі. Але ён не спадзяваўся на тое, што яго пакінуць у спакоі. Сабраўся і выехаў у Марыупаль (Жданаў). Пражыў там недзе да 1980-га года, але не вытрымаў, вярнуўся, апошнія 10 гадоў жыў у Зблянах. Тут і памёр.

Без памяці любіў усё беларускае. У адзін з прыездаў убачыў беларускі гімн з нотамі, ажно заплакаў, схапіў гітару і тут жа сыграў гімн на гітары.

Праз паўгода следства было скончана. Вельмі гучнай справы не атрымалася, і яе перадалі ў суд. Пра суд у Гародні распавядае Кацярына Астапаўна Лянцэвіч:

"Позву на суд нам не прысылалі, але прыслалі Логвінам, мабыць таму, што Логвін быў непаўналетнім. Нам перадалі, калі і дзе будзе суд, і мы паехалі. У Гародні аказалася, што суд "па справе Салдаценкава" (так афіцыйна называўся гэты працэс) закрыты, і нас у залу судовага паседжання не пусцілі. Мы стаялі ў калідоры. За бутэльку самагонкі вартавы міліцыянт дазволіў нам па чарзе падглядваць у замочную шчыліну і слухаць пад дзвярыма. Мая чарга глядзець у шчыліну прыпала на момант, калі выступаў Салдаценкаў.

- Чаму вы судзіце нас на закрытым паседжанні? Чаму вы баіцеся сказаць усяму народу, у чым нашая віна? Якія мы здраднікі, калі мы хочам, каб людзям жылося лепей? Гэта вы здраднікі. Вы здрадзілі ленінскім ідэям. Вы адабралі зямлю ў сялянаў. Вы давялі краіну да голаду.

Салдаценкаў схапіў табурэтку і запусціў яе ў пракурора. На гэтым судовае паседжанне было скончана. Дасуджвала хлопцаў ужо асобая нарада, так званая "тройка". Як казаў пасля адвакат, у Гародні павінны былі даць Салдаценкаву 12 гадоў, іншым паўналетнім па 8 гадоў, непаўналетнім па 6 гадоў. "Тройка вырашыла ўжо па іншаму. Салдаценкаў, Параваеў, Казлоўскі і Каштан атрымалі па 25 гадоў. Логвін і Мазурок, як непаўналетнія атрымалі па 10 гадоў."

У прыватнасці дакументальна пацверджана, што А. Логвін быў асуджаны 23-24.10.1951 г. па артыкулу 63-1, 76 КК БССР.

Гаворыць Аляксей Логвін:

- Пасля прыгавору трапіў у Мардоўскі лагер у Поцьму. Неяк нядаўна па расійскім тэлебачанні яго паказвалі, цяпер у ім сядзяць прыгавораныя да пажыццёвага зняволення. Пазней я быў пераведзены ў Варкуту, працаваў там на шахтах, затым - Джэзказган. Спецлагеры - гэта лагеры, дзе ўтрымоўваліся выключна "палітычныя" вязні, іх нават у спецвагонах дастаўлялі да месца, відаць каб крамола да асуджаных па іншых артыкулах не перадавалася. Можна было атрымаць або напісаць два лісты ў год. Працаваў на лесапавале, у Омску на падземных работах, дзёўб вечную мерзлату... Затым была амністыя. Наогул, пасля смерці Берыі сядзець стала лягчэй, асаблівага голаду не было, а ў канцы пачалі, нават, грошы за работу плаціць. Толькі вось мясцовае насельніцтва лічыла нас фашыстамі, пры сустрэчы людзі адварочваліся, разлічваць на дапамогу з іх боку ў той час не даводзілася. Якія ж мы былі фашысты, калі думалі пра лепшую долю для свайго народу. Разам са мной сядзелі простыя сяляне, "заходнікі", былі і "лясныя браты", былі відныя людзі мастацтва: оперны спявак з Балгарыі Фёдар Громаў, тэнар ленінградскага тэатра Пячнеўскі. Па першым часе ахова лютавала. Пры малейшай заварушцы страляла з вышак з кулямётаў наўпрост па бараках. Кулі прашывалі іх наскрозь. Потым выносілі тых, у каго яны патрапілі.

У Омску ў Логвіна надарыўся апендыцыт і абсцэс пад печанню. Ляжаў у лазарэце. Аперацыю рабілі хірургі Красільнікаў і Сінельнікаў. Стан быў вельмі цяжкі, але як пачуў, што памёр Сталін, адбыўся прыліў сілаў, і хлопец пайшоў на папраўку. Было яму тады 18 гадоў.

З 10 гадоў Аляксей Логвін адсядзеў 3 гады і 7 месяцаў. Быў вызвалены 20 снежня 1954 года па амністыі.

- Мне дзяржава ў асобе вайсковага трыбуналу мае думкі даравала, - казаў Аляксей Міхайлавіч.

У 1979 годзе Аляксей Логвін быў цалкам рэабілітаваны з фармулёўкай аб адсутнасці ў дзеяннях складу злачынства.

Прыехаў дадому, не паспеў агледзецца забралі ў Данбас. Прабыў у Данбасе 3 гады. У пачатку 60-х Аляксей Логвін жаніўся з Марыяй Аляксандраўнай Ненартовіч з вёскі Каршакі Дзятлаўскага раёна. Нарадзілася двое сыноў: Юра і Коля. Паралельна А. Логвін паступіў у Палітэхнічны інстытут, працаваў на будоўлі. Прарабам у яго быў будучы старшыня Лідскага гарвыканкаму У. Логаш. Па стану здароўя перайшоў на працу ў гандаль. У 1965 годзе трапіў пад кампанію па барацьбе з хабарнікамі. Зноў быў асуджаны на 10 гадоў. Гэтую дзесятку адсядзеў у Оршы ад званка да званка.

Пасля вызвалення працаваў у Лідзе. Захапляўся шахматамі. Як было сказана, стаў кандыдатам у майстры спорту.

Жонка, Марыя Аляксандраўна, жыве ў Лідзе. Сын, Мікалай Логвін, жыве ў Клайпедзе, працуе ў страхавой кампаніі. Мае трое дзяцей. Сын, Юра Логвін, жыве ў Атаве (Канада), мае дачку. Памёр Аляксей Логвін 12 студзеня 2004 г.

Распавядае Кацярына Астапаўна Лянцэвіч:

Сядзеў Аркадзь у Варкуце. Працаваў на шахце. Умовы былі надзвычай цяжкія.Вязні пастаянна знайходзіліся паміж жыццём і смерцю.У Варкуце трымалі разам палітычных і крымінальнікаў. Гэта яшчэ больш ускладняла жыццё. Праз некаторы час Аркадзь пачаў слабець, перастаў выконваць норму. Пачалі горш карміць. Стаў слабець яшчо больш. Неўзабаве аказаўся ў разрадзе лагерных дахадзяг. Жыць заставалася мо колькі тыдняў. Але яшчэ было на жыццё. З новым этапам у лагер прыгналі Аляксандра Барташэвіча з Парэчча, што пад Гародняй. Ён таксама быў палітычным. Забралі з нейкага гарадзенскага інстытута проста з лекцыі. Гэта быў здаравенны хлопец за 1,80 метра ростам, шырачэзны ў плячах. Яму сказалі пра Аркадзя, якога крымінальнікі да таго ж паспелі ўжо і ў карты прайграць. Барташэвіч уладзіў справу, пачаў адпойваць Аркадзя вадой з цукрам і так падняў на ногі, фактычна выратаваў ад непазбежнай смерці."

Сазонт Мазурок сядзеў у Джэзказгане. Распавядае Людміла Гербертаўна Мазурок:

"Далі яму дзесяць гадоў. Лістоў мне ён не пісаў. Яму можна было напісаць мо адзін ліст у год, і ён пісаў маці. Сядзеў ён "па малалетцы". Адразу, як малалетка, адмовіўся працаваць. Білі моцна, на карку ажно нарасты засталіся ад пабояў, але працаваць не прымусілі. Ганарыўся потым: "Я на іх не працаваў." Маці яго ўсюды пісала, скардзілася. Яна была адзінокая, а тады закон быў, каб ад адзінокіх апошняе дзіця не забіраць. Выпусцілі яго недзе гады праз тры, але праз некаторы час забралі ў войска. Служыў у Камышлове на Ўрале. Маці ізноў пачала пісаць, скардзіцца, і неўзабаве Сазонт вярнуўся. Скончыў 9 і 10 клас вячэрняй школы і курсы геадэзістаў. Так і працаваў геадэзістам у Лідскім БТІ, пазней на іншым месцы. Мы пажаніліся пасля яго прыходу з войска. Маем дзвюх дачок: Свету і Лену, трое ўнукаў. Абедзве дачкі жывуць у Лідзе."

Памёр Сазонт Мазурок 14 сакавіка 1990 года, не дажыўшы 4 гады да пенсіі. Быў рэабілітаваны недзе за 3-4 гады да смерці. Казлоўскі сядзеў у Комі. Пасля вызвалення таксама трапіў у Данбас.

Распавядае Кацярына Астапаўна Лянцэвіч:

"Пасля вызвалення недзе ў 1955-ым ці 1956 годзе Аркадзь вярнуўся ў Збляны. Але кляймо ворага народа жыць не давала і тут. Нікуды не бралі на працу. Не бралі, нават, прыцэпшчыкам на трактар. Паспрабаваў паступіць вучыцца на трактарыста, не ўзялі. І гэта з поўнай сярэдняй адукацыяй.Але ж ён быў дома. Спачатку дазволілі граць у клубе, пасля і аформілі ад калгаса музыкай пры клубе. Дырэктар Зблянскай школы на свае страх і рызыку дазволіў Аркадзю весці спевы і музыку ў школе. Гадзіны яго пісалі на мяне."

Аркадзь завочна паступіў у Гарадзенскую музнавучальню. Калгас купіў яму баян. Самому купіць не было за што. Потым баян ужо асабіста яму падаравалі за выступ на нейкім конкурсе.

Скончыўшы курсы калгасных баяністаў вёў спевы і музыку ў Жалудку, Ходараўцах і Парэччы. Яго сябар па курсах, які аказаўся на працы ў аддзеле культуры Свіслацкага райвыканкаму, запрасіў Аркадзя на вакантную пасаду дырэктара музычнай школы ў Поразава, куды ён з ахвотай і паехаў. Стала спакайней і для жонкі Кацярыны Аляксандраўны і для дзяцей.

Але мінулае не адпускала. Недзе ў годзе 1989 годзе яно вярнулася ў выглядзе дваіх у цывільным, якія ізноў сказалі збірацца і павезлі ў Гародню.

Распавядае Кацярына Астапаўна Лянцэвіч:

"Завялі, здаецца, у КДБ. Вядуць па калідоры. Аркадзь пытае: "Рукі за спіну?" - "Пакуль не трэба." Завялі ў кабінет і зачыталі паперу, паводле якой ён цалкам рэабілітаваны, і Савецкая ўлада просіць у яго прабачэння. Выйшаў адтуль ён сам. Сам даехаў да Поразава. Дадому ўжо прывялі. Інсульт. Цяжкая форма. Год не памятаў сябе. Савецкая ласка аказалася страшней за савецкую кару. Праз год свядомасць вярнулася, але не дзейнічала левая рука. Не мог больш граць на баяне. Да пенсіі ў музычнай школе яго датрымалі. Пакуль быў здаровы, будаваў сабе дом у Зблянах, але дзеці ўладкаваліся ў Ваўкавыску: сын Алег працуе на заводзе, дачка Вольга скончыла інстытут па гандлёвай спецыяльнасці і працуе на базе. Чацвёра ўнукаў. Дом у Зблянах прадаў. Купіў хатку ў Ваўкавыску. З дапамогай дзяцей давёў да ладу. Там, у Ваўкавыску і памёр 12.07.2003 года. У Ваўкавыску і пахаваны."

Салдаценкаў пасля вызвалення працаваў інжынерам у Калінінградзе. Рэабілітаваны 8.05.1979 г.

Казлоўскі Фёдар жыў у Баранавічах. Памёр.

Нічога не вядома пра Параваева.

Сябры арганізацыі, якія пазбеглі суда жывуць яшчэ і сёння ў Бердаўцы, у Бярозаўцы.

Не бліскуча склаўся лёс і ў тых, хто выступаў у якасці сведак і пазбег суда. Савецкая ўлада за "заслугі" ў даносах на сваіх паплечнікаў дала магчымасць Юрыю Хадыку і Бычаку паступіць у вайсковыя навучальні.

Апавядае Марыя Аляксандраўна Логвін:

- Хадыка і Бычак закончылі вайсковыя навучальні. Хадыка быў жанаты на буфетчыцы. Узяў на выхаванне чужых дзяцей: дзяўчынку і хлопчыка. Прыходзіў, прасіў прабачэння. Каяўся. Казаў: "Лепш бы я з вамі тады сеў". Бычак спіўся. Прыехаў сюды. Жонка адправіла ўслед кантэйнер з адным шынялём. Хадзіў пабіраўся.

Незадоўга да смерці Аляксей Логвін гаварыў:

- Калі вы чакаеце ад мяне словаў шкадавання за памылкі маладосці, то дарэмна. Тое, што не ўдалося вывучыцца мне, зрабілі мае дзеці, і так здорава ў іх гэта атрымалася, што мне застаецца толькі радавацца. Многае з таго, пра што мы марылі паўстагоддзя назад, сёння ўжо стала рэальнасцю. Так што, выходзіць, не такія ўжо мы былі наіўныя, не такія дурныя. Я ўдзячны жыццю за магчымасць сёння аспрэчваць ці згаджацца з выказваннямі тога ж Салжаніцына, таму што я знаёмы не па кнігах і газетах з тым, пра што гаворыць выдатны пісьменнік. І, наогул, калі будзеце пісаць артыкул, я не хацеў бы выглядаць у ім гэтакай ахвярай.

Аналіз архіўных матэрыялаў, іншых крыніц дае падставы сцвярджаць, як ужо адзначалася, што гісторыя беларускага моладзевага супраціву існаваўшаму рэжыму, барацьба за нацыянальныя ідэі ў пасляваенны час ў поўным аб'ёме не вывучана і не напісана. Бяспрэчна адно, разам з афіцыйнымі камсамольскімі арганізацыямі паралельна ствараліся і існавалі падпольныя антысавецкія моладзевыя арганізацыі. Аналіз тых нешматлікіх звестак аб іх дзейнасці паказвае, што яны ствараліся пераважна стыхійна, асобна адна ад другой ў розных населеных месцах захаду Беларусі. Але падсумоўваючы ўжо назапашаны гісторыкамі матэрыял мажліва адзначыць, што ўзнікненне моладзевых падпольных антысавецкіх арганізацый ў Слоніме, Наваградку, Паставах, Глыбокім, Мядзелі, Смаргоні і, як распавядалася вышэй, у Лідзе - гэта не выпадковая з'ява, а звёны аднаго ланцужка - шырокамаштабнага моладзевага супраціву на захадзе Беларусі, які не перарос у адкрытыя выступленні, але і не знік з памяці і свядомасці.

Аналізуючы дзейнасць маладзёвых арганізацый неабходна зазначыць, што адметнай рысай моладзевага антысавецкага супраціву з'яўлялася выключна мірная форма супраціву. Наўпроставай узброенай пагрозы існаму рэжыму моладзь не ўяўляла. Але найбольшая пагроза, і гэта добра асэнсоўвала ўлада, заключалася ў тым, што вучні, студэнцкая моладзь думала інакш, дзейнічала інакш, верыла ў іншыя ідэалы, чым астатнія людзі. Вось гэта і было самым страшным і небяспечным для рэжыму таму, што забараніць моладзі думаць таталітарная ўлада хацела, але не ўмела. Менавіта па-гэтаму яна так жорстка і бязлітасна распраўлялася з удзельнікамі ўсіх моладзевых арганізацый.

У адрозненні ад лёсаў былых камсамольскіх герояў савецкага часу, у гонар якіх узводзіліся помнікі, адкрываліся мемарыяльныя шыльды, называліся вуліцы і калгасы, лёсам удзельнікаў падпольных моладзевых арганізацый сталася забыццё. Іх імёны, прозвішчы, дзейнасць на доўгія гады былі выкрэслены з памяці. Але ж гэта, неад'емная частка нашай нацыянальнай гісторыі, і тое, што маладзёвы антысавецкі супраціў вывучаецца, аналізуецца, узгадваецца, мо ёсць пакуль яшчэ сціплы помнік іх дзейнасці. І будзем спадзявацца, што найлепшым помнікам моладзеваму супраціву будзе вывучэнне і напісанне сапраўднай гісторыі гэтай з'явы, якая зойме належнае месца ў найноўшай гісторыі незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

Нам удалося даволі падрабязна прасачыць жыццёвы шлях траіх удзельнікаў падпольнай моладзевай арганізацыі ў Лідзе. Калі нам удасца знайсці звесткі пра іншых падпольшчыкаў, тых, каго судзілі, і тых, хто суда пазбег, мы вернемся да гэтай тэмы.

Літаратура:

Вольга Вялікая. Дзейнасць падпольнай моладзевай антысавецкай арганізацыі ў г. Лідзе. Наша слова № 14 (399) 7 красавіка 1999 г., Наша слова № 15 (400) 14 красавіка 1999 г.

А. Соленков. Перчатка в лицо великому Сталину. Лідская газета, 13 красавіка 2002 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX