Вярнуцца: Палітычныя рухі

Расстрэльныя лёсы беларусаў Terror in 1937


Аўтар: Анатоль Кулеш,
Дадана: 09-05-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 41.



Іншы раз і бяссонніца бывае рэч карысная.. Неяк у адну такую ноч пачаў гартаць патрапілую мне ў рукі дакументальную кнігу Л. Маракова "Ахвяры і карнікі". Перагортваючы старонку за старонкай, на памяць прыйшло пытанне: ці не знайду я тут імя свайго крэўнага, што ў канцы 20-х ці пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, шукаючы паратунку ад пераследу польскіх уладаў, уцёк у Савецкі Саюз, пасля недзе бясследна знік? Як вядома, у той час у СССР ішло "паляванне" на рознага роду шпіёнаў, дыверсантаў, здраднікаў Радзімы ды іншых "ворагаў народа" і злоўмыснікаў.

Аб падзеях таго часу ў прэзідэнцкім архіве Расійскай Федэрацыі захоўваецца шмат дакументаў, у тым ліку, "Списки лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного Суда СССР" , датаваныя 7 верасня 1937 года і падпісанныя І. Сталіным, В. Молатавым, Л. Кагановічам, К. Варашылавым, І.М. Яжовым, а таксама ад 15 верасня 1937 года, падпісанныя І. Сталіным, В. Молатавым і начальнікам 8-га аддзела ГУДБ СССР старшым маёрам (армейскае званне генерал) дзяржбяспекі У. Цасарскім. У іх былі ўнесены тысячы жыхароў Беларусі, якія падлягалі гэтаму суду, а прасцей - знішчэнню. Па першаму спісу ва ўнутраннай турме НКВД у Менску было расстраляна 103 чалавекі. У другім - іх многія тысячы. Расстрэльная машына працавала бездакорна, нават без выхадных. У нядзелю 20 лютага 1938 года была расстраляна 141 асоба. Калі канвеер карнікаў працаваў круглыя суткі без перапынку, то кожныя 10 хвілін развітваўся з жыццём 1 чалавек! Менавіта ў другім спісе я і знайшоў свайго сваяка.

Гаворка тут ідзе пра дваюраднага брата маёй маці, былога жыхара вёскі Сялец Лідскага раёна, Шэшку Іосіфа Сільвестравіча. На старонцы 156 кнігі запіс: "Шашко Іосіф Сільвестравіч (1902), навуковец, аграном, педагог. Арыштаваны 28.8.37. Асуджаны 20.10.37." Расстраляны ва ўнутраннай турме НКВД БССР 10 лістапада 1937 года.

Некаторая недакладнасць у напісанні прозвішча Шашко замест Шэшка - вынік недаклатнага перакладу з беларускай мовы на рускую ці наадварот.

Да арышту ён працаваў выкладчыкам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, меў навуковую ступень кандыдата сельгаснавук. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў нейкай антыдзяржаўнай арганізацыі - "Саюзе вызвалення Беларусі"*, які, быццам, дзейнічаў у Горацкай сельгасакадэміі. За гэта ж адбываў турэмнае пакаранне вядомы беларускі вучоны, акадэмік, Г.І. Гарэцкі **.

У той дзень 10 лістапада былі расстраляны 16 чалавек: 9 калгаснікаў, 2 навукоўцы, 1 рабочы, 1 рабочы дзяржслужбы, 1 аднаасобнік і два чалавекі невядомай прафесіі і роду занятку.

Такі ж лёс ледзь не напаткаў і яшчэ аднаго сваяка - роднага брата маёй маці, а майго дзядзьку - Шэшку Юльяна Якаўлевіча. Польскія ўлады прысудзілі яго да пакарання смерцю. Але здзейсніўся цуд - зняволены ўцёк з-пад варты і таксама пабег, як мага, у СССР. А там яго толькі і чакалі: за каўнер і, як польскага шпіёна, пагналі ў канцлагер ГУЛАГу ў Іркуцкай вобласці ў Сібіры. Але і там уцёк. Ледзь прытомнага знайшлі яго ў тайзе мясцовыя жыхары. Не выдалі, адагрэлі, прытулілі, і пачалі жыць усе разам. Шмат гадоў пражыў пад чужым прозвішчам. І толькі пасля вайны стаў, як сёння кажуць, "лігітымным" грамадзянінам Расіі.

Зараз жыве там ягоная другая сям'я - сын і дачка. Адна дачка памерла, адна жыве ў горадзе Краснадары. З імі ў мяне наладзіліся добрыя і ўстойлівыя сувязі: абмен лістамі, тэлеграмамі, тэлефоннымі перамовамі.

Усё б нішто, каб злы лёс, бы той Дамоклаў меч, не працягваў вісець над галовамі гэтай сям'і і ўсяго роду.

У чэрвені 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У Сялец прыйшлі нямецка-фашысцкія захопнікі. Па нечым брудным даносе арыштавалі бацьку Іосіфа - Шэшку Сільвестра - і 23 ліпеня 1941 года разам з іншымі аднавяскоўцамі расстралялі.

Здаецца неверагодным, каб такое магло здарыцца. Ён жа быў усяго толькі калгаснікам нядаўна створанага калгаса. Працаваў калгасным пастухом, меў старэчы ўзрост, дрэнна бачыў (на адно вока быў сляпы). Не быў ні камуністам, ні іх прыхільнікам. Хутчэй наадварот.***

Навісла пагроза жыццю і малодшага сына Сільвестра - Канстанціна. Напярэдадні вайны ён толькі што скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя (тады гэтая навучальная ўстанова насіла такое імя). А да гэтага вучыўся разам з былым міністрам асветы БССР М. Г. Мінкевічам у беларускай гімназіі ў Вільні. У той час гэта быў адзіны жыхар у Сяльцы і ў наваколлі, які меў вышэйшую адукацыю. Сярод аднавяскоўцаў і сялян навакольных вёсак карыстаўся надзвычайнай павагай. Мо гэта і дапамагло ў крытычную хвіліну застацца жывым.

"Паляванне" на яго адкрылі партызаны польскай Арміі Краёвай. У дзень Вялікадня 1944 года, калі было арыштавана і расстраляна акаўцамі шмат маладых хлопцаў з вёскі Сялец і з іншых, яму цудам удалося схавацца і перажыць час акупацыі далёка ад роднага дому. А калі вярнуўся дадому пасля вызвалення, стаў вельмі "жаданым суразмоўцам" НКВД.

У асабістых гутарках шмат хто з маіх апанентаў, як з боку пракамуністычнай арыентацыі, так і прыхільнікаў АК (апошнія асабліва агрэсіўна), кажуць: не трэба варушыць мінулае. Усё прайшло, і пра яго пара забыцца. Маўляў, гісторыя не паўтараецца. А ці так гэта насамрэч? Напрыклад, Марк Твэн некалі казаў: у свеце няма нічога такога, што не магло б здарыцца. Уся сама гісторыя, як сукупнасць падзей мінуўшчыны, паўтарыцца, натуральна, не можа, але асобныя падзеі і здарэнні ў змененым стане ў залежнасці ад часу паўтараюцца ў не менш жудасным выглядзе, прыкладаў таму мноства. Ці не была паўторам "Крышталёвая ноч" у фашысцкай Германіі 4 лістапада 1938 года, калі гітлераўцы ўчынілі па ўсёй краіне пагром яўрэяў, "Варфаламееўскай ночы" 24 жніўня 1572 года ў Францыі, у час якой каталікі і пратэстанты вынішчалі адзін другога, і стаўшая імем намінальным?

Ці не паўтарыў Гітлер у ХХ стагоддзі "досвед" уладароў Венецыянскай Рэспублікі (зараз - Італія) ХІУ-ХУ стагоддзяў, ствараючы жудасныя гета? Назва "гета" мае італьянскае паходжанне, і ўпершыню яно было створана ў Венецыі.

Ці не паўтарылі сваімі дзеяннямі гісторыю інквізіцыі Гітлер са Сталіным: першы вынішчаючы камуністаў і іх ідэялогію, другі, адпаведна, - антыкамуністаў? Па размаху сваіх дзеянняў яны кожны паасобку пераўзышлі вядомага іспанскага інквізітара Тарксвемаду, які за 17 гадоў знішчыў 111511 ерэтыкоў. Гітлер і Сталін кожны паасобку загубілі мільёны душ!

Не! Памятаць пра мінуўшчыну трэба. Мала таго, праз увесь час трэба нагадваць аб ёй сваім нашчадкам. Бо мінуўшчына - базіс, фундамент будучыні. А я вельмі б не хацеў, каб нашы нашчадкі і цэлыя пакаленні жылі ў сваім новым доме ці, нават, хатцы, пабудаваных на падмурку, прасякнутым крывёю продкаў, каб ніколі нічога падобнага, не магло б паўтарыцца.

Тэрор улады мае і іншы бок. Ён небяспечны яшчэ і тым, што вынішчае лепшую, больш актыўную і дзеяздольную частку нацыі. Каб яе адрадзіць, спатрэбіцца шмат часу. Апроч таго, гэта наносіць грамадству непапраўную маральна-псіхалагічную шкоду. Ці не таму мы сёння такія інертныя?

Заўвага

Аб дзікунстве працы энкэвэдысцкага чалавекагубчага канвеера сведчыць наступнае. Працавалі сталінскія чэкісты мэтанакіравана і рупліва. Талькі з 19 жніўня па 30 снежня 1937 года ў перыяд "крывавага тунэля" ва ўнутраннай турме НКВД у Менску было забіта (расстраляна) 2196 чалавек. Або кожны дзень расстрэльвалі па 16-17 асобаў!

Нават выхадныя і святы для іх былі "рабочымі днямі". Так. 7 лістапада 1938 года і 8 лістапада 1937 года, у дзень гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі расстралялі 3 асуджаных (конюха, шаўца, аднаасобніка)! У дзень свята жанчын 8 сакавіка 1938 года расстралялі 5 жанчын (3 калгасніцы, 1 дамашнюю гаспадыню, 1 аднаасобніцу)!

Усё гэта рабілася пад злавесным грыфам "за" Сталіна і яго падручных. Аб гэтым яскрава сведчаць дакументы. А нам усё яшчэ да сённяшняга часу ўбіваюць, маўляў, "ён нічога не ведаў, што рабілася па-за Крамлём". Ведаў, даваў на гэта дазвол!

* «САЮЗ ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ» («СВБ»), справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел. нац. інтэлігенцыі, якая абвінавачвалася ў нацыянал-дэмакратызме, контррэвалюцыйнай і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс у БССР. Вясной-летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у тл. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел. АН В.Ю. Ластоўскі, Я.Ю. Лёсік, С.М. Некрашэвіч, праф. А.А. Смоліч, наркамы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В. Баліцкі), пісьменнікі М. Гарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча і інш. Кіраўніком аргцыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцгва «ўведзены» І.І.Краскоўскі, Я.Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, АЛ.Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 18.3.1931 Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.Ф. Адамовіч і П.В. Ільючонак, справа якіх, як камуністаў, у снеж. 1930 была выдзелена ў асобную, прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. (Я.І. Бядрыцкі, П.Я. Жаўрыд, М.І.Каспяровіч, І.І.Цвікевіч і інш.) на 5 гадоў, П.М.Біндзюк - на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія - на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. А. Гурло быў асуджаны на 5 гадоў высылкі ўмоўна. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з'яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі» («САБ»), у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі» («СВБ»)... Па ўзгадненні з Палітбюро ЦК ВКП(б) і АДПУ СССР рыхтаваўся адкрыты судовы працэс па справе «СВБ», аналагічны таму, які быў праведзены ў 1930 над укр. нац. інтэлігенцыяй па т.зв. справе «Спілка визволення Украіны». Але ў ходзе яго падрыхгоўкі выявілася, што на папярэднім следстве ўдалося прымусіць прызнаць сваю «віну» толькі 25 чал. Больш за 40 чал. адмовіліся ад усякіх абвінавачанняў, а каля 20 чал. прызналіся часткова.

Усе, хто праходзіў па справе «СВБ» і выжыў пасля першага працэсу, зноў арыштаваны ў 1937-41 за ранейшыя «злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах.

** Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія трапіла пад рэпрэсіі разам з іншымі ВНУ краіны. Сярод арыштаваных у розныя гады:

Выкладчыкі:

Яўген Аляксееў (прафесар), Максім Гарэцкі (загадчык кафедры), Гаўрыла Гарэцкі, Сцяпан Журык (прафесар), Сцяпан Мельнік, Паўліна Мядзёлка (працавалі у 1920-я г.),

Веніямін Аксельрод, Іван Антонаў (дацэнт), Аляксандр Анцыповіч, Анастасія Апалько, Якаў Афанасьеў (прафесар), Аляксей Башкевіч, Аўгуст Берзін (дацэнт), Піліп Вашчавоз, Савелій Гарбачоў, Юры Гаўрук, Віктар Горскі, Канстанцін Загорскі, Фёдар Курынны, Карл Лебярэхт, Леанід Малякоў (прафесар), Ісак Марэк, Рыгор Мінаеў, Яўген Мячынскі, Карл Петэрсон (дацэнт), Барыс Саноцкі, Іван Старасоцкі, Сяргей Фамін, ІосіфШашко, Андрэй Шліпенбах (у 1930-я г.), Мікалай Байер (у 1940-я г.).

Студэнты:

Міхаіл Ганчарык - вучыўся да 1924,

Мікалай Галадзед - вучыўся, верагодна, у пачатку 1920-х г.,

Іван Тачыцкі- скончыў вучобу ў 1925,

Уладзімір Бабраўніцкі - вучыўся з 1925 да 1929,

Васіль Каваль, Сцяпан Піліпчык - вучся ў 1920-я г.,

Іван Маўчанаў - вучыўся ў канцы 1920-х - пачатку 1930-х г. (?),

Лэйзар Брангітэйн (Бранштэйн?), Уладзімір Вала-сенка, Рыгор Вішнякоў, Пётр Гашпар, Дзмітрый Громаў, Ніна Груша, Аляксандр Грыцкоў, Іван Закурдаеў, Пётр Кротаў, Міхаіл Лапіцкі, Сямён Левітан, Віктар Мальцаў, браты Валянцін і Міхаіл Некрашэвічы, Гяршон Палей, Марыя Прэс, Мікалай Пятроў, Мікалай Раманаў, Мікалай Савіцкі, Давыд Шапіра - вучыліся ў 1930-я г.,

Яўген Гурскі - вучыўся да 1950 г.

*** Шэшка Сільвестр Іванавіч (1873 г.н., в. Сялец). Удзельнік Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Супрацоўнічаў з рэдакцыяй заходне-беларускага часопіса "Шлях моладзі" (выдаваўся ў 1929-39 гг.).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX