Вярнуцца: Палітычныя рухі

"Лідская рэвалюцыя" 1936 года


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 20-10-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. "Лідская рэвалюцыя" 1936 года // Arche №7-8 - 2014. С. 318-333.

Спампаваць




Леанід Лаўрэш - гісторык і краязнаўца, адміністратар гістарычна-краязнаўчага сайта «Павет» (Ліда). Аўтар шэрагу кніг і артыкулаў па гісторыі Лідчыны і прыродазнаўчых навук. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» - «Літоўскія прыгоды шэкспіраўскіх персанажаў» (10/2010).

Пасля заключэння 18 сакавіка 1921 г. Рыжскай мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расіяй Лiдчына ўвайшла ў склад створанага ў межах адроджанай польскай дзяржавы Наваградскага ваяводства. Пасля Першай сусветнай вайны ўся Наваградчына перажывала вялікі гаспадарчы заняпад, з'яўляючыся адным з найбольш занядбаных рэгіёнаў тагачаснай Польшчы. Да 1927 г. найбольш эканамічна развітым горадам Наваградскага ваяводства лічыўся Слонiм, а Лiда стаяла толькі на трэцім месцы, саступаючы яшчэ і Баранавiчам. У сферы прамысловасці на Лідчыне тады працавалі ўсяго 338 чалавек. Але з другой паловы 1927 г. пачалося ажыўленне гаспадарчага жыцця, якое працягвалася да канца 1929 г., калі тэрыторыю Польшчы ахапіў сусветны эканамічны крызіс. У гэты час у Лiдзе знайшліся ініцыятыўныя людзі, здольныя акумуляваць неабходныя капіталы для стварэння прамысловай вытворчасці. Гэта былі пераважна яўрэйскія прамыслоўцы i гандляры. У выніку іх дзейнасці ў 1927-1929 гг. у Лiдзе пачалі працу новыя прадпрыемствы: млыны, тартакi, кафлярнi, хімічная фабрыка «Карона» i фабрыка гумовых ботаў «Ардаль». Найбуйнейшым прадпрыемствам па-за межамі горада была шкляная гута «Нёман» у пасёлку Нёман (цяпер - горад Бярозаўка), заснаваная яшчэ ў 1883 г. [1] Такі рывок дазволіў Лідзе выйсці на першае месца па развіцці прамысловасці ў Наваградскім ваяводстве [2], чаму паспрыяла яе выгаднае размяшчэнне на шляху чыгуначных камунікацый і наяўнасць вялікай колькасці таннай некваліфікаванай працоўнай сілы.

Найбуйнейшым прамысловым прадпрыемствам у Лiдзе было акцыянернае таварыства гумовай вытворчасці «Ардаль» (слова «Ардаль» на яўрэйскай мове азначае «бот, галёш»). Яно ў якасці вытворцы гумовага абутку мела значэнне ў маштабе ўсёй Польшчы. Калі ў 1930 г. ва ўсёй лідскай прамысловасці працавалі каля 800 рабочых, то 1/3 з іх складалі працаўнікі «Ардаля». Акрамя таго, з 1934 г. разнастайныя гумовыя вырабы вырабляла фабрыка «Унiгум». Таксама ў горадзе дзейнічалі хімічнае прадпрыемства «Карона» (вырабляла фарбы, чарніла, туш, лакі, пластылін, клей і інш.), дзве фабрыкі сельскагаспадарчых машын i жалезнага ліцця (братоў Шапiра і «Бэнланд»), фабрыка «Дротіндустрыя», фабрыка спружын «Звуй», фабрыка вырабу шкіпінару «Дэстылят», тры кафлярні («Танур», «Рааф» і «Нэшэр»), дзве лямцавыя фабрыкі, некалькі цагельняў і паравых тартакоў, фабрыка па вырабе мыла, два бровары, дзве фабрыкі па вытворчасці алею, тры шакаладна-цукеркавыя фабрыкі, 8 пякарняў. Да сярэдзіны 1930-х гг. горад меў 8 электрастанцый і 8 млыноў. Паліграфічныя паслугі аказвалі 4 друкарні [3].

Бурны рост мясцовай прамысловасці спрыяў і ўзмацненню развіцця на Лідчыне прафсаюзнага руху. Ён адрадзіўся пасля ўсіх ваенных дзеянняў у 1921 г., калі па ініцыятыве Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) былі створаныя 8 прафсаюзных арганізацый па розных галінах прамысловасці. Адначасова ўзнікла і гарадская рада гэтых саюзаў.

Спачатку ў лідскім прафсаюзным руху ўдзельнічалі каля 500 рабочых, але да 1925 г. адбывалася пастаяннае яго разрастанне, у выніку чаго рабочымі розных прадпрыемстваў былі арганізавана праведзеныя 10 страйкаў. 1 траўня 1925 г. у Лідзе ўпершыню адбылася маніфестацыя рабочых, у якой удзельнічалі 2000 чалавек. У 1929 г. на шкляной гуце «Нёман» прайшоў амаль двухмесячны страйк з удзелам каля 700 рабочых, у выніку якога адміністрацыя прадпрыемства была вымушаная задаволіць асноўныя іх патрабаванні (павышэнне заробкаў на 25%, неадкладная выплата запазычанасці на заробках, узгадненне з прафсаюзам прыёму і звальнення рабочых, забеспячэнне спецвопраткай і інш.) [4].

Праўда, з-за немагчымасці выпрацаваць агульную праграму дзейнасці і амбіцый лідараў галіновых саюзаў з паловы 1920-х гг. пачынаецца згасанне прафсаюзнага руху на Лідчыне. Былі ліквідаваныя шэраг галіновых саюзаў: кушняроў, цырульнікаў, краўцоў, з агульнагарадскога аб'яднання выйшаў саюз металістаў. У выніку да пачатку 1931 г. рафсаюзны рух у горадзе пад эгідай польскіх сацыялістаў практычна згас. У лютым 1931 г. рэшткі прафсаюзных арганізацый ППС у горадзе, шукаючы новыя шляхі для сваёй дзейнасці, перайшлі ў беспартыйную Генеральную федэрацыю працы (ГФП). 7 красавіка 1931 г. у горадзе быў створаны выканаўчы аддзел ГФП, пасля чаго адразу з'явілася екалькі новых галіновых саюзаў і ўдалося правесці два паспяховыя страйкі: пекараў і цагельшчыкаў [5].

26 верасня 1931 г. была створана рада Саюза прафесійных саюзаў (СПС). Да канца 1934 г. гэтая рада аб'ядноўвала саюзы будаўнікоў, металістаў, транспартнікаў, сельскагаспадарчых рабочых. Увогуле сябрамі гэтага Саюза ў тым годзе былі 546 чалавек, якія плацілі сяброўскія складкі, а 124 беспрацоўныя члены былі ад гэтых выплат вызваленыя. На сходзе ж актывістаў лідскага СПС, які адбыўся 10 сакавіка 1935 г. у кінатэатры «Эра», была агучана інфармацыя, што колькасць працоўных, кантраляваных гэтым прафсаюзным аб'яднаннем, дасягнула 1500 чалавек [6].

Ва ўмовах, якія склаліся ў польскай дзяржаве да 1930-х гг., лідскія прафсаюзы мелі шмат працы. Сусветны эканамічны крызіс значна пагоршыў агульную сітуацыю, што не магло адбіцца і на становішчы рабочых. Шмат якія ўстановы спынілі выпуск прадукцыі, у выніку чаго вырасла беспрацоўе. У 1931 г. у Лiдзе былі зарэгістраваны 122 беспрацоўныя, а ў 1932-1933 гг. іх колькасць яшчэ больш вырасла.

Цяжкія былі і ўмовы працы тых людзей, якім пашчасціла ўладкавацца на заводы і фабрыкі. Так, у беларускай газеце «Наша воля» сітуацыя на найбуйнейшым прадпрыемстве Ліды, фабрыцы «Ардаль», апісвалася наступным чынам:

800 работнікаў, пераважна работніц, маладых дзяўчат. Многа малалетніх, ад 15 гадоў. Працуюць усе «на акорд» [здзельная аплата працы. - Л. Л.]. А гадзіне 12 абед. Ніхто не мае часу памыць рукі, грызуць чарствы хлеб, стоячы пры варштатах працы. Работніцы зарабляюць ад 1 зл[отага] 30 гр[ошаў] на дзень, пры гэтым варта адзначыць, што пакуль дойдзе да такой платы, то кожная мусіць папрацаваць 2 тыдні толькі за 30 гр. на дзень, другія два - па 50 гр., трэція - па 80 гр. Работнікі зарабляюць па 2 зл., а некаторыя па 2 зл. 50 гр. Палавіна работнікаў і работніц ужо хворыя, другая палавіна мае пачаткі хваробы. Усе маюць выгляд твараў як у сухотнікаў. Да гэтага часу былі не арганізаваны. Фабрыкант кожны дзень адных выкідаў на вуліцу, а з вуліцы браў другіх, за цяжкую працу плаціў колькі падабалася[7].

Не дзіўна таму, што ў самым канцы 1935 г. на фабрыцы «Ардаль», дзе за некалькі месяцаў да таго паралельна з Саюзам прафсаюзаў стаў дзейнічаць і Прафесійны саюз хімічных рабочых [8], выбухнуў страйк. Непасрэдныя яго прычыны віленская кансерватыўная газета «Słowo», якая пільна сачыла за сітуацыяй на фабрыцы, вызначала так:

У галіне вырабу гумовага абутку ёсць два сезоны: летні і зімовы. Летні пачынаецца ў студзені і заканчваецца ў чэрвені, і за гэты час вырабляецца тавар, які мае меншы збыт. У зімовы час, ад ліпеня да снежня, вырабляюцца галёшы, боты і іншыя больш складаныя рэчы, якія маюць карыстаюцца лепшым попытам. А таму ў зімовы сезон працуе больш рабочых, чым у летні. Традыцыйна пры канцы снежня пэўная колькасць непатрэбных рабочых звальняецца. Так было заўсёды. Так было і ў 1935 годзе. 28 снежня рабочыя атрымалі абвешчанні і ў адпаведнасці са звычаем завод на працягу двух тыдняў спыніўся для рамонту. Аднак паколькі заставалася шмат лішняй сыравіны для працы, рабочыя ў дадатак працавалі яшчэ два дні, 30 і 31 снежня, але ўжо ў колькасці на 70 чалавек менш, чым у звычайны зімовы перыяд[9].

З-за звальнення згаданых 70-ці рабочых кіраўніцтва прафсаюза хімічных рабочых вывела 30 снежня 1935 г. рабочых і работніц з фабрыкі і спыніла машыны. Усяго забастоўку абвесцілі 720 рабочых, якія запатрабавалі павелічэння акордных выплат на 25%, дзённых заробкаў для мужчын у памеры ад 2 зл. 50 гр. да 3 зл., а для жанчын - 1 зл. 50 гр. [10]

Дырэкцыя фабрыкі спачатку намагалася аднавіць яе працу пры дапамозе штрэйкбрэхераў. 1 студзеня 1936 г. уладальнік прадпрыемства Саламон Мелуп правёў іх вярбоўку, адначасова звярнуўшыся па дапамогу да паліцыі. 5 студзеня пад аховай паліцыянтаў на фабрыку былі дастаўленыя 30 рабочых, пасля чаго запусцілі станкі, якія, аднак, працавалі ўхаластую. Страйкавы камітэт даручыў устанавіць прозвішчы штрэйкбрэхераў і абысці іх кватэры, да некаторых з іх былі ўжытыя пагрозы. У выніку 10 студзеня, пасля пяці дзён халастой працы, С. Мелуп быў вымушаны адмовіцца ад сваёй задумы з пускам фабрыкі.

Пачаліся перамовы дэлегатаў рабочых і прадстаўнікоў прафсаюза з дырэкцыяй, прытым яны адбываліся як на месцы ў Лідзе, так і ў Варшаве пры пасярэдніцтве Міністэрства сацыяльнай апекі [11]. Аднак да згоды бакам прыйсці так і не ўдалося, паколькі прафсаюз, паводле паведамленняў тагачаснай прэсы, яшчэ больш павялічыў вымаганні да адміністрацыі. Сярод іншага фігуравалі, напрыклад, такія патрабаванні, як агульнае павелічэнне заробкаў на 25%, забарона сезоннага летняга звальнення часткі рабочых і да т. п. [12]

Пасля правалу перамоваў адміністрацыя выставіла рабочым ультыматум, абвясціўшы, што хто ў тэрмін да 22 студзеня не выйдзе на працу, той будзе звольнены. Да 20 студзеня кіраўніцтву фабрыкі ўдалося набраць каля 200 новых рабочых, што дазволіла аднавіць працу прадпрыемства. Ранейшыя ж рабочыя ў поўным складзе прынялі рашэнне да працы на ўмовах дырэкцыі не прыступаць, у выніку чаго ўсе 720 рабочыя былі звольненыя [13]. У такіх умовах усё большы ўплыў на настроі рабочых стаў аказваць больш радыкальны Саюз прафесійных саюзаў, актывісты якога праз тры дні пасля аднаўлення працы фабрыкі заблакавалі на яе ўваход, не дазваляючы прыступаць да працы штрэйкбрэхерам. У выніку адміністрацыя зноў была вымушана прыпыніць працу прадпрыемства на неакрэслены тэрмін [14].

5-6 лютага ў Лідзе пры ўдзеле акруговага інспектара працы пачаліся новыя перамовы, на якіх мусілі абмяркоўвацца ўмовы заканчэння страйку. У якасці перамоўных бакоў выступалі дырэкцыя фірмы «Ардаль», а таксама прадстаўнікі абодвух прафесійных саюзаў. Прафсаюзы высунулі наступныя патрабаванні:

1) даць працу ўсім рабочым згодна з колькасцю гадоў, адпрацаваных імі паводле стану на 28 снежня 1935 г.;

2) нікога не звальняць за ўдзел у страйку;

3) прызнаць прафсаюзныя арганізацыі на прадпрыемстве;

4) падвысіць плату за здзельную працу на 25%;

5) гарантаваць штодзённую здзельную заработную плату на 20-25% вышэйшую, чым дзейсная дзённая стаўка [15].

Для дырэкцыі прадпрыемства гэтыя патрабаванні выглядалі, аднак, завышанымі і нерэалістычнымі. Са свайго боку яна заявіла, што

не мае намеру звальняць каго-небудзь за ўдзел у страйку і будзе наймаць рабочых, гледзячы на іх кваліфікацыю і свае патрэбы. Заробкі рабочых на «Ардалі» значна вышэйшыя, чым на іншых прадпрыемствах у горадзе, а падчас агульнага зніжэння цэнаў падвышэнне заробкаў не з'яўляецца актуальным, тым больш што фабрыка мае неспрыяльнае становішча. Яна размешчана на значнай адлегласці ад асноўных цэнтраў пастаўкі сыравіны, што значна павялічвае вытворчыя выдаткі[16].

У выніку перамовы зноў скончыліся нічым. Да канца лютага рабочыя гуртавалі свае сілы, а 25 лютага на агульнагарадскім мітынгу, на які сабраліся каля дзвюх тысяч чалавек, было прынята аднагалоснае рашэнне арганізаваць у горадзе 24-гадзінны ўсеагульны страйк, дзеля чаго быў абраны страйкавы камітэт з 5-ці сяброў «Саюза прафсаюзаў» і 5-ці чалавек ад прафсаюза працаўнікоў хімічнай прамысловасці. На заклік страйкавага камітэта 27 лютага на працу на ўсіх прадпрыемствах горада не выйшлі каля 4 тыс. чалавек. А 15-й гадзіне ў кінатэатры «Эра» адбыўся мітынг, на які сабраліся ад 2 да 6 тысяч чалавек, пасля чаго адбылася дэманстрацыя пад лозунгам: «Хай жыве чырвоная рэвалюцыйная барацьба ардалеўцаў!». У падтрымку рабочых фабрыкі «Ардаль» выступілі рамізнікі, працаўнікі рэстаранаў, банкаў, кінатэатраў. Лісты і грашовыя сродкі адправілі рабочыя варшаўскай фабрыкі «Рыгавар», прафсаюзы шафёраў і іншыя. У выніку ў гэты дзень у горадзе працавалі толькі рабочыя электрастанцыі і часткова млына. Спынілі працу нават прыватныя рамеснікі. У нумары віленскай газеты «Słowo» сітуацыя апісвалася такімі словамі:

Не працавалі рамізнікі, кінатэатры, аркестры, афіцыянты, ніхто наогул не працаваў. Гэта быў вялікі ўсеагульны страйк, выбітная палітычная дэманстрацыя. Горад быў як пад акупацыяй або як у часы нейкага бескаралеўя. Нічога дзіўнага, што ў такой сітуацыі натоўп сабраўся на мітынг у кінатэатры «Эра»[17].

Пры гэтым як у дадзеным артыкуле, так і ў наступным супрацоўнікі газеты «Słowo» імкнуліся патлумачыць падзеі выключна як вынік дэструктыўных дзеянняў актывістаў «Саюза прафсаюзаў», якія называліся «баевікамі», «крымінальнымі элементамі» і «камуністамі», якія «тэрорам змусілі абсалютна ўсіх не працаваць, нават прыватных рамеснікаў» [18], і «думаюць не пра эканамічныя патрабаванні, а пра палітычную дэманстрацыю». У выніку, паводле карэспандэнтаў «Słowo», «горад быў цалкам захоплены баевікамі» [19], у той час як большасць удзельнікаў мітынгу і дэманстрацыі нібыта «прыйшла сюды проста з-за цікаўнасці», а на самай справе «па ўсёй Лідзе пануе абурэнне з нагоды гвалту і тэрору "Саюза прафсаюзаў"» [20]. Супраць лідараў пратэстнага руху вышукваліся розныя факты, што іх асабіста кампраметавалі. Так, лідару «Саюза прафсаюзаў» Раману Бярнацкаму закідалася нібыта меўшае месца наведванне ім у Вільні злачнага месца [21].

Больш узважаную пазіцыю пры асвятленні падзей займалі публіцысты дэмакратычнага «Віленскага кур'ера». У вялікім артыкуле «Прычына і ход страйку ў Лідзе» прызнавалася, што

Прычыны абодвух страйкаў - у «Ардалі» і генеральнага - несумненна эканамічныя. Гэты быў агульны пратэст рабочых супраць метадаў наступу прыватнага капіталу на нашых землях.

Мы неаднаразова пісалі, што ў паўночна-ўсходніх ваяводствах самая танная працоўная сіла ў Польшчы. […]

На фабрыцы «Ардаль» жанчыны атрымлівалі ў дзень ад 1 да 1,5 злотых, трыццаць работніц атрымлівалі 2 злотыя ў дзень. Мужчыны зараблялі ад 2 да 3 злотых, толькі некалькі рабочых зараблялі больш.

На фабрыцы не было 8-гадзіннага працоўнага дня, працавалі па 10-12 гадзін у дзень. […]

Адначасова рабочых раздражнялі высокія заробкі кіраўнікоў, адміністрацыі і супрацоўнікаў заводакіравання. Заробкі там пачыналіся ад 1 тысячы злотых у месяц[22].

Пры гэтым адмыслова адзначалася, што «страйк праходзіў спакойна», а «паліцыя паводзіла сабе вельмі тактоўна. Нешматлікія паліцэйскія патрулі хадзілі па горадзе без карабінаў» [23].

Страйк на «Ардалі» працягваўся да канца сакавіка, калі яго нарэшце ўдалося пры дапамозе афіцыйных асобаў спыніць. Бакі пагадзіліся вырашыць спрэчку шляхам дзяржаўнага арбітражу. Міністэрства сацыяльнай апекі прызначыла арбітра, які вызначыў узровень павелічэння аплаты для найніжэйшай катэгорыі работнікаў і мінімальную аплату для паасобных катэгорый. Было таксама пастаноўлена, што на працу будуць прымацца толькі тыя рабочыя, што працавалі на фабрыцы да пачатку забастоўкі [24]. Спачатку на фабрыцы пачалі працаваць 200 рабочых [25], а з 30 сакавіка - 350 [26]. Было таксама прынята рашэнне, што «да новага сезона з-за 13-тыднёвага страйку фабрыка не будзе больш прымаць рабочых на працу. Не будзе таксама пачата пабудова двух раней планаваных новых цэхаў» [27].

Аднак урэгуляванне сітуацыі на «Ардалі» не азначала спыненне ўсёй «лідскай рэвалюцыі». Справа ў тым, што ў пачатку сакавіка 1936 г. складаная сітуацыя склалася таксама на шкляной гуце «Нёман» у аднайменным пасёлку пад Лідай (сучасны горад Бярозаўка Лідскага раёна). На гэтай гуце, якая прадавала свае вырабы не толькі ў Польшчы, але таксама экспартавала іх у Францыю і Англію, працавалі 700 чалавек з 2000 жыхароў пасёлка [28]. Умовы працы і тут пакідалі жадаць лепшага. Як пісала газета «Front Robotniczy»:

У гуце Столе [уладальнікі фабрыкі. - Л. Л.] цяжка зарабіць на хлеб. Кабеты зарабляюць па 90 гр[ошаў] у дзень, мужчыны крыху больш. У іншых гутах выкідваюць работнікаў з прычыны нястачы працы, у гуце пана Столе рабочыя працуюць па 12 і 14 гадзін на суткі. У нядзелю таксама. З распаленай печы да 1400 градусаў выбухае жар. Замест паветра лёгкія ўцягваюць са свістам густую душную галярэту. У галаву б'е кроў. А пры выплатах дастаецца толькі за восем гадзін у дзень. Тут фабрыка пільна перасцерагае васьмігадзінны дзень працы. Ані аднэй гадзіны налічбовай не аплачвае[29].

Канфліктная сітуацыя і тут наспявала паступова. Яшчэ ў студзені 1936 г. прафсаюзам былі паднятыя пытанні адносна адпачынкаў рабочых, легалізацыі працоўных арганізацый і да т. п., а таксама ініцыяваныя перамовы адносна гэтага з адміністрацыяй. 16 студзеня адбылося абмеркаванне сітуацыі ў павятовага інспектара працы. Да пары да часу ўдавалася пазбягаць масавых пратэстаў, але напружанне нарастала, і звальненне ў канцы студзеня аднаго з рабочых прывяло да выбуху незадавальнення. Дзевяць рабочых тады ў знак салідарнасці са звольненым адмовіліся выходзіць на працу.

Да сітуацыі падключыўся лідскі павятовы стараста, які ініцыяваў правядзенне 6 лютага адмысловых перамоваў. Пасля іх правядзення звольнены рабочы быў адноўлены на працы, а інспектар працы выпрацаваў умовы паразумення, якімі, сярод іншага, прадугледжвалася вяртанне да працоўных ставак 1933 г. (пазней «парэзаных») і прыняцце ўмовы, каб уласнікі гуты не маглі без згоды прафсаюза звальняць і прымаць на працу рабочых [30].

Аднак гэтыя захады адно толькі дазволілі адкласці праяўленне больш маштабнага незадавальнення яшчэ на месяц. У пачатку сакавіка на прадпрыемстве ўсё ж такі выбухнула забастоўка. Беларуская газета «Наша воля» паведамляла пра яе наступным чынам:

Бастуе 670 асобаў. Прычына забастоўкі - нарушэнне ўставадаўства працы ўласнікам гуты, напрыклад, заместа 8 гадз. працы работнікі працавалі па 16-18 гадзін на суткі, атрымоўваючы нармальную зарплату 2 зл. Кабеты маюць ад 80-90 гр., мужчына ад 1 зл. 10 гр. да паўтара злотага. Майстры, перадусім тыя, што прадаюцца прадпрыемцы, атрымоўваюць да 12 зл. у дзень.

Бастуючыя дамагаюцца: прыняць звольненых рабочых, 8-мі гадзіннага дня працы і падвышэння платы для нізшай катэгорыі работнікаў і ўвядзення прадбачаных уставадаўствам платных урлёпаў [31].

Газета «Słowo» і тут імкнулася звесці ўсе прычыны страйку да падрыўной працы антыдзяржаўных і антынародных прафсаюзаў: маўляў, «калі нам удаецца нешта паставіць на ногі, прыходзяць засланцы з Варшавы і Лодзі, прыходзяць паны з "Саюза прафсаюзаў" і ўсё нішчаць» [32]. Паводле газеты,

страйк на «Нёмане» - гэта працяг злачыннай акцыі «Саюза прафсаюзаў». Акцыя праводзілася пры дапамозе дэмагогіі, тэрору, камуністычных лозунгаў і, відавочна, грошай. Злачыннай я дазваляю сабе называць яе не па метадах, а па выніках: павелічэнне беспрацоўя і беднасці ў краі. Прамыслоўцам, калі руйнуюць іх справу, застаецца з апошнімі грошамі-гатоўкай выехаць з краю, але работнікі застануцца без даху над галавой, а наўзамен атрымаюць толькі прафсаюзныя білеты[33].

І тут газета настойліва сцвярджала, што акцыя з'яўляецца менавіта палітычнай, што кіраўнікам прафсаюза непатрэбна паляпшэння ўмоў працы рабочых, іх цікавіць толькі павелічэнне свайго уплыву і асабістая «партыйная кар'ера».

Як бы там ні было, але шкляная гута ў «Нёмане» працягвала страйкаваць і пасля заканчэння страйку на фабрыцы «Ардаль», больш таго - пратэсты на ёй нават пашырыліся [34]. Уладальнікі не пагаджаліся падвысіць заробкі да ўзроўню 1933 г. і прызнаць «Саюз прафсаюзаў» у якасці паўнавартаснага партнёра. За тры месяцы страйку рабочыя разбіліся на два лагеры. Частка іх не салідарызавалася са страйкам і працягвала працаваць на гуце. Колькасць людзей, што працавалі, як сведчыла адміністрацыя, складала каля 260 чалавек, паводле інфармацыі забастоўшчыкаў - каля 200 чалавек. Мясцовыя людзі казалі, што сярод іх было не болей за 60 кадравых рабочых, па інфармацыі фабрыкі такіх было 70.

Штрэйкбрэхеры працавалі на фабрыцы ў адмысловых варунках. Яны сталі добраахвотнымі вязнямі яе муроў, бо баяліся выйсці на вуліцу, дзе дарэмна чакалі пагаднення з адміністрацыяй каля 400 рабочых-забастоўшчыкаў. Для штрэйкбрэхераў уладальнік гуты арганізаваў прывоз харчоў і забяспечыў жытлом унутры фабрыкі. У выніку праца прадпрыемства цалкам не спынялася, і таму ўладальнікі гуты маглі сабе дазволіць не заўважаць спарадычныя акцыі забастоўшчыкаў.

За час страйку справа неаднаразова даходзіла да вострых сутычак паміж рабочымі, што баставалі, і іх калегамі, якія хадзілі на працу. Некалькі разоў на гуту ўводзілася паліцыя, а два разы ў Лідзе выбухаў агульны страйк пратэсту. У Лідзе і на гуце было затрымана некалькі асоб, якія падазраваліся ў кантактах з міжнародным камунізмам.

Абодва бакі - уладальнікі гуты Столе і забастоўшчыкі - падалі справу на дзяржаўны арбітраж, пасля чаго на пачатку чэрвеня адбылася канферэнцыя з удзелам наваградскага ваяводы. Аднак рашэнні, прынятыя падчас яе, не былі выкананыя. Рабочыя патрабавалі, каб Столе не шукалі сабе працаўнікоў па-за межамі «Нёмана». Каб зрабіць немагчымым прыезд новых работнікаў, 11 і 12 чэрвеня пікеты рабочых блакавалі адзіную браму фабрыкі, а 13 чэрвеня, у суботу, на загад каменданта паліцыі з Наваградка, натоўп быў жорстка разагнаны. Шмат рабочых, у тым ліку і жанчыны, былі моцна збітыя, прытым выпадкова пацярпелі нават два цалкам невінаватыя чыноўнікі фабрыкі, якіх ніяк нельга было абвінаваціць у сімпатыі да рабочых. 6 чалавек былі арыштаваныя, у тым ліку і сябра рады лідскага «Саюза прафсаюзаў» Гульбіновіч, які кіраваў забастоўкай [35]. Пры гэтым прадзяржаўная прэса разам з дзяржаўнымі чыноўнікамі даволі няўклюдна спрабавалі аспрэчыць інфармацыю пра збіццё рабочых [36], але іх заявы былі абвергнутыя публікацыямі афіцыйных медыцынскіх даведак [37].

Інфармацыя пра гвалтоўныя падзеі, што адбыліся на гуце «Нёман», выклікала новы агульны страйк у Лідзе. Яго кульмінацыяй стаў панядзелак 15 чэрвеня. У 25-тысячным горадзе спынілася ўся прамысловасць. Страйкавалі машынабудаўнічыя фабрыкі «Бэнланд» і «Поланд», фабрыка цвікоў «Дротіндустрыя», хімічная фабрыка «Карона», фабрыка гумовых вырабаў «Унігум», бровары Памірмайстра і Пупко, млыны «Аўтамат», Віленскага, Шалаховіча і Пупко, тартакі Гурвіча, Мельніка, Палячака і Рафаловіча, алярні «Шэмен» і «Аліт», кафлярні «Тануф», «Рааф» і Пупко, фабрыка сукна і лямца братоў Жыжэмскіх, лямцавая фабрыка Рабіновіча. Не працавалі нават кінатэатры, цырульні і рамізнікі. Крамы былі адчыненыя толькі часткова. Перасталі працаваць нават беспрацоўныя, што выконвалі грамадскія работы па будаўніцтве дарог у прыгарадзе Ліды. Не баставалі ў выніку фактычна толькі супрацоўнікі дзяржаўных устаноў. Грамадскі парадак у горадзе, аднак, не парушаўся.

16 чэрвеня сітуацыя часткова ўлагодзілася. Аднавіліся грамадскія работы, выехалі на працу рамізнікі, адчыніліся кінатэатры. Агульная колькасць страйкоўцаў у горадзе зменшылася з 1050 да 950 чалавек. 17 чэрвеня была адноўлена праца ўсіх прадпрыемстваў, а горад стаў выглядаць так, як і звычайна.

Страйк у гуце «Нёман» тым часам працягваўся. Рабочыя гуты мелі тры асноўныя патрабаванні:

1) прызнанне ўладальнікамі гуты паўнамоцтваў рабочых арганізацый;

2) змена сістэмы аплаты працы. Калі дагэтуль разлічванне заробкаў рабіў майстар, то рабочыя жадалі, каб гэта ўзяла на сябе непасрэдна дырэкцыя;

3) падвышэнне заробкаў на 15-20% [38].

Аднак уладальнікі гуты меркавалі, што яны і так даюць людзям максімум з таго, што могуць, не жадаючы таксама аднаўляць на працы тых рабочых, якія прынялі ўдзел у страйку, а таксама прызнаць арганізацыю рабочых [39]. Фабрыканты лічылі, што прыняцце пастаўленых ім умоваў можа паралізаваць нармальнае функцыянаванне прадпрыемства [40].

18 чэрвеня дзеля таго, каб вывучыць сітуацыю на месцы, на гуту прыехаў адмыслова дэлегаваны прадстаўнік урада [41]. Але толькі 9 ліпеня газета «Słowo» змагла паведаміць, што

страйк нарэшце скончыўся, прычым праца адноўлена на прадстрайкавых варунках. У апошнія дні былога і ў пачатку гэтага месяца тут знаходзіліся інспектары працы з Вільні і Ліды. Падчас канферэнцыі рабочых усё было вырашана. [...] 1 ліпеня было праведзена тайнае галасаванне. 3 6 ліпеня працуюць 420 рабочых[42].

Варта адзначыць, што дастаткова мірнаму вырашэнню ў рэшце рэшт узніклых працоўных канфліктаў відавочна паспрыяла ўзважаная пазіцыя, занятая лідскім старастам Юзафам Чушкевічам, які ад пачатку ўстрымаўся ад адназначнага станаўлення на бок уладальнікаў прадпрыемстваў і ад спробаў задушыць масавыя выступленні рабочых сілай. Паводле паведамленняў рэзка негатыўна настроенай у дачыненні да мясцовага кіраўніка газеты «Słowo» [43], Чушкевіч яшчэ ў канцы 1935 г. прыкладаў усе намаганні да таго, каб кіраўніцтва гуты «Нёман» паспрабавала дасягнуць кампрамісу з лідарамі мясцовага прафсаюза [44]. Пасля таго, як канфлікты ўжо разгарэліся, стараста неаднаразова выступаў у якасці ініцыятара перамоваў паміж працадаўцамі і прафсаюзамі, ухіляўся ад ініцыявання сілавога вырашэння на прадпрыемствах у той час, калі яго настойліва да гэтага штурхалі кансерватыўныя сілы [45], загадаў паліцыі захоўваць стрыманасць падчас усеагульнага гарадскога страйку [46], адмовіўся зацвердзіць альтэрнатыўны прафсаюз, спроба стварэння якога была зроблена штрэйкбрэхерамі, нанятымі кіраўніцтвам фабрыкі «Ардаль» падчас забастоўкі [47] і г. д.

У той жа час, паспрыяўшы таму, каб лідскія прадпрымальнікі пайшлі насустрач рабочым у іх патрабаваннях, дзяржаўныя ўлады прыклалі намаганні, каб строга пакараць тых арганізатараў пратэстаў, адносна якіх меліся падазрэнні ў сувязях з камуністычным рухам. Яшчэ ў другой палове красавіка, не паведамляючы прозвішчаў асуджаных, газета «Słowo» пісала, што

ў сувязі з нядаўнім агульным страйкам у Лідзе пракуратура распачала шэраг спраў супраць агітатараў, якія праводзілі тэрарыстычныя акцыі супраць працоўных, якія не жадалі слухаць патрабаванняў СПС. На днях адбыўся адзін з першых працэсаў з гэтай серыі. З некалькіх абвінавачаных трое былі асуджаныя да пазбаўлення волі на 2 гады кожны[48].

У траўні 1936 г. у Лідзе адбыўся суд над галоўнымі арганізатарамі страйкаў на фабрыцы «Ардаль» і на гуце «Нёман». На лаве падсудных апынуліся прафсаюзныя лідары Раман Бярнацкі і Малеўскі. Супраць іх сведчылі ўладальнікі абодвух прадпрыемстваў, а таксама іншыя сведкі [49]. У выніку 12 траўня Лідскі акруговы суд прысудзіў Бярнацкага за «антыўрадавую дзейнасць і тэрор» на 3 гады турмы, а Малеўскага - на 2 [50]. Асуджаныя падалі справу на апеляцыю, але, як аказалася, толькі сабе на шкоду, бо ў кастрычніку 1936 г., разгледзеўшы справу паўторна, апеляцыйны суд у Вільні замест палёгкі дадаў Раману Бярнацкаму яшчэ 5 гадоў зняволення ў турме для рэцыдывістаў, прысуд жа Малеўскаму пакінуў без зменаў [51].

Кропка ў судовым пераследзе лідараў рабочага руху была пастаўлена пасля завяршэння ўсіх падзей. Яшчэ на пачатку лета 1936 г. было арыштавана 7 чалавек, а потым яшчэ 5 [52]. 21 студзеня 1937 г. у лідскім акруговым судзе пачаўся вялікі працэс супраць 12 чалавек. На лаве падсудных знаходзіліся асобы, «выкрытыя ў камуністычнай дзейнасці і прыналежнасці да КПЗБ», большасць з якіх мелі ўзрост ад 20 да 25 гадоў і раней ужо караліся за камуністычную дзейнасць. Значная частка абвінавачання грунтавалася на факце стварэння падсуднымі «Саюза прафсаюзаў» на фабрыцы «Ардаль» і арганізацыі страйку на гэтай жа фабрыцы. Суд працягваўся 4 дні, і ў выніку яго 8 абвінавачаных былі асуджаныя да турэмнага зняволення на тэрміны ад 2 да 8 гадоў, а чацвёра - апраўданыя [53].

Відавочна, аднак, што ўсё ж такі ніякія камуністычныя агітатары не былі б у стане ўзняць народ аж да такога рэвалюцыйнага ўздыму, калі «дастаткова было запаліць запалку, каб усе выбухнула». Такі стан рэчаў мог скласціся толькі з-за грунтоўнай незадаволенасці людзей сваім эканамічным і сацыяльным становішчам, што было выяўлена і судом. Відаць, менавіта ўсведамленнем гэтага факта і тлумачылася вельмі стрыманая рэакцыя лідскага старасты на падзеі ў ягоным павеце.

Наступныя пасля масавых рабочых выступленняў гады адзначыліся выразным паляпшэннем эканамічнай сітуацыі як у польскай дзяржаве ў цэлым, так і ў Лідзе ў прыватнасці. Сярод іншых дынамічна развівалася і фабрыка «Ардаль», на якой вясной 1938 г. працавалі ўжо 800 чалавек. Пасля 1936 г. яе ўладальнік дадаткова падпарадкаваў сабе збанкрутаваныя фабрыкі «Рe Рe Ge» (Polski Przemysł Gumowy, Польская гумовая прамысловасць) у Грудзёндзы. Пасля набыцця гэтых фабрык уладальнік «Ардаля» мог прэтэндаваць на лідарства сярод польскіх вытворцаў гумовага абутку, бо яму ў 1937/1938 гг. стала належаць каля 25 % усёй польскай вытворчасці гумовага абутку. Частка абутку, вырабленага «Ардалем», экспартавалася [54].

Але страйк 1936 г. не быў дарэмным, бо прымусіў уладальнікаў прадпрыемства сярод іншага сур'ёзна задумацца пра паляпшэнне ўмоў працы і павелічэнне заробкаў рабочых. Так, у адным з артыкулаў, надрукаваных у лістападзе 1938 г. у газеце «Codzienna Gazeta Handlowa», можна прачытаць, што на фабрыцы «Ардаль»

пастаянна паляпшаецца ахова здароўя і ўмовы бяспекі. Маецца спецыяльныя станцыя для дапамогі маці і дзецям, дзіцячы сад, дзе працуюць спецыялісты, хуткі медыцынскі кантроль за анчынамі - гэта сведчыць пра сацыяльны, адукацыйны і гігіенічны догляд фабрыкі за сваімі працаўнікамі[55].

Такім чынам, у 1920-1930-я гг. эканамічны патэнцыял Ліды рос вельмі хуткімі тэмпамі, у горадзе ўзнікла шмат новых прадпрыемстваў, якія давалі працу сотням рабочых. У той жа час нізкія заробкі і дрэнныя ўмовы працы выклікалі жаданне лідскіх рабочых змагацца за свае правы, што знайшло ўвасабленне ў маштабных страйках на розных прадпрыемствах, пік якіх прыпаў на 1936 год. Канфлікты ў рэшце рэшт удалося залагодзіць, але ўзгодненыя і салідарныя рабочыя выступленні далі свой плён. Уладальнікі прадпрыемстваў мусілі звярнуць увагу на паляпшэнне ўмоваў жыцця сваіх рабочых, што, у рэшце рэшт, кампенсавалася ім павелічэннем прадукцыйнасці іх працы.

Варта адзначыць, што дастаткова разумнымі і ўзважанымі былі падчас гэтых страйкаў паводзіны польскіх уладаў. Як выглядае са шматлікіх сведчанняў, лідскі стараста не стаў адназначна на бок уласнікаў фабрык, а, наадварот, падтрымліваў слушныя патрабаванні рабочых. Адначасова з ціскам на кіраўніцтва прадпрыемстваў улады імкнуліся жорстка адсякаць ад пратэстаў камуністаў, бязлітасна пераследуючы іх праз суд.

Падзеі 1936 г. заставаліся ў памяці жыхароў Ліды праз гады і дзесяцігоддзі. Калі на схіле савецкай улады, змучаная пастаянным пагаршэннем узроўню жыцця, застрайкавала ўся Беларусь, не выключаючы і лідскіх прадпрыемстваў, то старыя лідзяне былі схільныя праводзіць з тымі часамі непасрэдныя паралелі, чаму сведкам быў сам аўтар гэтых радкоў.



[1] Гл.: Герасімовіч М. Ф. Шклозавод «Нёман». Кароткі агляд станаўлення і развіцця // Лідскі летапісец. 2007. № 2. С. 53-72; № 3-4. С. 51-56; 2008. № 1. С. 35-58; № 2. С. 48-70; № 3-4. С. 84-97.

[2] Ciehanowicz L. Przemysł lidzki w dwudziestoleciu międzywojennym // Zemia Lidzka. 2000. № 1.

[3] Тамсама.

[4] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 239.

[5] Front robotniczy w Lidzie: jednodniówka. Lida, 1935. S. 11-12.

[6] Тамcама. S. 13-17.

[7] Ардалявец. Ліда, 15 студзеня. Фабрыка «Ардаль» // Наша воля. 1936. 4 лютага. № 3. С. 4.

[8] Тамсама.

[9] Słowo. 1936. 1 marca. № 60

[10] Забастоўка у Лідзе // Наша воля. 1936. 29 лютага. № 4. С. 5.

[11] Słowo. 1936. 1 marca. № 60; Наша воля. 1936. 29 лютага. № 4.

[12] Słowo. 1936. 1 marca. № 60.

[13] Забастоўка у Лідзе... С. 5.

[14] Słowo. 1936. 1 marca. № 60.

[15] Codzienna Gazeta Handlowa. 1936. 11 lutego. № 34.

[16] Codzienna Gazeta Handlowa. 1936. 11 lutego. № 34.

[17] Słowo. 1936. 1 marca. № 60.

[18] Słowo. 1936. 1 marca. № 60.

[19] Тамсама.

[20] Słowo. 1936. 28 lutego. № 58.

[21] Słowo. 1936. 1 marca. № 60

[22] Kurjer Wileński. 1936. 3 marca. № 61.

[23] Тамсама.

[24] З Польшчы. Заканчэньне забастоўкі ў Лідзе // Наша воля. 1936. 12 красавіка. № 6. С. 6.

[25] Słowo. 1936. 26 marca. № 85.

[26] Słowo. 1936. 1 kwietnia. № 91.

[27] Тамсама.

[28] Słowo. 1936. 15 marca. № 74.

[29] Цыт. паводле: «Нёманская» справа // Наша воля. 1936. 20 сакавіка. № 5. С. 3.

[30] Наша воля. 1936. 20 сакавіка. № 5. С. 3.

[31] Тамсама.

[32] Słowo. 1936. 15 marca. № 74.

[33] Słowo. 1936. 15 marca. № 74.

[34] Słowo. 1936. 26 marca. № 85; Słowo. 1936. 1 kwietnia. № 91.

[35] Kurjer Wileński. 1936. 17 czerwca. № 165.

[36] Słowo. 1936. 18 czerwca. № 166; Kurjer Wileński. 1936. 14 lipca. № 191.

[37] Kurjer Wileński. 1936. 16 lipca. № 193.

[38] Kurjer Wileński. 1936. 17 czerwca. № 165.

[39] Тамсама.

[40] Słowo. 1936. 18 czerwca. № 166.

[41] Тамсама.

[42] Słowo. 1936. 9 lipca. № 186.

[43] Адзін з нумароў газеты, ад 28 лютага 1936 г., нават выйшаў з белымі плямамі, паколькі з яго цэнзарамі былі знятыя артыкулы, у якіх Ю. Чушкевіч наўпрост абвінавачваўся ў непасрэднай падтрымцы рабочых, якія абвесцілі страйк.

[44] Słowo. 1936. 15 marca. № 74.

[45] Słowo. 1936. 15 marca. № 74.

[46] Słowo. 1936. 1 marca. № 60.

[47] Kurjer Wileński. 1936. 3 marca. № 61

[48] Słowo. 1936. 21 kwietnia. № 109.

[49] Słowo. 1936. 28 kwietnia. № 116; 8 maja. № 126

[50] Słowo. 1936. 15 maja. № 133.

[51] Kurjer Wileński. 1936. 15 listopada. № 314.

[52] Kurjer Wileński. 1937. 27 stycznia. № 26.

[53] Kurjer Wileński. 1937. 26 stycznia. № 25.

[54] Ciehanowicz L. Przemysl gumowy «Ardal» S. A. // Zemia Lidzka. 1999. № 1.

[55] Ciehanowicz L. Przemysl gumowy...

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX