Папярэдняя старонка: Археалогія

Кераміка эпохі неаліту і бронзавага веку з паселішча Дакудава 5 (раскопкі 1998, 1999 і 2004 гадоў) 


Аўтар: Лакіза Вадзім, Сідаровіч Віталь,
Дадана: 23-03-2016,
Крыніца: Лакіза Вадзім, Сідаровіч Віталь. Кераміка эпохі неаліту і бронзавага веку з паселішча Дакудава 5 (раскопкі 1998, 1999 і 2004 гадоў) // Acta archaeologica Albaruthenica. Vol. I / уклад. М.А. Плавінскі, В.М. Сідаровіч. Мінск, 2007. С. 17-35.



The article presents review of the Neolithic and Bronze Age pottery revealed in the course of excavations on the settlement Dakudava 5 on the right bank of the Neman river in Lida district, Grodna region. The site within the area of 172 sq m was investigated earlier in 1998, 1999 and 2004. There were found 2532 fragments of pottery (including 2412 hand-made examples and 120 wheeled) and 2 intact hand-made pots. The examples of hand-made pottery are presented by 276 frаgments of Prypiats-Neman Culture of the Early Neolithic (fig. 2), 639 fragments of Neman Neolithic Culture (fig. 3; 4:1-4; 5:1), 25 fragments of the Globular Amphora culture (fig. 6:1-6), 301 fragments of the Corded Ware Cultures Circle (pottery of the Bershty-Rusakova and the Padgornae type) (fig. 7-9), 64 fragments of Trzciniec Cultures Circle (pottery of the gr. 2 type 1 and the gr. 2 type 2 (fig. 10)), 26 fragments of the Late Bronze Age.

Помнік эпохі неаліту і бронзавага веку Дакудава 5 размешчаны праз 2,5-3 км на паўднёвы ўсход ад маста праз раку Нарву ў вёсцы Дакудава Лідскага раёна Гродзенскай вобласці пасярод шырокай правабярэжнай поймы ракі Нёман і займае дзюну памерамі каля 60×100 м, вышынёй да 2,6 м (мал. 1). Ён быў выяўлены ўвесну 1998 г., у час сумеснай экспедыцыі па абследаванню правабярэжжа ракі Нёман супрацоўнікамі аддзела археалогіі каменнага і бронзавага вякоў Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.Л. Лакізам і М.М. Чарняўскім (Лакіза, 1998; Лакіза, Сідаровіч, 1998, с. 581-582). У тым жа годзе, у пачатку чэрвеня, В.Л. Лакіза правёў шурфоўку помніка на плошчы 6 м 2 (Лакіза, 1998). Пераважная большасць знойдзенага ў двух шурфах матэрыялу адносілася да эпохі ранняга неаліту. У сувязі з гэтым далейшыя даследаванні на паселішчы летам 1998 г. працягнуў В.М. Сідаровіч, які раскапаў 21 м 2 культурнага пласта. Атрыманы ім матэрыял адносіўся ў асноўным да позняга неаліту і бронзавага веку (Сідаровіч, 1998). Таму, улічваючы значную каштоўнасць некаторых атрыманых на помніку керамічных матэрыялаў для вывучэння бронзавага веку правабярэжных раёнаў ракі Нёман, у 1999 г. раскопкі на паселішчы Дакудава 5 на плошчы 48 м 2 правёў ужо В.Л. Лакіза (Лакіза, 1999). Ім жа ў 2004 г. было даследавана яшчэ 97 м 2 (Лакіза, 2004а; 2005, с. 223-224). Агульная даследаваная плошча, такім чынам, склала 172 м 2 (мал. 1). Выяўленыя ў час раскопак матэрыялы захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, музеі Бердаўскай СШ Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Для кароткай характарыстыкі помніка адзначым, што магутнасць культурнага пласта вагалася ад 0,4 да 0,6 м. Важна, што на плошчы раскопа былі выяўлены і даследаваны каля 20 разнастайных аб'ектаў, сярод якіх і рэшткі двух пахаванняў з суправаджальным інвентаром (Лакіза, 2005, с. 223-224).

У час раскопак на паселішчы Дакудава 5 было выяўлена 2532 фрагменты керамікі і 2 цэлыя ляпныя гаршкі. Сярод іх 2412 фрагментаў ляпной і 120 фрагментаў ганчарнай керамікі. Па плошчы раскопа кераміка размяркоўвалася амаль раўнамерна, з пэўнай канцэнтрацыяй каля аб'ектаў. Стратыграфічна керамічныя знаходкі не падзяляліся.

Значную колькасць артэфактаў складаюць вельмі дробныя, патрушчаныя, моцна пашкоджаныя фрагменты ляпной керамікі з мінеральнымі дамешкамі ў цесце без слядоў арнаментацыі (1044 фрагменты). Іх практычна немагчыма аднесці да той ці іншай культуры ці групы. Большасць ганчарнай керамікі - дробныя неарнаментаваныя сценкі. Некалькіх ганчарных венчыкаў датуюцца XVI стагоддзем [1] (Лакіза, 2004а, мал. 32:3). Астатняя вызначальная ляпная кераміка належыць да вельмі шырокага храналагічнага адрэзку часу - ад ранняга неаліту да жалезнага веку (эпохай жалеза датуюцца 27 фрагментаў, якія належаць да культуры штрыхаванай керамікі) [2] (Лакіза, 2004а, с. 14).

Табл. 1. Кераміка паселішча Дакудава 5

Культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя Колькасць
Прыпяцка-нёманская ранненеалітычная культура 276
Нёманская неалітычная культура 639
Культура шарападобных амфар 25
Кола культур шнуравой керамікі 301
Тшцінецкае культурнае кола 64
Кераміка позняга перыяду бронзавага веку 26
Жалезны век 27
Ляпная невызначальная кераміка 1044
Ганчарная кераміка 120
усяго: фрагментаў цэлых пасудзін 2532 2

Мэта дадзенага артыкула - аналіз ляпной керамікі толькі эпохі неаліту і бронзавага веку. Адзначым, што менавіта кераміка, якая з'яўляецца адным з найбольш масавых археалагічных матэрыялаў, адносіцца да важнейшых археалагічных крыніц, лічыцца надзейным паказчыкам пры вылучэнні археалагічных культур, вызначэнні іх арэалаў, вывучэнні лакальных асаблівасцей, рашэнні праблем храналогіі і перыядызацыі. Пры сістэматызацыі і аналізе керамікі з паселішча Дакудава 5 мы выкарысталі тры важнейшыя паказчыкі: 1) тэхналогію (дзе ўлічаны характар дамешкі да глінянага цеста, спосабы апрацоўкі паверхні посуду); 2) марфалогію (формы і памеры посуду, тыпы венчыкаў, дноў); 3) спосабы арнаментацыі (элементы, матывы, кампазіцыі).

Кераміка прыпяцка-нёманскай ранненеалітычнай культуры

Вылучыў нёманскую неалітычную культуру і падрабязна яе апісаў у шэрагу артыкулаў і манаграфіі Міхал Чарняўскі (Чарняўскі, 1979; 2004). Выразныя рысы матэрыяльнай культуры, у першую чаргу керамікі, вялікая колькасць паселішчаў з магутнымі культурнымі напластаваннямі і значнай колькасцю артэфактаў дазволілі даследчыку не толькі вызначыць арэал культуры, але і падрабязна ахарактарызаваць яе тры этапы, зрабіць высновы адносна храналогіі і перыядызацыі. У апошнія гады М.М. Чарняўскі, пасля збору і аналізу новых дадзеных, прапанаваў унесці змены ў схему культурнага развіцця неалітычных старажытнасцей Заходняй Беларусі (Чарняўскі, 2003, с. 25-33). Аналізуючы класічную для ляснога неаліту кераміку з паселішча Дакудава 5, мы, услед за М.М. Чарняўскім, аднеслі яе да прыпяцка-нёманскай ранненеалітычнай культуры (раней дубічайскі тып) і нёманскай неалітычнай культуры (лысагорскі і дабраборскі тыпы).

Керамікі прыпяцка-нёманскай культуры знойдзена 276 фрагментаў. Практычна ўсе фрагменты з арганічнымі дамешкамі ў цесце, некаторыя фрагменты акрамя арганікі ўтрымліваюць невялікую колькасць жарствы. Важнай тэхналагічнай асаблівасцю такой керамікі з'яўляецца і выкарыстанне грабеньчатых расчосаў, якія сустракаюцца на ўнутраных паверхнях значнай колькасці фрагментаў. Каля 90 абломкаў керамікі, у тым ліку венчыкаў, маюць арнаментацыю. Для аздаблення найчасцей выкарыстоўваліся разнастайныя адбіткі грабеньчатага штампу, якія маглі спалучацца са скразнымі адтулінамі (пад краем венчыка) (мал. 2:1, 3, 6, 7), пракрэсленыя лініі, якія ўтваралі сеткавую кампазіцыю (мал. 2:2). Посуд мог арнаментавацца не толькі ў верхняй палове, але і па ўсёй паверхні, аб чым сведчаць фрагменты вострых дноў з грабеньчатым (мал. 2:6, 7) і накольчатым (мал. 2:8) арнаментам.

Вастрадонны посуд з расліннымі дамешкамі ў цесце, з арнаментам у выглядзе грабеньчатых адбіткаў, адступаючых наколаў, пракрэсленых ліній і глыбокіх ямак пад краем венца быў характэрны для днепра-данецкай этнакультурнай супольнасці (Телегин, Титова, 1998, с. 11-14), у якую, па меркаванні М.М. Чарняўскага, уваходзіць і прыпяцка-нёманская культура (Чарняўскі, 2003, с. 29). Нёманскі варыянт гэтай культуры мае свае асаблівасці, а менавіта дамінаванне ў арнаменце адбіткаў грабеньчатага штампа (Чарняўскі, 2003, с. 29), што ўласціва і для ранненеалітычнай керамікі з паселішча Дакудава 5.

Кераміка нёманскай неалітычнай культуры

Па меркаванні М.М. Чарняўскага, у неаліце Заходняй Беларусі на лысагорскім этапе пачалі адбывацца значныя змены. У выніку пэўныя навацыі пры захаванні некаторых ранненеалітычных традыцый і прывялі да фарміравання дабраборскага этапу. Менавіта гэтыя два этапы (лысагорскі і дабраборскі) і склалі ўласна нёманскую культуру (Чарняўскі, 2003, с. 29).

На паселішчы Дакудава 5 знойдзена 639 фрагментаў керамікі нёманскай культуры. Гэта посуд жоўта-шэрага, цёмна-шэрага колеру з гладкімі ці злёгку заштрыхаванымі паверхнямі. Дамешкі ў цесце - жарства сярэдніх і буйных памераў, на некалькіх фрагментах лысагорскага тыпу мінеральныя дамешкі спалучаюцца з арганічнымі. Венчыкі кароткія, злёгку патоўшчаныя, закругленыя, загнутыя ўнутр (мал. 3:1-3; 4: 1, 4). Посуд пераважна буйных памераў, з дыяметрам па венчыку да 30-36 см. Дны вострыя. Амаль на 100 фрагментах керамікі маецца арнамент. Для аздаблення выкарыстоўваліся разнастайныя элементы: наколы, у тым ліку адступаючыя, ямкі, насечкі, розныя адбіткі лінейнага і сегментападобнага штампа. Напрыклад, на лысагорскім этапе посуд мог упрыгожвацца нерэгулярнымі адбіткамі злёгку выгнутай лапаткі (мал. 3:5-7), пасамі глыбокіх наколаў лапаткай пад краем венчыка і папярочнымі насечкамі на зрэзе (мал. 3:1), пасамі глыбокіх акруглых наколаў і лінейнымі адбіткамі на зрэзе венчыка (мал. 3:2). На дабраборскім этапе посуд упрыгожваўся адступаючымі адбіткамі лапаткі, пракрэсленым сеткавым арнаментам, пракрэсленымі лініямі ў спалучэнні з лінейным арнаментам на зрэзе венчыка, пасамі акруглых наколаў пад краем венчыка (мал. 4:1-4; 5: 1). Напрыклад, вылучаецца часткова рэканструяваная пасудзіна буйных памераў з дыяметрам па венчыку каля 36 см, арнаментаваная пракрэсленымі лініямі, якія ўтвараюць сетку і спалучаюцца з акруглымі глыбокімі наколамі, а таксама з арнаментацыяй зрэзу венчыка (мал. 5:1).

Кераміка культуры шарападобных амфар

У сучаснай літаратуры многія даследчыкі ўсё больш увагі звяртаюць на наяўнасць на шэрагу неалітычных помнікаў матэрыялаў культуры шарападобных амфар і на яе ролю ў культурна-гістарычным развіцці насельніцтва Заходняй Беларусі (Крывальцэвіч, 1999, с. 21-23; 2004, с. 143-147; Чебрешук, Шмит, 2003, с. 34-38; Лакіза, 2004в, с. 181). У нашым выпадку вельмі важна, што ўпершыню такія керамічныя артэфакты трапіліся ў час раскопак і на правабярэжжы р. Нёман. На паселішчы Дакудава 5 знойдзена 25 фрагментаў керамікі з прыкметамі культуры шарападобных амфар (мал. 6:1-6). Гэта ў асноўным невялікіх памераў посуд светла-карычневага, цёмна-шэрага колеру з дамешкамі жарствы, звычайна сярэдніх памераў. На абедзвюх паверхнях сценак таўшчынёй каля 4-5 мм захоўваюцца сляды лёгкай штрыхоўкі. Венчыкі сплошчаныя ці злёгку прыкругленыя, шыйкі кароткія, высокія, лейкападобныя, з плаўным пераходам у тулава. У адным выпадку дыяметр гаршка па венчыку мог складаць каля 8 см (мал. 6:3). Арнаментаваны посуд характэрным для культуры шарападобных амфар лінейным прамавугольным штампам, з якога ўтвараліся гарызантальныя рады з вертыкальных адбіткаў, зігзагі, рады з нахіленых адбіткаў (мал. 6:1-5). Аднак мог ужывацца і посуд большых памераў. Так, сярод керамікі маюцца 2 фрагменты вушкаў ад адной пасудзіны светла-карычневага колеру з дамешкамі жарствы. Таўшчыня аднаго з іх каля 2 см. На вушку захаваліся сляды арнаментацыі акруглымі адбіткамі полага штампа (мал. 6:6).

Посуд кола культур шнуравой керамікі

У апошнія гады В.Л. Лакіза, пасля сістэматызацыі і класіфікацыі старажытнасцей позняга неаліту і бронзавага веку Беларускага Панямоння, прапанаваў новую схему культурна-храналагічнай ідэнтыфікацыі керамічных матэрыялаў (Лакіза, 2004б). У шэрагу артыкулаў даследчыкам абгрунтоўваецца вылучэнне ў басейне ракі Нёман некалькіх груп керамікі, кожная з якіх падзяляецца на тыпы (Лакіза, 2004в; 2006). Так, посуд кола культур шнуравой керамікі на Панямонні (група 1) мае не толькі пэўныя тэхналагічныя, марфалагічныя і арнаментальныя асаблівасці, але таксама і значныя рэгіянальныя (лакальныя) адрозненні. Менавіта яны і даюць падставы для падзелу посуду гэтай групы на кераміку тыпу Бершты-Русакова (тып 2) і кераміку падгорнаўскага тыпу (тып 3) (Лакіза, 2006, с. 36-37, 49-50).

Керамікі тыпу Бершты-Русакова на паселішчы Дакудава 5 знойдзена 298 фрагментаў. Гэта шэрага, светла-шэрага, шэра-карычневага колеру кераміка, заўсёды з мінеральнымі дамешкамі: розных памераў жарствой, пяском. Паверхні гладкія альбо выразна заштрыхаваныя, часам гладкія звонку і заштрыхаваныя ўнутры. У некаторых выпадках выкарыстоўвалася і ангабаванне посуду (мал. 5:2). Таўшчыня сценак ад 5 да 10 мм. На жаль, як і на многіх іншых помніках Панямоння, пераважная большасць керамічнай калекцыі складаецца з моцна фрагментаваных, дробных, пашкоджаных абломкаў сценак ад разнастайных пасудзін, дакладную форму і памеры якіх вельмі складана аднавіць. Венчыкі высокія ці кароткія, са сплошчанымі, прыкругленымі, патончанымі, зрэзанымі ўнутр краямі (мал. 4:6; 5:2, 3;7: 1-3). Дыяметр некаторых з іх мог дасягаць 27-28 см (мал. 5:2). Дны плоскія, без закраін (мал. 9:6-11). Частка керамікі арнаментавана. Для аздаблення выкарыстоўваліся адбіткі разнастайнага лінейнага штампа, шнура, наколы, валікападобныя патаўшчэнні (мал. 4:5-10; 6:7, 8; 9:4). Арнамент наносіўся ў асноўным на верхнюю палову посуду, на шыйку, частку тулава і пад самым венчыкам. Назіраецца і арнаментацыя зрэзаў венчыкаў. Часам арнамент утвараў даволі складаныя матывы з гарызантальных радоў, зігзагаў, утвораных адбіткамі акруглага, сегментападобнага, авальнага штампа, якія, у сваю чаргу, дапаўняліся неглыбокімі ямкамі (мал. 5:3, 4, 5; 7:3). Некаторыя пасудзіны зусім не мелі арнаментацыі (мал. 7:1), альбо мелі толькі некалькі скразных адтулін пад краем венчыка (мал. 5:2).

Аб некаторых формах ляпнога посуду, які выкарыстоўваўся на паселішчы Дакудава 5, даюць ўяўленне часткова адноўленыя пасудзіны. Сярод іх маецца пласкадонны рабрысты гаршчок шэрага колеру з амаль гладкімі паверхнямі і дамешкамі невялікай колькасці розназярністай жарствы. Яго дыяметр па венчыку каля 10 см, дыяметр дна 8 см, таўшчыня сценак 4-6 мм (мал. 7:2). У верхняй палове гаршчок арнаментаваны адбіткамі штампа акруглай формы, якія ўтвараюць некалькі гарызантальных паралельных радоў. Яшчэ адна слоікападобная пасудзіна цёмна-шэрага колеру, з дамешкамі сярэдне- і буйназярністай жарствы, з таўшчынёй сценак каля 6 мм, з лёгкай штрыхоўкай знешняй і выразнай косагарызантальнай штрыхоўкай унутранай паверхняў, мела дыяметр па патоўшчанаму і прыкругленаму венчыку каля 27 см (мал. 7:3). Вылучаецца яна і сваім арнаментам, выкананым адбіткамі штампаў акруглай, падавальнай, сегментападобнай форм. Пры спалучэнні такіх адбіткаў утвораны складаныя матывы з некалькіх гарызантальных радоў і зігзагаў (мал. 7:3). Трэцяя пасудзіна светла-карычневага колеру з невялікай колькасцю мінеральных дамешак і порыстай паверхняй, з дыяметрам па прыкругленаму венчыку каля 28 см, зусім не мела арнаментацыі (мал. 5:3)

Асаблівае значэнне мае цэлы посуд:

1) шэра-карычневага колеру кубак з дамешкамі невялікай колькасці жарствы, выразна заштрыхаванай знешняй і загладжанай унутранай паверхнямі, без арнаментацыі. Край венчыка няроўны, зрэз акруглы. Вышыня кубка каля 5,4 см, дыяметр венчыка 8,5-9 см, дыяметр дна 6 см (мал. 7:1).

2) светла-шэрага колеру пласкадонны гаршчок (з пахавання) з невялікай колькасцю жарствы, добра загладжанымі паверхнямі, з арнаментацыяй. Край венчыка няроўны, зрэз сплошчаны, амаль гарызантальны. Таўшчыня сценак 6-7 мм, венчыка і дна 8 мм. Вышыня гаршка 11,6-12 см, дыяметр венчыка 12,5 см, максімальны дыяметр тулава 14 см, дыяметр дна 8,5 см. Ён упрыгожаны трыма гарызантальнымі, амаль паралельнымі радамі з разрэджаных адбіткаў падавальнага (кроплепадобнага) штампа (мал. 8).

З прычыны таго, што асноўны арэал керамікі падгорнаўскага тыпу (часам для яе выкарыстоўваеца назва - кераміка падгорнаўскага тыпу з рысамі сярэднедняпроўскай культуры) прыпадае на паўднёва-усходняе Панямонне (Лакіза, 2004б, с. 13), то наяўнасць у калекцыі керамікі з паселішча Дакудава 5 нават трох фрагментаў посуду гэтага тыпу дазваляе рабіць пэўныя карэктывы адносна культурнагістарычнага развіцця правабярэжных раёнаў ракі Нёман. Важна пры гэтым, што на згаданай тэрыторыі Панямоння такія матэрыялы знойдзены ўпершыню. Сярод іх вылучаецца адзін фрагмент венчыка са зрэзаным унутр і арнаментаваным краем, з жарствой, шурпаватымі на вобмацак ад зярнят жарствы паверхнямі і арнаментацыяй у выглядзе заштрыхаваных трохкутнікаў у спалучэнні з гарызантальнымі пасамі лінейных адбіткаў (мал. 9:1). Уяўляе цікавасць і фрагмент плоскага дна з прыдоннай часткай ад пасудзіны з жарствой у цесце і гладкімі паверхнямі, арнаментаваны адбіткамі зубчатага штампа (мал. 9:3).

Кераміка тшцінецкага культурнага кола

Сярод керамічных матэрыялаў тшцінецкага культурнага кола Беларускага Панямоння (група 2) В.Л. Лакіза прапанаваў вылучаць два тыпы - кераміку тыпу 1 і тыпу 2 (Лакіза, 2004б, с. 8-9; 2004в, с. 183-188). Для тшцінецкай керамікі (група 2) ў цэлым характэрна выкарыстанне ў якасці асноўных дамешак жарствы розных памераў, звычайна сярэдне- і буйназярністай. Паверхні большасці пасудзін старанна апрацаваныя, добра загладжаныя, некаторыя нават да бляску, але частка керамікі ў месцах выхаду зярнят жарствы мае шурпаватыя паверхні і характэрныя трэшчынкі. Венчыкі посуду звычайна патаўшчаліся (злёгку ці моцна), коса альбо гарызантальна зразаліся вонкі, часам набывалі «грыбападобныя» ці закругленыя формы (мал. 10). Дны звычайна тоўстыя, без закраін. Можна гаварыць аб невялікіх (дыяметр венчыка 13-15 см, дна - 8 см) і сярэдніх (дыяметр венчыка 18-24 см, дна 10-11 см) па памерах пасудзінах цюльпанападобнай формы, а таксама аб гаршках буйных памераў (дыяметр венчыка 28-30 см). Ужываліся таксама і друшлякі (сітападобны посуд), якія вылучаюцца сваімі невялікімі памерамі і наяўнасцю вялікай колькасці скразных адтулін. Але самым паказальным для такога посуду з'яўляецца арнамент, на падставе якога, у пераважнай большасці, і праводзіцца канчатковы падзел тшцінецкай керамікі на тыпы.

На паселішчы Дакудава 5 знойдзена 64 фрагменты керамікі тшцінецкага культурнага кола. Яны паходзяць ад посуду светла-шэрага, цёмна-шэрага, шэра-карычневага колеру з дамешкамі розназярністай жарствы і добра загладжанымі, часам ангабаванымі, паверхнямі. Таўшчыня сценак розная - ад 5 да 12 мм. Венчыкі патоўшчаныя, коса зрэзаныя вонкі, з дыяметрам ад 9 да 22 см (мал. 10:1, 16). Дны плоскія, тоўстыя. Адзін фрагмент сценкі, пакрыты скразнымі адтулінамі, паходзіць ад друшляка ці сітападобнай пасудзіны (мал. 10:12). Большасць фрагментаў керамікі ўпрыгожана разнастайнымі ружанцовымі адбіткамі, якія кампанаваліся ў гарызантальныя рады, зігзаг, дапаўняліся адбіткамі лінейнага штампа (мал. 10:1-9, 16). Акрамя таго, для аздаблення выкарыстоўваліся валікападобныя патаўшчэнні (мал. 10:10, 11), пракрэсленыя лініі (мал. 10:13-15).

Часткова аднаўляюцца верхнія часткі дзвюх пасудзін:

1) невялікіх памераў гаршчок цёмна-шэрага колеру з дамешкамі жарствы і гладкімі сценкамі, таўшчыня якіх 4-5 мм. Венчык патоўшчаны, коса зрэзаны вонкі. Дыяметр па венчыку каля 9 см. Гаршчок упрыгожаны гарызантальнымі паралельнымі радамі з адбіткаў ружанцовага штампа (мал. 10:1).

2) буйная цюльпанападобная пасудзіна цёмна-шэрага колеру з дамешкамі жарствы і гладкімі, ангабаванымі сценкамі таўшчынёй 9-10 мм. Венчык патоўшчаны, коса зрэзаны вонкі. Дыяметр па венчыку каля каля 22 см. Гаршчок упрыгожаны як мінімум 8 паралельнымі радамі з ружанцовых адбіткаў, якія ўнізе дапаўняюцца зігзагападобнымі матывамі, утворанымі тым жа ружанцовым штампам (мал. 10:16).

На сённяшні дзень, з-за шэрагу тэхналагічных і марфалагічных падабенстваў тшцінецкай керамікі з паселішча Дакудава 5 пакуль што складана прывесці канчатковыя статыстычныя дадзеныя па падзелу яе на тыпы. Несумненна, што пераважная большасць з іх адносіцца да керамікі групы 2 тыпу 2, самай важнай асаблівасцю якога з'яўляецца ружанцовая арнаментацыя. Маюцца ў калекцыі і фрагменты керамікі групы 2 тыпу 1, аналогіі якім знаходзяцца ў першую чаргу ў заходніх групах тшцінецкага культурнага кола. Асабліва гэта датычыцца фрагментаў ад адной пасудзіны шэра-карычневага колеру, з дамешкамі дробнай і сярэдняй жарствы (спецыфічнага, бліскучага колеру), гладкімі паверхнямі, арнаментаваныя шырокімі пракрэсленымі гарызантальнымі баразёнкамі, якія дапаўняюцца ўнізе вертыкальнымі (мал. 10:15).

Кераміка позняга перыяду бронзавага веку

У калекцыі керамікі з паселішча Дакудава 5 прысутнічаюць 20 фрагментаў ад аднаго гаршка, якія, галоўным чынам з-за сваіх тэхналагічных асаблівасцей, можна, па нашаму меркаванню, адносіць да позняга перыяду бронзавага веку. Гэта фрагменты сценак шэра-карычневага (з жаўтаватым адценнем) колеру з дамешкамі значнай колькасці дробна- і сярэднезярністай жарствы, выразнай хаатычна нанесенай (спалучэнні касых, гарызантальных і вертыкальных штрыхоў) штрыхоўкай па знешняй паверхні, са слядамі ангабавання (своеасаблівая мучністасць навобмацак), без арнаменту.

Высновы

Такім чынам, у час раскопак на паселішчы Дакудава 5 атрымана даволі значная і рэпрэзентатыўная калекцыя керамікі, якая дазваляе зрабіць шэраг высноў адносна культурна-храналагічнага развіцця помніка на працягу некалькі тысячагоддзяў - ад ранняга неаліту да позняга перыяду бронзавага веку.

Заснаванне паселішча адносіцца да ранняга неаліту і звязваецца з керамікай прыпяцка-нёманскай культуры. Усе ранненеалітычныя фрагменты з Дакудава 5 па ўсіх сваіх прыкметах знаходзяць значнае падабенства сярод іншых керамічных комплексаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі: блізкая тэхналогія, заснаваная на выкарыстанні раслінных дамешак, амаль аднолькавая марфалогія вастрадоннага посуду, падабенства ў арнаментацыі. Як мяркуе М.М. Чарняўскі, такая кераміка магла існаваць і развівацца ў перыяд 4700-3800 гг. да н.э., а, магчыма, і ў яшчэ больш старажытныя часы (Чарняўскі, 2004, с. 107).

Працягвалася жыццё на паселішчы Дакудава 5 і на лысагорскім і дабраборскім этапах нёманскай неалітычнай культуры, а мяркуючы па значнай колькасці знойдзеных фрагментаў такой керамікі, яно стала яшчэ больш інтэнсіўным. У цэлым посуд нёманскай культуры па ўсяму свайму арэалу характарызуецца пэўнай аднароднасцю. Не стала выключэннем і паселішча Дакудава 5. Выкарыстанне мінеральных дамешак, лёгкае загладжванне ці штрыхаванне паверхняў, частая прыгнутасць венчыкаў усярэдзіну, вастрадоннасць, нанясенне глыбокіх наколаў і ямак пад краем венчыка, частае выкарыстанне для арнаментацыі тонкіх пракрэсленых ліній - гэта толькі асноўныя прыкметы керамікі нёманскай культуры як з паселішча Дакудава 5, так і з іншых помнікаў Заходняй Беларусі (Чарняўскі, 2001, с. 235-239). Датуюца такія матэрыялы межамі ад 3600 г. да н.э. да другой чвэрці II тысячагоддзя да н.э. (Чарняўскі, 2004, с. 109, 112).

У III тысячагоддзі да н.э ці з 2800-2700 да н.э. мясцовае неалітычнае насельніцтва Беларусі пачынае адчуваць даволі моцнае ўздзеянне з боку носьбітаў культуры шарападобных амфар. Аб гэтым сведчаць шматлікія матэрыялы, якія трапляюцца як у час раскопак розначасовых помнікаў, так і ў працэсе сістэматызацыі і аналіза ўжо існуючых калекцый. Як прыклад гэтаму - кераміка культуры шарападобных амфар з Дакудава 5. Аднак на сённяшні дзень гэтая цікавая і складаная праблема для тэрыторыі Беларусі не вырашана і патрабуе спецыяльнага грунтоўнага даследавання.

У першай палове III тысячагоддзя да н.э. на паселішчы Дакудава 5 з'яўляюцца і матэрыялы кола культур шнуравой керамікі. У выніку доўгатрывалага, складанага працэсу ўзаемадзеянняў мясцовага насельніцтва нёманскай неалітычнай культуры з носьбітамі традыцый кола культур шнуравой керамікі, у тым ліку культуры адзіночных пахаванняў, прыморскай (жуцаўскай) культуры, пры моцным уплыве культуры шарападобных амфар на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўзнікла група помнікаў тыпу Бершты-Русакова (Лакіза, 2004б). У яе арэал, амаль цэнтральную яго частку, уваходзіць і паселішча Дакудава 5. Менавіта таму на помніку і знойдзена даволі значная калекцыя керамікі тыпу Бершты-Русакова. Бліжэйшыя аналогіі такому посуду знаходзяцца ў асяроддзі Цыркумбалтыйскага культурнага кола шнуравой керамікі на тэрыторыі Літвы, Польшчы, Беларусі (Rimantienė, 1999a, p. 14; 1999b, pav. 12:2, 4, 6-11). Датуецца кераміка тыпу Бершты-Русакова з паселішча Дакудава 5 другой чвэрцю III тысячагоддзя да н.э. - першай чвэрцю II тысячагоддзя да н.э. і прадстаўляе, як і кераміка нёманскай культуры, позненеалітычны перыяд у развіцці помніка.

Безумоўна, каштоўнымі для нас з'яўляюцца фрагменты керамікі падгорнаўскага тыпу, асноўны арэал распаўсюджвання якой прыпадае на паўднёва-усходнія рэгіёны Панямоння, а самыя блізкія аналогіі знаходзяцца сярод матэрыялаў прыпяцкага варыянта сярэднедняпроўскай культуры і на некаторых помніках Заходняга Палесся. Датуюцца яны перыядам ад пачатку першай чвэрці да сярэдзіны другой чвэрці II тысячагоддзя да н.э. Рашэнне пытання аб іх з'яўленні на правабярэжжы р. Нёман яшчэ наперадзе, пасля далейшых раскопак паселішча Дакудава 5 і новых даследаванняў у гэтым рэгіёне Беларусі.

У першай палове II тысячагоддзя да н.э. у арэал помнікаў тшцінецкага культурнага кола ўвайшла практычна ўся тэрыторыя Беларускага Панямоння, у тым ліку і паселішча Дакудава 5. Асноўная частка керамікі гэтага часу (кераміка групы 2 тыпу 2) знаходзіць найбольшае падабенства сярод матэрыялаў паўночнапалескай групы ўсходнетшцінецкай культуры. Гэта і амаль аднолькавая тэхналогія, блізкія марфалагічныя адметнасці (Крывальцэвіч, 1999, с. 12-13, мал. 27-31), але, самае галоўнае, арнаментацыя - з амаль поўным дамінаваннем разнастайных ружанцовых штампаў. Аднак сустракаюцца аналогіі і пры параўнанні некаторых фрагментаў керамікі з матэрыяламі мазавецка-падляскай групы тшцінецкай культуры, якая займала тэрыторыю Мазовіі, Падляшша, частку Любельскага Палесся (Dąbrowski, 1997, s. 16-19, rys. 5; Taras, 1995, s. 64-69, rys. V, VI ). А гэта значыць, што на паселішчы Дакудава 5 у розны час пражывала насельніцтва як нёманскай групы, так і верхненёманскай (русаковіцкай) групы тшцінецкага культурнага кола. Дадзены працэс мог адбывацца тут ад сярэдзіны першай чвэрці да канца II тысячагоддзя да н.э.

Менавіта са з'яўленнем помнікаў нёманскай і верхненёманскай (русаковіцкай) груп тшцінецкага культурнага кола на тэрыторыі Паўночна-Заходняй Беларусі пачынаецца бронзавы век (з другой чвэрці II тысячагоддзя да н.э.).

Старажытнасці позняга перыяду бронзавага веку на ўсёй тэрыторыі Беларусі застаюцца пакуль што найменш даследаванымі. Для тэрыторыі Беларускага Панямоння вядомы толькі некалькі помнікаў, на якіх сярод пераважнай большасці іншых матэрыялаў сустракаецца і своеасаблівая кераміка, умоўна аднесеная да познебронзавага часу. У іх шэраг уключаецца і паселішча Дакудава 5.

img/1.jpg img/2.jpg img/3.jpg img/4.jpg img/5.jpg img/6.jpg img/7.jpg img/8.jpg img/9.jpg img/10.jpg

Літаратура

1. Крывальцэвіч, М.М. Азярное 1 - пасяленне эпохі бронзы на поўначы Палесся / МАБ. Вып. 2. 1999.

2. Крывальцэвіч, М.М. Беларускае Палессе ў перыяд пераходу ад неаліту да эпохі бронзы: праблемы і перспектывы археалагічнага вывучэння // Wspólnota dziedzictwa kulturowego ziem Białorusi i Polski. Warszawa, 2004. С. 137-162.

3. Лакіза, В.Л. Справаздача аб археалагічных даследаваннях на Панямонні ў 1998 годзе / АА ІГ НАН Беларусі. Спр. № 1733. Мн., 1998. 4. Лакіза, В.Л. Справаздача аб археалагічных работах на Панямонні ў 1999 годзе / АА ІГ НАН Беларусі. Спр. № 1795. Мн., 1999.

5. Лакіза, В.Л. Справаздача аб археалагічных даследаваннях на Беларускім Панямонні ў 2004 г. / АА ІГ НАН Беларусі. Спр. № 2166. Мн., 2004а. 6. Лакіза, В.Л. Культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя старажытнасцей ранняга і сярэдняга перыядаў бронзавага веку Беларускага Панямоння: Аўтарэферат дыс. ... канд. гіст. навук: 07.00.06. Мн., 2004б.

7. Лакіза, В.Л. Позні неаліт, ранні і сярэдні перыяды бронзавага веку Паўночна-Заходняй Беларусі. Стан і перспектывы даследаванняў // Wspólnota dziedzictwa kulturowego ziem Białorusi i Polski. Warszawa, 2004в. С. 163-196.

8. Лакіза, В.Л. Даследаванне паселішча каменнага і бронзавага вякоў Дакудава 5, р. Нёман, Лідскі раён, Гродзенская вобласць // ГАЗ. № 20. 2005. С. 223-224.

9. Лакіза, В.Л. Кераміка позняга неаліту і бронзавага веку з паселішча Добры Бор 1 у зборы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі // Археалагічны зборнік. Вып. 1. Мн., 2006. С. 35-51.

10. Лакіза, В.Л., Сідаровіч, в.М. Каменны і бронзавы век. Весткі з экспедыцый беларускіх археолагаў (сезон 1998 г.) // БГА. Т. 5. Сш. 2 (9). 1998. С. 581-582.

11. Сідаровіч, Вв.М. Справаздача аб археалагічных даследаваннях у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях у 1998 г. / АА ІГ НАН Беларусі. Спр. № 1766. Мн., 1998.

12. Телегин, Д.Я., Титова, Е.н. Поселения днепро-донецкой этнокультурной общности эпохи неолита. Киев, 1998.

13. Чарняўскі, М.М. Неаліт Беларускага Панямоння. Мн., 1979.

14. Чарняўскі, М.М. Неаліт з грабеньчата-накольчатай і накольчатай керамікай Заходняй Беларусі. Асаблівасці эвалюцыі // Od neolityzacji do początków epoki brązu. Przemiany kulturowe w Międzyrzeczu Odry i Dniepru między VI i II tys. przed Chr. Poznań, 2001. С. 231-240.

15. Чарняўскі, М.М. Да пытання вылучэння прыпяцка-нёманскай ранненеалітычнай культуры // ГАЗ. № 18. 2003. С. 25-33.

16. Чарняўскі, М.М. Неаліт Беларусі: праблемы перыядызацыі і храналогіі // Wspólnota dziedzictwa kulturowego ziem Białorusi i Polski. Warszawa, 2004. С. 99-118.

17. Чебрешук, я., Шмит, М. К исследованию среднеевропейских факторов процесса культурных перемен в лесной зоне Восточной Европы в III тыс. до н.э. // ГАЗ. № 18. 2003. С. 34-51.

18. Dąbrowski, J. Epoka brązu w Północno-Wschodniej Polsce. Białystok, 1997.

19. Taras, H. Kultura tszciniecka w międzyrzeczu Wisły, Bugu i Sanu. Lublin, 1995.

20. Rimantienė, R. Margių 1-oji gyvenvietė // LA. T. 16. 1999a. P. 109-170.

21. Rimantienė, R. Pelesos paežerių akmens amžiaus stovyklos ir gyvenvietės // LA. T. 16. 1999b. P. 79-107.



[1] Вызначэнне А.В. Іова.

[2] Вызначэнне А.М. Мядзведзева.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX