Папярэдняя старонка: Археалогія

Да пытання пра прусаў - перасяленцаў на тэрыторыі Беларусі ў Сярэднявеччы 


Аўтар: Квяткоўская Ала,
Дадана: 15-10-2017,
Крыніца: Квятковская А. В. К вопросу о пруссах-переселенцах на территории Беларуси в средневековье // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1997. № 11. С. 9–14.



У сувязі з войнамі Тэўтонскага ордэну й польскіх князёў на тэрыторыі Прусіі, частка тамтэйшага жыхарства была змушаная міграваць на ўсход, часткова ў Верхняе Панямонне, на землі роднасных прусам яцвягаў. Гэта адбылося ў вапошняй траціне ХІІІ ст.

У Іпаццеўскім летапісе ёсць запіс, у якім паведамляецца, што ў 1276г. прыйшлі Прусы да князя Трайдзеня, прыгнечваныя праз немцаў са сваёй айчыны. Ён жа прыняў іх да сябе і пасадзіў частку ў Горадні, а частку - у Слоніме. Уладзімер Васількавіч з Ільвом Данілавічам выправілі войска да Слоніма ўзяць яго, з тым, каб прусы зямлі не падседжвалі. У звязку з гэтым Трайдзень выправіў брата свайго Сірпуця ваяваць каля Каменя. Уладзімер жа супраць гэтага выправіў войскі ўзяць у яго Турыйск на рацэ Нёман і ўзяў вёскі каля яго. Пасля гэтага яны замірыліся[1].

З гэтага летапіснага паведамлення вынікае, што перасяленцы з Прусіі былі паселеныя ў двох пунктах на тэрыторыі Беларусі - у Горадні (цяпер вёска ў Воранаўскім раёне); менавіта сюды князь Трайдзень пасяліў прусаў, а ня ў Гродне (таксама "Горадні"), як памылкова мяркуюць даследнікі. Другім пунктам пасялення прусаў быў Слонім.

Польскі гісторык Е.Ахманьскі адзначаў, што размяшчэнне прусаў-борцяў абмяжоўваецца менавіта паўднёваю Літвою, наднёманскай і надвялейскай, куды ўцякалі са свае радзімы пад ціскам крыжакоў і яцвягі, шукаючы паратунку ў Літоўскім гаспадарстве[2]. Е.Ахманьскі мяркуе таксама, што пад Радунню знаходзілася пруская калёнія Скалёва-Сколва, што складалася з групы вёсак, узнікненне якіх трэба звязваць з выправаю Кейстута й Альгерда на Скаловію ў 1365г.

Ува Ўставе на валокі, выдадзенай каралём Жыгімонтам Аўгустам для Вялікага княства Літоўскага 1 красавіка 1557 г. у артыкуле ідзецца пра вызначэнне павіннасцяў для падданых гаспадарскіх баяраў путных, борцяў, конюхаў сядзельных, стральцоў і г.д. А ў артыкуле 2 гэтае Ўставы - пра борцяў - адзначаецца, каб былі выдзеленыя валокі для жаўнераў, што называліся борці, для ўзвядзення мастоў. Далей кажацца, што, як і раней, застаюцца борці свабоднымі ад усякіх павіннасцяў і каб ад валокаў плацілі грашыма. Калі ж ісці ім на вайну, дык на гэты год яны свабодныя ад усякіх плацяжоў.

Другая, гэтага сама караля, Устава замкаў, дзяржаваў і палацаў нашых Вялікага княства Літоўскага і г.д. (бяз даты), у якой сярод іншых, хто не нясе цяглай службы, зноў прыгадваюцца борці, якія падчас вайны масты чынілі.

Такім чынам, у XVI ст. пад назваю борці мелася на ўвеце пэўная катэгорыя гаспадарскіх падданых, якія сядзелі на каралеўскіх землях і ня мелі звычайнай цяглай службы да каралеўскага двара й плацілі ў каралеўскую казну пэўную суму грашыма. Былі яны прыраўнаныя да пасяленцаў. Па загадзе караля павінны былі борці хадзіць на вайну, адпаведна, з гледзішча абавязання на іх выконваць воінскую службу займалі месца побач са шляхтаю. Апроч таго, як ужо згадвалася вышэй, на борцях быў абавязак утрыманне мастоў як падчас міру, так і падчас вайны. У 1545г. князі, паны й зямяне ўладзімерскага павету паведамлялі каралеўскаму рэвізору пра тое, што калі падчас праўлення караля Казімера ўладзімерскі замак згарэў, дык кароль Казімер, будучы ўва Ўладзімеры з каралеваю, загадаў яго аднавіць працаю воласці літоўскай і іншымі воласцямі ды борцямі ожскімі й пераломскімі. Адпаведна, выкарыстоўвалі борцяў калісь і пры будаўніцтве замкаў. У часы Жыгімонта служылі борці ў літоўскай артылерыі, адкуль літоўскія артылерысты зваліся Борці.

Пасля правядзення земскае рэформы расслаенне грамадзтва ў Вялікім княстве Літоўскім пайшло вялікімі тэмпамі. Ужо ў Літоўскім Статуце 1588г. борці фігуруюць у рубрыцы Людзі простага стану[3].

Для лякалізацыі месцаў пражывання перасяленцаў-прусаў на тэрыторыі Беларусі істотнымі зьяўляюцца звесткі з дакумантаў. Гэтак, 14 сакавіка 1499г. вялікі князь Аляксандар за верную й старанную службу князя Васіля Львовіча Глінскага даў тому цэлы дзясятак людзей сваіх, борцяў клевіцкіх, з усякімі землямі - ворнымі, бортнымі, пусткамі, сенажацямі, азёрамі, рэкамі, бабровымі гонямі й г.д.

На месцазнаходжанне гэтых барцянскіх пасяленняў указваюць: Гельвяны - мястэчка на мяжы старых паветаў віленскага й вілкамірскага; в.Меднікі, Клевіца - маёмасць і вёска ў павеце Ашмянскім і інш.

У XV ст. у складзе намесніцтва ці воласці Ожы й Пералому знаходзіліся землі, населеныя борцямі, якія, паводле назову іхнага жыхарства, называліся і воласцю Борцкаю, і паветам Борцкім, і проста Борцямі. З наяўных дакумантаў XV і XVШ стст. вынікае таксама, што борці жылі ў двох цэнтрах: у наваколлі мястэчка Жалудка і ў наваколлі мястэчка Радуні, і што менавіта гэтыя два цэнтры складалі адзіную воласць Борці, або павет Борцкі. З дакумантаў таксама вынікае, што борці мелі ў сваім уладанні надзелы зямлі рознае велічыні, што некаторыя з іх мелі лішкі зямлі, якія прадавалі іншым асобам. Гэта цягнула за сабою тое, што землі барцянскія палягалі ў шахматным парадку з землямі іншых катэгоряў гаспадарскіх людзей.

Памера валочная земляў барцянскіх, пачатая каля 1558г., скончылася ў 1561г. У выніку яе на старажытных землях барцянскіх пераломскае воласці, на Панямонні, у наваколлі мястэчка Жалудка, на валоках былі ўтвораныя вёскі: Турыйск (Борці Турэйскія), Ясялевічы, Менантовічы, Піпіроўцы (пасля заканчэння земскае рэформы населеная шляхтаю-борцінамі), Талочкі, Вялікія Буцілы, Малыя Буцілы й Панямунцы. На адлегласці 50 км на поўнач ад гэтага войтаўства ў наваколлі мястэчка Радуні, таксама на старажытных землях барцянскіх узніклі вёскі: Лелюшы, Пеляса (стары назоў вёскі - Барцянская Пеляса), Пілуны, Паўлокі, Падзітвы, Памедзь, з якіх утворанае войтаўства Пяляскае; а далей вёскі: Старыя Віганы, Новыя Віганы, Палашкі, Дубінцы, Куркаданы, Ятолты, Скірэйкі, з якіх утворанае войтаўства Скалвенскае. Апошняе войтаўства Гарадзенскае абдымала зноў заселеныя вёскі: Складанцы, Вайткуны й Паройсць. Значная частка ўладання Ліпічны над Нёманам, на поўдзень ад мястэчка Жалудка, узнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў. У Горадні, у 10 км на паўночны ўсход ад мястэчка Радуні, знаходзіліся пасяленні барцянскія.

23 жніўня 1560г. кароль Жыгімонт Аўгуст сваім рашэннем, выдадзеным у Эйшышках, сем'і барцянскія з прозвішчамі Барташэвічы, Сянкевічы, Пасевічы, Радзівіловічы, Міцкевічы, Насевічы, Пашкевічы, Фяткевічы, Янушкевічы, Багдановічы, Лукашэвічы, Казакевічы, Ямантове, Вілбікове, Запаснікове, Войшвілове, Бутрымове, Пятрашкі й інш., як тых, хто паходзіць ад Крупаса (у мужчынскай і жаночай лініі, і якім князь Вітаўт за ўдзел у вайне з крыжакамі ў 1410г. даў у воласць Радуньскую зямлю ўва ўласнасць), прызнаваліся за шляхту, а зямлю іх, як шляхцянскую, выключылі з памеры валочнай.

Польскі даследнік Я.Віснеўскі зазначаў, што на працягу XV ст. рускія пасяленцы перасунуліся ад Буга на поўнач, у напрамак Нарэва вузкім клінам паміж вёскамі мазавецкімі на захадзе й р.Арлянкаю на ўсходзе, за якімі ўтрымлівалася яшчэ пушча, што сягала Камянца, Кобрыні й наваколляў Ваўкавыску. Па сканчэнні войнаў з Тэўтонскім Ордэнам князі літоўскія, каб узмацніць сваё валадаранне на гэтых землях, пасялілі каля гарадоў і пры галоўных дарогах значную колькасць шляхты паходжання літоўскага (яцвяскага) і прускага, абавязаных да ваеннай і замкавай службы. Ня ўласна літоўцы тут не сяліліся. Прыгадваюцца борці таксама і ў дакумантах канца XVI, XVII-XIX стст.

Да канца XVIII ст. прускія перасяленцы ўтваралі самастойную адміністрацыйную адзінку - Барцянскае староства, у склад якога, згодна з інвэнтаром 1765г., уваходзілі чатыры войтаўствы: Пеляскае (вв. Пеляса, Памедзь, Падзітва, Павалока, Пілюнцы, Лелюшы), Скалвенскае (вв. Віганцы, Смільгімі, Дубінцы, Скірэйкі, Ворлі, Палойкішкі, Куркі, Каргоўды), Гарадзенскае (Складанцы, Вайкунцы, Паройсць), Панёманскае (вв.Турыйск, Ясялевічы, Талочкі, Пілароні, Мінейтовічы)[4].

Паводле паведамлення Т.Нарбута, нашчадкі борцяў да гэнага часу (XIX ст. - А.К.) ёсць у Лідзкім павеце, на правым беразе Пелясы, а апроч таго і ў іншых мясцовасцяў старажытных ваяводзтваў віленскага й трокаўскага.

М.Любаўскі адзначаў, што перасяленцы прусы-барты амаль апошняга часу (пач. ХХ ст.- А.К.) захоўвалі адметнасці свае мовы спасярод літоўцаў Гарадзенскае губэрні[5].

М.Я.Грынблат адзначаў, што ў беларусаў-каталікоў сустракаюцца балцкія прозвішчы: Паруліс, Борціс, Кодзіс, Тэртэль, Юралайціс, Ясюкайціс, Жэмпа, Лукша, Павілойць, Андзюль, Кірмель, Тункель, Мікшта і інш., зафіксаваныя ў Гарадзенскай, Менскай, Віцебскай і Брэсцкай вобласцях[6].

Т.М.Суднік зазначае, што дыялектныя матэрыялы з наваколля Радуні, сабраныя ў 70-я гг. нашага стагоддзя даюць падставы меркаваць пра ўдзел заходнебалтыцкага элемэнту ў лёсе сучаснае пеляскае гаворкі[7]. Гэтаму не супярэчаць гістарычныя сведчанні пра пасяленне прусаў у раёне Пелясы колькі стагоддзяў таму.

Засведчанае пісьмовымі крыніцамі й дакумантамі пасяленне прусаў на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з апошняе чвэрці ХІІІ ст. і пазней, мела быць адлюстраванае і ў археалягічных дрэўнасцях. Населеныя пункты, у якіх жылі прусы, ведамыя пэўна. Цяжэйшая справа з лякалізацыяй могільнікаў прусаў на тэрыторыі Беларусі, і вось чаму.

Вышэй ужо згадвалася, што на землях Верхняга Панямоння й Сярэдняга Пабужжа жылі яцвягі, як і родасныя ім прусы, што прыналежаць да заходнебалтыцкіх плямёнаў. Як неаднакроць падкрэслівалі даследнікі, для плямёнаў заходніх балтаў на працягу даўгога часу было ўласцівае ўжыванне камяня ў пахавальных узвядзеннях. Ужыванне камяня ў выглядзе кладак-вымастак захоўвалася ў прусаў ажно да XIII-XIV стст. Хоць ужо з ХІІ ст. ідзе паступовая замена іх адзінкавымі камянямі[8]. У яцвягаў кладкі-вымасткі па-над пахаваннямі захоўваюцца да канца ХІХ - пачатку ХХ стст. Г.зн. па канструктыўных адметнасцях пахавальныя дрэўнасці прусаў і яцвягаў былі вельмі блізкія. Адрозненні былі і ў пахавальным абрадзе. Гэта - пахаванне коней разам з памерлымі або побач у асобных магілах - у прусаў. Аднак да канца ХІІІ ст. гэтая частка пахавальнага рытуалу сыходзіць у нябыт. Прыняццё хрысціянства напрыканцы XIV ст. у якасці афіцыйнае рэлігіі ў Вялікім княстве Літоўскім спрыяла сціранню адметнасцяў пахавальных традыцыяў у этнічна розных групаў жыхарства й цягнула за сабою яго ўніфікацыю. Аднак працэс гэты расцягнуўся быў на колькі стагоддзяў. Трэ' прыгадаць і пра тое, што толькі каля 1490г. быў пабудаваны касцёл у в.Гожа[9].

На тэрыторыі Верхняга Панямоння й Сярэдняга Пабужжа выяўленыя шматлікія пахавальныя збудаванні XI-XVII стст., што дасталі ў айчыннай археалягічнай літаратуры назоў каменных магілаў. Канструктыўныя адметнасці, пахавальны абрад і інвэнтар дазволілі інтэрпрэтаваць гэтыя помнікі як заходнябалцкія, яцвяскія.

Аднак на пазначанай тэрыторыі ёсць могільнікі, якія дзеля асаблівасцяў уладкавання пахавальнага абраду й інвэнтару цалкам маглі быць пакінутыя перасяленцамі-прусамі. Гэта грунтовыя могільнікі XV-XVI стст., даследаваныя В.А.Шукевічам. Асаблівасці іхнага ўладкавання й інвэнтару маюць аналёгіі і ў дрэўнасцях прусаў. Магчыма, прускім апынецца й могільнік каля в.Мухлядзішкі.

Прускімі, найхутчэй, зьяўляюцца асобныя пахаванні ў могільніках каля вв. Шчурок і Куклі. Гэтак, у могільніку ля в.Шчурок (тр.1, маг.2) выяўленая фібула. Яна выкананая з нейкага белага мэталу (магчыма, алавяністы сплаў). Паводле хормы нагадвае кветку з пялёсткамі (разэтка). Гэтак як язычок-засцібка адсутнічае, прымацоўвалася яна да вопраткі з дапамогаю шнурка ці нітаў. Ляжала на правым плячы шкілета. Кулакоў У.І. адзначае, што гэткія фібулы ведамыя адно ў Прыбалтыцы ў XIII-XIV стст. у дрэўнасцях прусаў[10]. У могільніку каля в.Куклі (р.4, маг.1) знойдзеная бронзавая падковападобная фібула з S-падобнымі канцавінамі, на скураным шнурку, размяшчалася яна на рабрынах шкілета, злева. Фібулы такога кшталту ведамыя таксама ў дрэўнасцях прусаў XIII-XIV стст[11].

У могільніку каля в.Беліца ў шурфе 1 (1981г.) выяўленае пахаванне мужчыны з часткамі каня, што размяшчаліся зверху, на магіле. На карысць прускае прыналежнасці беліцкага грунтовага могільніка (датуецца канцом XVI-XVII стст.) можа сведчыць наступнае. Як ужо згадвалася вышэй, значная частка маёнтку Ліпічны над Нёманам на поўдзень ад Жалудка, узнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў. Уладанні гэтыя, з прычыны безнашчадкавае смерці Станіслава Андрэевіча Давойны, полацкага ваяводы, перайшлі да караля Жыгімонта Аўгуста, які памяняў іх у 1567г. на Індуру, уласнасць князя Мікалая Радзівіла. У 1572г. пры смерці кароль Аўгуст са складу ваяводзтва Панёманскага выдзяліў вёскі: Вялікія й Малыя Буцілы, а таксама Панямунцы, і землі гэтых вёсак з людзьмі, жонкамі й іхнымі дзецьмі падараваў ува ўладанне князю Юр'ю Радзівілу. Гэтая зямля разам з усімі нявольнікамі, уцекачамі, а таксама й набытая князем Радзівілам, утварылі маёнтак Андрушоўшчыну над Нёманам, які потым прыналежаў радзівілаўскаму ключу Беліца.

У 1994г. падчас правядзення выведкавых працаў у Камянецкім раёне Брэсцкае вобласці каля в.Млыны, паводле сведчання мясцовых жыхароў, знаходзіўся могільнік з каменнымі кладкамі й вялікімі валунамі, што стаялі ў галавах пахаванняў. Падчас выпраставання дарогі помнік зазнаў разбурэнне. Выяўленыя былі шкілеты людзей і конскія чарапы, зброя й іншыя прадметы. Сёння ад першапачатковае плошчы могільніка неразбуранаю засталася нязначная частка яго.

Каля в.Пруск Жабінкаўскага раёну Брэсцкае вобласці таксама ёсць могільнік з каменнымі канструкцыямі. Прыналежыць ён прусам ці яцвягам, пакажуць штудыі. Каля в.Лозы Ваўкавыскага раёну быў могільнік з каменнымі канструкцыямі. На некаторых камянях былі цяжкавызначальныя надпісы, знакі. Паводле паведамлення жыхароў вёскі, побач знаходзіліся ямы з пахаванымі коньмі. У цяперашні час помнік збольшага разбураны. Магчыма, і гэны помнік пакінулі былі прусы.

На тэрыторыі Беларусі й сёння ёсць населеныя пункты, назовы якіх паходзяць ад этнонімаў барты ды прусы. Трэба сказаць, што тапонімы, вытворныя ад этноніма барты, засяроджаныя збольшага на паўночным захадзе тэрыторыі Беларусі, асобныя назовы зафіксаваныя ў Брэсцкай вобласці (паўднёвы захад Беларусі). Тапонімы, вытворныя ад этноніма прусы, фіксуюцца больш на ўсход. Ці заснаваныя гэныя пасяленні толькі перасяленцамі-прусамі або яцвягамі - на гэтае пытанне можна будзе адказаць адно пасля правядзення даследаванняў.

Такім чынам, падсумоўваючы вышэйсказанае, трэба заўважыць, што крыніцы фіксуюць колькі перасяленняў насельніцтва з Прусіі на землі Беларускага Панямоння. Першае - у 1276г., другое - у 1365г., звязанае з выправаю Кейстута й Альгерда на Скаловію, трэцяе - па сканчэнні войнаў з Тэўтонскім ордэнам (г.зн. пасля 1410г.). Магчыма, былі й іншыя перасяленні. Цалкам магчыма, што тое былі ня толькі прусы, але й яцвягі. Перасяленцы-прусы ў сярэднявеччы й пазней жылі на тэрыторыі Беларусі кампактна, уяўлялі з сябе досыць шматколькасную групу насельніцвта ў складзе Вялікага княства Літоўскага й займалі даволі высокае грамадзкае становішча. Іхны статус, правы й абавязкі зафіксаваныя ў розных дакумантах. Дзякуючы дакумэнтальным крыніцам ведамыя нават імёны й прозвішчы прусаў, што пасяліліся на тэрыторыі Беларусі. Адзначаныя дыялектныя асаблівасці мовы ў жыхароў на тэрыторыях, дзе колісь былі пасяліліся прусы.

[1] ПСРЛ, Л., 1962. Т. ІІ. Ипатьевская летопись. С.875.

[2] Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве XIII - XIV вв. в свете этнонимических местных названий. // Балто-славянские исследования. М., 1981. С.124.

[3] Статут Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1989. С.441.

[4] Судник Т. М. К истории языковой ситуации Пелясы // Балто-славянские этноязыковые контакты. М., 1980. С.187.

[5] Любаўскі М. Літва і славяне ў іх узаемадзеянні ў XII - XIII сталецьці. // Зацемкі аддзелу гуманітарных навук. Працы клясы гісторыі. Мн., 1929. Т. 111. Кн.8. С.18.

[6] Гринблат М. Я. Белорусы. Минск, 1968. С.151-152.

[7] Судник Т. М. К истории языковой ситуации Пелясы // Балто-славянские этноязыковые контакты. М., 1980. С.186.

[8] Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987. С.401, 414.

[9] Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1972. Т. 1. С. 164.

[10] Кулаков В. И. Древности пруссов VI-ХIII вв. // САИ, 1990. Вып. Г1-9. Мал. 13-14. С.24.

[11] Кулаков В. И. Древности пруссов VI-ХIII вв. // САИ, 1990. Вып. Г1-9. С. 24. Мал. 13:2.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX