Вярнуцца: Археалогія

Таямнічыя замкі Лідчыны


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-08-2012,
Крыніца: Маладосць №6-2012. С.97-100.

Спампаваць




ЛІДСКАЯ ДАЙНАВА

Пасля таго, як быў знойдзены палац у Востраве, дзе па версіі Тэадора Нарбута было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне 1392 года, мяне зацікавіў яшчэ адзін аб'ект каля Ліды, таксама ў старой балцкай Дайнаве, за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Вострава.
Вялікі знаўца нашай гісторыі Адам Кіркор у «Живописной России» пісаў, што Ліда была сталіцай удзельнага княства і з'яўляецца старажытным паселішчам на мяжы ўласна Літвы і дайнаўцаў. Горад адыграў значную ролю ў гістарычных лёсах нашай дзяржавы. Кіркор лічыў, што каля Ліды магло існаваць умацаванне, а князь Гедымін ужо потым пабудаваў там замак. У кнізе «Черты из истории и жизни Литовского народа» Кіркор дапаўняе гэтую інфармацыю звесткамі пра Дайнаўскі замак, а ў заўвагах да тэксту дае вельмі цікавую інфармацыю: «Дайнава на захад ад Ліды за 10 вёрст (вярста = 1,0668 км - Л. Л.), паблізу ракі Дзітва, зараз маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, у грабах (дрэвах - Л. Л.), якія нідзе паблізу не растуць, у камені вялізарных памераў, на якім па паданні каралі смерцю злачынцаў. Камень гэты называецца і цяпер у простага люду "кабылай" і, мяркуючы па яго месцазнаходжанні, верагодна, ляжаў на плошчы супраць палаца. Княства Дайнаўскае межавала з цяперашнімі паветамі: Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім». Інфармацыя пра Дайнаўскі замак (палац) не была падмацавана пісьмовымі крыніцамі, і таму ў сур'ёзнай навуковай працы «Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. 1893» нічога не пішацца пра замак, а толькі пра былое паселішча, і ўказваецца на крыніцу інфармацыі - народную памяць. Самы выбітны лідскі гісторык і краязнаўца XX стагоддзя Міхал Шымялевіч напісаў пра тое, як закончыўся лёс гэтага сакральнага для паганцаў каменя: «Пры вёсцы Бельск за 6 вёрст ад Ліды на полі ляжаў велізарны камень, які звалі "Кабыла". Па паданні на гэтым камені каралі даўней злачынцаў. Магчыма, што тут у старажытнасці збіраліся копныя суды. Камень пабіты мулярамі на пачатку 1905 года».
Неабходна адзначыць, што Тэадор Нарбут таксама лакалізуе Дайнаўскае княства ў Лідскім павеце «за левым (лідскім - Л. Л.) берагам ракі Дзітва» і лічыць лідскі населены пункт Дайнава, які знаходзіцца паміж Мыто і Лідай, цэнтрам княства, пра што піша ў сваіх «Дзеях...». Аднак агульнага меркавання пра лакалізацыю Дайнавы няма. Можна прыгадаць меркаванне польскага гісторыка-медыевіста Генрыка Лаўмянскага, які на падставе лакалізацыі тапонімаў граматы Міндоўга 1259 года зрабіў выснову, што Дайнаўская зямля знаходзілася паміж Мазурскімі азёрамі і ракой Бебжа, ці расейскага гісторыка Мікалая Барсава, які лічыў, што яна знаходзілася ў міжрэччы Верхняга Нёмана і Віліі. У другім томе энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» Валерый Пазднякоў пакінуў пытанне лакалізацыі Дайнаўскага княства адкрытым.
* * *
Святыя камяні былі, напэўна, самым распаўсюджаным аб'ектам пакланення ў насельніцтва Еўропы ва ўсе часы існавання дахрысціянскіх культаў. Пакаранне смерцю на камені павінна мець карані ў балцкай міфалогіі. Звычайна камяні з назвамі «кабыла», «кравец», «шавец» - гэта грубыя валуны аморфнай формы з неапрацаванай паверхняй. Тое, што валуны размяшчаліся ў паніжаных, забалочаных мясцінах, паблізу вады, і запісаныя народныя паданні, пацвярджаюць, што гэты від культавых камянёў у міфалогіі звязваўся з тытанічным боствам, якое магло ўвасабляцца ў вобразе вала або, зрэдку, каня ці змея. Пасля прыняцця хрысціянства ў народнай свядомасці гэта боства трансфармавалася ў чорта. Засталіся сляды людскога ўшанавання камянёў: знакі на іх, сляды ахвяраванняў каля іх, уключэнне камянёў у структуру больш складаных і буйных сакральных комплексаў. Шмат народных паданняў сведчыць пра «сямействы» сакральных камянёў. І нашая дайнаўская «кабыла» не была адзінокай. Да сённяшняга часу захаваўся яе напарнік - камень даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на гэтым валуне маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных. Дыяметр лунак 5-7 см, глыбіня - 1-3 см.
Вера ў цудоўную моц камянёў захавалася да нашых дзён. Спадзеючыся на краязнаўчую ўдачу, я пачаў шукаць сведак, якія захавалі паданні пра дайнаўскі камень. Такім сведкам стала Ядвіга Паўлюкевіч, 1940 года нараджэння, былая жыхарка вёскі Заполле, што ў двух кіламетрах ад былога маёнтка Дайнава. Яна расказала, што яе бацька, Іосіф Казіміравіч (1910 года нараджэння), раззлаваўшыся, ужываў прымаўку: «Адсяку галаву, як курыцы на Дайнаўскім камені». Ён жа, выкарыстоўваючы розныя гаспадарчыя прылады з сасны ці елкі, часта казаў: «Вось у нас растуць грабы, якіх больш нідзе няма, вось гэта дрэва! Мацнейшае за дуб!» Ядвіга Іосіфаўна памятае, што калі ёй было некалькі гадкоў, яе маці Міхаліна (1912 года нараджэння) расказвала казку, у якой людзі танцавалі на вялікім Дайнаўскім камені, але, на жаль, сюжэт гэтай казкі забылася. Яна распавяла, што стары панскі дом знаходзіўся паміж вёскамі Дайнава і Бельскія на выгане. Рэшткі сажалак захаваліся да нашага часу.
* * *
Засталося выехаць і знайсці месца легендарнага Дайнаўскага палаца, што і было зроблена напрыканцы траўня.
Ядвіга Паўлюкевіч паказала падвышэнне, дзе стаяў панскі дом Сангіноў, уся сям'я якіх з'ехала з Дайнавы прыкладна ў 1938 годзе. У першай палове XIX стагоддзя панскі двор, дзе ляжаў камень «Кабыла», належаў гаспадарам Брадоўскім (Brodowski, герба Лада). На расейскай тапаграфічнай мапе сярэдзіны XIX стагоддзя гэты фальварак названы Мазораўшчызнай (на польскай мапе 1929 года - Мазураўшчызна).
Пасля Другой сусветнай вайны ў панскім доме паслядоўна месціліся школа, сельсавет, медыцынскі пункт і дзесьці да канца 60-х гадоў панскі дом быў разбураны. Цяпер на яго месцы стаіць дом фермера, а на месцы фальварка - вялікая фермерская гаспадарка з жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі. З паўночна-заходняга боку ад былога панскага дома захаваліся сажалкі з бачнымі яшчэ землянымі валамі. Грабаў, канешне, ужо няма. Сучасны гаспадар гэтай зямлі, фермер, і не здагадваецца, што ягоная гаспадарка стаіць на месцы, пра якое пісаў Адам Кіркор. Але нават калі Дайнаўскі замак не больш, чым легенда, гэтае месца вартае таго, каб трапіць у турыстычныя даведнікі.

РАДУНЬСКІ ЗАМАК

Самы таямнічы аб'ект для мяне на Лідчыне - Радуньскі замак. Да нашага часу захаваліся велічныя валы. Вось яны і ўражваюць.
Першым пра Радуньскі замак напісаў Міхал Балінскі. Трошкі інфармацыі можна знайсці ў працах дырэктара Віленскага музея старажытнасцей пры канцы ХІХ - на пачатку ХХ стагоддзя Фёдара Пакроўскага. Пісалі пра замак Вандалін Шукевіч, Фрыда Гурэвіч, Георгій Штыхаў, Леанід Побаль і іншыя. Інфармацыя ёсць і ў энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». Аднак яе, на дзіва, няшмат. Вось практычна ўсё, што ўдалося знайсці.
Балінскі ў 3-м томе сваёй «Старажытнай Польшчы» піша: «За чвэрць мілі (2 км - Л. Л.) ад мястэчка (Радунь - Л. Л.), на разлеглым пляцы, каля вёскі Гарадзішча ляжыць вялікі вал, і хаця месцічы называюць яго шведскім, ягоны выгляд і назва вёскі каля яго падказваюць, што гэта старажытнае гарадзішча з часоў да уніі (Люблінскай - Л. Л.)».
Заснавальнік археалогіі нашага краю Вандалін Шукевіч пісаў пра Радуньскае замчышча як пра адно са старажытных гарадзішчаў паўночнай Лідчыны: «У гэтым кутку Лідскага павету ёсць некалькі мясцовасцяў, званых народам: маякі, шведскія акопы, замчышчы і замкі каралевы Боны. Так, напрыклад, каля мястэчка Эйшышкі ёсць гарадзішча, вядомае пад назвай Маяк, другое, званае шведскімі акопамі, ляжыць у наваколлі мястэчка Радунь, пры вёсцы Гарадзішча, трэцяе на беразе возера Пеляса, пры вёсцы Дубічы носіць назву замка каралевы Боны. Чацвёртае, якое знаходзіцца на палях маёнтка Чапялюны (Каняўской воласці), і пятае паблізу фальварка Каняўка (той жа воласці), называюць пілекальніс (гарадзішча)». Шостае гарадзішча паўночнай Лідчыны паводле Шукевіча - «замак каралевы Боны» на беразе возера Ула паблізу вёскі Рудня.
«Гарадзішча каля Эйшышак ляжыць пры зліцці дзвюх рэчак, на паўночным беразе шырокіх балотаў. Валы яго, насыпаныя на раўніне, уяўляюць амаль правільны чатырохкутнік ... вышыні валоў 5 сажняў ... роў вакол валоў, мае 8 сажняў шырыні і 5 глыбіні ... Гарадзішча каля мястэчка Радунь ляжыць ... на беразе шырокага балота, акружанага многімі рэчкамі. Валы насыпаны на раўніне ў чатырохвугольнік. Больш дакладных звестак пра гэта гарадзішча не маецца. ... «Пілекальніс» (замчышча) паблізу фальварка Чапялюны, ляжыць на правым беразе рэчкі Асупка. Само гарадзішча, г. зн. сляды валоў, знаходзіцца на версе натуральнай горкі, да 18 сажняў вышынёй. Валы насыпаны ў два канцэнтрычныя кругі, з якіх унутраны мае 20, а знешні 22 сажні ў дыяметры». Дадам, што Фрыда Гурэвіч пра гарадзішча ў Эйшышках пісала: «У паўночна-ўсходнім куце маецца вежа 20 м дыяметрам, сцяна вежы з камянёў. Рэшта каменнай кладкі прасочваецца ў паўдзённай частцы вала».
У 1890 годзе Шукевіч праводзіў пробныя раскопкі паблізу фальварка Чапялюны. Знайшоў абгарэлыя камяні, пабітыя косткі жывёл, аскепкі грубага глінянага посуду, выдатна адпаліраваны бронзавы кельт (сякеру). Археолаг прыйшоў да высновы, што «беручы пад увагу малы памер ... гэтага гарадзішча, сляды агню... рэшткі жывёл... гара гэтая была месцам, дзе прыносіліся крывавыя ахвяры». Верагодна, Радуньскі замак не быў адзінокі - ён адзін з многіх у гэтым рэгіёне.
А цяпер я падсумую ўсю інфармацыю, якая ёсць пра Радуньскі замак.
Рэшткі замка знаходзяцца на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе ракі Радунька каля вёскі Гарадзішча сучаснага Воранаўскага раёна. Валы чатырохвугольныя, памерам 85х60 м, пляцоўка замка паднята на вышыню да 8 м над далінай ракі, валы маюць вышыню 3-5 м. Валы абкружана ровам глыбінёй 2,5-3 м і шырынёй 6-8 м, памеры рова, верагодна, вызначаны падчас раскопак, бо ўжо ў ХІХ стагоддзі роў быў практычна засыпаны. У паўднёва-ўсходнім вугле валоў да нашага часу бачны ўваход, там месцілася ўязная вежа-брама з пад'ёмным мостам. Гісторыкі лічылі, што аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў: вал, сценыагароджа, вежы. Раскопкі паказваць, што замак мае культурны пласт у 0,4-0,5 м. Фёдар Пакроўскі пісаў, што «унутры вала, па кутах гарадзішча маюцца невысокія ўзвышэнні, відаць, - рэшткі былых пабудоў, што пацвярджаецца таксама багаццем тут цагляных і кафляных абломкаў. Падчас нядаўняга разворвання гарадзішча былі знойдзены згубленыя цяпер старадаўнія манеты, піка і асаблівай формы жалезная сякера, якая знаходзіцца да гэтага часу ў вёсцы Юцюны». Энцыклапедыя ВКЛ удакладняе, што археолагамі была знойдзена кераміка XIV-XVII стагоддзяў, паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзід, сякера, манеты XV-XVII стагоддзяў і іншае.
У XIV-XVII стагоддзях замак быў велікакняскай маёмасцю. Пакроўскі піша, што паводле народнага падання, пераказанага тутэйшым настаўнікам, у Радуньскім замку нейкі час жыла каралева Бона. Як было напісана вышэй, на поўначы Лідскага павета было некалькі «замкаў каралевы Боны». Вандалін Шукевіч адзначаў: «"Замак каралевы Боны" ў Дубічах цяпер невялікі ўзгорак, акружаны валам. Ён узвышаецца на паўднёва-заходнім беразе возера і ракі Пеляса. Нарбут у сваёй "Гісторыі літоўскага народа" выказвае меркаванне, што ў гэтым месцы стаяў паляўнічы палац вялікага князя Вітаўта. Сапраўды, пры праведзеных мною тут раскопках знайшліся перагарэлыя бэлькі, цэгла старадаўняй формы, шмат смецця, вугалю і попелу. Усё дно ракі ў гэтым месцы таксама засыпана смеццем. Кажуць, што нават ляжыць там гармата, якую быццам бы ў ясныя дні рыбаловы бачылі некалькі разоў. Каля "замка" праходзіла дарога - здаецца, з Гародні ў Вільню - і на рацэ быў мост на дубовых палях, сляды якіх існуюць дагэтуль. ... пра "замак каралевы Боны", на беразе возера Ула, паблізу вёскі Рудня - ... дакладных звестак не маю».
Можна выказаць здагадку, што замкі, якія да пачатку XVIII стагоддзя лічыліся «замкамі каралевы Боны», пасля Паўночнай вайны сталі называцца шведскімі валамі (акопамі). З усяго комплексу гарадзішчаў на поўначы былога Лідскага павета на сучаснай тэрыторыі Беларусі знаходзіцца толькі Радуньскі замак. Тым большую гістарычную каштоўнасць ён мае.
Неабходна дадаць, што адзін з лепшых знаўцаў гісторыі Лідчыны, заснавальнік краёвай археалогіі Вандалін Шукевіч лічыў, што так званы замак Боны ў Радуні гэта былы двор старасты, які застаўся з часоў, калі існавала Радуньскае староства.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX