Папярэдняя старонка: Археалогія

Лідская Дайнава 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 06-06-2010,
Крыніца: Наша Слова №22(965), 2 чэрвеня 2010 г.

Спампаваць




Пасля таго, як быў знойдзены палац у Востраве, дзе па версіі Т. Нарбута было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне 1392 г. (гл. "Наша слова" № 806-811, "Гістарычны альманах" Т. 13, 2007 г., і інш.), мяне зацікавіў яшчэ адзін аб'ект каля Ліды, таксама ў старой балцкай Дайнаве, за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Вострава.


Вялікі знаўца нашай гісторыі, Адам Кіркор у "Живописной России" пісаў, што Ліда была сталіцай ўдзельнага княства і з'яўляецца вельмі старажытным паселішчам на мяжы ўласна Літвы, ды славянскіх зямель і дайнаўцаў. Горад займаў значную ролю ў гістарычных лёсах Літвы. Гісторык Кіркор лічыў, што каля Ліды магло існаваць са старажытных часоў ўмацаванне, а князь Гедзімін ужо потым пабудаваў тут замак, разваліны якога ацалелі да нашых дзён. "Ліда ляжыць амаль на мяжы двух плямён, што насяляюць Лідскі ўезд, літоўцаў і чарнарусаў, аддзеленых адно ад другога рэчкаю Дзітвою. Найстаражытнейшая сталіца дайнаўцаў: Дайнава - зараз невялікая вёска. Дайнаўскае княства існавала яшчэ на пачатку ХІІІ стагоддзя ... У Дайнаве захаваўся вялікі камень, які народ называе "кабылкаю", бо, паводле падання, на ім каралі злачынцаў". У кнізе "Черты из истории и жизни Литовского народа" Кіркор дапаўняе гэтую інфармацыю звесткамі пра Дайнаўскі замак: "Горад Ліда пабудаваны на самым рубяжы старажытнай Літвы і плямёнаў славянскіх. Заснаваны ў другой палове XIII стагоддзя, калі ўдзельнае Дайнаўскае княства саступіла месца Лідзе, якая на пачатку, верагодна, была невялікім паселішчам літоўскім". А ў заўвагах да гэтага тэксту ён дае вельмі цікавую інфармацыю: "Дайнава на захад ад Ліды за 10 вёрст (вярста = 1,0668 км - Л.Л.), паблізу ракі Дзітва, зараз маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, у грабах (дрэвах - Л.Л.), якія нідзе паблізу не растуць, у камені вялізарных памераў, на якім па паданні каралі смерцю злачынцаў. Камень гэты называецца і цяпер у простага люду "кабылай" і, мяркуючы па яго месцазнаходжанні, верагодна, ляжаў на плошчы супраць палаца. Княства Дайноўскае межавала з цяперашнімі паветамі: Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім". Інфармацыя пра Дайноўскі замак са спасылкай на Кіркора таксама ёсць у даведніку "Городские поселения в Российской империи" за 1860 г.: "Горад Ліда належыць да найстаражытнейшых літоўскіх паселішчаў. Яго навакольная мясцовасць складала самастойны ўдзел князёў Дайноўскіх, рэшткі палаца якіх захаваліся ў фальварку Дайнава каля Ліды". Тая ж інфармацыя аб Дайнаве прыведзена і ў "Памятной книжке Виленской губернии на 1851 г.". Інфармацыя пра Дайноўскі замак (палац) не была падмацавана пісьмовымі крыніцамі, і таму ў сур'ёзнай навуковай працы "Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. 1893." Ф. Пакроўскі нічога не піша пра замак, а толькі пра былое паселішча і наўпрост указвае на крыніцу інфармацыі - народную памяць: "Паблізу вёскі Дайнова, у цяпер высечаным лесе, ляжыць вялікі ўрослы ў зямлю камень. Месца гэтае сяляне называюць "кабылы", прычым кажуць, што па паданні ў часы дайнаўскага княства на гэтым камені здзяйсняліся пакаранні злачынцаў. Паблізу ад каменя да гэтага часу захоўваюцца сляды паселішча, менавіта: ямы-басейны сажалак і пораслі грабу, якога нідзе больш у наваколлі няма".

Самы выбітны лідскі гісторык і краязнаўца XX ст. Міхал Шымялевіч напісаў пра тое, як закончыўся лёс гэтага сакральнага для паганцаў ка-меня: "Пры вёсцы Бельск за 6 вёрст ад Ліды на полі ляжаў велізарны камень, які звалі "Кабыла". Па паданні на гэтым камені каралі даўней злачынцаў. Магчыма, што тут у старажытнасці збіраліся копныя суды. Камень пабіты мулярамі на пачатку 1905 г.".

Неабходна адзначыць, што Тэадор Нарбут таксама лакалізуе Дайнаўскае княства ў Лідскім павеце "за левым (лідскім -Л.Л.) берагам ракі Дзітва" і лічыць лідскі населены пункт Дайнава, які знаходзіцца паміж Мыто і Лідай цэнтрам княства, пра што піша ў сваіх "Дзеях...". Аднак агульнага меркавання пра лакалізацыю Дайнавы няма. Можна прыгадаць Г. Лаўмянскага які на падставе лакалізацыі тапонімаў граматы Міндоўга 1259 г. зрабіў выснову пра тое, што Дайнаўская зямля знаходзілася паміж Мазурскімі азёрамі і р. Бебжа ці М.П. Барсава, які лічыў што яна знаходзілася ў міжрэччы Верхняга Нёмана і Віліі.


* * *


Святыя камяні былі, напэўна, самым распаўсюджаным аб'ектам пакланення ў насельніцтва Еўропы ва ўсе часы існавання дахрысціянскіх культаў. Пакаранне смерцю на камені павінна мець карані ў балцкай міфалогіі. Звычайна, камяні з назвамі "кабыла", "кравец", "шавец" - гэта грубыя валуны аморфнай формы з неапрацаванай паверхняй. Тое, што валуны размяшчаліся ў паніжаных, забалочаных мясцінах, паблізу вады, і запісаныя народныя паданні, падцвярджаюць, што гэты від культавых камянёў у міфалогіі звязваўся з тытанічным баством (баство, якое ўвасабляе дзікую прыродную моц зямлі, падземнае царства і да т.п.), якое магло ўвасабляцца ў вобразе вала, зрэдку каня ці змея. Гэта баство пасля прыняцця хрысціянства у народнай свядомасці трансфармавалася ў чорта. Засталіся сляды людскога ўшанавання камянёў. Гэта знакі на іх, сляды ахвяраванняў каля іх, уключэнне камянёў у структуру больш складаных і буйных сакральных комплексаў. Звычайна такія сакральныя камяні існавалі парамі. Вядома шмат народных паданняў аб "сямействах" сакральных камянёў. І нашая дайнаўская "кабыла" не была адзінокай. Да сёняшняга часу захаваўся напарнік "кабылы" - камень даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на паверхні гэтага валуна маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных. Дыяметр лунак 5-7 см і глыбіня 1-3 см (Винокуров В.Ф., Дучиц Л.В., Зайковский Э.М., Карабанов А.К. Культовые валуны с рукотворными углублениями.).

Сажалкі былога Дайновскага палаца. на http://maps.google.com, +53° 52' 9.96, +25° 10' 25.21.

Не гледзячы на прыняцце хрысціянства вера ў цудоўную моц камянёў захавалася да нашых дзён. І таму, спадзеючыся, на краязнаўчую удачу, я пачаў шукаць сведкаў, якія захавалі паданні аб дайнаўскім камені. Такім сведкам стала Паўлюкевіч Ядвіга Іосіфаўна (1940 г. н., былая жыхарка вёскі Заполле, 2 км. ад былога маёнтка Дайнава, дзе ляжаў камень "кабыла"). Яна расказала, што яе бацька, Іосіф Казіміравіч (1910 г.н.), раззлаваўшыся ўжываў прымаўку: "Адсяку галаву, як курыцы на Дайнаўскім камені". Ён жа, выкарастоўваючы розныя гаспадарчыя драўляныя прылады з сасны ці ёлкі, часта казаў, што "вось у нас растуць грабы, якіх больш нідзе няма, вось гэта дрэва! Мацней за дуб!". Ядвіга Іосіфаўна памятае, што калі ёй было некалькі гадкоў, яе маці, Міхаліна (1912 г.н.) расказвала казку, у якой людзі танцавалі на вялікім Дайнаўскім камені, але, нажаль, сюжэт гэтай казкі дзіцячая памяць не захавала. Яна распавяла, што стары панскі дом знаходзіўся паміж вёскамі Дайнава і Бельскія на выгане, а рэшткі сажалак захаваліся да нашага часу.

Такім чынам у мясцовых людзей захавалася памяць пра камень, і нават ў XXІ стагоддзі навакольны люд памятае пра сакральны характар каменя, бо відочна, што пагроза адсекчы галаву, "як курыцы на Дайнаўскім камені" - гэта рэха памяці пра месца пакарання, а танцы на камені - нейкіх паганскіх рытуалаў звязаных з урадлівасцю, шлюбам ці гаючымі ўласцівасцямі каменя, бо з цягам часу паганскія міфы перарадзіліся ў народныя казкі.


* * *


Засталося выехаць і знайсці места дзе знаходзіўся легендарны Дайнаўскі палац, што і было зроблена напрыканцы траўня.

Паўлюкевіч Ядвіга Іосіфаўна паказала падвышанае месца дзе стаяў панскі дом Сангіноў, уся сям'я якіх з'ехала з Дайнавы яшчэ прыкладна ў 1938 г. У першай палове XIX ст. панскі двор, дзе ляжаў камень "Кабыла" належаў гаспадарам Брадоўскім (Brodowski, герба Лада). На расейскай тапаграфічнай мапе сярэдзіны XIX гэты фальварак названы Мазораўшчызнай (на польскай мапе 1929 г. - Мазураўшчызна).

Пасля Другой Сусветнай вайны у панскім доме паслядоўна месціліся школа, сельсавет, медыцынскі пункт і дзесьці да канца 60-х гадоў ХХ ст. панскі дом быў разбураны.

Зараз на месцы панскага дома стаіць дом фермера а на месцы фальварка - вялікая фермерская гаспадарка з жылым домам і гаспадарчымі па-будовамі. З паўночна - заходняга боку ад былога панскага дома захаваліся сажалкі з усё яшчэ бачнымі землянымі валамі. А грабаў канешне ужо даўно няма. Тым не менш праз 150 гадоў пасля таго, як гэта месца апісаў Адам Кіркор, усё яшчэ бачны дэталі штучнага рэльефу.

Сучасны гаспадар гэтай зямлі фермер і не здагадваецца, што ягоная гаспадарка стаіць на месцы, пра якое пісаў Адам Кіркор, і нават, калі Дайнаўскі замак - не больш, чым легенда, гэтае месца Лідчыны вартае таго, каб б трапіць у турыстычныя даведнікі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX