Самы таямнічы аб'ект для мяне на Лідчыне - Радуньскі замак. Да нашага часу захаваліся велічныя валы замка, якія робяць вялікае ўражанне і прымушаюць да пошукаў інфармацыі аб ім.
Першым пра Радуньскі замак напісаў Міхал Балінскі. Трошкі інфармацыі можна знайсці ў працах дырэктара Віленскага музея старажытнасцяў пры канцы ХІХ - на пачатку ХХ ст. Пакроўскага Ф. В. Пісаў пра замак Вандалін Шукевіч, пісалі гісторыкі ХХ ст. Гурэвіч Ф. Д., Штыхаў Г. В., Побаль Л. Д. і іншыя. Інфармацыя пра замак ёсць ў 2-м томе энцыклапедыі "Вялікае Княства Літоўскае". Аднак інфармацыі надзіва няшмат, і ў гэтым невялічкім артыкуле будзе выкарыстана практычна ўсе, што ўдалося знайсці.
Балінскі ў 3-м томе сваёй "Старажытнай Польшчы" піша: "За чвэрць мілі ад мястэчка (Радунь - Л. Л.) , на разлеглым пляцы, каля вёскі Гарадзішча ляжыць вялікі вал, і хаця месцічы называюць яго шведскім, ягоны выгляд і назва вёскі каля яго, падказваюць, што гэта старажытнае гарадзішча з часоў да уніі (Люблінскай - Л. Л.) ".
Заснавальнік археалогіі нашага краю Вандалін Шукевіч пісаў пра Радуньскае замчышча, як пра адно са старажытных гарадзішчаў паўночнай Лідчыны ў кнізе "Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда" у 1893 г.: "У апісваным кутку Лідскага павету ёсць некалькі мясцовасцяў, званых народам: маякі, шведскія акопы, замчышчы і замкі каралевы Боны. Так, напрыклад, каля мястэчка Эйшышкі ёсць гарадзішча, вядомае пад назвай Маяк, другое, званае шведскімі акопамі ляжыць у наваколлі мястэчка Радунь, пры вёсцы Гарадзішча, трэцяе на беразе возера Пеляса, пры вёсцы Дубічы носіць назву замка каралевы Боны. Чацвёртае, якое знаходзіцца на палях маёнтка Чапялюны (Каняўской воласці) і пятае паблізу фальварка Каняўка (той жа воласці), называюць пілекальніс (гарадзішча)". Шостае гарадзішча паўночнай Лідчыны па Шукевічу - «замак каралевы Боны» на беразе возера Ула паблізу вёскі Рудня.
"Гарадзішча каля Эшышак ляжыць пры зліцці дзвюх рэчак, на паўночным беразе шырокіх балотаў. Валы яго, насыпаныя на раўніне, уяўляюць амаль правільны чатырохкутнік ... вышыні валоў 5 сажняў ... роў вакол валоў, мае 8 сажняў шырыні і 5 глыбіні .... Гарадзішча каля мястэчка Радунь ляжыць ... на беразе шырокага балота, акружанага многімі рэчкамі. Валы насыпаны на раўніне ў чатырохвугольнік. Больш дакладных звестак пра гэта гарадзішча не маецца. ... «Пілекальніс» (замчышча) паблізу фальварка Чапялюны, ляжыць на правым беразе рэчкі Асупка. Само гарадзішча, г. зн. сляды валоў, знаходзіцца на версе натуральнай горкі, да 18 сажняў вышынёй. Валы насыпаны ў два канцэнтрычныя кругі, з якіх ўнутраны мае 20, а знешні 22 сажні у дыяметры". У 1890 г. Шукевіч праводзіў пробныя раскопкі паблізу фальварка Чапялюны. Ён знайшоў абгарэлыя камяні, пабітыя косткі жывёл, аскепкі глінянага посуду грубай якасці, бронзавы кельт (сякеру) выдатна адпаліраваны. Археолаг прыйшоў да высновы, што «прымаючы пад увагу малы памер ... гэтага гарадзішча, сляды агню... рэшткі жывёл... гара гэтая была месцам, дзе прыносіліся крывавыя ахвяры».
Такім чынам, верагодна, Радуньскі замак не быў адзінокі - ён адзін з многіх старажытных гарадзішчаў.
Зараз я падсумую ўсю інфармацыю, якая ёсць пра Радуньскі замак.
Рэшткі замка знаходзяцца на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе ракі Радунька каля вёскі Гарадзішча сучаснага Воранаўскага раёна. Валы чатырохвугольная, памерам 85 х 60 м, пляцоўка замка паднятая на вышыню да 8 м над далінай ракі, валы маюць вышыню 3-5 м. Валы абкружаная ровам глыбінёй 2,5-3 м і шырынёй 6-8 м., памеры рова, верагодна, вызначаны пад час раскопак, бо ўжо ў ХІХ стагоддзі роў быў практычна засыпаны. У паўднёва - ўсходнім вугле валоў да нашага часу бачны ўваход, там месцілася ўязная вежа - брама з пад'ёмным мастом. Гісторыкі лічылі, што аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў: вал, сцены - агароджа, вежы. Раскопкі паказваць, што замак мае культурны пласт у 0,4-0,5 м. Пакроўскі Ф. у кнізе "Археологическая карта Виленской губернии", Вільня, 1893., пісаў, што "унутры вала, па кутах гарадзішча маюцца невысокія ўзвышэнні, відаць, - рэшткі былых пабудоваў, што пацвярджаецца таксама багаццем тут цагляных і кафляных абломкаў. Падчас нядаўняга разворвання гарадзішча былі знойдзены, згубленыя цяпер старадаўнія манеты, піка і асаблівай формы жалезная сякера, якая знаходзіцца да гэтага часу ў вёсцы Юцюны". Энцыклапедыя ВКЛ удакладняе, што археолагамі была знойдзена кераміка 14-17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15-17 ст. і інш.
У XIV - XVII ст. замак быў велікакняскай маёмасцю. Пакроўскі піша, што паводле народнага падання, пераказанага тутэйшым настаўнікам, перад тым як з'ехаць у Белавежскую пушчу, у Радуньскім замку нейкі час жыла каралева Бона. Як было напісана вышэй, на поўначы Лідскага павету было некалькі "замкаў каралевы Боны". Вандалін Шукевіч пісаў: "Замак каралевы Боны" ў Дубічах зараз невялікі ўзгорак, акружаны валам. Ён ўзвышаецца на паўднёва-заходнім беразе возера і ракі Пеляса. Нарбут ў сваёй "Гісторыі літоўскага народа" выказвае меркаванне, што ў гэтым месцы стаяў паляўнічы палац вялікага князя Вітаўта. Сапраўды, пры праведзеных мною тут раскопках, знайшліся перагарэўшыя бэлькі, цэгла старадаўняй формы, шмат смецця, вугалю і попелу. Усё дно ракі ў гэтым месцы таксама засыпана смеццем. Кажуць, што нават ляжыць там гармата, якую быццам бы ў ясныя дні рыбаловы бачылі некалькі разоў. Каля «замка» праходзіла дарога - здаецца з Гародні ў Вільню - і на рацэ быў мост на дубовых палях, сляды якіх існуюць дагэтуль. ... пра «замак каралевы Боны», на беразе возера Ула, паблізу вёскі Рудня - ... дакладных звестак не маю."
Можна выказаць здагадку, што гэтыя замкі ў народнай памяці лічыліся "замкамі каралевы Боны" да пачатку XVIII стагоддзя, пасля ж Паўночнай вайны сталі шведскімі валамі (акопамі). А да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў людской прамяці захоўваліся абедзве назвы. З усяго комплексу гарадзішчаў на поўначы былога Лідскага павету на сучаснай тэрыторыі Беларусі знаходзіцца толькі Радунскі замак. Тым большую гістарычную каштоўнасць ён мае.