Папярэдняя старонка: Археалогія

Каменныя магілы Лідчыны 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 06-11-2010,
Крыніца: Наша Слова № 28 (971) 15 ліпеня 2010 г.

Спампаваць




З таго нешматлікага, што засталося старажытных часоў на Лідчыне найбольш уражваюць каменныя магілы і камні-следавкі.

Піваварчык С. і Семянчук Г. у кнізе "Археалогія Беларусі" (1996. Ч.2. С.31-32.) пішуць: "У ХІ ст. замест пахаванняў у каменных курганах прыходзяць каменныя грунтовыя магілы, якія з другой паловы ХІІІ ст. становяцца пануючымі ў Верхнім Панямонні і Сярэднім Пабужжы. У адрозненні ад курганоў каменныя магілы не вылучаюцца над паверхняй. Вензаўшчына, урочышча 'Барок' ці 'Перунова гара'. Гэта круглыя, авальныя альбо прамавугольныя ў плане збудаванні, якія трохі ўзвышаюцца над зямлёй. Асаблівасцю каменных магіл з'яўляецца наяўнасць каменнай кладкі, якую рабілі з камянёў над кожным пахаваннем у адзін, вельмі рэдка - два слаі. Памеры кладак вагаюцца ад 3,2 х 1,3 х 0,25 м да 1,9 х 1,8 х 0,2-0,3 м. У галавах пахаванняў, а часам і насупраць у нагах ставіліся вялікія валуны, падпраўленыя пад трохвугольнікі вышынёй да 1-1,2 м. На гэтых камянях часта выбіты крыжы і крыжападобныя знакі, выявы птушак і звяроў, прылады працы і іншыя знакі. Для каменных могільнікаў выбіралі месца на пагорках з сухім пясчаным грунтам. Колькасць пахаванняў у іх розная: ад 15-20, да 150-200, а ў сярэднім -60 -100. Магілы размяшчаюцца няроўнымі шэрагамі ў кірунку з паўночна-ўсходняга на паўднёва-заходні альбо наадварот як напрыклад у Вензаўшчыне сучаснага Шчучынскага р-на.

Пахавальны абрад у каменных магілах - трупапалажэнне ў чатырохвугольнай яме з закругленымі кутамі і звужанай доннай часткай (даўжынёй 1,8 - 2 м, шырынёй 0,5 - 0,8 м і глыбінёй 0,5 - 1,3 м). Нябожчыка абстаўлялі з усіх бакоў дошкамі, якія часам мацавалі драўлянымі цвікамі. Зрэдку хавалі без дамавін. Як правіла, памерлых хавалі на спіне ў выцягнутым стане, адзначаныя пахаванні на левым ці правым баку з'яўляюцца падзахаваннямі. Галавой шкілеты арыентаваныя на поўдзень, паўднёвы захад ці паўднёвы ўсход, поўнач, паўночны захад ці паўночны ўсход, зрэдку на захад. Вялікая разнастайнасць назіраецца і ў размяшчэнні рук: скрыжаваныя на грудзях, выцягнутыя ўздоўж тулава, складзеныя на жываце, левая рука на локце правай, правая - на левым плячы і інш. У кожнай магіле звычайна знаходзіўся адзін касцяк, але сустракаюцца два-тры і нават чатыры". Месца лакалізацыі каменных магіл - Нёманска-Вілейскае міжрэчча.


Гістарычная Лідчына багатая на каменныя магілы, вывучэнне іх пачалося ў канцы ХІХ ст. раскопкамі В. Шукевіча і Э. Вальтэра. Гэтыя даследчыкі у межах былога Лідскага павету даследавалі больш за 400 магіл.

Два пахаванні маюцца каля вёскі Вензаўшчына. Адно ў 0,1 км на захад на пад'ездзе да вёскі (XIII-XIV стст.), другое (X-XV стст.) ў 80 м на паўднёвы захад ад вёскі на прыгожым узгорку (вераемна пра гэты ўзгорак пішуць Л. Дучыц і У. Лобач ў энцыклапедычным слоўніку-даведніку пад рэдакцыяй С. Санькo "Беларуская міталёгія" што ён мае назву "Перунова гара"). У 1-м могільніку адзначаны пахаванні трупа-палажэннем галавой на захад у ямах і амаль кожны нябожчык быў сярод дошак. У 2-м могі-льніку (на пагорку) хавалі ўжо галавой на поўдзень і на паўднёвы захад (тут ёсць і трупаспаленне, і пахаванне ў дамавінах так сама сустракаюцца больш познія пахаванні на месцы ранейшых).

У канцы 1889 г. Вальтэр зрабіў раскопкі 19 старажытных магіл. Ф. Пакроўскі пісаў (Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С.109.): "…быў знойдзены арыгінальны спосаб пахавання, так як над касцякамі і над пластом пяску сустракаюцца надмагільныя вогнішчы і вуглі. У гэтых магілах знойдзены наступныя прадметы: бронзавы ключ з рэшткамі раменьчыка для нашэння гэтага ўпрыгажэння на грудзях; розныя галаўныя ўборы, якія складаюцца з бронзавых пласцінак; 2 нараменнікі (рамена - плячо, заўвага Л. Л.); 2 бранзалеты; да 10 масіўных бронзавых пярсцёнкаў; адзін крыжык, які насілі разам з шклянымі каралямі, званочкамі і шамкамі; жалезныя ножыкі; паясныя кольцы; спражкі; адну сякеру і адну дзіду; срэбныя шарыкі на бронзавым дроце, якія служылі вушнымі ўпрыгожваннямі".

У адной з магіл быў знойдзены павалены гаршчок і сасуд каля галавы нябожчыка, у іншай - міса, у могільніку на пагорку - грошы ВКЛ. (Гл: Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. С.39-42.)

Цікава, што прыехаўшы ў Вензаўшчыну, ўдалося ўдакладніць месца дзе раней знаходзіўся Глушнянскі базыльянскі кляштар. Бо Вандалін Шукевіч пісаў, што каменныя магілы тут знаходзяцца ва ўрочышчы Ганчары каля вёскі Глушні і недалёка ад ўрочышча Манастыршчына і Царкоўшчына, прычым базыльянскі кляштар знаходзіўся ва ўрочышчы Манастыршчына а царква (верагодна пры кляштары) ў урочышчы Царкоўшчына. Людзі мне расказвалі, што ў гэтых ўрочышчах, проста ў лесе, былі старыя хрысціянскія магілы з помнікамі. Можа гэта былі рэшткі манастырскіх могілак?

Жыхары вёскі кажуць, што нейкія людзі капаюць тут увесь час.


Паблізу м. Нача, на палях ваколіцы Пузелі знаходзяцца старадаўнія могілкі, якія ў 1885 г. даследаваў Шукевіч сумесна з Вальтэрам (зараз вёска Пузелі, каменныя магілы ў 0,7 км на поўдзень ад вёскі). Яны раскапалі 8 магіл, пры чым пры мужчынскіх касцяках былі сякеры і крэсалы а пры жаночых - разнастайныя бронзавыя ўпрыгожанні, акрамя звычайных пярсцёнкаў і завушніц былі бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі і шкляныя пацеркі рознай велічыні. У Пузельскіх магілах былі знойдзеныя арыгінальныя бронзавыя ключы-падвескі і два літоўскія дынары. Усе пахаванні мелі сцены выкладзеныя камянямі ад дна да верху. Зверху магілу пакрывалі каменныя муроўкі авальнай формы з вялікімі камянямі ў галавах (Гл: Пакроўскі Ф. Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С. 107.).

Т. Нарбут таксама згадвае аб раскопках ў яго прысутнасці адной каменнай магілы ў Начы, тут былі знойдзеныя адна цэлая каменная сякера і два абломкі сякеры (Dziei… T.1. S. 369.)


Не даязджаючы да вёскі Пашкавічы з боку Ліды (Воранаўскі р-н, 0,3 км на поўдзень ад вёскі) ў лесе пры дарозе ёсць каменны могільнік XIII-XV стст.

Ёсць каменыя магілы і каля вёскі Беліца. У 1981 г. тут было выяўленае пахаванне мужчыны з часткамі каня, што размяшчаліся зверху, на магіле. Археолаг Ала Квяткоўская лічыць што гэта пахаванне заталося ад прусаў (борцей), якія былі вымушаны ўцякаць на нашыя землі ад Тэўтанскага ордэна. На карысць прускай прыналежнасці беліцкага могільніка, які датуецца канцом XVI-XVII стст., можа сведчыць тое, што, значная частка маёнтка Ліпічны над Нёманам на поўдзень ад Жалудка, узнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў. Уладанні гэтыя, з прычыны безнашчадкавай смерці Станіслава Андрэевіча Давойны, полацкага ваяводы, перайшлі да караля Жыгімонта Аўгуста, які памяняў іх у 1567 г. на Індуру, уласнасць князя Мікалая Радзівіла. У 1572 г. пры смерці кароль Аўгуст са складу ваяводства Панёманскага выдзяліў вёскі: Вялікія й Малыя Буцілы, а таксама Панямунцы, і землі гэтых вёсак з людзьмі, жонкамі і іхнімі дзецьмі падараваў ва ўладанне князю Юрыю Радзівілу. Гэтая зямля разам з усімі нявольнікамі, уцекачамі, а таксама і набытая князем Радзівілам, утварылі маёнтак Андрушоўшчыну над Нёманам, які потым належаў радзівілаўскаму ключу Беліца (Квяткоўская Ала. Да пытання пра прусаў - перасяленцаў на тэрыторыі Беларусі ў Сярэднявеччы).


Каля в. Апонаўцы (Воранаўскі р-н, 0,5 км на поўнач ад вёскі) ёсць могільнік XIII - пачатак XV ст. Ф. Пакроўскі (Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С. 106,108.) пісаў, што магілы гэтыя вядомыя ў народзе пад назовам "татарскія могілкі". Яны маюць выгляд невялікіх насыпаў выкладзеных з камянёў авальнай ці круглай формы. У магіл авальнай формы амаль заўсёды ў адным або ў абодвух канцах стаяць вялікія, абчэсаныя валуны, што, здаецца і было нагодай назваць гэтыя магілы "татарскімі". На ўсіх падобных могілках назіраецца аднолькавы абрад пахавання. Нябожчыкаў клалі на дне ямы 0,8-1,2 м глыбінёй, без усялякай падсцілкі, галавой на захад, тварам уверх, з рукамі, скрыжаванымі на грудзях, на жываце, ці выцягнутымі ўздоўж сцёгнаў. Каля нябожчыка клалі звычайна усё тое, што насілася ці ўжывалася калі ён быў жывы. Магілы жанчын маюць шмат усякага роду ўпрыгожванняў з бронзы, з нейкага белага металу (так у Пакроўскага - Л. Л.) ці з срэбра. У ліпені 1889 г. Вальтэр пры вёсцы Апонаўцы раскапаў 21 магілу і знайшоў розныя ўпрыгожванні з бронзы (крыжык, розныя завушніцы, бляшкі і г.д.) і прадметы з жалеза (спражкі, 1 сякеру і г.д.). Пры касцяках былі: 1) абломак пражскага гроша XIII ст., 2) дынары Аляксандра Ягелончыка, 3) дынары з славянскім надпісам «печать» на адным баку, і з малюнкам - дзідай з крыжам на другім. Манеты гэтыя знаходзіліся разам з красалам і крэменем і ляжалі па правы бок ад галавы нябожчыка.


Па пытанні этнічнай прыналежнасці насельніцтва, якое пакінула каменныя могільнікі, існуюць два пункты гледжання. Напрыклад В. Шукевіч, Э. Вальтэр, А. Квяткоўская, лічылі іх помнікамі яцвягаў а А. Спіцын, В. Сядоў, Ф. Гурэвіч помнікамі нашчадкаў таксама яцвягаў, але ўжо славяназаваных (Гл: Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.33.).


На гістарычнай Лідчыне захаваліся яшчэ каля дзесятка каменных магіл якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX