Вярнуцца: Архітэктура

Лідскія брандмуры Brandmauers-houses in Lida city


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 16-10-2001,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 14.



У Лідзе маецца больш двух дзесяткаў будынкаў сваеасаблівай архітэктуры: увесь дом драўляны, а адна сцяна мураваная. Гэтую сцяну тутэйшыя людзі называюць брандмурам. У літаратуры гэтыя сцены называюцца брандмаўэрамі. Успаміну пра брандмуры няма ні ў адной беларускай энцыклапедыі, няма ні ў падручніках па архітэктуры ні ў кнігах па гісторыі архітэктуры. Разам з тым брандмур, нягледзячы на яго прастату, - важны і арыгінальны элемент гарадской забудовы. Брандмуры захаваліся ў многіх гарадах Беларусі (Менск, Горадня, Наваградак і інш.). Лідскі комплекс брандмуроў не з'яўляецца нечым унікальным,але ён ўяўляе сабой выдатную ілюстрацыю да тэмы гарадскога будаўніцтва канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Адметнасць лідскіх брандмуроў у іх даступнасці і нагляднасці, іх шмат, размешчаны яны па ўсяму гораду, але сканцэнтраваны ў асноўным у трох раёнах горада: Зарэчча, Слабада, вул. Свярдлова і добра захаваліся. На сёння комплекс лідскіх брандмуроў выклікае безумоўную цікавасць. Тут мы можам назіраць усе асноўныя тыпы брандмуроў: брандмуры драўляных прыватных дамоў (класічныя, а, таксама з комінамі ўнутры), мураваныя будынкі з брандмурамі для аховы толькі страхі, драўляных склады у раёне вакзала з унутранымі брандмурамі і інш.

З узнікненнем паселішчаў людзей узнікла і небяспека пажараў. У залежнасці ад тыпу гэтых паселішчаў небяспека пажараў была большая ці меншая. Пажарабяспечнасць паселішчаў залежала ад будаўнічага матэрыялу, які скарыстоўваўся ў паселішчы, ад шчыльнасці размяшчэння пабудоў і ад мераў бяспекі ў абыходжанні з агнём.

З узбуйненнем паселішчаў і развіццём у гарады пажары сталі для іх сапраўднай бядой. Летапісы і хронікі забітыя паведамленнямі пра пажары якія адбываліся амаль кожны год. Людзі даволі хутка зразумелі, што не дапусціць распаўсюджаня пажару, магчыма, яшчэ важней, чым не дапусціць яго ўзнікнення.

Недапушчэнне распаўсюджання пажару магчымае шляхам прафілактычных мераў і шляхам тушэння. Паколькі ў старажытнасці магчымасці па тушэнні пажараў былі вельмі нязначныя і непараўнальныя з неабходнымі для ўтаймавання стыхіі агню, то на ранніх этапах гарадскога будаўніцтва асноўная ўвага ўдзялялася прафілактычным мерам. Пакуль гарады належалі каралям і князям, пра гэта дбалі каралі і князі, а калі еўрапейскія гарады атрымалі самакіраванне (магдэбургскае права), то праблема пажарнай бяспекі легла на магістраты гарадоў. Разам з тым каралі таксама не забываліся пра пажарную бяспеку і пры наданні таму ці іншаму гораду магдэбургскага права агаворвалі меры пажарнай бяспекі.

У прыватнасці пры наданні Лідзе Магдэбургскага права (17 верасня 1590 года) вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам ІV Вазай (кароль польскі Жыгімонт ІІІ Ваза) была агаворана, што "… Для бяспекі ад агню соладавы і піўзаводы павінны будавацца з боку ад горада. Для той жа бяспекі ад агню абавяз-ковым усіх і кожнага асобна гараджан, каб муравалі і добра аздаблялі коміны". "...Для бяспекі лазня павінна быць пабудавана ў баку ад горада і не адзін жыхар не мае права будаваць уласную лазню каля свайго дома, але мы пастанавілі, што павінна быць толькі адна агульная лазня".

Аналагічныя запісы былі ў прывілеях іншым гарадам, а таксама ў розных дакументах магістратаў. Разам з тым асобнага супрацьпажарнага заканадаўства ў Вялікім Княстве Літоўскім не было. Нават апошні Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года не прадугледжвае ніякіх мераў па недапушчэнню пажараў. Усе "пажарныя" артыкулы Статута абмяжоўваюцца ўстанаўленнем парадку кампенсацыі стратаў, якія ўзнікаюць у выніку наўмыснага падпалу і ненаўмыснага пажару. Не было асобнага пажар-нага заканадаўства і ў першай Рэчы Паспалітай да канца яе існавання і ўваходжання беларускіх зямель у склад Расейскай імперыі.

У Расеі пры яе агульным больш высокім гра-мадскім бязладдзі пажары былі яшчэ горшым бічам, чым у Еўропе. Масква часткова ці цалкам выгарала 60 разоў. У 1495 годзе быў выдадзены ўказ пра знос драўляных пабудоваў, якія знайходзіліся на адлегласці менш 100 сажняў (213 м) ад сценаў Маскоўскага крамля.

У Еўропе з 15-га стагоддзя, у ВКЛ з 16-га пачалі ўводзіцца абмежаванні на будаўніцтва ў гарадах драўляных дамоў. У Маскве спробы спыніць будаў-ніцтва драўляных дамоў, зрабіць шырыню вуліц 12 сажняў (1 сажань - 2,1336 м) і завулкаў 6 сажняў рабілася ў 17-стагоддзі. Пётр І забараніў будаўніцтва драўляных дамоў у Пецярбургу (пачатак 18-га стагоддзя). Разам з тым дрэва было найбольш танным і даступным будаўнічым матэрыялам. Магістраты еўрапейскіх гарадоў, асабліва паўночна-германскіх, галандскіх, дацкіх, польскіх не маглі забараніць ужывання дрэва ў будаўніцтве. Але цесната еўрапейскіх гарадоў і вялікая пажаранебяспечнасць патра-бавалі прыняцця жорсткіх мераў. У 17-м стагоддзі шырокае распаўсюджванне атрымоўваюць бранд-муры (брандмаўэры, ням. Brandmauer ад Brand - пажар і Mauer - мур, мураваная сцяна), мураваныя сцены, прызначаныя для раздзялення сумежных памяшканняў аднаго будынка, або двух сумежных будынкаў з мэтай перашкодзіць распаўсюджанню пажару. Лічылася, што каменная сцяна павінна перашкодзіць перакідванню агню з аднаго будынка на другі. Каб павысіць эфектыўнасць брандмуроў іх рабілі так, каб брандмур значна перавышаў страху дома па вышыні, а таксама выступаў за плоскасці сценаў.

Масава брандмуры з'явіліся ў нашых гарадах даволі позна. На тэрыторыю ВКЛ Магдэбургскае права прыйшло ў 1387 г. Большасць беларускіх гарадоў была на гэты час драўлянай. Гарады былі невялікія, значная частка іх не мела гарадскіх сценаў. Цесната не была крытычным фактарам. Прынамсі прывілеі на Магдэбургскае права 15-га і 16-га стагоддзяў не адлюстроўваюць праблемы гарадской цеснаты.

У сярэдзіне 17-га стагоддзя большасць беларускіх гарадоў была спалена ў ходзе вайны з Расеяй, паўторна значная частка гарадоў была спалена ў час Паўночнай вайны (пачатак 18-га стагоддзя). Таму праблема цеснаты (шчыльнасці засялення) ў беларус-кіх гарадах пачала ўзнікаць з сярэдзіны 18-га стагоддзя. З гэтага часу супрацьпажарная бяспека становіцца важнай праблемай гарадскога жыцця. У гэты час і ў Рэчы Паспалітай і ў Расеі пачынаюць уводзіцца розныя супрацьпажарныя меры, у тым ліку і прапрацоўваецца пытанне мінімальных адлегласцяў паміж дамамі і, як выйсце, ўводзяцца брандмуры паводле ўзору германскіх гарадоў. Але паколькі пажарнага заканадаўства не існавала, то ніякага цэнтралізаванага ўводу брандмуроў не было. Гэта маглі рабіць магістраты гарадоў самі па сабе.

Пасля далучэння да Расейскай імперыі паступова былі забыты прывілеі Вялікіх князёў, а ў 1840 годзе канчаткова перастаў дзейнічаць Статут ВКЛ. Гэта дало магчымасць мяшчанам зусім не выконваць супрацьпажарныя меры.

Пажар 23 жніўня 1842 года ў Лідзе ўзнік, мена-віта, з-за перагрэву печы ў яўрэйскай лазні. (У адпаведнасці з прывілеем Жыгімонта ІV прыватныя лазні не дапускаліся, а агульная павінна была быць у баку ад горада). Хоць пажары ў Лідзе здараліся і раней, але гэты быў значна буйнейшы. У выніку пажару згарэў касцёл піяраў, школьны двор, частка дамоў каля рынкавай плошчы і ўздоўж Віленскай вуліцы 43 дамы, паводле іншых звестак згарэла 80 яўрэйскіх дамоў і 40 хрысціянскіх, згарэла павятовая драўляная паштовая кантора.

7 кастрычніка 1891 года ў Лідзе здарыўся яшчэ больш грандыёзны пажар. Згарэла 3/5 горада, практычна ўся цэнтральная частка, каля 400 дамоў і каля 600 гаспадарчых пабудоваў. Пасля гэтага пажару новая забудова Ліды ішла з улікам патрабаванняў пажарнай бяспекі Расейскай імперыі.

Як ужо было сказана спецыяльнага пажарнага заканадаўства ў Расейскай імперыі не было. Арты-кулы аховы ад пажараў былі раскіданы па мноству розных законаў. Толькі ў 1914 годзе іх сабралі ў "Сборникъ законовъ о противопожарныхъ мерахъ в Империи". Большага зрабіць не паспелі. "Згарэла" сама імперыя.

Парадак забудовы гарадоў Імперыі вызначаўся "Городовым положением" і будаўнічымі статутамі. Першы "Строительный устав" (папярэднік сучасных будаўнічых норм і правілаў быў апублікаваны ў 1832 годзе.

Пазней будаўнічыя статуты перавыдаваліся ў 1874, 1881, 1900 гадах.


Вытрымка з "Устава стоительного…" 1874 г.

"Правілы аб прыватных будынках у гарадах".

Аддзяленне другое.

Аб правілах для прыватных пабудоваў у гарадах і аб адказнасці гаспадароў за парушэнне гэтых правілаў.

І. Аб правілах агульных для прыватных пабудоваў.

352. Мураваную пабудову дазваляецца рабіць суцэльную без разрываў, з назіраннем толькі, каб на гарышчах у даху былі брандмаўэры, якія аддзяляюць дах ад суседняга, і каб на вялікіх дамах даўжынёю больш дванаццаці сажань было, гледзячы на прасто-ры, па некалькі брандмаўэраў на капітальных сценах.

Заўвага 1. Пад брандмаўэрам разумеецца камен-ная суцэльная сцяна без дзвярэй і вакон, якая некалькі перавышае страху дома…

361. (на прац. 1863). Драўляныя пабудовы павінны быць размешчаны з захаваннем чатырох-сажневага разрыву (8,5 м) ад левай мяжы двара і двухсажневага разрыву ад задняй мяжы. Жылыя і нежылыя драўляныя пабудовы акрамя фабрычных, павінны быць даўжынёю не больш дванаццаці сажань.

Заўвага. Правілы,выкладзеныя ў гэтым артыкуле прыводзяцца ў выкананне паступова, толькі пры дазволе новых пабудоваў, і таму папраўка (рамонт) існых будынкаў, размешчаных без адпаведнасці гэтым правілам, не падпадае пад абмежаванні. Будаўніцтва драўляных будынкаў на мяжы ўладання, але з тым, каб пры гэтых будынках будаваліся брандмаўэры (арт. 352, заўв.1) да боку сумежнага ўладання, можа быць дазволена толькі ў кварталах існых; у кварталах жа новых, ці яшчэ незабудаваных, ці зусім выгараўшых, драўляныя пабудовы павінны будавацца з захаваннем правіла, выкладзенага ў гэтым артыкуле".

У "Статуце будаўнічым…" 1881 года артыкул 352 перапісаны слова ў слова. Артыкул 361 таксама перапісаны, але ў заўвагу ўнесены дадатак:

"… 1) Пабудова драўлянага дома раней за пабудову брандмаўэра, складае парушэнне статута будаўні-чага. (Раш. прым.нас.дэп.1867 г. №24, Бендэрскага).

2) Пры адсутнасці ў законе вызначэння таго, якой таўшчыні каменная сцяна прызначаецца брандмаўэрам, - пытанне гэтае, як тое, што патрабуе спецыяльных ведаў, павінна быць развязана судом не інакш, як пры ўдзеле экспертаў. (Раш.прым.нас.дэп., 1874 г., за № 572, Тагунова)". Артыкул 199 "Статута будаўнічага..." 1990 года слова ў слова паўтарае артыкул 361 папярэдніх статутаў. Заўвага паўторана са статута 1874 года.

Забудова Ліды пасля пажару 1891 года ішла згодна з расейскімі будаўнічымі статутамі 1881 і 1900 гадоў.

Як відно, у статутах не прапісаны строгія нормы для брандмуроў. Але ў нейкіх дакументах яны існавалі, таму што ў сваім канчатковым праяўленні яны дайшлі да нас у выглядзе "Супрацьпажарных нормаў праектавання будынкаў і пабудоваў", зацвер-джаных пастановай Дзяржбуда СССР ад 18 снежня 1980 г. № 196. У "Нормах…" запісана:

"3.2. Супрацьпажарныя сцены (брандмуры, рэд.) павінны абапірацца на фундаменты ці фундаментныя бэлькі, узводзіцца на ўсю вышыню будынка ці забудаван-ня і раздзяляць канструкцыі (перакрыцці, пакрыцці, ліхтары і інш.). Пры гэтым супрацьпажарныя сцены павінны ўзвышацца над страхой на 60 см, калі хаця б адзін з элементаў пакрыцця, за выключэннем страхі, ці апорныя канструкцыі дахаў выкананы з гаручых матэрыялаў, і на 30 см, калі ўсе элементы пакрыцця, за выключэннем страхі, або апорныя канструкцыі дахаў выкананы з цяжкагаручых і негаручых матэрыялаў. Супрацьпажарныя сцены могуць не ўзвышацца надстрахой, калі ўсе элементы пакрыцця і дахаў, за выключэннем страхі, выкананы з негаручых матэрыялаў.

3.4. Супрацьпажарныя сцены ў будынках з вонка-вымі сценамі з гаручых і цяжкагаручых матэрыялаў павінны выступаць за плоскасць вонкавых сцен, за карнізы і звесы дахаў на 30 см.

3.5. Супрацьпажарныя сцены павінны разлічвацца на ўстойлівасць з улікам магчымасці аднабаковага абрушвання перакрыццяў, пакрыццяў і іншых кан-струкцый будынкаў і збудаванняў пры пажары.

3.6. У супрацьпажарных сценах дапускаецца рабіць вентыляцыйныя і дымавыя каналы так, каб у месцах іх размяшчэння мяжа агнястойкасці супраць-пажарнай сцяны з кожнага боку канала быў не менш 2.5 ч."

Як было сказана, гэта савецкія нормы 1980 года. Але ў лідскіх брандмурах рэалізаваныя параметры, якія дакладна адпавядаюць гэтым нормам. У боль-шасці лідскіх дамоў з брандмурамі брандмур узвы-шаецца над страхой на 60 см і выступае за сцяну на 30 см.

Лідскія дамы з брандмурамі будаваліся як да рэвалюцыі, так і пры Польшчы. Параметры бранд-муроў эдэнтычныя. З гэтага можна зрабіць выснову, што і пры Польшчы ў 1920-1939 г.г. былі ўзяты за аснову нормы Расейскай Імперыі. І не будзе нічога дзіўнага, калі такія ж параметры для брандмуроў мы знойдзем і ў сучасных польскіх будаўнічых нормах. (Нажаль польскага будаўнічага статуту пакуь што проста не ўдалося знайсці).

Брандмуры будаваліся з цэглы, або цэментна-пясчаных блокаў (пустакоў). Унутры некаторых брандмуроў праходзілі коміны. Так як і зараз пра-дугледжана ў "Нормах... "(Савецкая, д.№ 28в,31б). Праўда, польскія ўлады ў 1920-1939 г.г. у індывідуальным плане дапукалі адхіленні ад нормаў. Так адзін яўрэй (сучасны адрас: вул. Горкага, д. 106) зажадаў зрабіць у брандмуры вокны. Улады дазволі-лі, але запатрабавалі, каб аконныя шуфляды і рамы былі стальныя, што і было рэалізавана. У адпаведнас-ці з сучаснымі нормамі любы матэрыял пры будаўніц-тве можа быць заменены сталлю, без дальнейшых да-зволаў і ўзгадненняў. На замену іншымі матэрыяламі патрэбна спецыяльнае экспертнае заключэнне. Іншыя вокны, якія зараз ёсць у лідскіх брандмурах, прабіты ўжо пры савецкай ўладзе, калі прафілактычныя супрацьпажарныя меры пры гарадскім будаўніцтве адышлі на другі план, а асноўная ўвага ўдзялялася сродкам тушэння пажараў і непазбежнаму пры гэтым гераізму. На практыцы пра брандмуры ў значнай ступені проста забыліся, хаця, як бачна, у адпаведных будаўнічых дакументах пра іх прадаўжаюць пісаць да гэтага часу.

Прапанаваны матэрыял не прэтэндуе на паўнату раскрыцця тэмы, а хутчэй з'яўляецца запрашэннем да вывучэння яшчэ адной старонкі нашага гарадскога будаўніцтва. А лідскія брандмуры аказваюць гісторы-кам і дадатковую паслугу. Паколькі брандмуры будаваліся толькі ў гарадах, то зараз па іх наяўнасці мы можам даволі дакладна гаварыць пра межы горада. Не абавязкова што мяжа горада праходзіла каля апош-няга брандмура, але абавязкова, што дом з брандмуром - гэта гарадскі дом, таму і па Свярдлова, і па Энгельса, і па генерала Бяды, і па Крылова брандмуры - даволі дакладна делемітуюць межы перадваеннай Ліды.


Літаратура:

1. Статут Вялікага Княства Літоўскага, 1588. Тэксты. Даведнік. Каментары. Мінск. Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1989.

2. Устав строительный, измененный по продолжениям 1863-1872 г.... Типография ІІ отделения Собственной его императорского величества канцелярии И. П. Анисимова. 1874.

3. Устав строительный, измененный по продолжениям 1876 и 1879 г... Издание третье. Типография ІІ отделения Собственной его императорского величества канцелярии И.П. Анисимова. 1881.

4. Сборник законов о противопожарных мерах в Империи. Петроград, Типография Министерства Внутренних Дел, 1914.

5."Противопожарные нормы проектирования зданий и сооружений, утвержденные постановлением Госстроя СССР от 18 декабря 1980 г. № 196.


Здымкі Артура Ганько.



(23KB) Лiда. вул.Крылова, д.30. мураваны дом з брандмуром.(29KB) Лiда. вул.Свярдлова, д.106. дом з брандмуром.(21KB) Лiда. вул.Свярдлова, д.86. дом з брандмуром.(22KB) Лiда. вул.Свярдлова, д.35. дом з брандмуром.(18KB) Лiда. вул.Свярдлова, д.63. дом з брандмуром.(20KB) Лiда. вул.Горкага, д.42. дом з брандмуром.(23KB) Лiда. вул.Камунiстычная, д.21. дом з брандмуром.(23KB) Лiда. вул.Кiрава, д.23. дом з брандмуром.(21KB) Лiда. вул.Камунiстычная, д.21. дом з брандмуром.(24KB) Лiда. вул.Камунiстычная дом з брандмуром.(20KB) Лiда. вул.Горкага, д.72. дом з брандмуром.(24KB) Лiда. вул.Горкага, д.61. дом з брандмуром.(20KB) Лiда. вул.Горкага, д.64. дом з брандмуром.(25KB) Лiда. вул.Горкага, д.106. дом з брандмуром.(19KB) Лiда. вул.Гагарына, д.1. дом з брандмуром.(22KB) Лiда. вул.Савецкая, д.28 в. дом з брандмуром.(23KB) Лiда. вул.Савецкая, д.30 б. дом з брандмуром. Дом былога гаспадара лiдскага пiузавода Пупко.(23KB) Лiда. вул.Фабрычная, д.11. дом з брандмуром.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX