Напісаць гэты невялікі артыкул мяне прымусіла памылка, якую ўвесь час паўтараюць розныя беларускія турысцкія сайты. Дом, пабудаваны перад самай Другой сусветнай вайной у Дзікушках, чамусьці ўпарта называецца домам (ці палацам) Грабоўскіх у Ходараўцах. Відочна, што некаму трэба ўжо расказаць гісторыю гэтага будынка.
Род Хадкевічаў згас у дваццатых гадах XIX ст., і маёнтак Вялікае Мажэйкава перайшоў да графаў Грабоўскіх. У 1833 г. Вялікае Мажэйкава было прададзена графу Рафалу Грабоўскаму, пружанскаму падкамораму, жанатаму з Цяльшэўскай. Ён быў сынам генерала літоўскіх войскаў Стэфана Грабоўскага. Менавіта Рафал Грабоўскі пабудаваў уніяцкую Праабражэнскую мураваную царкву ў вёсцы Дзікушкі. Асвечана царква была ў 1840 г. ужо як праваслаўная.
Яго сын Станіслаў Грабоўскі ніколі не быў жанаты і доўгія гады гаспадарыў у гэтым вялікім маёнтку. Прыкладна з 1880 г., ён апекаваўся сваімі сіратамі-пляменніцамі Скарбак-Важнынскімі і іх маёмасцю Ішчална. Такім чынам, практычна валодаў двума маёнткамі.
На пачатку XX ст. маёнтак Вялікае Мажэйкава меў каля 10000 гектараў і цягнуўся бесперапынным пасам шырынёй ад паловы да двух кіламетраў і даўжынёй каля трыццаці кіламетраў ад лесу і фальварка Жукі пад мястэчкам Васілішкі, праз Вялікае Мажэйкава, далей праз фальваркі Марцінішкі, Гай, Раманаўцы, Скабейкі, Дзікушкі, Лябёдку, Станіславова да Шаўдзюноў на беразе Нёмана. Далей гэты пас пераступаў цераз Нёман, і за ракой маёнтак меў яшчэ 200 га лесу - каля лясоў так званай Яворскай Руды, якія належалі маёнтку Жалудок. У Вялікім Мажэйкаве меўся вінакурны завод, два млыны і выдатны лес, які не ведаў сякеры. Зямля была добрая, і аграрная культура падтрымлівалася на высокім узроўні.
Станіслаў Грабоўскі стала гаспадарыў у Малым Майжэкаве шмат гадоў, але ў 1900 г., выгадаваўшы пляменніц з Ішчалны, выправіўся ў Парыж. Тут ён і дачакаўся Першай сусветнай вайны і ўдалечыні ад маёнтка, які занялі немцы, памёр у 1917 г.
Пасля смерці графа Станіслава Грабоўскага, спадкаемцам застаўся маёнтак Вялікае Мажэйкава ў Лідскім павеце, а таксама дамы і пляц у Вільні.
У падзеле маёмасці прынялі ўдзел Верашчакі (бо сястра Грабоўскага Францішка выйшла замуж за Стэфана Верашчаку) і Аскеркі (яго сястра Тэадозія з Грабоўскіх, была замужам за Аляксандрам Аскеркам). Было вырашана падзяліць маёнтак на 36 частак. 15/36 перайшло да нашчадкаў Верашчакаў, 21/36 - да нашчадкаў Тэадозіі Аскеркі. Гэта частка Аскеркаў адышла да трох замужніх дачок Тэадозіі, якія атрымалі свае часткі ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Найбольшая частка, 9/36, дасталася Марыі Мінейка з Аскеркаў, якая мела чацвёра дзяцей. Зоф'я Раствароўская з Аскеркаў, якая мела дваіх дзяцей, атрымала 7/36, а Аляксандра Ваньковіч, як адзіная дачка Ядвігі Горват з Аскеркаў, успадкавала 5/36 маёмасці. Гэтыя прапорцыі падзелу адносіліся як да нерухомасці, так і да рухомасці, якой, дарэчы, было няшмат.
Мінейкам дасталася частка Вялікага Мажэйкава - Дзікушкі. І гэтай маёмасцю, пасля заканчэння вышэйшай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, валодаў інжынер Аляксандр Мінейка, якога суседзі лічылі настаўнікам і дарадцамі ў сельскай справе. Аляксандр Мінейка жыў у малым дамку з некалькіх пакояў, а вялікі, мураваны і прыгожы дом пабудаваў перад самым 1939 г. Менавіта парэшткі гэтага дома і выклікаюць вялікую цікаўнасць нашых сучаснікаў.
Сядзібны дом Мінейкі быў пабудаваны ў стылі неакласіцызму і, нягледзячы на сучасны разбураны стан, усё яшчэ здзіўляе размахам і элементамі вонкавага дэкору - яго маляўнічыя парэшткі любяць здымаць турысты. Часцей за ўсё на фотаздымках у інтэрнэце можна ўбачыць балкон на пяці невялікіх калонах, а таксама парадны ўваход. Пасля Другой сусветнай вайны на першым паверсе дома Мінейкі арганізавалі калгасную кантору а на другім вясковы клуб і бібліятэку. Гэтак было да моманту аб'яднання калгаса “Беларусь” з ходараўскім калгасам “Прагрэс”, бо пасля аб'яднання сумесная калгасная кантора пераехала ў вёску Ходараўцы. Пасля гэтага, на другім паверсе яшчэ два года працавала бібліятэка, а ўнізе, у актавай зале, калі-нікалі паказвалі кіно. Потым дом проста закінулі.
Пра апошняга гаспадара Дзікушак - інжынера-аграрніка Аляксандра Мінейку вядома наступнае. Ён кіраваў маёнткам сваёй маці Дзікушкі (каля 1000 га). За ўдзел у Польска-савецкай вайне быў узнагароджаны Крыжам Валечных і ў 1920 г. атрымаў чын падафіцэра польскай арміі. Перад Другой сусветнай вайной быў сябрам управы малочнага кааператыва ў Дзікушках і чынным сябрам Кола гадоўцаў коней. Суседзі пісалі пра яго як пра добрага аграрніка, які ў Дзікушках паставіў сельскую гаспадарку на самы высокі ўзровень. У 1939 г. афіцэр парашутнай брыгады Аляксандр Мінейка выехаў у Англію і, адваяваўшы ўсю вайну, застаўся там у эміграцыі.
Па нейкай неверагоднай памылцы на ўсіх турыстычных сайтах дом Мінейкі ў Дзікушках, які так любяць фатаграфаваць турысты, да нашага часу лічыцца "Сядзібным домам Грабоўскага ў Ходараўцах".
Лаўрэш Леанід, пісьменнік. Фота аўтара, чэрвень 2021 г. і @fankovin з Instagram