Вярнуцца: Архітэктура

Архітэктура нацыянальнага рамантызму на Лідчыне


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 14-09-2011,
Крыніца: Наша слова № 37 (1032) 14 верасня 2011 г; №38 (1033) 21 верасня 2011 г.

Спампаваць




Кожны, хто прыедзе ў польскі горны курорт Закапанэ, будзе зачараваны яго цудоўнай архітэктурай. Тут не ўбачыш сучасных гмахаў і офісных будынкаў з шкла і бетону, здаецца, горад складаецца з казачных церамкоў і пернікавых хатак - дамоў закапанскага архітэктурнага стылю, стваральнікам якога з'яўляецца Станіслаў Віткевіч.

(71KB) Сядзібны дом Сапегаў у Спушы (фота з архіва Д. Салаша).

Станіслаў Віткевіч, нарадзіўся ў 1851 г. у маёнтку Пашаўшы Шавельскага павету Ковенскай губерні ў шляхецкай, гербу "Нячуя", сям'і з (34KB) Драўляная Капліца на лідскіх вайсковых могілках у 1938 г. (фота з архіва А. Колышкі). патрыятычнымі традыцыямі. Практычна ўсе чальцы гэтай сям'і прымалі ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1863 г., у выніку чаго бацька, маці і старэйшая сястра былі сасланыя ў Сібір. Маці Віткевіча дамаглася дазволу не дзяліць сям'ю, і 12-гадовы Станіслаў і яго малодшая сястра адправіліся з бацькамі ў Томск. У 1868-м годзе Віткевіч пакінуў Сібір і пачаў клапаціць аб памілаванні і вызваленні бацькоў і старэйшай сястры, яшчэ раней такую спробу распачаў яго старэйшы брат і ў 1869-м годзе сям'я змагла вярнуцца дадому. Бацька Станіслава Віткевіча не дажыў да гэтага дня бо памёр па дарозе, але ўсе астатнія вярнуліся на радзіму. Станіслаў пачаў вучобу ў Пецярбургу, у Акадэміі мастацтваў на факультэце жывапісу. Яшчэ ў Томску жывапісам яго зацікавіў адзін са ссыльных, які займаўся з ім маляваннем. Спачатку Віткевіч хацеў пісаць карціны на гістарычную тэматыку, але праз некаторы час ён з'ехаў у Варшаву, а потым у Мюнхен. Там ён сустрэў людзей, якія адыгралі вельмі істотную ролю ў яго жыцці - мастакоў Макса і Аляксандра Герымскіх, Юзафа Хелмоньскага, Адама Хмялеўскага (вядомага як брат Альберт) і многіх іншых. Пасля індывідуяльнага курсу жывапісу Віткевіч вяртаецца ў Варшаву і пачынае пісаць як мастацкі крытык, і менавіта ў якасці мастацкага крытыка да яго першы раз прыходзіць слава.

Сам Віткевіч усё жыццё лічыў сябе жывапісцам, але атрымаў вядомасць хутчэй, як выбітны крытык, а пасля 1890-га г. і як архітэктар, стваральнік зараз ужо знакамітага закапанскага стылю.

Станіслаў Віткевіч у 1886-м годзе прыехаў у Закапанэ, дзе яго захапіла народная архітэктура гэтага рэгіёну. Віткевіч вырашыў, што яна зможа паслужыць асновай для развіцця новай архітэктуры, у якой будзе прысутнічаць аспект народнай творчасці жыхароў Татраў. Таму, можна сказаць, што закапанскі стыль - гэта спалучэнне прынцыпаў гарадскога будаўніцтва з фальклорнымі рэгіянальнымі матывамі. Агульныя задума нарадзілася пасля знаёмства з мастацтвам і народным дойлідствам Заходняй Сібіры, калі Віткевіч разам з бацькамі жыў у ссылцы ў Томску, дзе была сібірская цікавая архітэктура, якая ў 1860-70 гг. склала галоўны кірунак так званага "рускага стылю" - драўляных будынкаў у некалькі паверхаў як гарадскога варыянту вясковай хаты. Як студэнт Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (1868-1872 гг.) Віткевіч назіраў за працэсам укаранення народнага стылю ва ўрбаністычную архітэктуру і супрацоўнічаў з перадавымі мастакамі і архітэктарамі таго часу - Ропетам, Гартманам, якія як раз і прасоўвалі гэты кірунак.

Тут, у Закапанэ ён стаў аўтарам праекту першай пабудовы ў гэтым стылі - вілы "Каліба", (слова "Каліба" на дыялекце польскіх горцаў роднасна слову "калыска", аднак, не мае з ёй нічога агульнага, бо каліба - гэта адмысловы тып пастушага будана, які будуецца на пашах высока ў гарах. Зараз ў віле "Каліба" размешчаны музей закапанскага стылю) і шмат іншых віл, з якіх, нажаль не ўсе захаваліся. Але ў Закапанэ захаваўся ў сваім першародным выглядзе як звонку, так і знутры, выдатны твор Віткевіча - "Дом пад піхтамі", а таксама цудоўны ўзор "закапанскай" архітэктурны - капліца ў Яшчараўцы.

Кажучы пра Станіслава Віткевіча, трэба дадаць, што таксама вялікую вядомасць атрымаў яго сын - геніяльны мастак і драматург Станіслаў Ігнацы Віткевіч або Віткацы.

(42KB) Аналагічны лідскаму, дом старасты у Слоніме.

Мастацтвазнаўцы лічаць, што закапанскі стыль як адпаведны кірунак, развіваўся з 1890-х гадоў да пачатку Першай Сусветнай вайны. Пасля 1910 г. у закапанскім стылі патроху перасталі будаваць, а пасля смерці Віткевіча ў 1915 г. будаваліся толькі лічаныя аб'екты.

(69KB) Дом павятовага лекара Вітольда Стасевіча (фота А. Колышкі).

Адмыслоўцы вылучаюць наступныя галоўныя рысы закапанскага стылю: высокія падмуркі з ламанага каменю, вялікая колькасць заломаў і рызалітаў, дэкаратыўныя тэрасы, ганкі і "выгленды" (малыя пакойчыкі на паддашшы) з люкарнамі, вялікая колькасць пінаклей (дэкаратыўная вежачка) на вільчыках (месца злучэння плоскасцяў двухсхільнага даху ўверсе) шматлікіх падстрэшкаў, у якасці дахавага пакрыцця перавага аддаецца гонту, высокія і складанай формы мансардныя дахі часта з выгнутымі кроквамі, мезаніны і балконы з драўлянымі парэнчамі, на поўдні пад падстрэшкам можа мецца адкрытая веранда, арнаменты з выявамі рысяў, сабакаў, сонца, выявы сонца з промнямі на франтонах, дзвярах (http://www. mount.cad.pl/a/podhale/zakop/st-zak/styl_zakop.htm).


Архітэктура закапанскага стылю перад Першай Сусветнай вайной шырока распаўсюдзілася па землях былой Рэчы Паспалітай, бо з вялікай прыязнасцю была прынятая элітай. Напрыклад да нашага часу захаваўся палац графіні Марты Марыі Красінскай, пабудаваны ў 1911-12 гг. у в. Свіслач Гарадзенскага раёна. На гістарычнай Лідчыне, верагодна, першай пабудовай у закапанскім стылі быў сядзібны дом Сапегаў у Спушы (сучасны Шчучынскі р-н). Дом пачаў будаваць у канцы XIX ст. Ян Павел Аляксандр Сапега, але будаўніцтва закончыў яго сын, Яўстафі Каэтан Сапега. Сядзіба складалася з пяці жылых пабудоў, аранжарэі, стайняў, цяпліц. Галоўны дом, які неаднаразова дабудоўваўся і паляпшаўся, відочна з'яўляўся найбольш цікавым будынкам у закапанскім стылі на Лідчыне. Уся сядзіба Сапегаў у Спушы была зруйнавана падчас Другой Сусветнай вайны.

(62KB) Дом Вадэйкаў у Галавічполе.

Так сама можна лічыць, што касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках, які праектаваўся яшчэ пры жыцці Станіслава Віткевіча, адносіцца да закапанскага стылю з элементамі неаготыкі. Стары касцёл ў Канвелішках, збудаваны канонікам Янкоўскім ў 1808 г., згарэў у 1908 г., і будоўля новага касцёла пачалася ў 1916 г. На падмурках старога касцёла быў узведзены новы касцёл, які ўпрыгожваюць выявы сонца на франтонах, крыжы на вільчыках і сігнатуркі.

(71KB) Дом Вадэйкаў у Галавічполе.

У міжваенны перыяд адбылося вяртанне да закапанскага стылю з моцнымі рэгіянальнымі унёскамі і элементамі матываў арт-дэко, такі стыль мастацтвазнаўцы завуць "другім" ці "новазакапанскім". Гэты стыль спалучаўся з папулярнымі, так званымі краёвымі стылямі у "спрадвечным духу" - "стылем дворыкаў", "старапанскім", "старапольскім", "вясковым" альбо проста "народным" стылямі. Спалучэнне гэтых стыляў сталася вельмі запатрабаваным у Заходняй Беларусі ў міжваенныя часы. Знаўца закапанскага стылю Дзяніс Салаш (г. Менск) знайшоў знакавыя местачковыя забудовы ў Заходняй Беларусі: у Браславе. У сваёй бальшыні гэтыя дамы будаваліся для вайсковых гарадкоў, памежнай варты, адміністрацыі, настаўнікаў і г. д. Ідэёлагам развіцця "закапанскага стылю" ў краі быў прафесар Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, архітэктар і фатограф Юліюш Клос (1881-1933). У 1920-1929 гг. ён кіраваў кафедрай архітэктуры, і па яго праекту ў 1920-30 гг. была пабудавана "калонія ўрадоўцаў" у Браславе - дамы для супрацоўнікаў адміністрацыі Браслаўскага павету. Так сама пабудовы у новазакапанскім стылі ці з элементамі гэтага стылю ёсць ў Глыбокім, Круляўшчызне, Шаркаўшчыне, Наваградку, Валожыне. У міжваенны час у новазакапанскім стылі будаваліся дамы і на Лідчыне.

В 1923-24 гг. на вайсковых лідскіх могілках каля сучаснага Паўночнага гарадка, была пабудавана вельмі прыгожая драўляная капліца ў новазакапанскім стылі. У капліцу на набажэнствы, якія праводзіў капелан 77 палка ксёндз Шабельскі, прыходзілі не толькі польскія вайскоўцы але і жыхары бліжніх раёнаў горада. Праіснавала капліца не доўга, яна прыйшла ў заняпад і была разбурана разам з вайсковымі могілкамі пасля Другой Сусветнай вайны. На жаль, інфармацыі пра яе не шмат.

У 1920-х гадах у Заходняй Беларусі пачалі будавацца калоніі дамоў для польскіх урадоўцаў. Для будаўніцтва "калоніі ўжанднічай" у Лідзе быў куплены пляц на так званым "выгане", у той час за горадам. Праглядаючы праекты дамоў калоній урадоўцаў, нельга не заўважыць, што значная частка дамоў павінна быць пабудавана ў новазакапанскім стылі ці з элементамі гэтага стылю. У Лідзе ў новазакапанскім стылі быў пабудваны дом лідскага старасты, аўтар праекту - інжынер Ежы Бэйл (Jerzy Beill). Моцна перабудаваны, гэты дом сёння (20KB) Капліца ў Цвермах. з'яўляецца гарадскім ЗАГСам. Па гэтым жа праекту павінны былі будавацца дамы для стараст ў Баранавічах, Драгічыне, Глыбокім, Нясвіжы, Наваградку, Слоніме, Стоўбцах, Валожыне, і аўтару вядома, што як мінімум у Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы захаваліся і не былі перабудаваныя да непазнавальнасці, як у Лідзе.

(89KB) Каплічка на заходней ускраіне в. Мохавічы.

Дом павятовага лекара Вітольда Стасевіча (1900-1975) быў пабудаваны да 1935 г. (вул. 11-га Лістапада, д.4, зараз вул. 7-га Лістапада). Дом мае выразныя рысы новазакапанскага стылю - малыя пакойчыкі на паддашшы і высокі "ламаны" мансардны дах з выгнутымі кроквамі. Дачка лекара Стасевіча - прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова (1929-2011) пісала пра радзінны дом: "Бацькі вырашылі пабудаваць уласны дом прыстасаваны да іх патрэб. Акрамя жылых пакояў у доме павінен быў быць асобны лекарскі кабінет з пачакальняй, каля дома быў пабудаваны гараж (сям'я доктара валодала аўтамабілем "Фіят" - Л. Л.), каля дома быў сад - гарод ... Не ведаю, у якім годзе паўстаў дом, але памятаю, што ў 1935 г. мы ўжо жылі ў ім, і бацька займаў пасаду павятовага лекара... Як выглядаў той мураваны дом пры вуліцы 11 лістапада? Дом стаяў на невялікім прыгорку і меў два ўваходы. Перад дваймі уваходнымі дзвярамі было некалькі прыступак, адны дзверы вялі ў чатыры жылыя пакоі з кухняй і ванным пакоем, другія дзверы вялі ў маленькі калідорчык, з якога быў уваход у лекарскую пачакальню а з пачакальні - у кабінет лекара, дзе працаваў мой бацька... практычна ён працаваў цэлы дзень з кароткім перапынкам на абед і гадзінным адпачынкам".

Пабудовы новазаканскага стылю ў міжваенны час з'явіліся і па ўсёй гістарычнай Лідчыне.

Цудоўны прыклад драўлянай пабудовы ў новазакапанскім стылі - дом Вадэйкаў у Галавічполі. Пабудаваны ў 1920-х гадах, зараз выконвае ролю каталіцкай капліцы, што дае надзею на захаванне гэтай "пярліны" амаль чысцюткага новазакапанскага стылю.

Прыгожай бажніцай ў новазакапанскім стылі была капліца ў Цвермах, пабудаваная да 1935 г. па праекту лідскага павятовага архітэктара Вацлава Гаўліка. Капліца была пабудавана з дрэва (12х8,7 м). Мела вальмавы дах з выгнутымі і далёка выступаючымі за асноўны аб'ём кроквамі, выявы сонца на ўсіх трох франтонах, з невялічкімі люкарнамі і адкрытым ганкам з навесам. Праект капліцы ў Цвермах вельмі нагадвае праект дома Стэфана Жаромскага ў Наленчаве, пабудаваны Янам Кошыцам у 1905 г. (Ян Кошыц Віткевіч (1882-1958) - адзін з заснавальнікаў закапанскага стылю, плямяннік Станіслава Віткевіча). Капліца, якая славілася сваім цудатворным крыжам з фігуркай Хрыста, была знішчана ў 1960-ым годзе.

(59KB) Плябанія ў Беняконях (фота А. Колышкі).

Каплічка на заходняй ускраіне в. Мохавічы пабудавана у 1930-х гадах. Мае 2-х схільны дах з выгнутымі кроквамі з 4-граннай шатровай сігнатуркай. На трохвугольным франтоне маецца салярны знак, гарызантальныя ашаляваныя бакавыя сцены прарэзаны паўкруглымі люкарнамі. Сяло Мохавічы ў 1609 г. запісаў за белагрудскім касцёлам Ян Завіша. Да 1892 г. у Мохавічах знаходзілася плябанія пробашча белагрудскага касцёла, а за 70 крокаў ад плябаніі была прыватная капліца. У 1930 г. замест струхлелай старой капліца пабудавалі сучасную.

Таксама на гістарычнай Лідчыне, з "закапанскай" архітэктуры да нашага часу засталіся плябанія ў Беняконях і леснічоўка ў Радуні.

Менавіта на падмурках закапанскага стылю засноўваў нацыянальны "беларускі стыль" у архітэктуры беларускі архітэктар Лявон Вiтан-Дубейкаўскі (пра "беларускі стыль" у архітэктуры гл. артыкул Сяргея Харэўскага "Беларускі стыль у будаўніцтве 1921-1939 гг. "Беларускі Гістарычны Зборнік № 18).

Цікавы факт - у Закапанэ ў "Народнай Польшчы" пасля Другой Сусветнай вайны атрымаў далейшае развіццё новазакопанскі стыль ужо як адгалінаванне сацрэалізму, і ўзоры гэтага стылю сёння вельмі высока шануюцца. Мясцовыя архітэктары своеасабліва падышлі да ідэі, і можна сказаць, што гэта, мусіць, адзіны ў гісторыі выпадак, калі сацрэалізм прынёс дзіўны творчы плён.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX