Папярэдняя старонка: Архітэктура

Дом Юрыя Іваноўскага ў Галавічполі, пабудаваны па праекце архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-05-2018,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Дом Юрыя Іваноўскага ў Галавічполі, пабудаваны па праекце архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага // НАША СЛОВА № 18 (1377), 2 траўня 2018.



Галавічполе - невялікае мястэчка на поўнач ад Шчучына, былы Лідскі павет.

«Цудоўны прыклад драўлянай пабудовы ў новазакапанскім стылі - дом Вадэйкаў у Галавічполі ... зараз выконвае ролю каталіцкай капліцы, што дае надзею на захаванне гэтай "пярліны" амаль чысцюткага новазакапанскага стылю» , - Дом, пабудаваны па праекце Лявона Вітан-Дубейкаўскага ў Галавічполі, фотаздымакі А. Колышкі; Дом Іваноўскага ў 1930-х гг., здымак з сайта rogala-iwanowski.pl. напісаў я ў сваім артыкуле пра закапанскі стыль у 2011 г. Запомнілася таксама прыгожая столь і ўнутраная лесвіца ў гэтым доме - сапраўдным казачным палацыку (Гл: Лаўрэш Леанід. Архітэктура нацыянальнага рамантызму на Лідчыне // Наша слова. № 37 (1032), 14 верасня 2011; №38 (1033), 21 верасня 2011.)

Столь  і ўнутраная лесвіца, фотаздымак А. Колышкі.

Усе мясцовыя людзі называюць гэты цудоўную пабудову «домам Вадэйкаў». Аднак насамрэч, дом пабудаваў старэйшы брат Вацлава Іваноўскага, вядомы польскі палітычны дзеяч Юры Іваноўскі. Менавіта ён у 1930 г. успадкаваў палову Галавічполя, а Вадэйкам у той час належала другая палова. Пасля 1930 г. менавіта Юры Іваноўскі на месцы згарэўшага старога драўлянага пабудаваў гэты прыгожы дом. А спраектаваў яго наш знакаміты беларускі архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі! Адначасова з пабудовай дома Юры Іваноўскі пасадзіў новы сад на 10 га, верагодна з тых часоў недалёка ад дома захавалася і афіцына.

Вядома, што пры канцы 1920-х гг. Дубейкаўскі нейкі час выкладаў у Лідзе, а потым, у першай палове 1930-х гг. ён настаўнiчаў і працаваў ў Беларускiм Iнстытуце Гаспадаркi i Культуры, аднаўляў кляштар у Друi, будаваў кляштар пад Варшаваю і мiкрараён на Антокалi ў Вiльнi. У другой палове 1930-х гг. з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. Пра ягонае аўтарства дома ў Галавічполі, здаецца, мастацтвазнаўцы яшчэ не ведаюць.

Юры Іваноўскі падчас Другой сусветнай вайны служыў ў Заходнім польскім войску і застаўся жыць у Англіі. У савецкія часы дом, спраектаваны архітэктарам Вітан-Дубейкаўскім, стаў школьным інтэрнатам, а сёння, належыць парафіі касцёла ў Старых Васілішках, дарэчы, Іваноўскія былі сярод фундатараў будаўніцтва гэтага прыгожага касцёла ў стылі неаготыкі.

Інфармацыю пра аўтарства Вітан-Дубейкаўскага можна спраўдзіць у 6-тым томе энцыклапедыі «Землеўласнікі Польшчы XX ст.» (Ziemianie polscy XX wieku. Slownik biograficzny, czasc 6. Warszawa, 2002. S. 58-59.), адкуль і я даведаўся пра сапраўдную гісторыю зацікавіўшага мяне шмат гадоў таму назад дома.

Магчыма, раней я памыляўся з вызначэннем стылю галавічпольскага дома. Можа гэта ўсе ж не «закапанскі», а «беларускі» архітэктурны стыль, але вызначаць гэта трэба адмыслоўцам, да якіх я, вядома ж, не належу. У любым выпадку турыстычная прывабнасць мястэчка пасля вызначэння аўтарства Вітан-Дубейкаўскага павінна павялічыцца, тым больш, што Лябёдка Іваноўскіх зусім блізка.

І трэба узяць гэты дом пад дзяржаўную ахову як помнік архітэктуры і, пэўна, вярнуць аўтэнтычны выгляд - прыбраць саўковы шыфер, замяніць сапсаваныя драўляныя дэталі дэкору і інш.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX