Вярнуцца: Архітэктура

Стыль функцыяналізму ў Лідзе да 1939 г. Стиль функционализма в Лиде до 1939 г.


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 21-05-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Стыль функцыяналізму ў Лідзе да 1939 г. // НАША СЛОВА № 19 (1170) 7 траўня 2014 г.; № 20 (1171) 14 траўня 2014 г.; № 21 (1172) 21 траўня 2014 г.

Спампаваць




У нашым горадзе з 1930 г. захаваліся некалькі цудоўных будынкаў у стылі функцыяналізму.

Функцыяналізм як архітэктурны стыль паўстаў напачатку ХХ ст. як адзін з асноўных элементаў больш агульнага мадэрнізму. Паварот да мадэрнізму (118KB) Будынак 'Баўхауса' ў Дессаў (Bauhaus, Dessau ) архітэктара В. Гропіюса пабудаваны ў 1925-26 гг.; Пошта ў Быдгашчы; Пошта ў Луцку (NAC). ўзнік у літаратурных пошуках, у знаходках жывапісу, у першых аўтамабільных пробках, у авіяцыі, радыё, жалезабетоне і сталі, у кашмарах Першай Сусветнай і рэвалюцыях як новае разуменне матэрыяльнага свету і адбіўся ў архітэктуры самым зыркім і рашучым чынам.

Асновай ідэалогіі функцыяналізму ў архітэктуры стала стварэнне самымі сучаснымі спосабамі і канструкцыямі такіх формаў, якія павінны забяспечыць найлепшае функцыянаванне аб'екта, пры тым усё залішняе адкідалася. Працэсы, дзеля рэалізацыі якіх пабудаваны будынак, раён ці нават горад павінны атрымаць найболей зручную і тэхналагічную абалонку ці матэрыяльную базу. "Форма павінна адпавядаць функцыі" - вось лозунг функцыяналізму.

Асноўным ідэалагічным і практычным цэнтрам функцыяналізму стаў творчы цэнтр "Баўхаўз" (праектнада-следчы цэнтр дызайну) у Нямеччыне, пачынаючы з 1920 гг. тут вядуца тэарэтычныя даследванні і прыкладное праектаванне. Стваральнік і кіраўнік Баўхаўза, найбуйнейшая постаць функцыяналізму Вальтар Гропіюс (Gropius, Walter, 1883-1969) быў аўтарам шматлікіх помнікаў гэтага рэвалюцыйнага стылю. Класічны прыклад гэтага кірунку - будынак самаго "Баўхаўса" ў Дэсаў (Bauhaus, Dessau) архітэктара В. Гропіюса, пабудаваны ў 1925-26 гг.

Французскі архітэктар Ле Корбюззе, адзін з найбольш вядомых творцаў функцыяналізму, унёс галоўны ўнёсак у тэорыю і практыку гэтага стылю. Яго ідэі ў горадабудаўніцтве, у тэорыі масавага індустрыяльнага жытла, рэалізаваныя ў будынках і праектах і дагэтуль актуальныя. Гэты сапраўдны вялікі архітэктар сучаснасці напоўніў тэорыю функцыяналізму ідэалагічна і практычна, яго знакамітыя прынцыпы пабудовы масавага індустрыяльнага жылога дома (дом на апорах, плоскі дах-сад, стужкавае ашкленне і г.д.) выкарыстоўваюцца і сёння.

Функцыяналізм патрабаваў строгай адпаведнасці формы будынка яго функцыям і адмове ад усяго, што не патрэбна для ўжытку. Архітэктурныя формы павінны былі адпавядаць будаўнічым канструкцыям і матэрыялам. Па-новаму выбудоўвалася мастацкая выява архітэктурнага твора. З эстэтычнага пункта гледжання новая архітэктура, пазбаўленая ўпрыгожвальніцкіх празмернасцяў, павінна была ўспрымацца чалавекам падчас руху ў ёй і вакол яе (адзінства прасторы і часу). Ідэолагі новай архітэктуры прадугледжвалі стварэнне ўмоў для зручнага і хуткага перасоўвання людзей у архітэктурна-прасторавым асяроддзі. Унутраная прастора памяшкання станавілася дынамічнай, як бы "перацякала", "вольна пералівалася з інтэр'еру ў інтэр'ер". Значнае зашкленне стварала магчымасць яднання чалавека з вакольнай прыродай. Сэнс фунцыяналізму ў лаканічнай і яснай пабудове. Характэрныя для функцыяналізму архітэктурныя формы - плоскія дахі, буйныя плоскасці шкла, поўная адсутнасць таго, што канструктыўна не патрэба.


З канца 1920-х гг. архітэктурны стыль функцыяналізму з'явіўся і ў Цэнтральнай Еўропе. У нашым горадзе захавалася некалькі цудоўных узораў гэтага стылю. А зараз трохі з гісторыі будаўніцтва і пачатку эксплуатацыі гэтых будынкаў ў Лідзе.

Будынак лідскай пошты

Сапраўднай пярлінай функцыяналізму ў нашым горадзе з'яўляецца будынак пошты. У сярэдзіне 1930-х гг. паштовыя гмахі ў стылі функцыяналізму так сама былі пабудаваныя ў Гдыні, Быдгашчы, у заходнеўкраінскім Луцку і заходнебеларускай Лідзе. Паштовыя будынкі ў Быдгашчы і Луцку - родныя (116KB) Пошта ў Лідзе; Люк 1938 г. каля пошты. браты лідскага, але не гледзячы на тое, што гэтыя гарады ў той час як і цяпер мелі большую колькасць насельніцтва чым Ліда, лідская пошта ўсе ж большая па памерах і прыгажэйшая. Цікава, аднак, што згодна з гарадской легендай, будынак пошты ў Быдгашчы як ў і Лідзе як быццам будаваўся па праекту англійскіх архітэктараў, пра англійскага архітэктара лідскай пошты піша і Леў Коласаў. (Пошта ў Лідзе // Лідскі летапісец №3-4 (27-28) -2004. С. 46.)

На жаль да гэтага часу мне не ўдалося знайсці апісанне архітэктурнага праекту і выявіць прозвішча архітэктара, які праектаваў нашу пошту і падарыў нам, можа, самы стылёвы будынак у горадзе. Неаднаразова чуў ад адмыслоўцаў што гэты прыгожы будынак з стылёвымі кратамі на вокнах лёгка уявіць сабе на самай фешэнебельнай вуліцы еўрапейскага горада. Нават больш позняя мазаіка знутры перакрытай зверху светлавымі вокнамі аперацыйнай залы, арганічна ўпісалася у інтэр'ер будынка. І самае галоўнае - ніякія рамонты не сапсавалі гмах лідскай пошты.

Update 14/06/2017: Насуперак гарадскім легендам, будынак быў спраектаваны ў 1936 г. Вандай Баэрнер-Пшэўлоцкай (Wanda Boerner-Przewłocka) якая раней спраектавала будынак пошты ў г. Івонічы і жылыя дамы катэджнага тыпу для працаўнікоў пошты ў Варшаве. Верагодна заказ на праектаванне будынка пошты ў Лідзе архітэктар атрымала праз адпаведныя кантакты – яе дзядзька, Ігнат Баэрнер ў 1929-33 гг. быў міністрам поштаў і тэлеграфаў Польшчы.
З боку гледжання архітэктуры гмах пошты складаецца з кубічных аб'ёмаў з элементамі, тыповымі для стылю Ле Карбюззе - першы паверх знаходзіцца трошкі ў глыбіні што падкрэслена больш цёмным колерам і на першым плане бачны канструкцыйныя слупы. У галоўным аб'ёме будынка знаходзіўся паштова-касавая зала і бочная тэлеграфна-тэлефонная зала з агульным вестыбюлем. Вакол паштова-касавай залы месціліся памяшканні розных паштовых службаў. Для працаўнікоў пошты меліся асобныя выхады з боку і тылу будынка. На другіх-чацвёртых паверхах знаходзіліся розныя офісныя памяшканні, а таксама тэлефонная і тэлеграфная станцыі, а ў бочным крыле пошты - кватэры.
Лаўрэш Леанід. Новае з гісторыі лідскай архітэктуры // НАША СЛОВА № 24 (1331), 14 чэрвеня 2017 г.

Першае паведамленне пра пачатак будаўніцтва новай лідскай пошты я знайшоў у жнівеньскім нумары 1936 г. газеты "Курьер Віленскі", у гэтым нумары Дырэкцыя Поштаў і Тэлеграфаў Віленскай акругі абвясціла публічныя таргі на будаўніцтва гмаха лідскай пошты, а праз некалькі месяцаў, у снежні 1936 г., тая ж Дырэкцыя абвясціла таргі на выкананне работ па мантажы сістэмы цэнтральнага ацяплення, каналізацыі і водаправоду.

У студзеньскім нумары 1937 г. газеты "Курьер Віленскі" ў найцікавейшым артыкуле "Ліда - горад вялікіх мажлівасцей" пісаў: "Выган - участак горада зарослы хмызняком і забалочаны зараз хутка забудоўваецца. Яшчэ ў 1920 гг. тут у багне танула жывёла, якую выводзілі сюды пасвіцца, а тых людзей, якія хацелі прайсці напрасткі, чакаў такі ж лёс.

Аднак пасля ўрэгулявання рэчкі і меліарацыі балота тут была пабудавана калонія дамоў для дзяржаўных чыноўнікаў, паўсталі прыгожыя гмахі школы і гімназіі, пачалося будаўніцтва найвялікшага ў Наваградскім ваяводстве стадыёна плошчай 3,85 га з бегавой дарожкай працягласцю ў 500 м., пачалося будаўніцтва прыгожага будынка пошты агульным аб'ёмам 10 000 м3, якая будзе пасучаснаму абсталявана. Сюды ж плануецца перанесці гарадскі рынак".

Праз некалькі месяцаў віленская прэса зноў паведаміла, што ў 1936 г. пачалося будаўніцтва гмаха новай пошты ў Лідзе. Будоўлю планавалася закончыць у 1937-38 г. Да 1937 г. ужо былі пабудаваныя два паштовыя гмахі ў Вільні, пачалося будаўніцтва новай пошты ў Баранавічах агульным аб'ёмам 13 000 м3., планаваліся новыя будынкі пошты ў Гародні, Друскеніках, Шчучыне, Гарадзеі, Клецку і Маладзечне.

Ажыўленне ў эканоміцы, якое назіралася ў другой палове 1930 г. спрыяла развіццю телефонных сетак на Лідчыне. За 1937 г. колькасць тэлефонных абанентаў на Лідчыне вырасла на 1/5 і дасягнула колькасці ў 218 абанентаў. Штомесячны грашовы абарот лідскіх телефаністаў дасягнуў 10 000 зл., усе пашкоджанні на лініі рамантаваліся не болей чым за 4 гадзіны, на тэлефоннай станцыі працавала 6 высокакваліфікаваных тэлефаністак.

У красавіку 1937 г. заказчык будоўлі - Дырэкцыя Пошты і Тэлеграфа ў Вільні аб'явіла таргі на мантаж электраабсталявання ў новым будынку лідскай пошты.

Будоўля гмаха пошты рухаецца наперад. У траўні 1937 г. паведамлялася, што "ў найбліжэйшыя месяцы ў новым раёне горада каля гімназіі паўстане другі гмах коштам больш за мільён злотых (першы мільённік гэта будынак гімназіі - Л. Л.). Тут будзе ліставая пошта, тэлеграф і тэлефон. У памяшканнях вышэй ад першага паверха размесціцца персанал ліставой пошты, аддзелаў тэлеграфа і тэлефона, кіраўнікоў гэтых аддзелаў". У тым жа артыкуле паведамлялася, што гарадскія ўлады арганізавалі покуль адзіны гарадскі парк у цэнтры горада на плошчы Славы. На плошчы сад, у якім стаіць помнік Незалежнасці, засаджаны кветкамі і выгараджаны часткова плотам, а часткова кустамі. Так сама некалькі тыдняў таму стараннямі Фонда Працы вуліцы Школьная (Кірава), 11 Лістапада (7 Лістапада) і Каляёвая (Труханава) атрымалі новыя дарожныя пакрыцці, ходнікі і газоны. Такія ж працы пачаліся па вуліцам Перацкага, Пілсудскага (Чапаева), генерала Бярнацкага. Па вуліцы Школьнай, улічваючы будынак пошты, гарадскія ўлады арганізавалі работы па мантажы каналізацыі. Для гэтага быў выкапаны роў даўжынёй у 25 метраў на зямлі, якая належала яўрэйскай грамадзе горада, і ў якой ніхто не прасіў дазволу. З-за пратэсту яўрэйскай грамады, работы на нейкі час былі прыпынены .

Ужо ў кастрычніку 1937 г. корпус гмаха пошты быў зроблены "пад дах" і пакрыты. Узімку планавалі пачаць унутраныя работы, таму частковае адкрыццё новай пошты магло адбыцца яшчэ ўвесну 1938 г. Але будаўнічыя працы затрымліваліся.

Адначасова з будаўніцтвам пошты замест старых ліній сувязі на слупах, будаваліся новыя, падземныя кабельныя лініі сувязі. Пры пракладцы тэлефонных кабеляў да новай пошты па вуліцы Міцкевіча, у 1937 г. тут знойдзены парэшткі XVIII ст. "лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст. ... . Потым праваслаўныя святары прадалі пляц былых могілак каля царквы пад участкі для будаўніцтва і тут былі пабудаваны дробныя крамы". Праз месяц: "Ліда будзе мець падземныя тэлефонныя кабелі. Як і ў вялікіх гарадах, у Лідзе закладаюцца трубы для пракладкі тэлефонных сетак. Гэтыя работы выконваюцца на галоўных вуліцах горада".

Бліжэй да заканчэння будаўніцтва гмаха, у траўні 1938 г. лідскія паштавікі пачалі атрымліваць новую тэхніку: "Матарызацыя пошты. Управа пошты і тэлеграфу ў Лідзе атрымала 5 аўтамабіляў маркі "Польскі фіят". Цяпер конны воз для дастаўкі пошты будзе служыць толькі там, дзе аўтамабіль не зможа праехаць".

У чэрвені 1938 г. пачаліся ўнутраныя работы, чакалася здача новага шматпавярховага Паштова-Тэлеграфнага гмаха ў эксплуатацыю ў жніўні ці верасні таго ж года. Будаўнікі павінны былі закончыць працы да 1 верасня, бо ў старым, драўляным будынку пошты планавалася размясціць новую гімназію: "Дзве новыя гімназіі ў Лідзе. Патрэба ў новай агульнаадукацыйнай гімназіі ў Лідзе вельмі вялікая. Штогод значная частка моладзі не можа знайсці месца ў адзінай гарадской гімназіі. Напрыклад, у гэтым годзе з-за недахопу месцаў толькі каля 30% ахвочых змаглі паступіць у гімназію. Таму Саюз асаднікаў вырашыў адчыніць сваю гімназію. Улады ўхвалілі праект. Ужо знойдзены грошы і выбрана памяшканне - у будынку старой гарадской пошты па вул. Сувальскай. Калі ўсё будзе добра, дык увосень у Лідзе з'явіцца новая гімназія. Тым часам сваю купецкую гімназію плануюць адчыніць і яўрэі горада".

Хутка стала зразумела што да 1 верасня здаць у эксплуатацыю новы паштовы гмах не паспець: "Пошта ў гатэлі? Будова паштовага гмаха ў Лідзе марудна пасоўваецца наперад. Паштовыя ўлады ўсімі сіламі рупяцца паскорыць тэрмін адкрыцця новай пошты, з-за хутка развіцця горада даўно пара было б вырашыць гэтую праблему. Калі ўсё ж будоўля затрымаецца, лідскія паштовыя ўлады будуць змушаны браць за ўзор вырашэнне праблемы з зацягваннем будаўніцтва пошты №2 у Вільні - там новая пошта часова пераехала ў гатэль. Здаецца, такі самы лёс чакае і пошту ў Лідзе". Новая гімназія размясцілася ў будынку старой школы № 4 па вуліцы Каштанавай (зараз СШ № 10 па вуліцы Паўліка Марозава) бо гэтая школа пераехала ў новы, прыгожы будынак, які існуе і зараз, пра гэты будынак - ніжэй.

Гарадскія ўлады к моманту адкрыцця новай пошты рыхтавалі вуліцу Міцкевіча: "Вуліца Адама Міцкевіча. Запраектаваная ў свой час на Выгане вул. Адама Міцкевіча дачакалася ўладкавання і цвёрдага дарожнага пакрыцця. Забрукоўка вуліцы ідзе ў паскораным тэмпе з-за хуткага заканчэння будоўлі і адкрыцця новай гарадской пошты. З моманту перанясення пошты ў новы гмах, частка руху з вуліцы Сувальскай аўтаматычна скіруецца на Выган, таму вуліца Міцкевіча, на якой стаіць новая пошта, ажыве".

У другой палове жніўня будоўлю новага гмаха наведаў міністр пошт і тэлеграфаў Польшчы Калінскі. Было вырашана, што новая пошта пачне працаваць да 7 верасня 1938 г., а стары будынак будзе перададзены прыватнай гімназіі.

Адразу пасля пачатку працы, выявілася нечаканая праблема: "Барыкада з ровараў каля новай пошты. З моманту перанясення бюро паштова-тэлеграфнай управы ў новы будынак па вуліцы Міцкевіча, у часы перад поўднем рух кур'ераў з розных арганізацый значна вырас, прычым кожны з іх карыстаецца роварам. Таму на вуліцы перад новай поштай заўжды ляжыць барыкада з ровараў".

Тым не менш, у нашым горадзе з'явілася, магчыма, самая прыгожая вуліца, якая, аднак у першыя месяцы не мела нават вулічнага асвятлення: "Самая новая вуліца Ліды без асвятлення. Да часу пераносы пошты ў новы гмах на Выгане гарадскія ўлады парупіліся аб поўнай перабудове вуліцы Міцкевіча. Вуліца ўпарадкавана на ўзор цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкураваць з лепшымі вуліцамі Вільні. Але толькі ўдзень, бо ўвечар пануе на ёй егіпецкая цемра. Няма ані адной лямпы. Чаму кіраўніцтва гарадской электроўні не звяртае на гэта увагі?". Дарэчы, з гэтага тэксту выцякае, што першай заасфальтаванай вуліцай горада была вуліца Міцкевіча.

Пасля пераносу гарадской пошты ў новы будынак, паштовая ўправа выпрацавала новы план дастаўкі карэспандэнцыі. Горад быў падзелены на 10 раёнаў (да гэтага часу пошту разносіла 8 паштальёнаў, стала 10), прычым карэспандэнцыя жыхарам горада пачала дастаўляцца два разы ў дзень. Часы дастаўкі пошты сінхранізаваліся з прыбыццём варшаўскіх віленскіх цягнікоў у Ліду, дзякуючы чаму, кожны жыхар атрымліваў цэнтральныя газеты і астатнюю пошту першы раз каля 9 раніцы. Гэта было вельмі значанае паляпшэнне паштовай справы горада. За добрую арганізацыю працы, начальнік лідскай пошты Батаровіч заслужыў вялікую павагу ў гараджан.

Але ганаровае асвячэнне новага будынка пошты адбылося толькі на пачатку траўня 1939 г. Верагодна толькі да гэтага часу быў цалкам закончаны мантаж абсталявання. "Курьер Віленскі" пісаў: "У межах святкавання свята 3-га Траўня (Дзень Канстытуцыі 1794 г. - Л.Л.) адбылося ўрачыстае асвячэнне пабудаванага коштам 524 000 зл. гмаха Паштовай Управы. Пасля асвячэння будынка ксян-дзомдэканам Г. Баярунцам, прадстаўнік міністэрства Поштаў і Тэлеграфаў, пан дырэктар Шпачынскі сказаў прыгожую прамову. За ім выступіў дырэктар Віленскай Акругі Поштаў і Тэлеграфаў пан Навіцкі які расказаў пра ўмовы пабудовы гмаха і адзначыў, што Ліда ляжыць на лініі, якая злучае паўночны ўсход са сталіцай. Ад імя гараджан выступіў дырэктар гімназіі асаднікаў пан Мэнжык". Адзначым, што замест першапачатковай сумы ў мільён злотых, новы будынак з абсталяваннем абышоўся ў 524 тысячы. Цікава, на чым з'эканомілі?

Дарэчы працаваць на пошце было прэстыжна працоўныя дабра зараблялі. Мемуарыстка Я. Ярмант, дачка лідскага чыгуначніка, пісала пра знаёмую лідскую сям'ю: "Пан Коркут займаў нядрэнна аплачваную пасаду на пошце. Ён спачатку працаваў у старым будынку на Сувальскай вуліцы, а пазней у новым прыгожым будынку пошты на вуліцы Міцкевіча. Яго ні разу не скарачалі, і сям'я Коркут была лепш, чым мы забяспечана матэрыяльна".

Будынак лідскай пошты - гэта сапраўдны шэдэўр стылю функцыяналізму. Вельмі добра што гэты сапраўдны помнік архітэктуры першай паловы ХХ ст., знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай.

Эпідэмічны корпус шпіталя

У кастрычніку 1935 г. староства Лідскага павета аб'явіла таргі на дастаўку будаўнічых матэрыялаў, а ў ліпені 1936 г. таргі на выканне работ на будаўніцтва эпідэмічнага корпуса лідскага шпіталя.

(211KB) Эпідымічны корпус шпіталя, зараз оталарынталогія.

Асвечаны новы шпітальны гмах, прызначаны для лячэння заразных захворванняў, у лютым 1938 г., калі ў Лідзе праводзіўся з'езд лекараў. Новы будынак меў кубатуру каля 3 000 м3, сучасны еўрапейскі выгляд і найлепшае медыцынскае абсталяванне. Каштаваў ён каля 130 000 злотых. Новы шпітальны корпус падзяляўся на 4 аддзелы. Першы з іх, даглядны аддзел, складаўся з кабінета лекара, пачакальні і трох ізалятараў, астатнія тры аддзелы прызначаліся для лячэння інфекцыйных хворых. На другім паверсе знаходзіўся аддзел хворых на сухоты на 12 ложкаў. На плоскім даху шпіталя запраектавана і дзейнічала веранда для лёгачна-хворых. Новы шпіталь меў памяшканні для 2 медсясцёр і 3 санітарак. Уся інфекцыйная бальніца была разлічана на 22 асобы, але пры неабходнасці, без пагаршэння агульнага камфорту тут могло лекавацца 39 хворых.

Пад шпіталем збудавана жалезабетонная супрацьпаветраная сховань са скляпеннямі, якія мелі 35 см. таўшчыні. Плоскі дах быў пакрыты адмысловым навейшым на той час будаўнічым матэрыялам "Конга". Над дахам месціліся водазборнікі, з якіх ў той час давалася вада ва ўсе бальнічныя карпусы.

Новы шпіталь меў цэнтральнае ацяпленне і сучаснае электраабсталяванне з дзвюмя сістэмамі асвятленя - вячэрняй і начной. Да кожнага ложка была падведзена разетка радыёфікацыі.

Будоўляй новага гмаху кіраваў павятовы архітэктар Вацлаў Галік.

Пасля пачатку працы новага вызваліўся стары інфекцыйны корпус. У старым корпусе у трох памяшканнях планавалася абсталяваць рэнтгенаўскі кабінет, а ў астатніх - амбулаторыю, якой у горадзе пакуль не было. Амбулаторыя павінна была месціцца тут ажно да часу пакуль не будзе пабудавана новая паліклініка (Оsrodek zdrowia). Паліклініку павінны былі будаваць на пляцы каля шпіталя, будоўлю пачаць ужо ўвесну 1938 г. і закончыць у 1939 г.

Дырэкцыя шпіталя ў Лідзе, пасля пераводу хворых у новазбудаваны корпус на 22 ложкі, прыступіла да грунтоўнага рамонту старога шпітальнага корпуса, пабудаванага ў 1922 г. на грошы Амерыканскага Чырвонага Крыжа.

Школа на Слабодцы

Школу № 4 на Слабодцы (сучасная школа №10 на Слабадзе) пачалі будаваць у 1936 г. Улетку 1937 г. "Кур'ер Віленскі" паведамляў, што два (103KB) Школа на Слабодцы № 4, зараз школа №10. паверхі ўжо пабудаваны, "у школе будзе 12 аўдыторных памяшканняў, лабараторыі, кабінеты настаўнікаў, пакой адпачынку, гардэроб, прыбіральні і памяшканне для вартаўніка. Кошт будынка 135000". Тады ж на будаўніцтва школы гарадскія ўлады дадаткова атрымалі ад Фонду Працы 10000 злотых. У лістападзе 1937 г. "гарадскія ўлады дадаткова атрымалі 10 000 ад Фонду Працы для заканчэння будаўніцтва школы № 4".

У ліпені 1938 г. гарадскія ўлады вырашылі "нарэшце закончыць будаўніцтва школы на Слабодцы", таму, верагодна, першых вучняў гэтая школа прыняла 1 верасня 1938 г.

Новая школа была самай прыгожай у павеце.

Яўрэйская школа

Па вуліцы Садовай знаходзілася адкрытая Тарбутам школа другой ступені, так званая "Тарбут-школа". Ад гэтай школы да нашага часу захавалася (82KB) ‘Тарбут-школа’, цяпер Дзіцячая школа мастацтваў; Сцяна былой ‘Тарбут-школы’, здымак 2001 г. бакавая сцяна, да якой пасля вайны была зроблена дабудова (гэты велічная фасадная сцяна знаходзіцца зараз за гарадской бібліятэкай, гэтая сцяна - адзінае, што засталося ад пабудоў старога цэнтра горада). Гэтую Тарбут-школу, дырэктарам якой быў Ханан Ілютовіч, наведвала 500 вучняў, пры канцы 1930-х гг. стары будынак стаў замалы і яўрэйская грамада пачала будаваць трохпавярховую новую "Тарбут-школу". "Новая школа ў Лідзе. Па вуліцы Касцюшкі адбылася ўрачыстая закладка каменя пад гмах яўрэйскай школы, якую будуе Аб'яданне яўрэйскіх школ у Лідзе".

Былы жыхар Ліды Якаў Ілютовіч пісаў: "Будаўнічы камітэт быў абраны, з прадстаўнікоў "Тарбуту" і бацькоў. ... Будаўнічая пляцоўка была набыта бясплатна ў магістрата недалёка ад дзяржаўнай польскай школы. Яўрэйскае насельніцтва Ліды давала грошаў колькі могло. Сегал даваў цэглу з сваёй фабрыкі, тартакі давалі дрэва, а жалеза дала фабрыка Чартока-Штэйнберга. Мецэнаты-купцы Шымон Пупко і Пінхас Рабіновіч далі цэмент. ... З вялікім напружаннем была пабудавана трохпавярховая школа з залай для гімнастыкі і цёплым туалетам. Адбылося вялікае наваселле, на якое было запрошаны шмат гасцей, асобна для бацькоў зрабілі пасядзелкі з "тортам і каньяком". ... Гэта было вялікае свята. ... Школа перажыла вайну ..., і адразу пасля вайны тут была нейкае савецкая ўстанова. Гэта разбіла мне сэрца".

Цяпер тут знаходзіцца Дзіцячая школа мастацтваў. Пабудова моцна зменена рамонтам да Дажынак 2010 г.

Паліклініка

Гэты будынак на вуглу сучасных вуліц Кірава і Перамогі на карце горада 1939 г., якая надрукаваная ў канцы кнігі Я. Ярмонт "В тени замка (71KB) Паліклініка; Захаваны камін на другім паверсе сучаснага будынку. Гедемина" пазначана як "Паліклініка" , але ўпэўненасці ў гэтым няма, бо ў 1938-39 гг. паліклініка будавалася каля сучаснай бальніцы.

Цяпер у гэтым будынку знаходзяцца розныя медычныя ўстановы горада. Але будаваўся гэты гмах з іншымі мэтамі. У лістападзе 1937 г. віленская газета "Слова" пісала: "Будзе паважны гатэль. Пры збегу вуліц Школьнай і Фалькоўскага, жыхар Жалудоцкай гміны Ян Урбановіч, у адпаведнасці з апошнімі архітэктурнымі патрабаваннямі, прыступіў да пабудовы вялікага мураванага чатырохпавярховага гмаха, у якім плануе размясціць кіназал, рэстаран і гатэль для прыезджых. Трэба адзначыць, што гатэльная справа ў Лідзе з'яўляецца вялікай балячкай, бо дагэтуль гатэляў не хапае".

У адным з памяшканняў гэтага будынка да нашага часу захаваўся камін.

Прыватныя дамы

У Лідзе захаваліся чатыры жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. На жаль, знешні выгляд усіх гэтых будынкаў незваротна зменены падчас сучасных рамонтаў.

(104KB) Дамы спадарыні Мейлун, сучасная вуліца Астроўскага; Дом віцэ-бургамістру горада Ёдкі, сучасная Савецкая 27; Дамы па Савецкай 32, 34; Дом Савецкая 32 з адваротнага боку.

Пры канцы 1937 г. газета "Кур'ер Віленскі" пісала: "Разбудова горада Ліды ідзе хуткімі тэмпамі. Адначасова з будоўляй публічных (новая 7-мі класная агульнаадукацыйная школа на Слабадзе, гмах Пошты і Тэлеграфа) хутка з'яўляюцца прыватныя дамы. У апошні час з'явілася ў Лідзе некалькі ладных, эстэтычных і ў сучасным стылі пабудаваных дамоў. Два вельмі прыгожыя двухпавярховыя дамы пабудаваны па вуліцы Гарнянскай (Інтэрнацыянальнай, Л.Л.) - у месцы, дзе да гэтага часу былі толькі драўляныя дамкі і адзіны прыгожы трохпавярховы будынак пры вуліцы Сувальскай, які зойме Сацыяльнае страхаванне (Ubezpieczalnia Spoleczna)". У красавіку 1937 г. у адзін з гэтых дамоў пераехаў лідскі аддзел "Кур'ера Віленскага": "7 красавіка пераехаў у д. 8 па вуліцы Гарнянскай (вугал з вуліцай Шаптыцкага, дом спадарыні Мейлун (p. Mejlunowej), тэл. 166", гэты аддзел да гэтага часу месціўся па вуліцы Міцкевіча 53. Аднак праз год журналісты з'ехалі з Гарнянскай, і адрас лідскага аддзела стаў: Замкавая 4/7 (тут раней была рэдакцыя "Лідскай зямлі"), тэл. 73. Нездарма кіраўніком лідскага аддзела "Кур'ера Віленскага" у тыя часы быў рэдактар "Лідскай зямлі" Ўладзіслаў Абрамовіч. У двух дамах па вуліцы Інтэрнацыянальнай зараз шмат гадоў знаходзіцца скурна-венерычная бальніца.

Дарэчы, улетку 1938 г. Гарадская Рада вырашыла змяніць назву вуліцы Гарнянскай у Ягелонскую, аднак гэта рашэнне яшчэ неабходна было зацвердзіць павятовым уладам. У дакументах 1939 г. гэтая вуліца фігуруе яшчэ як Гарнянская.

Падобна на тое, што будынак былога Сацыяльнага страхавання (Ubezpieczalnia Spoleczna) - гэта надбудаваны на адзін паверх і дабудаваны з абодвух бакоў дом № 27 па вуліцы Савецкай. Прэса паведамляла пра пераезд Соцзабяспечэння ў новы будынак па вуліцы Сувальскай, 93, які належаў віца-бургамістру горада Ёдку.

Два дамы па вуліцы Сувальскай (Савецкай, № 32, 34) каля бровара будавалі напрыканцы 1930-х гадоў. За домам Савецкая 32, у бок бровара, знаходзіцца хлявушок, перад якім засталася дарожка, выкладзеная пліткай-брэкчыяй (ад італьянскага breccia - горная парода, складзеная з вуглаватых абломкаў і сцэментаваная). Такая плітка выраблялася ў горадзе ў межах адмысловай праграмы па барацьбе з беспрацоўем. "Кур'ер Віленскі" пісаў у лютым 1938 г.: "Дзве прамысловыя суполкі (кааператывы), якія будуць рабіць бетонныя і брукарскія работы, пачынаюць працаваць ў горадзе. Фонд Працы даў пазыку ў 4 000 зл. для будаўніцтва і закуп абсталявання для бетанярні і 2 000 зл. на арганізацыю брукарскай суполкі".

Захаваўся цікавы жылы дом-крама 1930-х гг. на Слабадзе, зараз тут магазін "Варшавянка".


Лідскія дамы пабудаваныя ў да 1939 г. у стылі функцыяналізму - стыльныя, прыгожыя пабудовы, якія ўпрыгожваюць наш горад.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX