Вярнуцца: Архітэктура

Пачатак будаўніцтва гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-04-2013,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Пачатак будаўніцтва гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча ў Лідзе // Лідскій Летапісец 2012-№ (4) 60. С. 32-36.



На пачатку 1920-х гадоў, як дзяржаўная, была адноўлена Лідская гарадская гімназія, яна атрымала назву - гімназія імя гетмана Караля (59KB) Лідская гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. 1938 г. Хадкевіча. Галоўным корпусам гімназіі, быў корпус па вул. 3-га Траўня, у 1925 г. філіял размяшчаўся "пры адной з кароткіх і вузкіх вулачак, якія адходзілі ад Сувальскай і ўжо праз некалькі дамоў утыкаліся ў бліжняе балота. Быў гэта цесны двухпавярховы дом з цэглы. Класы былі невялікія, парты стаялі адна пры адной. Праходы паміж імі былі вузкія, кафедра напірала на першую з лавак, словам нязручнасцяў было вышэй (55KB) Лідская гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. 1938 г. галавы. Вучыліся тут мужчынскія класы ад першага па пяты. Тры старэйшыя - агульныя - і жаночыя класы размяшчаліся ў т.зв. галоўным корпусе, на вуліцы Трэцяга Траўня". Такім чынам, месца не хапала, і будаўніцтва новай гімназіі было неабходна.

Архітэктурны праект новай гімназіі быў распрацаваны варшаўскім архітэктарам Ежы Бэйлем (Jerzy Beill). Рэцэнзія на праект гімназіі нейкага "J.K." з шматлікімі чарцяжамі надрукавана ў варшаўскім часопісе "Архітэктура і будаўніцтва" № 3 за 1925 г. Абапіраючыся на гэтую рэцэнзію мы можам уявіць, як бачыў сабе гімназію Бэйль і параўнаць планаванае з рэальным будынкам, які і сёння з'яўляецца ўпрыгожваннем нашага горада.

Рэцэнзія пачынаецца з разважанняў пра ролю школы ў жыцці чалавека: "Самымі прыемнымі ўспамінамі чалавека нашага часу з'яўляюцца ўспаміны пра зусім бестурботныя гады школьнага дзяцінства. Гэтыя ўспаміны арганічна звязаны з месцам навучання, са школай." "J.K." адзначае, што характар будынка школы ўплывае на памятныя вобразы гадоў, праведзеных тут, і таму архітэктура школы з'яўляецца адным з элементаў навучання і выхавання сучаснага чалавека. "Імкненне нашага часу цалкам свядома накіравана на тое, каб архітэктура магла мець, наколькі гэта магчыма, станоўчы ўплыў на душу дзіцяці" .

Гэтыя намаганні адбіліся ў жаданні надаць будынку школы дастаткова простыя формы, як мажліва больш вялікія ўнутраныя прасторы і па магчымасці скараціць выкарыстанне цёмнага колеру, які аказвае негатыўны ўплыў на дзетак. Рэцэнзент адзначае, што, на праект зрабілі уплыў "настроі любімага старога будынка піярскіх і езуіцскіх калегіюмаў сярэдзіны і канца 19-га ст., створаныя творамі … літаратуры - поўнымі сентыментальных ўспамінаў пра школу".


Пераходзячы непасрэдна да праекту Лідскай гімназіі, аўтар піша, што ў спіс школ, знаходжанне ў якіх будзе даваць станоўчы ўплыў на інтэлект выхаванцаў, можна ўключыць гімназію ў г. Лідзе (праект архітэктара Ежы Бэйля). "Гэты праект, незвычайна ясны ў мэтах і просты для разумення, таксама настойліва падкрэслівае, упадабанне праектантам гарманічных архітэктурных формаў, г.зн. упадабанне формаў наскрозь прасякнутых так званым "класіцызмам". Гэтыя характэрныя формы выклікаюць ў памяці старажытныя двары ў калегіюмах, або ліцэях, напрыклад - праектаваны ўнутраны двор гімназіі, дзе аркады дадаюць рамантыкі усяму будынку. У сувязі з тым, што планаваная гімназія займае толькі палову пляца, плошча прызначаная пад будаўніцтва гэтай школы, плануецца аўтарам такім чынам каб існавала магчымасць далейшага развіцця комплексу школьных будынкаў і таму забудова цалкам, мае ярка выражаны характар гарадскога квартала". Вельмі цікавыя далейшая інфармацыя рэцэнзента, з якой бачна як архітэктар Бэйль і, верагодна, заказчык праекта бачылі перспектыву далейшага развіцця гімназічнага комплексу. Архітэктар паспрабаваў надаць комплексу школьных будынкаў выгляд, гарманізаваны з перспектывай навакольных вуліц. Праект прадугледжваў магчымасць таго, што на астатняй частцы пляца можа быць гарманічна пабудаваны другі будынак гімназіі, размешчаны аналагічна першыму. Будынкі дамоў для выкладчыкаў павінны былі будавацца па перыметры квартала і абмяжоўваць з усіх бакоў перспектыву школьных будынкаў, ажурныя сады жылых будынкаў, схавалі б двары і гаспадарчыя пабудовы з боку вуліцы.


Рэцэнзент "J.K." адзначае, што, будынак размешчаны згодна з патрабаванні таго часу для школ. Ён адступае на дастатковую глыбіню ад дарог (што памяншае ўздзеянне шуму ад вулічнага руху), класы сонечныя, зарыентаваныя на ўсход ці захад, калідоры прасторныя і залітыя святлом, доступ да спартыўнай пляцоўкі вельмі добры, гардэроб распрацаваны такiм чынам, каб выключыць таўханіну, трэніровачная зала, размешчаная ў цэнтры гімназіі, блізка да навучальных класаў ... "Прастату ўнутраных інтэр'ераў адцяняюць толькі галоўная лесвіца, разлічаная на пэўны архітэктурны эфект і стварэнне перспектывы, … рамантычныя аркады ў цэнтральным двары, … павінны не толькі упрыгожваць, але і абараняць ад вятроў падчас халоднага надвор'я, што дазволіць маладым людзям заставацца на адкрытым паветры да позняй восені … архітэктуры будынка з усходу, поўдня і захаду характэрны прастата і сур'ёзнасць, у поўнай адпаведнасці са спецыфікай будынка".


З сітуацыйнага плана бачна, што з паўночнага боку гімназіі планаваўся вялікі двор, які павінен быў бы ісці на поўнач далёка за сучасную вуліцу Міцкевіча, на тэрыторыю сучаснага парка. Але, відочна, калі трохі пазней пачалі праектаваць калонію дзяржаўных дамоў (дом старасты, сучасны ЗАГС, які стаіць насупраць гімназіі, пабудаваны так сама па праекту Ежы Бэйля), дык ад жадання мець вялікі двор прыйшлося адмовіцца. Сюды ж, на поўнач, праектаваўся і манументальны галоўны уваход гімназіі. Дарэчы, пра планаваны паўночны фасад з планаваным галоўным уваходам, "J.K." піша, што ён не гармануе з астатнімі фасадамі гімназіі: "… паўночны фасад, які з-за занадта багатых упрыгожванняў, трошкі цісне на сярэднюю частку і робіць уражанне, што будынак мае некалькі іншы характар, а менавіта міжволі ўзнікае здагадка, што будынак прызначаны для ўрадавых інстытуцый, напрыклад вайсковых ці ваяводскіх. Акрамя таго, можна запярэчыць, што, калі ўпрыгожванні будуць зроблены з гіпсу, дык верагодна, не збудуцца чаканні аўтара, што яны будуць выглядаць як быццам з высакароднах матэрыялаў, такіх як пясчанік, граніт, ці нават тэразіт. Выкарыстанне ж гэтых матэрыялаў - вельмі дорага і таму непрыдатна для будаўніцтва, якое ў той ці іншай форме будзе аплачваць дзяржава, якая мае вялікія фінансавыя цяжкасці".

Улічваючы неабходнасць эканоміі і адсутнасць месца на поўначы, пры будаўніцтве зусім адмовіліся ад галоўнага паўночнага уваходу. Цікава параўнаць праект гімназіі з рэальна пабудаваным гмахам. Бачна, што рэалізаваны, моцна зменены праект, скасаваны галоўны паўночны уваход з прыгожай манументальнымі лесвіцай на тры паверхі знутры, таму лесвічныя маршы зроблены ва ўсходнім і заходнім флангах паўночнага корпуса, паўночны фасад мае толькі вокны, г.зн. прысутнічаюць моцныя змены ў агульным выглядзе. Бакавыя і паўдзённы фасады збольшага не памяняліся, ацаніць змены ва унутраным дворыку цяжка.

Як на мой густ, гмах захаваў "смак" піярскага калегіюма, выглядае гарманічна, мае строгія формы і з'яўляецца, можа, самай прыгожай пабудовай ў горадзе.


"J.K." закончыў сваю рэцэнзію такімі словамі: "Нягледзячы на вышэйсказанае, варта аднак адзначыць, што гэты будынак, калі ён будзе пабудаваны, будзе адным з слаўных сведчанняў таго, … дзяржава імкнецца аднавіць … культуру … вялікай, нябачнай сілы".


Пра сур'ёзнае стаўленне бацькоў да вучобы дзяцей і да будаўніцтва новай гімназіі, сведчыць зарэгістраванае ваяводскімі ўладамі 28.12.1027 г. за № 8961197 як грамадскае аб'яднанне "Таварыства (кола) бацькоўскай апекі пры дзяржаўнай гімназіі ў Лідзе".

У верасні 1928 г. Ваяводскае кіраванне - Дырэкцыя грамадскіх работ у Наваградку аб'явіла тэндар для будаўніцтва гмаха гімназіі, і справа перайшла у стадыю практычнай рэалізацыі. Тэкст аб'явы паведамляў:

Аб'ява пра тэндар

Ваяводскае кіраванне - Дырэкцыя грамадскіх работ у Наваградку аб'яўляе тэндар на будаўніцтва будынкаў гімназіі ў Лідзе аб'ёмам каля 16250 м2.

Падрыхтаваны камень і цэгла будуць перададзеныя па сабекошту.

Прапановы павінны быць прадстаўлены ў запячатаных канвертах да 12-й гадзіны апоўдні 29 верасня ў Дырэкцыю грамадскіх работ па вул. Гарадзенскай - 6.

Прапанова павінна суправаджацца грашовым закладам (сума, якая ўяўляе сабой абавязацельствы бяспекі пры ўдзеле ў конкурсах і аўкцыёнах) 3% ад прапанаванай сумы.

Прапановы будуць ускрыты ў той жа дзень у 13 гадзін.

Дырэкцыя пакідае за сабой права выбару пададчыка, магчыма правядзенне дадатковага тэндара і выкананне работ самастойна.

Цэны павінны быць указаны на адзінку працы і абапёрты на каштарыс, які можна атрымаць у Дырэкцыі, дзе таксама будуць дадзены падрабязныя тэхнічныя спецыфікацыі для выканання работ.

Дырэктар інж. А. Зубялевіч.

Наваградак, 19.IX 1928 г."


Ужо ў 1929 г. будынак гімназіі прыняў першых вучняў і да нашага часу выконвае функцыі выхавання і навучання моладзі нашага горада.




(38KB) Праект Лідскай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча. Сітуацыйны план.(55KB) Праект Лідскай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча. Архітэктар Ежы Бэйль.(54KB) Праект Лідскай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча. Архітэктар Ежы Бэйль.(44KB) Праект Лідскай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча. Архітэктар Ежы Бэйль.(96KB) Праект Лідскай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча. Унутраны дворык з аркадай. Малюнак. Архітэктар Ежы Бэйль.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX