Вярнуцца: Архітэктура

Калонія дзяржаўных дамоў у Лідзе (1920-я-1930-я гг.)


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 13-04-2012,
Крыніца: Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база : зб. навук. арт. Гродна, 2011. С. 362–366.

Спампаваць




УДК 94 (438):27-558 (476)

Леанід Лаўрэш (Ліда)

Крыніцы для вывучэння гісторыі калоніі дзяржаўных дамоў у Лідзе (1920-я - 1930-я гг.)

В статье на основе выявленных источников раскрывается история строительства, архитектурный облик так называемой колонии государственных домов в Лиде - комплекса административных и жилых зданий, построенных в Лиде, как и в других городах Западной Беларуси, для польских чиновников. Делается попытка проследить судьбу семей, которые здесь проживали в 1920-е - 1930-е гг.

На пачатку 1920-х гг. польскія улады сутыкнуліся з неабходнасцю больш менш прыстойна размясціць чыноўнікаў адноўленай дзяржавы ў гарадах Заходней Беларусі і Ўкраіны. За часы ваеннага ліхалецця жылы фонд гарадоў прыйшоў у заняпад, шмат дамоў было разбурана. Напрыклад, у Лідзе, падчас так званай "Бітвы на Нёмне" у 1920 г. баі у межах горада ішлі з выкарыстаннем артылерыі [1].

Каб вырашыць праблему, была распачата дзяржаўная акцыя па будаўніцтву спецыяльных комплексаў адміністрацыйных і жылых будынкаў - так званых калоній дзяржаўных дамоў.

Гісторыя будаўніцтва, існавання і сучасны стан калоній дзяржаўных дамоў - цікавая і дасюль нераспрацаваная тэма.

Адразу пасля заканчэння будаўніцтва гэтых калоній, у 1920-я гады ў Варшаве быў выдадзены шэраг альбомаў з архітэктурнымі праектамі, апісаннямі і фотаздымкамі пабудаваных дамоў:

  1. Budowa domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. Warszawa. 1925.
  2. Budowa pomieszczeń dla Korpusu Ochrony Pogranicza i domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. Z. 1 - 5 . Warszawa. 1925.

Гэтыя кнігі, а таксама артыкулы перыядычнага друку з'яўляюцца галоўнымі крыніцамі для вывучэння гісторыі будаўніцтва калоній дзяржаўных дамоў у гарадах Заходней Беларусі.

Агульная падрыхтоўка будаўніцтва калоній дамоў пачалася з 1923 г. 28 мая 1924 г. Міністэрства скарбу пачало фінансаванне гэта праекта. Для арганізацыі такой маштабнай будоўлі, 12 мая ўтвораны ваяводскія будаўнічыя камітэты, а 6 чэрвеня ў Брэсце створана "экспазітура" на чале з галоўным кіраўніком будоўлі на "Крэсах усходніх", які быў прамым прадстаўніком Міністэрства скарбу. На гэту пасаду быў прызначаны Аляксандр Прачніцкі.

Адразу, у чэрвені, пачалі распрацоўвацца архітэктурныя праекты будучых дамоў для чыноўнікаў. Да ўдзелу ў акцыі былі прыцягнуты архітэктары з Варшавы і іншых гарадоў Польшчы. Архітэктарам давалася замова на распрацоўку тыпавых дамоў для забудовы, сітуацыйных планаў, даручаўся нагляд за ажыццяўленнем праектаў . Сярод патрабаванняў да архітэктараў было і такое, каб новыя калоніі гарманічна спалучаліся з мясцовымі забудовамі і адпавядалі сучаснаму ўзроўню ўрбаністыкі. Праектаваліся муры павялічанай таўшчыні, прыстасаваныя для больш халоднага клімату.

Планавалася амаль што адначасова пачаць будоўлю дамоў у 44 гарадах і мястэчках, пераважна у цэнтрах паветаў, у тым ліку ў Навагрудскім ваяводстве, у склад якога уваходзіў Лідскі павет. У Навагрудскім ваяводстве будоўля пачыналася у 8 населеных пунктах (у Палескім - у 11, Віленскім - 16, Валынскім - 9.) У нашым ваяводстве планавалася пабудаваць 43 дома (з іх 21 - мураваны і 22 драўляных), у Віленскім - 27 дамоў (5 мураваных і 22 драўляных), Палескім - 69 дамоў (26 мураваных і 43 драўляных). Акрамя гэтага 9 дамоў для тых жа мэтаў будаваліся за сродкі іншых праграм, а 42 дома пачалі будавацца раней, чым пачалася рэалізацыя адмысловай праграмы [2, s. 4-6.].

Кіраўнікамі работ ў Лідзе, Баранавічах і Стоўбцах былы прызначаныя: інжынеры-архітэктары Вітольд і Зыгмунт Выганоўскія [2, s. 11.].

Для будаўніцтва калоній дзяржаўных дамоў у Лідзе быў куплены пляц за горадам, на так званым "выгану". Трэба сказаць некалькі слоў пра гэты "выган". "Выганам" у Лідзе з XIX ст. называлася забалочаная тэрыторыя, што прымыкала да рэчкі Каменкі агульнай плошчай 345 дзесяцін (377 гектараў), якая выкарыстоўвалася як паша для жывёлы і коней гараджан. З сярэдзіны 1920-х гг. "выган" быў асушаны і на яго тэрыторыі вырас новы раён, якім жыхары горада вельмі ганарыліся. Тут акрамя калоніі дзяржаўных дамоў для чыноўнікаў былі пабудаваныя цагляныя будынкі бальніцы (1921-1923), школаў № 1 і 2 імя Нарутовіча (1926-1929), дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча (1930), паштамт (1938), стадыён. Частка горада паміж паркам і стадыёнам у 1930-я гг. насіла назву "Вялікая Ліда" ("Wielka Lida"). У канцы 1920-х гадоў вулачка, на якой была пабудавана калонія дзяржаўных дамоў, атрымала назву "Ужэндніча" (Urzendnicza).

За увесь час у Лідзе было пабудаваны 7 дамоў агульным аб'емам 6 135,22 м 3 (у Валожыне - 9 514,26 м 3 , Стоўбцах - 7 715,44 м 3, Баранавічах - 12 077,07 м 3, Наваградку - 11 923,54 м 3, Нясвіжы - 5 628,51 м 3) [3, s. 23.].

Агульны кошт калоніі дзяржаўных дамоў у Лідзе склаў 162 000 злотых. Выдаткаванне грошаў адбывалася па кварталам [3, s. 27.]:

(18KB) Выдаткованне грошаў на будаўніцтва лідскай 'калоніі' па кварталам.

Калонія дзяржаўных дамоў у Лідзе, як і ў іншых гарадах Заходней Беларусі, была пабудавана ў сціслыя тэрміны: " Працы вяліся з амерыканскай хуткасцю" [4].

Дом лідскага старасты пабудаваны ў модным у той час "закапанскім стылі", аўтар праекта інжынер-архітэктар Ежы Беіл (Jerzy Beill). Па гэтаму ж праекту будаваліся дамы для стараст у Баранавічах, Драгічыне, Глыбокім, Нясвіжы, Навагрудку, Слоніме, Стоўбцах, Валожыне [2, s. 42-43.], і аўтару вядома, што як мінімум у Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы захаваліся і не былі перабудаваныя, як у Лідзе. Па праектам Ежы Беіла (нарадзіўся ў 1885 г.) пабудавана палітэхніка ў Гданьску, гімназія імя Стэфана Баторыя ў Варшаве (1925) і, што істотна для лідчан, дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў Лідзе, будынак якой і зараз упрыгожвае наш горад.

Пасля перапланіроўкі і перабудовы на пачатку 1980-х гг., да непазнавальнасці сказіўшай выгляд "дома старасты", у ім размясціўся гарадскі ЗАГС.

У Лідзе былі пабудаваны два дамы "на дзве сям'і" па праекту архітэктара Зыгмунта Тарасіна (Zugmunt Tarasin) [2, s. 41.]. Да нашых часоў дажыў толькі адзін з дамоў, пасля капітальнага рамонту і ўнутранай перабудовы ў ім зараз заходзіцца рэдакцыя Лідскага радыё і тэлебачання.

Амаль без пашкоджанняў захаваўся дом "на чатыры сям'і", пабудаваны па праекту архітэктара Теадора Буршэ (Teodor Bursze). Аднатыпныя лідскаму дому "на чатыры сям'і" былі пабудаваны дамы ў Пінску, Луцку і Роўна [2, s. 49.]. Гэты дом і зараз прыемна ўражвае сваім выглядам і выразна вылучаецца з "шэрых" двухпавярховых дамкоў савецкай забудовы 1950-60-х гадоў.

Былі пабудаваны тры двухпавярховых дома "на шэсць сямей" па праекту інжынера-архітэктара Стэфана Тамаровіча (Stefan Tomorowicz). З сітуацыйнага плана бачна, што двор гэтых дамоў быў падзелены на 6 пляцовак пад сад-гарод для жыхароў дома. Аднатыпныя дамы павінны былі быць пабудаваны і ў Вілейцы [3, s. 85.]. Усе тры дамы дажылі да нашага часу, але пры канцы 1990-х гадоў былі перабудаваны ў трохпавярховыя.

Цікавымі з'яўляюцца успаміны тых, хто жыў у гэтых дамах, але нягледзячы на інтэнсіўныя пошукі, аўтару удалося знайсці жыццёвыя гісторыі толькі двух чалавек.

Успаміны дачкі лідскага віцэ-старасты Кшэнтоўскага, Дануты Тхажоўскай : " Месца, дзе мы жылі, называлася "калонія ужэдніча" - сучасны парк. Сучасны ЗАГС - гэта быў дом старасты, у двухпавярховым даму за басейнам (басейн - пабудова канца 1960-х гадоў - Л. Л.) жылі 4 сям'і, у тым ліку і наша. Сям'я Невяроўскага - адваката (ці суддзі), Кажаноўскага і начальніка паліцыі. Бацьку арыштавалі раніцай 24 верасня 1939 г. (...) Тры дні ў турме, дзе зараз тыпаграфія, прымалі перадачы, на чацвёрты сказалі, каб больш не прыносілі. І з тых часоў ніякіх слядоў. Спачатку нас выселілі з дома, а 13 красавіка 1940 г. далі час на зборы і вывезлі. Жаўнер, які забіраў нас, сказаў, каб мы бралі бульбу і ежу, а кнігі і добрая вопратка нам не спатрэбіцца (...) Вывезлі ў Паўночна-Казахстанскую вобласць (...) Лідскі стараста Гансеўскі адразу ўцёк у Літву, мы потым з ім сустракаліся ў Польшчы, вельмі дзівіўся з таго, што мы не выехалі ў першыя ж дні (...) Падчас вайны ўступіла ў дывізію імя Касцюшкі, капітан рэзерву " [5].

Успаміны Казіміра Казлоўскага , сына школьнага інспектара: "Нарадзіўся я ў Лідзе. У павятовым горадзе Навагрудскага ваяводства. Мой бацька нарадзіўся ў горадзе Асвенцім і пасля заканчэння Кракаўскага ўніверсітэта прыехаў у Ліду выкладаць у гімназіі. Маці - з лідскай радзіны Касакоўскіх... 1 верасня, вельмі нізка, так што можна было каменем патрапіць, над горадам праляцеў самалёт. Аказалася, што самалёт, які праляцеў над нашым домам, быў нямецкі. Жылі мы ў "калоніі ужэднічай". Гэта было месца, дзе жылі ўсе функцыянеры дзяржаўных інстытуцый. Гэта былі ладныя дамкі. Дужы сад..." Бацьку Казіміра Казлоўскага папярэдзіў кватарант, капітан Чырвонай Арміі Капейкін, і бацька паспеў уцячы у Варшаву, дзе жыла яго маці, таму і не быў арыштаваны [6].

Якасна пабудаваныя дамы для чыноўнікаў польскай адміністрацыі і зараз упрыгожваюць гарады, дзе яны пабудаваны. Гісторыя калоній дзяржаўных дамоў у гарадах Заходняй Беларусі і лёсы тых, хто жыў у гэтых дамах - гэта яшчэ нераспрацаваная частка гісторыі нашых гарадоў.


Спіс крыніц і літаратуры

1. Odziemkowski, Janusz. Lida 1920 / Janusz Odziemkowski. - Warszawa, 1994. - S. 62-71.

2. Budowa domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. - Warszawa, 1925.

3. Budowa pomieszczeń dla Korpusu Ochrony Pogranicza i domów dla urzędników państwowych w województwach wschodnich. 1925. Z. 5. - Warszawa, 1925.

4. Kresy ilustrowane. 1925. - № 8. - S. 4.

5. Мемуары бывших жителей Лиды [Электронны рэсурс] / Рэжым доступа: http://pawet.net/memoirs/sbor/Мемуары_бывших_жителей_Лиды.html - Дата доступа: 07.10.2011.

6. Oral History Archives [Электронны рэсурс] / Рэжым доступа: http://ahm.1944.pl/Kazimierz_Kozlowski?lang=en - Дата доступа: 07.10.2011.

Леанід Лаўрэш , адміністратар гісторыка-краязнаўчага сайта "Павет".




(51KB) Праект 'Дома старасты' архітэктара Ежы Беіля.(80KB) 'Дома старасты'  ў Слоніме.(70KB) 'Дома старасты'  ў Наваградку.(79KB) Дома старасты'  ў Лідзе (ЗАГС).(108KB) Дома старасты'  ў Лідзе (ЗАГС).(48KB) Праект дома 'на дзве сям'і'  архітэктара Зыгмунта Тарасіна.(82KB) Дом 'на дзве сям'і'  па праекце архітэктара Зыгмунта Тарасіна, г. Ліда, вул. Чарняхоўскага, 5.(86KB) Дом 'на дзве сям'і'  па праекце архітэктара Зыгмунта Тарасіна, г. Ліда, вул. Чарняхоўскага, 5.(44KB) Праект дома 'на чатыры сям'і'  архітэктара Тэадора Буршэ.(132KB) Дом 'на чатыры сям'і'  па праекце архітэктара Тэадора Буршэ, г. Ліда, вул. Міцкевіча, 3.(87KB) Дом 'на чатыры сям'і'  па праекце архітэктара Тэадора Буршэ, г. Ліда, вул. Міцкевіча, 3.(46KB) Праект дома 'на шэсць сямей'  інжынера-архітэктара Стэфана Тамаровіча.(73KB) Дамы 'на шэсць сямей' па праекце інжынера-архітэктара Стэфана Тамаровіча, г. Ліда, вул. Чарняхоўскага, 12, 16, 18.(61KB) Дамы 'на шэсць сямей' па праекце інжынера-архітэктара Стэфана Тамаровіча, г. Ліда, вул. Чарняхоўскага, 12, 16, 18.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX