Вярнуцца: Архітэктура

Лідская Тарбут-школа


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-05-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідская Тарбут-школа // НАША СЛОВА № 19 (1326), 10 траўня 2017 г.



Я больш за 15 гадоў хацеў даведацца, якому будынку належала дзіўная сцяна (падобная на барочную) якая стаяла ў цэнтры горада і да якой быў прылеплены сціплы будынак 1950-х гг. У 2001 г. першай лічбавай камерай, якая патрапіла мне ў рукі, зрабіў здымак гэтай сцяны, з тых часоў яна не змянілася, толькі сцяну разам з будынкам адрамантавалі і пафарбавалі ў іншы колер. А да рамонту заходні край сцяны знізу не меў тынку і была добра бачна цэгла, адну я нават выняў і патрымаў у руках. Гэты была вялікапамерная гладкая цэгла даўжынёй прыкладна 30 см. На жаль я не зрабіў абмеру цэглы.

(81KB) 2000 г. Сцяна Лідскага яўрэйскага малельнага дома.

І толькі нядаўна, пад час аналізу пабудоў старога цэнтра горада пры стварэнні 3D мадэлі, гэтую загадку праясніў мой добры знаёмы Віталь Бурак, за што аўтар выказвае яму шчырую падзяку. На гэты месцы, па вуліцы Садовай з 1920-х гг. знаходзілася лідская Тарбут-школа другой ступені. Тарбут (яўр. - культура) - яўрэйская свецкая асветніцка-культурная арганізацыя, пад эгідай якой у перыяд паміж дзвюмя сусветнымі войнамі была створана сетка свецкіх адукацыйных устаноў на іўрыце.

(103KB) 1928 г._Халодная сінагога.

Яўрэйская свецкая Тарбут-школа ў горадзе стала выконвала ролю культурнага цэнтра. У канцы кастрычніка 1931 года ў "яўрэйскай школе "Тарбут" па вуліцы Садовай лектарам з Вільні быў зачытаны рэферат на тэму гісторыі сіянізму за апошнія 50 гадоў. Падчас дыскусіі абмяркоўваліся яўрэйска-арабскія стасункі ў Палесціне і справы каланізацыі. Прысутнічалі 60 чалавек - у большасці яўрэйская моладзь з сіянісцкіх арганізацый". 26 ліпеня 1932 года ў зале Тарбут-школы (вуліца Садовая, 11) адбыўся сход навуковага яўрэйскага таварыства горада Ліды. Была абрана новая ўправа таварыства ў складзе: Гірша Палячака, Абрама Гурвіча, Адольфа Левінсона, Гірша Альпяровіча і Ільі Зайгера і рэвізійнай камісія. У 1933 годзе заснаваны гістарычны камітэт, які збіраў матэрыялы па гісторыі лідскіх яўрэяў для выдання манаграфіі, аднак гэта праца не была выканана да канца.

Па адрасе: Садовая, 11 знаходзіў пляц вядомай і разгалінаванай лідскай сям'і Ілютовічаў. Якаў Ілютовіч пісаў: "Мой бацька Ерамія Ілютовіч па сваёй маці належаў да сям'і Пупко - "Ханчыкаў", ад імя заснавальніка сям'і, чыё імя было Хана. Усе Ханчыкі мелі вялікую вагу ў справах кагалу. З-за свайго радаводу мой бацька нават змог выслізнуць ад каманды лаўцоў рэкрутаў, якія павінны былі выхапіць яўрэйскіх дзяцей у салдаты на 25 гадоў. Гэта такая гісторыя: "Калі мой бацька быў яшчэ толькі маленькім хлопчыкам, ён зімовым вечарам выйшаў з ешывы, дзе вучыўся. Раптоўна камандаў лаўцоў, якая толькі што ўвайшла ў горад акружыла яго. Мясцовы паліцэйскі, які прымаў удзел у лоўлі, асвятліў яго твар ліхтаром, і сказаў: "Адпусціце яго. Ён адзін з Ханчыкаў".

Сам Якаў Ілютовіч быў адным з заснавальнікаў руху сіяністаў у Лідзе. Самі сіяністы лічылі, што самае галоўнае яны зрабілі ў сферы адукацыі - іхнім ідэалам была поўная яўрэйская школа. Піянерамі яўрэйскай школы ў Лідзе былі малады студэнт Матаціс Рубін, сын Руба-Хана Рубіна, і пазней - яго будучая жонка Нота, да замуства - Рабіновіч. Яны першымі адкрылі клас на іўрыце. У іх не было грошай на арэнду памяшкання, і яны з адабрэння папячыцеляў сінагогі вучылі ў пакоі для абслугоўчага персаналу пры малельным доме канторы пахаванняў. З гэтага вырасла школа на іўрыце, якая вучыла да 6-га класа па праграме гімназіі. Далей павышаць узровень адукацыі не дазволілі фінансавыя абмежаванні, бо асноўныя высілкі засяроджваліся на ўмацаванні становішча класаў Народнай школы для непісьменных.

Такім чынам, можна з адноснай упэўненасцю сказаць што ў Лідзе захавалася сцяна малельнага дома пры канторы пахаванняў Ілютовічаў. Гэтая сцяна былой сінагогі - адзінае, што засталося ад пабудоў старога цэнтра горада. Дырэктарам Тарбут-школы быў Ханан Ілютовіч. Яе наведвала 500 вучняў, у канцы 1930-х стары будынак стаў замалы, і яўрэйская грамада пачала будаваць трохпавярховую новую Тарбут-школу ў іншым раёне горада, гэты гмах захаваўся да нашага часу.

Сцяна малельнага дома мае рысы характэрныя для яўрэйскіх сінагог Беларусі. Асабліва яна нагадвае так званую "халодную" сінагогу ў Менску, якая з'явілася ў XVІІ ст. "Халодная" сінагога на былой вуліцы Школьнай - невялікі па аб'ёму будынак, доўгі час яна з'яўлялася адной з самых старых мураваных пабудоў у горадзе. Некаторыя даследнікі лічаць, што спачатку гэта была капліца Петрапаўлаўскага манастыра. Аднак да XІX ст. бажніца належала яўрэйскай грамадзе. У 1965-1966 гг. пад час разбурэння гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі будынак сінагогі быў знішчаны.

Цікава, што вуліца Садовая ў Лідзе, па якой знаходзілася Тарбут-школа, з'явілася толькі пасля вялікага пажару 1891 г., яна была прарэзана ад галоўнай Сінагогі да вуліцы Каменскай. На ўсім участку дзе яна ішла, раней быў вялікі фруктовы сад, які належаў фармацэўту Юстыну Шымкевічу. За плотам з невялікіх драўляных пралётаў, стаяла аптэка фармацэўта і яго дом. Пасля пажару фармацэўт страціў сад і прадаў свой участак для забудовы яўрэям. У 1899 г. Шымкевіч атрымаў 35 рублёў за зямлю якая адчужалася ў яго для правядзення Садовай вуліцы. А пасля пажару 1941 г. вуліца знікла.

Для нашага горада гэты адзіны парэштак "затануўшай Атландыты" яўрэйскага свету, мае культурнае значэнне, і трэба думаць пра ахову яго дзяржавай.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX