Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Прыход у Радзівонішках


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 14-01-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Прыход у Радзівонішках // Лідскі летапісец. 2019. №2(86). C. 41-53.



Верагодна, першай згадкай пра Радзівонішкі, быў межавы акт паміж маёмасцю Гераніма Хадкевіча і маёнткам Радзівонішкі Яна Камаеўскага, падпісаны ў Лебядзе ў 1554 г.

Я знайшоў згадку пра Радзівонішкі пад час судовага працэса паміж ЯВ князямі Карыбут-Вішнявецкімі і ЯВп Катлубаямі, Гурыновічамі і Быкоўскімі аб застаўной маёмасці Радзівонішкі, працэс цягнуўся з 1644 да 1671 г. [1]

У 1690 г. Радзівонішкамі (60 дымоў) валодала Барбара Халхоўская [2].

Царква Св. Ганны была пабудавана з дрэва «дзедічам» - законным спадчыннікам і гаспадаром маёнтка Радзівонішкі Халхоўскім у 1696 г. [3] і, верагодна, гэта была не першая царква.

Дзедзіч маёнтка Радівонішкі ЯП Антон Халхоўскі 15.08.1729 г. фігуруе ў якасці гаранта тастамента памёршага ЯП Войцаха Стацэвіча. Потым, верагодна, адбыўся нейкі канфлікт, бо ў кастрычніку 1729 г. быў складзены спіс рэчаў, якія ЯП Халхоўскі «гвалтоўна забраў з маёнтка Радзівонішкі»[4] ў адміністратара маёнтка Стацкевіча.

У 1784 г. двор Радзівонішкі належаў ЯВп Касцялкоўскаму, старасту Чатырскаму. Аднак, царква была ў вёсцы Манькаўцы, якая належала ЯВп Касакоўскаму, акрамя царквы тут мелася карчма, і ў вёсцы жыло «найбольш русі»[5] - гэта значыць, уніятаў ці беларусаў.

Царква была пабудаваная каля старажытнага гасцінца, які перад падзеламі Рэчы Паспалітай, стаў вялікім трактам Гародня - Ліда і быў задуманы і выкананы як паштовая дарога. Станцыі са стайнямі для паштовых коней і корчмамі былі размешчаны праз 10-12 км. Самыя блізкія паштовыя станцыі да Радзівонішак знаходзіліся ў Залебеддзі, потым Ішчалне, Шчучыне і г. д. Тракт складаўся з выраўненай шырокай ездні, уздоўж якой шэрагамі раслі бярозы, яны стваралі прыгожыя алеі. Унутры кожнай алеі заставалася дадатковая стужка, якая дазваляла раз'ехацца дзвюм карэтам. Межы тракта пазначаліся равамі. Шырыня кожнай з бочных алей, званых «прысадамі», разам з ровам дасягала 10 м.

На карце сярэдзіны XIX ст. бачна, што на поўнач ад царквы знаходзілася вёска Манькаўцы (назва зараз знікала, гэта і ёсць вёска Радзівонішкі), а на поўдзень - двор маёнтка Радзівонішкі.

У 1784 г. царква пад тытулам Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі: «… драўляная, старая, крыжовая (па-форме - Л. Л.), на каменным фундаменце, патрабуе рамонту»[6]. Парафія складалася з Маньканцоў (28 дамоў), Задворцаў (12 дамоў), Цвербутаў (39 дамоў), разам - 80 дамоў, 540 душ. Царква знаходзілася ў каляцыі Нарбута, Лідскага стольніка [7]. Антон Ян Нарбут быў Лідскім стольнікам з 23.02.1784 па 26.01.1795 г. З 1797 г. займаў пасаду маршалка лідскай шляхты [8]. Быў сынам Казіміра, мечніка, войскага і потым маршалка Лідскага павета. Жанаты з Кларай з Плятэраў, сужэнцы мелі дачку Казіміру - жонку Юзафа Гружэўскага [9], якога праславіў у сваіх мемуарах Браніслаў Мірон Нарбут [10].

У 1792 г. царква: «Драўляная, цалкам па-новаму адрамантавана, пабудавана ў форме крыжа на каменным фундаменце. Дах з новай гонты, купал з жалезным крыжам, у ім сігнатурка. Могілкі на 25 локцяў, часткова агароджаны, агароджа патрабуе значнага рамонту. За царквой, каля агароджы могілак, званіца на чатырох слупах, абабіта габляванымі дошкамі. На званіцы адзін звон вагой у чатыры камяні»[11].

Як бачым, Нарбуты адрамантавалі царкву, і ў 1792 г. яна знаходзілася ў каляцыі ЯВп Нарбута [12], Лідскага войскага. З 1776 па 1807 г.(?) Лідскім войскім з'яўляўся Дамінік Нарбут [13] (? - пасля 1807?), брат Антона. Пасол на сойм 1764 г., на якім аддаў свой голас за караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Стараста міжэвіцкі (у Слонімскім павеце) з 1771 г., Лідскі чашнік ў 1770-74 гг. і войскі ў 1775-94 г. У 1789 г. абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Пасол на сойм 1782 г. і Чатырохгадовы сойм 1788-92 гг., член «Згуртавання сяброў урадавай уставы», у 1791 г. галасаваў за канстытуцыю. Падпісаў Віленскі акт паўстання 1794 г., член Найвышэйшай літоўскай рады (яе сакратар, член крымінальнага суда). Дзеяч Парадкавай камісіі Лідскага павета. Пасля задушэння паўстання яго расшуквалі як адказнага за смяротнае пакаранне гетмана Ш. Касакоўскага. Пры канцы жыцця Дамінік Нарбут жыў у Радзівонішках, куды да яго, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, прыехаў брат Казімір. Дамінік Нарбут быў жанаты з Ружай з Касцялкоўскіх [14]. Сужэнцы мелі сыноў Юзафа (нарадзіўся каля 1780 г.), Яна, Мікалая (нарадзіўся ў 1783 г.), Францішка (нарадзіўся ў 1794 г.), Вікенція і дачок Брыгіту і Барбару [15]. Дамінік і Ружа Нарбуты валодалі домам у Лідзе па вуліцы Віленскай.

У Радзівонішках частку жыцця правёў актыўны дзеяч Камісіі нацыянальнай адукацыі, навуковец, ксёндз, перакладчык, аўтар першага польскамоўнага падручніка логікі Казімір Нарбут. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г., ён адышоў ад грамадскага жыцця і падаўся на Лідчыну, у Радзівонішкі, у маёнтак свайго брата Дамініка. У кнізе «Казімір Нарбут» прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова на гэты конт піша наступнае: «У гэтыя гады нацыянальнай паразы Нарбут вырашае таксама адмовіцца ад пасады пробашча як у Радзыміне, так і ў Лідзе, пакідаючы толькі тытулярную годнасць парадыскага абата…

Радзівонішкі, якія павінны былі стаць жыццёвым прыстанкам Казіміра Нарбута, знаходзяцца недалёка ад Ліды і ракі Дзітвы. Засмучаны ходам палітычных падзей, пазбаўлены веры і ўсялякіх аўтарытэтаў, 57-гадовы ксёндз вырашыў правесці рэшту свайго працавітага жыцця ў цішы братавага маёнтка. І так сталася, што гэтаму рашэнню ён быў верны 12 гадоў, г. зн. да часу сваёй смерці. Адзіным выключэннем быў выезд у Ліду ў 1801 годзе, каб асвяціць краевугольны камень пад касцёл, які меліся будаваць піяры. Гэта было цалкам зразумела таму, што Нарбут, нягледзячы на секулярызацыю, заставаўся ў вельмі добрых адносінах са сваімі ордэнскімі братамі, дапамагаючы ім у розных абставінах…. Але гэта было ўжо мінулае, да якога ён не хацеў вяртацца. Што ён рабіў у маёнтку брата, невядома, але мы можам здагадацца. Напэўна, заняўся гаспадаркай. Біёграф Антоні Машынскі, піяр, запісаў толькі, што Казімір Нарбут пасля кароткай хваробы, у здаровым розуме, пасля прыняцця святых таінстваў памёр у Радзівонішках 17 сакавіка 1807 года. Ён быў пахаваны ў папярэдне падрыхтаваным адзенні святара «ў склепе ўніяцкай царквы», якая знаходзілася на тэрыторыі маёнтка»[16]. Слядоў магілы Казіміра Нарбута, як і слядоў уніяцкай царквы, у крыпце якой ён быў пахаваны, не захавалася. Магчыма, перад зносам царквы, вучоны піяр быў перазахаваны.


У царкоўным архіве канца XVIII ст. мелася копія фундушу з актавых кніг Лідскага земскага суда ад 13.03.1745 г. [17] і акты візітацый: 1784 г. - Васіля-Нупрэя Марцінеўскага, Цырынскага дэкана [18], 1792 г. - Адрыяна Тапор-Бутрымовіча, суфрагана Полацкага [19]. У 1784 г. у царкоўным архіве захоўваліся візіты 1 сакавіка 1754 г. - Гарадзенскага сурагатара Антона Бялькевіча, 11 студзеня 1758 г. - Наваградскага сурагатара Аляксандра Высеўскага, 21 траўня 1763 г. - Гарадзенскага сурагатара Антона Бялькевіча, 15 снежня 1768 г. і 4 лістапада 1772 г. - Лідскага дэкана Пятровіча [20].

Па класіфікацыі Д. В. Лісейчыкава Радзівонішскую плябанію можна аднесці да бедных, што не дзіва, бо парафія была малая.


Архіў уніяцкіх мітрапалітаў захаваў асобныя фрагменты з гісторыі гэтай парафіі. Дакументы 1725 і 1748 г. прыводзяць факты неналежнага выканання святарскіх абавязкаў: адпаведна Янам Герасімовічам і Стэфанам Паплаўскім (невыкананне ўмоў утрымання фундушу, праца ў парафіі без «прэзенты» (дазволу) калятара, пропускі набажэнстваў) і строгага рэагавання на гэта духоўнага начальства [21].

19.08.1783 г. Казімір Касцялкоўскі выдаў прэзенту святару Марціну Ваўчановічу на пасаду адміністратара царквы ў Радзівонішках. Ваўчановіч быў высвечаны Пінска-Тураўскім біскупам Г. Дашковічам-Гарбацкім 24.04.1783 г. [22]

08.09.1786 г. Лідскім войскім Дамінікам Нарбутам быў прэзентаваны на пасаду адміністратара царквы Палікарп Хазановіч, «звычаяў незаганных, навук сярэдніх»[23].

У студзені 1797 г. інстыгатар Лідскага дэканата Ян Мыслевіч разбіраў справу пра «цуд», які адбыўся ў Радзівонішскім прыходзе, дзе кіраваў адміністратар [24] царквы той самы Палікарп Хазановіч. Хазановіч абвінавачваўся ў тым, што ён ці яго падначалены прымацаваў на ліпе, якая расла на могілках каля царквы, абраз Найсвяцейшай Панны Чанстахоўскай. Потым, зняўшы кару, абраз усталявалі ў дрэва, так, як быццам ён цудоўна там з'явіўся, пра што было разгалошана людзям, і «цудоўнаму» абразу пачалі публічна чыніць «чэсць», а потым усталявалі яго ў царкве. Адміністратар пакляўся, што ні ён сам, ні яго падначалены не займаліся падманам, пра цуд нікому не казалі і не ведаюць, хто здзейсніў гэтую справу. Хазановіч быў прысуджаны падчас кангрэгацыі Лідскага дэканата прасіць прабачэнні ў інстыгатара, супраць якога ён зласловіў, а потым, пачынаючы з 15 лютага - да рэкалекцый пры царкве дэкана Гарбацэвіча ў Моўчадзі [25].

З 1795 г. Хазановіч пераведзены ў царкву вёскі Нагародавічы [26].

У Віленскім архіве захоўваецца «Справа аб жыцці і звычаях аспіранта (прэтэндэнта на пасаду святара) ВП Цыпрыяна Плаўскага, ад 24 лістапада 1803 года». Гэты надзвычай цікавы дакумент для разумення механізму рэкрутацыі грэка-каталіцкага святарства я падаю ў дадатках цалкам.

З дакумента можна даведацца, як у 1803 г. у Нагародавіцкай плябаніі Лідскага дэканата разбіралася справа аб высвячэнні святарскага сына Цыпрыяна Плаўскага ў святары, малады Плаўскі, «асірацеўшы на шостым годзе жыцця пасля (смерці) бацькі, пакінуў месца свайго нараджэння, нідзе пастаяннага месца жыхарства не меў і знаходзіўся на працягу шасці гадоў у розных месцах і на розных работах, у асноўным, у межах Лідскага дэканата, і ён збіраецца атрымаць прыход у гэтым дэканаце і тут жа ажаніўся»[27]. Далей, «у 15 гадоў патрапіў да святара Хазановіча, ... ў Радзівонішкі, (той) не чуў пра яго нічога дрэннага»[28].

Справа пачалася з распараджэння біскупа Язафата Булгака, які даручыў Лідскаму дэкану Стэфану Гарбацэвічу, згодна з кананічным правам і рашэннямі Замойскага сабору, правесці належнае расследаванне.

Гарбацэвічу належала высветліць:

1-е. Чый сын Цыпрыян Плаўскі і якога ён роду;

2-е. Дзе, кім і калі быў ахрышчаны і бежмаваны;

3-е. Пры кім і дзе ў маладыя гады знаходзіўся, чым займаўся і як сябе паводзіў у маладосці;

4-е. Дзе набываў веды неабходныя для святарскага сану, і якім чынам; ці не заражаны якой-небудзь ерассю або вальнадумствам;

5-е. Якіх паводзінаў: ці не схільны да п'янства, да азартных гульняў, да сварак; ці шануе старэйшых, ці далікатны з роўнымі;

6-е. Ці здаровы, ці не пакутуе вар'яцтвам, ці не мае падучай ці якой-небудзь іншай хваробы;

7-е. Які мае сямейны стан: халасты або жанаты; з дзяўчынай або ўдавой уступіў у шлюб; якое стаўленне людзей да яго жонкі;

8-е. Па якіх прычынах жадае ўступіць у духоўнае званне: як даўно рашыў пайсці на гэтую вакансію, ці бачны ў ім дух пакоры, пабожнасці, старання аб славе Божай і выратаванні бліжняга;

9-е. Якія мае кананічныя правы, неабходныя для становішча, ці дастатковыя яны для прыстойнага існавання (забеспячэння); ці не атрымаў іх шляхам змовы, ці будзе мець іх і потым, а не толькі зараз, калі трэба атрымаць пасвячэнне на царкоўнае званне;

10-е. Ці мае царкоўны прыход, на які будзе прызначаны аспірант, фундуш, якой якасці, ці ў мірным валоданні парахаў ён знаходзіцца, ці з вялікай колькасці парафіяльных душ складаецца, колькі налічвае мужчынскага і жаночага насельніцтва [29].

Каб даць адказы на пытанні біскупа, дэкан павінен быў стварыць камісію і апытаць сведкаў, «сярод якіх (павінна быць) не менш за два капланы, якія добра ведаюць названыя абставіны», і «даведацца пра ўсе абставіны і запячатаны пакет (з матэрыяламі следства), з дадаткам усіх дакументаў якія адносяцца да справы, сведчанні, а таксама метрыкі аб хрышчэнні і вянчанні, засведчаныя (Вамі) асабіста, даслаць у нашу кансісторыю. Для чаго Васпана надзяляем неабходнымі паўнамоцтвамі і ўладай»[30].

Сведкамі выступілі а. Сямён Радзецкі, адміністратар Марозавіцкай царквы, а. Ян Радкевіч, вікарый Зблянскай царквы, гаспадар з вёскі Турэйск ва ўзросце 36 гадоў Данель Валюк (непісьменны), непісьменны селянін з вёскі Радзівонішкі ва ўзросце 60 гадоў Геранім Стасюкевіч, гаспадар з вёскі Нагародавічы ва ўзросце 70 гадоў Антоні Зубарэвіч (таксама непісьменны). Паседжанні адбыліся 5 лютага 1803 г. у Нагародавіцкай плябаніі [31].

Усе сведкі добра выказаліся пра Цыпрыяна Плаўскага. Было засведчана, што ён сын святара, пасля смерці бацькі жыў у свайго дзеда, святара Цыпрыяна Плаўскага, параха Окалавіцкага, а пасля смерці дзеда ў свайго дзядзькі па бацьку, святара Дамініка Плаўскага. Потым (пераехаў) да святара Рамана Плаўскага ў Жухавічы і там вучыўся чытаць і пісаць, пасталеўшы, пераехаў у плябанію царквы ў Радзівонішках да святара Хазановіча, зараз вучыцца і рыхтуецца да святарскага звання ў Лаўрышаве, характар у яго прыстойны, разважлівы, спакойны і паслухмяны, ён здаровы і ад якіх-небудзь хваробаў не пакутуе, ажаніўся з дачкой святара, прыстойнай дзяўчынай з добрай рэпутацыяй, мае святарскае пакліканне, у ім ёсць пакорлівасць і жаданне служыць Госпаду Богу, ужо атрымаў прэзенту на Турэйскую парафію і, калі будзе правільна гаспадарыць, дык будзе мець сродкі для існавання [32].

Да матэрыялаў следства былі дададзены:

- Выпіска з запісу аб шлюбе, з якой бачна, што шлюб адбыўся 25 студзеня 1803 г. у Дзятлаўскай царкве і жонкай будучага святара стала Феліцыяна Хазановіч, дачка а. Палікарпа Хазановіча, які пасля Радзівонішак, з 1795 г. быў адміністратарам царквы ў Нагародавічах [33].

- Даведка з Лаўрышава, пра тое, што, «ВП Цыпрыян Плаўскі з Наваградскага дэканата, які мае 25 гадоў і прэтэндуе на духоўнае званне, два гады знаходзіўся ў Берасцейскай дыяцэзіяльнай семінарыі, але паколькі за гэты час не быў неабходным чынам удасканалены ў навуках, неабходных для гэтага звання, таму ён патраціў яшчэ два з лішнім месяцы на гэта ўдасканаленне, і за гэты час не заўважылі мы ў ім нічога акрамя сціпласці, цвярозасці, сталасці, чуласці ў сваіх абавязках. Займаўся маральнай тэалогіяй і статутам з немалым стараннем і паказаў сябе ў гэтым усім дастаткова добра»[34].

- Выпіска запісу аб хрышчэнні з парафіяльных кніг Кунаскай царквы, з якой бачна, што «15 дня месяца красавіка 1777 года я, святар Ян Заўсцінскі, парах Гавязнянскай царквы, ахрысціў і бежмаваў сына, які мае імя Цыпрыян, (народжанага) ад бацькоў - мужа і жонкі: ЯВ святара Плацыда Плаўскага, параха Кунаскага, (і) ад маці, ЯВп Канстанцыі Плаўскаў з Юркевічаў. Хросным бацькамі былі ЯВп Андрэй Корсак, паручнік літоўскіх войскаў, з ЯВп Мар'яна Мікуцёва»[35].


Патрэбныя дакументы даслалі біскупу Язафату Булгаку і ў выніку, Цыпрыян Плаўскі пачаў служыць у Турэйскай парафіі.

Цыпрыян Плаўскі меў сыноў Францішка (1803 г. н.) і Рыгора (1806 г. н.) [36]. У 1837 г. яго сын Францішак служыў у Чарлёне і ў канцы гэтага года стаў Гарадзенскім дэканам [37]. Зразумела, што ў 1837 г., за два гады да скасавання уніі, як і паўсюдна, дэканам мог быць прызначаны толькі «надзейны» святар. Тым цікавей незвычайная гісторыя, якая адбылася з гэтым святаром у 1840-1841 гг.

2 верасня 1840 года Іосіф Сямашка піша ў Літоўскую кансісторыю: «Дабрачынны Скідальскі Плаўскі і віца-дабрачынны Бельскі Лапушынскі носяць імя Франц, неўласцівае для нашай праваслаўнай царквы. Таму прапаную Кансісторыі … даведацца ці маюць гэтыя святары пры Святым Хрышчэнні другія імёны і ці не пажадаюць прыняць імёны, уласцівыя нашай царкве, пра вынікі мне данесці»[38].

Кансісторыя пісьмова пытаецца ў святароў [39] і Скідальскі дабрачынны Франц Плаўскі адказвае, што не мае іншага імя акрамя імя Франц, «і таму, што гэта імя неўласціва нашай Праваслаўнай царкве, замест яго з задавальненнем жадаю прыняць імя Канстанцін»[40].

Бельскі віца-дабрачынны Лапушынскі пры хрышчэнні меў другое імя Афанасій, таму з ім вялікіх праблем не ўзнікла [41] а Францу Плаўскаму распараджэннем Сямашкі адмянілі імя, дадзенае пры хрышчэнні, і іерарх распарадзіўся: «… прапаную … дабрачыннага Скідальскага Плаўскага … у паслужных спісах, ва ўсіх афіцыйных актах і ў жыцці, называць імем Канстанцін ... замест неўласцівага нашай царкве імя Франц»[42].

Нічога дзіўнага - чалавек сваімі рукамі зламаў сваю царкву і таму страціў сваё імя, звычайная іронія лёсу. Але, магчыма, гэтая гісторыя вартая пяра сатырыка ўзроўню Міхаіла Салтыкова-Шчадрына.


У 1832 г. святаром у Радзівонішках служыў Іосіф Сцепуржынскі [43].

У першай палове XIX ст. уладальнікі розных фальваркаў Радзівонішкі хутка змяняліся. Але маёнтак Радзівонішкі з вёскамі Манькаўцы і Цвербуты (1 200 дзесяцін, 178 душ) Касцялкоўскіх у 1839 г. перайшоў да Нарцыза Жураўскага, сына Пятра Жураўскага і Ружы з Янкоўскіх, жанатага з Саламеяй з Кяльчэўскіх [44].

У 1844 г. Нарцыз Жураўскі мае ўжо толькі 89 прыгонных сялян. Жонка Дамініка - Ружа Нарбут валодала тады 20 прыгоннымі, а яе ўнук Мікалай, сын Юзафа - 16 прыгоннымі [45]. У Мікалая Нарбута ў 1862 г. нарадзіўся сын Казімір [46] - апошні з гэтай галіны Нарбутаў - уладальнікаў Радзівонішак.

Пры канцы XIX ст. «Слоўнік Геаграфічны …» пісаў пра некалькі населеных пунктаў з назвай Радзівонішкі каля старога тракту:

1. Фальварак і маёмасць - уласнасць Жураўскіх, жыло тут 19 праваслаўных і столькі ж католікаў. Гэтыя Радзівонішкі былі цэнтрам вясковай акругі.

2. Фальварак, уласнасць Нарбутаў, жылі тут 4 праваслаўныя і 12 католікаў, у XVIII ст. гэта маёмасць належала да ключа Дзітва князя Вішнявецкага.

3. Вёска Радзівонішікі, былыя Манькаўцы, 20 дымоў, 91 праваслаўны і 28 католікаў, драўляная царква [47].

Захаваліся цікавыя ўспаміны пра апошняга з Нарбутаў - Казіміра (1862-1936?). Ад былой маёмасці ў яго застаўся 1 га зямлі і старая хата - можа быць фрагмент нейкай былой дваровай пабудовы, бо яго дом стаяў каля пагорка, на якім раней знаходзіўся палац Нарбутаў, які быў цалкам зруйнаваны і разабраны сялянамі на цэглу падчас Першай сусветнай вайны.

Сяляне лічылі, што Казімір Нарбут сам вінаваты ў сваёй беднасці, бо распрадаў і здаваў у арэнду ўсё, што яму пакінулі бацькі і таму са становішча пана дайшоў да бядноты, большай за сваіх былых падданых. Ён пачаў насіць простую сялянскую вопратку і цалкам перайшоў з польскай на беларускую мову.

Але, калі апошні ўладальнік часткі Радзівонішак дайшоў да краю галечы, ён знайшоў сабе новы занятак - стаў знахарам. Меў таварыскі характар і з шляхецкай маладосці ў яго засталіся нейкія ветэрынарныя веды, усё гэта прыдалося яму на новым шляху. Вельмі хутка Нарбут стаў добра вядомым знахарам, тым больш, што за свае кансультацыі не браў грошы, а толькі прадаваў хворым розныя зёлкі. Аднак не адмаўляўся, калі пацыенты прыносілі яму гарэлку, сала, масла, яйкі, сыры ці што іншае. Не дзіва, што праз кароткі час «Нарбут» - а называлі яго толькі гэтак, пачаў жыць у дастатку, тым больш што ўвесь час узнімалася вядомасць і слава радзівонішскага знахара, да яго пачалі прыязджаць не толькі жыхары Лідскага але і Наваградскага ды Віленскага паветаў.

Улады разумелі, што знахар не мае дазволу на дзейнасць, якую ён вядзе, і да яго шмат разоў прыходзілі паліцыянты. Але ад'язджалі яны ад Нарбута п'яныя і з добрым кавалкам сала. І ўсё заставалася па-старому. Праз нейкі час Нарбут нават пачаў ставіць дыстанцыйны дыягназ - атрымліваў ліст з фотаздымкам хворага і ў адказ высылаў свой вырак. Лісты пачалі прыходзіць з цэнтральнай Польшчы і нават з Амерыкі, пра што ён сам хваліўся суседзям.

Праз нейкі час Нарбуту пачаў дапамагаць яго сын. Запіс на прыём да радзівонішскага знахара рабіўся за вялікі тэрмін часу, і тым не менш перад яго новай хатай заўсёды чакалі фурманкі з хворымі. І хутка новая хата знахара ўжо была пакрытая бляхай, што ў той час з'яўлялася вялікай рэдкасцю і прыкметай багацця. Гэта стала нагодай для плётак сярод суседзяў.

Калі Казімір Нарбут памёр, яго адпяваў сам белагрудскі пробашч Стэфан Гародзька. Пахаванне зрабіла вялікае ўражанне на сялян - такой вялікай колькасці людзей белагрудскія могілкі да гэтага часу не бачылі. На працягу ўсіх 8 км да могілак каля дарогі стаялі, маліліся і нават плакалі людзі. Назіральнікі меркавалі, што яшчэ нікога з Нарбутаў за ўсю гісторыю гэтага роду ніколі не хавала гэткая колькасць па-сапраўднаму ўзрушаных людзей.

Пасля смерці меркаванне пра знахара падзялілася, простыя людзі лічылі яго сапраўдным лекарам, а больш адукаваныя - шарлатанам, але вядома ж, што тыя яго пацыенты, якія паздаравелі, цешыліся і хвалілі знахара, а хто памёр - маўчалі.

Дом, які пабудаваў апошні ўладальнік часткі Радзівонішак Казімір Нарбут, на пачатку XXI ст. яшчэ стаяў, чаго нельга было сказаць пра дамы іншых тутэйшых землеўладальнікаў - Жураўскіх, Кунцэвічаў ці Горскіх [48].

Суседка Нарбута Галіна Кунцэвіч ў паэме «Радзівонішкі» гэтак напісала пра знахара і яго хату:

У блізкім суседстве, стаяла малая хата,

Жыў у ёй пан Нарбут - постаць не багата,

Каб паправіць свае жыццёвыя варункі,

Займаўся знахарствам і піў трункі.


Па-праўдзе, тут за плотам (каб было смешна),

Меў за жонку бабку Паўліну,

з якой цяжка жыць вечна.

Замест шлюбу - суседзямі былі,

І абодва свае адносіны нават хвалілі [49].

Але вернемся да Радзівонішскай царквы.

Апошнім святаром царквы Св. Ганны быў а. Філіп Ядкоўскі (1831-1897). 22 жніўня 1866 г. ён быў пераведзены настаяцелем ў гэтую царкву і служыў тут да 1873 г. [50]

У 1869 г., недалёка ад былой грэка-каталіцкай царквы Св. Ганны, з бутавага каменю была пабудавана новая, праваслаўная царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Лідскі дабрачынны Каяловіч 12 верасня таго ж года даклаў, што ім «7 верасня … высвечана зноўпабудаваная Радзівонішская Царква»[51]. У 1913 г. «Вестник Виленского Св.-Духовского Братства» сярод іншых цэркваў, пабудаваных праз генерал-губернатара Літвы Мураўёва-вешальніка, падае: «Збольшага скончана царква ў мястэчку Радзівонішкі на 4 875 р. 35 к.»[52] Пасля рамонту, царква паўторна асвечана 15 жніўня 1889 г.

(51KB) Здымак Радзівонішскай царквы Балзункевіча, 1899 ці 1900 г., на фоне царквы стаіць святар Фёдар Кунаховіч.

Радзівонішская царква з'яўляецца помнікам архітэктуры сінадальнага накірунку псеўдарускага стылю. Падоўжана-восевую кампазіцыю складаюць 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках) шатровая званіца з макаўкай, кароткая і нізкая трапезная, кубападобная малітоўная зала пад шатровым дахам, звершаным цыбулепадобнай галоўкай, 5-гранная апсіда. Фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі, вуглавымі руставанымі лапаткамі.

У канцы XIX ст. Радзівонішская царква мела 70,5 дзесяцін зямлі ў 15 кавалках. Да царквы належала 102 двары, 409 мужчын і 412 жанчын [53].

У 1892 г. з Лідскага сабора ў Радзівонішскую царкву быў пераведзены псаломшчык Сяргей Ігнацьевіч Карскі - стрыечны брат заснавальніка беларускай філалогіі акадэміка Яўхіма Карскага. У 1882 г. ён быў выключаны з 1-га класа Літоўскай духоўнай семінарыі з-за адсутнасці сродкаў на аплату адукацыі. Служыў псаломшчыкам у царкве Дукштаў і ў 1884 г. быў пераведзены ў Лідскі Міхайлаўскі сабор. У 1893 г. цалкам звольніўся з царкоўнай службы [54]. Пасля гэтага Сяргей Карскі служыў акцызным чыноўнікам і займаўся зборам этнаграфічных матэрыялаў і быў аўтарам некалькіх артыкулаў.

Уладальнікі Тарнова, сямейства Маўрасаў, лічыліся прыхаджанамі блізкай да Тарнова Радзівонішскай царквы, у 1869 г. «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «...у Радзівонішскую царкву да дня яе асвячэння генерал-маёрам Маўрасам, вернікам гэтай жа царквы, былі ахвяраваны ўборы на прастол, ахвярнік і аналой, а таксама два абразы добрага жывапісу Св. Апосталаў Фамы і Пятра, коштам 100 руб.» У 1883 годзе тая ж газета пісала: «Сяло Радзівонішкі. У нашым вельмі малалікім прыходзе 16 траўня было… прыкметнае свята. Гэта была імпрэза з-за каранавання Іх Імператарскай Вялікасці. Графіня Маўрас раздавала даволі каштоўныя падарункі, святкаванні працягваліся тры дні, грала хатняя музыка і былі народныя танцы»[55].

8 кастрычніка 1892-га святар Радзівонішкаўскай царквы Дружылоўскі асвяціў мураваную капліцу ў імя Святога Дзмітрыя Салунскага, пабудаваную ў маёнтку Тарнова па праекце і пад асабістым наглядам графа Маўраса ў неагатычным стылі. Шыбы ўпрыгожвалі выявы святых і крыжы з рознакаляровага шкла. Каля капліцы пабудавалі званіцу з конусападобным купалам і крыжам наверсе. Пад капліцай знаходзілася ўсыпальніца, дзе пахавалі парэшткі жонкі графа. У гэтай жа ўсыпальніцы праз чатыры гады быў пахаваны і сам граф Дзмітрый. Дарэчы, калі ў 1939 г. капліца з магільным склепам Маўрасаў была разбурана, з'явіліся чуткі, што графіня Кацярына Маўрас ляжала забальзамаваная ў спірце [56].

На вядомым здымку Радзівонішскай царквы, выкананым Балзункевічам у 1899 ці 1900 г., на фоне царквы стаіць святар Фёдар Кунаховіч. Нарадзіўся ён у Гародні ў 1870 г. у сям'і калежскага асэсара. Скончыў курс Літоўскай духоўнай семінарыі па другому разраду. У Радзівонішскай царкве служыў з 1898 па 1902 г. У 1898 г. ужо быў удаўцом [57].

Акт генеральнай візітацыі Радзівонішскай царквы [58]

Царква пад тытулам Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, знаходзіцца ў Лідскім павеце і дэканаце, фундацыі ЯВп Халхоўскіх, у каляцыі ВП Нарбута, лідскага войскага. Драўляная, па-новаму цалкам адрамантавана, пабудавана ў форме крыжа на каменным фундаменце. Дах з новай гонты, купал з жалезным крыжам, у ім сігнатурка. Могілкі на 25 локцяў, часткова агароджаны, агароджа патрабуе значнага рамонту. За царквой, каля агароджы могілак, званіца на чатырох слупах, абабіта габляванымі дошкамі. На званіцы адзін звон вагой у чатыры камяні. На ўваходзе ў бабінец падвойныя дзверы на жалезных завесах з зашчапкай і прабоямі. Сакрыстыі - дзве. Адна мае дзверы на жалезных завесах і з унутраным замком, з зашчапкай і прабоямі, адно акно, у сакрыстыі прастол з шуфлядамі для захавання царкоўных прадметаў і службовай вопраткі, а таксама шафка для захоўвання паціраў, якая замыкаецца. У другой сакрыстыі дзверы на жалезных завесах з зашчапкамі і жалезнымі прабоямі, вокнаў і падлогі няма.

У царкве перад Вялікім алтаром - хоры, агароджаныя парэнчамі і балясінамі. Столь з габляваных дошак, падлога гліняная, пяць вокнаў, лаўкі сталярнай работы, амбон на чатырох слупах, пакрыты дываном.

Вялікі алтар сталярнай, часткова сніцарскай работы ... пафарбаваны, з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі ў срэбнай шаце з дзвюмя каронамі. [Каля абраза] срэбных таблічак шэсць, два срэбныя сардэчкі, адна срэбная рука, лубкоў срэбных - тры, сем шнуркоў караляў, тры шнуркі бісеру, адзін каменчык. Рэліквіярый - адзін. Газавых фіранак - адна пара, з чырвонай ліштвай з кітайкі. Штофавых блакітных фіранак - адна пара. На прастоле пафарбаваныя дараносіца сталярнай работы на замку, у ёй срэбная, знутры пазалочаная, даразахавальніца ..., у якой захоўваюцца Святыя дары. Укрыжаванне драўлянае, з пасійкай. Алтарных, алавяных падсвечнікаў - адна пара, настольных - дзве пары, драўляных - тры пары. Ручнікоў - два. Антымінс Яснавялебнага (Льва) мітрапаліта Грабніцкага. Абрус-пакрывала гаруснае, зялёнае. Падушка ўлачковая. Франтальная заслона прастола ўлачковая, вышытая ... .

Бакавы алтар сталярнай работы, стары, з абразом Пана Езуса за кармазынавымі, старымі фіранкамі з кітайкі. На прастоле драўлянае ўкрыжаванне з пасійкай. Драўляных падсвечнікаў - адна пара. Ручнік - адзін, пакрывала з тканіны. Франтальная заслона прастола драўляная, пафарбаваная.

Другі бакавы алтар сталярнай работы з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, над абразом ... карона. Шата ... пафарбаваная. Фіранак з грэтуту (цяжкага французскага шоўку - Л. Л.) - адна пара. На прастоле драўлянае ўкрыжаванне з пасійкай. Ручнікоў - два. Франтальная заслона прастола драўляная, пафарбаваная.

Царкоўнае начынне. Срэбны пацір з дыскасам, які знутры і звонку пазалочаны, другі срэбны пацір з непазалочаным дыскасам, стары, у дрэнным стане ... . Срэбная лыжачка адна, мерніца ..., алавяных падсвечнікаў - пара, алавяных ампулак - адна пара. Кропельніца алавяная - адна. Кадзіла вялікае, старое - адно. Кадзіла вялікае, новае - адно. Лодка - адна. Алтарных званкоў - тры, чацвёрты - у бурсе. Бляшаная лямпа. Драўляны працэсійны крыж з пасійкай. Крыж новы, прыбіты. Жалезны трымальнік для паходні. Тры гарусныя харугвы з абразамі.

Увага! Медная, добрая пазалочаная даразахавальніца з накрыўкай і крыжыкам, хоць аддадзена царкве, аднак знаходзіцца ў калятараў. Шата з каронамі важыць пяць грывен і тры лоты. Пацір з двума дыскасамі - дзве грыўны. Пацір і дзве лыжачкі - трынаццаць лотаў. Даразахавальніца важыць адну грыўну і адзінаццаць лотаў. Шэсць таблічак, два сардэчкі, адна рука і тры лубкі важаць дзесяць лотаў. Сігнатурка ў купале - пяць фунтаў. Алтарныя званкі з кадзіламі - 2 фунты. Усяго волава - дванаццаць фунтаў.

Кнігі. Службоўнік у добрым стане, віленскага выдання. Другі лацінскі, новы. Трэбнік супральскага друку. Евангелічка польская. Метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў, а таксама і рэестр парафіі разам з табліцай насельніцтва.

Спіс Радзівонішскай парафіі разам з рэестрам абодвух палоў якія здольны і не здольны да споведзі

Хаты

Мужчын

Жанчыны

здодны

не здолны

здодны

не здодны

Вёска Манькаўцы

30

66

30

30

19

Вёска Цвербуты

37

65

30

60

23

Разам, дымоў 67, парафіян 323

67

131

60

90

42

Зямля плябаніі. Зямлі - дзве з паловай валокі ў трох частках. Першая частка ва ўрочышчы Кавалеўшчына. Пачынаецца ад зямлі двара і цягнецца да палуцкай зямлі (вёскі Палуты - Л. Л.), адным бокам мяжуе з зямлёй Хвёдара Пілейкі, а другім - з зямлёй Яна Казюты. Другая частка ва ўрочышчы Барэйкі, ад зямлі більтаўскай (вёскі Більтаўцы - Л. Л.) да зямель палуцкіх. Адным бокам мяжуе з зямлёй Пілейкі, а другім - з зямлёй Казюты. Трэцяя частка мае назву Староўня, пачынаецца ад Манкаўскага выгану, а заканчваецца каля Сярбовых палеткаў, адным бокам - ад зямлі двара, а другім - да зямлі Яна Казюты. ...

Пабудовы плябаніі. Белая хата, на ўваходзе дзверы на жалезных завесах з зашчапкай. Старая кафляная печ. Два старыя, вялікія акны, трэцяе малое, белага шкла, патрабуюць рамонту. Столь з габляваных дошак, падлога з дошак, стол сталярнай работы, пафарбаваны. Дзверы ў камору на жалезных завесах, у каморы адно вакно, столь з габляваных дошак, падлога з дошак. Дзверы ў спальню на жалезных завесах з зашчапкай, [у спальні] столь з габляваных дошак, падлога з дошак, кафляная печка, адно акно з польскім шклом. Двое дзвярэй на жалезных завесах з зашчапкамі вядуць у сені. У сенях - тры каморкі з дзвярамі на бегунках. У пякарні - дзверы на бегунках, чатыры акны, простая печ, столь з габляваных дошак, дзве лавы. Уся пабудова пакрытая саломай, старая, патрабуе рамонту.

Свіронак драўляны, стары, крыты саломай, на памосце з дошак, дзве засекі, дзверы на жалезных завесах з зашчапкай і прабоямі.

Стайня, хлявы, бровар, накрыты добрай саломай з дзвярамі, зробленымі з дранкі.

Гумно на двух сохах, крытае саломай, адрына, абодва патрабуюць рамонту.

Хлеў стары, абвалены, патрабуе рамонту.

Усе пабудовы пастаўлены святарамі і патрабуюць рамонту.

Шпіталь, пабудаваны дваром, белая хата з каморай і сенямі, крытая саломай, ніякага фундушу не мае, дзед і баба жывуць Божым провідам.

Дакументы. Копія фундушу з актавых лідскіх гродскіх кніг ад 13 сакавіка 1745 г. Генеральная візіта Гарадзенскага сурагатара, вялебнага святара Бялькевіча ад 1 сакавіка 1754 г. Генеральная візіта Наваградскага сурагатара, вялебнага святара Аляксандра Высеўскага ад 11 студзеня 1758 г. Візіта Лідскага дэкана, вялебнага святара Пятровіча ад 1772 г. Генеральная візіта Цырынскага дэкана, параха Любчанскага, вялебнага святара Васіля-Нупрэя Марцінеўскага ад 20 траўня 1784 г.

Літургічнае ўбранне. Адзін штофавы, блакітны, з усім неабходным. Другі кармазынавы, адамашкавы, з усім неабходным. Трэці сіні, з кітайкі, з усім неабходным. Чацвёрты драгетаваны, жалобны, з усім неабходным. Пяты блакітны, з французскага шоўку, з усім неабходным. Шосты адамашкавы, ..., з усім неабходным. Арнат лацінскі на кармазынавай падкладцы. Чатыры альбы з чатырма гумераламі з тканіны. Дзве комжы з тканіны. Пасаў - тры. Карпаралаў - два. Пурыфікатараў - пятнаццаць. Бурса для хворых - адна, з французскага шоўку, добрая.

Увага! Дзесяць коп жыта, ячменю чатыры капы, паўбочкі грыкі, пшаніцы дзве шаснаццаткі на вечныя часы павінны фундавацца плябаніі.

Увага! Падданы Несмяртэльны з'яўляецца падданым калятараў.

Павінны [адпрацоўваць] з кожнай хаты, мужчыны тры дні, жанчыны тры дні, як вызначана з ласкі ЯВп калятараў. За што мясцовы святар абавязаны ў тыдзень адну імшу адслужыць.

Пры гэтай царкве адміністратарам з'яўляецца вялебны святар Палікарп Хазановіч ... . Высвечаны ў Варшаве Яснавялебным Стэфанам Лявінскім, сурагатам Полацкім у 1785 г., 4 жніўня. ... прэзентаваны ў Радзівонішскую царкву ЯВп Дамінікам і Разаліяй Нарбутамі, войскімі Лідскімі 8 верасня 1786 г.

....

Справа аб жыцці і звычаях аспіранта (прэтэндэнта на пасаду святара - Л. Л.) ВП Цыпрыяна Плаўскага, вырашаная 24 лістапада 1803 года [59].

Ігнат Язафат Булгак, з Божай ласкі і дабраславення Святога Апостальскага пасаду біскуп Берасцейскі ў губернях Літоўскай, Менскай, Курляндскай.

Вялебнаму айцу Стэфану Гарбацэвічу, дэкану Лідскаму, міламу нам у Хрысце, збаўленаму ў Госпадзе. Абвяшчаем, што мы, згодна з прадпісаннямі кананічнага права і рашэннямі Замойскага сабору, жадаем мець неабходныя і дастатковыя звесткі і быць перакананым у фактах аб нараджэнні, жыцці, паводзінах, талентах і адукацыі ВП Цыпрыяна Плаўскага, прэтэндэнта на духоўнае званне і гэтым дакументам вырашылі даручыць тваёй міласці правядзенне належнага расследавання. Так, у імя Госпада загадваем, каб падабраў для гэтай справы прыдатнага таварыша і гэты выбар пазначыў у гэтым жа дакуменце, ... як мага больш старанна, з інстыгатарам (дазнаўцам - Л. Л.) дэканата, да выпрабавання спраў такога роду прысягай абавязанага, ... у тэрмін, неабходны пасля абвяшчэння, прыехаць на месца нараджэння ці найбольш працяглага пражывання Цыпрыяна Плаўскага і там пасля належнага абмеркавання, сваёй юрысдыкцыяй знайсці (звесткі) па наступных пунктах:

1-е. Чый сын Цыпрыян Плаўскі і якога ён роду;

2-е. Дзе, кім і калі быў ахрышчаны і бежмаваны;

3-е. Пры кім і дзе ў маладыя гады знаходзіўся, чым займаўся і як сябе ў маладосці паводзіў;

4-е. Дзе і якім чынам набываў веды, неабходныя для святарскага сану; ці не заражаны якой-небудзь ерассю або вальнадумствам;

5-е. Якіх паводзінаў: ці не схільны да п'янства, да азартных гульняў, да сварак; ці паважае старэйшых, ці далікатны з роўнымі;

6-е. Ці здаровы, ці не пакутуе на вар'яцтва, ці не мае падучай ці якой-небудзь іншай хваробы;

7-е. Які мае сямейны стан: халасты або жанаты; з дзяўчынай або ўдавой ўступіў у шлюб; якое стаўленне людзей да яго жонкі;

8-е. Па якіх прычынах жадае ўступіць у духоўнае званне: як даўно рашыў пайсці на гэтую вакансію, ці быў бачны ў ім дух пакоры, пабожнасці, старання аб славе Божай і выратавання бліжняга;

9-е. Якія мае кананічныя правы, неабходныя для становішча, ці дастатковыя яны для прыстойнага існавання (забеспячэння); ці не атрымаў іх шляхам змовы, ці будзе мець іх і потым, а не толькі зараз, калі трэба атрымаць пасвячэнне на царкоўнае званне;

10-е. Ці мае царкоўны прыход, на які будзе прызначаны аспірант, фундуш, якой якасці, ці ў мірным валоданні парахаў ён знаходзіцца, ці з вялікай колькасці парафіяльных душ складаецца, колькі налічвае мужчынскага і жаночага насельніцтва.

(Абавязваю Вас) падаць сведчанні ад сведкаў, годных веры, сярод якіх (павінна быць) не менш за два капланы, якія добра ведаюць названыя абставіны, абраныя інстыгатарам і пакліканыя да згаданага дзеяння, прысягнуўшыя ў скрупулёзным пошуку праўды. Узяць (інфармацыю) па кожным пункце, у чым Вашу міласць абавязваю паступіць па сумленні, даведацца пра ўсе абставіны і запячатаны пакет (з матэрыяламі следства), з дадаткам усіх дакументаў, якія адносяцца да справы, сведчанні а таксама метрыкі аб хрышчэнні і вянчанні, засведчаныя (Вамі) асабіста, даслаць у нашу кансісторыю. Для чаго Вашу міласць надзяляем неабходнымі паўнамоцтвамі і ўладай.

У Наваградку ў 21 дзень месяца студзеня 1803 года.

Сільвестр Антаневіч, ордэна Святога Васіля Вялікага ігумен Кобрынскі, дэпутат духоўных спраў, афіцыял Берасцейскі і старшыня кансісторыі.

Язафат Гарбацэвіч, асэсар Берасцейскай кансісторыі, за сакратара.


Стэфан Гарбацэвіч, дэкан Лідскі, парах Моўчадскай царквы, Міхаіл Пазоўскі, адміністратар Нова-Ельнінскай царквы, дэлегаваны Кансісторыяй для здзяйснення гэтага дзеяння.

Вялебным айцам пробашчам, іх памочнікам і іншым, хто знаходзіцца на царкоўнай службе, абвяшчаем гэтым нашым азнаямленчым лістом, што нам быў прадстаўлены дакумент з галоўнай Берасцейскай кансісторыі, выдадзены ў 21 дзень студзеня месяца бягучага года за № 33, які змяшчае распараджэнне, каб мы пасля папярэдняга абвяшчэння правялі следства аб жыцці, паводзінах і адукацыі ВП Цыпрыяна Плаўскага, прэтэндэнта на святарскае званне і апыталі прысяжных сведак. Маючы (жаданне) выканаць такое распараджэнне, вам, вышэй згаданым ... загадваем, каб ... азнаёмілі асабіста як ЯВ Цыпрыяна Плаўскага, так і ЯВ святара айца Яна Мыслевіча, інстыгатара Лідскага дэканата, па пасадзе сваёй абавязанага сачыць за дадзенай справай. Знайсці сведак, якіх бакі (справы) абавязаны запісаць у адмысловы рэестр і якіх мы знаёмім (са справай) і аўтарытэтам дэлегаванай нам ўлады заклікаем, каб (яны) у пяты дзень месяца лютага бягучага года з'явіліся асабіста ў Нагародавіцкую плябанію для слухання. Юрысдыкцыяй нашай камісарскай устанаўляем неабходнасць прынясення прысягі сведкамі і іх апытання па пунктах, названых у дакуменце (кансісторыі) і г. д.

Дадзена ў нашай рэзідэнцыі ў 26 дзень студзеня 1803 года.

Стэфан Гарбацэвіч, дэлегаваны дэпутат.

Міхаіл Пазаўскі, адміністратар Нова-Ельнінскай царквы, абраны камісар.


Пункты для допыту прэтэндэнта на святарскае званне ВП Цыпрыяна Плаўскага, у дзень 5 месяца лютага 1803 года падалі (гэтай) камісіі:

1-е. Як сведка ведаю, ведаў або чуў, чыім сынам з'яўляецца Цыпрыян Плаўскі і ці законнага ён нараджэння?

2-е. Як сведка ведаю, ведаў або чуў, кім і калі ён быў ахрышчаны і бежмаваны?

3-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, у каго і дзе (ён) знаходзіўся ў маладыя гады? Чым займаўся? І як сябе ў маладосці паводзіў?

4-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, дзе (ён) набываў адукацыю неабходную для святарскага звання, з якім стараннем? Ці не заражаны якой-небудзь ерассю або вальнадумствам?

5-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, якіх (ён) паводзін, ці не мае схільнасці да п'янства? Да азартных гульняў? Да сваркі? Як шануе старэйшых і ці ветлівы з роўнымі?

6-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, якое мае здароўе? Ці не пакутуе вар'яцтвам? Ці не мае падучай хваробы ці якой-небудзь іншай хваробы?

7-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, якое мае сямейнае становішча? Халасты ці жанаты? З дзяўчынай або ўдавой ўступіў у шлюб; якое ўяўленне людзей пра яго жонку?

8-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, чаму хоча трапіць у духоўнае званне і як даўно заняў гэтую вакансію? Ці бачны ў ім быў дух пакоры, пабожнасці, старання аб славе Божай і выратаванні блізкага?

9-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, ці мае кананічныя правы, неабходныя для становішча, ці дастатковы яны для прыстойнага існавання (забеспячэння)? Ці не выпрасіў царкоўныя званні?

10-е. Як сведка ведаю, ведаў альбо чуў, ці мае (ён) прыход, на які павінен быць прызначаны, ці мае забеспячэнне, якой якасці? Ці ў мірным карыстанні парахаў знаходзіцца? З якой колькасці гаспадарак складаецца? Колькі налічваецца мужчынскага і жаночага насельніцтва?

Такія пункты падпісваю святар Ян Мыслевіч, адміністратар Голдаўскай царквы, інстыгатар Лідскага дэканата.

Такое апытанне пададзена для камісіі.

Стэфан Гарбацэвіч, Лідскі дэкан, дэлегаваны камісар,

Міхал Пазоўскі, кіраўнік Нова-Ельненской царквы, абраны камісар


Рэестр сведак падчас працы камісіі пра справе прэтэндэнта на святарскае званне ВП Цыпрыяна Плаўскага, пададзены ў камісію ў 5 дзень месяца лютага 1803 года.

1-ы сведка вялебны айцец Сямён Радзецкі, адміністратар Марозавіцкай царквы;

2-гі сведка вялебны айцец Ян Радкевіч, вікарый Зблянскай царквы;

3-ці сведка Данель Валюк;

4-ы сведка Геранім Стасюкевіч;

5-ы сведка Антоні Зубарэвіч;

Падаючы такіх сведкаў для камісіі, падпісваюся, святар Ян Мыслевіч ... адміністратар Голдоўскай царквы, інстыгатар Лідскага дэканата.


Рэестр сведкаў для камісіі, упісаны.

Стэфан Гарбацэвіч, Лідскі дэкан, дэлегаваны камісар.

Міхаіл Пазоўскі, адміністратар Нова-Ельненскай царквы, абраны камісар.

Адбывалася ў Нагародавіцкай плябаніі ў пяты дзень месяца лютага тысяча восемсот трэцяга года.

Мы, ніжэйпадпісаўшыеся камісары, дэлегаваныя дакументам генеральнай Берасцейкай кансісторыі, выдадзеным 21 студзеня гэтага года за № 33, пасля заканчэння тэрміну, вытрыманага намі па законе аб абвяшчэнні, ... прыбылі ў Нагародавіцскую плябанію, у прысутнасці ВП Цыпрыяна Плаўскага, які прэтэндуе на святарскую ступень, а таксама ў прысутнасці вялебнага айца Яна Мыслевіча, інстыгатара Лідскага дэканата, які абавязаны суправаджаць гэтае дзеянне па сваёй пасадзе, уладай нашай камісарскай у імя Гасподняе пачалі працу. І хоць інстыгатар заўважыў, што ВП Цыпрыян Плаўскі не быў народжаны ў нашым павеце, і, такім чынам, для гэтага дзейства неабходна было выбраць іншае месца, аднак, ВП Цыпрыян Плаўскі адказаў, што, асірацеўшы на шостым годзе жыцця пасля (смерці) бацькі, пакінуў месца свайго нараджэння, нідзе пастаяннага месца жыхарства не меў і знаходзіўся на працягу шасці гадоў у розных месцах і на розных работах, у асноўным у межах Лідскага дэканата, да таго ж ён збіраецца атрымаць прыход у гэтым дэканаце і тут жа ажаніўся. Такім адказам названага Плаўскага інстыгатар быў задаволены і пагадзіўся на правядзенне камісіі ў Нагародавіцскай плябаніі.

Калі ж пункты, адпаведна з выдадзеным (Кансісторыяй) дакументам, былі запісаны і пададзены асобным рэестрам і былі запісаны сведкі, дык пасля прынясення прысягі па форме, прадпісанай правам, у прысутнасці бакоў мы прыступілі да апытання сведак, гэтае апытанне было наступным:


Першы сведка вялебны айцец Сямён Радзецкі, адміністратар Марозавіцкай царквы, на набажэнстве быў учора, прысягнуў садзейнічаць праўдзе, паказаў:

Па 1-м. Добра ведаў бацьку, вялебнага айца Плаўскага, калі той быў святаром, і ведаю, што ён яго сын.

Па 2-м. Не ведаю, гэта варта шукаць у метрычных запісах.

Па 3-м. Пасля смерці свайго бацькі, у маладосці, жыў у свайго дзеда, святара Цыпрыяна Плаўскага, параха Окалавіцкага, а пасля смерці дзеда праводзіў маладыя гады ў свайго дзядзькі па бацьку святара Дамініка Плаўскага. Потым (пераехаў) да святара Рамана Плаўскага ў Жухавічы і там вучыўся чытаць і пісаць. Гэта бачыў сам, бо жыў блізка і часта яго бачыў. Не чуў, каб пра яго што-небудзь дрэннае казалі. Ведаю, што, пасталеўшы, пераехаў у плябанію царквы ў Радзівонішках да святара Хазановіча, але, як доўга там жыў і як сябе паводзіў, не ведаю, бо гэта ад мяне далёка.

Па 4-м. Зараз вучыцца і рыхтуецца да святарскага звання ў Лаўрышаве. Меркаваць аб тым, ці заражаны якой-небудзь ерассю альбо вальнадумствам, не магу.

Па 5-м. Заўсёды лічыў яго прыстойным, разважлівым, спакойным і паслухмяным.

Па 6-м. У дастатковай ступені ведаю і ўпэўнены, што ён здаровы і ад якіх-небудзь хваробаў не пакутуе.

Па 7-м. Зараз ажаніўся з дачкой святара, дзяўчынай, якая не мае дрэннай рэпутацыі.

Па 8-м. Ад Духа Божага мае пакліканне, і ў ім ёсць пакорлівасць і жаданне служыць Госпаду Богу.

Па 9-м. Ведаю, што атрымаў прэзенту на Турэйскую парафію і, калі будзе (правільна) гаспадарыць, дык будзе мець сродкі для існавання, а што ён думае пра далейшае, таго не ведаю.

Па 10-м. Не быў у Турэйску і таму не ведаю, ці ёсць фундуш у гэтай плябаніі, чуў толькі, што зямлі нямала, і тая зямля знаходзіцца ў мірным валоданні парахаў. Наколькі вялікі прыход, не ведаю.

Гэта прызнанне сваёй рукой падпісаў святар Сямён Радзецкі, адміністратар Марозавіцкай царквы.


Другі сведка вялебны айцец Ян Радкевіч, вікарый Зблянскай царквы, на набажэнстве быў учора, прысягнуў садзейнічаць праўдзе, паказаў:

Па 1-м. Сам чуў, і гэта сапраўды так, з'яўляецца сынам святара.

Па 2-м. Не ведаю гэтага, але могуць засведчаць метрычныя запісы.

Па 3-м. Дзе правёў маладыя гады, не ведаю, але прыкладна ў 15 гадоў патрапіў да святара Хазановіча, бачыў яго ў Радзівонішках, не чуў пра яго нічога дрэннага.

Па 4-м. Ведаю, што да гэтага часу знаходзіўся ў Лаўрышаве і там вучыўся, аднак, дрэнна ці добра, не ведаю і не чуў, каб якімі-небудзь супраціўнымі рэлігіі поглядамі мог быць заражаны.

Па 5-м. Ведаў яго і раней, і цяпер як сціплага, не схільнага да п'янства, не ахвотнага да сварак, ён паважае старэйшых і аднагодкаў.

Па 6-м. Не чуў і не заўважаў, каб ён хварэў якой-небудзь дрэннай хваробай.

Па 7-м. Ведаю, бо бачыў, што ён уступіў у шлюб з прыстойнай дзяўчынай, якая не мае дрэннай славы.

Па 8-м. Не ведаю, як даўно і па якіх прычынах мае прагу да духоўнага звання, але цяпер бачу, што можа быць узорным святаром.

Па 9-м. Чуў, што атрымаў прэзенту на Турэйскую парафію, а гэтая парафія заўсёды мела святароў з добрым забеспячэннем. І мне здаецца, што прэзенту ён атрымаў, каб там і жыць.

Па 10-м. Не ведаю, ці ёсць фундуш у царквы, ці няма. Не чуў, ці крыўдзіў хто (мясцовых парахаў). Колькасць парафіян добра не ведаю.

І такое сваё прызнанне ўласнай рукой падпісваю.

Святар Ян Радкевіч, вікарый Зблянской царквы.


3-ці сведка Данель Валюк з вёскі Радзівонішкі, мае 60 гадоў, быў на велікоднай споведзі, пасля прысягі, што будзе садзейнічаць праўдзе, паказаў:

Па 1-м. Чуў, што бацька ягоны быў святаром.

Па 2-м. Гэтага не ведаю

Па 3-м. Казалі, што раней знаходзіўся недзе ў Наваградскім (ваяводстве), потым трапіў у Радзівонішкі і гады два ці тры, добра гэтага не памятаю, заставаўся каля святара Хазановіча, дзе падчас знаходжання выконваў гаспадарчыя і парафіяльныя работы, прыкладна вёў сябе, і я гэта бачыў і гэта памятаю.

Па 4-м. Бываючы ў плябаніі, бачыў, што ён чытае і піша на дошцы, а дзе яшчэ вучыўся, не ведаю.

Па 5-м. Не бачыў у ім ніякай дрэнны прыроды, у цэлым, калі ён жыў у Радзівонішках, дык быў паслухмяны і з кожным, як сірата, ціхі.

Па 6-м. Калі жыў у нас, дык заўсёды быў здаровы, і ніякай хваробы ў яго не было прыкметна.

Па 7-м. Нашто Васпану трэба нада мной смяяцца? Ён жа раней ажаніўся з маладой паненкай, якая вырасла на маіх вачах.

Па 8-м. Напэўна, Гасподзь Бог яго заклікаў да гэтага, аднак, калі жыў у нас, я бачыў яго ў плябаніі і ў царкве і лічыў пабожным і сціплым.

Па 9-м. Чуў, што яму свеціць Турэйская плябанія, дзе, калі пастараецца, дык зможа жыць.

Па 10-му. Гэтага не ведаю.

Свае паказанні, як непісьменны, трыма крыжыкамі падпісваю.

Данель Валюк + + +


4-ты сведка Геранім Стасюкевіч з вёскі Турэйск, гаспадар, мае 36 гадоў, быў на велікоднай споведзі, пасля прысягі садзейнічаць праўдзе, паказаў:

Па 1-м. Чый сын святар Плаўскі, не ведаю.

Па 2-м. Хто яго хрысціў, не ведаю.

Па 3-м. Дзе знаходзіўся ў маладыя гады і як сябе паводзіў, не ведаю.

Па 4-м. Дзе ён вучыўся, не ведаю.

Па 5-м. Якіх ён паводзін не ведаю, бо нядаўна пазнаёміўся.

Па 6-м. І гэтага не ведаю.

Па 7-м. Прыбыўшы сюды, даведаўся, што ён ажаніўся з дачкой мясцовага святара.

Па 8-м. Напэўна яму гэтак Гасподзь Бог даў, што ён хоча стаць святаром.

Па 9-м. Пагаворвалі ў нас, што ён атрымаў прэзенту на нашу Турэйскую царкву, пры якой, калі іншыя (святары) жылі, дык зможа жыць і святар Плаўскі.

Па 10-м. Не ведаю, ці мае царква фундуш і які, але зямля і прылады маюцца здаўна, іх мірна выкарыстоўвалі святары, і ніхто ім не перашкаджае. Ведаю, што ў парафіі гаспадарак больш за сто, а душ палічыць не магу. Вось менавіта гэта сваё прызнанне, як непісьменны, падпісваю трыма крыжыкамі.

Геранім Стасюкевіч + + +


5-ты сведка Антоні Зубарэвіч з вёскі Нагародавічы, мае 70 гадоў, гаспадар, быў у споведзі на Ружанцовым тыдні, пасля прысягі садзейнічаць праўдзе, паказаў:

Па 1-м. Хто быў бацькам спадара Плаўскага, не ведаю.

Па 2-му. І гэтага не ведаю.

Па 3-м. Чуў, што знаходзіўся ў мясцовага святара, калі той служыў у Радзівонішках, чуў, што там сябе добра паводзіў.

Па 4-м. Дзе ён вучыўся, не ведаю.

Па 5-м. Пазнаёміўся з ім блізка, калі ён з'явіўся тут, але не магу пра яго нічога сказаць, таму што нічога дрэннага не заўважаў.

Па 6-м. Наколькі ведаю, цалкам здаровы.

Па 7-м. Ведаю, што ажаніўся ў тутэйшай царкве з дачкой мясцовага святара, дзяўчынай добрай славы.

Па 8-м. Для чаго хоча знаходзіцца ў духоўным званні, не ведаю, але бачу яго пабожным, паслухмяным і сціплым.

Па 9-м. Чуў, што будзе служыць у Турэйскай царкве, а таксама чуў, што там па 4 бочкі жыта можна пасеяць на кожным полі.

Па 10-м. Ведаю, што ёсць царква, а пра яе фундуш не ведаю. Кажуць, што зямлі знаходзяцца ў мірным валоданні, а, колькі парафіян, не ведаю.

Такія свае паказанні, як непісьменны, падпісваю трыма крыжыкамі.

Антоні Зубарэвіч + + +


Гэтыя паказанні запрошаных і прысягнуўшых сведак дакладна і добрасумленна запісаны, запісы аб хрышчэнні і вянчанні, а таксама сведчанні ВП Плаўскага, разам з 4 рэвізіямі Турэйскай царквы далучылі (да справы). Самога ж прэтэндэнта для слухання канчатковага рашэння адаслалі ў генеральную Берасцейскую кансісторыю. Датавана, як вышэй.

Стэфан Гарбацэвіч, Лідскі дэкан, дэлегаваны камісар.

Міхал Пазоўскі, кіраўнік Нова-Ельненской царквы, абраны камісар.


Запіс аб шлюбе

(Я) Ніжэй падпісаўшыйся, прыбыў ў Нагародавіцкую плябанію, у якой прасілі аб выдачы запісаў пра шлюб ВП Цыпрыяна Плаўскага, знайшоў метрычныя кнігі Нагародовіцкай царквы і выпісаў (запіс) у наступным выглядзе:

25 дня месяца студзеня 1803 года я, святар Ануфры Ралевіч, парах Дзятлаўскай царквы, пасля таго, як прамінулі тры абвяшчэнні і не знайшоўшы перашкод для шлюбу, з дазволу мясцовага дэкана дабраславіў шлюб ўзаемна асоб, якія пакляліся ў вернасці: маладога ВП Цыпрыяна Плаўскага і маладой ВП Феліцыяны Хазановічаўны з Нагародавіцкай плябаніі. Прысутнымі сведкамі былі ЯВп Іосіф Плаўскі, ротмістр Слонімскага павета, ВП Міхаіл Курак, эканом Нагародавіцкі.

Гэты запіс, дакладна выпісаўшы, для лепшага сведчання падпісваю ўласнай рукой.

Дадзена ў Нагародавічах у 3 дзень лютага 1803 года.

Стэфан Гарбацэвіч, дэкан Лідскі, сваёй рукой.

Антоні Зубарэвіч + + +


Ігнат Язафат Булгак, ласкай Божай і дабраслаўленнем святога апостальскага прастола біскуп Берасцейскі ў губернях Літоўскай, Менскай і Курляндскай.

Усім разам і кожнаму паасобку, каму аб гэтым варта ведаць, паведамляем, што мы, будучы перакананыя ў годных учынках, прыкладных паводзінах і адукацыі ВП Цыпрыяна Плаўскага, прэтэндэнта на духоўнае званне і семінарыста Лаўрышаўскай дыяцэзіяльнай (семінарыі), і таму, жадаючы забяспечыць яго годным месцам і кананічнай маёмасцю неабходнай для прызначэння, і паколькі прыхадская царква ў Турэйскім прыходзе ў Лідскім павеце па праву з'яўляецца вакантнай і па прычыне таго, што сам Цыпрыян Плаўскі прасіў пра гэтую Турэйскую парафію і належным чынам адшукваў для сябе прэзенту і прававымі шляхамі яе здабыў, таму гэтай нашай згодай ... дазваляем, а таксама афіцыйна рэкамендуем, яго для атрымання прэзенты ў цяперашніх калятараў.

У Наваградку ў 8 дзень студзеня 1803 года.

Сільвестр Антаневіч, ордэна Святога Васіля Вялікага абат Кобрынскі, дэпутат духоўных спраў, афіцыял Берасцейскі і старшыня кансісторыі.

Язафат Гарбацэвіч, асэсар Берасцейскай кансісторыі, за сакратара.


У 9 дзень лістапада 1803 года ў Лаўрышаве.

(Мы), ніжэй падпісаўшыяся, сведчым, што ВП Цыпрыян Плаўскі з Наваградскага дэканата, які мае 25 гадоў, прэтэндуе на духоўнае званне, два гады знаходзіўся ў Берасцейскай дыяцэзіяльнай семінарыі, але паколькі за гэты час не быў неабходным чынам удасканалены ў неабходных для яго звання навуках, таму патраціў яшчэ два з лішнім месяцы на гэтае ўдасканаленне, і за гэты час не заўважылі мы ў ім нічога акрамя сціпласці, цвярозасці, сталасці, чуласці ў сваіх абавязках. Займаўся маральнай тэалогіяй і статутам з немалым стараннем і паказаў сябе ў гэтым усім дастаткова добра.

Вось менавіта гэтае сведчанне для веры подпісамі сваіх рук змацавалі. Датавана як вышэй.

Марцініан Стэфаноўскі, ордэна Святога Васіля Вялікага рэктар Берасцейскай епархіяльнай семінарыі, сваёй рукой.

Святар Анатоль Сямігродскі, прафесар маральнай тэалогіі, базыльянін.

Святар Анастасій Пляскацэвіч, ордэна Святога Васіля Вялікага інструктар Берасцейскай епархіяльнай семінарыі, сваёй рукой.


5-е. Запіс аб хрышчэнні.

Я, ніжэй падпісаўшыся, якога прасілі аб выдачы метрыкі пра хрышчэнне з парафіяльных кніг Кунаскай царквы, знайшоў такія запісы ў царкве і выдаў іх у наступным выглядзе:

15 дня месяца красавіка 1777 года я, святар Ян Заўсцінскі, парах Гавязнянскай царквы, ахрысціў і бежмаваў сына, які мае імя Цыпрыян, (народжанага) ад бацькоў - мужа і жонкі: вялебнага святара Плацыда Плаўскага, параха Кунаскага, (і) ад маці, ЯВп Канстанцыі Плаўскай з Юркевічаў. Хросным бацькамі былі ЯВп Андрэй Корсак, паручнік літоўскіх войскаў, з ЯВп Мар'яна Мікуцёва.

Дадзеную выпіску выдаю ў папярэднім выглядзе, сведчу, што (яна) адпавядае запісу ў кнігах, якія знаходзяцца пры Кунаскай царкве. І на гэта ўласнай рукой пры звычайнай пячатцы падпісваю.

Дадзена ў Кунасе 26 жніўня 1802 года.

Святар Афанасі Гамаліцкі, адміністратар Кунаскай царквы.

Такую выпіску з аўтэнтычнай кнігі, як мага больш дакладна перапісаную, для лепшага даверу з прымацаванай пячаткай, падпісваю ўласнай рукой, святар П. Здановіч, дэкан Слонімскі, парах ...

Парафіяне Радзівонішскай грэка-каталіцкай цэрквы у 1829 г. [60]

Вёска Манькаўцы розных пацэсараў

1. Мацей Багуцкі, 47 г.; Караль Бабраўсюк, зяць, 32 г.; Гіеранім, сын Мацея, 7 г.; Павел, сын Караля, 2 г.; Сымон, сын Магдалены, 12 г.; Тамаш, другі сын, 6 г.; Анна, жонка Караля, 28 г.; Тэкля, дачка Мацея, 10 г.; Магдалена Валюк, 47 г.; Люцыя, дачка Магдалены, 10 г.

2. Базыль Будзішка, 56 г.; Сымон, сын Базыля, 19 г.; Мар'яна, жонка Базыля, 53 г.

3. Аляксандр Пілейка, 48 г.; Змітрук, яго сын, 9 г.; Кацярына, жонка Аляксандра, 36 г.; Мар'яна, яе дачка, 19 г.; другая Анна, 15 г.; трэцяя Аксіння, 2 г.

4. Казмір Шурмей, 52 г.; Раман, крэўны ... 7 г.; Разалія, жонка Казіміра, 32 г.; Хвядора Сінека, 14 г.

5. Стэфан Пілейка, 67 г.; Цыпрыян, сын Стэфана, 32 г.; другі Марцін, 25 г.; Ян, сын Марціна, 3 г.; Анна, жонка Стэфана, 63 г.; Крысціна, жонка Марціна, 24 г.

6. Стэфан Зайка, 48 г.; Клеменс Зайка, яго брат, 37 г.; Самсон, пасынак Клеменса, 9 г.; Ружа, жонка Клеменса, 40 г.; Хелена, дачка Ружы, 14 г.; Мар'яна, жонка Стэфана, 36 г.

7. Ян Ярмаловіч, 51 г.; Ігнат, пасынак Яна, 18 г.; Ігнат, пасынак Яна, 11 г.; Кшыштаф, трэці, 7 г.; Мар'яна, жонка Яна, 62 г.; Хелена, крэўная Яна, 19 г.; другая Аксіння, 14 г.

8. Мікалай Барысевіч, 32 г.; Казімір Барысевіч, 18 г.; Павел, брат Мікалая, 12 г.; Стэфан, сын Мікалая, 4 г.;

9. Мацей Новік, 53 г.; Клеменс, сын Мацея, 31 г.; Павел, сын Мацея, 20 г.; Францішак, другі сын, 9 г.; Тарэза, жонка Мацея, 36 г.; Анна, жонка Клеменса, 23 г.; Хелена, дачка Мацея, 16 г.; Анна, другая дачка, 8 г.; Барбара, трэцяя, 6 г.; Разалія, чацвёртая, 4 г.; Мар'яна, пятая, 1 г.

10. Мікалай Зайка, 42 г.; Караль, брат Зайкі, 32 г.; Мар'яна, жонка Мікалая, 31 г.; Кацярына, жонка Караля, 25 г.

11. Антон Каспорскі, 66 г.; Мікалай, яго сын, 38 г.; Гжэгаш, сын Мікалая, 3 г.; Леан, другі сын, 1 г.; Магдалена, жонка Антона, 66 г.; Барбара, жонка Мікалая, 25 г.

12. Антон Юрэвіч, 32 г.; Тамаш, сын Антона, 8 г.; Дамінік, другі сын, 4 г.; Уршуля, жонка Антона, 34 г.; Мар'яна, маці, 72 г.; Крысціна, маці Уршулі, 76 г.; Петранеля, дачка Антона, 1 г.

13. Дамінік Сініцкі, 46 г.; Гжэгаш, сын Дамініка, 17 г.; другі Вінцэнт, 12 г.; трэці Фёдар, 6 г.; чацвёрты Антон, 3 г.; Магдалена, 40 г.; Крысціна, яе дачка, 9 г.

14. Юзаф Пілейка, 42 г.; Ежы Шурмей, 40 г.; Тэадор, сын Юзафа, 9 г.; Стэфан, сын Ежы, 10 г.; Данель, другі сын, 8 г.; Кацярына,жонка Ежы, 38 г.; Караліна, дачка Юзафа, 14 г.; Хелена, дачка Ежы, 1 г.

15. Філіп Багуцкі, 65 г.; Сымон, сын Філіпа, 41 г.; Хвёдар, другі сын, 21 г.; Гжэгаш, сын Сымона, 14 г.; Ежы, сын Хвёдара, 4 г.; Мар'яна, жонка Сымона, 38 г.; Хрысціна, жонка Хвёдара, 23 г.; Хелена, дачка Сымона, 1 г.

16. Якуб Карней, 53 г.; Клеменс Кузюта (?), 19 г.; Марцін, сын Сідара, 7 г.; Рэгіна, жонка Якуба, 33 г.; Настасся, сястра Якуба, 46 г.; Крысціна, дачка Якуба, 4 г.; другая, Мар'яна, 19 г.

17. Клеменс Барысевіч, 57 г.; Андрэй, сын Клеменса, 25 г.; Ігнат, другі сын, 19 г.; трэці, Якуб, 15 г.; Антон Шаўрановіч, 36 г.; Крысціна, жонка Якуба, 23 г.; Петранеля, жонка Андрэя, 27 г.; Кацярына, дачка Антона, 3 г.; другая, Караліна, 1 г.

18. Тамаш Грынкевіч, 51 г.; Барталамей, яго сын, 24 г.; Стэфан, другі сын, 1 г.; Крысціна, 48 г.; Таццяна, жонка Барталамея, 23 г.

19. Сымон Валюк, 52 г.; Мікалай, сын Сымона, 7 г.; другі, Вінцэнт, 3 г.; Настасся, жонка Сымона, 47 г.; Хелена, дачка Сымона, 19 г.; Рэгіна, другая дачка, 13 г.

20. Базыль Кузюцкі (?), 49 г.; Базыль, сын Базыля, 12 г.; Мікалай, другі сын, 9 г.; трэці Тэадор, 6 г.; Хвядора, жонка Базыля, 40 г.; Крысціна, яе маці, 67 г.

21. Андрэй Рыхліцкі, 45 г.; Лукаш, сын Андрэя, 12 г.; Агата, жонка Андрэя, 37 г.; Даніцэля, дачка Андрэя, 7 г.; другая, Тарэза, 4 г.; трэцяя Мар'яна, 2 г.

22. Пракоп Крышчан, 46 г.; Павел, брат Пракопа, 37 г.; Ян, сын Пракопа, 6 г.; Вінцэнт, сын Паўла, 5 г.; Станіслаў, сын Паўла, 2 г.; Мар'яна, жонка Пракопа, 23 г.; Хелена, жонка Паўла, 32 г.; Агата, маці Пракопа, 72 г.; Тарэза, дачка Пракопа, 12 г.; Анна, дачка Пракопа, 4 г.; Міхаліна, дачка таго ж, 2 г.

Вёска Цвербуты, належыць розным пацэсарам

1. Сымон Русак, 70 г.; Якуб, сын Сымона, 38 г.; Павел, сын Сымона, 26 г.; Стэфан, сын Паўла, 3 г.; Тарэза, жонка Сымона, 63 г.; Уршуля, жонка Якуба, 45 г.; Юстына, жонка Паўла, 27 г.; Юзэфа, дачка Якуба, 16 г.; Антаніна, дачка таго ж, 11 г.; Мар'яна, дачка таго ж, 6 г.

2. Ян Русак, 60, г.; Цыпрыян, сын Яна, 27 г.; Ігнат, другі сын, 22 г.; Ян, сын Цыпрыяна, 1 г.; Альжбета, жонка Яна, 57 г.; Францішка, жонка Цыпрыяна, 26 г.; Мар'яна, жонка Ігната, 21 г.

3. Станіслаў Якевіч, 52 г.; Ян, сын Станіслава, 12 г.; Антон Будзейка, 31 г.; Міхал, сын Антона, 5 г.; Мар'яна, жонка Станіслава, 50 г.; Пелагея, дачка Станіслава, 17 г.; Вікторыя, жонка Антона, 30 г.; Юстына, іх дачка, 1 г.

4. Базыль Андрушка, 46 г.; Кандрат,сын Базыля, 14 г.; Ігнат, другі сын, 12 г.; трэці сын Ян, 4 г.; чацвёрты Юзаф, 1 г.; Анна, жонка Базыля, 40 г.; Магдалена, маці Анны, 71 г.; Настасся, дачка Базыля, 7 г.; Уршуля, жонка Яна ... 62, г.

5. Сымон Барысевіч, 45 г.; Фелікс Барысевіч, 35 г.; Павел, сын Сымона, 12 г.; Міхал, сын Фелікса, 7 г.; Данель, сын Сымона, 3 г.; Тарэза, жонка Сымона, 40 г.; Мар'яна, яе маці, 62 г.; Крысціна, дачка Сымона, 14 г.; Даміцэля, другая дачка, 5 г.; Еўдакія, жонка Фелікса, 30 г.; Францішка, дачка Фелікса, 2 г.

6. Ян Санкевіч, 27 г.; Ульяна, жонка Яна, 21 г.; Кацярына, маці Яна, 63 г.; Кацярына, сястра Яна, 17 г.

7. Юзаф Рыхліцкі, 46 г.; Ян, сын Юзафа, 12 г.; Стэфан, другі сын, 1 г.; Яўхіма, маці, 68 г.; Крысціна, жонка Юзафа, 49 г.; Настасся, дачка Юзафа, 20 г.; Анна, дачка Юзафа, 10 г.

8. Юзаф Будзішка, 54 г.; Ежы, сын Пятра, 15 г.; Ян, сын Пятра, 9 г.; другі Якуб, 6 г.; сын Пятра Леан, 2 г.; Крысціна, жонка Пятра, 41 г.; Мар'яна, іх дачка, 18 г.; Аксіння, другая дачка, 12 г.

9. Ян Карней, 70 г.; Францішак, сын Яна, 42 г.; Эльяш, другі сын, 9 г.; Францішак, сын Францішка, 5 г.; другі Пётр, 1 г.; Еўдакія, жонка Францішка, 31 г.; Анна, дачка Яна, 15 г.; Юстына, цешча Францішка, 53 г.

10. Тэадор Карней, 42 г.; Данель, сын Тэадора, 16 г.; Якуб, другі сын, 7 г.; Хелена, жонка Тэадора, 38 г.; Анна, іх дачка, 14 г.

11. Юзаф Верабей, 53 г.; Ануфры, сын Юзафа, 33 г.; Стэфан, другі сын, 19 г.; Ян, трэці сын, 12 г.; Пракседа, жонка Юзафа, 43 г.; Мар'яна, жонка Ануфрыя, 31 г.

12. Ян Рыхліцкі, 46 г.; Віктар, сын Яна, 10 г.; Магдалена, жонка Яна, 31 г.; Мар'яна, дачка Яна, 17 г.; другая дачка Анна, 15 г.; трэцяя дачка Хвядора, 3 г.

13. Лаўрын Тузін, 51 г.; Стэфан, сын Лаўрына, 21 г.; Кшыштаф, сын Лаўрына, 6 г.; Ян Тузін, яго брат, 48 г.; Зоф'я, жонка Лаўрына, 35 г.; Анна, жонка Стэфана, 20 г.; Хвядора, дачка Яна, 12 г.

14. Якуб Тузін, 43 г.; Пелагея, дачка Якуба, 20 г.; Ева, другая дачка, 18 г.; Кася, трэцяя дачка, 9 г.; Антаніна, чацвёртая дачка, 7 г.

15. Габрыэль Тузін, 49 г.; Вінцэнт Тузін, 40 г.; Ян, сын Габрыэля, 12 г.; Вінцэнт, сын Вінцэнта, 1 г.; Мар'яна, жонка Габрыэля, 38 г.; Агата, яго дачка, 13 г.; Анна, другая дачка, 6 г.; Крысціна, трэцяя дачка, 1 г.; Кацярына, жонка Вінцэнта, 27 г.

16. Станіслаў Карней, 39 г.; Якуб Карней, 33 г.; Ігнат, сын Якуба, 9 г.; Вінцэнт, другі сын, 5 г.; Кацярына, жонка Станіслава, 37 г.; Анна, іх дачка, 13 г.; Хвядора, другая дачка, 11 г.; Магдалена, 3-я дачка, 1 г.; Мар'яна, жонка Якуба, 22 г.; Рэгіна, дачка Якуба, 4 г.

17. Ян Каспорскі, 32 г.; Крыштаф Каспорскі, 28 г.; Гжэгаш, сын Яна, 6 г.; Ян, сын Крыштафа, 1 г.; Анна, жонка Яна, 28 г.; Хелена, жонка Крыштафа, 21 г.; Вікторыя, дачка Яна, 3 г.; Мар'яна, дачка Крыштафа, 3 г.

18. Якуб Каспорскі, 32 г.; Крыштаф Каспорскі, 28 г.; Гжэгаш, сын Яна, 6 г.; Ян, сын Крыштафа, 1 г.; Анна, жонка Яна, 28 г.; Хелена, жонка Крыштафа, 21 г.; Вікторыя, дачка Яна, 3 г.; Мар'яна, дачка Крыштафа, 3 г.

19. Васіль Лагеза, 15 г.; Клеменс Лагеза, 4 г.; Таццяна, іх маці, 55 г.; Мар'яна, іх сястра, 22 г.; Крысціна, другая сястра, 8 г.

20. Стэфан Карней, 56 г.; Гжэгаш, сын Стэфана, 29 г.; Еўдакія, маці Стэфана, 50 г.; Магдалена, жонка Гжэгаша, 23 г.; Пелагея, дачка Гжэгаша, 1 г.

21. Данель Гойка, 49 г.; Аляксандр, яго сын, 19 г.; Кацярына, жонка Данеля, 46 г.; Антаніна, дачка Данеля, 9 г.

22. Ежы Карней, 49 г.; Леан, сын Ежы, 18 г.; Настасся, яго жонка, 43 г.; Кацярына, іх дачка, 19 г.; другая дачка Міхаліна, 9 г.; Кацярына Якімовіч, 40 г.; Антаніна, дачка Кацярыны, 12 г.

23. Ян Гойка, 60 г.; Ян Бурак, зяць, 31 г.; Хелена, жонка Яна, 41 г.; Пелагея, жонка Яна, 25 г.; Антаніна, дачка Яна, 15 г.; другая дачка Францішка, 2 г.

24. Хвёдар Сідар, 46 г.; Антон Барысюк (?), 24 г.; Мікалай, сын Сідара, 5 г.; Кацярына, жонка Сідара, 32 г.; Анна, іх дачка, 11 г.; Хвядора, маці Кацярыны, 75 г.

25. Павел Бабраўсюк, 29 г.; Ян, брат Паўла, 23 г.; Гжэгаш, сын Яна, 2 г.; Хвядора, жонка Яна, 23 г.; Крысціна, жонка Паўла, 23 г.; Тарэза, сястра Паўла, 13 г.

26. Сымон Пішык, 41 г.; Кандрат, яго брат, 23 г.; Вінцэнт, сын Кандрата, 3 г.; Мар'яна, яго маці, 71 г.; Францішка, жонка Сымона, 40 г.; Кацярына, жонка Кандрата, 41 г.; Кацярына, дачка Кацярыны, 9 г.

Назва мясцін

Дымы

Разам

вернікаў

Мужчын

Жанчыны

Да камуніі

Не да камуніі

Да камуніі

Не да камуніі

Вёска Манькаўцы

22

191

57

23

54

17

Цвербуты

26

179

61

22

79

17

Разам

48

330

118

49

133

34

Гэты інвентар вернікаў парафіяльнай Радзівонішскай царквы 20 жніўня 1829 г. склаў і ўласнай рукой падпісаў святар Павел Сцепуржынскі.



[1] Biblioteka Czartoryjskich. MNK. Rkp.857/1. Fascykul № 9. Аркушы без нумара.

[2] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskigo. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 224.

[3] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПб., 1861. С. 551.

[4] Biblioteka Czartoryjskich. Archiu Drucko-Lubeckich. Sygn. 13135. Аркушы без нумара.

[5] Рыбак Андрэй. Парафія Дылеўская // Лідскі Летапісец. 2013. № 4(64). С. 34-35.

[6] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 98 адв.

[7] Там жа.

[8] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. T. 1. S. 392.

[9] Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 529-530.

[10]«Юзаф Гружэўскi, капiтан войск польскiх, суддзя мяжовы Лiдскага павета i апошнi прэзiдэнт гродскi лiдскi, нарадзiўся ў 1760 г., памёр у 1845 г., у 1826 г. набыў ад герцага де Бiёль фальварак Кульбакi, 11 км ад Лiды i тут жыў да смерцi» - цыт па: Нарбут Мiрон Бранiслаў. Лiдскi павет у сярэдзiне XIX ст // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Укладальнікі: Леанiд Лаўрэш, Аляксандр Фядута. Мінск, 2015. С. 120-121.

[11] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 21.

[12] Там жа.

[13] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. T. 1. S. 401.

[14] Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 530-531.

[15] Нарбут А.Н. Нарбуты Гродненской губернии. Москва, 1998. С. 50.

[16] Стасевіч-Ясюкова І. Казімір Нарбут. Варшава - Ліда, 2004. С. 65-66.

[17] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 100 адв.; НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 22.

[18] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 98 адв. - 101.

[19] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 21- 2 адв.

[20] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 100 адв. - 101.

[21] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 86, 124.

[22] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. С. 172.

[23] Там жа. С. 528.

[24] Калі царква паўгода не мела параха, для часовага кіравання ёй прызначаўся адміністратар.

[25] Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 128-129.

[26] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. С. 528.

[27] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 7. Спр. 134. Дело о рукоположении Киприана Плавского за 1803 г. Арк. 5.

[28] Там жа. Арк. 5 адв.

[29] Там жа. Арк. 1-2.

[30] Там жа. Арк. 2.

[31] Там жа. Арк. 4.

[32] Там жа. Арк. 5-7.

[33] Там жа Арк. 8.

[34] Там жа. Арк. 9.

[35] Там жа. Аркуш без нумара.

[36] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. С. 423.

[37] Там жа.

[38] ДГАЛ Ф. 605. Воп. 2. Спр. 5. Дело о Пласком и священниках, которые носят несвойственные нашей церкви имена. Арк. 1.

[39] Там жа. Арк. 3.

[40] Там жа. Арк. 6.

[41] Там жа. Арк. 9-9 адв.

[42] Там жа. Арк. 11.

[43] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. С. 498.

[44] Нарбут А.Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 50.

[45] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa. 2016. S. 234.; Malewski Czesslaw. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majątków pow. Lidzkiego // Ziemia Lidzka. 2004. №; 2(60).

[46] Нарбут А.Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 50.

[47] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. IX. Warszawa. 1888. S. 476-477.

[48] Kuncewicz Mirosław. Kazimierz Narbutt // Ziemia Lidzka. 1998. № 2-3(30-31).

[49] W najbliższym sąsiedztwie, stała mała chata,

Mieszkał w niej pan Narbutt - (postać niebogata).

Aby więc poprawić życiowe warunki,

Trudnił się znachorstwem. Potem - pijał trunki.

Wprawdzie tuż za płotem (żeby było śmieszniej),

Miał żonę (babkę Paulinę), z którą trudno żyć wiecznie!

Więc zamiast małżeństwem - sąsiadami byli,

I oboje ten stosunek poniekąd chwalili.

Гл: Kuncewiczowa Halina. Radziwoniszki // Ziemia Lidzka. 1997. № 6(28).

[50] Стренковский С. П. Священно- и церковнослужители Лидского и Ошмянского уездов в XIX - начале XX века. Минск, 2019. С. 90.

[51] ЛЕВ. 1869. № 19. С. 1159.

[52] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства 1913. № 5. С. 103.

[53] Извеков Н. Статистическое описание православных приходов Литовской епархии. Вильна, 1893. С. 27.

[54] Стренковский С. П. Священно- и церковнослужители Лидского и Ошмянского уездов в XIX - начале XX века. С. 250.

[55] Литовские епархиальные ведомости. 1883. № 23. С. 222.

[56] Лідскі летапісец. 2005. № 1-2 (29-30). С.83-88.

[57] Стренковский С. П. Священно- и церковнослужители Лидского и Ошмянского уездов в XIX - начале XX века. С. 110.

[58] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага Дэканата. 1792 г. Арк. 21-22 адв.

[59] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 7. Спр. 134. Арк. 1-12.

[60] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Сп. 10. Спіс парафіян Лідскай грэка-каталіцкага дэканату 1829 г. Арк. 198-201.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX