Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

З гісторыі лідскіх могілак 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 30-12-2016,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскія могілкі // Лідскі Летапісец №2(74)-2016. С. 38–60.



Думаю, што нікога не можа здзівіць думка, што большасці жыхароў любога горада ўжо няма сярод нас, яны памерлі, і мы, тыя, хто жыве зараз, у нейкім сэнсе дзелім свае гарады з імі. Прычым, для іх гісторыя ўжо адбывалася, і героі назаўжды застануцца героямі, мярзотнікі - мярзотнікамі, а звычайныя, добрыя людзі, якія заўжды былі большасцю - добрымі людзьмі. У кожным старым горадзе ёсць месцы, дзе фізічна адчуваецца прысутнасць тых, хто раней за нас нарадзіўся, любіў, ненавідзеў, пакутаваў і радаваўся. Гэтыя месцы - старыя гарадскія могілкі. Усім вядомы могілкі на Росах у Вільні, Кальварыя ў Менску ці Лычакоўскія могілкі ў Львове. Ёсць такія ж, толькі зразумела, меншыя ў Лідзе - гэта старыя гарадскія (яны яшчэ называюцца «каталіцкія») і старыя праваслаўныя могілкі. Тут, сярод старых соснаў жыве мінулае нашага горада і я, калі прыходжу сюды, рухомы сваёй цікаўнасцю да гісторыі - найчасцей каб пашукаць магільны помнік кагосьці з тых, пра каго пішу, адчуваю тут сапраўдны подых мінуўшчыны. Але старыя лідскія могілкі - ахвяра вандалізму канца савецкай эпохі, большасць помнікаў тут разбіта і перавернута, д'ябальская злая моц у свой час зрабіла ўсё магчымае, каб ператварыць могілкі ў пустэльню.

Да XIV ст. амаль што адзіным месцам для могілак служылі двары цэркваў і касцёлаў, але з ростам гарадоў месцаў каля храмаў стала не хапаць, і таму могілкі пачалі ўладкоўваць на ўскраінах гарадоў. У XVII і асабліва ў XVIII ст. урады, зыходзячы з меркаванняў санітарнай бяспекі, пачалі забараняць пахаванне памерлых пры храмах, а ў XIX ст. усталявалася норма, якая забараняла могілкі ўнутры гарадоў ці паселішчаў. Могілкі павінны былі знаходзіцца на вызначанай адлегласці ад апошняга жытла. У Італіі адлегласць гэта вызначаналася ў 100 м, у Саксоніі ў 136 м, у Аўстрыі і Францыі ў 200 м. Брусельскі гігіенічны кангрэс 1852 г. прызначыў адлегласць як мінімум у 400 м, па рускім заканадаўстве могілкі ўладкоўваліся ў гарадах на адлегласці не менш за 200 м ад апошняга жытла, а ў селішчах - на адлегласці паўвярсты: «Для гарадскіх могілак адводзяць месцы за горадам ... у месцах зручных, адлегласцю ад апошняга гарадскога жылля не менш за сто сажняў» [1]. Таму практычна ўсе захаваўшыяся мемарыяльныя могілкі нашага краю заснаваны пры канцы XVIII - пачатку XIX ст.


У артыкуле а паспрабую расказаць пра ўсе вядомыя лідскія могілкі - якія існавалі раней і існуюць зараз.

Старажытныя ўніяцкія могілкі

Па традыцыі, каля хрысціянскага храма амаль што заўжды існаваў цвінтар - месца дзе хавалі парафіян гэтага храма. Таму можна дакладна сказаць, што першыя могілкі былі каля лідскіх хрысціянскіх храмаў, якія з'явіліся адразу пасля заснавання горада. Больш прэстыжным былі пахаванні непасрэдна ў храме ці ў яго склепе.

Ужо ў першай палове XVII ст. ў горадзе дзейнічалі чатыры грэка-каталіцкія царквы: Св. Яна, Св. Мікалая (каля рынкавай плошчы), Св. Спаса (у горадзе), царква Прачыстай (на Зарэччы) [2]. Пра месца, дзе знаходзілася царквы Св. Спаса, на жаль нічога не вядома.

Мы дакладна ведаем пра існаванне дваіх уніяцкіх (верагодна, раней яны існавалі і як праваслаўныя) могілак ў нашым горадзе.

Прачысценская царква стаяла каля сучаснага скрыжавання вуліц Калініна і Стралкоўскага [3], пры царкве былі прыходскія могілкі. У другой палове XVIII ст. Ліда інтэнсіўна развіваецца. У 1765-1770 гг. паўстаў новы мураваны касцёл - Фарны, пабудаваны замест старога драўлянага. У 1765 г. з дрэва разабранага старога Фарнага касцёла («як кажуць, яшчэ добрым для сценаў» [4]) паміж могілкамі былой уніяцкай царквы Прачыстай і млынам (недалёка ад месца былой царквы Прачыстай) пабудавалі новую ўніяцкую царкву Ўваскрасення Гасподня. Пры царкве дзейнічаў невялікі шпіталь. А могілкі, верагодна, засталіся ад папярэдняй царквы. Пра існаванне тут могілак пры канцы XVIII ст. пісаў Міхал Шымялевіч: «... хрысцiянскiя могiлкi горада Лiды знаходзiлiся на ўзгорку памiж вулiцамi Гражыны, Вызвалення, Гарыстай» [5].

Жыхарка горада Я. Ярмант пісала ў мемуарах пра сваё жыццё ў 1930-я гг.: « Наш дом знаходзіўся ніжэй вуліцы Вызвалення (цяпер Калініна), калісьці на гэтым месцы былі могілкі таму, што ў агародзе знаходзілі чалавечыя косці» [6].

Другія ўніяцкія могілкі былі каля царквы Св. Мікалая, якая ў XVIII ст. пасля перабудовы была пераасвечана ў царкву Міхала Арханёла. Пры гэтай царкве меўся шпіталь і пабудовы плябаніі. Плябанія « часткова плотам, а часткова жэрдкай агароджана, з брамай, стараннем Двара і святароў пабудаваная» [7]. Тут жа каля царквы знаходзіліся старажытныя могілкі: «пляц, дзе пабудаваны царква са шпіталем і дзе знаходзяцца могілкі, мае паўтара моргі» [8]. Могілкі «неабгароджаныя, на іх была старая, нядаўна зруйнаваная, званіца» [9]. У візітацыі 1784 г. запісана: «... званіца старая на двух слупах, на якой два вялікія званы - адзін вагой у 6 камянёў, другі - у чатыры камяні і адзін малы, 15 фунтаў. Каля могілак пабудоў няма» [10].

На паштоўках пачатку ХХ ст. з выявай былога касцёла піяраў (у той час Свята-Міхайлаўская царква) бачны могілкі, верагодна на гэтых старых уніяцкіх могілках працягвалі хаваць нябожчыкаў і ў другой палове XIX ст.

Пры капітальным рамонце вуліцы Сувальскай (зараз - Савецкай) і пракладцы тэлефонных кабеляў да будаванай у той час новай пошты па вуліцы Міцкевіча ў 1937 г. знойдзены парэшткі XVIII ст. « лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст. ... . Потым праваслаўныя святары прадалі пляц былых могілак каля царквы пад участкі для будаўніцтва, і тут былі пабудаваны дробныя крамы» [11].

Старажытныя рыма-каталіцкія могілкі

У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Знаходзіўся ён дзесьці каля таго месца дзе зараз стаіць Фарны касцёл, на падзамчы [12]. Можна не сумнявацца, што адразу, каля яго былі заснаваны і рыма-каталіцкія могілкі. Першы Лідскі касцёл згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адкрыў пры касцёле францішканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага ордэна былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 Фарны касцёл у 1917 г. г. І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і пасвечаны пад назвай «Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых» [13]. Пад час спусташальнай вайны 1654-1663 гг. горад быў цалкам знішчаны. У тэксце візітацыі касцёлаў Віленскай дыяцэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім, пра Лідскі касцёл зроблены наступны запіс: « Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксендза Ігната Рэберта, асвечаны пад час знаходжання візітатара» [14].

У другой палове XVIII ст. у Лідзе, верагодна па праекту віленскага архітэктара Глаўбіца, з цэглы ў стылі барока быў пабудаваны Фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу[15].

Пад прэзбітэрыюмам[16] новага касцёла, у скляпеннях адразу былі падрыхтаваны месцы для пахаванняў больш заможных парафіянаў. У 1846 г. парэшткі з гэтага склепа былі перазахаваны ў зямлю[17].

Касцёл агароджвала мураваная сцяна, знутры якой знаходзіліся могілкі для простых парафіян [18]. У візітацыі 1777 г. пра гэтыя могілкі пісалі так: « Могілкі каля касцёла цалкам агароджаны мурам, прасторныя, ад вуліцы агароджа пабудавана за кошт ягамосцяў фундатараў, астатнія муры - коштам ксяндза-пробашча, пабудова мура цалкам не закончаная, не дабудавана палова стаі [19]. На заканчэнне агароджы ўжо назапашана цэгла, і вясной будоўля можа быць закончана. Брама з могілак на вуліцу крытая бляхай, пабудаваная ягамосцямі фундатарамі. Дзверы ў браме на жалезных завесах, ушчыльненне дзвярэй упала, бо было без жалезных цвікоў. У браме двое малых дзвярэй на завесах, з клямкамі і зашчапкамі. Ад бабінца [20] праз браму ажно да вуліцы намаганнямі ... пробашча дарога забрукавана» [21].

На гэтых могілках у 1794 г. былі пахаваныя паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі, якія загінулі пры абароне Ліды ад расейскіх войскаў - пра гэта меўся запіс у метрычных актах Лідскага касцёла за 1794 г.: «Усе, забітыя падчас аблогі Ліды, пахаваныя каля касцельнай агароджы» [22].

Пры канцы XIX ст. Ян Сегень: «З правага боку вул. Віленскай, як раз насупраць гатэля стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і пладовы сад...» [23].


Другія рыма-каталіцкія могілкі існавалі каля кляштара і касцёла кармелітаў. Мураваныя кляштар і касцёл пры ім знаходзіліся ў цэнтры горада на адлегласці за 108 крокаў ад Фарнага касцёла, на супрацьлеглым баку вуліцы. На невялікіх могілках, якія межавалі з кляштарным дзядзінцам, стаяла званіца. У 1829 г. была пабудавана новая званіца, якая стаяла на чатырох дубовых слупах і мела тры званы[24].

Захаваліся тастаманты тых, хто жадаў быць пахаваным тут, напрыклад, 20.09.1804 г. лідскім ротмістрам Каралем Янашам Жамойцелем у судзе быў прадстаўлены тастамант Эліяша Хруля, напісаны ў 1712 г. У тастаманце Эліяш Хруль прасіў «... пахаваць яго ў лідскіх кармелітаў, для гэтага дае 500 злотых, на імшу дае 5 талераў» [25]. Дарэчы Эліяш Хруль - прамы продак маёй жонкі.

У 1908 г. касцёл быў разабраны, хоць касцельныя муры ўсё яшчэ стаялі да ўзроўню даха. Цэгла выкарыстоўвалася для будаўніцтва кашараў Паўночнага вайсковага гарадка. У тым жа 1908 г. кляштар занялі вайскоўцы. Пад час нямецкай акупацыі ў будынку былога кляштара месціўся жаўнерскі клуб, а з 1927 г. тут стала размясцілася староства Лідскага павета[26].

Ужо ў 1929 г. пры рэканструкцыі электроўні і будаўніцтве новых размеркавальных электрычных сетак, лідскі пробашч забараніў будаваць новы трансфарматарны пункт і весці земляныя работы на месце былых кармеліцкіх могілак. Прэса паведамляла: «Пробашч Лідскай парафіі кс. дэкан Баярунец напісаў пану ваяводзе пратэст супраць планаў будоўлі трансфарматарнага пункта на пляцы, дзе раней месціўся касцёл кармелітаў і могілкі каля касцёла - каля сучаснага будынка Лідскага староства» [27]. Як бачна з фотаздымкаў канца 1930-х гг., улады прыслухаліся да меркаванняў ксендза, бо той самы трансфарматарны пункт 6/0,4 кВ быў пабудаваны на вуліцы Сувальскай насупраць староства (прыкладна насупраць сённяшняга помніка Скарыну).

Пасля 1945 г. тут неаднаразова вяліся земляная работы пры пракладцы і рамонтах падземных камунікацый і часта знаходзіліся парэшткі людзей. На пачатку верасня 1937 г. падчас устаноўкі фундамента пад кіёск Таварыства падтрымкі супрацьпаветранай абароны (LOPP) на плошчы Збаўцы былі знойдзены падмуркі былога касцёла кармелітаў [28]. Пры канцы верасня "Кур'ер Віленскі" пісаў: «Зноў натрапілі на сляды могілак у цэнтры горада. Нядаўна пры пракладцы каналізацыі на вуліцы 3-га Мая насупраць гмаха староства (былога будынка кляштара) знойдзены косткі людзей. Зараз зноў пры капанні равоў і ўкладцы трубаў для тэлеграфных кабеляў да новага будынка пошты ў некалькіх месцах па вуліцы Сувальскай знойдзены людскія косткі. З гэтага вынікае, што ў самым цэнтры горада, на перакрыжаванні вуліц 3-га Мая і Сувальскай былі старыя могілкі» [29]. Гэта і былі могілкі кляштара кармелітаў.


Зараз прыкладна там, дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа, а на тым месцы, дзе быў касцёл праходзіць паўдзённая праезджая частка вуліцы Ленінскай.

Яўрэйскія могілкі

Яўрэі пасяліліся ў Лідзе ў XVІ ст.

Кароль Стэфан Баторы ў 1579 г. выдаў лідскім яўрэям прывілей на права пабудовы новай сінагогі і рамонт старой, аднак з умовай, каб новая сінагога не была вышэйшай за касцёл і цэрквы.

Упершыню лідскі кагал узгадваецца ў 1623 г., у гэты год ён быў падпарадкаваны гарадзенскаму. Да таго ж часу належыць і перапіска паміж лідскім кагалам і суседнімі яўрэйскімі супольнасцямі. Як толькі ў горадзе з'явілася яўрэйскае насельніцтва, дык акрамя сінагогі, зразумела, з'явіліся і яўрэйскія могілкі. Прэса ў сакавіку 2009 г. пісала пра цікавыя знаходкі на былых лідскіх яўрэйскіх могілках, якія дазваляюць дадаваць гэты аб'ект канцом XVI ст.: «Падчас пракладкі кабеля сувязі ў горадзе Ліда, рабочыя знайшлі габрэйскую магілу з помнікам 1872 г. Яўрэйскія могілкі знаходзяцца ў цэнтры Ліды, але былі разбураны савецкай уладай, каб зрабіць жылыя дамы. Сёння, надмагіллі і парэшткі часта знаходзяцца падчас будаўніцтва. Некалькі гадоў таму былі выяўлены два надмагіллі, датаваныя 1605 г., яны былі дададзены да існага мемарыяла Халакосту. Рабін Іцхак Кофман з Гародні разам з чальцамі яўрэйскай грамады перапахавалі парэшткі, знойдзеныя нядаўна ...» [30].

Лідскія яўрэйскія могілкі.

На плане горада 1842 г. гэтыя могілкі займаюць каля двух гектараў, і бачна, што плануецца іх пашырэнне. На яўрэйскіх могілках меліся надмагіллі рознай вышыні, сустракаліся там таксама і наземныя вялікія цагляныя пахавальні, з трохвугольным дахам і плітамі з эпітафіяй, якія прымацоўваліся да сцяны.

Трэба адзначыць традыцыйны яўрэйскі прынцып "магілы непарушныя". Гэта значыць, што парэшткі памерлых павінны назаўсёды застацца ў тым месцы, дзе былі пахаваны. Хрысціянскае разуменне дазваляе парушаць існыя пахаванні пасля пэўнага часу, хрысціянскія могілкі, якія не выкарыстоўваецца на працягу доўгага часу, могуць быць ліквідаваны. Згодна з прынцыпам юдаізму кожнае надмагілле і ўсе могілкі недатыкальныя да таго часу, пакуль вядома што ў пэўным месцы знаходзяцца пахаванні. Выключэннем можа быць выпадак, калі эксгумацыя робіцца для пераносу парэшткаў на Святую Зямлю альбо ў сямейную магілу, для пераносу парэшткаў з неяўрэйскіх могілак, ці калі могілкам пагражае прафанацыя альбо падмыў вадой.

Могілкі пачалі разбурацца з 1941 г. Былы жыхар Ліды І. Рубіновіч успамінаў: « Адразу пасля акупацыі горада Ліды немцамі пачалася ліквідацыя яўрэйскіх могілак. Сяляне пачалі пасвіць тут сваіх кароў, а потым пачалося разбурэнне надмагілляў, іх пачалі вывозіць для гаспадарчых мэтаў. Так працягвалася і пасля вайны ... . У сярэдзіне 1950-х гадоў гарадскі савет забараніў некалькім яўрэйскім сем'ям, якія жылі ў Лідзе, хаваць сваіх нябожчыкаў на гэтых старых могілках. У якасці альтэрнатывы яны маглі хаваць сваіх нябожчыкаў у горадзе Іўе. У 1960-х гадах у Лідзе пачалася хуткая ліквідацыя яўрэйскіх могілак. Па-першае, была разбурана частка бліжэйшая да берага Лідзейкі: тут, на беразе штучнага возера, былі пабудаваныя розныя канструкцыі і памяшканні для лодак, катэраў і персаналу .... Пасля гэтага, была таксама разбурана частка магіл, якія межавалі з былой вуліцай Пастаўскай, тут зламалі магільныя пліты, якія ўсё яшчэ заставаліся. Усё гэта было зроблена, нягледзячы на пратэсты яўрэяў, якія да гэтага часу жылі ў горадзе. Многія чалавечыя косці былі раскіданыя па паверхні зямлі. Яўрэі сабралі іх у мяшок і закапалі на частцы могілак, якая яшчэ захоўвалася ў той час. Пры канцы студзеня 1966 года толькі ў цэнтры могілак засталіся некалькі надмагілляў - яны былі знішчаны пазней. Такім чынам, апошнія сляды, якія сведчылі пра існаванне вялікай і квітнеючай яўрэйскай супольнасці ў горадзе Ліда былі разбураны і знішчаны» [31].

Лідзянка Ларыса Канчэўская ўспамінае: «Возера ў канцы вуліцы Міцкевіча "стварылі" ў 1962 годзе. Паставілі плаціну і загаварылі пра "Лідскае мора". Падзея была не шараговая! Горад быў поўны азёраў, а купацца ўсур'ёз няма дзе. І вось, адбылося! З першымі цёплымі днямі народ накіраваўся на пляж, які быў завалены ... магільнымі плітамі габрэйскіх могілак, што знаходзіліся здаўна на беразе Лідзейкі і ёю ж затопленыя... Вельмі проста загаралі на замшэлых плітах з экзатычнымі старажытнымі пісьмёнамі. І гэта цягнулася даволі доўга: гадоў пяць, калі не даўжэй. Атэізм і вайна надоўга зрабілі людзей неадчувальнымі да сакральных рэчаў быцця, і таму яны не задумваліся аб рознага роду блюзнерствах» [32].

Да 1960-х гадоў яўрэйскія могілкі месціліся каля сучаснай вуліцы Фрунзе. Зараз на тэрыторыі гэтых могілак пабудаваны жылыя дамы, могілкі сталі часткай вадасховішча. І сёння, па вуліцы Свярдлова, тратуар якой вымашчаны каменем, можна ўбачыць надмагіллі з надпісамі на іўрыце.

Вайсковыя могілкі

У 1916 г. немцы заснавалі адмысловыя ваенныя могілкі недалёка ад Паўночнага вайсковага гарадка (зараз - каля СШ № 6). Могілкі былі агароджаныя невысокім мурам. Па правым баку былі магілы нямецкіх і аўстрыйскіх жаўнераў, па левым - расійскіх, якіх сабралі па палях пасля заканчэння баёў вакол Ліды, на магілах расійскіх жаўнераў меліся надпісы «Невядомы жаўнер расейскай арміі» , ці проста «Невядомы» . Цікава, што асобна былі пахаваны чэхі - жаўнеры аўстра-венгерскай арміі і палякі - жаўнеры нямецкай арміі. У канцы могілак, з паўднёвага боку, недалёка ад выязной брамы знаходзіўся прыгожы помнік часоў Першай сусветнай вайны ў форме піраміды, якая, як пісаў ў 1936 г. Аляксандр Снежка, «... пабудавана з пэўным мастацкім густам з вялікіх груба абчасаных камянёў. Ля падножжа піраміды ляжыць паміраючы жаўнер, адліты з жалеза, пад ім выразаны надпіс "Fur das Vaterland"» [33].

Помнік на вайсковых могілках.

У міжваенны час тут жа хавалі і польскіх жаўнераў. У 1919-1920 гг. на гэтых жа могілках былі пахаваны салдаты польскай арміі: Сувальскага пяхотнага палка, 4-га і 11-га ўланскіх палкоў (1919) г., 1-й дывізіі легіёнаў (1920). На могілках былі пастаўлены цэментныя крыжы з надпісамі: «Невядомы жаўнер Вялікай Польшчы» без даты нараджэння і смерці. У адным з вуглоў могілак стаяў адзінокі цэментны крыж з надпісам: «Невядомы салдат бальшавіцкай арміі» [34].

У 1924 г. была пабудавана невялікая капліца ў закапанскім стылі. У капліцу на набажэнствы, якія праводзіў капелан 77 палка ксёндз Шабельскі, прыходзілі не толькі польскія вайскоўцы, але і жыхары бліжніх раёнаў горада. Праіснавала капліца нядоўга, яна прыйшла ў заняпад і была разбурана разам з вайсковымі могілкамі пасля Другой Сусветнай вайны. На жаль, інфармацыі пра яе не шмат, але вядома, што ў лютым 1925 г. старшы капелан, ксёндз Юзаф Бяляўскі праз газету «Слова» падзякаваў усім, хто 31 студзеня спрычыніўся да папаўнення касы будаўніцтва гэтай капліцы, а перад усім «грона непрацуючых паней-гаспадынь ... Шукевіч, Здановіч (старасціна), Сестранцэвіч (інжынярова), Рашкоўскую, Фэглер (прафесарова), Юрагу, Зямкову (капітанова), Мярвінскую (інжынярова), панну Ядвігу Шкоп, Гарлінскую (капітанова), Рашкевіч (інжынярова), Скавінскую, Грэб, Чаславу Мейлун, Баркоўскую, дзякуючы якім была арганізавана імрэза, якая прынесла ў скарбонку будаўніцтва капліцы 634 зл. і 6 гр.» [35].

25 траўня 1924 г. Ліду наведаў прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі: «У 9 гадзін раніцы цягнік прэзідэнта спыніўся ў Лідзе. На ўпрыгожаным пероне высокага госця сустракалі старшыня грамадскага камітэта і прадстаўнік Звязу землеўласнікаў князь Людвік Чацвярцінскі, прадстаўнікі гараджан разам з каталіцкім, праваслаўным і яўрэйскім духавенствам. Пасля сустрэчы на вакзале, прэзідэнт у суправаджэнні коннага экскорта паехаў у горад. Прэзідэнт прыняў шэраг дэлегацый і наведаў казармы 77 палка пяхоты, дзе прыняў удзел у ганаровым адкрыцці помніка загінуўшым жаўнерам 77 палка. Помнік у выглядзе калоны быў пабудаваны па праекце падпалкоўніка Сестраневіча» [36]. У спісе загінуўшых былі прозвішчы 12 афіцэраў: капітана Аляксандра Хацэя, паручнікаў Мар'яна Ласковіча, Цэзары Халецкага, 7 падпаручнікаў, 2 харунжых і 174 жаўнераў дзесяці пяхотных, трох кулямётных, штабной і тэхнічнай ротаў[37].

У 1920-х гадах могілкі былі павялічаны і тут, у асобнай агароджанай зоне хавалі памерлых жаўнераў 77-га пяхотнага палка і цывільных асобаў, якія жылі на Кашарах (Казармах - Л. Л. ). У 1939-1941 гг. на могілках былі пахаваны некалькі салдатаў Чырвонай Арміі. У 1941-1944 гг. могілкі былі месцам пахаванняў нямецкіх салдатаў, загінуўшых пад Лідай і памерлых у шпіталях[38].

У 2015 годзе я атрымаў па электроннай пошце цікавыя ўспаміны старажыла нашага горада Яна Рaцько (1927 г.н.) з Чанстахова, запісаныя ягонай ўнучкай. Ян Рацько да 25 верасня 1959 г. жыў у Лідзе па вуліцы Крупаўскай, 78. З-за каштоўнасці інфармацыі прывяду вялікі ўрывак з ягонага тэксту:

«Вайсковыя могілкі знаходзіліся каля нашага дома, памятаю, як яны выглядалі да вайны і да 1959 г., калі я выехаў у Польшчу. Гэтымі ўспамінамі хачу падзяліцца з людзьмі, лідзянамі, якія, можа быць, гэтага не памятаюць.

Дык вось, як вядома старым лідзянам, могілкі тыя знаходзіліся паміж старой жвіроўняй і казармамі - з аднаго боку, з другога боку была вуліца Рыдз-Сміглага, хоць могілкі і не даходзілі да вуліцы. Іншыя бакі могілак абмяжоўваліся вуліцамі Кашаровай і ксендза Скарупкі.

Да прыходу ў Ліду бальшавікоў у верасні 1939 г. могілкі выконвалі сваю ролю. Тут былі пахаваны жаўнеры І Сусветнай і польска-бальшавіцкай вайны. Тут жа меліся магілы немцаў, аўстрыйцаў, чэхаў, палякаў, рускіх, у пазнейшыя часы тут хавалі сем'і польскіх афіцэраў і жаўнераў, якія служылі ў 77 палку і жылі ў казармах. Да 19 верасня імі апекавалася польскае войска. За саветамі могілкамі ніхто не цікавіўся. 27 чэрвеня 1941 г. Ліду занялі немцы і ўзялі апеку над могілкамі. Яны ўпарадкавалі магілы, аднавілі жалезную браму, паправілі агароджу. Могілкі былі даведзены да ладу, і ўсталяваўся парадак. Кожны год, пакуль у Лідзе стаяла нямецкае войска, нямецкі аддзел прыходзіў сюды, каб выказаць пашану сваім палеглым. Гэта было ў кастрычніку ці ў лістападзе, дакладна не памятаю, але гэта было нейкае вайсковае свята.

Калі 20 ліпеня 1944 г. у Ліду увайшла Савецкая Армія, каля могілак усю зіму стаяла супрацьпаветраная артылерыйская батарэя. Каб перазімаваць, жаўнеры капалі бульбу. Зіма таго года была надта суровай. Калі скончыліся дровы, жаўнеры пачалі шукаць паліва, каб было чым абагрэць зямлянкі. На могілках стаяла каплічка ў закапанскім стылі, у якой раней адпраўляліся жалобныя імшы пры пахаваннях, а ў траўні - маёвае набажэнства. Савецкія жаўнеры не задумваючыся, пачалі разбіраць гэту каплічку на паліва. Так знікла капліца на могілках. Магілы засталіся не парушаныя. Тут стаяў помнік - піраміда з рымскім жаўнерам. Такі стан рэчаў пратрымаўся да 1949 г. Раней шмат людзей добраахвотна ці пад прымусам выехалі ў Германію. Некаторыя пасля вайны вярталіся ў родны край. Сярод іх быў і нейкі Шымялевіч, жыхар вуліцы Кашаровай. Адной ноччу 1949 г. ён разбіў фігуру жаўнера і здаў на металалом. Сама піраміда стаяла да майго выезду ў 1959 г. У 1966 г. могілкі зраўнялі з зямлёй. На зямлі, якая непасрэдна прылягала да могілак, пабудавалі школу № 6, а там дзе былі магілы паўстала спартыўная пляцоўка і памяшканні школьных майстэрняў. Пра эксгумацыі ці перанос каменных крыжоў пры гэтым, я нічога не чуў.

І яшчэ трохі ўспамінаў датычных могілак: калі немцы ўпарадкавалі могілкі, яны адгарадзілі частку, на якой знаходзіліся магілы польскіх жаўнераў і членаў сямей вайскоўцаў, якія жылі ў казармах, калючым дротам.

Другая такая інфармацыя: на супрацьлеглым баку могілак, ад вуліцы кс. Скарупкі знаходзіўся вайсковы шпіталь. У часе ІІ-й Сусветнай вайны ў гэты шпіталь прывозілі параненых нямецкіх жаўнераў з фронту і тых, якія паміралі, хавалі каля агароджы могілак. Пры канцы 1943 г., калі стала зразумела, што Ліду ім прыйдзецца пакінуць, немцы пачалі выкопваць парэшткі пахаваных жаўнераў і вывозіць у Германію. Аднак вывезці ўсе парэшткі яны не паспелі - уцякаючы з горада, немцы пакінулі некалькі трун у доле і нават не паспелі зноў засыпаць іх зямлёю. Пасля ўцёкаў немцаў ніхто не засыпаў таго долу, і пах раскладаўшыхся целаў нейкі час даваўся ў знакі ваколічным жыхарам» [39].

Старыя праваслаўныя могілкі

Лідская Свята-Георгіеўская царква пабудавана з дрэва ў 1875 г. на сродкі А. Васнеўскага [40]. З 1919 па 1990-я гг. гэта царква была адзінай у горадзе.

Праваслаўныя могілкі ў 1917 г.

Міхал Шымялевіч пісаў, што праваслаўныя могілкі арганізаваныя каля 1865 г. [41], з чаго бачна, што могілкі на гэтым месцы з'явіліся раней, чым нават царква, якая дарэчы будавалася, як капліца.

Жыхар г. Ліды пісаў у 1923 г. у беларускай газеце «Новае Жыццё»: «З прыходам сюды польскай улады была адабрана ад праваслаўных беларусаў ядыная ў месце царква (Святога Арханёла Міхаіла - Л.Л. ). ... Праваслаўных парахвіян Лідскае царквы налічваецца да 4000 чалавек, якія ... прымушаны сілай рэчаў маліцца ў невялічкай цэркаўцы-каплічцы на могілках, якая знаходзіцца ад цэнтра места, пры выезьде з Ліды, і ў ранейшыя часы была толькі местам адпявання нябожчыкаў» [42].

Вялікая колькасць надмагілляў была знесена пад будаўніцтва завода электравырабаў. Тыя, што засталіся планавалася знішчыць для будаўніцтва дарогі, для чаго ў 1980-х гг. быў таемна прывезены атрад наваградскіх камсамольцаў, якія ўначы пазбівалі на зямлю каменныя крыжы з надмагіллямі. Уцалела толькі частка некропаля [43].

Гісторыя гэтых цікавых могілак у комплексе яшчэ не даследавалася.

Тут пахаваны былы лідскі дабрачынны Іосіф Каяловіч, быў пахаваны (зараз перазахаваны ў Воранаве) генерал ад інфатэрыі, міністр абароны БНР Кіпрян Кандратовіч, заснавальніца першай Лідскай жаночай гімназіі Марыя Навіцкая, цэлая плеяда ваенных і парафіяльных святароў Літоўскай і Віленскай епархіі, ўрач Рэнерт, беларускія грамадска-палітычныя дзеячы Юльян Саковіч і Леанід Маракоў і інш.

Трэба выказаць падзяку святарам Свята-Георгіеўскага храма за ўсталяванне дошак, на якіх выбіты прозвішчы ўсіх вядомых асобаў, пахаваных на гэтых могілках. Гэты спіс надрукаваны ў «Лідскім летапісцы» № 4 (68) - 2014 [44].


Слабадскія могілкі

Лідскі Слабадскі касцёл быў пабудаваны ў 1933 г. [45]. Аднак, яшчэ да Першай Сусветнай вайны Віленскі губернатар зацвердзіў дазвол Лідскага магістрата ад 15 снежня 1909 г. аб выдзяленні 3 дзесяцін гарадской тэрыторыі на будаўніцтва «другога каталіцкага касцёла» [46] менавіта на Слабодцы.

Помнік Антаніны Шурмей, памерла 7.XII.1936 г.

На пасяджэнні Гарадской рады пры канцы траўня 1933 г. была ўхвалена пастанова аб выдзяленні Лідскаму аддзелу "Звязу настаўнікаў" і яўрэйскаму культурна-асветнаму таварыству «Тарбут» пляцаў для будаўніцтва дома "Звязу настаўнікаў" і 7-мі гадовай яўрэйскай агульнаадукацыйнай школы. Таксама на гэтым пасяджэнні былі выдзелены 9 гектараў зямлі на Слабодцы для будаўніцтва касцёла, школы і пастарунка, а таксама абшар пад плошчу, сад і сквер агульнага карыстання. Тады ж Рада вырашыла звярнуцца да Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай зацвердзіць гарадскі герб 1590 г. з львом і ключамі на тарчы [47].

З выдатнага артыкула Уладзіслава Абрамовіча ў перадваеннай газеце «Лідская Зямля» мы ведаем, што ў 1920-30-я гг. Слабада становіцца важным раёнам горада. Дзякуючы намаганням ксяндза-вікарыя Станіслава Мажэйкі тут паўстаў касцёл. У 1936 г. Гарадская рада даравала Слабадской парафіі 2 га гарадской зямлі для заснавання могілак. Падчас геадэзічных работ і работ па агароджванні будучых могілак адзін з работнікаў пацікавіўся меркаваннем другога пра тое, хто з іх першы ляжа на новых могілках. Так здарылася, што той, хто пытаўся, і стаў першым нябожчыкам на гэтых могілках. Весткі пра гэта імгненна разышліся па парафіі, і вернікі зрабілі яму ўрачыстае пахаванне [48].

Міхал Шымялевіч пісаў, што парафіяльныя рыма-каталіцкія могілкі на Слабадзе заснаваныя на зямлі, якая мела гістарычную назву «Перхураўскі клін» [49].

Ад пачатку могілкі мелі радыльна-праменевую пабудову, на старой частцы могілак яна бачана і зараз. Галоўная брама нечым нагадвае герб Калюмны. Самая старая магіла, якую я знайшоў на гэтых могілках - з 1936 г., на бетонным помніку напісана: «Антаніна Шурмей, жыла 36 гадоў, памерла 7.XII.1936 г., каханай мамусі ад дзяцей» .

На Слабадскіх могілкі знаходзіцца пахаванне 9 каталіцкіх святароў, якія былі расстраляны немцамі на заходняй ускраіне Паўночнага гарадка 10 сакавіка 1943 года. На гранях саркафага - імёны пакутнікаў: Дабравольскі Стэфан, 44 гады, пробашч з Беліцы, Бароўскі Альфонс, 51 год, пробашч з Лацка, Цыбульскі Францішак, 58 гадоў, пробашч з Трабаў, Ажароўскі Ежы, 31 год, пробашч з Ліпнішак, Стжасьнеўскі Вінцэнт,34 гады, пробашч з Юрацішак, Лабан Вінцэнт, 45 гадоў, пробашч лідскі, Мрачкоўскі Люцыян, 34 гады, вікары лідскі, Снягоцкі Стэфан, 29 гадоў, вікарый Фарнага касцёла, Аўгустыновіч Аляксандр, 53 гады, пробашч з Няцечы. У красавіку 1943 г. сяляне вёскі Дайнава ноччу выкапалі святароў і перазахавалі ў агародзе сям'і Ухто. У 1960 г. парэшткі расстраляных былі ўрачыста перазахаваны на могілках Слабадской парафіі.

Старыя гарадскія (каталіцкія) могілкі

Лідскі гісторык Міхал Шымялевіч у 1937 г. напісаў найвыдатнейшы артыкул пра старыя гарадскія лідскія могілкі [50] і ўсе больш познія артыкулы на гэтую тэму - толькі пераказ, часта з памылкамі, базавага артыкула лепшага гісторыка Ліды. Гэтая частка таксама ў значнай ступені грунтуецца на матэрыяле Шымялевіча. Думаю, каб час дазволіў яму, Шымялевіч напісаў бы і кнігу пра лідскія могілкі - шмат каго з вечных насельнікаў горада мёртвых ён ведаў асабіста, а пра іншых мог напісаць найцікавейшыя аповеды, грунтуючыся на сваім унікальным прыватным архіве, які назаўжды страчаны. Гісторыя не пакінула гісторыку часу. Дадам, што артыкул Міхала Шымялевіча пра могілкі я пераклаў і выдаў у менскім альманаху «Асоба і Час» выпуск 6, 2015 г.[51]


З пачатку XVII ст. на поўдзень ад горада Ліды, на замкавай зямлі і зямлі шляхецкага засценка Кузьмішкі паноў Вісмантаў паўстаў прыгожы бор. Дошка ў памяць пра пабудову мураванай агароджы старых лідскіх могілак. Па распараджэнні губернскiх уладаў у 1797 г. частка гэтага бору, якая знаходзілася на замкавай зямлі была выдзелена пад парафіяльныя могілкі. Другая частка бору на зямлі шляхты праіснавала да 1892 г., калі пасля вялікага пажару Ліды трэба было адбудоўвацца, і дрэвы спілавалі. Потым, для будаўніцтва даходных дамоў, спілавалі і прыгожы бор, які рос непасрэдна на парафіяльных могілках. Пры канцы XIX ст. Міхал Шымялевіч лічыў гадавыя кольцы вялікіх пнёў, якія пазаставаліся на месцы гэтых сосен і налічыў 240 кольцаў. Гэта былі пні дыяметрам ў паўтара метры [52].

Ад пачатку могiлкi не мелi дакладна акрэсленых межаў, аднак каля 1840 г. на сродкi панi Клары Якавiцкай, як належала па прадпiсанні, могiлкi былi акапаны ровам i агароджаны невысокім валам. Роў i вал, аднак, не баранiлi могiлкi нi ад быдла, якое пасвiлася побач, нi ад непажаданых асобаў. У 1886 г. на сродкi панi Ласковiч была выбудаваная брама на могiлкi - чатыры мураваныя слупы з драўлянымi варотамi. Каля 1900 г. распачалася i праз некалькi гадоў закончылася будоўля новай мураванай агароджы могiлак. У аповедзе Міхала Шымялевіча «З таго свету» дачка старога Вісманта Броня ў ноч ідзе на старыя могілкі, яна «навобмацак спусцiлася ў роў, залезла на муры i слiзганула па мокрых i халодных камянях муроў на могілкі» . З тэксту бачна, як былі агароджаны могілкі[53]. У памяць пра пабудову мураванай агароджы ўлева ад уваходу з унутранага боку была ўмураваная каменная дошка з надпiсам: «Агароджана ў 1903 г. коштам парафiян, стараннем ксяндза-дэкана Юзафа Сянкевiча, М. Пацэвiча, Я. Падгайнага, каменем Стэфана Макрэцкага за якiх Здровась Марыя» . Згаданы Стэфан Макрэцкi, уладальнiк маёнтка Вiнькаўцы, праз нейкi час, як генерал зброi Войска Польскага, быў прэм'ер-міністрам Сярэдняй Лiтвы.

На гэтых жа могілках справа ад уваходу знаходзіцца магіла маці Стэфана Макрэцкага - Камілы. На помніку надпіс: «...Каміла з Машэўскіх Макрэцкая, народжаная ў 1832 г. Памерла 2 траўня 1865 г., меўшы 33 гады. Вечны адпачынак рач ёй даць Пане» . Каміла Макрэцкая да 33 гадоў нарадзіла 8 дзяцей і памерла пры родах апошняга сына, Зыгмунта, паўтарыўшы лёс многіх жанчын таго часу.

А злева ад уваходу, блізка ад капліцы знаходзяцца магілы Стэфанавых дзеда Вінцэнта Машэўскага і бабкі Гэмыліі з Нарбутаў Машэўскай. На помніку на магіле дзеда напісана: «... парэшткі Вінцэнта Машэўскага, жыў 75 гадоў, памёр у 1876 г.» . На помніку на магіле бабкі напісана: «... Гэмылія з Нарбутаў Машэўская, народжаная ў 1806 г. Памерла 26 лютага 1893 г.» . Помнікі Машэўскіх добра захаваліся [54].


Адразу злева ад ўвахода пахаваны Стэфан Буткевіч (19.02.1815-30.03.1896). У 1885 г. Стэфан Буткевiч, былы маршалак Лiдскага павета пабудаваў новую, ашаляваную i крытую гонтам званiцу. Тут жа, недалёка ад ўваходу на могілкі і каля званіцы, маршалак павета і быў пахаваны разам з жонкай Эмiлiяй Буткевiч з Адамовiчаў (1813-1879). Званiца мела два званы: адзiн вагой у пуд, другi - 30 фунтаў (12 кг)[55]. У 1927 г. званіца ўжо была ў вельмі дрэнным стане[56]. Званіца добра бачна на нямецкім малюнку 1917 г.

Надмагілле лідскага маршалка Буткевіча на старых лідскіх могілках.

Ведаючы гэту інфармацыю, сонечным красавіцкім ранкам я выправіўся на старыя могілкі, каб расшукаць магілу маршалка. Уважліва ўзіраючыся ў надмагіллі я тры разы па мокрай траве абышоў тую частку могілак, дзе маглі быць магілы Буткеічаў і нічога не знайшоў. Вырашыўшы, што магілы маршалка з жонкай знішчаны, накіраваўся да выхаду але кінуўшы позірк на апошняе, часткова паламанае надмагілле, убачыў, што знайшоў менавіта тое, што шукаў - магілу Стэфана Буткевіча.

А зараз я раскажу ўсё, што ведаю пра гэтага чалавека.

Стэфан Буткевіч, сын Дамініка і Эміліі з Шукевічаў, меў жонку Эмілію з Адамовічаў. Валодаў маёнткам Косаўшчына з фальваркам Качанова і вёскамі Косаўшчына, Болтуці, Цвермы, Татарцы, Навіцкія, Былінская - усяго 1363 дзесяціны і 150 душ. Пасля смерці маці ўспадкаваў маёнтак Мінойты з вёскай (570 дзесяцін, 52 душы) [57].

Адукацыю атрымаў у Шчучынскай павятовай вучэльні. У 1853 г. тытулярны дарадца Буткевіч запісаны сярод «попечителей сельских запасных магазинов» [58].

Службовыя абавязкі маршалка шляхты выконваў з 12 кастрычніка 1855 г. Амаль што адразу быў узнагароджаны медалём у памяць вайны 1853-56 гг., потым ордэнам Св. Станіслава 3 ст. і знакам за 15 год службы [59]. На сваёй пасадзе ён заставаўся да 1875 г. - роўна 20 гадоў.

Маршалак Лідскага павета Буткевіч узгадваецца ў мемуарах рускага афіцэра І. В. Любарскага [60] - палкавога доктара, полк якога стаяў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г. Мясцовая інтэлігенцыя шукала паразумення з рускімі афіцэрамі: «У той час польскія абшарнікі і службоўцы не толькі не чужыліся рускіх людзей, але імкнуліся зблізіцца з імі і ўсталяваць добрыя адносіны; таму запрашалі рускіх у свае сямействы і аказвалі ім самую вялікую ўвагу. Я, напрыклад, зусім яшчэ юны і халасты чалавек, быў проста збянтэжаны тым, што да мяне першым прыехаў з візітам прадвадзіцель дваранства (маршалак) - асоба, якая Званіца Буткевіча. карысталася вялікай вагой у мясцовым грамадстве. Сталася так, што для збліжэння з афіцэрамі польскае дваранства падрыхтоўвала раскошны баль, і з гэтай мэтай заводзіліся знаёмствы нават з тымі з вайскоўцаў, хто па недахопе сродкаў трымаўся ўбаку ад павятовага грамадства» [61].

Мемуарыст цікава расказвае пра настрой гараджан перад паўстаннем. Паступова рэвалюцыйнае ўзбуджэнне ў горадзе ўзрастала: «Па меры таго, як яно больш і больш набірала моц, рускае значэнне ў краі паступова змяншалася. Выходзіла так, як быццам бы гаспадарамі становішча былі яны, а часовымі гасцямі, прышэльцамі ці, мабыць нават паразітамі на чужым целе з'яўляліся мы» . Гледзячы на заваяваўшую волю Італію, чакаючы падтрымкі Францыі, ужо амаль што ўсе верылі ў хуткае незалежнае існаванне. Любарскі, у гэты час вайсковы палкавы лекар і добры хірург, даслоўна запісаў сваю размову з лідскім прадвадзіцелем дваранства Буткевічам (сябе Любарскі тут называе ў трэцяй асобе «доктарам»):

«- Скажыце, каханы кансільяжу (ласкавы доктар), спадзяюся, Вы застанецеся ў нас, калі Літва адыдзе ад Расіі?

- Як гэта адыдзе ад Расіі? - спытаў збянтэжаны доктар, - я штосьці не ясна сабе ўяўляю.

- Вельмі проста; адлучыліся ж ад Аўстрыі Ламбардыя і Венецыя і ўвайшлі ў склад Італьянскай дзяржавы. Чаму ж мы не можам утварыць незалежнай дзяржавы ў межах сваёй народнасці? Зараз да таго ідзе ўся еўрапейская палітыка.

- Але Расія - не Аўстрыя, - заўважыў доктар, зачэплены за жывое, - і паменшыць яе будзе пацяжэй, чым рознамасную імперыю Габсбургаў?

- Вядома, - спахапіўся маршалак, - я і кажу гэта. Але могуць быць розныя палітычныя кампрамісы для аб'яднання народнасцяў. Відаць, час такі надышоў. Ды не пра гэта ўласна гаворка. Я толькі хацеў сказаць, што Вы, ласкавы доктар, карыстаецеся такім заслужаным даверам у нашым грамадстве, што пажадана, каб Вы засталіся ў нас, якія б ні адбыліся палітычныя змены.

- Вельмі удзячны за ўвагу, але, прызнаюся, я б не застаўся.

- Чаму ж? - здзівіўся суразмоўца, - для адукаванага чалавека жыць у краіне з ліберальнымі ўстановамі, якой будзе наша незалежная дзяржава, і працаваць у культурным грамадстве павінна быць прывабна.

- Ды па-просту хоць бы таму, што я, як праваслаўны, быў бы не зусім свой паміж вамі, і польскай мовы добра не ведаю, а быць абмежаваным у выказванні сваіх думак непрыемна.

- Э, глупства; варта Вам ажаніцца з кімсьці з нашых прыгажунь, і адрозненне ў веравызнанні згладзіцца, а мовай Вы авалодаеце. Я ведаў афіцэра, які прыбыў у Вільню з глыбіні Расіі і не разумеў аніводнага слова, а праз некалькі гадоў пісаў у альбомы такія выдатныя вершы, што, права, пад імі сам Вікенці Поль падпісаўся б.» [62].

Прадвадзіцель дваранства (маршалак шляхты) Стэфан Буткевіч не будзе ўдзельнічаць у паўстанні. У гісторыі горада Стэфан Буткевіч застанецца як чалавек, які 1870-я гг. прапанаваў генерал-губернатару разабраць наш замак Гедзіміна на будаўнічыя матэрыялы.

У запісцы віленскаму генерал-губернатару А.Л. Патапаву ў сакавіку 1868 г., Буткевіч пісаў, што заробку ад казны ён не атрымліваў і выкананне сваіх службовых абавязкаў каштавала яму двух маёнткаў, якія ён прадаў, каб пакрыць расходы па гэтай пасадзе прадвадзіцеля дваранства [63].

Пасля адстаўкі з пасады маршалка, надворны дарадца [64] Буткевіч амаль што да канца жыцця абіраецца галосным Лідскай гарадской думы [65]. Менавіта з галосным Лідскай гарадской думы Стэфанам Буткевічам быў асабіста знаёмы Францішак Багушэвіч, паэт узгадваў яго ў сваіх газетных артыкулах [66].

Да 1913 г. Гарадская ўправа арандавала будынак, які стаяў у раёне горада «Ферма» пад палкавую царкву ў сына былога маршалка Эміля Сцяпанавіча Буткевіча. У 1918 г. у Лідзе ўзнікла польская «Народная Рада» і ўзначаліў яе Эміль Буткевіч. У сувязі з узростам і дрэнным адчуваннем у хуткім часе ён адмовіўся ад гэтай пасады [67].


Ян Марколiн Андрушкевiч (1823-1868), бургамістр горада . Магiлы роду Андрушкевiчаў знаходзяцца справа ад галоўнага ўваходу на могiлкi. Помнiкі сям'i бургамiстра горада парушаны, але вядома, дзе яны знаходзіліся, і я сфатаграфаваў тое месца. Мiрон Бранiслаў Нарбут пiсаў пра бургамiстра нашага горада Яна Андрушкевiча (цi « Ивана Степановича Андрушкевича» [68]): «чалавек праўдзiвы, энергiчны i разважлiвы» [69]. Пра ролю бургамістра ў выкараненні п'янства, якое ахапіла наш край пасля паразы паўстання 1831 г., апавядаў той жа Мірон-Браніслаў Нарбут. Ён пісаў, што калі пасяліўся ў Лідзе ў 1846 г. «п'янства ўжо амаль не было, аднак шулерства існавала» , але сітуацыя асабліва памянялася калі бургамістрам горада стаў Ян Андрушкевіч, а пробашчам і дэканам лідскім у 1846 г. - ксёндз Дзіянісій Хлявінскі.

Андрушкевічы валодалі на Лідчыне вялікай нерухомасцю [70] і Ян Марколiн нарадзіўся ў адным з бацькоўскіх маёнткаў. У 1845-1852 гг. ён быў начальнiкам спачатку 2-га, а потым 4-га аддзела палiцыi ў Адэсе. Даслужыўся да звання «тытулярны дарадцы».

Пасля вяртання ў Лiду стаў бургамiстрам горада, ажанiўся з Марцянай з Яселаў i меў з ёй 9 дзяцей. У пасаг за жонкай атрымаў цукерню ў Лiдзе. Гэта цукерня ў 1860-я гг. стала цэнтрам грамадскага жыцця ў горадзе i шматразова ўзгадвалася ў розных мемуарах. З мемуараў Яна Сегеня мы ведаем, што «па правым баку вуліцы Віленскай ... стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад, за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча ...» [71], такім чынам, цукерня знаходзілася недалёка ад Фарнага касцёла, каля перакрыжавання Віленскай і Каменскай вуліц таго часу.

Рускі афіцэр Любарскі, які служыў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г. пісаў пра лідскую цукерню: «Па-за сямейнымі дамамі, грамадскае жыццё, па ўсталяваным звычаі ..., канцэнтравалася ў цукерні (кандытарскай), якая служыла прыцягальным цэнтрам для ўсёй іідскай інтэлігенцыі. Тут можна было не толькі напіцца гарбаты ці кавы, але і падсілкавацца гарэлкай з закускамі, а ў суседнім памяшканні, якое злучалася з цукерняй ўнутранымі дзвярыма, адпускаліся "гаспадарчыя абеды". Клуба ў гэтым горадзе не было, але кандытарская цалкам яго замяняла, тым больш, што тут да паслуг гасцей былі два більярды, некалькі шахматных дошак і ў бакавым пакоі нават карты. Аматары чытання знаходзілі тут некалькі польскіх газет і адну французскую; рускай не было ні адной, хоць афіцэры былі пастаяннымі гасцямі кандытарскай. Грамадзяне як халастыя, так і сямейныя, лічылі сваім абавязкам штодня пабываць тут; чыноўнікі забягалі ў гэтае месца, ідучы на службу, каб выпіць гарбаты і прачытаць тэлеграмы, а са службы - перакуліць чарку гарэлкі. Калі трэба было пабачыцца з некім, то ісці на кватэру было не варта; значна прасцей было сустрэць неабходнага чалавека ў кандытарскай, асабліва ў вячэрнія гадзіны. Тут абмяркоўваліся ўсе навіны, і адбываліся бясконцыя і гарачыя спрэчкі з нагоды падзей ... у Італіі» [72].

Пра сустрэчы ў цукерні з мясцовай інтэлігенцыяй: «Нашы шчырыя сябры і добразычліўцы спакваля імкнуліся ўносіць ідэі ў розум афіцэраў, прадстаўляючы становішча ў такім выглядзе, што нашы народы - натуральныя браты, але што ўрад над абодвума - нямецкі або, … знаходзіцца пад уплывам немцаў, іх мэта - душыць славян, ... не даваць ім грамадзянскай свабоды і не дапускаць ніякага ў іх разумовага развіцця» . Асабліва вылучаўся сярод лідзян адзін з камандзіраў будучага паўстання - Баляслаў Колышка [73]: «Асабліва гарачым прапагандыстам падобных ідэй паміж афіцэрствам выступаў ў цукерні Колышка, той самы, які пасля (у 1863 годзе) камандаваў ... спачатку самастойна, а потым разам з Серакоўскім і разам з ім быў узяты ў палон пасля паразы паўстання. Колышка быў малады чалавек гадоў 25-ці, невялікага росту, мажны, з круглым і румяным тварам. Якая была яго прафесія ў Лідзе, я не цікавіўся; здаецца, ён ... быў сынам забяспечанага памешчыка [74]. Гэта быў гарачы ... патрыёт, цытаваў цэлыя маналогі з Міцкевіча ... . Ён увесь час даставаў аднекуль памфлеты Герцана і даваў іх афіцэрам, захоплена адклікаўся пра нібыта незвычайна светлыя і здаровыя меркаванні рэвалюцыйных лісткоў адносна палітычнай будучыні Расіі і Польшчы ... і ўвесь час паўтараў: "Прашу вас, спадары, не змешваць палітычных паняццяў. Рускі народ - гэта адно, а рускі ўрад - другое. Гэты апошні - наш агульны непрымірымы вораг. Абавязак кожнага патрыёта сваёй краіны - змагацца з ім, аслабляць яго, каб зрынуць тыранію, інакш Расія ніколі не вызваліцца ад унутраных кайданоў рабства. І ў гэтых адносінах рускія могуць смела разлічваць на нашу братэрскую і энергічную дапамогу» [75].

Іншы рускі афіцэр, Мяжэцкі [76], які разам са сваім Нараўскім пяхотным палком у 1861 г. быў пераведзены на Лідчыну, таксама пісаў пра цукерню: «Афіцэрства наша жыло замкнёна, у сваёй палкавой сям'і і з абшарнікамі не збліжалася. Афіцэры ж ... з ліцвінаў і палякаў, якіх было даволі шмат у палку, вядома, знаёміліся з гэтымі землеўладальнікамі... . Таму і нам ... здаралася сустракацца з імі часам у нашых таварышаў, а часцей у адзіным у Лідзе тракціры, ці як тутэйшыя называлі гэтую ўстанову - "цукерні" ... шляхціца пана Андрушкевіча, куды паны заходзілі са сваімі знаёмымі афіцэрамі. Пры гэтых сустрэчах абшарнікі спачатку бывалі стрыманыя ..., але калі віно развязвала языкі, пачыналіся гарачыя запэўніванні ў неабходнасці збліжэння двух ... народаў» [77].


Капліца на могілках . У 1805 г. ксёндз Вiнцэнт Нарбут, пробашч i дэкан лiдскi, пабудаваў тут досыць вялiкую драўляную каплiцу, якую высвяцiў ў гонар св. Барбары, панны i мучанiцы, як патронкi добрай смерцi, абраз гэтай святой знаходзiўся ў вялiкiм алтары. Пасля скасавання ў Лiдзе касцёла кармелiтаў i пажару касцёла пiяраў, падчас рамонту Фары, з дазволу дыяцэзiяльных уладаў, сюды былi часовы перанесеныя Старая, драўляная капліца. парафiяльныя набажэнствы. У 1848 г. каплiца была грунтоўна рэстаўравана. У 1905 г. невядомы злачынец падпалiў каплiцу, але пажар быў патушаны. У каплiцы калiсьцi быў стары арган, перанесены сюды з Фары, у 1904 г. гэты арган перададзены фiлii ў Крупава, дзе ён згарэў разам з касцёлам у 1919 г. [78]

Могілкі да 1928 г.

У 1928 г. быў зацверджаны новы праект драўлянай капліцы, але ён не быў рэалізаваны. У 1929 г. студэнтам архітэктуры К. Раствароўскім распрацаваны новы праект які атрымаў добрыя водгукі ад спецыялістаў. Вельмі павольнае будаўніцтва капліцы пачалося ў 1930 г. Толькі ў 1937 г. пабудова была пакрыта дахам, але да 1939 г. работы не былі скончаны. У 2000-2003 гг. быў праведзены грунтоўны рамонт, унутраная атынкоўка, устаўлены вокны і дзверы і інш. [79]. У сярэдзіне 1970-х гг., калі могілкі былі падобныя на добра засмечаныя джунглі, капліца без вокнаў дзвярэй таямніча стаяла ў цені дрэў, і ўнутры пабудовы ляжала шматгадовае смецце.

На могiлках здаўна стаяў драўляны шпiталь, невядома кiм i калi пабудаваны i калi зруйнаваны, пасля зруйнавання жабракі не мелi дзе жыць. Панна Марыя Ле Форт, гувернантка, адпiсала для тутэйшых жабракоў 66 рублёў срэбрам. Кс. Юзафат Вайшвiла, лiдскi экс-пiяр, якi дажываў у лiдскай парафiяльнай плябанi, дадаў яшчэ 150 рублёў, i за гэтыя грошы ў 1845 г. пабудавалi новы драўляны шпiталь. У 1856 г. тут жылi 12 жабракоў. Калi гэты шпiталь струхнеў, панi Ласковiч пабудавала за агароджай могiлак драўляны шпiталь, якi iснаваў яшчэ пры канцы 1930-х гг. [80]


З паўднёвага боку ад капліцы Св. Барбары знаходзіліся магілы лідскіх ксяндзоў: Юзафа Сянкевiча , пробашча i дэкана лiдскага (1905 г.), Альберта Стэцкага , мiсiянера (памёр 1898 г.), Антонiя Кулакоўскага , мiсiянера (памёр у 1904 г.), Станiслава Пацынкі , вiкарыя (памёр у 1918 г.), Яна Кандрата , вiкарыя (памёр 1924 г.). У 1986 г., ратуючы ад варварскага знiшчэння, парафiяне перанеслi магiлы гэтых ксяндзоў на Слабадскiя могiлкi. Але надмагілле ксендза Пацынкі засталося на старых могілках, на Слабадскіх могілках усе шараговыя ксяндзы пахаваны пад агульным помнікам.

Юзаф Сянкевіч , ксёндз-пробашч і дэкан ў Лідзе ў 1889-1905 гг., выкладчык ў Лідскай павятовай школе. Лідзянам запомнілася як Сянкевіч у выказванні сваёй прыхільнасці да царскага трона перасягнуў нават праваслаўных святароў - аднойчы лідскі дэкан у святочныя дні аздобіў касцельную браму транспарантам, на якім была намалявана манаграма цара і царыцы з надпісам «Боже царя храни» [81].


Пакуль у 1865 г. не былі адкрыты асобныя могiлкі для праваслаўных, на старых гарадскіх могiлках хавалi нябожчыкаў усiх хрысцiянскiх вызнанняў. Знайшоў тут вечны спакой пан Ксаверы Эстка (1787-1855), ён пахаваны недалёка ад уваходу на могілкі, помнік захаваўся, харунжы Лiдскага павета з Дакудава, евангелiк. На ягоным надмагіллі, работы вiленскага разьбяра Вяржбоўскага, вялiкая кнiга з надпiсам на ёй: «Браты! Тут пахаваны ваш блiжнi, якi хацеў падмануць сваю магiлу». Недалёка ад гэтай магiлы спачывае евангелiк-лютаранiн Фрыдэрык Неўман , падпалкоўнiк (1813-1869). На каменi яго надмагілля надпiс: « Пане! Скажы яму: "Iдзi да мяне!", мне скажы, Пане: "Не плач!". Смуткуючая жонка паставiла гэты помнiк» [82].

Трохi глыбей, за каплiцай пад вялікай помнікам-каменнай глыбай, спачывае барон Эрнст Мэдэм (1846 г.). Помнiк нябожчыку паставiлi таварышы па зброi з Галiцкага палка егераў. Пра Мэдэма вядома, што ён быў лідскім земскi спраўнiкам, адстаўным маёрам, поўнае імя - Эрнест Аляксандравіч барон Мэдэм [83].

У метрычнай кнізе лідскай царквы за 1846 г. запісана: «25/27 лютага (памёр/ пахаваны). Эрнест Аляксандравіч Мэдэм, спраўнік Лідскага земскага суда, маёр. Узрост - 40 гадоў, памёр ад гарачкі. Лютаранскага веравызнання. Рэлігійны абрад правялі: Міхайлаўскай лідскай царквы протаіерэй Самсон Брэн з дыяканам Іванам Гузоўскім і панамаром Іванам Вяршынскім. Пахаваны на Лідскіх могілках» [84]. Найбліжэйшы пратэстанскі храм на Лідчыне ў той час меўся ў Больценіках, у маёнтку графа Путкамера, але часта пры гэтым храме месца святара было вакантным. Магчыма менавіта таму вырашылі не ехаць па лютаўскай дарозе за 45 км па пратэстанцкага святара, і пахавальны абрад правёў праваслаўны святар.

Лідскі спраўнік быў сынам графа Аляксандра Іванавіча (Аляксандра Фрыдрыха) Мэдэма, (1803-1859) - тайнага дарадцы, генеральнага консула ў Егіпце (1838-1841), надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Персіі (1841-1845), пасланніка ў Бразіліі (1848-1854) і ў Вашынгтоне (1854-1855), бацька лідскага Мэдэма пахаваны ў Шанхаі. Графскі і баронскі род Мэдэмаў паходзіў з Гесена. Пры канцы XV ст. яны перасяліліся ў Прыбалтыйскі край. Адна галіна роду Мэдэмаў атрымала графскую годнасць Рымскай імперыі ў 1779 г.

Захаваліся таксама помнiкi з надпiсамi па-расiйску на помнiках нябожчыкам: Пятра Масiны (памёр 1850 г.), Якуба Масiны (памёр 1860 г.), калежскага асэсара Канстанціна Кучынскага (памёр 17.09.1845). Міхал Шымялевіч пісаў пра помнік праваслаўнай Марыi Патрэсавай (памёрла 1861 г.) [85].


Недалёка ад ўваходу на могілкі знаходзіцца магіла Валерыі Цехановіч - удзельніцы паўстання 1863 г. Валерыя Цехановіч з Цыбульскіх (1841-1933). Нарадзілася 28 красавіка 1841 г. у Менску. Была дачкой суддзі. Закончыла менскую гімназію, з хатнімі настаўнікамі паглыблена вывучала музыку. Перад 1863 г. разам з іншымі мянчанкамі ўдзельнічала ў патрыятычных маніфестацыях. За ігру на аргане і спевы патрыятычнай песні была збіта казакамі.

Выйшла замуж за Гіраніма Канстанты Цехановіча (1844-1898), які нарадзіўся ў Мураванай Ашмянцы і мела з ім дзевяцёра дзяцей: Людвіку Марыю, Вацлава Міхала, Люцыяна Пятра, Багуслава, Валяр'яна, Ядвігу, Юзафа, Станіслава, Антона Стэфана.

Перад выбухам паўстання 1863 г., маладыя сужэнцы пераязджаюць у Плоцк, галава сям'і працуе ў скарбовай управе. Гіранім і Валерыя Цехановічы прынялі чынны ўдзел у паўстанні 1863 г. Гіранім ваяваў у паўстанцкім атрадзе, а Валерыя хавала параненых, збірала прыпасы і падтрымлівала сувязь з паўстанцамі.

У другой палове жыцця Гіраніма спаралізавала, і да канца жыцця ён не мог самастойна рухацца. Пасля смерці мужа, каля 1900 г., Валерыя пераехала з Пултуск, а потым у Насельск, дзе жыла да пачатку 1920-х гг. Потым пераехала да сваёй дачкі Станіславы ў Гародню. Няшчасны выпадак ў гарадзенскім касцёле прывёў да калецтва Валерыі, яна перастала хадзіць і да канца жыцця была прыкутая да ложка ці інваліднага вазка. Як ветэран паўстання атрымлівала пенсію ў 110 злотых.

Адзін з яе сыноў - Люцыян - быў выкладчыкам Маскоўскага ўніверсітэта, расстраляны ў 1937 г.

З Лідай Валерыю Цехановіч лучаць два апошнія гады жыцця. Сюды яна пераехала да свайго сына Антона, начальніка ўправы скарбовага кантролю. У Антона Цехановіча ў Лідзе, у 1930 г. нарадзіўся адзіны сын - Лех Цехановіч. Інжынер-магістр хіміі, аўтар некалькіх кніг і шматлікіх публікацый па прафесіі. Ён таксама з'яўляецца сталым аўтарам «Ziemi Lidzkaj», дзе надрукаваў шэраг базавых артыкулаў з гісторыі Лідчыны. Ён ласкава дапамагаў мне з рэдагаваннем маёй першай кнігі і ўнёс у яе шэраг найкаштоўнейшых заўваг.

Валерыя Цехановіч памерла ў Лідзе 23 студзеня 1933 г. ва ўзросце 93 гады. Труна з целам паўстанкі была перанесена з дома дома, дзе яна жыла (вул. Лідскай, 38; дом з нябожчыкам зваўся «дом жалобы») у Фарны касцёл 24 студзеня ў 18-00. Жалобнае набажэнства і пахаванне адбылося 25 студзеня ў 10-00 [86]. «Наваградскі Кур'ер» пісаў: «Вялікая колькасць людзей на пахаванні ветэрана паўстання 1863 г. 25 студзеня ў Лідзе адбылося пахаванне Валерыі Цехановіч (з Цыбульскіх), якая памерла 23 студзеня, у гадавіну паўстання. С.п. Цехановіч нарадзілася ў Менску 1 снежня 1840 г. і ва ўзросце 23 гады ўзяла ўдзел у паўстанні» [87].


Недалёка ад Валерыі Цехановіч знаходзіцца помнік Казіміра, Генрыка і Уладзіслава Ямантаў. Казімір Ямант - бацька вядомага мастака Браніслава Яманта і банкіра Уладзіслава Яманта. У лістападзе 1932 г. газета «Слова» паведаміла, пра смерць шматгадовага кіраўніка лідскага аддзела Віленскага прыватнага банка Уладзіслава Яманта: «... 21 лістапада памёр пасля нядоўгай хваробы» [88].


З паўночнага боку капліцы пад мармуровымi плiтамi спачывае сям'я ўласнiкаў Мелужына i Воранава: «Юзаф Зарэцкi, сын Войцеха, герба Варня, генерал-лейтэнант корпуса iнжынераў. Нарадзiўся ў Скамарохах 19 снежня 1800 г. Памёр у Пецярбургу 29 студзеня 1869 г.». Каля яго ляжыць верная жонка " Ганна Зарэцкая , g(eboren) v(on) Гравенiц. 1 лiпеня 1807, † 1 лiстапада 1891". Iх сын Мiкалай Юзаф Варня Зарэцкi , нарадзiўся 11 верасня 1843 г., памёр 12 студзеня 1883 г. Яго жонка: Марыя Зарэцкая . Iх дачка: Ганна Зарэцкая, памерла ў росквiце гадоў (1900 г.) [89].

Пра Юзафа Зарэцкага (Закржэўскага) ёсць артыкул у Рускім біяграфічным слоўніку Полаўцава, прывожу тэкст артыкула па-беларуску:

Зарэцкі (Заржэцкі) Іосіф Альбертавіч (насамрэч, Вайцехавіч - Л.Л.) - інжынер, генерал-лейтэнант; будаўнік Кранштацкіх фартоў. Нарадзіўся ў 1800 г. Памёр 29 студзеня 1869 г. Выхоўваўся ў Віленскім універсітэце і па заканчэнні фізіка-матэматычнага факультэта (1826) паступіў у інстытут інжынераў шляхоў зносін. У 1829 г., пасля заканчэння курса, пасля іспыту атрымаў чын паручніка інжынераў шляхоў зносін з залічэннем на дзейную службу - у рэзерв і камандзіраваны на здымкі (тапаграфічныя - Л.Л.) каля Ноўгарада. Калі ж (у 1830 г.) была ўтворана марская будаўнічая частка, дырэктар будаўнічага дэпартамента, генерал Карбальер, запрасіў яго пад сваім асабістым наглядам, займацца праектам докаў для Кранштадта. Зарэцкі быў пераведзены ў будаўнічую частку з прыкамандзiраваннем да Кранштадцкай інжынернай каманды і з гэтага часу, на працягу амаль сарака гадоў, прысвяціў сябе будаўнічай дзейнасці. У 1838 г, зрабіў велічэзную працу пры недастатку сродкаў - закончыў будаўніцтва карабельнага Мікалаеўскага дока. За гэты час Зарэцкі атрымаў чыны: штабс-капітана (1834 г.) і капітана (1837 г.) і звярнуў на сябе асабістую ўвагу цара, які часта наведваў будаўнічыя работы. Калі на пачатку 1839 г. была распачата пабудова фрэгатнага дока, Зарэцкі быў прызначаны спецыяльным яго будаўніком і будаўніком Абводнага канала ў Кранштадце. Да гэтых вельмі складаным абавязкаў у 1843-44 гг. былі дададзены яшчэ новыя абавязкі: 1) будаўніка батарэі «Князь Меншыкаў», для якой па даручэнні Гасудара Імператара ім быў складзены праект, і 2) абавязак па пабудове Купецкай брамы Кранштадцкай гавані. Пабудова докаў была зусім скончана ў 1846 г. Але на гэтым будаўнічыя работы не спыніліся. У снежні 1848 г. палкоўніку Зарэцкаму было загадана скласці праект на пабудову батарэі на заходнім фронце Кранштацкага форта; у 1849 г. яму ж даручана было перарабіць купал рымска-каталіцкага касцёла, і, нарэшце, у 1850 г. загадам цара ён прызначаны будаўніком Кранштадцкай цвердзі. Адначасова з гэтым Зарэцкі прымаў удзел у работах розных камісій, быў чальцом камісіі пад старшынствам генерала Вільсана па ўстаноўцы водаадліўной паравой машыны ў доках Кранштадцкага басейна, камісіі па арганізацыі першага навучальнага марскога экіпажа ў Кранштадце і камісіі па загарадзі паўночнага фарватэру, дзе меў галоўны нагляд за работамі, якія выконваліся па складзеным ім праекце. Падчас Усходняй вайны ён зладзіў пры Лісіным носе гавань для кананерак і прымаў дзейны ўдзел па прывядзенні цвердзі ў абарончы стан. У снежні 1855 г. Зарэцкі быў прызначаны на пасаду чальца агульнай прысутнасці будаўнічага дэпартамента і неўзабаве, (з 1 студзеня 1856) атрымаў чын генерал-маёра. У 1860 г. ён быў прызначаны чальцом марскога будаўнічага тэхнічнага камітэта і чальцом агульнай прысутнасці інжынернага дэпартамента ваеннага міністэрства, такім чынам парваў са сваёй ранейшай будаўнічай дзейнасцю і цалкам прысвяціў сваю далейшую службу адміністрацыйным пасадам. З вялікай колькасці складзеных ім праектаў розных збудаванняў асаблівай увагі заслугоўваюць два: праект Балтыйскага порта і праект Гандлёвага порта для Петраграда на левым беразе Нявы каля Кананерскай выспы. З 1863 г. Зарэцкі быў чальцом тэхнічнага камітэта галоўнай інжынернай управы Ваеннага міністэрства, а з 1867 г. - чальцом будаўнічага аддзялення марскога тэхнічнага камітэта. Чын генерал-лейтэнанта атрымаў 1 студзеня 1864 г. [90]

Застаецца толькі дадаць, што першая ў Расіі марская астранамічная абсерваторыя пабудавана ў 1856 г. у двары Кранштацдкага штурманскага вучылішча па праекце і пад кіраўніцтвам лідзяніна Зарэцкага.


Каля самай каплiцы раней ляжала вялiкая гранiтная плiта, на якой яшчэ можна прачытаць: «Юзаф Грабавецкi, герба Грымайла, з Падляшша, доктар медыцыны i акушэр, сябар Iмператарскага таварыства лекараў у Вiльнi, калежскi асэсар, нарадзiўся 19 сакавiка 1786 г., памёр 4 снежня 1849 г.

Для сям'i быў шчасцем,

Для гэтай краiны здароўем,

Дабрачынцам жабракоў,

Мiлоснiкам дарагiх праўдаў.

Выразаў у Вiльні Гарбацэвiч».

Аўтарам гэтых радкоў быў згаданы вышэй кс. Юзафат Вайшвiла i фразу «Мiлоснiкам дарагiх праўдаў» ужыў не выпадкова i не для рыфмы, але таму, што дасведчаны чалавек зразумее пра тое, што Юзаф Грабавецкi быў сябрам масонскай ложы Гарлiвы Лiцвiн у Вiльнi.

Юзаф Грабавецкi нарадзіўся на Падляшшы і быў выхаванцам Віленскага ўніверсітэта. Доктарскую навуковую ступень атрымаў у 1817 г. [91] У 1815 г. будучы доктар медыцыны жыў у Свіслачы і адсюль даслаў у Віленскае Імператарскае лекарскае таварыства працу «Historia fistulae ventriculi» і 1816 г. быў абраны чальцом таварыства [92]. Грабавецкі з'яўляўся аўтарам шэрагу навуковых артыкулаў па медыцыне [93]. Пасля Свіслачы пераехаў у Шчучын, дзе памёр у 1844 г. [94] На Лідчыне ў 1844 г. Грабавецкі валодаў маёнткам Старадворцы з 5 прыгоннымі [95].

Як раз тут, каля капліцы буйства варвараў у 1980-я гг. было найбольш моцным, і магілу масона сярод нагрувашчвання перакручаных, пабітых і перавернутых помнікаў знайсці ўжо немагчыма.


Пра магілы роду Рылаў Міхал Шымялевіч пісаў: «Вялiкая Перапечыца мае некакальк i надмагілляў: "С. п. Ксаверы Рыла, Надворны дарадца i жыхар Лiдскага павета. Жыў 62 гады, памёр 22 лютага 1836 г. Засмучаныя дочкi просяць аб "Здровась Марыя"".

Яго сын: "С. п. Канстанцін Рыла, карнет гусарскага палка караля Нiдэрландаў.

Жыў 22 гады, памёр 3 жнiўня 1847 г. Сёстры ў суме просяць аб трох "Здровась Марыя"".

На сёння захавалася толькі чыгунная аснова помніка карнета Канстанціна Рылы.

Каля Рылаў былі магілы іншых абшарнікаў з Вялікай Перапечыцы, магілы дачкі Ксаверыя Рылы з надпiсам: "Тут спачываюць парэшткi с. п. Альбертыны з Рылаў Садоўскай, Пахавальная працэсія накіроўваецца ад Фарнага касцёла да старых гарадскіх могілак, сярэдзіна 1930-х гг. памерла 17 траўня 1867 г. ва ўзросце 53 гадоў".

Яе муж: "Тут спачываюць парэшткi с. п. Рафала Садоўскага, стацкага дарадцы i кавалера. Памёр 8 жнiўня 1869 г. ва ўзросце 58 гадоў".

Першай яго жонкi, ад якой Садоўскiм належала Баяршчына пад Лiдай (цяпер Тумялевiчаў) "DOM. Максімiлiя з Даўгялаў Садоўская i двое дзяцей Людвiка i Яна, жонка лiдскага павятовага лекара, калежскага асэсара, пакiнуўшая гэты свет 13 лiстапада 1845 г. ва ўзросце 27 гадоў". На надмагіллі верш:

Не парэшткi памёрлай

ляжаць пад гэтым валуном,

Разам шчасце чулай мацi пахавана.

Сэрца мужа прабiта

гэтым страшным ударам,

Чутны голас жалю i смутку,

Трое дзетак-сiротак пакiнула на зямлi,

Каб навечна застацца з двума памёрлымi.

Без надмагілля ляжаць тут сын павятовага лекара Ян Садоўскi (1905 г.), яго жонка з Квяткоўскiх, iх сын Ян Рафал Садоўскi i некалькi iншых чальцоў гэтай сям'і» [96].

Зараз захаваўся толькі помнік Рафала Садоўскага і частка помніка Максімiлiі з Даўгялаў Садоўскай.

Тут жа недалёка магілы вядомага на Лідчыне роду Грымайлаў-Прыбытак. Магіла Паўла Прыбыткі [97] (памёр у 1870 г.) засядацеля лідскага павятовага суда, і ягонай жонкі Эміліі з Крыдалёў (памерла ў 1878 г.) і іншых прадстаўнікоў гэтага роду.


Далей буду блізка да тэксту цытаваць Міхала Шымялевіча, бо практычна нічога з таго, пра што ён пісаў, знайсці ўжо немагчыма, добра што хоць застаўся ягоны тэкст.

Шымілевіч паведамляў, што Курасёўшчына мае на могілках адзiнага прадстаўнiка: « Ян Тукала (1783-1867), капiтан б. польскiх войск», іншыя ж Тукалы болей палюбiлi маёнтак Белае Балота з Гародняй, а Курасёўшчыну пакiнулi [98].

Магілы з Чэхаўцоў: «Тут спачывае с. п. Казiмiр Мяцеша сын Банькоўскi б. суддзя Лiдскага павета, пам. 18 кастрычнiка 1871 г., жыў 76 гадоў» [99].

Магілы з Скаўронiшкаў: «Тут спачываюць с. п. Пётр Жаба i дачка Памела Нарбут , пам. 18 сакавiка 1872 г. ва ўзросце 47 гадоў».

Магілы з Траццякоўцаў: «Тут адпачываюць парэшткi жыхара Лiдскага павета Яна Калясiнскага пам. 27 чэрвеня 1874 г. i жонкi Антанiны Калясiнскай пам. 13 сакавiка 1863 г.». «Магiлы сям'i Станiслава Калясiнскага . Яго сын Станiслаў пам. 7 лютага 1897 г., меў 24 гады».

Сям'я Крахельскiх, якая доўгi час жыла ў Лiдзе, пакiнула некалькi магiл:

«Магiлы Крахельскiх. С. п. Тэафiла Крахельская пам. 20.II.1881 г. ва ўзросце 58 гадоў. Найлепшай з мацi ад шчыра любячых дзяцей.

Бацькi!

Тут пад гэтым халодным

каменем ляжаць вашыя парэшткi

I трох сыноў - падлеткаў, пахаваных разам.

Пяць асобаў зачынены ў панурых скляпеннях.

Якi ж сум у нашых душах, які востры боль!

Асiрацелi сыны i дачка без бацькоўскай апекi,

Страцiлi бацьку i найлепшую мацi,

сiроты навек!

Мiнак, якi чытаеш на гэтым смутным помнiку,

Злiтуйся як чалавек i пабожна памалiся:

"О Божа лiтасцiвы, дай вечнае збавенне

Гэтым душам,

чые парэшткi пакрывае гэты склеп».

«С. п. Юзаф Крахельскi , скарбнік i жыхар Лiдскага павета. Меў 50 гадоў. Спакой твоёй душы, дарагi бацька!».

С. п. iхнiя дзецi Уладзiслаў, Аляксандр i Вiктар .

«Тут ляжыць Ружа з Туровiчаў Крахельская , жонка скарбнiка Лiдскага павета. Памерла 19 траўня 1837 г., мела 19 гадоў».

«С. п. Нарцыс Крахельскi , жыхар Лiдскага павета. Нарадзiўся 14 кастрычнiка 1829 г., памёр 11 снежня 1890 г.».


Густа «засяляюць» свае могiлкi гарадскiя жыхары:

Павятовы лекар Раймунд Гузе (†1896 г.) [100].

Пра Гузе ў «Памятнай кніжцы Віленскай губерні»: «Надворны дарадца Раймунд Станiслаў Рудольфавiч Гузе, адукацыю атрымаў у С.-Пецярбургскай медыка-хiрургiчнай акадэмii, каталiцкага веравызнання, на пасадзе з 22 лiпеня 1879 г.» [101].

Эмiлiя з Шостакаў Ляўданская [102], жонка спраўнiка Лiдскага павета (1893 г.).

Марцiн Галоўня (†1888 г.).

Ян Стасевiч , бургамiстр (†1901 г.).

Анна з Малашкевiчаў Яцкевiч , жонка бургамiстра (†1840 г.).

Яна з Лiпiнскiх Зэдлер , жонка аптэкара (†1871 г.).

Аркадзь Маразоўскi , землямер (†1895 г.).

Леан Стабiнскi , бургамiстр.

Лёг тут «Аляксандр Талочка , калежскi рэгiстратар, пам. 7 красавiка 1846 г. ва ўзросце 27 гадоў.

Гадоў жыў няшмат

Спачывай ты, сябар,

Хай гук трубы анёла

Заклiкае на суд Найвышэйшы».

Большая частка каменных надмагілляў паходзіла з другой чвэрцi XIX ст. Выразаны яны былі ў Вiльнi. Каля 1880 г. у Лiдзе па вулiцы Вiленскай на ўласным пляцы залажыў майстэрню надмагілляў Баляслаў Хруль, пасля яго смерцi (1889 г.) майстэрняй кiравала яго ўдава Анэля з Малеўскiх Хруль. Некаторыя надмагіллi паходзяць з майстэрнi Воўка-Карачэўскага ў Паддубне.

Найлепшы помнiк па меркаванні Шымялевіча пабудавала мацi сыну з надпiсам: «Станiславу Хагмаеру 23 красавiка 1906 г. - 18 верасня 1930 г. любімаму адзiнаму, памяць ад мацi» .

Таксама лідскаму гісторыку спадабаўся ладны камень прывезены на магiлу памерлага лiдзянiна, старога кавалера, якi пакiнуў добрыя спадкi сваiм далёкiм крэўным. На камені быў выкананы бронзавы барэльеф з партрэтам нябожчыка i надпiс: « Аляксандр Ёдка, памёр у Варшаве 17.XII.1933 г. у 75 гадоў. Прайшоў праз жыццё, робячы дабро. Удзячная радня» . Арыгiнальна выглядалі «магiлы Граблiсаў»: цэлы мураваны дом з дзвярыма i вокнамi.

Яшчэ Шымялевіч пісаў: «Гусцей могiлкi запоўнены зраўнаванымi з зямлёй магiламi дробных сельскiх гаспадароў i земляробаў: Ёдкаў, Болтуцяў, Таўгiнаў, Хрулёў, Астравухаў, Падгайных, Бунькоў, Капачэляў, Стрыбуцёў, Клышэйкаў, Ходзькаў, Хутных, Ракаў, Буракоў, Трацякоў, Касякоў, Семакоў, Шостакаў, Латушкаў, Саладухаў, Кiсялёў, Сегеняў, Брэйваў, Чарнякоў, Майсакоў, Пуйдакоў, Чарнавусаў, Белавусаў i г. д. i г. д.» [103].

Актыўна хавалі тут лідзян і ў 1920-30-х гг. Шымялевіч пісаў пра магілу Уладзiмiра Бiюя, падкамiсара палiцыi на пенсii (1928 г.) і пра грамаду палiцэйскiх каля яго:

Ян Вiльканец , паставы, 33 года, «загiнуў ад рук бандытаў 21 траўня 1922 г.», Юлiян Каўняровiч , «загiнуў смерцю храбрых 23 кастрычнiка 1922 г.», Юзаф Алесь , «трагiчна загiнуў» (†1935 г.).

Недалёка ляжалі настаўнiкi, якiх забрала да вечнага спачынку «белая панi» сухота: зяць Міхала Шымялевіча - Юзаф Вось (†1929 г.), Ганна Фiлiпкоўская (†1930 г.), Ядвiга Шкоп (†1931 г.), Францiшак Краўчык (†1935 г.), Станiслаў Фэглер , прафесар дзяржаўнай гiмназii ў Лiдзе (†1930 г.).

Недалёка ад іх знаходзілася надмагілле Ядзi Шыманскай , няшчаснай ахвяры нёманскага пляжа, у 1937 г. гэтае надмагілле было «ўсё ў кветках» [104]. Пра здарэнне з Ядзяй Шыманскай пісала прэса таго часу: « 4 лiпеня 1937 г. падчас Свята Мора, якое праходзіла на рацэ Нёман, у рацэ патанула вучанiца 3-га класа Купецкай гiмназii пiяраў Ядвiга Шыманская, якая таксама прыехала святкаваць. Дзяўчынка разам з выпускнiком Купецкай гiмназii каталася на лодцы па Нёмане, i лодка перакулiлася. Цела дзяўчынкi было знойдзена праз некалькi дзён за тры кiламетры нiжэй Сяльца» [105].


У 1937 г. могілкі былі павялічаны да сучасных памераў - 4,1 га.

Сякая-такая інфармацыя пра лідскія могілкі з'яўлялася ў прэсе.

Самазабойцы часта выбіралі сабе для апошніх рахункаў з жыццём лідскія каталіцкія парафіяльныя могілкі. Так, у сакавіку 1929 г. на могілках у беспрытомным стане была знойдзена Яўгенія Скеміш. Выпадковыя людзі цудам уратавалі дзяўчыну і адвезлі ў шпіталь [106].

Пры канцы жніўня 1931 г. у горадзе бура паабрывала драты электрычнасці і сувязі, з-за чаго на лідскай тэлефоннай станцыі ледзь не адбыўся пажар. Таксама моцны дождж дзе-нідзе размыў дарогі і падмыў гарадскія могілкі, што прывяло да таго, што папрасядалі новыя магілы [107].

У ноч з 14 на 15 і з 15 на 16 студзеня 1932 г. адбыліся акты вандалізму на гарадскіх могілках, былі разбіты 16 слупкоў агароджы чатырох магіл (магілы Грабліса, Роўбы і інш.) і скрадзены жалезны дрот агароджы агульнай даўжынёй каля 40 м [108].

Пры канцы лета 1937 г. падчас земляных работ на вуліцы Чырвонай і Сувальскай знайшлі два збуцвелыя чалавечыя шкілеты, парэшткі перахаваны на парафіяльных могілках [109].

За некалькі дзесяткаў метраў на поўдзень ад могілак пры вуліцы Гражыны (цяпер праспект Пераможцаў) у 1920-я знаходзілася неасвечанае месца, дзе хавалі самазабойцаў і асуджаных Лідскім ваенна-палявым судом да расстрэлу. Смертнікаў вялі пад канвоем праз увесь горад і расстрэльвалі ў пясчаным кар'еры каля могілак, потым хавалі на неасвечанай пляцоўцы. Трохі пазней асуджаных пачалі караць смерцю на тэрыторыі турмы [110]. Гэта месца на поўдзень ад могілак Я. Ярмант апісала гэтак: « Там, дзе заканчвалася сцяна могілак размяшчалася нейкая адкрытая прастора з ямамі. А адразу ж за ямамі адкрываўся дзіўны і адначасова страшны пейзаж. Там цягнуўся шэраг нейкіх будак-вырадкаў. Збітыя з рознага матэрыялу прычым вельмі неахайна, яны здаваліся толькі надбудовай над часткай памяшкання, якое знаходзіцца пад зямлёй. На мяне яны рабілі жахлівае ўражанне. Дзіўна, што пра іх ніколі не казалі і ніяк не каментавалі іхняе існаванне. Яны проста стаялі і ўспрымаліся як нешта, што само сабой разумеецца. Аднойчы сястра сказала, што ў адной з гэтых будак жыве яе школьная сяброўка» [111].

Пры гэтыя старыя могілкі хадзілі дзіўныя апавяданні пра ваўкалакаў і прывідаў. Уладзіслаў Нарушэвіч запісаў адзін з гэткіх аповядаў:

«У ноч, калі была поўня, з адной з магіл, у якой спачываў серыйны забойца, у поўнач уставаў прывід і наведваўся ў дом, які знаходзіўся каля могілак і дзе жыла сям'я адной з яго ахвяраў. Сістэматычнае наведванне прывіду навяло жах на жыхароў дома, і яны паведамілі пра гэта пробашчу, які паслаў на могілкі свайго вікарыя. Вікарый прачытаў малітвы і акрапіў магілу забойцы святой вадой. Адна гэта не дало ніякага эфекту, калі надыходзіла поўня, прывід і надалей наведваў гэты дом. Жыхары дома былі ўжо на мяжы псіхічнага захворвання. Невядома, як доўга яшчэ доўжыліся б гэтыя наведванні, але знайшоўся нехта, хто перамог прывіда. Гэта быў стары жабрак. Выслухаўшы гісторыю жыхароў дома, ён вычасаў кол з асіны, у бліжэйшую ноч прыйшоў на магілу і ўбіў кол у магілу гэтак, каб ён працяў труну забойцы. Выплыўшы на хвіліну з хмар месяц асвятліў гэтую сцэну: каля ўбітага ў зямлю кала, выступіла кроў. Пасля гэтага прывід больш не прыходзіў да людзей».

Таксам Нарушэвіч пісаў пра аповяды пра сустрэчы з белымі зданямі ўначы на могілках, і як быццам гімназічны настаўнік фізікі растлумачыў што белыя здані гэта ў бязветраныя ночы з старых магіл выходзіў фосфар і ствараў слуп, які свяціўся і перамяшчаўся разам з рухам паветра [112].

Да 17 гадоў я жыў за 200-300 метраў ад гэтых старых гарадскіх могілках і ў сярэдзіне 1970-х гг., у зусім іншую эпоху, чуў тыя ж аповяды пра белыя здані - слупы фосфару, які выходзіў з старых магіл і па начах пужаў мінакоў. Гарадскія легенды - вельмі ўстойлівая рэч.

* * *

Апошні раз раз агульнымі намаганнямі на могілках быў наведзены парадак пры канцы 1940-х гг. Па ініцыятыве каталіцкіх святароў былі высечаны зараснікі, скошана высокая трава, зрэзаныя ніжнія галінкі дрэў, прыведзены ў добры стан магілы. Людзі пачалі саджаць на іх кветкі. Наступны раз за могілкі ўзяліся толькі пры канцы XX ст.

Парафіяне запомнілі выпадак, які адбыўся падчас работ на могілках: «... Пры канцы 1940-х гадоў, … у Фарным касцёле горада, каля замка, з'явіўся новы ксёндз.

Аказваецца, адна з грамадзянак горада, нейкая пані Пуйдакова, прыгледзеўшыся да ксендза, пазнала ў ім лётчыка, з якім яна сустракалася да вайны і з якім у яе ў тыя часы быў невялікі раман.

Новы ксёндз катэгарычна адмаўляў, што меў што-небудзь агульнага з асобай лётчыка. Але жанчына яму не верыла. Яна глядзела на ксендза падчас набажэнства, падпільноўвала яго падчас пахавання на могілках, вылівала на няшчаснага бутэльку парфуму.

У рэшце-рэшт, ксёндз страціў цярпенне. Аднойчы, калі пані Пуйдакова дайшла да сексуальных правакацый і, задраўшы на могілках спадніцу, паказала ксяндзу ... свае ножкі, ён узяўся за розгу і выкрасаў узбуджанай і звар'яцелай ад кахання парафіянцы зад» [113].

Вайсковая частка могілак

З 1919-га г. гадоў на заходняй частцы старых могілак з'яўляецца асобны вайсковы квартал.

Пачалася Першая сусветная вайна, і ў 1915 г. тут з'явіліся новым пахаванні - шэраг салiдных драўляных крыжоў з надпiсамi, выкананымi гатычнымi лiтарамi:

Вайсковая частка могілак.

«Бранiслаў Плюцiцкi , санiт. Беластоцкі ваенны шпіталь (Bialystoker Kriegs Hospital)».

«Юзаф Зяневiч , 400 Менскi полк».

«Баляслаў Скажынскi» [114].

Міхал Шымялевіч пісаў:

«Першыя ахвяры польска-бальшавiцкай вайны 1919 г.: каля дзеда Яна Шкопа (1909 г.) магiла з надпiсам: "С. п. Вiктар Шкоп, валанцёр В. П. загiнуў за Бацькаўшчыну ў барацьбе з бальшавiкамi каля Лебяды 16 студзеня 1919 г., меў 19 гадоў» .

Далей - красавiк 1919 г.[115], бой за Лiду, узяцце Лiды, адыход i зноў узяцце 28 верасня 1920 г.

«Генрык Жылiнск i, паручнiк 1-га Сувальскага палка, загiнуў у баях пад Лiдай 16 красавiка 1919 г.»

Паручнiк Юзаф Гундэрман ; паручнiк Севярын Шыманюк ; паручнiк Фелiкс Асецкi ; паручнiк Юзаф Клямпiнскi ; паручнiк М. Шчалкоўскi ; паручнiк Фелiцыян Радкевiч ; вахмiстр Залескі Адам. Францiшак Марчык ; сярж. Ян Уцёрка ; шар. Станiслаў Кураш ; шар. Мечыслаў Мiнтле ; ст. шар. Станiслаў Парыж ; кан. Ян Ваўковек ; ст. шар. Ян Матэрак ; ст. шар. Антон Далята ; кан. Юзаф Паўляк ; шар. Ян Пятрашак ; шар. Стэфан Мiкалайчык ; шар. Юзаф Баравiцкi ; шар. Уладзіслаў Алтар ; шар. Вiктар Сэдляк ; кан. Павел Рухлiк ; кан. Ян Ваўрыняк ; кан. Уладзiслаў Орпель .

Каля той жа агароджы - супольная магiла ўсiх тых, якiя загiнулi ў ваколiцах Лiды ў 1919-1920 гг. i парэшткi якiх былi сабраныя тут у 1924 г. Супольная магiла з'яднала тут i тых, якiх летам 1920 г. у далiне пры збегу тракту i шашы Лiда - Гародня расстраляў асобны аддзел ЧК пры штабе армii Тухачэўскага ў Лiдзе. Надпiс на гэтай магiле:

«40[116] невядомых закладнiкаў з Беластока, Гародні i Ваўкавыска, забiтых бальшавiкамi ў жнiўнi - вераснi 1920 г.».

«Мой Божа! Цi ж гэты малады, але хцiвы да ўлады i славы, iнтэлiгентны афiцэр Тухачэўскi, якога я бачыў на вулiцах Лiды ў аўтамабiлi, пакрытым чырвонай палярынай з залатымi махрамi, калi зацвярджаў выракi асобага аддзела, думаў пра тое, што калiсьцi i сам ён будзе расстраляны ў патылiцу з браўнiнга? Забiты так, як i няшчасных ахвяр забiвалi па яго камандзе.

Чарнецкі Францішак.

Бо якiм судом вы будзеце судзiць, такiм i вас асудзяць, ды якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераць. Мацвей VII, 2» [117].

Пакуль удалося расшукаць толькі прозвішчы двух з 40 расстраляных Тухачэўскім закладнікаў - гэта жонка і дачка А. А. Азнабішына [118].


З 1920-х гг. тут пачынаюць хаваць лётчыкаў 11-га знішчальнага і 5-га лётнага палкоў, і квартал пачаў ператварацца ў лётны. Потым быў пабудаваны 8-мятровы помнік, пастаўлены металічны плоцік.

Некалькі біяграфій загінуўшых пілотаў, пахаваных ў вайсковым квартале:

Залескі Адам (2.08.1886-12.07.1926), нарадзіўся ў Варшаве. Закончыў Маскоўскі кадэцкі корпус (1904), Канстанцінаўскую школу артылерыі ў Пецярбургу, тэарэтычныя авіяцыйныя курсы пры Пецярбургскім політэхнічным інстытуце (1913). Школу пілатажу прайшоў у Севастопалі. У гады І-й Сусветнай вайны камандаваў расійскай авіяцыйнай эскадрылляй, а затым дывізіёнам. 15 жніўня 1919 г. у званні палкоўніка ўступіў у польскія Вайскова-паветраныя сілы. Атрымаў пасаду камандуючага палявой авіяцыяй. У ліпені 1920 г. камандуючы авіяцыяй абароны Варшавы. Пасля вайны - камендант Макатоўскага аэрапорта, з сакавіка 1922 г. - намеснік камандзіра 2-га авіяцыйнага палка ў Кракаве. 26 лістапада 1925 г. пераведзены на пасаду намесніка камандзіра 11-га знішчальнага палка у Лідзе. Пахаваны ў Лідзе [119].

14 ліпеня 1926 г. Кур'ер Віленскі паведаміў: «… палкоўнік Адам Залескі, намеснік камандзіра 11 лётнага палка знішчальнікаў упаў учора з самалётам каля Ліды і забіўся. Загінуўшы меў 12 гадоў лётнага стажу» [120].

Чарнецкі Францішак (загінуў 10.06.27). Сяржант-пілот рэзерву, належаў да 11-га лётнага палка знішчальнікаў. Загінуў падчас палёту. Пахаваны ў Лідзе[121].

Стэнцал Павел Генрык (16.10.1899-21.01.1928), нарадзіўся ў Юзафове. У 1917 г. быў мабілізаваны ў нямецкае войска. У 1918 г. трапіў у французскі палон. У лютым 1919 г. уступіў у армію генерала Галера. Закончыў школу падафіцэраў. Вярнуўшыся на радзіму служыў у 8-ай пяхотнай дывізіі (1919-20), пасля чаго ў парку ўзбраення 3-й арміі. Да чэрвеня 1922 г. у шэрагах войск Сярэдняй Літвы. Вучыўся ў лётных школах у Стэнцал Павел Генрык. Быдгашчы і Грудзёнску. Пасля атрымання дыплома пілота ў верасні 1923 г. накіраваны ў 3-ці авіяцыйны полк. Служыў у званні старшага сяржанта-пілота ў 11 палку знішчальнікаў у Лідзе. Загінуў пад час палёту 21 студзеня 1928 г. Пахаваны на парафіяльных могілках у Лідзе [122].

Ціхоцкі Аляксандр (27.01.1900-1.05.1928), нарадзіўся ў Цеханаве ў сям'і Яна і Зоф'і з Сяцінскіх. Скончыў Кадэцкі корпус (1917). Уступіў у белую армію генерала Карнілава, затым Урангеля. Служыў у званні падкапітана. У баях з бальшавікамі быў тры разы паранены. Вярнуўся ў Польшчу, у 1921 г. у званні шарагоўца ўступіў ў польскае войска. Скончыў Вялікапольскую школу падхарунжых пяхоты Служыў у 86-ым палку пяхоты ў званні падпаручніка і паручніка. Закончыў школу пілотаў у Быдгашчы (1924). У званні паручніка накіраваны ў 11-ты полк знішчальнікаў у Лідзе. Лічыўся адным з лепшых вайсковых лётчыкаў. У 1926 г. разам з палкоўнікам Райскім прымаў удзел у пералёце па балтыйскіх краінах. У 1927 г., прымаў удзел у міжнародных спаборніцтвах ў Цурыху, разам з палкоўнікам Касоўскім і капітанам Арліньскім, заняў ІІ-е месца. Пахаваны на парафіяльных могілках у Лідзе [123].

1 траўня 1928 г. каля 19-00 недалёка ад Дакудава разбіўся самалёт 11-га палка знішчальнікаў «Spad-61». На вышыні 2 000 метраў самалёт увайшоў у «штопар», і лётчык, ратуючы сваё жыццё, скокнуў з парашутам. Але купал парашута раскрыўся толькі каля самай зямлі, і пілот-паручнік Ціхоцкі загінуў. Ціхоцкі лічыўся адным з лепшых лётчыкаў у польскай авіяцыі - незадоўга да гібелі ён заняў другое месца на міжнародных авіяцыйных спаборніцтвах у Швейцарыі [124]. Карэспандэнт газеты «Слова», які прымаў удзел у пахаванні Ціхоцкага, паэтычна апісаў старыя Лідскія могілкі: «Лідскія могілкі - гэта тыповы прыгожы лясок каля горада. Вялікія сосны, пахне вясной ... Дзе-нідзе бачны пачцівыя каменныя помнікі працы мясцовага майстра. Нашто чытаць надпісы? Гэты помнік ёсць сам люстэркам шляхетнага мясцовага жыцця яго ўласніка. З пэўнай павагай яго атачаюць большыя ці меншыя драўляныя крыжы, якія тонуць у зараслях буйнага спірэю (язвіну) ... . Пры самым канцы могілак знаходзяцца магілы ваенных і невядомых: "Магіла 40 невядомых закладнікаў ...", цяжка прачытаць працяг, бо гэты помнік засланілі новыя крыжы» [125].

З сярэдзіны дзевяностых гадоў розныя польскія арганізацыі з Польшчы і Беларусі ўзялі пад апеку могілкі і, адпаведна, вайсковы квартал.

Былі адрэстаўраваны крыжы, у тым ліку і помнікі лётчыкаў у межах квартала. З іншых магілаў знойдзена толькі адна - М. Алендра (5 полк).

Восенню 2001 года адноўлены абеліск, які завершаны прыгожай скульптурай, дакладнай копіяй перадваеннай.

* * *

Старыя лідскія могілкі былі закрыты ў 1963 г., а 16.06.1983 г. прынята рашэнне пра іх ліквідацыю. Адразу ў мясцовай газеце «Уперад» з'явіліся заклікі да жыхароў горада перанесці парэшткі родных на іншыя могілкі, што многія і зрабілі, у тым ліку мой цесць перазахаваў свайго бацьку.

Ціхоцкі Аляксандр.

У 1980-я гг. спецыяльна прывезеная група камсамольцаў з Наваградка знішчыла ўсе крыжы, зруйнавала магілы [126].

У адным з першых артыкулаў 1990-х гг. у «Чырвоным Штандары» пра могілкі пісалася:

«Пералазім цераз ржавую агароджу могілак, паварочваем управа. Перад намі высокая стэла - помнік палеглым у Лідзе ... польскім лётчыкам. Помнік пазялянелы, з адбітымі краямі. Новым толькі надпіс "Пашана іх памяці!".

На версе бачна частка крылаў каменнага арла. Калегі кажуць, што яшчэ некалькі гадоў таму ён быў цэлы. Спрабую наблізіцца, каб лепей пабачыць. Раптам на нешта натыкаюся.

- Гэта магілы. Агульныя магілы жаўнераў - кажуць мне калегі. Паглядзіце вакол кустоў ... Я гляджу вакол. Бачу нізкія шэрыя помнічкі з крыжамі. Некаторыя з іх нават стаяць, на некаторых цалкам бачныя надпісы.

- Што з гэтым будзе далей? - пытаюся.

- Не вядома. Хаця, наогул, вядома: гарадскія ўлады хочуць з могілак зрабіць парк [127].

- Парк на магілах? ... З гэтым пытаннем іду потым да ўладаў.

- Што вас дзівіць - маладая сімпатычная дзяўчына, Ларыса Г., першы сакратар гарадскога камітэта камсамолу ў Лідзе высока уздымае бровы.

- І Вільня і Варшава так сама пабудаваны на людскіх касцях! - кажа як быццам з лёгкай інтэлектуальнай перавагай у голасе. - Мала маем месца, чаму мы павінны адмовіцца ад лішняга кавалка зямлі. Ва ўсякім выпадку, гістарычныя помнікі плануем перанесці на іншыя могілкі. Хто будзе вызначаць іх каштоўнасць? Я думаю, што пра гэта павінен клапаціцца нядаўна створаны клуб Аматараў польскай культуры. Проста атрымаць адпаведныя каштоўныя паперы (...)» [128].

Пад час візіту журналіста «Чырвонага Штандара» з Вільні Леакадзіі Камаішкі да галоўнага архітэктара працягваецца тое ж: «Прамоўца пачынае пераконваць нас, што пасля ўсяго таго, што адбылося, могілкі ў такім стане не могуць застацца, таму што гэтыя руіны кажуць толькі пра тое, як мы не павінны захоўваць памяць аб загінуўшых. Пра аднаўленне магілаў не можа быць і гаворкі. Яны занадта пашкоджаны, і нават грошай на гэты не хапае. Таму ён лічыць, што яго праект у дадзеным выпадку сапраўды выратавальны - капліца перарабляецца ў магазін, дзе можна купіць вянкі, кветкі і г.д. гістарычна каштоўныя магілы ўпарадкоўваюцца (...)» [129].

У 1991-92 г. была праведзена інвентарызацыя гэтых могілак Таварыствам сяброў Гародні і Вільні з Польшчы. Могілкі былі вельмі занядбаныя і закінутыя, «Да чаго прычыніліся планы мясцовых уладаў зрабіць тут гарадскі парк. Гэта прывяло да масавых перазахаванняў на іншыя могілкі і да шматлікіх актаў вандалізму» .

Вынікі інвентарызацыі старых лідскіх могілак: « Згодна са станам на 1992 г. захавалася каля 80% мураванай агароджы выкананай у 1903 г. Самыя старыя з захаваўшыхся надмагілляў паходзяць з 20 і 30-х гадоў XIX ст. Апошнія пахаванні зроблены каля 1960 г. Сярод 2 700 захаваўшыхся надмагілляў і месцаў пахавання да 1945 г. надмагілляў з надпісамі каля 20%, без надпісаў каля 17%, земляных магіл 30%. Большасць надмагілляў носіць сляды вандалізму. На капліцы часткова захаваўся дах, але няма дзвярэй, што прывяло да таго, што яна выкарыстоўвалася як туалет. На вайсковай частцы меліся каля 60 надмагілляў (разам з агульнымі магіламі). У сярэдняй частцы маецца помнік польскім лётчыкам.

У 1991 г. таксама праводзілі інвентарызацыю праваслаўных могілак. Найстарэшае надмагілле - 1858 г., апошнія пахаванні 1977 г. Захавалася 417 надмагілляў (да 1920 г. - 142, 1921-45 - 145, пасля 1945 - 130). Могілкі таксама цярпелі ад вандалаў, але царква працавала ўвесь час, што іх стрымлівала» [130].

Летам і восенню 2001 г. вернікі пад кіраўніцтвам пробашча лідскай фары кс. Юзафа Багдзевіча, пастараліся навесці парадак на старых могілках. Рэканструкцыя помніка лётчыкам, а потым рэканструкцыя капліцы Св. Барбары і яе асвячэнне - значны этап ў барацьбе за гэты кавалак зямлі.

Для навядзення парадку на гэтых старых могілках лідзяне пачалі самаарганізоўвацца. Неабходна адзначыць вялізарную ролю ў гэтым «Таварыства польскай культуры Лідчыны» якое шмат гадоў узначальвае выбітны грамадскі дзеяч Аляксандр Колышка. Выратаванне могілак пасля панавання тут вандалаў - у значнай ступені справа Таварыства.

Зараз могілкі знаходзяцца пад наглядам Лідскай ЖКГ. Існуе вялікая цікаўнасць да іх з боку турыстаў і лідзян, і трэба думаць пра тое, як далей уладкоўваць гэты значны помнік.

* * *

Міхал Шымялевіч закончыў свой артыкул пра могілкі словамі, якія і я хачу працытаваць пры канцы свайго артыкула: «Не меней як дзесяць тысяч парэшткаў лiдзян ляжыць тут, на 4 гектарах, i ў ценi сасновага бору не памятаюць нi пра свае няшчасцi, нi пра свае радасцi. З праху паўсталi i ў прах вярнулiся» [131].

Дататкі

Исполнительный комитет Лидского городского совета депутатов трудящихся

Решение № 412

От 16 декабря 1960 г.

О закрытии существующих кладбищ и об открытии нового кладбища

В связи с невозможностью дальнейшего захоронения на существующих кладбищах по ул. Советской и ул. Энгельса из-за отсутствия мест для захоронения и готовностью нового кладбища по ул. Варшавской, исполком Лидского городского Совета депутатов трудящихся решает:

1. Закрыть существующие кладбища по ул. Советской и улице им. Энгельса с запрещением на них захоронений с 1 января 1961 г.

2. Разрешить захоронения на новом кладбище по ул. Варшавской с 1 января 1961 г.

3. Коммунальному отделу обеспечить порядок захоронения на новом кладбище согласно законоположения.

4. Контроль за выполнением настоящего решения возложить на коммунальный отдел.

Председатель исполкома

Лид. Гор. Сов. Депут. Труд. - И. Ушацкий.

Секретарь исполкома

Лид. Гор. Сов. Деп. Труд. - В. Утлик."


Исполнительный комитет Лидского городского Совета народных депутатов

Р Е Ш Е Н И Е

От 16.06.83 г. № 215 г. Лида

О ликвидации городских

кладбищ по ул. Советской

и ул. Энгельса

Кладбища по ул. Советской и ул. Энгельса решениями исполкома закрыты в 1960 и в 1965 годах. Последние захоронения на кладбищах производились более 20 лет тому назад. В связи с тем, что родственниками умерших не поддерживается санитарный порядок на данных кладбищах и на основании правил закрытия и ликвидации кладбищ и заключения санитарно-эпидемиологической службы, исполнительный комител Лидского городского Совета народных депутатов

РЕШИЛ:

1. Кладбище по ул. Советской ликвидировать частично. Кладбище по ул. Энгельса ликвидировать полностью.

2. Службе гражданского обслуживання Лидского городского производственного объединения жылищно-коммунального хозяйства ликвидацию кладбищ по ул. Советской и ул. Энгельса произвести согласно правил закрытия и ликвидации кладбищ. До 1 июля 1983 г. дать объявление в газету "Уперад" о ликвидации данных кладбищ.

Председатель исполкома - В. Азаренко.

Секретарь исполкома Р. Донесенко.



[1] Свод Законов Российской Империи. 1842 г. Т. XIII. С. 90.

[2] Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S. 107-109.

[3] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[4] Pyzel K. Kościoł parafialny p.w. Podwyższenia krzyża św. w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2., cz. III. S. 103.

[5] Szymielewicz Michal. W cmentarnej ciszy // Zemia Lidzka. 1937. № 11. S. 117.

[6] Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Лида, 1995. С. 38.

[7] НГАБ. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 35 адв.

[8] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. ... Арк. 86-86 адв.

[9] НГАБ. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244.. 35 адв.

[10] ДГАЛ. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. ... Арк. 85 аб.

[11] Slowo № 268 (4832) 28 wrzesnia 1937.

[12] Kurczewski Jan. Biskupstwo Wilenskie. Wilno, 1912. S. 208.

[13] Баравы Р. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 197; Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 2: Беларусь у перыяд Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 2008. С. 233

[14] Kurczewskie Jan. Stan kosciolow parafialnych w djecezji wilenskiej po najaciu nieprzyjacielskiem 1655-1661 r. // Litwa i Rus. Luty, 1912. T.1. Zeszut II. S. 122.

[15] Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 86; Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S.107-109.

[16] Прэзбітэрый ці прэзбітэрыюм - («месца для выбраных», ад старагрэчаскага «сход святароў») частка каталіцкага храма між асноўным аб'ёмам і алтарнай апсідай, прызначаная для царкоўнага кліра.

[17] Інвентарны вопіс Лідскага рымска-каталіцкага касцёла і бенефіцыі // Лідскі летапісец № 2(18)-2002. С. 9.

[18] Pyzel K. Kosciol parafialny p.w. Podwyzszenia krzyza Sw. w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 103.

[19] Стая (staja, staje) - мера даўжыні, найчасцей каля 200 м.

[20] Бабінец - пярэдняя частка культавага збудавання, прызначаная для жанчын, з'яўляўся часткаю асноўнага аб'ёму пад хорамі. Часам бабінцам называлі прыбудову да храма з боку галоўнага фасада.

[21] Opis i inwentarz kosciola farnego w Lidze z r. 1777 // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 126.

[22] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок. // Виленский календарь. Вильно. 1906, С. 51.

[23] Ян Сегень. Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя // Лідскі летапісец, № 12-2001. С. 17.

[24] Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 172-173.

[25] НИАБ Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 19. (Актовая книга Лидского гродского суда 1803-1802 гг.) С. 765-766.

[26] Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 173.

[27] Życie Nowogródzkie №282(639) 15 października 1929.

[28] Słowo № 247(4811) 7 września 1937.

[29] Kurjer Wilenski № 269(4230) 30 września 1937.

[30] "While laying communication cables in the city of Lida, workers discovered what was later determined to be a Jewish grave dating back to 1872....A Jewish cemetery was once located in the center of Lida, but in the [1950s] it was destroyed by the Soviet government to make room for housing. Today, gravestones and human remains are frequently uncovered during construction projects. Several years ago, two headstones dating from the year 1605 were discovered, and were subsequently added to an existing Holocaust memorial. Rabbi Yitzchak Kofman of nearby Grodno together with members of Jewish community reburied the recently discovered remains ... The original gravestone, which was discovered on Saturday, will remain where it was found to serve as a memorial to the Jewish cemetery that once existed there." [March 2009] Гл: http://www.iajgsjewishcemeteryproject.org/belarus/lida.html

[31] Rubinovitch I. Liquidation of the Jewish cemetery // Sefer Lida. Tel Aviv, 1970. P. 384.

[32] http://pawet.net/memoirs/1960/Воспоминия_Кончевской_Л.Г..html

[33] Aleksander Śnieżko. Lidzki cmentarz wojenny // Ziemia Lidzka №8-1936.

[34] Kuwalek Robert. Nieistniejancy Nieistniejący cmentarz wojskowy w Lidzie. // Ziemia Lidzka. №15-1994.

[35] Slowo № 37 (751), 14 lutego 1925.

[36] Słowo № 119 (536) 27-go maja 1924.

[37] Хацяновіч Наталя. З гісторыі лідскіх могілак // Лідскі летапісец №3(31)-2005. С. 41-42.

[38] Kuwalek Robert. Nieistniejancy Nieistniejący cmentarz wojskowy w Lidzie. // Ziemia Lidzka. №15-1994.

[39] З архіва аўтара.

[40] Литовские Епархиальные Ведомости № 43-1887. С. 370.

[41] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11.

[42] Новае Жыццё №2, 10 сакавіка 1923.

[43] http://www.eparhia.by/statja/v-pamjat-kreshchenija-rusi-lidskii-pravoslavnyi-nekropol.html

[44] Гл: Лаўрэш Леанід. Лідскія цэрквы да 1939 г. // Лідскі Летапісец №4(68)-2014. С. 63-79.

[45] Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2., cz. III. S. 129.

[46] Kuryer Wilenski № 101, 6 (19) maja 1911

[47] Słowo №139(3277) 23 maja 1933.

[48] Władysław Abramowicz. Słobódka - przedmieście Lidy // Ziemia Lidzka № 6(53) - 2002.

[49] Szymielewicz Michał. Nasze drzewa. Sosna // Ziemia Lidzka № 1-1938.

[50] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 117-120.

[51] Шымялевіч Міхал. У цiшы могiлак…// АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Укладальнікі: Леанiд Лаўрэш, Аляксандр Фядута. Мінск, 2015. С. 146-152.; Шымялевіч Міхал. З таго свету // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Укладальнікі: Леанiд Лаўрэш, Аляксандр Фядута. Мінск, 2015. С. 152-155.

[52] Szymielewicz Michał. Nasze drzewa. Sosna // Ziemia Lidzka № 1-1938. S.7.

[53] Szymielewicz Michał. Z tamtego świata // Ziemia Lidzka №11-1937. S. 125-127.

[54] Суднік Станіслаў. Лідская памяць пра генерала Стэфана Макрэцкага // Лідскі летапісец №2(58)-2012. С. 6.

[55] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 118.

[56] Korzeniowska Anna, Mączewska Katarzyna. Kaplica cmentarna p.w. Św. Barbary w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 176.

[57] Malewski Czeslaw. Rody szlacheckie na Litwe w XIX wieku. Powiat lidzkim. Wilno, 2005. S. 92.

[58] Памятная Виленской губернии на 1853 г. Вильна, 1853. С. 59.

[59] Адрес-календарь Виленского генерал-губернаторства на 1868 год. С.-Петербург, 1868. С. 90.

[60] Любарскі Іван Васільевіч (1832-1901), закончыў медыцынскі факультэт Харкаўскага універсітэта, ваенны лекар, гісторык, журналіст.

[61] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 818.

[62] Там жа. С. 827-828.

[63] Тамара Байрашаускайте. Институт предводителей дворянства в западных губерниях Российской империи во второй половине XIX в. - начале XX в. (Виленская и Ковенская губернии) // Беларускі гістарычны зборнік №41-2014. С. 71.

[64] Надворны дарадца - цывільны чын VII класа ў "Табелі аб рангах" у Расіі. Адпавядаў чынам падпалкоўніка ў арміі ці капітана II рангу флота. Афіцыйны зварот: "Ваша высокаблагароддзе".

[65] Памятная Виленской губернии на 1887 г. Вильна, 1886. С. 225.

[66] Содаль Уладзімір. Францішак Багушэвіч на Лідчыне // Лідскі летапісец № 3(31)-2005. С. 10.

[67] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 41.

[68] Памятная книжка Виленской губернии на 1850 г. Вильно, 1850. С. 82.

[69] Narbutt M. Lida i Lidziane // Ziemia Lidzka. № 26-27-1997.

[70] Malewski Czeslaw. Rody szlacheckie na Litwe w XIX wieku. Powiat lidzkim. Wilno, 2005. S. 75.

[71] Сегень Януш. Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя // Лідскі летапісец" №20. С. 26.

[72] Любарский И.В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. 1895. Т. 59, № 3. С. 819-820.

[73] Баляслаў Вікенцевіч Колышка (7.VIII.1837-9.VI.1863) нарадзіўся ў фальварку Карманішкі (паводле Чэслава Малеўскага - у ваколіцы Гуды) Лідскага павету. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага студэнцтва, прапагандаваў ідэі рэвалюцыйнага саюзу народаў у барацьбе з самадзяржаўем, у 1861 вёў агітацыю ў Лідзе, потым удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях студэнтаў з паліцыяй. Ратуючыся ад пакарання, выехаў за мяжу, наведваў ваенную школу эмігрантаў у Італіі. У сакавіку 1863 г. сфармаваў паўстанцкі аддзел у Ковенскім павеце, меў некалькі паспяховых сутычак з царскімі войскамі. Пасля разгрому паўстанцаў узяты ў палон і павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

[74] Паходзіў з небагатай шляхты.

[75] Любарский И.В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 820-821, 822.

[76] Межэцкі Мітрафан Парфіравіч, афіцэр, потым судовы следчы.

[77] Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах // Исторический вестник. 1898, Т. 73, № 9, с. 826.

[78] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 117.

[79] Korzeniowska Anna, Mączewska Katarzyna. Kaplica cmentarna p.w. Św. Barbary w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 176.

[80] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 117.

[81] Szymielewicz Michal. Ze starej książki // Ziemia Lidzka №12-1937. S.141.

[82] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 118.

[83] Памятная книжка Виленской губернии на 1845 год. Вильна, 1845. С. 105.

[84] ДГАЛ. Ф. 605. Воп. 5. Спр. 158. А. 151.

[85] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 117-118.

[86] Kurjer Wilenski №19(2560) 24 stycznia 1933.

[87] Kurier Nowogródzki №27(444) 28 stycznia 1933.

[88] Słowo №295(3101) 22 listopada 1932.

[89] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 118.

[90] Русский биографический словарь: В 25 т. А.А. Половцов. М., 1896-1918. Т. 7. С. 231.

[91] Bieliński Józef. Stan nauk lekarskich za czasów Akademii medyko-chirurgicznej wileńskiej. Warszawa, 1888. S. 344.

[92] Bieliński Józef. Cesarskie towarzystwo lekarskie wileńskie (1805-1864). Warszawa, 1890. S. 38.

[93] Grabowiecki Józef. Historya fistuły żołądkowej. Pam. lekar., II. 212.; Grabowiecki Józef. De fIuore albo. Dissertatio inaug. Vilnae, typ. Schol. Piart1111. 18 17. 8° 23. Гл.: Jozef Bielinski. Uniwersytet Wilenski. T. IІ. Krakow. 1899-1900. S.336, 348.; У 1824 г. Віленскім імператарскім лекарскім таварыстве прачытаў працу "Observationes de alltltracibus e:c usum carmwn animalium licnitide laborantum" Гл: Bieliński Józef. Cesarskie towarzystwo lekarskie wileńskie (1805-1864). Warszawa, 1890. S. 38.

[94] Bieliński Józef. Stan nauk lekarskich za czasów Akademii medyko-chirurgicznej wileńskiej. Warszawa, 1888. S. 344.

[95] Czesław Malewski. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majątków pow. Lidzkiego // Ziemia Lidzka. №2(60)-2004.

[96] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 118.

[97] «Павел Геранімавіч Прыбытка», Гл: Памятная Виленской губернии на 1845 г. Вильна, 1886.С. 104.

[98] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 118.

[99] Так у крыніцы. - Заўвага перакладчыка.

[100] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 118-119.

[101] Памятная книжка Виленской губернии на 1887 год. Вильна, 1886. С. 13.

[102] Яе муж, палiцэйскi спраўнiк з 1888 да 1900 г. Сцяпан Мацвеевiч Ляўданскi. За сваю службу атрымаў розныя адзнакi i быў узнагароджаны ордэнам Уладзiміра 3-й ст. - Памятная книжка Виленской губернии на 1903 г. Вильно, 1902. ч. 3. С. 58.

[103] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 119.

[104] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 120.

[105] Kurjer Wilenski. № 184 (4147). 7 lipca 1937.; Kurjer Wilenski. № 186 (4149). 9 lipca 1937.

[106] Słowo №62(1972) 15 marca 1929.

[107] Słowo №196(2704) 28 sierpnia 1931.

[108] Kurier Nowogródzki №18(104) 23 stycznia 1932.

[109] Kurjer Wilenski № 226(4189) 18 sierpnia 1937.

[110] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 105.

[111] Ярмонт Е. В тени замка Гедемина. Лида, 1995. С. 47.

[112] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 104-105.

[113] Мирковский Бруно. Под прямым углом. Донецк, 2002. С. 173.

[114] Там жа.

[115] Спіс загінуўшых у 1919 г. пахаваных на вайсковай частцы старых могілках: Aleksanderek Władysław, II pułk legionów, III kompania, legionista; Baran Stefan, II pułk legionów, (?) kompania, legionista; Basałaj Wiktor, strzelec, III komp., pułk suwalski; Białek Józef, II pułk legionów, II kompania, legionista; Biały Antoni, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Bieganowski, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Bonar, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Bublewski Jan , strzelec, III komp., pułk suwalski; Chomicz Feliks, strzelec, II komp., pułk suwalski; Cybula Józef, II pułk legionów, I kompania, legionista; Czuper Leon, pułk suwalski, II (?) kompania, strzelec; Ćwik Stanisław, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Dobrogowski Jerzy, ułan ,7 pułk ułanów, I szwadron; Duda Franciszek, strzelec, III komp., pułk suwalski; Dziuba Władysław, II pułk legionów, II kompania, legionista; Gołygowski Adam, II pułk legionów, III kompania, legionista; Goros Teofil, legionista, 4 pułk legionów, 9 kompania; Gurowski Józef, strzelec, III komp., pułk suwalski; Gzymanow Antoni, II pułk legionów, III kompania, legionista; Hanadunda Józef, strzelec, I komp., pułk suwalski; Kaleta, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Kędzira Stanisław, II pułk legionów, III kompania, legionista; Kiemiński Józef, pułk suwalski, porucznik; Kłosowski, 3 pułk legionów, IV kompania, kapral; Konopnicki Daniel, kapral, 4 pułk legionów, 10 kompania; Kopeć, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Kowalski Jan, legionista, 4 pułk legionów, 9 kompania; Kozłowski Stanisław, ułan, 7 pułk ułanów, III szwadron; Kruiczyk Jan, strzelec, III komp., pułk suwalski; Krulik, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Kruszewski Stanisław, ułan, 7 pułk ułanów, I szwadron; Kubiak Wawrzyniec, II pułk legionów, II kompania, legionista; Kutera Michał, legionista, 3 pułk legionów, II kompania; Lipczyński Stefan, 7 pułk ułanów, I szwadron, st. ułan; Maciukiewicz Józef, strzelec, II komp., pułk suwalski; Majewski Franciszek, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Michałowski Leon, strzelec, pułk suwalski; Mularczyk Władysław, II pułk legionów, IV kompania, legionista; Myszkiewicz Włodzimierz, 7 pułk ułanów, I szwadron, ułan; Nika Jan, II pułk legionów, III kompania, legionista;Nowak Stanisław, II pułk legionów, IV kompania, legionista; Nowicki Bronisław, strzelec, III komp., pułk suwalski; Orsiniak Jan, II pułk legionów, IV kompania, legionista; Osika Stanisław, st. żołnierz, 4 pułk legionów, 9 kompania; Ostrowski Jan, legionista, 4 pułk legionów 10 kompania; Pałysiewicz, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Paniecki Wacław, ułan, 7 pułk ułanów, II szwadron; Patura Piotr, II pułk legionów, III kompania, legionista; Patura, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Piechota Władysław, st. żołnierz, 4 pułk legionów, 10 kompania; Pikula Kassjan, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Piwowański Wincenty, II pułk legionów, II kompania, legionista; Przekop Jan, st. żoln., pułk suwalski; Przepiórka Stefan, II pułk legionów, II kompania, legionista; Pszeniczny Feliks, 4 pułk legionów, 9 kompania, plutonowy; Pycz Bronisław, strzelec, III komp., pułk suwalski; Rodkiewicz Felicjan, pułk suwalski, porucznik; Rodziewicz Bronisław, strzelec, III komp., pułk suwalski; Rozkał Antoni, 7 pułk ułanów, III szwadron, kaprał; Samala Józef, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Skarzyński Bolesław, 3 pułk ułanów, (?) szwadron, ułan; Suski Jan, strzelec, III komp., pułk suwalski; Sykul Władysław, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Szczęsny Izydor, strzelec, III komp., pułk suwalski; Szmigielski Bolesław, strzelec, III komp., pułk suwalski; Szmigielski Jan, strzelec, pułk suwalski; Sznajder Ferdynand, 3 pułk ułanów, (?) szwadron, ułan; Szymański Seweryn, plutonowy, pułk suwalski; Tomaszewski Zygmunt, strzelec, III komp., pułk suwalski; Trus Tomasz, ułan, 7 pułk ułanów, III szwadron; Tuliszewski Józef, strzelec, III komp., pułk suwalski; Ulik Leon, legionista, 3 pułk legionów, III kompania; Ulisz Serafin, strzelec, III komp., pułk suwalski; Waliński Józef, strzelec, III komp., pułk suwalski; Węgrzynowicz Jan, 3 pułk legionów, I kompania, legionista; Wiejgad Bronisław, pułk suwalski, I komp., st. żołnierz; Wykusz, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Wyrwicz Roman, 7 pułk ułanów, I szwadron, kaprał; Zalewski Stanisław, pułk suwalski, porucznik; Załuski Stanisław, 4-ty pułk ułanów, 3 szwadron, ułan; Ziołkowski Stanisław, legionista, 3 pułk legionów, IV kompania; Zychowicz Tomasz, legionista, 4 pułk legionów, 10 kompania; Zyliński Henryk, pułk suwalski, porucznik – Гл: Kołyszko A. Kwatera wojskowa parafialnego cmentarza katolickiego w Lidzie // Ziemia Lidzka № 29, styczeń 1998.

[116] Па іншай інфармацыі 47 закладнікаў. Магіла расстраляных закладнікаў з крыжам і памятнай табліцай знішчана, яна знаходзіцца перад помнікам лётчыкам, які існуе і зараз.

[117] Там жа.

[118] Азнабішын А.А. - грамадскі дзеяч, былы гродзенскі віцэ-губернатар. У пачатку 1919 года быў прызначаны сябрам беларускай дэлегацыі ў Парыжы.

[119] Ku czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. S. 345.

[120] Kurjer Wileński №159(601), 14 lipca 1926.

[121] Ku czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. S. 347.

[122] Ku czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. S. 349-350.

[123] Ku czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. S. 351.

[124] Słowo №101(1712) 3 maja 1928.

[125] Słowo №108(1719) 12 maja 1928.

[126] Савук Антось. Лідскі вайсковы аэрадром (1919 - 1939) // Лідскі летапісец №2(22) - 2003. С. 28-34.

[127] Па іншай версіі планавалася пабудаваць тут некалькі шматпавярховікаў.

[128] Kołyszko Aleksander. W walce o przetrwanie // Ziemia Lidzka № 4(47), grudzeń 2001.

[129] Там жа.

[130] Śladecki Dariusz. Nie chciane zabytki // Ziemia Lidzka № 18-19, styczeń-kwiecień 1996.

[131] Szymielewicz Michał. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 120.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX