Вярнуцца: Аднаўленне могілак XVIII ст.

Старое пахаванне. Як захаваць памяць продкаў Старое захоронение. Как сохранить память предков Stare miejsce pochówków. Jak zachować pamięć przodków


Аўтар: Нікіфарава Таццяна,
Дадана: 12-06-2019,
Крыніца: pawet.net.



Аблічча старых гарадскіх могільнікаў - тэма трапяткая для насельніцтва. Лёс старых могілак (размешчаных па праспекце Перамогі ў Лідзе) складаны. Іх захаванасць і тэрытарыяльную цэласнасць трагічна парушалі падзеі і людзі 20 стагоддзя. "Гістарычны горад" у горадзе, заснаваны ў 1797 годзе, з мноствам магіл людзей розных саслоўяў і канфесій.

(92KB) Наталля Хацяновіч (музей), Галіна Лаўрэш, Таццяна Нікіфарава (музей).

Сюды прывозілі хаваць не толькі гараджан, але і некаторых жыхароў Лідскага павета. Узрост могілак такі, што магіл, даўно не наведваных, вельмі шмат.

Тым не менш, яны - частка культурнай прасторы, якую неабходна вывучаць і правільна пра яе распавесці сучаснаму грамадству.

Наколькі аўтэнтычнасць гэтага гістарычнага некропаля можна зберагчы і захаваць? Ініцыятарамі такой задачы выступіла грамадскае аб'яднанне сяброў Лідчыны з г. Гданьска пры фінансавай падтрымцы праектаў аднаўлення помнікаў гісторыі і культуры Міністэрствам культуры Рэспублікі Польшча.

Гэтая ініцыятыва была падтрымана Лідскім раённым выканаўчым камітэтам, і праект ужо ў дзеянні. Супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея ў адзін з восеньскіх дзён наведалі гэтае "месца сну" ў суправаджэнні карэннай лідзянкі, прадстаўніцы адной з найстарых сем'яў горада Галіны Лаўрэш (з сям'і Хруль). Пачынаючы гутарку пра рэалізацыю дадзенага праекту, яна сказала:

- Гісторыя гэтага горада - гэта фактычна гісторыя і маёй сям'і з 1527 года.

Мы пазнаёміліся з цікавым падыходам, пакладзеным у аснову канцэпцыі аднаўлення, распрацаванай прафесарам архітэктуры і спецыялістам па паркавым дызайне Катажынай Размарыноўскай. Гэта так званая рамантычная рэстаўрацыя ("арганізаваная занядбанасць"). Надмагіллі захоўваюцца ў існым выглядзе (закансерваваны, што вельмі важна!), але надпісы "адкрыты" для чытання (і вывучаны, што каштоўна!). Дазваляецца ачыстка і вываз смецця, але не фрагментаў надмагілляў і агародж, да якога б перыяду гісторыі могілак яны ні адносіліся. Высякаецца хмызняк, асобныя старыя дрэвы фрагментарна ўключаюцца ў агульную кампазіцыю або высаджваюцца новыя тых жа парод. Аднаўляецца гістарычная трасіроўка алей і дарожак. І што ў дадзеным выпадку важна - аднаўляецца фундатарская агароджа могілак 1903 года.

Менавіта надмагіллі - натуральная прыналежнасць і каштоўнасць любых могілак. Розных памераў, стыляў, выкананыя ў традыцыйных матэрыялах; наіўныя - самадзейных разбяроў, тыпавыя, аўтарскія, нарэшце, сапраўдныя шэдэўры сепулькральнага мастацтва. Надмагільныя помнікі - гэта дэманстрацыя сацыяльнага і фінансавага становішча, на гэтых могілках повятовая шляхта гэта паспяхова дэманстравала. Мы ўбачылі надмагіллі з граніту, пясчаніку, цэглы, дзікага каменю, шмат рэдкіх узораў чыгуннага ліцця і коўкі. Характэрна, што вельмі рэдка сустракаюцца паўторы вонкавага выгляду надмагілляў - знак таго, што грошай на гэтыя мэты не шкадавалі…

Тут жа можна разглядзець надмагільныя сімвалы і знакі. Выпадковаму чалавеку яны невядомыя: дэндралагічныя помнікі ў выглядзе ствалоў без галінак, часцей за ўсё падкажуць пра пахаванне чалавека, у якога няма спадчыннікаў; плюшч - знак вечнага жыцця; паходня - знак канца жыцця; зламаная ружа - знак сыходу чалавека ў росквіце гадоў; вянок з руж - знак дабрадзейнасці; галінка лаўру - неўміручасць і чысціня; свечкі - хуткабежнасць жыцця…

Гэта так званыя, лапідарныя "лісты". Часам іх завуць (па форме помнікаў) "квадратнымі лістамі" будучым пакаленням. Вынікам працы на працягу года ў рамках дадзенага праекту стаў цэлы пласт "адкрытых" (расчышчаных) прачытаных і дадаткова вывучаных "каменных лістоў". На плітах чытаецца найкаштоўнейшая інфармацыя пра тое, хто пахаваны, з якой сям'і і род заняткаў памерлага. Бяры і чытай рэальную гісторыю жыцця людзей горада Ліды і Лідскага павета!

Вельмі важна, што гэтае месца, нягледзячы на разбурэнні на яго тэрыторыі, захавала архітэктурную кампазіцыю. Размяшчэнне вонкавых і ўнутраных элементаў, усё яшчэ ўзгоднена паміж сабой і творыць адзінае цэлае, у якім вызначальнымі з'яўляецца глыбінная кропка капліцы ў гонар хрысціянскай вялікапакутніцы Святой Барвары. Заснавана капліца ў 1805 годзе; у яе сценах гучаў орган, яна спазнала пажар, зацягнутую рэстаўрацыю, доўгае запусценне і толькі на стыку стагоддзяў ХХ і ХХІ яе аднаўленне было завершана.

Назапасілася досыць аргументаў, каб надаць самаму старому з захаваных могільнікаў горада, рэгіянальны статус гістарычна - культурнай каштоўнасці. Гэта вельмі важна для гісторыі самога горада і генеалагічных (біяграфічных) даследаванняў пра людзей, якія яго засялялі… Дарэчы, падобныя аб'екты многія гарады ўключаюць у настальгічныя турыстычныя туры для невялікіх груп людзей.

НАША СЛОВА № 45 (1404), 8 лістапада 2018 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX