Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Цвермы: вяртанне святыні Chapel in Cwiermy village


Аўтар: Круцікаў Уладзімір, Бурачэўскі Міхась,
Дадана: 29.06.2007,
Крыніца: Наша Слова № 22 (810).

Спампаваць




Цвермы. Гэтая невялікая вёсачка, якая знаходзіцца за 12 км ад Ліды, мае сваю цікавую гісторыю цесна звязаную з капліцай. Капліца знаходзіцца ў лесе недзе за кіламетр ад вёскі. Аб яе (20KB) cvermy.jpgўзнікненні ў касцельных паперах захаваліся наступныя звесткі. Некалі з даўніх часоў у тым месцы стаяў крыж з драўлянай фігуркай Ісуса Хрыста, а побач шматвекавая хвоя. Да крыжа мясцовыя людзі ставіліся з вялікай павагай. Аднойчы была вялікая бура, якая паваліла крыж. Жыхар вёскі Стэфан Валяль (згодна касцельных дакументаў памёр у 1787 г.) забраў фігурку дахаты і паклаў у спіжарню. Аднойчы Стэфану прысніўся сон ў якім ён пачуў словы: "Навошта ты трымаеш мяне замкнуўшы ў спіжарні?", і пасля гэтага Стэфан аслеп. Суседзі разам з жонкай Ма-р'янай дапамаглі яму зрабіць новы крыж, прымацаваць фігурку і даставіць яго на старое месца. Пасля устаноўкі крыжа зрок вярнуўся да Стэфана. З таго часу крыж пачаў лічыцца цудадзейным, які дапамагае пры хваробах. Старэйшыя жыхары Цвермаў сцвярджаюць, што самі не раз звярталіся да крыжа, і не раз бывала, што хваробы праходзілі. У 1920 годзе крыж быў першы раз зняважаны. Нейкі чырвонаармеец, які праязджаў па дарозе пасек яго шабляй. Людзі аднавілі крыж і працягвалі гэтае месца шанаваць. Бачачы та-кую павагу да гэтага месца пробашч Лідскага фарнага касцёла Іпаліт Баярунец ў 1935 годзе на сродкі парафіян пабудаваў драўляную капліцу. Згодна паведамленняў тагачаснай польскай прэсы на асвячэнні капліцы прысутнічала каля 15000 чалавек. З таго часу на другі дзень свята Сёмухі кожны год каля капліцы збіралася некалькі тысяч вернікаў з парафій Ліды, Бердаўкі, Тракеляў і іншых, нават, з за мяжы Лідскага павету. Святы крыж з фігуркай Хрыста быў размешчаны ў галоўным алтары капліцы. Захаваўся фотаздымак капліцы 1939 г. На здымку побач з капліцай бачна і шматвекавая хвоя.

З прыходам Савецкай улады такая папулярнасць капліцы атэістычнаму начальству не спадабалася, таму яе было вырашана разбурыць. Кіраваў гэтым актам вандалізму ў 1960 годзе, а капліца была цікавым помнікам архітэктуры народнага дойлідства, дырэктар Дварышчанскага саўгаса Іваноў. Яму дапамагалі саўгаснікі Слюсараў, Жамойда і іншыя.

Разбуралі трактарам, зачпіўшы тросам за верх капліцы. Вернікам аднак дазволілі вынесці крыж з фігуркай, які яны перадалі ў Тракельскі касцёл, дзе яго адзелі ў медныя шаты, і дзе ён прастаяў да вясны 2007 г. А старую хвою чакаў наступны лёс. Пасля разбурэння капліцы геадэзісты вырашылі паставіць у гэтым месцы трыангуляцыйны знак. Сасна замінала ім гэта зрабіць, і таму было вырашана яе спілаваць. Як толькі пачалі пілаваць высветлілася, што піла ўзята замалая а з дрэва пацякла смала колерам падобная на кроў. Гэта моцна напалохала геадэзістаў, і яны пакінулі дрэва ў спакоі. Аднак час зрабіў сваю справу, і дрэва пару гадоў назад павалілася. Гэта было сапраўды магутнае дрэва таўшчыёй у тры з паловай абхопы.

Месца, дзе была капліца, шмат гадоў прастаяла ў запусценні. I вось у 2007 г знайшоўся фундатар фермер Капачэль Валянцін Эдвардавіч, які разам са сваімі сваякамі, пабудаваў на месцы старой, невялікую новую капліцу, на старое месца з Тракельскага касцёла быў вернуты знакаміты крыж. І праз 47 гадоў 28 траўня 2007 года на гэтьм месцы зноў прагучала святая імша. На асвячэнні капліцы, нягледзячы на панядзелак, прысутнічала каля пяці соцень чалавек з Лідскай, Бердаўскай і Ліпнішскай парафій...

Аўтары вельмі ўдзячныя пробашчу Тракельска-га касцёла Паўлу Станіславу Ушакевічу і усім жыхарам Цвермаў за прадстаўленыя матэрыялы для напісання артыкула.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX