(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)
Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша
1
Касцёл парафіяльны над ракой Дзітва, які стаіць паміж хвоямі ў Лідскім павеце і дэканаце, каля яго толькі за сто крокаў карчма Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ і на такой жа адлегласці шпіталь, касцёл стаіць левым бокам на поўдзень, правым на поўнач. Вёскі і мястэчкі прыналежныя да парафіі выкладзены ніжэй па-алфавіту.
Арлянка (Orlanka), карчма і вапельня (печы для абпальвання вапны) Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, паміж зімовым поўднем і захадам, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага чвэрць мілі.
Аўгустоўка (Augustоwka) ці Старая Дзітва , двор і карчма яснавяльможнага пана Шамёта, чашніка Лідскага павету, паміж летнім захадам і зімовай поўначчу ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна вялікая міля.
Бабоўцы (Bobowce), на летні захад, яснавяльможнага васпанства Пацаў, старасты Вілейскага і Шамёта, чашніка Лідскага павету, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна вялікая міля.
Банцавічы (Bancewicze) Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, паміж летнім захадам і зімовай поўначчу ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна вялікая міля.
Банцавічы (Bancewicze) другія , таго жа князя ягомасці Радзівіла, у тым жа кірунку ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна міля і пяцьдзесят стай [1].
Банцавічы (Bancewicze) трэція , таго жа Князя ягомасці Радзівіла, на поўнач, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага пяць чацвёртых мілі.
Белагруда (Bialohrud), фальварак таго ж Князя ягомасці Радзівіла, паміж усходам і поўднем на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага чвэрць мілі.
Гарняты (Horny), таго ж Князя ягомасці, паміж летнімі усходам і поўднем, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна вялікая міля.
Данеўшчына (Daniewszczyzna), фальварак яснавяльможнага пана Свідэрскага, рэгента земскага Лідскага павету, на поўдзень, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна міля.
Дубчаны (Dubczany), Найяснейшага князя ягомасці Масальскага, біскупа Віленскага, паміж зімовымі ўсходам і поўднем, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага чвэрць мілі.
Зайкі (Zajki), двор яснавяльможнага пана Альшэўскага, Лідскага войскага, на поўнач, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага пяць чацвёртых вялікай мілі.
Кузьмічы (Kuzmicze), яснавяльможнага пана Альшэўскага, войскага Лідскага, на поўнач, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага пяць чацвёртых мілі.
Кульбакі (Kulbaki), яснавяльможнага пана Сцыпіёна падстолія Літоўскага, старасты Лідскага, на поўнач, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна вялікая міля.
Мазураўшчына (Mazurowszczyzna), фальварак у пацэсіі васпана Стацевіча, на поўнач, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага пяць чацвёртых вялікай мілі.
Медзеўшчына (Miedziowszczyzna), Белагрудская плябанія паміж поўднем і поўначчу (рэальна, на поўнач - Л.Л.), на адлегласці ад касцёла парафіяльнага летам палова вялікай мілі, узімку праз балота чвэрць мілі.
Мохавічы (Mochowicze), Найяснейшага князя ягомасці Масальскага, біскупа Віленскага, паміж поўднем і поўначчу (рэальна, на поўнач - Л.Л.), на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага летам палова вялікай мілі, узімку праз балота чвэрць мілі.
Масявічы (Mosiewicze), Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, паміж летнім поўднем і захадам, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага пяць чацвёртых вялікай мілі.
Парачаны (Porzeczany), таго ж таго ж Князя ягомасці, на поўдзень, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага палова вялікай мілі.
Рэпнікі (Rzepniki), яснавяльможнага пана Шамёта, чашніка Лідскага павету, паміўж поўднем і ўсходам, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага адна вялікая міля.
Рубікі (Rubiki), фальварак і вёска ў пацэсіі васпана Сідаровіча і васпанства Ёчаў, паміж поўднем і ўсходам, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага чвэрць мілі.
Сеўрукоўшчына (Siewrukoszczyzna), яснавяльможнага пана Свідэрскага, ротмістра Лідскага павету, фальварак на поўдзень, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага адна міля.
Шчытнікі (Szczytniki), ксяндзоў аўгустынаў, на летні усход, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага палова вялікай мілі.
Тарноўшчына (Tarnowszczyzna), фальварак Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, паміж поўднем і захадам, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага летам палова вялікай мілі, узімку праз раку Дзітву і сенажаці трыццаць стай.
Хадзюкі (Hadziuki), Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войск ВКЛ, паміж зімовымі ўсходам і поўднем, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага адна вялікая міля.
Цюкалаўшчына (Tuklowszczyzna), фальварак яснавяльможнага пана Гінета, на поўдзень, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага палова вялікай мілі.
Янаўляны (Janowlany), вёска прыналежная да Белагрудскай плябаніі, паміж летнімі захадам і ўсходам (рэальна, на летні захад - Л.Л.), на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага пяць чацвёртых вялікай мілі.
2
Ад гэтага парафіяльнага касцёла, наступныя суседскія касцёлы:
Дайнава (Dejnowa), касцёл у вёсцы Дайнава, ксяндзоў аўгустынаў віленскіх, філія Лідскага касцёла, на летняю поўнач у там жа павеце і дэканаце, на адлегласці ад Белагрудскага касцёла пяць чацвёртых вялікай мілі.
Дылева (Dylew), філія ваверскага касцёла, паміж поўднем і захадам, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага дзве вялікія мілі.
Лідскі парафіяльны касцёл , там жа касцёл ксяндзоў кармелітаў і піяраў ў горадзе судовым Лідзе, у старостве яснавяльможнага пана Сцыпіёна падстолія Літоўскага, старасты Лідскага, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага дзве вялікія мілі, у кірунку паміж усходам і поўднем.
Няцеча (Nieciecz), касцёл парафіяльны ў вёсцы Няцечы яснавяльможнай пані Бурымоўскай, ротмістравай Лідскага павету, паміж поўднем і захадам, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага летам дзве мілі, узімку адна міля на Ваверскае балота.
Ваверка (Wawerka), касцёл на землях яснавяльможнага пана Валя, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага дзве мерныя мілі ў кірунку поўначы.
Забалаць (Zabloc), касцёл парафіяльны на землях яснавяльможнага пана Тышкевіча, гетмана Літоўскага, на адлегласці ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага тры мілі ў кірунку летняй поўначы.
3
Найвялікшы судовы горад Ліда паміж усходам і поўднем на адлегласці дзве вялікія мілі ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага.
4
Дарога ад касцёла парафіяльнага Белагрудскага да Вільні і Ліды, судовых гарадоў, дрэнная і пясчаная, на дарозе вялікі брод, яна праз палову мілі на мяжы з Лідскай парафіяй раздзяляецца, направа да Ліды, крута налева да Вільні і Дайнавы, за Дайнавой дарога злучаецца з віленскім гасцінцам, які ідзе з Мыто праз Белагрудскую парафію, тыя дарогі пясчаныя і няроўная, у кірунку на ўсход.
Дарога да касцёла Белагрудскага на поўдні ідзе пад гару з вапнай і па сенажаці над ракой Дзітвой, якая належыць да Арлянкі, дзе грэбля ў десяць стай, на якой два масты, адзін на Капальні, другі на рацэ Дзітве, з парэнчамі, адкуль дарогі разыходзяцца да Няцечы, Орлі, Масявічаў, Лебяды, да розных вёсак і да Тарноўшчыны, двара Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, дарогі і дарожкі да вёсак крывыя, пясчаныя, месцамі камяністыя і балоцістыя, дзікамі парытыя.
Гасцінец Віленскі ідзе з Ваверскай і з Забалацкай парафій і з Лебяды Трызнаў праз Мыто васпана Паца, старасты Вілейскага, да вёскі, якая знаходзіцца на мяжы парафіі, дзе перавоз і млын у парафіі Ваверскай, а грэбля ад перавозу ў парафіі Белагрудскай сыпана ад перавозу Дзітвы, дзе мост з парэнчамі, за якім грэбля ідзе налева да розных вёсак парафіяльных касцёла Белагрудскага, дарога гарыстая, камяністая і ёсць адзін брод недалёка ад грэблі, за дзесяць стаяў, з таго моста прама ідзе гасцінец Віленскі, падчас дажджоў мокры, і брод адзін няроўны і камяністы, ідзе лясамі.
Дарожка крута ідзе з грэблі да касцёла Белагрудскага, амаль крыжовая, проста першая трапіўшаяся, камяністая, пясчаная, няроўная, ідзе борам.
Рака Дзітва балоцістая, па абодвух баках балоцістыя сенажаці, месцамі мурожныя паміж усходам і захадам, цягнецца рака Дзітва да парафіі Няцецкай на поўдні, на рацэ Дзітва з абодвух бакоў сенажаці розных паноў.
Багнаў і балот недаступных няма, толькі сенажатнае балота, якое цягнецца ад поўдня на захад і каля Дзітвы.
Стаў малы, на вышэй апісаным балоце сенажатным Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, на якім малы млын, які меле толькі увесну і калі дажджы, на грэблі дзе праезд з плябаніі да касцёла, вельмі нікчэмны мост, які ледзь можна пешшу прайсці, з-за гэтага мосту плябан мусіць ехаць да касцёла палову мілі па дрэннай дарозе балоцістай і няроўнай, нізам ідучай, якая узімку добрая.
Лесу, баровага, асіны, бярозы, годнага для будаўніцтва і на розныя патрэбы гаспадарскія на шаснаццаці валоках Альшэўскага, падстолія лідскага.
Лесу, баровага і рознага дрэва, спустошаныя дзве валокі ксяндзоў віленскіх аўгустынаў у Шчытніках.
Лесу, баровага і да будоўлі годнага ў яснавяльможнага пана Свідэрскага тры маргі.
Лесу Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта рознага, кустамі парослага, як да будоўлі так і да печаў добрага, у воласці таго ж князя, дванаццаць валок з зараслямі і лозамі.
Лясы яснавяльможнага пана Шамёта, чашніка Лідскага павету, бярозавыя, альховыя, асінавыя, дубовыя, на дзвюх валоках.
Зараслей рознага дрэва ў парафіі Белагрудскай восьмая частка, дзе болей знаходзіцца добрых палёў, як таксама і пясчаных.
Горы з вапнай на землях Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, г.зн. у Белагрудзе і Тарноўшчыне, з якіх каменныя выкапні на вапельню ў Арлянку возяць для палення.
7
Адлегласці па партыкулярных дарогах і публічных трактах у парафіі:
1. Дарога да Ліды, судовага горада і тракт Віленскі ад касцёла Белагрудскага ў кірунку на летні усход сонца, ідзе па правай руцэ, даехаўшы да броду, будзе вёска Гарняты за тры стаі да карчмы Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ, за імі Дубчаны Найяснейшага князя ягомасці Масальскага, біскупа Віленскага за шасцідзесят стаяў, далей фальварак Белагруда Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал - лейтэнанта войск ВКЛ за трыццаць стаяў, потым Цюкалаўшчына, фальварак яснавяльможнага пана Гінета за чвэрць мілі, далей мінуўшы брод, па правай руцэ Рубікі у пацэсіі васпана Сідаровіча і васпанства Ёчаў, з гасцінца, з якога ідуць дарогі да фальварка Цюкалаўшчына і вёскі Дубчаны, праз дзевяць стай, па леваму боку ідзе дарога да Мохавіч і да Медзеўшчыны, плябаніі Белагрудскай, адкуль на усход сонца ідзе дарога на гасцінец Лідскі і Віленскі, да карчмы якая мае назву "Пад крыжамі" яснавяльможнага пана Альшэўскага, на мяжы Лідскай парафіі, тут гасцінец налева ідзе да Вільні на Дайнаву ксяндзоў аўгустынаў да гасцінца Віленскага, які ідзе з Мыто і сходзіцца з Мытлянскім гасцінцам. Сярэдні гасцінец ідзе на Ліду, і крута направа да Шчытнікаў, ад гэтага гасцінца за дзесяць стаяў, ідуць дарожкі, адна да далёкай Лідскай парафіі, а другая, направа на поўдзень, да Рубікаў, Шчытнікі дзеляць парафіі Белагрудскую з Лідскай.
2. Гасцінец да Арлянкі, якая знаходзіцца на адлегласці ад касцёла чвэрць мілі на поўдзень, далей карчма, адкуль дарога налева ідзе да Парачанаў, да якіх чвэрць мілі, адтуль да фальваркаў Данеўшчына і Сеўрукоўшчына, яснавяльможных паноў Свідэрскіх, да якіх палова мілі, і дзе заканчваецца парафія Белагрудскаяі і пачынаецца парафія Няцецкая. Не даязджаючы да Парачанаў, ад крыжа направа ідзе дарога да Хадзюкоў даўжынёй у чвэрць мілі праз вялікія зараслі, ад Хадзюкоў ідзе дарога з выбоінамі праз зараслі і сенажаці, праз два брады да Масявічаў. Ад Арлянскай карчмы ідзе другая дарога паплавамі, зараслямі, лесам Найяснейшага князя Радзівіла, увесну з выбоінамі, увосень і пад час дажджоў вільготная, да Масявічаў, паміж імі і Радзівонішкамі мяжа парафіі. Так сама направа ад Арлянкі праз брод адходзіць трэцяя дарога да двара Тарноўшчына, ад гэтага брода па левым баку ракі ўгору ідзе дарога да Масявічаў, яна абыходзіць першую вільготную дарогу, якая ідзе ад дарогі з двара Тарноўшчына да Масявічаў, і ад якой адыходзяць дарожкі партыкулярныя да Бабоўцаў і Рэпнікаў.
3. Гасцінец які ідзе з Мыто на поўдзень да Аўгустоўкі (Старой Дзітвы), праз дзесяць стай раздзяляецца: налева на поўдзень да тых жа Масявічаў, направа - да Бабоўцаў і Рэпнікаў, ... з Бабоўцаў і Рэпнікаў ідуць дарожкі на захад да вёскі Касілаўцы Ваверскай парафіі, далей дарожка ідзе да Янаўлян, парафіі Белагрудскай, а потым дарожка паварочвае направа і паплавамі, праз чвэрць мілі прыходзіць да Аўгустоўкі.
4. Дарога з Мыто, парафіі Ваверскай, пераправіўшыся цераз перавоз і мінуўшы млын на рацэ Дзітва, якая падзяляе парафіі Ваверскую і Белагрудскую, потым мінуўшы грэблю, гасцінец Віленскі проста з грэблі ідзе да Кульбак, потым на Дайнаву, дзе праходзіць мяжа паміж парафіямі Ваверскай і Белагрудскай, з той жа грэблі налева на поўнач ідзе дарожка да Банцавічаў (палова чвэрці мілі), з першых Банцавічаў дарожка чвэрць мілі ідзе да другіх Банцавічаў, вёсак Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, далей праз чвэрць мілі Кузьмічы яснавяльможнага пана Альшэўскага, пасля Кузьмічоў праз дзесць стай фальварак Мазураўшчына ў пажыццёвай пацэсіі яснавяльможнага пана Стацевіча, за ручаём мяжа з Лідскай парафіяй, ад Заяк да трэціх Банцавічаў дарожка ў дваццаць стай. З гэтых вёсак дарожка ідзе на Кульбакі да Віленскага гасцінца ... з якім перакрыжоўваецца каля карчмы ў Кульбаках (вёска Лідскага староства) і далей вядзе да карчмы "Пад крыжамі" яснавяльможнага пана Альшэўскага, да карчмы малая міля. Трэцяя дарога з грэблі направа на ўсход ідзе на Цыбары, дзе праходзіць мяжа паміж парафіямі Ваверскай і Белагрудскай. Чацвёртая дарожка, адразу ад Мытлянскай грэблі бярэ крута направа, на поўдзень, і гарыста, пясчана, няроўная мала полем, але часцей лесам каля сенажацей дзітвянскіх, якія належаць плябаніі, званыя Медзеўшчына, адкуль да касцёла Белагрудскага адна вялікая міля ўлетку, а ўзімку палова вялікай мілі.
Белагрудская парафія не мае межаў ваяводскіх і павятовых, але цалкам з усімі дварамі, вёскамі і месцамі знаходзіцца ў павеце Лідскім.
Гэтае апісанне маёй парафіі подпісам уласнай рукі пацвярджаю, ксёндз Красценты Раман Сумарок, плябан Белагрудскі.
[1] Стая (staja, staje) - мера даўжыні, найчасцей каля 200 м.