Вярнуцца: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Дэмбраўская парафія


Дадана: 11-06-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец №60.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)

Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша

1

Касцёл мураваны парафіяльны ў графстве Дэмбраў яснавяльможнага пана Тызенгаўза, падскарбія надворнага ВКЛ, знаходзіцца ў Лідскім павеце і дэканаце, двары, вёскі і мястэчкі якія належаць парафіі, выкладзены ніжэй па-алфавіту:

Андрушоўшчына (Andrusowszczyzna) васпанства Лісоўскага і Шмігеры, у кірунку на поўнач ад касцёла чвэрць мілі.

Апонаўшчына (Oponowszczyzna), таго ж ягамосці, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, ад касцёла паўтары чвэрці мілі.

Асочнікі (Osocznik), у лясах яснавяльможнага пана Сцыпіёна, знаходзяцца там жа, за тысячу крокаў.

Ахрымаўцы (Ochrymowce), двор яснавяльможнага пана Скіндара, мечніка лідскага, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, ад касцёла чвэрць мілі.

Ахрымаўцы (Ochrymowce), вёска таго ж ягамосці, у тым жа кірунку і на той жа адлегласці.

Ахрымаўшчына (Achrymowszczyna), яснавяльможнага пана Сцыпіёна, лідскага старасты, у кірунку на поўнач ад касцёла тры чвэрці мілі.

Ашуркі (Oszurki), млын і карчма яснавяльможнага пана Сцыпіёна, у кірунку на летні захад, ад касцёла парафіяльнага пяць чацвёртых мілі.

Ашуркі (Oszurki), вёска яснавяльможнага пана Сцыпіёна, ад касцёла у тым жа кірунку і на той жа адлегласці.

Баброўня (Bobrownia), лясніцтва Яго Каралеўскай мосці, у кірунку на летні захад ад касцёла, адна міля.

Бублейкі (Bublejki), двор васпана Скіндара, чашніка Лідскага павету, у кірунку на летні ўсход ад касцёла парафіяльнага, палова мілі.

Бычкоўшчына (Byczkowszczyzna), двор яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на летні захад палова мілі.

Бэрнікі (Berdniki), васпана капітана Скіндара, у кірунку на поўнач ад касцёла, палова мілі.

Варонкі (Woronki), яснавяльможных паноў Чапліцаў, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, ад касцёла чвэрць мілі.

Відаўка (Widоwka), фальварак васпана Скіндара, у кірунку на поўнач ад касцёла пяць чацвёртых мілі.

Відаўка (Widоwka), вёска яснавяльможнага пана Тызенгаўза, знаходзіцца там жа, дзе і фальварак васпана Скіндара.

Вострава (Ostrоw), вёска яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж захадам і поўначу, ад касцёла палова чвэрці мілі.

Дэмбрава (Dziembrоw), двор яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж летнім і зімовым захадам, ад касцёла паўтары сотні крокаў.

Дэмбрава (Dziembrоw), мястэчка таго ж ягамосці, у кірунку на поўнач, ад касцёла парафіяльнага трыста крокаў.

Завалкі (Zawalki), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, першыя і праз трыста крокаў другія і там жа прэзбітэрыюм, у кірунку паміж усходам і поўднем, ад касцёла палова чвэрці мілі.

Згрэбнікі (Zgrzebniki), васпана Скіндара, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, палова мілі ад касцёла.

Зюкі (Ziuki), таго ж васпана, у кірунку на поўнач ад касцёла, тры чвэрці мілі.

Карашава (Karaszew), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на летні захад, палова вялікай мілі.

Красная (Krasna Wies), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на поўдзень ад касцёла, палова і чвэрць мілі.

Ладаўшчына (Ladowszczyzna), васпана Сідаровіча, у кірунку на летні ўсход, ад касцёла палова мілі.

Лясішча (Lesiszcze), двор яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на зімовы захад, адна міля ад касцёла.

Ляцэвічы (Lacewicze), млын і карчма яснавяльможнага пана Сцыпіёна, у кірунку на поўнач, ад касцёла палова мілі.

Ляцэвічы (Lacewicze), іншая карчма, у кірунку на поўнач, ад касцёла палова мілі.

Ляцэвічы (Laсewicze), вёска яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на поўнач, ад касцёла палова мілі.

Макасеўшчына (Makasiewszczyzna), яснавяльможных паноў Якімовічаў, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, ад касцёла палова мілі.

Малінікі (Malinnik), фальварак і там жа вёска яснавяльможных паноў Чапліцаў, у кірунку на зімовы ўсход, ад касцёла чвэрць мілі.

Мацейкі (Maciejki), у кірунку на поўнач, васпана капітана Скіндара, ад касцёла палова мілі.

Місіноўшчына (Misinowszczyzna), яснавяльможных паноў Яжджайлаў, у кірунку летні усход, ад касцёла палова мілі.

Новая (Nowa Wies), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж летнім і зімовым захадам, ад касцёла парафіяльнага болей за палову мілі.

Новая Спуша (Spusza Nowa), карчма яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж зімовым і летнім захадам, ад касцёла тры чвэрці мілі.

Пратасаўшчына (Protosowszczyzna), яснавяльможнага пана Тызенгаўза.

Прудцы (Prudcy), таго ж яснавяльможнага пана, у кірунку на зімовы захад, адна міля ад касцёла.

Рагачоўшчына (Rohaczewszczyzna), васпанства Алізаровічаў, у кірунку летні ўсход палова мілі.

Рыча (Ryczapanska), яснавяльможнага пана Сцыпіёна і васпана Скіндара, у кірунку на поўнач ад касцёла, тры чвэрці мілі.

Ройшы (Rojsze), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж захадам і поўначчу, ад касцёла тры чвэрці мілі.

Ройшы (Rojsze), фальварак васпана Сямашкі, у кірунку паміж захадам і поўначчу, ад касцёла тры чвэрці мілі.

Рухомаўшчына (Ruchomowszczyzna), яснавяльможных паноў Гаўрылкевічаў, у кірунку на поўнач, ад касцёла чвэрць мілі.

Савічы (Sawicze), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на зімовы захад, ад касцёла чвэрць мілі.

Слонна (Uslonna), карчма васпана Скіндара, ці грунт шляхты Яжджайлаў, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, ад касцёла чвэрць мілі.

Спуша (Spusza), двор яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж зімовым і летнім захадам, ад касцёла палова мілі.

Спуша (Spusza), вёска таго ж яснавяльможнага пана, у тым жа кірунку і на той жа адлегласці.

Староўшчына (Starowszczyzna), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж усходам і поўднем, ад касцёла чвэрць мілі.

Староўшчына Малая (Starowszczyzna Mala), таго ж яснавяльможнага пана, у тым жа кірунку і на той жа адлегласці.

Шклярскі Перавоз (Szklarski Przewоz), карчма над ракой Котрай яснавяльможнага пана Сцыпіёна, у кірунку паміж захадам і поўначчу ад касцёла парафіяльнага паўтары мілі.

Шчанец (Szczeniec), вёска, каралеўская маёмасць, у кірунку паміж захадам і поўначчу, ад касцёла міля.

Шэмякоўшчына (Szemiekowszczyzna), васпанства Макоўскіх, у кірунку на поўнач, ад касцёла адна міля.

Тусаўшчына (Tysowszczyzna), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на поўнач ад касцёла тры чвэрці мілі.

Хамоўшчына (Chomowszczyzna), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку паміж летнім і зімовым захадам, ад касцёла міля.

Ходзеяўшчына (Chodziejowszczyzna), яснавяльможнага пана Сцыпіёна, у кірунку на поўнач ад касцёла, тры чвэрці мілі.

Цяпы (Czapy, Czeszewiki), яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у кірунку на поўнач, ад касцёла тры чвэрці мілі.

Чалясоўшчына (Cielejowszczyzna), фальварак яснавяльможных паноў (JPP) Таркоўскіх, у кірунку на поўнач ад касцёла, чвэрць мілі.

2

Ад гэтага парафіяльнага касцёла, наступныя суседскія касцёлы:

Азёры (Jeziory), парафільяны касцёл у маёмасці Яго Каралеўскай мосці, у Гарадзенскім павеце і дэканаце, у кірунку на летні захад, тры мілі ад касцёла.

Астрына (Ostrynia), мястэчка, парафіяльная царква, староства ў Лідскім павеце і дэканаце, у кірунку на поўнач, ад касцёла паўтары мілі.

Дэмбрава (Dziembrоw), мястэчка, парафіяльная царква ў маёмасці яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у Лідскім павеце і дэканаце, у кірунку на поўнач, ад касцёла трыста крокаў.

Ляцк (Lack), парафільяны касцёл у тым самым павеце і дэканаце, плябан - кс. Каржанеўскі, у кірунку паміж летнім і зімовым усходам, адна вялікая міля.

Каменка (Kamionka), парафільяны касцёл у мястэчку яснавяльможнага пана Тызенгаўза, у Гарадзенскім павеце але ў Лідскім дэканаце, у кірунку на поўдзень ад касцёла, адна вялікая міля.

Скідаль (Skidel), мястэчка, парафіяльная царква ў маёмасці Яго Каралеўскай мосці, у Гарадзенскім павеце і дэканаце, у кірунку на зімовы захад, паўтары мілі ад касцёла.

3

Значнейшыя гарады каля Дэмбраўскага касцёла:

Ліда (Lida), судовы горад, у кірунку паміж летнім усходам і зімовым захадам, дзе вялікія мілі.

Ваўкавыск (Wolkowysk), судовы горад, у кірунку на поўдзень, восем міль.

Гародня (Grodno), судовы і соймавы горад, у кірунку на летні захад, ад касцёла сем міль.

4

Дарога да Ліды пясчаная, камяністыя, месцамі ўброд, нізінамі нядобрая.

Дарога да Ваўкавыска праз масты, месцамі ўброд, пясчаная, камяністыя, няспешная.

Дарога да Гародні , дзве мілі пяскамі, месцамі ўброд, а пяць міль выраўненая.

З Дэмбрава да Ліды ўлетку і ўзімку язды больш за дзень.

З Дэмбрава да Ваўкавыска язды з адпачынкам на абед улетку і ўзімку трынаццаць гадзін.

З Дэмбрава да Гародні язды летам з адпачынкам на абед дзевяць гадзін.

5

Азёраў у парафіі няма.

Рака Котра , на летні захад, мяжуе з Азёрскай парафіяй, на поўначы з Навадворскай парафіяй.

Рака Спуша невялікая, пачынаецца ў Ляцкай парафіі (на зімовы ўсход), цячэ праз усю Дэмбраўскую парафію на зімовы захад у Азёрскую парафію.

Рэчка Рыча , пачынаецца з Рычанскіх крыніц (на летні ўсход), цячэ праз усю парафію на поўнач аж да ракі Котры, якая мяжуе з парафіямі Азёрскай і Навадворскай.

Рэчка Слонна , пачынаецца з крыніц (на летні ўсход), цячэ праз усю Дэмбраўскую парафію да рэчкі Спуша на поўдні.

Балота пад назвай Гнілішча ці Чортавае балота , паміж летнім захадам і поўначчу, шырыні і даўжыні болей за палову вялікай мілі, праз балота цягнецца рэчка Рыча аж да ставу Ашуркаў.

Ручай Кісялёўка , выцякае з крыніц і бродаў, цячэ паўкругам каля Дэмбрава за палову чэрці мілі на поўнач, упадае ў рэчку Спушу.

Стаў на поўнач ад касцёла Дэмбраўскага, за чатыры сотні крокаў, на рацэ Спушы, вялікі, зарослы і доўгі, у маёмасці васпана Тызенгаўза.

Стаў на зімовы захад, на ім тартак Спуша , нованаладжаны, у маёмасці яснавяльможнага пана Тызенгаўза, на рацэ Спушы, праз якую грэбля, мост і дарога да Каменкі.

Стаў у Ляцэвічах яснавяльможнага пана Сцыпіона, на поўнач, пачынаецца з крыніц Рычанскіх, зарослы, на ім грэбля дрэнная і гразкі мост палова мілі.

Стаў у Ашурках яснавяльможнага пана Сцыпіёна, пачынаецца з рэчкі Рычы, паміж захадам і поўначчу, пяць чацвёртых мілі.

6

Лясоў у Дэмбраўскай парафіі больш, чым палёў, пачаўшы ад Дэмбраўскай грэблі на зімовы ўсход сонца адна міля, на поўнач міля, дрэва здатнага для будоўлі шмат: сасны, елкі, бярозы, альхі, дубу, грабу, асіны вельмі шмат.

7

Млыноў у Дэмбраўскай парафіі чатыры: два яснавяльможнага пана Тызенгаўза на рацэ Спушы, пра гэта гл. пад нумарам 5, два яснавяльможнага пана Сцыпіёна, на рацэ Рыча (адзін у Ляцэвічах, другі ў Ашурках). Іншых машын водных ці ветраных няма.

8

Партыкулярныя дарогі у Дэмбраўскай парафіі згодна з даўжынёй апісваюцца так:

Дарога да Ляцка , пачынаецца ад касцёла ўлева, вуліцай праз мястэчка Дэмбраў, каля карчмы, полем да Ваўкоўні і крыжоў, ад крыжоў управа, далей полем палову чвэрці мілі, далей лес і пасля броду праз поле аж да ракі і карчмы Слонна на гары, з якой управа на адлегласці некалькі сотняў крокаў бачны двор Ахрымаўцы яснавяльможнага пана Скіндара, за ракой Спушай бачны фальварак Малінікі яснавяльможных паноў Чапліцаў, на той жа адлегласці бачны вёскі Ахрымаўцы і Апонаўшчына, далей дарога ідзе праз гай і фальварак Макасеўшчына яснавяльможных паноў Якімовічаў і тут заканчваецца парафія Дэмбраўская, далей дарога на Ляцк ідзе на ўсход, па левай руцэ ад Ваўкоўні бачна Андрусаўшчына яснавяльможных паноў Лісоўскіх, таксама да карчмы Слонна налева бачны вёскі Варонкі яснавяльможных паноў Чапліцаў і вёска Згрэбнікі васпана Скіндара - палова чвэрці мілі, праз поле і хмызняк.

Дарога да Каменкі , ад касцёла ўправа, вуліцай да ставу і Дэмбраўскай грэблі, пасярэдзіне грэблі крыж, у лева з грэблі крута дарожка праз лес, поле да Малініка, потым управа, у лес, праехаўшы лес, зноў поле ... да пясчанага брода, потым вёска Вялікая Староўшчына, ад якой управа бачна Малая Староўшчына яснавяльможнага пана Тызенгаўза і тут заканчвацца парафія Дэмбраўская і пачынаецца Каменская. Палова мілі ад касцёла ўправа выраўненым гасцінцам і чвэрць мілі аж да Каменкі, управа на грэблі Дэмбраўскай праз мост на поўдні, адна дрэнная дарожка да Савіч, яснавяльможнага пана Тызенгаўза ..., другая, больш лепшая, яшчэ далей і ўправа, сто крокаў полем, а болей лесам і борам да Селішча - двара і вёскі Прусаў яснавяльможнага пана Тызенгаўза, вялікая міля і тут у кірунку на зімовы захад заканчвацца парафія Дэмбраўская, а пачынаецца Каменская. Яшчэ далей на тым жа полі дарога на поўдзень прама да вёскі Красная, вёска яснавяльможнага пана Тызенгаўза, ад касцёла ў палове чвэрці мілі бачна направа дарожка да прэзбітара і вёскі Завалкі, за якой масток у лесе на балоце і так магчыма даехаць да Малой Староўшчыны яснавяльможнага пана Тызенгаўза, палова мілі.

Дарога да Азёраў на летні ўсход прама праз фальварак Дэмбраўскі, да крыжоў улева, полем да рэчкі Кісялёўкі, на якой масток у лесе, праехаўшы ўправа лесам, потым аж да Бычкоўшчыны, на летні захад, грэбля насыпаная на балоце каля двара Бычкоўшчына, далей праз двор Бычкоўшчына яснавяльможнага пана Тызенгаўза, улетку за чвэрць мілі да Ройшы - вёскі фальварка Сямашкі, а потым каля двара, прама да Шчанца Яго Каралеўскай Мосці полем палова мілі, далей полем праз тысячу крокаў праз лес да ставу Ашурак яснавяльможнага пана Сцыпіёна, далей улева лесам і полем да Ашуркаў таго ж яснавяльможнага пана палова чвэрці мілі, далей да карчмы Шклярскі Перавоз і Котры, ракі, якая з'яўляецца мяжой парафій Дэмбраўскай і Навадворскай. З рэчкі Кіселёўкі праз масток, праехаўшы другой малой дарожкай, далей праз пяцьдзесят крокаў стаіць крыж, ад крыжа ўправа полем каля лесу, пяскамі перасякаем дарогу, ідучую ад Астрыно да Скідаля, да моста і вёскі Карашава яснавяльможнага пана Тызенгаўза, дзе карчма, ад карчмы лясамі, бродамі, ручаямі, горамі да лясніцтва Яго Каралеўскай Мосці і ракі Котры, міля на летні захад, і тут заканчваецца Дэмбраўская парафія, а пачынаецца Азёрская.

Ад рэчкі Кісялёўкі, праз масток прама на зімовы захад да Скідаля, маёмасці Яго Каралеўскай Мосці: пяскамі палова мілі да вёскі Спуша, выехаўшы з гэтай вёскі па левым баку бачны двор за ракой Спуша, адтуль ехаць прама праз поле да вёскі Новая, яснавяльможнага пана Тызенгаўза выраўненым гасцінцам, ад гэтай вёскі за пяцьсот крокаў управа бачна ў даліне цагельня, потым да карчмы Спуша, тут жа млын і тартак у адной пабудове, далей ад ракі Копаніцы да вёскі Хамоўшчына, яснавяльможнага пана Тызенгаўза, вялікая міля, і тут мяжа Дэмбараўскай парафіі з Азёрскай.

Дарога да Астрыны, ад касцёла на поўнач, ад касцёла ўлева ідзе Дэмбраўская вуліца, ад кармы павярнуць улева, далей ехаць полем, лагчынамі, зараслямі, злева, за пяцьсот крокаў, бачны Востраў, вёска яснавяльможнага пана Тызенгаўза, далей з дарогі за некалькі сотняў крокаў справа бачна Андрушоўшчына васпанства Лісоўскіх, потым ехаць лесам праз брод, пасля броду бачны на гары фальварак Рухомаўшчына, яснавяльможных паноў Гаўрылкевічаў (ад дарогі паўтараста крокаў), там жа злева за паўтараста крокаў фальварак Чалясоўшчына, далей праз сто крокаў, выехаўшы з броду павярнуць у права і ехаць пяскамі да двара Бублейкі васпана Скіндара, які будзе ад Астрынскай дарогі праз лес за пяцьсот крокаў, а з таго ж броду прамая (сярэдняя) дарожка праз лес і поле за чвэрць мілі будуць Мацейкі васпана Скіндара, з Мацеек праз Капаніцу на крыніцах, да крыніцы Рычанскай і вёскі Рыча яснавяльможнага пана Сцыпіёна (палова мілі на поўнач), з таго ж броду ўлева, ідзе ўгору пясчаная дарога да Астрыны, злева за трыста крокаў бачны Бэрнікі васпана Скіндара, потым патрэбна ехаць лесам да броду, грэблі, ставу і карчмы ў Ляцэвічах яснавяльможнага пана Сцыпіёна, вёска Ляцэвічы будзе бачна справа за шэсцьдзесят крокаў, далей праехаўшы чвэрць мілі полем і ўехаўшы ў лес, патрэбна пераехаць брод, пасля лесу і броду будзе невялікае поле на якім знаходзіцца фальварак Шэмякоўшчына васпана Макоўскага, потым дарога вядзе зноў у лес, у лесе партыкулярная дарога праз чвэрць мілі прывядзе да фальварка Відаўка, і тут праз пяць чацвёртых мілі заканчваецца парафія Дэмбраўская, і пачынаецца парафія Навадворская.

Гэтае апісанне сваёй парафіі падцвердзіў уласнай рукой кс. Ян Міхал на Лепках Ляпкоўскі , пробашч Дэмбраўскі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX