Вярнуцца: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Парафія Навадворская


Дадана: 27-08-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 62.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)

Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша

1.

Касцёл парафільяны ў мястэчку Новы Двор у павеце і дэканаце Лідскім, вёскі і мястэчкі гэтай парафіі па-алфавіту:

Астрына (Ostryna), мястэчка і двор васпана Зянковіча, старасты астрынскага, на поўдзень вялікая міля.

Баклажнікі (Baklazniki), карчма васпана Сцыпіёна, пры ёй руская (ўніяцкая) вёска, паміж поўднем і зімовым усходам паўтары мілі.

Баравыя (Borowce), адзін дом васпана Александровіча, на летні ўсход палова малой мілі.

Бараніха (Baranicha), васпана Ланеўскага, на зімовы ўсход адна вялікая міля

Баяры (Bojary), вёска Навадворскай плябані, на поўнач чвэрць мілі.

Бершты (Berszty), каралеўская вёска рускага (ўніяцкага) абраду, у якой знаходзіцца малая частка рымлян навадворскай парафіі, на мяжы Гарадзенскага павету знаходзіцца, на зімовы захад паўтары вялікія мілі.

Бярэзаўцы (Brzozawce) васпанства Пясецкіх, Стоцкіх, Сыруцяў, на зімовы ўсход ад касцёла Навадворскага адна міля.

Голдзішкі (Gaudziszki), фальварак і вёска васпана Александровіча, на летні ўсход адна вялікая міля.

Глінкаўшчына (Glinkowszczyzna), фальварак васпана Ліпніцкага, на летні ўсход вялікая міля.

Глыбокае (Glоbokie), васпанства Пратасевічаў, Александровічаў, Стацкевічаў, зімовы ўсход малая мерная міля.

Глыбокае (Glоbokie), двор і вёска руская (ўніяцкая) васпана Мікульскага, на зімовы захад палова вялікай мілі.

Грамкі (Hramki), вёска васпана Александровіча, старасты Васілішскага, на летні ўсход малая мерная міля.

Даўнароўшчына (Downarowszczyzna), фальварак васпана Прыбылоўскага, на летні ўсход адна вялікая міля.

Дубічы (Dubicze), фальварак і вёска яснавяльможнага пана Вільканца, на зімовы захад чвэрць малой мілі.

Замасцяны (Zamosciany), вёска руская (ўніяцкая) васпана Табанскага, належыць да каралеўшчыны і Васілішскага староства, у ёй некалькі рымскіх дамоў парафіі Навадворскай, на поўнач паўтары вялікія мілі.

Зеняпішы (Zieniapisze), двор васпана Даўгірда, на летні ўсход паўтары вялікія мілі.

Зеняпішы (Zieniapisze), фальварак васпана Стацэвіча, на летні ўсход паўтары вялікія мілі.

Зеняпішы (Zieniapisze), двор васпана Шастака, а летні ўсход паўтары вялікія мілі.

Зобы (Zobie), васпана Хруля, на поўнач палова вялікай мілі.

Зубрава (Zubrowo), каралеўская вёска, часткова руская (ўніяцкая), часткова рымская, на поўнач дзве вялікія мілі.

Кажамякі (Kozemiaki), фальварак васпана Нарбута, на зімовы ўсход палова малой мілі.

Казакі (Kozaki), вёска васпана Александровіча, старасты Васілішскага, на летні ўсход малая мерная міля.

Казакі (Kozaki), вёска васпана Шостака, паміж усходам і поўначчу адна вялікая міля.

Калеснікі (Kolesniki), вёска васпана Даўгірда, на летні ўсход паўтары мілі.

Кенпіна (Kеpina), карчма васпана Александровіча, старасты Васілішскага, на летні ўсход, малая мерная міля.

Кобраўцы (Kobrowce), двор, вёска і карчма васпана Нарбута, на поўдзень палова вялікай мілі.

Краснае (Krasna), два каралеўскія дамы, на поўнач палова малой мілі.

Кулеўцы (Kulowce), вёска і карчма васпана Зянковіча, старасты Астрынскага, на летні захад чвэрць мілі.

Кульбачына (Kulbaczyn), фальварак васпана Сцыпіёна, паміж зімовым усходам і поўднем паўтары вялікія мілі.

Куюцёўцы (Kujuciowce), фальварак карчма васпана Залескага, на летні ўсход малая мерная міля.

Лойбішкі (Lojbiszka), карчма васпана Нарбута, на поўдзень вялікая міля.

Малікоўцы (Malikowce), вёска васпана Ромера, старасты навадворскага, на поўдзень тысяча крокаў.

Малятычы (Malatycze), вёска і карчма васпана Зянковіча, абраду рускага (ўніяцкага), на зімовы ўсход малая міля.

Мацюкі (Maciuki), вёска васпані Пратасевіч і васпана Статкевіча, на зімовы ўсход вялікая міля.

Мікулішкі (Mikuliszki), вёска і карчма васпана Пірускага, на поўнач вялікая міля.

Мінюцёўка (Miniuciowka), фальварак васпана Ромера, старасты Навадворскага, на зімовы ўсход вялікая міля.

Новы Двор (Nowy Dwor), мястэчка і двор васпана Ромера, у якім касцёл парафіяльны ёсць кропкай, ад якой чыніцца гэтае апісанне, мястэчка належыць да староства Навадворскага, некалькі дамоў належаць плябані.

Няпраха (Niepracha), фальварак васпанства Гржымалаў, Стоцкіх, Сыруцёў, на зімовы ўсход вялікая міля.

Пескі (Piaski), васпанства Пясецкіх і Паморскіх, на поўдзень, палова вялікай мілі, там жа вёска і карчма васпана Вільканца.

Пілоўня (Pilownia), дом мельніка і карчмара васпана Мікульскага, на зімовы захад вялікая міля.

Плёткі (Plotki), фальварак яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча і вёска, якая належыць лоўчаству (паляўнічай гаспадарцы), на летні ўсход вялікая міля.

Прудзяны (Prudziany), вёска васпана Александровіча, на летні ўсход малая міля.

Пугачы (Puhacze), вёска васпана Александровіча, на зімовы ўсход палова малой мілі, там жа і фальварак васпана Нарбута.

Равятычы (Rewiatycze), фальварак, вёска і карчма васпана Пірускага, на поўнач чвэрць малой мілі.

Радзевічы (Rodziewicze), васпанства Радзевічаў і Няцецкіх, на летні ўсход чвэрць малой мілі.

Рачкоўшчына (Raczkowszczyzna), фальварак васпана Александровіча, суддзі земскага Лідскага, на летні ўсход малая міля.

Рынкаўцы (Rynkowce), вёска і карчма васпана Александровіча, на летні ўсход палова малой мілі.

Рыцялоўшчына (Rytelowszczyzna), васпанства Няцецкіх, на поўнач восемдзесят крокаў.

Сабакоўшчына (Sabakowszczyzna), васпана Тубялевіча, на поўдзень восемдзесят крокаў.

Савічы (Sawicze), вёска васпанства Гржымалаў, на зімовы ўсход вялікая міля.

Скелдычы (Skieldycze), вёска васпана Вільканца, на зімовы ўсход чвэрць малой мілі.

Скіпраўцы (Skiperowce), вёска васпана Даўгірда, на летні ўсход паўтары вялікія мілі.

Смаліха (Smolicha), ваколіца васпанства Няцецкіх, на поўнач палова малой мілі.

Старынкі (Starzynki), фальварак васпана Вамперскага, на поўдзень чвэрць малой мілі.

Сырні (Syrni), вёска і карчма васпана Стасевіча, на поўнач вялікая міля.

Таневічы (Taniewicze), вёска Навадворскага староства, на летні ўсход малая міля.

Ціхава (Cichоw), карчма васпана Зянкевіча, на поўдзень вялікая міля.

Шамякі (Szemiaki), васпанства Шамякаў і Тамковічаў, на поўнач вялікая міля.

Яхнавічы (Jachnowicze), васпанства Бараноўскага і Іхновічаў, на летні ўсход малая мерная міля.

2.

Ад касцёла парафіяльнага, суседнія касцёлы:

Дэмбраўскі касцёл парафіяльны, у тым жа дэканаце і павеце, на землях васпана Тышкевіча, падскарбія, на поўдзень тры мілі.

Ляцкі касцёл парафіяльны, у тым жа дэканаце і павеце, на землях васпанаства Скіндараў, на зімовы ўсход дзве з паловай вялікія мілі.

Мерачскі касцёл парафіяльны, у Сімненскім дэканаце і Троцкім павеце, на летні захад восем міль.

Васілішскі касцёл парафіяльны, у тым жа дэканаце і павеце, на землях васпана Александровіча, у старостве Васілішскім, на ўсход тры мілі.

Забалацкі касцёл парафіяльны, у тым жа дэканаце і павеце, на землях васпанства Длускіх, на летні ўсход тры мілі.

3.

Парафіяльныя ўніяцкія цэрквы ў межах Навадворскай парафіі:

Глыбоцкая парафіяльная царква , на землях васпана Мікульскага, на зімні захад палова вялікай мілі.

Астрынская парафільная царква , на землях васпана Зянковіча, старасты астрынскага, на поўдзень вялікая міля.

Сабакінская парафіяльная царква , на землях васпана Янкоўскага, на поўнач паўтары вялікія мілі.

4.

Значнейшыя гарады каля Навадворскага касцёла:

Гародня , горад сеймавы, на рацэ Нёман, на зімні захад восем міль.

Ліда , судовы горад, на летні ўсход восем міль.

5.

Дарога на Гародню з Новага Двар а няроўная, балоцістая, пясчаная, масты і грэблі дрэнныя.

Дарога да Ліды камяністая, пясчаная, месцамі балоцістая.

З Новага Двара да Гародні летняя дарога шаснаццаць гадзін язды, узімку дзевяць.

Да Ліды , летняя дарога шаснаццаць гадзін язды, узімку восем.

6.

Вялікае возера Берштанскае на мяжы парафіі Навадворскай, у Гарадзенскім павеце, шырынёй да трох геаметрычных шнуроў, даўжынёй каля чвэрці мілі, пачынаецца з балот Берштанскай пушчы, ад касцёла парафіяльнага Навадорскага на зімовы захад паўтары вялікія мілі.

Возера Мілева васпана Мікульскага, шырынёй два шнуры, даўжынёй чатыры шнуры, на летні захад вялікая міля.

Возера Паўхова , недалёка ад Навадворскага староства васпана Ромера, шырынёй тры шнуры, даўжынёй шэсць, на летні захад вялікая міля.

Возера Карпавае , належыць Навадворскаму староству васпана Ромера, шырынёй тры шнуры, даўжынёй шэсць, знаходзіцца там жа, дзе і папярэдняе.

Малое возера васпана Пірускага , на поўнач чвэрць малой мілі.

Возера Чортавае , малое, належыць плябані Навадворскай, знаходзіцца там жа, дзе і папярэдняе.

Багна каля ракі Нявішы , цягнецца з гразкага гаю (на летні ўсход) праз усю Навадворскую парафію на тры мілі, шырыня ў розных месцах розная, але месцамі да мілі, у іншых на палову мілі ці на чвэрць мілі.

Малыя балоты бываюць каля кожнай вёскі, назваў не маюць, з іх пачынаюцца наступныя рэчкі і крыніцы:

Рака Нявіша пачынаецца ў Васілішскай парафіі, цячэ за некалькіх сотняў крокаў каля фальварка васпана Саткоўскага, далей цячэ на летні ўсход за некалькі дзесяткаў крокаў ад фальварка васпана Александровіча, Лідскага земскага суддзі, тут ёсць добрая грэбля, але мост дрэнны, улетку бяспечны, але ўвесну, калі вялікая вада, нявыгадны, далей рака цячэ за некалькі дзесяткаў крокаў ад фальварка Кажамякі васпана Нарбута, за некалькі сотняў крокаў ад вёскі Пугачы на зімовы ўсход, адтуль балотамі, дзе ёсць брод пад назвай Прут. Далей гэтая рака праз балоты, лясы прыцякае да каралеўскай вёскі Краснае, якая знаходзіцца на поўначы, дзе цераз раку ёсць пераправа па надта дрэнным мосце да рускай (уніяцкай) вёскі Якубавічы, і там жа ёсць пераправа па вельмі небяспечным мосце. Адтуль рака цячэ балотамі, лясамі пушчай аж да Пілоўні, дзе ёсць карчма васпана Мікульскага і дрэнны мост, адсюль паварочвае на зімовы захад, і тут жа пачынаецца каралеўская пушча, рака далей цячэ на зімовы захад і ўліваецца ў Котру.

Рака Котра , свой пачатак бярэ з Дубіцкіх азёраў і балотаў, якія ляжаць на поўначы. Цячэ на поўнач каля вёскі Зубрава праз балоты працягласцю некалькі міль і каралеўскай пушчай да вёскі Бершты на зімовы захад, тут ёсць добры мост, і тут па рацэ праходзіць мяжа паміж Лідскім і Гарадзенскім паветам, па рацэ могуць плыць толькі плыты.

Рака малая, Навадворская , пачынаецца з малых балотаў і крыніц на поўдні, цячэ каля фальварка Старынкі і там мае брод, пры гэтым бродзе з аднаго боку грэбля, далей рэчка цячэ балотамі, зараслямі за некалькі дзесяткаў крокаў ад фальварка Сабакоўшчына і тут зноў мае дрэнны брод, з гэтага месца цячэ цераз балота і зараслі за некалькі дзесяткаў крокаў ад мястэчка Новы Двор, дзе таксама ёсць брод. Пасля броду ўпадае ў Навадворскі стаў і пасля ставу цячэ цераз балота, зараслі і на поўначы ўпадае ў Нявішу.

Рака малая Кульбачынка , пачынаецца на зімовым усходзе, выцякае з балот каля Бярэзаўцаў, цячэ каля фальварка Кульбачына, праз чвэрць малой мілі ўпадае ў Астрынку, у кірунку паміж поўднем і зімовым усходам.

Рака Астрынка , пачынаецца з астрынскіх балот і лясоў на поўдні, цячэ каля двара і мястэчка Астрына, дзе ёсць мост, добрая грэбля, адтуль цячэ да Ціхава ставу, потым праз лес і пушчу да ставу Крупічоўшчына, дзе ёсць грэбля і добры мост, адтуль цячэ цераз балоты і пушчу і ўпадае ў раку Котру на зімовым захадзе.

Рака Кобраўка , пачынаецца з балот і крыніц на зімовым усходзе, плыве за некалькі дзесяткаў крокаў ад вёскі і двара Кобраўцы, дзе ёсць камяністы і балоцісты брод, далей цячэ пятляючы, і на рацэ ёсць мост і добрая грэбля, адтуль да става Лойбішкі, дзе таксама ёсць добры мост і грэбля, і далей упадае ў раку Астрынку.

Крыніца за некалькі сотнях крокаў ад той жа ракі Кобраўкі, на шляху з ваколіцы Пяскі да Лойбішкаў мае нявыгадны брод.

Рака Нявішка , малая і нешырокая, пачынаецца на зімовы ўсход з лясоў і крыніц, цячэ за некалькі дзесяткаў крокаў ад фальварка Няпраха васпана Гржымалы, адтуль да фальварка Мінюцёўка, дзе ёсць нявыгадны брод, з таго месца цячэ да вёскі Малятычы, дзе балоцісты і камяністы брод, далей цячэ праз фальваркі Глыбокае васпанства Пратасевічаў і Статкевічаў, і тут зноў ёсць мост і нявыгадны брод, далей цячэ на летні ўсход і ўпадае ў большую раку Нявішу.

Рака Ліхачоўка , выцякае з лесу і крыніц на зімовы ўсход, працякае за некалькі дзясятках крокаў ад ваколіцы Радзевічы, тут ёсць добрыя мост і грэбля, далей рэчка цячэ за некалькі дзясяткаў крокаў ад вёскі Рынкаўцы на летні ўсход, каля гэтай вёскі ёсць брод без пераезду, потым рака цячэ балотамі, пушчай і ўпадае ў Нявішу на ўсходзе летнім.

Рэчка Лакаўка , выцякае з малых балот на летнім усходзе, цячэ каля вёскі Таневічы, дзе ёсць нявыгадны мост, потым на поўнач, балотамі і праз палову мілі ўпадае ў Нявішу.

Рэчка Куюцёўка пачынаецца на летні ўсход з малых балот Голдзішскіх, цячэ каля фальварка Яхновічы, там ёсць сажалка, далей цячэ каля вёскі Грамкі да Кулёўцаў, дзе ёсць брод, адтуль цераз балота цячэ да вёскі Прудзяны, потым цераз балота, лес і каля вёскі Таневічы, на летні ўсход, упадае ў рэчку Лакоўку.

Рэчка Зеняпіша , пачынаецца на летні ўсход ад крыніц, цячэ каля фальварка Зеняпішы васпана Даўгірда, тут ёсць малы невыгодны масток (і тут заканчваецца парафія Навадворская і пачынаецца парафія Забалацкая), далей цячэ за некалькі дзесяткаў крокаў ад фальварка Зеняпішы васпана Шостака, тут ёсць грэбля і добры мост, потым цячэ каля фальварка Зеняпішы васпана Стасевіча, тут ёсць брод камяністы і балоцісты, потым рэчка працякае каля вёска Бацэвічы і Сырні, тут ёсць дрэнны брод, адтуль балотамі і лясамі цячэ на поўнач і ўпадае ў Нявішу.

Крыніца каля фальварка Равятычы на поўначы, выцякае з балотаў і стварае нявыгадны брод.

Малы стаў васпана Сцыпіёна , падстолія Літоўскага, на рацэ Кульбачынка, на зімовы ўсход ад касцёла парафіяльнага Навадворскага паўтары мілі.

Малы стаў пры двары старасты Астрынскага на рацэ Астрынка, дзе і знаходзіцца канал, на поўдзень адна вялікая міля.

Стаў Ціхава на рэчцы Астрынка на поўдзень адна вялікая міля.

Стаў Лойбішкі васпана Нарбута на рацэ Кобраўка, на поўдзень вялікая міля.

Стаў Крупічоўшчына на рацэ Астрынка, на зімовы захад вялікая міля.

Два малыя ставы васпана Мікульскага , за некалькіх дзесяткаў крокаў ад двара Глыбокае і там жа адна сажалка, зімовы захад.

Стаў Навадворскі на рацэ Навадворцы, на летні ўсход за некалькі дзясяткаў крокаў ад Навадворскага двара, некалькіх сотнях крокаў ад касцёла, там жа і дзве сажалкі.

Стаў васпана Прыбылоўскага з крыніцы, якая пачынаецца у гразкім лесе, на летні ўсход вялікая міля.

Стаў васпана Пратасевіча , пад назвай Мітвіца , на малой рацэ Нявіша, на зімовы ўсход тры чвэрці мілі.

Стаў васпана Шостака на рацэ Зеняпішка, на летні ўсход паўтары вялікія мілі.

7.

Лясы. У парафіі Навадворскай болей лясоў, чым адкрытага поля, бо ўсе вёскі атачае лес, у якім ёсць рознае дрэва розных гатункаў: бяроза, дуб, сасна, елка, вольха, ліпа, граб. Большы лес расце на летнім захадзе, ён пачынаецца за некалькі сотняў крокаў ад касцёла парафіяльнага і цягнецца аж да Пілоўні, тут растуць розныя дрэвы, у тым ліку годныя да будоўлі, гэты лес злучаецца з каралеўскай Берштанскай пушчай .

8.

Млыны ў парафіі:

Млын васпана Сцыпіёна на рацэ Кульбачынка.

Млын васпана Зянковіча на рацэ Астрынцы ў Астрыне.

Другі млын таго ж пана на той жа рацэ ў Ціхаве.

Млын васпана Ромера , пад назвай Крупячоўшчына , з валюшам на той жа рацэ Атрынцы.

Млын васпана Нарбута на рацэ Кобраўка, пад назвай Лойбішкі , з валюшам.

Млын васпана Пратасевіча , пад назвай Мутвіца .

Млын васпана Прыбылоўскага , над назвай Мазёўка .

Млын васпана Ромера ў Новым Двары, каля двара.

Млын васпана Мікульскага ў Глыбокім, каля двара.

Млын васпана Шостака ў Зеняпішах, каля двара.

Млын васпана Мікульскага ў Пілоўні, пусты.

9.

Партыкулярныя дарогі ў парафіі згодна з даўжынёй апісваюцца так:

Дарога да Забалаці , дзе ёсць касцёл парафіяльны і тракт да Вільні, пачынаецца ад касцёла парафіяльнага Навадворскага і вядзе на летні ўсход, ідзе праз мястэчка Новы Двор, пераехаўшы цераз брод раку Навадворку дарога ідзе да вёскі Пугачы і фальварка Кажамякі, пасля іх просты гасцінец ідзе адкрытым полем, потым цераз грэблю і добры мост цераз раку Ліхачоўку, ад ракі па правай руцэ за некалькіх дзесяткаў крокаў ваколіца Радзевічы, а за некалькі сотняў крокаў вёска Рынкаўцы, па правым баку за некалькі дзясяткаў крокаў цягнецца лес, далей дарога ідзе цераз поле і малыя зараслі да броду пад назвай Нявішны стаў, тут па левай руцэ за некалькі сотнях крокаў бачны адзін дом Баравы, выехаўшы з броду, дарога ідзе ўправа адкрытым полем, потым часткова зараслямі да вёскі Бакшты, дзе заканчваецца парафія Навадворская, з гэтай вёскі цераз поле і зараслі дарога ідзе прама да касцёла парафільнага і мястэчка Васілішкі, адтуль ёсць гасцінец і да Ліды, а ўлева ад броду пад назвай Пруд, да вёскі Таневічы, праз лес і часткова полем вядзе прамы гасцінец, далей праз балоцісты лес дарога вядзе да карчмы Кенпіна васпана Александровіча, ад гэтай карчмы бачна вёска Грамкі па правай руцэ за некалькі сотняў крокаў, а праз чвэрць малой мілі ваколіца Яхнавічы, фальварак і вёска Гудзішкі, ад карчмы Кемпіна, па левую руку, праз выган і брод Куюцёўскі, каля самай карчмы куюцёўскай па левай руцэ за некалькіх сотняў крокаў вёска Прудзяны, а за некалькі дзесятках крокаў вёска і фальварак Казакі, ад гэтай вёскі прамы гасцінец, які ідзе болей лесам, чым полем, вядзе да карчмы васпана Нарбута ў Хадзілонях, дзе і заканчваецца парафія Навадворская.

Дарога да Ляцка , дзе ёсць касцёл парафіяльны, на зімовы ўсход праз мястэчка Новы Двор, потым адкрытым полем да броду цераз рэчку Навадворку, пераехаўшы яе, па правым баку за некалькі дзясяткаў крокаў будзе фальварак васпана Тубілевіча Сабакоўшчына, а па левай руцэ за некалькі дзясятках крокаў вёска Мілікоўцы, потым прама, праз поле, грэблю і добры мост дарога ідзе да броду цераз тую ж рэчку Навадворку за некалькі крокаў ад фальварка Старынкі васпана Вамперскага (па правым баку, каля самай дарогі), там жа па левым баку два дамы, калі ехаць па дарозе далей, па правай руцэ за некалькі крокаў фальварак Дубічы васпана Вільканца, а па левым баку лес засланяе вёску Скелдычы, якая таму ж фальварку належыць, праехаўшы адкрытае поле, дарога ўваходзіць у лес, дзе па левай руцэ за некалькі сотняў крокаў будзе ўніяцкая вёска Курылаўцы, далей праз балоцісты лес, пясчанае поле, выган, які ўвесну мокры, да карчмы і вёскі ўніяцкай Кобраўцы, з вёскі выехаўшы, адразу балоцісты і камяністы брод рэчкі Кобраўкі, па левай руцэ за некалькі дзясяткаў крокаў другая частка вёскі Кобраўцы і карчма, па правай руцэ за некалькі сотняў крокаў двор Кобраўцы васпана Нарбута, з таго ж боку за чвэрць малой мілі ваколіца Пяскі васпанства Пясецкіх і далей прама праз поле, зараслі, грэблю і цераз два масткі дарога ідзе да Астрыны, мястэчка васпана Зянковіча. Уехаўшы ў мястэчка цераз брод, потым цераз мост і грэблю да карчмы, якая стаіць каля самага рынку, адсюль, па левую руку цераз мост і грэблю каля млына, далей каля царквы і прама на вёску Баклажнікі да фальварка Кульбачына васпана Сцыпіёна, дзе заканчваецца парафія Навадворская. Ад астрынскай карчмы, праехаўшы рынак будзе ўправа гасцінец да Гародні, выехаўшы з Астрыны, дарога вядзе прама да Дэмбрава, дзе ёсць касцёл парафіяльны.

Дарога да Мерачы , дзе ёсць касцёл парафіяльны, на летні захад ад касцёла Навадворскага, выехаўшы ўправа вуліца берштанская выводзіць з мястэчка, потым праз поле і густы лес, праз нявыгадныя масты да вёскі і двара Глыбокае, праехаўшы ўправа некалькі дзясяткаў крокаў да могілак і капліцы, далей некалькі сотняў крокаў прама полем да Рыцялоўшчыны васпана Няцецкага, адтуль прама некалькі сотняў крокаў да вёскі плябанскай Баяры, тут ад капліцы ўлева цераз поле і невялікі мост, далей ізноў полем, тут управа будзе карчма ў Пілоўні і пусты млын васпана Мікульскага, адсюль па правай руцэ бачна вёска Савічы, з Пілоўні прама праз масткі і грэблю каля млына дарога ўваходзіць у пушчу, дзе дарога пясчаная, тут па левую руку бачны домік стражніка, далей праз добры мост да каралеўскай вёскі Бершты, дзе і заканчваецца Лідскі павет і парафія Навадворская.

Наша парафія ўваходзіць у Лідскі павет і з аднаго боку мяжуе з Гарадзенскім паветам, Лідскі павет ад Гарадзенскага аддзяляе рака Котра.

Гэта апісанне маёй парафіі подпісам уласнай рукі падцвярждаю, кс. Мікалай Эйсмант , плябан Навадворскі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX