Вярнуцца: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Парафія Ражанкаўская


Дадана: 11-11-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 63.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка, 2004)

Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша

1.

Касцёл парафіяльны ў мястэчку Ражанка , у павеце і дэканаце Лідскім, вёскі і мястэчкі гэтай парафіі згодна з алфавітам:

Бабічы (Babicze), вёска васпанства Марачэўскіх, паміж усходам і поўднем ад касцёла парафіяльнага вялікая міля, ritus graeci (ўніяцкая).

Багушоўшчына (Bohuszowszczyzna), фальварак васпана Паца, на ўсход палова мілі.

Багушоўшчына (Bohuszowszczyzna), вёска таго ж фальварка, там жа, ritus graeci (ўніяцкая).

Балічы (Balicze), два малыя двары васпанства Краснікаў, на поўдзень палова малой мілі.

Балічы (Balicze), вёска тых жа васпанства Краснікаў, дзе ёсць падданая і іншых ягамосцяў, на поўдзень палова мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Белагорцы (Białohorce), вёска васпана Паца, паміж усходам і поўднем паўтары мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Быкаўка (Bykowszczyzna), васпана Андрэйкавіча, на поўдзень тры чвэрці мілі.

Вароніжкі (Woroniszki), вёска васпанства Жабаў, паміж усходам і поўднем міля, ritus graeci (ўніяцкая).

Верблікі (Wierzbliki), вёска васпана Паца, на летні захад палова мілі.

Галаўнічы (Hołownicze), вёска васпанства Камінскіх, на поўнач палова мілі.

Гірдзееўка (Gierdziejówka), фальварак васпанства Сідаровічаў на поўнач чвэрць вялікай мілі.

Гірдзееўка (Gierdziejówka), вёска тых жа і там жа.

Глушкі (Hłuszki), вёска васпана Паца, на зімовы ўсход тры чвэрці мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Давідкі (Dawidki), вёска васпана Паца, на зімовы ўсход паўтары мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Даліна (Dolina), вёска васпана Паца, на поўнач чвэрць мілі.

Дэражна (Derażna), фальварак васпана Паца, паміж усходам і поўднем паўтары мілі.

Дэражанка (Derażenka), фальварак васпанства Макрэцкіх, там жа.

Доўклеўшчына (Douklowszczyzna), фальварак васпана Паца, на зімовы захад палова мілі.

Доўклеўшчына (Douklowszczyzna), вёска таго ж васпана Паца, там жа.

Заполле (Zapole), вёска Яго Каралеўскай Мосці, на захад чвэрць малой мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Заполле (Zapole), фальварак васпана Паца, паміж усходам і поўднем палова чвэрці мілі.

Зданоўцы (Zdanowce), фальварак васпанства Сангайлаў, на поўдзень палова мілі.

Зданоўцы (Zdanowce), вёска тых жа і там жа, ritus graeci (ўніяцкая).

Карпейчыкі (Karpejczki), вёска васпанства Сагнайлаў і васпанства Хмялеўскіх, на поўдзень палова мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Клімаўшчына (Klimowszczyzna), вёска васпана Паца, на поўнач палова малой мілі.

Краснікі (Kraśniki), ваколіца, на поўдзень палова мілі.

Крышылкі (Kryszyłki), вёска васпана Паца, на поўдзень чвэрць вялікай мілі.

Крупава (Krupa), вёска васпанства Жабаў, на поўдзень чвэрць вялікай мілі.

Лагады (Łahody), ваколіца і вёска, на ўсход адна міля.

Малявічы (Malewicz e), вёска васпана Паца, на захад палова мілі.

Макрэц (Mokrzec), двор васпанста Макрэцкіх, паміж усходам і поўднем тры чвэрці мілі.

Макрэц (Mokrzec), фальварак васпана Прастынскага, паміж усходам і поўднем палова вялікай мілі.

Макрэц Лапатаўскі (Mokrzec łopatowski) васпанста Бразоўскіх, паміж усходам і поўднем палова вялікай мілі.

Марачоўшчына (Moraczewszczyzna), фальварак васпанста Макрэцкіх, паміж усходам і поўднем вялікая міля.

Мардасы (Mordasy), вёска васпанства Жабаў, на зімовы ўсход палова мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Міцары (Micary), вёска васпана Паца, на поўнач вялікая міля.

Новікі (Nowiki), вёска васпанства Жабаў і Андрэйкавічаў, паміж усходам і поўднем тры чвэрці мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Павалока (Powłoka), вёска васпана Паца, паміж поўднем і захадам палова мілі.

Падбабры (Podbobra), паміж усходам і поўднем чвэрць мілі.

Падгайнікі (Podhajniki), вёска васпанства Камінскіх, на ўсход сонца палова мілі.

Падражанка (Podrożanka), вёска васпана Паца, паміж поўднем і захадам чвэрць мілі.

Перакоп (Perekop), вёска васпанства Марачэўскіх, дзе знаходзіцца паром цераз Нёман, паміж усходам і поўднем паўтары мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Ракавічы (Rakowicze), двор і царква васпанства Макрэцкіх, паміж усходам і поўднем тры чвэрці мілі.

Ракавічы (Rakowicze), вёска тых жа і там жа, ritus graeci (ўніяцкая).

Раманавічы (Romanowicze), ваколіца, паміж усходам і поўднем міля.

Ратулаўшчына (Ratułowszczyzna), шляхта, на зімовы ўсход сонца тры чвэрці мілі.

Рачніцкія (Rącznickie), ваколіца, на зімовы ўсход сонца палова мілі.

Русакі (Rusaki), вёска васпанства Жабаў, паміж усходам і поўднем вялікая міля, ritus graeci (ўніяцкая).

Руткевічы (Rotkiewicze), двор васпанства Камінскіх, на поўнач палова мілі.

Ручыцы (Ruczyce), вёска васпана Паца, на зімовы ўсход тры чвэрці мілі.

Рымкі (Rymki), вёска васпана Паца, на зімовы ўсход паўтары мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Сарокі (Soroki), вёска васпана Паца, на зімовы ўсход паўтары мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Сухары (Suchary), вёска васпанства Макрэцкіх, на зімовы ўсход тры чвэрці мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Сямягі (Siemiahy), вёска васпанства Марачэўскіх, на зімовы ўсход палова вялікай мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Сямянкі (Siemienki), вёска васпанства Макрэцкіх, на зімовы ўсход тры чвэрці мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Турэйск (Turejsk), вёска васпанства Макрэцкіх, дзе ёсць царква, паміж усходам і поўдем паўтары мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

Тур'я (Turia), фальварак васпана Паца, на поўнач міля.

Тур'я (Turia), вёска таго ж і там жа.

Уніхоўшчына (Unichowszczyzna), двор васпана Марачэўскага, паміж усходам і поўднем вялікая міля.

Хільчыцы (Chylczyce), два двары васпанства Жабаў, паміж усходам і поўднем палова мілі.

Хільчыцы (Chylczyce), малы двор васпанства Хмялеўскіх, там жа.

Хільчыцы (Chylczyce), вёска вышэйназваных двароў, там жа.

Церахі (Cierechy), вёска васпанства Макрэцкіх, паміж усходам і поўднем вялікая міля, ritus graeci (ўніяцкая).

Чарнякі (Czerniaki), вёска васпанства Бразоўскіх, на поўдзень тры чвэрці мілі, ritus graeci (ўніяцкая).

2.

Ад касцёла парафіяльнага, суседнія касцёлы:

Жалудок , касцёл парафіяльны, у павеце і дэканаце Лідскім, на землях яснавяльможнага пана Тызенгаўза, старасты падскрабія, на ўсход сонца дзве вялікія мілі.

Ішчална , касцёл парафіяльны, у тым жа павеце і дэканаце, на землях васпанства Валяў, на летні ўсход дзве вялікія мілі.

Каменка , касцёл парафіяльны, у Гарадзенскім павеце, дэканаце Лідскім, на землях яснавяльможнага пана Тызенгаўза, падскрабія надворнага, на захад сонца дзве мілі.

Масты (цяпер Правыя Масты ), касцёл парафіяльны, у Гарадзенскім павеце, дэканаце Ражанскім, на землях Яго Каралеўскай Мосці.

Шчучын , касцёл парафіяльны ксяндзоў піяраў, у павеце і дэканаце Лідскім, у добрах яснавяльможнага пана Сцыпіёна, падстолія ВКЛ, міля на поўнач.

3.

Значных гарадоў паблізу няма, да Вільні васемнаццаць міль, да Гародні дзевяць міль, да Ліды восем міль. Вільня ляжыць на поўнач, Гародня - на летні захад, Ліда - на поўнач.

4.

Дарога з Ражанкі да Вільні не ў лепшым стане, ідзе палямі і тут камяністая, па лясах няроўная, ідзе больш лясамі, чым палямі, па яе ходзе два перавозы, абодва знаходзяцца на поўнач ад касцёла, першы за чатыры мілі на рацэ Лебядзе, на землях васпана Горскага, кашталяна Жмудскага, другі за шэсць міляў на рацэ Дзітве, у Мыто, на землях васпана Паца.

Дарога да Гародні вельмі добрая, роўная, ідзе палямі, перавозаў не мае акрамя аднаго маста, каторы за пяць міляў на рацэ Котры, у землях Яго Каралеўскай Мосці, пад Гародняй ёсць горы, але яны не шкодзяць, бо дарога выпраставаная і гладкая.

Дарога да Ліды розная, камяністая і пясчаная, маюцца перавозы, пра якія напісаў вышэй пры апісанні Віленскай дарогі, ідзе болей полем, чым лесам.

5.

Азёраў ніякіх, гразяў і балот няма. Васпан Пац на рацэ Тур'я, якая цячэ ад поўначы на поўдзень, мае чатыры ставы. Першы за адну мілю на поўнач, другі каля касцёла за трыста крокаў на захад, трэці каля двара за тысячу крокаў у кірунку паміж поўднем і захадам, чацвёрты праз палову мілі так жа паміж поўднем і захадам.

Ставаў на рацэ малой Свенціцы тры. Першы ў Ракавічах васпанства Макрэцкіх , паміж поўднем і ўсходам за тры чвэрці мілі, другі васпанства Марачэўскіх , паміж усходам і поўднем праз мілю, трэці васпанства Жабаў у Русаках, на поўдзень вялікая міля.

Стаў адзін у Варонішках васпанства Жабаў , з крыніц на поўдні.

6.

Лесу ў парафіі няма, апрача двух гаёў васпана Паца , адзін сасновы, здатны для будоўлі, знаходзіцца паміж поўднем і захадам праз палову мілі, другі, бярозавы, на захадзе таксама праз палову мілі.

7.

Млыны ёсць пры ўсіх вышэй апісаных ставах.

8.

Дарогі партыкулярныя і публічныя тракты.

Дарога да Ішчалны , яна ж і тракт ад Ражанкі да Вільні, пачынаецца ад касцёла парафіяльнага, ідзе на летні ўсход вялікую мілю адкрытым полем, камяністая, другая міля ідзе лесам васпанства Валяў да Ішчалны. Вёсак, корчмаў, балотаў, рэкаў на гэтай дарозе няма.

Дарога да Каменкі ідзе адкрытым полем, уся камяністая, праз мілю ёсць карчма Каровічы , дзе стаў і млын васпана Тызенгаўза, падскрабія надворнага ВКЛ, адтуль далей дарога выпраставана, вельмі добрая і аж да Каменкі няма ні вёсак, ні корчмаў.

Дарога да Мастоў (цяпер Правыя Масты ), дзе ёсць касцёл парафільяны, у кірунку паміж поўднем і захадам, праз дзве мілі па ходу ляжаць дзве вёскі, першая Патокі праз палову мілі ад Ражанкі, другая Мількаўшчына - праз мілю, належыць Яго Каралеўскай Мосці. Дарога да Мастоў ідзе адкрытым полем і досыць сухая.

Дарога да Шчычына , дзе ёсць парафіяльны касцёл ксяндзоў-піяраў, на поўнач, праз мілю ад Ражанкі. Дарога вельмі добрая, бо ад Ражанкі і да Шчучына выпраставана і ідзе полем міма вёсак.

Дарога да Жалудка , дзе знаходзіцца касцёл парафіяльны, на ўсходзе дзве вялікія мілі. Дарога дрэнная, бо ад Ражанкі на працягу вялікай мілі аж да карчмы ў вёсцы Доўгае , камяністая і крывая, ад гэтай карчмы праз палову мілі дарога выбоістая і ідзе праз зараслі, другую палову мілі ідзе адкрытым полем і таксама камяністая, вялікіх балот і рэк па ходу няма.

Парафія Ражанская цалкам ляжыць у павеце Лідскім , аднак мяжуе з Гарадзенскім паветам на захадзе, праз палову мілі і праз палову мілі паміж поўднем і захадам.

Гэтае апісанне маёй парафіі подпісам уласнай рукі падцвердзіў ксёндз Мацей Бараноўскі , плябан Ражанскі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX