Вярнуцца: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Парафія Жырмунская


Дадана: 20-07-2014,
Крыніца: Лідскі Летапісец №1(65)-2014.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка)

(Пераклад Леаніда Лаўрэша.)

1.

Касцёла няма, замест яго шопа ў мястэчку Жырмунах , якія знаходзяцца ў Лідскім павеце і дэканаце, вёскі і мейсцы, якія да гэтай парафіі належаць, згодна з алфавітам:

Ажэлішкі (Ożeliszki), за ракой Дзітвой, два фальваркі, за перавозам яснавяльможнага пана Адамовіча, рэгента земскага Лідскага (гродскі суддзя - Л.Л.), з вёскай Ажэлішкі, на захад міля.

Баранаўшчына (Baranowszczyzna), васпанства Прэнзінскіх, паміж усходам і поўднем спорая міля ад касцёла.

Бенкавічы (Bienkiewicze), ваколіца шляхты, паміж поўднем і захадам у дыстанцыі да касцёла адна міля.

Бялевічы (Bieliewicze), вёска ягамосцяў князёў Радзівілаў, экс-падкаморых Літоўскіх, паміж усходам і поўднем тры чвэрці мілі ад касцёла.

Бярнуці (Biernucie), вёска тых жа ягамосцяў князёў, у тым жа кірунку тры чвэрці мілі ад касцёла.

Вялікае Сяло (Wielka Wioska), ягамосцяў князёў, на поўдзень чвэрць мілі.

Габраловічы (Gabriałowicze), ваколіца шляхты, паміж поўднем і захадам спорая міля.

Ганцавічы (Hancewicze), ваколіца шляхты, паміж поўднем і захадам праз спорую мілю.

Гератанцы (Geratuńce), вёска ягамосцяў князёў Радзівілаў, на захад праз палову мілі.

Гервянікі (Gierwieniki), фальварак ягамосцяў князёў у арэндзе васпанства Гасцэвічаў, паміж усходам і поўднем лёгкая міля ад касцёла.

Гудэлі (Gudele), вёска, што належыць радунскаму староству, паміж поўднем і захадам паўтары мілі ад касцёла, над ракой Дзітва.

Дзеякі (Dziejaki), вёсачка ягамосцяў князёў Радзівілаў, экс-падкаморых Літоўскіх, паміж усходам і поўднем лёгкая міля.

Жырмуны (Żyrmuny), мястэчка ў арэндзе яснавяльможных ягамосцяў князёў Радзівілаў, на поўдні.

Жырмунка (Żyrmunki), фальварак тых жа яснавяльможных ягамосцяў князёў Радзівілаў, на захад чвэрць лёгкай мілі.

Два двары: адзін мураваны палац, каля гэтага палаца мураваная афіцына, дзве іншыя драўляныя афіцына атынкаваныя. Другі двор эканомскі, гаспадарскі з гумнамі, лядоўнямі, вазоўнямі, пад імі мураваныя склепы. Абора драўляная. Стайня фабрычная пры гумне, трошкі ў поле ветраны млын, які не меле. Ідучы ад эканамічнага двара, па правай руцэ статуя лідскага Рафала на мураваным слупе, па левай руцэ драўляныя кашары з мураванымі слупамі пастаўленыя для прыслугі і розных рамеснікаў. Тут жа пры кашарах знаходзіцца вялікая аўстэрыя з рознымі выгодамі, насупраць яе знаходзіцца драўлянае з мураванымі слупамі збожжасховішча, пад ім мураваныя склепы і лядоўня.

Мураваны двор з аднаго боку акапаны ровам стаіць над ставам. На гэтым ставе мураваны двухпавярховы млын, вакол млына дрэвы.

Мураваны бровар з усімі выгодамі, за ім будынак з усімі выгодамі для пратачак. Ідучы да бровара, каля двара альховы гай які мае назву Мамоўшчына, тут у прыгожым месцы, у перспектыве бачны мураваны агароджаны палац, у якім розныя выгоды: кухня, студня і г.д., у гэтым жа гайку чатыры драўляныя замкі: адзін для княжат, другі для князя-палкоўніка, трэці для яснавяльможнага пана шамбеляна Шышкі, чацвёрты для бургграфа. Павярнуўшыся ад двара, па правай руцэ бачны ... мураваны з усімі выгодамі. ... за ім сені, на гары будка, па левым баку бачна другая перспектыва: альтанка на два паверхі фарбаваная зялёнай фарбай, далей рэчка, адкуль вада з крыніц паступае да студні пад кухняй.

Каварыкі (Kawaryszki), вёска ягамосцяў князёў, пры тракце з Жырмун да Вільні, на захад чвэрць мілі.

Квяткоўшчына (Kwiatkowszczyzna), вёска ягамосцяў князёў Радзівілаў, на захад тры чвэрці мілі.

Коўкі (Kowki), вёска ягамосцяў князёў Радзівілаў, на поўдзень спорая міля.

Круповічы (Krupowicze), ваколіца шляхты, паміж поўднем і захадам міля.

Кульпы (Kulpy), ваколіца шляхты, паміж поўднем і захадам міля.

Курміны (Kurminy), ваколіца шляхты, паміж поўднем і захадам міля.

Мажэйкаўшчына (Możejkowszczyzna), фальварак ягамосцяў князёў Радзівілаў, на захад сонца тры чвэрці мілі.

Мендрыкоўшчына (Mędrykowszczyzna), васпанства Тубялевічаў, паміж поўначчу і ўсходам чвэрць мілі.

Мілевічы (Milewicze), вёска ягамосцяў князёў, за ракой Дзітва, за перавозам, паміж поўднем і захадам спорая міля.

Наркуны (Narkuny), вёска Радунскага староства, паміж поўднем і захадам міля.

Норнішкі (Norniszki), ваколіца шляхты, паміж поўднем і захадам паўтары мілі.

Петкаўшчына (Pietkowszczyzna), двор ягамосцяў князёў Радзівілаў у арэндзе шамбеляна Шышкі, паміж захадам і поўначчу палова мілі.

Рэксці (Rexcie), фальварак васпанства Суркантаў, у тым жа кірунку і дыстанцыі.

Рэксці (Rexcie), два фальваркі, адзін яснавяльможнага пана Мацея Тубялевіча, чашніка Дэрб., другі васпана Казіміра Тубялевіча і васпана Казіміра Куйця, на поўдні палова мілі.

Сакалы (Sokoly), ваколіца шляхты з двух бакоў віленскага тракта, на поўнач міля.

Сарокі (Soroki), плябанскі фальварак, чвэрць мілі ад касцёла на ўсход.

Сарокі (Soroki), там жа, ваколіца шляхты васпанства Ганцавічаў і Кербядзёў, там жа два селяніны, якія належаць фальварку плябанскаму Сарокі.

Скаўроды (Skowrody), вёска, якая належыць Жырмунскай плябаніі, на ўсход тысяча крокаў ад касцёла.

Скопы (Skopy), ваколіца Вільбікаў, на поўдзень міля.

Стацевічы (Stecewicze), ваколіца, дзе жыве шляхта, на поўдзень адна міля.

Стукі (Stuki), вёска тых жа ягамосцяў князёў, на захад чвэрць мілі.

Талачкоўшчына (Tołoczkowszczyzna), васпанства Калышкаў фальварак, на захад міля ад Жырмун.

Татары (Tatary), вёска ягамосцяў князёў, на поўнач чвэрць мілі.

Таўкіні (Towkinie), вёска ягамосцяў князёў, на захад, чвэрць лёгкай мілі ад Жырмунскага касцёла.

Тубялевічы (Tubieliewicze), ваколіца шляхты, на подзень міля.

Урбелі (Urbiele), вёска ягамосцяў князёў, на поўнач чвэрць лёгкай мілі.

Шавардакі (Szewerdaki), вёска ягамосцяў князёў Радзівілаў, на поўдзень адна міля.

Шальціні (Szalciny), вёска тых жа ягамосцяў князёў, праз чвэрць лёгкай мілі.

2.

Ад гэтага парафіяльнага касцёла суседнія касцёлы:

Асава , ці Гародна , парафіяльны касцёл у тым жа дэканаце, на зямлі яснавяльможнага пана Тышкевіча, польнага гетмана, на захад міля.

Воранава , парафіяльны касцёл у дэканаце Радунскім, у пацэсіі яснавяльможнага панства Александровічаў, канюшых Літоўскіх, на поўнач две мілі.

Гераманішкі , парафіяльны касцёл, на зямлі яснавяльможнага пана князя Пастыра, на поўнач две мілі ад Жырмун, мяжуе з парафіяй Жырмунскай.

Ліда , парафіяльны касцёл у тым жа дэканаце, у пацэсіі яснавяльможнага пана Сцыпіёна, падстолія Літоўскага, старасты Лідскага, на поўдзень адна міля.

Радунь , парафіяльны касцёл у дэканаце і старостве Радунскім, на зямлі яснавяльможнага пана Тышкевіча, польнага гетмана, на захад сонца дзве мілі.

Касцёл парафіяльны Тракельскі на зямлі яснавяльможнага пана Гуроўскага, маршалка надворнага Літоўскага, на ўсход дзве мілі, па шляху ад Баранаўшчыны ўлева, у лес знаходзіцца вёска Тракельскай парафіі Гаўруны, а з Баранаўшчыны ўправа - Лідская парафія.

3.

Значнейшыя гарады каля парафіяльнага касцёла:

Вільня , сталічны горда, на поўнач ад Жырмун дзесяць міль.

Ліда , павятовы горад, да Жырмун дзве мілі, ад Вільні да Ліды дванаццаць міль.

Наваградак , судовы горад, на ўсход дзесяць міль.

Вільня ад Наваградка дзевятнаццаць міль.

4.

Дарога ад Жырмун да Вільні месцамі пясчаная, бугрыстая, камяністая, крывая, добрымі коньмі язды цэлы дзень як улетку, так і ўзімку, дрэннымі коньмі паўтара дня.

Дарога да Наваградка па аднаму тракту гарыстая, па другому пясчаная, бугрыстая, з пераправай цераз Нёман.

Дарога да Ліды месцамі пясчаная, месцамі камяністая, але не гарыстая.

5.

Балоты знаходзяцца каля двара князя экс-падкаморага, калі ехаць з Жырмун да Вострава, каля таго ж двара ёсць безназоўны стаў, сажалка, каналы, тры невялікія масты. Калі ехаць да Радуні ёсць пераправа на рацэ Дзітва, пасля гэтай пераправы па абодва бакі балоты. Каля той жа Дзітвы, пры двары яснавяльможнага пана Александровіча, рэгента Лідскага, па правай руцэ ёсць багна, а па левай, каля Нарвішак, ваколіца шляхты.

Гэтая рака Дзітва пачынаецца ад ваколіцы Вільканцы, з-пад альшыны чвэрць мілі цячэ да става яснавяльможнага пана Ромера, ад става на задворках Ромера,палову мілі цячэ балотамі да вёскі Вайкунцы, ад Вайкунцаў балотамі да вёскі Складанцы, там выкапаны стаў, і на ім млын, пасля става рэчка цячэ палову мілі балотамі да Азялішак, тут на бродзе перавоз ягамосці князя і недалёка брод яснавяльможнага пана Александровіча, рэгента.

Другая рэчка Крывец выцякае з Бялевіч на ўсходзе ад касцёла, каля брода ў Бялевічах карчма, пасля цячэ да вёскі Дзейкі, адсюль да Рэксцяў, праз некалькі дзесяткаў крокаў пасля Рэксцяў упадае ў стаў яснавяльможнага пана Сурконта, пасля става рэчка называецца Нешкруп , цячэ палову мілі да Крупавіч, адсюль чвэрць мілі на захад да Стацэвічаў, пасля Стацэвічаў праз палову чвэрці мілі ўпадае ў Дзітву.

6.

Значных гор, яроў няма. Бор знаходзіцца ў яснавяльможнага пана Сурконта на тысячу крокаў. Другі бор шляхты васпанства Тубялевічаў, сто крокаў у шырыню і пяцьдзесят у даўжыню. Сасновы бор належыць плябаніі Жырмунскай, на тысячу крокаў у шырыню і ў даўжыню, але тоўстага дрэва няма, толькі жэрдкі.

Гай князя - ягамосці экс-падкаморага, альховы каля двара на тысячу крокаў у шырыню і ў даўжыню, мае назву Мамоўшчына.

Другі гай князя - ягамосці каля фальварка Мажэйкаўшчына, ушырыню і ў глыбіню на тысячу крокаў. У ім расце асіна і вольха.

Лес князя - ягамосці які мае назву Аўсядава, на палову мілі, у гэтым лесе растуць елкі, бярозы, асіны, сосны.

Лясы князя - ягамосці ў іншых месцах спустошаны будоўляй, цагельнямі, дровамі для ацяплення, і там зараз расце алешына, лаза, бярозавы хмызняк.

Едучы ў Вільню, каля Сакалоў знаходзіцца сасновы лес, часткова князя - ягамосці, часткова рознай шляхты, і тут мяжа парафіі.

Па шляху ў Мыто мала хмызняку, у асноўным чыстае поле аж да Бялевіч, тут праходзіць мяжа парафіі.

7.

Усіх млыноў у парафіі чатыры, валюш адзін.

8.

Тракт публічны да Вільні , дзесяць міль на поўнач.

Тракт публічны да Слоніма , пятнаццаць міль на поўдзень.

Тракт публічны да Гародні , васямнаццаць міль на поўдзень.

Тракт прыватны да Ліды , дзве мілі, каля Жырмунскага двара за чвэрць мілі, каля крыжа па левую руку будзе карчма Сурконты а па правую руку будуць бачны вёскі Бялевічы і Бярнуці, тыя вёскі каля невялікага бору, праз сто крокаў гасцінцам ля карчмы Півоні князя - ягамосці заканчваецца парафія.

Тракт да касцёла парафіяльнага ў Асаве , выехаўшы з Жырмун, мінуўшы грэблю і вёску Каварыкі князя - ягамосці экспад-каморага Літоўскага, якая па левай руцэ на захадзе, управа пойдзе дарога на Вільню прама, каля двара ягамосці пана шамбеляна Яго Каралеўскай Мосці які будзе па правай руцэ, мінуўшы дзве сялянскія халупы, карчму ягамосці пана шамбеляна якая называецца Галынка, потым мінуўшы млын і валюш па левай руцэ, а па правай стаў, далей па левай руцэ будзе вёска Пяткоўшчына ягамосці пана шамбеляна, дзе заканчваецца парафія Жырмунская і пачынаецца Асоўская, ад става дарога ідзе прама да Асавы. З Жырмун міля праз хмызняк да карчмы Галынка і потым чыстым полем пясчаная дарога да Асавы.

Дарога да Воранава , дзе ёсць касцёл парафіяльны. Выехаўшы трактам на Вільню, за Мураванкай будзе пясчаная дарога, у хмызняку грэбля і невялікі масток, з'ехаўшы з грэблі будзе другі масток праз ручай з балот, якія па правую руку. Па левую руку тут будуць бачны вёскі Каварыкі. Далей дарога ідзе каля Татар, Баяраў, Мендрыкоўшчыны да ваколіцы Сакалы, дзе заканчваецца парафія Жырмунская і пачынаецца парафія Асоўская.

Дарога да Радуні , дзе ёсць парафіяльны касцёл. Выехаўшы ўправа ад Жырмунскага касцёла, каля крыжа які будзе стаяць справа, пясчаная дарога ідзе праз зараслі каля фальварка Жырмункі князёў - ягамосцяў Радзівілаў, фальварак будзе справа. Далей праз грэблю якая каля става і млына, дзе ёсць невялікі масток. Пасля грэблі каля крыжа дарога ідзе ў права і праз сто крокаў па левую руку будзе невялікая вёсачка Гератанцы, далей пясчанай дарогай да карчмы, каля якой будзе пераправа цераз Дзітву, тут невялікі паром на ліні, і тут заканчваецца парафія Жырмунская.

Жырмунская парафія не мяжуе з іншымі ваяводствамі і паветамі, але цалкам знаходзіцца ў Лідскім павеце.

Гэта апісанне маёй парафіі подпісам уласнай рукі падцвярджаю

Кс. Ян Кяневіч,

паддэкан Лідскі, плябан Жырмунскі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX