Вярнуцца: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Парафія Жалудоцкая


Дадана: 12-09-2014,
Крыніца: Лідскі Летапісец №2(66)-2014.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка)

(Пераклад Леаніда Лаўрэша.)

1.

Касцёл парафіяльны ў мястэчку Жалудок , у павеце і дэканаце Лідскім, у тым жа мястэчку касцёл і кляштар ксяндзоў-кармелітаў, ляжыць гэтае мястэчка адным канцом на летні ўсход сонца, другім на захад. Двары, вёскі і месцы якія належаць да гэтай парафіі ў паветах Лідскім і Слонімскім, згодна з алфавітам:

Агароднік (Ogrodnik), вёска васпана Дабачынскага, ляжыць паміж поўднем і захадам праз малую мілю.

Агароднікі Вялікія і Агароднікі Малыя (Ogrodniki Wielkie i Ogrodniki Małe), вёскі, якія блізкія паміж сабой, ляжаць паміж усходам і поўднем праз вялікую мілю.

Андрушоўшчына (Andruszowszczyzna), фальварак Найяснейшага Князя ягамосці Радзівіла [1], ваяводы Віленскага, зараз у пацэсіі яснавяльможнага пана Мараўскага, генерала, ляжыць паміж летнім усходам і поўднем ад Жалудоцкага касцёла на адлегласці адна міля і тры чвэрці.

Ашмянцы (Oszmiańce), вёска яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць паміж зімовым усходам і поўднем праз чвэрць мілі.

Багданаўцы (Bohdanowce), вёска, якая належыць Жалудку і яснавяльможным панам Губарэвічам, у ёй малая карчма, ляжыць паміж захадам і поўначчу праз палову мілі.

Барцякі (Borciaki), вёска яснавяльможных паноў Хадкевічаў, ляжыць паміж поўначчу і ўсходам праз чвэрць мілі.

Баяры (Bojary Ciepłe), Жалудоцкая вёска, паміж поўднем і захадам праз палову мілі.

Беразавец (Brzowiec), двор яснавяльможнага пана Шукевіча, капітана Літоўскіх войскаў, паміж усходам і поўначчу праз дзве мілі.

Борці (Borcie Turzyska), вёска, якая належыць да староства, ляжыць паміж захадам праз палову мілі.

Бранцы (Brańce), вёска Найяснейшага Князя Радзівіла, ляжыць на летні ўсход і трохі на поўдзень, за палову мілі.

Буцілы (Buciuły), фальварак і вёска з карчмой яснавяльможнага пана Мараўскага, генерала, ляжыць паміж летнім усходам і поўднем праз паўтары мілі.

Бялаўшчына (Bielowszczyzna), фальварак і вёска, у вёсцы карчма яснавяльможных паноў Губарэвічаў, Лідскіх гродскіх суддзяў, ляжыць паміж летнім усходам і поўднем праз адну мерную мілю.

Вайдэлаўшчына (Wojdźwiłowszczyzna), шляхецкая ваколіца, ляжыць паміж усходам і поўднем, адна міля.

Вангі (Wangi), вёска яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць паміж усходам і поўднем, міля.

Варосічы (Worociszcze), вёска Найяснейшага Князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж поўднем і захадам, паўтары мілі.

Ваўчкі (Wołczki), фальварак васпана Чалкоўскага і шляхецкая ваколіца, ляжыць паміж поўднем і захадам праз мілю.

Верхдзеражня (Wierzch Deraznej), два фальваркі васпанства Гаеўскіх, ляжаць паміж поўднем і зімовым захадам праз дзве мілі.

Відзяркоўшчына (Widligierowszczyzna), фальварак васпанства Крулетаў, ляжыць паміж поўначчу і ўсходам праз паўтары мілі.

Воўкавічы (Wołkowicze), вёска яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць на летні ўсход праз чвэрць мілі.

Вялікае Сяло (Wielka wieś), Жалудоцкая вёска, ляжыць на зімовы захад праз малаю мілю.

Вярцёлкі (Wierciołki), ваколіца, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз паўтары мілі.

Галубы (Hołuby), вёска Найяснейшага Князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам на рацэ Нёман праз дзве мілі.

Галынка (Holynka), карчма і млын яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць паміж поўначчу і зімовым усходам праз палову мілі.

Галынка (Hołynka), вёска Найяснейшага Князя ягамосці Радзівіла, паміж поўднем і зімовым захадам.

Дубрава (Dubrowa), фальварак і вёска яснавяльможных паноў Хадкевічаў, паміж поўднем і зімовым захадам адна малая міля.

Дубялі (Dubiele), Жалудоцкая вёска, ляжыць на летні захад праз тры чвэрці мілі.

Дзікушкі (Dzikuszki), фальварак яснавяльможнага пана Хадкевіча, паміж поўначчу і зімовым захадам палова мілі.

Фальварак ксяндзоў Кармелітаў жалудоцкіх, на летні захад, малая міля.

Дзірванцы (Dzirwańce), вёска яснавяльможнага пана Хадкевіча, на поўнач тры чвэрці мілі.

Жалудоцкі двор (Żoludzki dwór), ляжыць паміж поўднем і захадам, праз некалькіх стаяў ад касцёла на захад.

Жушма (Żuszma), карчма яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць паміж усходам і поўднем праз палову мілі.

Забалаць (Zabłoć), вёска і карчма, ляжыць паміж усходам і поўначчу праз палову малой мілі.

Залескаўшчына (Zaleskowszczyzna) васпанства Шалевічаў, фальварак ляжыць паміж захадам і поўначчу праз палову мілі.

Занюкі (Zaniuki), Жалудоцкая вёска і карчма, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз палову мілі.

Казляны (Kozlany), двор, вёска і карчма яснавяльможнага пана Яцыніча, ляжыць на ўсход праз адну мілю.

Карсакі (Korsaki), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць на летні захад праз тры чвэрці мілі.

Красулі (Krasula), два двары і вёска яснавяльможных паноў Губарэвічаў, ляжыць на поўнач праз палову мілі.

Круцяні (Krucienie), вёска яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць на ўсход праз палову мілі.

Кукіні (Kukinie), Жалудоцкая вёска, ляжыць паміж захадам і поўначчу праз малую мілю.

Купры (Kupry), Жалудоцкая вёска, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз тры чвэрці мілі.

Лагвіны (Łohwiby), Жалудоцкая вёска, ляжыць на захад праз адну мілю.

Лапаты (Łopaty), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз вялікую мілю.

Ліпічанка (Lipiczanka), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж поўднем і захадам праз палову мілі.

Ліпічна (Lipiczno), двор Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж поўднем і захадам на адлегласці вялікай мілі.

Лябёдка (Lebiodka), фальварак яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць на ўсход за малую мілю ад Жалудка.

Малое Сяло (Mała wieś), Жалудоцкая вёска, ляжыць на захад праз малую мілю.

Мацяўчукі (Mociewczuki), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць на поўдні праз палову мілі.

Моцевічы (Mociewicze), вёска Барцянскага староства, ляжыць на поўдні праз малую мілю ад касцёла.

Моцевічы (Mociewicze), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць на поўдні праз палову мілі.

Орля (Orla), мястэчка Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж поўднем і захадам, мае ўніяцкую царкву (ritus graeci), кальвінскі збор і фальварак Бамбізаў, праз мілю.

Падлужжа (Podłuże), вёска васпанства Цыдзікаў, ляжыць паміж поўднем і захадам праз паўтары мілі.

Папераўцы (Pipirowce), вёска Барцянскага строства, ляжыць паміж усходам і поўднем праз мілю.

Пашыцы (Poszyce), шляхецкая ваколіца, ляжыць на зімовы захад, ад Жалудка праз паўтары мілі.

Пескаўцы (Piaskowce), вёска і карчма Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж усходам і поўднем за дзве мілі ад Жалудка.

Прэціма (Przecim), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, паміж поўднем і захадам вялікая міля.

Раманавічы (Romanowicze), шляхецкая ваколіца, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз дзве мілі.

Руда (Ruda), вёска Найяснейшага князя Радзівіла, за ракой Нёман, на поўдзень тры мілі.

Саваўшчына (Sawowszczyna), Жалудоцкі фальварак, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз тры чвэрці мілі.

Скабейкі (Skobejki), шляхецкая ваколіца, ляжыць паміж поўначчу і зімовым усходам праз адну мілю.

Скерсі (Skiersi), Жалудоцкая вёска, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз чвэрць мілі.

Старынкі (Starzynki), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, паміж поўднем і захадам міля.

Стрэліца (Strzelica), двор яснавяльможнага пана Сяклюцкага.

Субачы (Subacze), шляхецкая вёска, ляжыць паміж поўначчу і зімовым усходам праз палову мілі.

Талочкі (Tołoczki), Барцянская вёска, ляжыць на поўдні праз паўтары мілі.

Тумашаўцы (Tumaszowce), вёска яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць паміж летнім захадам і поўначчу праз палову мілі.

Фальварак жалудоцкіх ксяндзоў-кармелітаў , на летні захад малая міля.

Хацяёўшчына (Chociejowszczyzna), фальварак васпана Дабашынскага, паміж поўднем і зімовым захадам міля.

Чэхаўшчына (Czechowszczyzna), фальварак васпана Паўлоўскага і фальваркі рознай васпанства шляхты, паміж летнім усходам і поўднем дзве мілі.

Шаўдзіні (Szawdzinie), вёска яснавяльможнага пана Хадкевіча, ляжыць на поўдні праз вялікую мілю.

Шымулі (Szymule), вёска ляжыць паміж поўначчу і летнім усходам праз чвэрць мілі ад Жалудка.

Ярчакі (Jerczaki), вёска Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам за ракой Нёман праз паўтары мілі.

Ясялевічы (Jasiulewicze), вёска Барцянскага староства, ляжыць паміж поўднем і зімовым захадам праз малую мілю.

2.

Ад гэтага парафіяльнага касцёла іншыя парафіяльныя рымскія касцёлы і ўніяцкія цэрквы маюцца наступныя:

У гэтай Жалудоцкай парафіі знаходзяцца дзве ўніяцкія цэрквы, адна ў Дзікушках , яснавяльможнага панства Хадкевічаў, стаіць у самым фальварку Дзікушкі, другая Орля ў мястэчку Орля і капліца ў Красулях васпанства Губарэвічаў, да гэтых цэркваў належаць парафіяне з вышэй пералічаных вёсак.

Няцеча , парафільяны касцёл у тым жа павеце і дэканаце, на зямлі яснавяльможнага панства Барымоўскіх, паміж летнім усходам і поўднем, ад Жалудоцкага касцёла тры малыя мілі.

Беліца , парафіяльны касцёл у тым жа павеце і дэканаце, на зямлі яснавяльможнага пана Мараўскага, генерала, ад касцёла парафіяльнага Жалудоцкага тры мілі на зімовы ўсход.

Дзятлава , парафіяльны касцёл, за ракой Нёман у Слонімскім павеце, на зямлі ad presens яснавяльможнага панства Солтанаў, за пяць міляў ад касцёла Жалудоцкага, ляжыць паміж зімовым усходам і поўднем.

Ражанка , парафіяльны касцёл, на зямлі яснавяльможнага пана Паца, старасты Вілейскага, ляжыць за дзве мілі ад Жалудоцкага касцёла на зімовым усходзе.

Шчучын , парафільяны касцёл, на зямлі яснавяльможнага пана Сцыпіёна, падстолія Літоўскага у тым жа павеце Лідскім, утрымліваецца ксяндзамі-піярамі разам са школай, ляжыць паміж захадам і поўначчу праз дзве вялікія мілі.

Ішчална , парафіяльны касцёл, на зямлі яснавяльможнага панства Валяў, старастаў Трыдзенскіх, ляжыць поўнач ад касцёла парафіяльнага праз адну мілю.

3.

Значнейшыя гарады каля нашага парафільянага касцёла:

Ліда , судовы горад, ляжыць на рацэ Лідзейка, паміж поўначчу і ўсходам праз шэсць мерных міль.

Наваградак , судовы горад, ляжыць на зімовы ўход праз дзесяць міль.

Слонім , судовы горад, ляжыць на рацэ Шчара, на поўдзень праз дзесяць міль.

Гародня , судовы горад, на рацэ Нёман, на захад дзесяць міль.

4.

Дарогі ад Ліды да Жалудка прамой няма, але патрэбна з-за балот аб'язджаць ад Жалудка на карчму ў Жушме, дзе ёсць мост на рацэ Лебяда, з Жушмы праз Ходараўцы (вёска яснавяльможнага пана Валовіча, Слонімскага маршалка), каля Беразаўца (яснавяльможнага пана Шукевіча, капітана) і двор Стрэліца (яснавяльможнага пана Сяклюцкага), і тут заканчваецца Жалудоцкая парафія, адсюль трэба ехаць на Голдава (яснавяльможнага пана Важынскага), з Голдава да Радзівонішак (яснавяльможных паноў Нарбутаў), з Радзівонішак да Мыто (яснавяльможнага пана Паца). У Мыто паром цераз раку Дзітва, пераехаўшы на пароме, будзе грэбля, далей управа дарога да Ліды, а ўлева да Вільні. Дарога да Ліды ідзе часцей акрытым полем, лесам - мала дзе, месцамі роўная, месцамі пясчаная, месцамі балоцістая.

Дарога да Наваградка з Жалудка да карчмы ў Жушме, далей праз мост на рацэ Лябядзе да Зблян (маёмасць Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла), ад Зблян да Шаўковага перавозу на Нёмане, адтуль больш лясамі, чым адкрытым полем да Наваградка пяць міль.

Да Слоніма з Жалудка , каля вёскі Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла Ліпічанкі, праз ваколіцу Ваўкі, дзе мост на ручаі Дзейнараўка, далей да Орлі, мястэчка Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, у Орлі цераз Нёман паромам, на другім беразе карчма Зачэпічы, адтуль на масток цераз ручай, які мае назву Зачэпічка, дарога ідзе праз пушчу Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла да Шчары, дзе паром на гэтай рацэ, і тут паміж Нёманам і Шчарай заканчваецца Жалудоцкая парафія.

Дарога да Гародні зараз новазбудаваная і добра ўладкаваня праз яснавяльможнага пана Тызенгаўза, дзедзіча Жалудоцкіх уладанняў, ажно да Казорчых корчмаў, дзе і заканчваецца Жалудоцкая парафія, з Казорчаў да Шчучына (уладанне яснавяльможнага пана падстолія Літоўскага) да Каменкі (уладанне яснавяльможанага пана Тызенгаўза, падскарбія), адтуль да Гародні пэўны і добры гасцінец.

5.

Азёраў, багнаў і значных балот у Жалудоцкай парафіі няма.

Ставаў , два ў Жалудку, адзін каля Жалудоцкага двара, зараз спушчаны для чысткі, другі ў мястэчку, праз яго грэбля злучае з плябанскай сенажаццю.

Малы стаў у Красулях яснавяльможных паноў Губарэвічаў, на малой рачулцы.

Малы стаў у Ваўчках, васпана Цялкоўскага, на ручаі Дзейнароўка.

Малы стаў у Ліпічне, двара Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, на малым ручаі, які з крыніц выходзіць.

Рака Нёман , караблеходная, плыве ад усходу да захаду, ставарае Жалудоцкія лугі, звілістая, аддзяляе Лідскі павет ад Слонімскага, у Нёман каля барцянскай вёскі Талочкі ўпадае рака Лебяда, усе ручаі, на якіх сажалкі, так сама ўпадаюць у Нёман.

6.

Лясоў і дрэва здатнага на продаж і для будоўлі ў Жалудоцкай парафіі няма, акрамя ніжэйпералічаных.

Жалудоцкі лес, названы Нядзіны , у якім расце дрэва рознах сартоў: бяроза, вольха, асіна, граб, ляшчына, лаза, дуб. Годны толькі для печы, даўжыні можа быць на палову чвэрці мілі, у шырыню меней, ляжыць на поўдзень за палову мілі ад Жалудка.

Жалудоцкія зараснікі Лапішкі , чвэрць мілі ад Жалудка, тут здатнага дрэва няма, толкькі хмызняк і дрэва для печы, плошчай у дзесяць моргаў, ляжыць на зімовы ўсход.

Лес Мілаўшчына праз чвэрць мілі ад Жалудка, мае дрэва падобнага гатунку, як і ў вышэй апісаных зараслях, ляжыць на поўнач.

Бор Шаўдзінішскі , ляжыць каля гэтай вёскі, у ім сасна дастаткова высокая і тоўстая.

Гай Буцюльскі , ляжыць каля Буцілоў, мае дрэва: бярозу, асіну, вольху, клён і розны малы хмызняк.

Тры гаі Ліпічанскія Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, маюць дрэва: сасну, елку, бярозы найбольш, асіну, вольху і іншыя дробныя дрэвы.

7.

Млыноў Жалудоцкіх два, на рацэ Жалудчанцы малы млын яснавяльможных паноў Губарэвічаў, у Красулях на малым ставе млын яснавяльможнага пана Шукевіча, на раке Лябядзе . На той жа рацэ млын яснавяльможнага пана Валовіча, Слонімскага маршалка, млын у Галынцы яснавяльможных паноў Хадкевічаў, млын васпана Цялкоўскага ў Ваўчках на ручаі Дзейнароўка, малы млын пры двары Ліпічна Найяснейшага князя Радзівіла, другі млын таго ж князя ў Галынцы , на тым жа ручаі.

8.

Дарогі партыкулярныя і публічныя тракты ў гэтай парафіі апісаны ў чацвёртым пункце, упамяну толькі адну партыкулярую дарогу. Дарога да Ішчалны з Жалудка цягнецца на поўнач да Багданаўцаў, вёскі, якая ляжыць праз палову мілі, і дзе заканчваецца Жалудоцкая парафія, з Багданаўцаў да Ішчалны дарога ідзе мілю адкрытым полем.

9.

Жалудоцкая парафія не мае вёсак за Нёманам у Слонімскім павеце (як гэта напісана ў першым пункце), рака Нёман мяжуе Лідскі і Слонімскі паветы.

Гэта апісанне маёй парафіі подпісам уласнай рукі падцвярджаю

Кс. Дамброўскі,

плябан Жалудоцкі.



[1] Караль Станіслаў Радзівіл, званы Пане Каханку (1734-1790), ваявода віленскі, маршалак генеральнай радамскай канфэдэрацыі, нясвіжскі ардынат.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX