Папярэдняя старонка: Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.

Парафія Забалацкая 


Дадана: 12-09-2014,
Крыніца: Лідскі Летапісец №2(66)-2014.



(З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка)

(Пераклад Леаніда Лаўрэша.)

1.

Парафільяны касцёл у Забалаці , у павеце і дэканаце Лідскім, мае вёскі і мястэчкі, ніжэй па-алфавіту пералічаныя.

Араны (Orany), вёска яснавяльможнага пана Пацея, паміж зімовым усходам і поўднем, міля ад касцёла.

Арліца (Orlica), вёска васпана Бонфала, на захад лёгкая міля.

Асіпаўцы (Osipowce), ваколіца рознай шляхты, паміж зімовым усходам і поўднем, тры чвэрці мілі ад касцёла.

Баброўнікі (Bobrowniki), вёска яснавяльможнага пана Александровіча , маршалка Лідскага, паміж поўначчу і летнім усходам, малая міля ад парафіяльнага касцёла.

Баяры (Bojary), вёска яснавяльможнага пана Тышкевіча, гетмана польнага Літоўскага і Запаснікі , ваколіца на поўнач, чвэрць мілі ад касцёла.

Валэйшы (Wołejsze), тры двары васпанства Белапятровічаў, Навіцкага і Казакоўскіх, дзе і ёсць вёска, паміж зімовым усходам і поўднем палова лёгкай мілі.

Вераб'і (Werebie), вёска васпана Янкоўскага, дзе большасць уніятаў, паміж зімовым захадам і поўднем міля і чвэрць.

Вугальнікі (Uholniki), фальварак і вёска васпана Табанскага, паміж зімовым захадам і поўднем лёгкая міля.

Габкаўчына (Habkowczyzna), фальварак васпана Адахоўскага, паміж поўднем і зімовым захадам малая міля.

Гайкаўшчына (Hajkowszczyzna), вёска васпана Градзецкага, на зімовы захад сярэняяя міля.

Ганчараўшына (Hanczarowszczyzna), вёска васпана Бонфала, на захад малая міля.

Ганэлькі (Henelki), двор і вёска васпанства Янкоўскіх на зімовы захад, вялікая міля.

Глушні (Hłusznie), кляштар і вёска кс. базыльянаў на зімовы захад тры чвэрці мілі.

Гэблі (Hieble), вёска васпана Пацея [1], стражніка ВКЛ, паміж зімовым усходам і поўднем сярэдняя міля.

Даліна (Dolina), два двары з вёсачкай васпанства Браноўскага і Сапоцкі, паміж поўднем і зімовым усходам палова малой мілі.

Даўбенкі (Dowbienki), фальварак і вёска васпана Гурскага, дзе большая частка ўніятаў, паміж поўднем і зімовым захадам малая міля.

Дашкі (Daszki), вёска васпанства Янкоўскіх, Лідскіх канюшых, дзе большая частка ўніятаў, паміж поўднем і зімовым захадам вялікая міля.

Дварчаны (Dworczany), вёска васпана Лапарскага, на летні захад праз чвэрць мілі.

Дудкі (Dudki), вёска эканоміі, уніяцкая, на захад, мерная міля ад касцёла.

Дышлаўшычына (Dyszlowszczyzna), двор васпана Янкоўскага, Лідскага канюшага, на зімовы захад праз вялікую мілю ад касцёла.

Дзідкі (Dzietki), вёска яснавяльможнага пана, гетмана Тышкевіча і васпана Глімчыца, паміж поўднем і зімовым захадам чвэрць вялікай мілі.

Забалаць (Zabłoc), двор яснавяльможнага пана Тышкевіча, гетмана, на захад палова чвэрці мілі.

Забалаць (Zabłoc), другі двор васпана Глімчыца, на усход, некалькі сотняў крокаў ад касцёла.

Зеняпішы (Zienipisze), фальварак кс. базыльянаў, паміж поўднем і зімовым захадам лёгкая міля ад касцёла.

Казакі (Kozaki), вёска Лепарскага, на летні захад малая міля.

Казакоўшчына (Kozakowszczyzna), яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, паміж поўначчу і летнім усходам вялікая міля.

Казляны (Kozlany), вёска таго ж яснавяльможнага пана гетмана і васпана Глімчыца, вёска адзіная з Малукамі, паміж зімовым усходам і поўднем чвэрць лёгкай мілі.

Казлы (Kozły), фальварак васпана Рудскога, паміж поўднем і зімовым захадам мерная міля.

Куклі (Kukle), уніяцкая вёска яснавяльможнага пана Тышкевіча, гетмана, на летні ўсход тры чвэрці мілі.

Кудэркі (Kuderki), уніяцкая вёска васпана Янкоўскага, паміж поўднем і зімовым захадам вялікая міля да касцёла.

Кулешы (Kulesze), вёска, якая належыць да Васілішскага староства, дзе болей уніятаў, паміж поўднем і зімовым захадам вялікая міля.

Куніцы (Kunicie), вёска васпані Белапятровіч і васпана Савіцкага, паміж усходам і поўднем тры чвэрці вялікай мілі.

Курчоўцы (Kurczowce), вёска яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, на ўсход чвэрць мілі ад касцёла.

Курпі (Kurpi), вёска васпана Даўгірда, паміж поўднем і зімовым захадам вялікая міля ад касцёла.

Лышчыкі (Łyszczyki) і Падгалішкі (Podhaliszki), вёскі васпана суддзі Нарбута, на поўдзень за палову мілі ад касцёла.

Малюкі (Maluki), вёска яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча і васпана Глімчыца, на зімовы ўсход палова чвэрці мілі ад касцёла.

Мігдалы (Migdaly), фальварак яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, на поўнач палова мілі.

Матылі (Motyle), уніяцкая вёска эканоміі, на зімовы ўсход праз мілю.

Нялюбаўцы (Nielubowce), фальварак васпана Янкоўскага, канюшага Лідскага, паміж поўднем і зімовым захадам міля.

Паддубы (Poddębie), вёска кс. базыльянаў, на зімовы захад міля.

Падэйкі (Poddejki), вёска яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, летні ўсход палова лёгкай мілі.

Палуянаўцы (Połujanowce), вёска васпана Даўгерда, паміж поўднем і зімовым захадам міля.

Праважа (Przewoza), двор яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, на ўсход за палову мілі ад касцёла.

Праважа (Przewoza), касцельная вёска, дзе перавоз яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, на поўнач тры чвэрці мілі.

Пяроўцы (Piorowszczyzna) двор і Гапонаўцы (Haponowce) вёска васпана Нарбута , суддзі, поўднем і зімовым захадам праз чвэрць вялікай мілі.

Пяцюлеўцы (Piecielowce), вёска васпана Ляпацкага, на захад, тры чвэрці лёгкай мілі ад касцёла.

Ракі (Raki), вёска яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, васпанаў Нарбута і Бонфала, на летні захад лёгкая міля.

Раманава (Romanów), фальварак таго ж васпана Бонфала, на летні захад лёгкая міля.

Рыскі (Ryski), вёска васпана Лепарскага, на захад міля.

Рэмзы (Remzy), двор і вёска васпана Бонфала, на зімовы захад чвэрць лёгкай мілі.

Сабакінцы (Sobakini), мястэчка з царквой, дваром і вёскай васпана Янкоўскага, канюшага, на зімовы захад міля.

Сеўрукі (Siewruki), вёска васпана Нарбута, паручніка, на ўсход міля ад касцёла.

Скарбы (Skarby), вёска Васілішскага староства, дзе большасць уніятаў, на захад тры чвэрці мілі.

Слаўная (Słowunie), вёска яснавяльможнага пана Тышкевіча і васпана Глімчыца, на поўдзень палова лёгкай мілі.

Стралкі (Strzałki), вёска васпана Ляпацкага, на захад лёгкая міля.

Сяйбаўшчына (Sejbowszczyzna), плябанскі фальварак, на захад чвэрць лёгкай мілі.

Таболічы (Tabolice), фальварак і вёска васпана Даўгірада і кс. базыльянаў, дзе большасць уніятаў, паміж поўднем і зімовым захадам тры чвэрці мілі.

Талочкі (Tołoczki), вёска яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, паміж зімовым усходам і поўднем чвэрць мілі.

Чаплі (Czaple), ваколіца, дзе разам і фальварак васпані Пяровай, званы Заляшаны , на поўдзень ад касцёла палова мілі.

Хадзілоні (Chodziłony), двор і вёска васпана Нарбута, Лідскага суддзі, на поўдзень мерная міля.

Хвёдараўшчына (Chwiedorowszczyzna), вёска васпанства Александровічаў, на зімовы ўсход пяцьсот крокаў ад касцёла.

Юшкаўцы (Juszkowce), два двары васпанства Вярцінскага і Снацкага, дзе разам ваколіца і вёсачка, на летні захад палова мілі ад касцёла.

Ядзелеўцы (Jedelowce), ваколіца і вёска яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, паміж поўначчу і летнім усходам тры чвэрці мілі.

Якубаўцы (Jakubowce), вёска васпана Пацея, стражніка ВКЛ, паміж поўднем і зімовым захадам малая міля.

2.

Ад гэтага парафіяльнага касцёла, суседскія касцёлы:

Радунь , парафіяльны касцёл, у тым жа павеце і Радунскім дэканаце, у старостве таго ж імя, паміж поўначчу і летнім усходам тры мілі.

Вавёрка , парафіяльны касцёл з мястэчкам плябанскім, на ўсход міля.

Васілішкі , парафіяльны касцёл Св. Пятра, на поўдні дзве мілі.

Новы Двор , парафіяльны касцёл, у старостве Новадворскім на зімовы захад тры мілі.

3.

Значнейшыя гарады каля гэтага касцёла:

Вільня , сталічны горад, паміж поўначчу і летнім усходам чатырнаццаць міль.

Ліда , судовы горад, паміж захадам і поўднем пяць міль.

Гародня , сеймавы і судовы горад, адзінаццаць міль ад касцёла парафіяльнага Забалацкага.

4.

Дарога з Забалаці да Вільні ідзе па большай частцы лясамі, няроўная, пяшчаная. Перавоз на рацэ Праважа.

Да Ліды пяшчаная, камяністая, ідзе палямі, перавоз каля Мыто на рацэ Дзітва.

Да Гародні , ідзе лясамі, камяністая, пясчаная. Перавоз Шканскі на рацэ Котра.

5.

Азёры у парафіі:

Возера Пеляса , даўжынёю на палову мілі, шырынёй палову чвэрці мілі, ляжыць ад касцёла паміж поўначчу і летнім захадам вялікая міля. Возера Кяўцёва , завецца Малое , там жа тры чвэрці мілі.

Возера трэцяе завецца Матора , палова мілі даўжынёй і чвэрць мілі шырынёй, на летні захад лёгкая міля.

Багна, завецца па рознаму і цягнецца ад Забалаці ажно да вышэй пералічаных азёраў, займае вялікую квадратную мілю.

Ставы два ў самой Забалаці з млынамі, абодва яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча.

Стаў у фальварку Вензаўшчынава васпана Ляпацкага, з млынам, фолюшам і добрым мастом, на зімовы захад палова лёгкай мілі.

Ставаў два з млынамі, праз два каналы ўпадаюць у гэтыя ставы ручаі.

Стаў у Праважы яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, на ўсход за палову мілі ад Забалацкага касцёла.

Ставаў два ў Сабакінцах васпана Янкоўскага, з млынамі, на зімовы захад міля.

Стаў з каналам і млынам ў Глушнях кс. базыльянаў, на зімовы захад тры чвэрці мілі.

6.

Забалацкая парафія ўся занятая палямі і хмызняком.

7.

Млыны пералічаны разам са ставамі вышэй.

8.

Дарогі партыкулярныя і публічныя ў гэтай парафіі:

Дарога да Радуні , выехаўшы ад касцёла Забалацкага на летні ўсход Сонца, праз чвэрць мілі па левай руцэ будзе бачна вёска Баяры і ваколіца Запаснікі , дзе выязджаем на Віленскі тракт . Па тракту, недалёка да гасцінца па левым баку праз палову мілі ад парафіі фальварак Мігдалы яснавяльможнага пана гетмана, адкуль праз палову мілі па новай дарозе ехаць прама да парома. Пасля пераправы пра тры чвэрці мілі будзе масток і карчма васпана Каржанеўскага і ягоны ж двор Лапунцы па правай руцэ. Потым праз чвэрць мілі, злева дзве карчмы: адна Радунскага, другая Барцянскага староства і двор таго ж староства па правай руцэ, а па левай васпана Коркуця які завецца Гіскі . Тут жа вёска яснавяльможнага пана гетмана. Ад гэтых корчмаў пачынаецца новая грэбля, праехаўшы каторую трэба ўзяць управа, тут будзе карчма Барцянскага староства якая завецца Куркі з вёскай, адсуль праз палову мілі будзе Радунь.

Дарога з Забалаці да Вавёркі . Выехаўшы з Забалаці на ўсход, едзем сенажацямі і праз чвэрць мілі праязджаем вёску Талочкі яснавяльможнага пана гетмана Тышкевіча, далей пераязджаем папярок новаперабудаваны прамы Віленскі гасцінец, пасля гасцінца праз некалькі стай вёска Навасады таго ж яснавяльможнага пана гетмана. Далей ідзе камяністая дарога, месцамі праз хмызняк, потым сенажацямі і праз чвэрць мілі ў вёсцы Мышавічах стаіць філіяльная капліца, якая належыць Ваверскай парафіі і карчма па левай руцэ. Далей будуць два двары, адзін васпана Нарбута, другі васпана Гурыновіча, адтуль крута ўлева праз некалькі стай карчма васпана Ступакоўскага і двор па левай руцэ, потым павярнуўшы ўправа праз палову чвэрці мілі ваколіца Вінчы і каля яе праз некалькі стай двор васпана Вільканца. Адсюль праз чвэрць мілі будзе Вавёрка, у якой парафільны касцёл па правай руцэ, двор Вавёрка з вялікім вольхавым гаем. Ад Ваверскага касцёла ўлева ідзе камяністы гасцінец які праз паўтары мілі цераз поле і трошкі праз лес прывядзе ў Ліду.

Дарога з Забалці да Новага Двара . Выехаўшы на захад праз новую грэблю і мост цераз раку Забалатку , будзе двор васпана Бонфала Забалаць .Праз чвэрць мілі вёска і карчма Дзеткі рознага васпанства. Далей праз некалькі стай малая карчма і вёска Даліна ці Шымкаўшчына і два дваркі, каля якіх расце невялікі хмызняк. Праз чвэрць мілі далей стаіць карчма Лышчыкі з вёскай па левай руцэ, потым праз чвэрць мілі карчма Хадзілоні . Праехаўшы гэтую карчму, з левага боку будзе двор Хадзілоні васпана Нарбута, суддзі, дзе і заканчваецца парафія. Адсюль лесам праз палову мілі будзе двор Куёўцы васпані Залескай, тут карчма і вёска. Далей брод, за ім карчма Васілішскага староства і адсюль за палову мілі праз хмызняк і пяскі будзе рэчка Нявіша якую ўвосень і ўвесну цяжка пераехаць, за ёй, павярнуўшы крута ўлева, дарога вядзе да Гародні , а ўправа да Новага Двара , палова мілі лясамі цераз прыкрыя балоты.

Дарога да Васілішак . Выехаўшы у кірунку паміж зімовым усходам і поўднем, палову чвэрці мілі праязджаем па той жа грэблі, што і да Новага Двара. Далей праз палову вялікай мілі будзе вёска Слаўная з малой карчмой па праваму баку. Адсюль праз палову мілі выезд на Віленскі гасцінец новы і прамы, едучы каторым, па левай руцэ будзе двор яснавяльможнага пана Пацея, а па правым баку будзе вёска Араны таго ж пана, тут мяжа парафіі Забалацкай. Адсюль, пераехаўшы праз масток і рэчку, на гары стаіць карчма з вёскай яснавяльможнага пана Пацея, далей едучы палову мілі камяністай дарогай часткова праз хмызняк, будзе карчма васпана Белапяровіча. Адсюль дарога палову мілі вядзе да Васілішак, тут праз чвэрць лёгкай мілі, пераехаўшы грэблю і поле, будзе Васілішскі парафіяльны касцёл Св. Пятра.

9.

Парафія не мяжуе з іншымі ваяводствамі і паветамі.

Гэта апісанне парафіі подпісам сваёй рукі пацвярджаю.

Кс. Аляксандр Вербуш,

К.К. Катэдр. Вілен., плябан Забалацкі.

(Пераклад Леаніда Лаўрэша.)



[1] Людвік Пацей, літоўскі стражнік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX