Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Неаунія ў Дзікушскай царкве Лідскага павета, 1925 г. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 07-06-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Неаунія ў Дзікушскай царкве Лідскага павета ў 1925 г. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Варшава, 2019. № 5. С. 78-90.

Спампаваць




Леанід Лаўрэш

(Ліда)

Неаунія ў Дзікушскай царкве Лідскага павета, 1925 г.

У 1925 г. на Лідчыне адбылася спроба адрадзіць у вёсцы Дзікушкі грэка-каталіцкую парафію. Паспрабуем разабрацца ў тым, што адбывалася ў той час вакол Дзікушскай царквы. У 1921 г. газета "Беларускі звон" пісала пра Дзікушскага святара: "Цікавае зьявішча, арыгінальнае! Бацюшка ў сваім уласным будынку адчыніў проці волі насялення польскую школу. Дачка скончыла беларускія вучыцельскія курсы ў Вільні ў 1921 г., цяпер яна здраджвае беларускіх дзетак, калечыць памаленьку іх. А бацюшка стараецца не адставаць ад дачкі. Ён лае грамадзян за тое, што яны ня хочуць слаць дзетак да школы. Будзем цешыць сябе думкай, што гэта зьявішча рэдкае" [1]. Падобна, менавіта з-за гэтага пачаўся канфлікт паміж святаром Лаўровым і вернікамі Дзікушскай царквы. Незадавальненне святаром-паланафілам праз некалькі гадоў вылілася ў нечаканы для духоўных улад інцыдэнт.

Пра падзеі 1925 г. у Дзікушках дастаткова шмат паведамляла прэса таго часу. Польскія газеты пісалі: "Праваслаўны прыход на чале са сваім настаяцелем Ячыноўскім перайшоў з праваслаўя ў унію" [2]. Ці: "З Вільні даносяць, што цэлы Дзікушскі прыход разам са сваім настаяцелем Ячыноўскім перайшоў з праваслаўя ў унію" [3]. Віленская газета "Słowo": "Унія. Віленская праваслаўная кансісторыя атрымала паведамленне, што ў вёсцы Дзікушкі Лідскага павета цэлая парафія на чале са святаром... Ячыноўскім перайшла з праваслаўя ў унію" [4].

Газета "Беларуская доля" паведаміла: "Уніяты ў Заходняй Беларусі. У сувязі з развалам праваслаўнае царквы і палянізацыі каталіцтва, у заходняй Беларусі з'яўляюцца новыя рэлігійныя кірункі. З аднаго боку тут пачалі сваю працу амерыканскія метадысты, з Дзікушская царква Лідскага павета. другога - уніяты. ...Колькі дзён таму ў Вільню прыехаў з Лідзскага павету сьвяшч. Лаўроў, які зрабіў вышэйшай духоўнай уладзе даклад аб пераходзе на унію цэлага прыходу Дзікушкі з пратаіерэем Ячыноўскім. Каб вярнуць на ложа праваславія адпаўшую парафію, архіяпіскап Хвядос паслаў туды сьвяшч. Дзічкоўскага" [5].

Андрэй Раствароўскі, уладальнік суседняга з Дзікушкамі маёнтка Скабейкі, адукаваны чалавек і чалец Лідскага павятовага сойміка, пісаў з гэтай нагоды: "Цікавым выпадкам была гісторыя з царквой у Дзікушках. Гэта царква пабудавана ў раманскім стылі без аніякіх цыбулін і купалоў у 1835-1840 гг. і была з уніі пераведзена ў праваслаўе. Пры царкве меліся добрая плябанія і ладны кавалак поля, а таксама пладовы сад. Праваслаўным пробашчам быў тут вельмі цікавы тып - аматар гарэлкі" [6]. Вось і ўсё, што можна даведацца пра тыя падзеі з прэсы і ўспамінаў: у Дзікушках служыў праваслаўны святар, які быў паланафілам і аматарам гарэлкі, і парафія перайшла ў унію.

Тагачасныя падзеі ў Дзікушках, як заўсёды, калі справа ідзе пра грэка-католікаў, непраўдзіва апісаны ў кнізе Канстанціна Мікалаевіча Мікалаева [7]. Іншыя аўтары проста перапісвалі гэты ранейшы тэкст. К. Н. Мікалаеў паведамляе, што восенню 1924 г. на пасаду псаломшчыка ў прыход Дзікушкі быў прысланы забаронены за нейкія правіны (за якія, аўтар не піша) протаіерэй Марк Ячыноўскі [8]. Такім чынам, протаіерэя, раней забароненага ў служэнні, прыслалі ў якасці псаломшчыка. Ужо цікава. Пачнём разбірацца ў справе, тым больш што архіўныя дакументы Лідскай каменды паліцыі даступныя і даюць нам магчымасць даведацца пра тыя падзеі.

Пачнём з асобы а. Марка Цітавіча Ячыноўскага. Нарадзіўся ён 25 красавіка 1866 г. у вёсцы Сялец Пружанскага павета (зараз Брэсцкага р-на), дзе яго бацька, а. Ціт, служыў настаяцелем царквы [9]. У 1886 г. (ці ў 1887 г.) Марк закончыў гімназію ў Белай Падлясцы. Пяць семестраў вучыўся на факультэце права Варшаўскага ўніверсітэта. Потым паступіў на факультэт тэалогіі дзе вывучаў праваслаўную тэалогію ў Холме і закончыў яго ў 1890 г. па першым разрадзе, г.з. быў сярод лепшых студэнтаў. Адразу заўважым, што Ячыноўскі меў вышэйшую духоўную адукацыю, што ў той час сустракалася не часта.

У святары Ячыноўскі быў высвечаны ў 1891 г. у Вільні. Першай парафіяй, дзе служыў малады святар, стала вёска Харашэвічы Ваўкавыскага павета [10]. Газета "Литовские епархиальные ведомости" ў 1897 г. паведаміла: "20 красавіка на свабоднае месца святара Лужыцкай царквы Дзісненскага павета пераведзены па яго прашэнні святар Харашэвіцкай царквы Ваўкавыскага павета Марк Ячыноўскі" [11]. Пасля Лужкоў а. Марк быў пераведзены ў Беразвецкую манастырскую царкву, дзе працаваў да 1905 г. Вось што пісаў сам а. Марк: "З адкрыццём Беразвецкай жаночай абіцелі яе храмы сталі ўлюбёным месцам малітвы для простага навакольнага насельніцтва. Яго вабіла туды ўсё, што можа прыцягваць манастырская царкоўная служба: і замілавальныя набажэнствы, іх веліч і яснасць, выразнасць спеваў і царкоўнага чытання. Але паступова, за простым людам, манастырскі храм пачалі наведваць і чыноўныя людзі з суседняга вялікага мястэчка Глыбокае" [12].

Падчас Руска-японскай вайны Ячыноўскага прызвалі ў армію на пасаду вайсковага капелана 4-га палка 1-й Стралецкай брыгады, з гэтага часу святар стала знаходзіўся ў войску. Пасля Руска-японскай вайны, пачынаючы з 1907 г., служыў у Лодзі. 2 чэрвеня 1914 г. быў пераведзены ў 1-шы Уланскі Смаленскі полк цара Аляксандра ІІІ. Падчас бітвы пад Дубіцай (каля Коўна) атрымаў моцную кантузію. Пасля гэтага, з-за стану здароўя, служыў пры 1-м лазарэце 2-й Пецярбургскай гвардзейскай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад войскаў генерала Брусілава на аўстрыйскім фронце. Пасля развалу рускай арміі ў 1917 г. перайшоў на службу ва ўкраінскую армію гетмана Паўла Скарападскага, потым служыў ва ўкраінскім войску Сямёна Пятлюры.

Пасля службы ва ўкраінскім войску нейкі час займаўся душпастырскай працай у вёсцы Лядава Магілёў-Падольскага павета. Адсюль 3 верасня 1920 г. яго выгналі бальшавікі. Пасля гэтага да лютага 1922 г. служыў дабрачынным у чыгуначнай царкве горада Ромны Палтаўскай губерні.

Вясной 1922 г., ратуючыся ад бальшавікоў, рэпатрыіраваўся ў Польшчу, у родныя Пружаны. Адразу атрымаў прыход у Івашкевічах Ваўкавыскага павета, а з 1922 г. пераведзены дабрачынным у Псую Дзісненскага павета. Менавіта тут ён быў абвінавачаны праваслаўным кіраўніцтвам у схільнасці да уніі, пасля чаго 15 жніўня 1924 г. старога і адукаванага протаіерэя перавялі дыяканам (па іншай інфармацыі панамаром) у Дзікушкі [13], у падпарадкаванне "надзейнаму" святаруа з, як пабачым далей, моцнымі сувязямі ў Віленскай праваслаўнай кансісторыі і адначасова ў палітычнай паліцыі.

15 сакавіка 1925 г. у Навагрудку а. Марк Ячыноўскі ў прысутнасці біскупа Зыгмунта Лазінскага прыняў каталіцкую веру. Пасля чаго святар звярнуўся да біскупа Юрыя Матулевіча, які 17 сакавіка 1925 г. прызначыў яго адміністратарам грэка-каталіцкай парафіі ў Дзікушках [14]. Вядома, што біскуп Матулевіч як мог спрыяў унійнай справе [15].

Паспрабуем рэканструяваць духоўны шлях а. Марка Ячыноўскага. Першая сусветная вайна прывяла да страты жыццёвых арыенціраў шмат каго з еўрапейцаў. Да тых падзей ніхто ў Еўропе не ўяўляў, што цывілізаваныя нацыі могуць учыніць падобную бойню. Пры гэтым Расія чарговы раз прадэманстравала свае адрозненні ад іншых еўрапейскіх народаў і пайшла па асабліва нялюдзкім шляху. Бясспрэчна, Ячыноўскі на фронце і потым, ва ўкраінскім войску і падчас грамадзянскай вайны, уласнымі вачыма бачыў "асаблівасці" духоўнага жыцця народа, часткай якога ён лічыў і сябе. Менавіта ў гэты час вялікі брытанскі гісторык Арнольд Тойнбі сфармуляваў думку пра царкву як лічынку-зародак, з якой вырастае канкрэтная цывілізацыя, але сумленнаму і адукаванаму чалавеку было зразумела, што значную частку віны за катастрофу, якая адбылася ў дзяржаве, нясе і афіцыйная царква. Ячыноўскі нарадзіўся ў 1866 г., калі памяць пра грэка-каталіцкую царкву жыла ў народзе, і з вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што яго бацькі паводле хрышчэння былі ўніятамі, пераведзенымі ў дзяцінстве ў афіцыйнае веравызнанне. Таму думка пра вяртанне ў спрадвечную веру магла быць для яго цалкам натуральнай [16].

Але вернемся да дакументаў. Першы даклад у экспазітуру палітычнай паліцыі ў Лідзе выведнік паліцыі ў Жалудку Пятроўскі піша 16 сакавіка 1925 г. Ён адлюстроўвае падзеі, якія адбыліся 15 сакавіка: "Дакладаю, што 15 дня гэтага месяца ў 11-й гадзіне ў вёсцы Дзікушкі Жалудоцкай гміны адбыўся сход сялян. Сход прайшоў у памяшканні школы. Кіраваў сходам настаўнік Ян Будынскі разам з Янам Трацяком - кіраўніком фальварка Дзікушкі. Сход адбыўся спакойна. Ініцыятар схода сельскагаспадарчага гуртка - Ян Трацяк. З пагалосак на жалудоцкім кірмашы вядома, што сход толькі выглядаў як сялянскі, а насамрэч абмяркоўвалася справа пераходу ўсіх парафіян дзікушскай царквы ў унію. Як быццам ініцыятарам гэтай справы ёсць настаўнік Ян Будынскі. Але я упэўніўся, што гэта няпраўда. Настаўнік Будынскі ўсю справу апісаў мне ў лісце. Таксама казаў мне, што цывільныя ўлады несправядліва паводзяць сябе ў гэтай справе. Паказаў усе свае асабістыя дакументы. З'яўляецца былым вайсковым разведчыкам. Кіруе гуртком моладзі ў Жалудку. Сапраўдным ініцыятарам уніі тут з'яўляецца праваслаўны пралат (папраўлена на "зараз дыякан" - Л. Л.) Ячыноўскі, які жыве ў Дзікушках. Зараз ён не мае ніякай магчымасці да жыцця і намаўляе праваслаўны люд выказаць пісьмовую згоду на унію, каб гэтак атрымаць пасаду святара. Тутэйшыя людзі ахвотна згаджаюцца на гэта. Ячыноўскі мае ўжо вялікую колькасць подпісаў за прыняццё ўніяцкай веры. Будынскі мае тыя ж перакананні - калі праваслаўны народ прыме уніяцкую веру, гэта будзе карысна для Польшчы. Наступны сход сельскагаспадарчага кола адбудзецца праз 2 тыдні, павінны абмеркаваць сельскагаспадарчыя і культурна-асветніцкія справы" [17].

Далей выведнік піша, што ў вёсцы ходзяць чуткі пра магчымую перадачу дзікушскай царквы пад касцёл, таму "праваслаўны святар Лаўроў у роспачы, бо можа страціць пасаду, і таму сам сябе падстрэліў з рэвальвера і ляжыць у ложку. Я быў у яго і ўпэўніўся, што ён не паранены і не ляжыць у ложку, а што праўда недамагае здароўем, бо хварэў на грып" [18].

З даклада бачна, што паліцыянт яўна не спрыяе ніводнаму з бакоў спрэчкі і шукае прычыны канфлікту ў бытавых праблемах. Але, грунтуючыся на гэтым дакладзе, зусім па-іншаму дакладае свайму кіраўніцтву ў ваяводскую ўправу начальнік Лідскай экспазітуры палітычнай паліцыі: "Па атрыманай інфармацыі і па ўласных даных, а таксама па звестках ад канфідэнтаў у вёсцы Дзікушкі Жалудоцкай гміны, былым протаіерэям, а зараз дыяканам мясцовай царквы Маркам Ячыноўскім была створана ўніяцкая царква. Ячыноўскі знаходзіўся ў нязгодзе з мясцовым папом Лаўровым і агітаваў мясцовых людзей на пачатку ў кірунку адхілення Лаўрова ад пасады, якую той займаў. …Бачачы, што агітацыя не дае належных вынікаў (Лаўроў меў і мае моцную падтрымку ў Вільні ў Праваслаўнай кансісторыі), пачаў шукаць іншага выйсця" [19].

Далей начальнік Лідскай палітычнай паліцыі чамусьці піша, што Ячыноўскага да стварэння ўніяцкай царквы падбухторвалі мясцовы настаўнік Ян Будынскі і эканом фальварка Дзікушкі Ян Трацяк, што не стасуецца з інфармацыяй з месца падзей.

З таго ж даклада даведваемся, што за уніяцкую царкву ўжо сабрана 500 подпісаў вернікаў, але праваслаўны святар "Лаўроў з'яўляецца лаяльным грамадзянінам Польшчы і пра ўсе антыдзяржаўныя захады даносіць уладам, што таксама дае нагоду для нянавісці да яго з боку мясцовага насельніцтва". Ячыноўскі ж, наадварот, "пасля прыезду ў Дзікушкі ў 1924 г. пачаў праводзіць антыдзяржаўную агітацыю, з'яўляецца палітычна падазроным і нядобранадзейным. Ёсць падазрэнне, што Ячыноўскі прыняў уніяцкую веру, каб сабраць вакол сябе ўсіх палітычна нядобранадзейных і мець больш шырокае поле для працы супраць Польскай дзяржавы пад прыкрыццём навяртання мясцовага насельніцтва ў лона уніяцкай царквы" [20].

Яшчэ раз: Лаўроў "пра ўсе антыдзяржаўныя захады даносіць уладам, што... дае нагоду для нянавісці да яго з боку мясцовага насельніцтва". Начальнік палітычнай паліцыі ў дакладзе яўна прыкрывае свайго канфідэнта. Потым у тым жа дакладзе ў ваяводскую ўправу палітычнай паліцыі паведамляецца, што пасля прыняцця ўніяцкай веры Ячыноўскі вярнуўся ў вёску Дзікушкі і мае намер пры дапамозе сагітаваных ім перад гэтым людзей заняць царкву і перарабіць яе ва ўніяцкую. Першае уніяцкае набажэнства мае быць адпраўлена ў нядзелю 22 сакавіка, і "таму магчымы эксцэсы паміж праваслаўнымі і прыхільнікамі Ячыноўскага. Каб не дапусціць хваляванняў, у вёску Дзікушкі па распараджэнні сп. старасты накіраваны некалькі паліцыянтаў і некалькі паліцэйскіх тайных агентаў" [21].

У канцы свайго даклада начальнік Лідскай экспазітуры паведамляе, што мясцовыя ўлады не маюць ніякага дачынення да спробы стварэння уніяцкай царквы: "Больш інфармацыі пра справы ў тутэйшай экспазітуры няма, бо сп. стараста забараніў правядзенне следства і збор інфармацыі. Ячыноўскі некалькі разоў быў у сп. старасты і інфармаваў яго пра сваю працу, але гэта інфармацыя не можа быць пацверджаная. Таксама паліцыя не можа пацвердзіць інфармацыю пра тое, што сп. стараста падтрымлівае гэту акцыю і дае Ячыноўскаму грашовую дапамогу" [22]. Як бачым, навагрудскае ваяводскае кіраўніцтва цікавіла пытанне ўдзелу лідскага павятовага старасты ў гэтай справе, бо распускаліся чуткі пра тое, што ўсё гэта робіцца па яго замове.

Такое ж меркаванне склалася і ў польскім грамадстве Лідчыны, пра што пісаў і ўзгаданы вышэй Андрэй Раствароўскі: "Не ведаю, па чыёй ініцыятыве, падазраю ў гэтым Лідскае староства, раптам у нейкі дзень пробашч і ўся парафія перайшлі ва "уніяты". Былі нейкія святы і набажэнства, ніхто не пратэставаў. ...Змены ў Дзікушках нават людзям падабаліся, яны казалі, што зараз разам будзем святкаваць святы - праваслаўныя святы спазняліся на 13 дзён. Але гульня ва "ўніятаў" цягнулася не болей за 6 тыдняў. У пэўны дзень з'явіліся 4 ці 5 папоў і выгналі нефартуннага "апастату", а на яго месца пасадзілі новага папа - Жаброўскага, і парафія зноў стала праваслаўнай. Тым не менш у выніку гэтых падзей больш дзесяці сямействаў перайшло ў каталіцтва, а наведванне царквы, якое і раней было мінімальным, зараз упала амаль што да нуля. Толькі некалькі гадоў сталай працы Жаброўскага, які быў салідным, маральным і прыстойным чалавекам, паправіла хісткую раўнавагу" [23].

Але палітычная паліцыя не спраўджвае гэтыя чуткі. Адзінае, што пацвярджаецца, дык гэта тое, што стараста "забараніў правядзенне следства і збор інфармацыі", гэта значыць, верагодна, спрабаваў прыпыніць паліцэйскую сваволю ў гэтай справе. Нагадаю, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў той час дзейнічаў рэжым надзвычайнага становішча, пры якім сілавыя структуры мелі вельмі вялікія паўнамоцтвы.

У "Справаздачы за сакавік 1925 г." начальнік Лідскай палітычнай паліцыі паведамляе ў Навагрудак пра першае грэка-каталіцкае набажэнства, якое адбылося 22 сакавіка ў Дзікушскай царкве: "22 сакавіка каля 8-й гадзіны царкву ў Дзікушках адчыніў поп Лаўроў, які да 12-й гадзіны адпраўляў тут набажэнства. На яго набажэнстве было каля 50 асоб. Каля 11-й гадзіны пачало прыбываць усё больш народу, і тады ж да царквы прыйшоў Ячыноўскі разам са сваімі парафіянамі, якія чакалі яго каля царквы. Ячыноўскі ўвайшоў у царкву і пайшоў у алтар праз "царскія вароты". Тут ён чакаў, пакуль Лаўроў скончыць сваё набажэнства. Лаўроў папрасіў Ячыноўскага не перашкаджаць яму закончыць набажэнства, бо "гэта апошняе праваслаўнае набажэнства ў Дзікушках і служыць яго менавіта ён".

Ячыноўскі ахвотна пагадзіўся, выйшаў з царквы і пайшоў дахаты. Разам з ім царкву пакінула большасць вернікаў, на царкоўным пляцы яны чакалі Ячыноўскага да 12.30. Калі той паўторна прыйшоў да царквы, разам з ім у яе ўвайшлі і парафіяне, якія чакалі перад царквой. Лаўроў выйшаў з-за царскіх варот, і туды зайшоў Ячыноўскі. Ячыноўскі апрануў літургічную вопратку і пачаў адпраўляць набажэнства. Лаўроў пасля кароткай малітвы выйшаў з царквы разам з праваслаўнымі і пайшоў у плябанію. Астатнія парафіяне ў колькасці каля 200 чалавек засталіся ў царкве, і святар Ячыноўскі перад службай сказаў ім кароткую прамову пра тое, што яны дачакаліся таго часу, калі перамагла справядлівасць, сказаў, што царква ніколі не стане рымскім касцёлам, усе малітвы застануцца ранейшымі, усе святыя і ўсе святы застануцца ранейшымі і г.д." [24].

29 сакавіка 1925 г. ратаваць праваслаўе прыехала адразу 7 святароў. Мясцовы выведнік падрабязна апісаў тыя падзеі ў рапарце на імя начальніка Лідскай экспазітуры палітычнай паліцыі. З-за цікаўнасці цытуем дакумент амаль што цалкам:

"Справаздача пра падзеі ў Дзікушках 29.03.1925 г.

У экспазітуру палітычнай паліцыі ў Лідзе.

З пастарунка ПП у Жалудку

Жалудок 29.03.1925 г.

Дакладаю, што ў дзень 28 гэтага месяца ў вёсцы Дзікушкі ў прысутнасці 4 праваслаўных святароў былі правераны подпісы тых, хто выступае супраць святара Лаўрова…

29-га гэтага ж месяца а 9-й гадзіне раніцы пралат Ячыноўскі адчыніў царкву і зайшоў у алтар (царскія вароты), каб адправіць набажэнства. Тады з'явіліся 5 прышлых праваслаўных святароў, уварваліся ў алтар і атакавалі Ячыноўскага. Адзін з іх па прозвішчы Кудасаў [25] з крыкам "за алтаром ерэтык не можа знаходзіцца" вырваў у яго ключ ад царквы. Тэрарызаваны Ячыноўскі нічога ім не адказаў - іх было больш. Паглядзеўшы на іх, ён пайшоў дахаты. Гэта бачылі пасол Кахановіч [26], які прыбыў у той дзень, і царкоўны вартаўнік.

Перад гэтым разам з Ячыноўскім у царкву ўвайшлі 80 асоб. Святары, прозвішчы якіх: Коршун з Радзівонішак, Кудасаў з Голдава, Савіцкі Леў [27], Жаброўскі [28] і Дзічкоўскі [29] - панадзявалі літургічныя ўбранні і пачалі адпраўляць набажэнства. Падчас набажэнства прыбывала ўсё больш людзей. Потым пачалася казань. Да народу прамаўляў прадстаўнік віленскага архібіскупа. Ён сказаў, што праваслаўная вера вельмі часта праследуецца. Наракаў на бальшавікоў, што ў іх нават цалкам не жадаюць знаць праваслаўе, святароў садзяць у турмы і забіваюць. Там ужо забілі 20 праваслаўных епіскапаў і шмат папоў. Народ зараз наогул навучаны дрэнна ставіцца да рэлігіі. Але ў нас ёсць дзяржава, дзе мы адчуваем сябе цалкам вольнымі, тут мы шчаслівыя, бо ўрад гэтай дзяржавы не забараняе вызнаваць сваёй рэлігіі: хто хоча быць католікам, той хай будзе католікам, а калі праваслаўным - дык хай будзе праваслаўным, калі ўніятам ці нават яўрэем - не забараняецца і гэта. Нам трэба дзякаваць Пану Богу… бо гэта дзяржава - Польшча.

Пасля казані набажэнства працягвалася, маліліся за Польшчу. Каб даведацца, чаму прыехала гэтак шмат папоў, сабралася каля 200 чалавек. Прадстаўнік віленскага праваслаўнага архіепіскапа [Дзічкоўскі] абвінавачваў Ячыноўскага ў тым, што той быў пазбаўлены святарскага стану з-за п'янства і зараз хоча вярнуцца ў святарскі стан. Быў псаломшчыкам, але з-за п'янства не ўтрымаўся і на гэтай пасадзе. Сказаў, што яны прыехалі, каб забараніць яму служыць. Бо хоць быў ён ва ўбранні праваслаўнага святара, але набажэнства з часам пачаў бы адпраўляць па-польску, бо унія ёсць вера каталіцкая. …Подпісы ён сабраў праз ашуканства і праз ашуканства атрымаў уніяцкае капланства. Падчас набажэнства некаторыя святары спавядалі. Усіх іх было 7. Два з Вільні: Дзічкоўскі і Жаброўскі. Коршун з Радзівонішак, Кудасаў з Голдава, яшчэ з Лебяды і Ракавіч.

На месцы Лаўрова ў Дзікушках застаўся Леў Савіцкі. Згоду застацца ў праваслаўі першы раз выказалі толькі людзі, якія стаялі каля алтара, на другі раз згадзілася палова царквы. У тыле царквы ніхто згоды не выказаў.

У канцы службы збіралі подпісы, каб застацца ў праваслаўі. Абурэння з боку люду не было. Царкву зачыніў святар, які прыбыў, і забраў ключ з сабой. Ад вялікай колькасці асоб чуў, што ў унію пераходзілі, бо не жадаюць Лаўрова, а вышэйшыя царкоўныя ўлады адмаўляліся пераводзіць яго ў іншую парафію. Лаўрова ненавідзелі, бо калі, напрыклад, хто старгаваў у яго шлюб за 20 злотых, дык праз нейкі час Лаўроў, з-за падбухторвання сваёй жонкі, патрабаваў ад тых жа людзей большыя грошы. Некаторыя жадаюць прыняць веру каталіцкую, некаторыя - праваслаўную, а некаторыя - застацца уніятамі. Гэтыя вядуць размовы сярод праваслаўных. Б. Пятроўскі, выведнік" [30].

Пакінем без каментавання талеранцыю Дзічкоўскага да уніятаў "ці нават" яўрэяў, а звернем увагу на абвінавачванне цяжка параненага на фронце, старога, хворага, але высокаадукаванага святара ў п'янстве. Ячыноўскі жыў сярод сваіх прыхаджан, я думаю, яны яго ведалі лепей, чым прышлы віленскі святар, і менавіта таму шлі за ім. Цікава, што пасля выступу Дзічкоўскага версія пра п'янчужку стала жыве ў тэкстах розных аўтараў.

Таксама трэба звярнуць увагу на словы Дзічкоўскага пра польскую мову як мову набажэнстваў у будучыні. Дзічкоўскі як у ваду глядзеў: польская мова сталася галоўнай мовай Польскай праваслаўнай царквы, і таму ў 1938-х г. у Лідзе палова праваслаўных вернікаў лічыла сябе палякамі па нацыянальнасці (у горадзе толькі 450 чалавек запісаліся беларусамі і 400 рускімі, але праваслаўных вернікаў было 1847) [31]. Той жа Андрэй Раствароўскі пісаў: "Ні для каго не было таямніцай, што ў войску праваслаўны не мог узняцца вышэй за ўзровень звязавага. У дзяржаўных органах праваслаўных абыходзілі і спіхвалі на другарадныя пасады. А тым часам польскае праваслаўе парвала з Расіяй і мела свайго мітрапаліта ў Варшаве, у семінарыі вучылі польскую мову і казані рабілі па-польску. Новае духавенства, выхаванае ў Польшчы, было патрыятычным і прадзяржаўным" [32].

Дадам, што праваслаўны настаяцель Дзікушскай царквы Барыс Жаброўскі ўжо ў 1926 г. атрымліваў ад польскага ўрада сталую матэрыяльную дапамогу ў памеры 65 злотых [33].

Але вернемся да а. Марка Ячыноўскага. У "Справаздачы за сакавік 1925 г." начальнік Лідскай экспазітуры палітычнай паліцыі зноў паведамляў свайму ваяводскаму кіраўніцтву пра тыя ж самыя падзеі. Галоўнае з яго справаздачы: "Канонік Дзічкоўскі праз тыдзень сабраў каля 200 асоб і маліўся за Польшчу. …Замест Лаўрова застаўся поп Савіцкі з Мураванкі. …Пануе спакой. Ячыноўскі ў царкве больш не паказваўся. Трымаю далейшы вывед." [34]

У "Справаздачы за красавік 1925 г." начальнік Лідскай палітычнай паліцыі піша: "…уніяцкі рух, распачаты святаром Ячыноўскім, згас, прыпісваю гэта таму, што ён не быў падтрыманы адміністрацыйнымі ўладамі, якія ў гэтым выпадку стаялі ў баку. …Ячыноўскі 14 красавіка выехаў у Альберцін Слонімскага павета, дзе зараз і знаходзіцца. У Дзікушскую царкву часова прызначылі святара Льва Савіцкага, а Лаўроў часова пераведзены ў Баброўскую царкву, адкуль яго хутка перавядуць у Дзісненскі павет. У парафіі спакойна" [35]. Варта звярнуць увагу на наступныя словы: "Уніяцкі рух… згас таму, што ён не быў падтрыманы адміністрацыйнымі ўладамі", бо разам з уяўным "п'янствам" старога Ячыноўскага, такая ж уяўная падтрымка лідскага старасты да нашага часу з'яўляецца галоўным абвінавачваннем Ячыноўскага.

Вясной 1925 г. а. Марк Ячыноўскі жыў у Альбярціне і служыў у Падароскай царкве Ваўкавыскага павета, якая нейкі час была грэка-каталіцкай [36]. На місію ў мястэчка Альбярцін а. Марк Ячыноўскі выехаў па прапанове біскупа Юрыя Матулевіча, тут ён, акрамя іншага, дадаткова вывучаў тэалогію і потым з рук біскупа Генрыка Пшаздзецкага атрымаў намінацыю на пасаду адміністратара грэка-каталіцкай парафіі ў Старым Бублю, што на Падляшшы. Служыў ён таксама і ў суседняй царкве вёскі Палоскі. Паводле ўспамінаў, а. Марк ніколі не размаўляў тут па-польску, апранаўся на манер усходняга святара, насіў доўгую бараду і валасы. Быў удаўцом і ў 1925 г. яго адзіны сын яшчэ вучыўся 4-м класе гімназіі.

Ячыноўскі за 40 зл. у год здымаў двухпакаёвую кватэру з кухняй. Пакінуў пасля сябе памяць як узорны святар, які жыў строгім хрысціянскім жыццём і нават не меў ніякай прыслугі. Але першапачаткова падляшскім уніятам новы святар не надта спадабаўся, бо размаўляў па-руску і на гэтай жа мове рабіў казані, да таго ж, нягледзячы на жаданне парафіян жыць па новым стылі, хацеў ужываць юліянскі каляндар.

Але паступова стаўленне вернікаў да яго палепшылася і рэлігійнае жыццё наладзілася. Акрамя нядзелі а. Марк служыў у царкве яшчэ ў сераду, пятніцу і суботу. Прыход жыў па новым стылі, справу вырашыла тое, што царкву пачалі наведваць і рыма-католікі [37].

Вядома, што ў снежні 1926 г. Ячыноўскі для заняткаў тэалогіяй з'ехаў у Вільню і ў Стары Бубль не вярнуўся. Служыў толькі ў Палосках [38]. 3 мая 1929 г. па стане здароўя а. Марк Ячыноўскі пакінуў святарскую пасаду [39]. Узрост і хвароба не дазволілі яму працягваць служэнне [40].

Скарочаны змест

У артыкуле, які грунтуецца на дакументах паліцыі Лідскага павета, на нешматлікіх успамінах відавочцаў падзей і газетных публікацыях, расказваецца пра спробу стварэння ў 1925 г. у Дзікушскай царкве Лідскага павета уніяцкай парафіі. Таксама зроблена спроба рэканструяваць матывацыю былога праваслаўнага святара Марка Ячыноўскага і падзеі вакол яго, якія прымусілі высокаадукаванага іерэя пераглядзець свае погляды і перайсці ў унію.



[1] "Беларускі звон", 1921, № 24.

[2] "Katolik", 1925, № 47.

[3] "Orędownik Wrzesiński" 1925, № 43.

[4] "Słowo", 1925, № 72 (786), 29 marca.

[5] "Беларуская доля", 1925, № 23.

[6] A. Rostworowski, Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924-1928, "Goniec Kresowy", Rok 2003, Nr 41, s. 13.

[7]Гл: К. Н. Николаев, Восточный обряд. Дорога Рима в Россию (Рим - Польша - Россия), Париж 1950, c. 138.

[8] Тамcама.

[9] Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX-XXI wieku, Ryboly 2012, s. 319-320.

[10] Fl. Rzemieniuk, Próba utworzenia neounickiej parafii w Połoskach w diecezji Podlaskiej, "Szkice Podlaskie", 2000, № 8, s. 205.

[11] "Литовские епархиальные ведомости", 1897, № 16-17, c. 135.

[12] "Литовские епархиальные ведомости", 1904, № 11, c. 91.

[13] Fl. Rzemieniuk, Próba utworzenia neounickiej parafii w Połoskach w diecezji Podlaskiej, s. 205.

[14] Тамсама.

[15] Гл: Ю. Туронак, Міжваенная унія ў Заходняй Беларусі, "Спадчына", 1992, № 5, c. 73-78.

[16] Fl. Rzemieniuk, Próba utworzenia neounickiej parafii w Połoskach w diecezji Podlaskiej, s. 205.

[17] Дзяржаўны архіў Гарадзенскай вобласці (далей - ДАГВ), ф. 200, воп. 1, адз. зах. 17, арк. 529-529 адв.

[18] Тамсама, арк. 529 адв.

[19] Тамсама, арк. 527.

[20] Тамсама.

[21] Тамсама.

[22] Тамсама.

[23] A. Rostworowski, Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924-1928, "Goniec Kresowy", Nr 41, Rok 2003, s. 13.

[24] ДАГВ, ф. 200, воп. 1, адз. зах. 17, арк. 703-704.

[25] Са спісу святароў, складзенага польскай паліцыяй: "Кудасаў Уладзімір, пробашч у Голдаве з 17.12.1924 г., рускі, не мае польскага грамадзянства. Да маральнага стану заўваг няма, палітычна няпэўны, непрымальны для польскай улады, перакананы вораг каталіцкага касцёла". Цыт па: ДАГВ, ф. 200, воп. 1, адз. зах. 10, арк. 184.

[26] Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч (1882-1934), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар, публіцыст, пасол у польскі Сейм. З 1925 у БССР, 10.8.1933 г. арыштаваны ў Мінску.

[27] Святар Маламажэйкаўскай царквы. Гл: Л. Л. Лаўрэш, Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс, Гродна 2017, с. 71-89; ён жа, Маламажэйкаўскі святар айцец Леў Савіцкі, "Маладосць", 2014, № 1, c. 120-129.

[28] Са спісу святароў, складзенага польскай паліцыяй: "Жаброўскі Барыс, пробашч у Дзікушках з 11.09.1925 г., мае польскае грамадзянства. Палітычна і маральна добранадзейны". Цыт па: ДАГВ, ф. 200, воп. 1, адз. зах. 10, арк. 184.

[29] а. Язэп Дзічкоўскі, прадстаўнік віленскага архіепіскапа, таксама выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі Закон Божы. У 1930-х гг. быў дабрачынным Віленскага і Віленска-Троцкага дабрачыння. Намеснік старшыні Камісіі Польскай Аўтакефальнай Царквы па перакладзе вучэбнай царкоўнай літаратуры на беларускую мову (1934 г.). Служыў настаяцелем Прачысценскага кафедральнага сабора ў Вільні. У 1930-х гг. праводзіў духоўныя гутаркі для прыхаджан сабора. Пасля Другой сусветнай вайны - у юрысдыкцыі Маскоўскай Патрыярхіі. Пасля 1951 г. і да сярэдзіны 1950-х гг. - настаяцель Канстанціна-Міхайлаўскага храма ў Вільні.

[30] ДАГВ, ф. 200, воп. 1, адз. зах. 17, арк. 536-537.

[31] M. Szymielewicz, Miasto Lida w 1938 roku, "Ziemia Lidzka", 1938, № 11.

[32] A. Rostworowski, Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924-1928, "Goniec Kresowy", rok 2003, nr 41, s. 14.

[33] А. М. Загідулін, Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.), Гродна 2010, c. 162.

[34] ДАГВ. ф. 200, воп. 1, адз. зах. 17, арк. 705.

[35] Тамсама, арк. 795.

[36] "Сялянская Ніва", 1926, № 6, 14 лютага.

[37] Fl. Rzemieniuk, Próba utworzenia neounickiej parafii w Połoskach w diecezji Podlaskiej, s. 206-207.

[38] Рэжым доступу: http://unici.pl/content/view/152.html. - Дата доступу: 27.04.2019.

[39] Fl. Rzemieniuk, Próba utworzenia neounickiej parafii w Połoskach w diecezji Podlaskiej, s. 207.

[40] Рэжым доступу: https://www.kostomloty.com/ocalic-od-zapomnienia. - Дата доступу: 27.04.2019.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX