Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Гісторыя парафіі ў Ішчалне


Аўтар: Круцікаў Уладзімір, Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-07-2005,
Крыніца: "Наша Слова" № 22 (708) 15 чэрвеня 2005 г.

Спампаваць




490 гадоў Ішчалнянскай парафіі


Гісторыя любой краіны складаецца не толькі з радаводаваў Вялікіх князёў, гарадоў, бітваў. Кожны населены пункт, ці то вёска , ці то мястэчка, мае сваю гісторычную спадчыну. Аўтары ўжо пісалі аб адзіным у Беларусі сонечным гадзінніку ў весцы Ішчална Шчучынскага р-на ( "Спадчына" №2-2000 ). З дазволу пробашча касцёла ў Ішчалне а. Казіміра Войнюша, аўтарам пашчасціла папрацаваць з архівамі гэтага касцёла і з дапамогай дакументаў зазірнуць у гісторыю каталіцкай парафіі былога мястэчка, а зараз невялікай вёскі.

(22KB) Ішчална. Агульны від сядзібы ў сярэдзіне 19 ст. Малюнак Н. Орды.

Мястэчка з канца 15 ст. упамінаецца як маёнтак Давонавічаў у Лідскім павеце. На працягу 17-18 ст. маёнткам і мястэчкам валодалі Лімонты, Вішнявецкія, Палупяты, Радзімінскія - Францкевічы, Кшыштоф Агінскі - стольнік Літоўскі. Да 19 ст. маёмасць Скарбек - Важынскіх.

Гісторыя каталіцкай парафіі пачынаецца з 1515 г. У гэтым годзе падкаморым надворным Вялікага Княства, старастам Эйшышскім Андрэям Давойнам быў закладзены драўляны касцёл Св. Тройцы, на утрыманне якога ён ахвяраваў частку спадчыннай маёмасці. Згодна акта аб заснаванні касцёла ад 30 красавіка 1515 г. Ішчалнянскі маёнтак быў абавязаны пастаўляць касцёлу штогод дзесяціну са сваіх ніў, а ад сваіх сялян палову бочкі жыта з валокі, сцірту сена, рыбу тры разы на тыдзень, а таксама мёд і воск. Гэтым актам за касцёлам замацоўваліся 4 валокі і 12 моргаў зямлі разам з сажалкай. Узамен касцёл абавязваўся чытаць тры Святыя імшы на тыдзень.

У 1573 г. Станіслаў Давойна, ваявода Полацкі, актам ад 3 кастрычніка 1573 г. дадаў касцёлу Явайшкавічы ( пазней Яташоўцы), Гачэвічы ( сёння невядомыя), Грунікі, фальварак каля касцёла, луг каля мястэчкавай крамы і грошы на ўтрыманне трох ксяндзоў у дапамогу пробашчу. Сяляне былі абавязаныя даваць на касцёльныя патрэбы 20 грошаў ад валокі зямлі, бочку жыта, авечку, курыцу і 20 яек ад дыма. Пробашч быў павінен адпраўляць за іх тры Святыя імшы ў тыдзень ( адну за грахі, другую за душы родных, трэцюю аб пяці ранах Хрыста). Да канца 20-х гадоў 18 ст. касцельная маёмасць павялічваецца: кожны наступны уладальнік Ішчалны, ахвяруе касцёлу грошы, зямлю, прыгонных.

У 1708г. у Ішчалне былі шведы, аб чым ёсць запіс у інвентары 1717 г. і паразбівалі касцельныя званы. Дасталося і касцёлу, яго прыйшлося перабудовываць. На жаль, у пажары 1713 г., згарэла плябанія і былі знішчаны асноўныя парафіяльныя дакументы, таму інфармацыя аб падзеях да пажара вельмі сціплая.

Пачынаючы з 1730-х гадоў касцельная маёмасць пачынае змяншацца. Касцельная хроніка звязвае гэта з анархіяй і беззаконнем, якія панавалі за Сасамі. Асноўныя страты былі нанесены наездамі суседзяў, якія не вызначаліся вялікай пабожнасцю. Так, частка касцельнай зямлі была сілай захоплена ўладальнікам Жалудокскага маёнтка. І як з горыччу запісана ў хроніцы:"...хрысціянін і шляхціц, уладальнік маёнтка Гернікі Юбялевіч высек кавалак касцельнага лесу і разараў яго пад поле." Зменшыў касцельную зямлю і Васілішскі эканом. Негледзячы на ўсе скаргі, прашэнні і іншыя захады захопленая зямля так і не была вернутая. Аднак асноўную маёмасць касцел захаваў.

У 1755 - 1761 гг. замест драўлянага касцёла, на сродкі Іосіфа Вала, гарадзенскага харунжага, будуецца новы касцёл з цэглы, які захаваўся да нашых дзён. Ён пабудаваны на тым самым месцы, што і стары, мае аднолькавыя памеры і аднолькавую сістэму алтароў.

У 70-я гады 18 ст. парафіяй былі выдаткаваны грошы на школу для навучання шляхецкіх дзяцей. Але шляхта, спасылаючыся на сваё ўбоства, адмаўлялася пасылаць туды сваіх дзетак, і школа мела мала вучняў. Да апошняга разбору Рэчы Паспалітай школьная справа ў парафіі заглохла і згодна інвентара 1801 г. школы тут ужо няма. У межах парафіі школы з'явіліся толькі ў сярэдзіне 19 ст. На пры канцы 18 ст. пры парафіі быў адчынены шпіталь для бедных, які дзейнічаў да сярэдзіны 19 ст. як прытулак для жабракоў.

Не абмінулі Ішчалну і падзеі часоў паўстання Т. Касцюшкі. Касцельная хроніка піша, што ў абоз кіраўніка атрада паўстанцаў Хлявінскага з касцёлу забралі ўсю скарбонку ( "... тое што збіралі гадамі..." ): срэбны аклад з абраза Божай маці, дзве срэбныя кароны з абразоў, 17 розных срэбных рэчаў і інш. У межах парафіі адбываліся сутычкі паўстанцаў з царскімі войскамі.

Алексу Кнікоўскага (пробашча парафіі ў 1801-1834 гг.), па загаду Віленскага губернатара Трычава ў жніўні 1799г. саслалі салдатам, у пяхотны полк у Маскву. Прычына ссылкі - ксёндз расказваў парфіянам аб Напалеонаўскіх войнах. У траўні 1801 г. Кнікоўскі быў амніставаны царом Аляксандрам І, і ягоны духоўны стан быў адноўлены.

(22KB) Касцёл у Ішчалне. Фота Яна Балзункевіча, пачатак 20 ст.

Інвентар 1801 г. кажа аб здрабненні мястэчка. У ім адсутнічаў шынок, і штогод адбываліся толькі два малалюдныя кірмашы. Парафіян рыма-каталікоў было 1500 чалавек, уніятаў 1300 чалавек. Згодна з касцёльнай хронікай каталіцкая парафія складалася і з грэка-каталікоў. У яе ўваходзілі Ішчална, Вялікае Мажэйкава, Малое Мажэйкава і шмат невялічкіх вёсак. Да парафіі належала ў якасці грэка-каталіцкай старажытная царква-крэпасць у вёсцы Мураванка. Як філія існавала ўніяцкая капліца ў Вялікім Мажэйкаве. Капліца пабудавана ў сярэдзіне 18ст. уладальнікамі маёнтка ў В.Мажэйкаве Чапскімі. Была зачынена пад час ліквідацыі ўніі. Ад капліцы не засталося нават слядоў, і сёння невядома ў якім месцы вёскі яна стаяла.

У 1821 г. касцёл абрабаваны. Невядомым злодзеем скрадзены срэбныя рэчы, спораты срэбныя бляшкі і галуны з рыз, паздыманы нават алавяныя аклады. Вялікімі намаганнямі, за кошт ахвяраванняў апекуноў касцёла, гэтыя страты ўдалося пакрыць.

Згодна інвентара 1820 г. парафія мела 29 валок зямлі 3 валокі лесу. Сяляне павінны былі адрабляць па тры дні на тыдзень у касцельным маёнтку, плаціць штогод 3 злотых чынша, уначы вартаваць касцёл. Касцёл жа, за іх штогод праводзіў 25 імш са спевам і 104 імшы з чытаннем.

У 1844 г. касцельны маёнтак быў сканфіскаваны ўрадам, парафіі пакінулі 33 дзесяціны зямлі. У 1880г. 1 дзесяціну і 1660 сажняў адсудзіў сабе праваслаўны святар Дзікушскай царквы Віктар Плаўскі.

У часы паўстання 1863 г. вялікую патрыятычную дзейнасць вялі пробашч касцёла ў Ішчалне а. Адам Фалькоўскі і ксёнз а. Ішора з Жалудка. Адам Фалькоўскі зачытаў з касцельнай катэдры Маніфест Народнага ўрада. Па даносу парафіяніна Штурмы з вёскі Влокі Адам Фалькоўскі быў арыштаваны і 25 чэрвеня 1863 г. расстраляны ў Лідзе. Непасрэдны ўдзел у паўстанні прымаў парафіянін Ян Сямашка, за што быў сасланы ў Сібір, а яго маёнтак у в. Гернікі канфіскаваны.

У парафіі не было рэлігійнай варажнечы. Патронам усей мясцовасці лічыўся святы Юры. Таму, яшчэ з самых старых часоў ў Мураванкаўскую царкву-крэпасць на дзень Святога Юр'я збіраліся жыхары ўсей мясцовасці: каталікі, уніяты, праваслаўныя, каб, ушанаваць свайго патрона. У 1897 г. касцёл набывае абраз святога Юр'я каб адучыць сваіх прыхаджан хадзіць у царкву. Кандыдат тэалогіі ксенз Адам Савіцкі ( пробашч парафіі ў 1899 - 1902 гг.) у сваіх чытаннях рабіў націск на тое, што, як піша хроніка :" мясцовая мова - гэта польская мова, толькі сапсаваная варожымі мовамі ...".

Перад І-й Сусветнай вайной парафія налічвала 4400 вернікаў. Нямецкія войскі занялі Ішчалну ў жніўні 1915 г. Пад час нямецкага наступу пробашч з'ехаў у Ліпнішкі. На працягу 2-х тыдняў, да прыезду новага пробашча, у касцёле гаспадарылі нямецкія салдаты. За гэты час яны забралі ўсю касцельную бялізну, два срэбных кубкі, панішчылі шмат рыз, сапсавалі арган і зрабілі ў касцёле сметнік. Нямецкія войскі пакінулі Ішчалну ў студзені 1919 г. Пасля іх, на кароткі час прыйшлі бальшавікі, але ўжо ў сакавіку мястэчка заняло польскае войска. Чырвоныя пры адступленні ўтварылі лінію абароны В.Мажэйкава - Дашманты - Агароднікі, якую ўтрымлівалі тры тыдні. З-за нешматлікасці сілаў з абодвух старон вялікіх сутычак не было, і шкоды мястэчку не нарабілася. Падчас другога наступу чырвоных і іх адходу ў 1920 г. ніякія войскі праз Ішчалну не праходзілі.

У 1921 г. польскі урад правёў перадзел маёмасці і тэрыторыі. Касцельнай зямлі пабольшала да 41 га., у тым ліку ворнай зямлі да 20 га. У 1930 г. у межах парафіі жыло 4000 чалавек, з іх 3600 аселых.

У 20-я гады старажытная царква-крэпасць у в.Мураванка зноў становіцца грэка-каталіцкай. У 1929 г. уніяцкую парафію выдзяляюць з рыма-каталіцкай у асобную.

Пад час 2-й Сусветнай вайны вялікіх баёў тут не было. У 1949 г. за сувязь з АК быў арыштаваны пробашч парафіі а. Баляслаў Крэсадомскі. Ён быў асуджаны на 10 гадоў турмы і вывезены ў Кемераўскую вобласць. Касцёл застаўся без святара. Трэба аддаць належнае парафіянам, якія ездзілі ў Маскву, дамагаючыся каб да іх прыязджаў святар з Вільні, але дазволу не атрымалі. У 1954 г. Крэсадомскага вызвалілі з турмы, і ён вярнуўся ў Ішчалну, дзе і працаваў да сваёй смерці ў 1967 г. Парафіяне зноў пачалі дамагацца ад улад права мець святара. Улады дазволілі раз на тыдзень прыязджаць ксянзу с вёскі Белагруда. Так цягнулася да 1991 г., калі старажытная парафія была адноўлена.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX