Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Вернасць. Растрэл лідскіх ксяндзоў у 1943


Аўтар: Петрулевіч Людміла,
Дадана: 28-02-2014,
Крыніца: Летапісец 4(64)-2014.



Гэта было 70 гадоў таму назад

У маёй журналісцкай практыцы ёсць сустрэчы з людзьмі, якія не забыліся нават з цягам часу. Адна з такіх сустрэч - з бабулькай з вёскі Бельскія Дзітвянскага сельсавета Генуэфай Іванаўнай Казакевіч. Старэнькая адышла болей за дзесяць гадоў таму ў іншы свет, але засталася назаўсёды ў маёй памяці. Згадваю яе, калі ідзе размова аб тых, хто годны быць гонарам Лідчыны. Нярэдка стаўлю Генуэфу Іванаўну ў прыклад іншым як чалавека найвялікшай вернасці і ахвярнасці. А сёння я вырашыла ўспомніць пра Генуэфу Казакевіч пісьмова. Бо хачу, каб не забыліся пра гэтую простую, маленькую жанчыну жыхары Лідчыны, а маладзейшае пакаленне даведалася пра яе жыццё і вычын, па-сапраўднаму ацаніла іх. Калі б не Генуэфа Казакевіч, напэўна, так бясследна і зацягнула б мохам тое месца ў Кашаровым лесе (зараз раён вуліцы Рыбіноўскага), дзе былі расстраляны ў сакавіку 1943 года дзевяць ксяндзоў з акругі, і не з'явілася б на Слабадскіх могілках месца, дзе кожны з нас, католік ці праваслаўны, схіляе галаву, аддаючы даніну павагі бязвінна загінуўшым святарам.

Пазнаёмілася я з бабуляй Генуэфай у сярэдзіне дзевяностых гадоў. На той час жыццё яе адмерала восем дзесяткаў. Нямоглую жанчыну даглядала сацыяльны работнік і плямянніца, бо дзяцей яна так і не займела. Абітая толлю хатка, у якой каратала дні бабуля, была яшчэ старэйшая за ее і сагнулася да зямлі, як і сама гаспадыня, дыміла адпрацаваўшая свой век печ. Але Генуэфа Іванаўна ні на што не скардзілася. Яна жыла іншым. Верыла, як сама казала, што хутка прыйдзе той час, калі яе душа сустрэнецца з тымі, каму была адданай усё сваё жыццё.

На дзіва, у старэнькай была добрая памяць, якая да драбніц захавала падзеі, даты. І вось што яна мне тады расказвала.

У дзень Пятра і Паўла

9 чэрвеня 1942 года прыпадала на каталіцкае свята Пятра і Паўла. Слабадскія ксяндзы Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі вялі імшу ў касцёле. Генуэфа, якая на той час служыла ў іх, спраўлялася па гаспадарцы. Закончыла рыхтаваць ксяндзам абед, як зайшоў нямецкі салдат. Прывітаўся па-польску. Прысеў, памаўчаў. Потым загадаў Генуэфе: "Ну, хопіць, паслужылі. Ідзі кліч гаспадароў".

"У камісарыят патрабуюць з'явіцца", - паведаміў святарам, калі тыя пераступілі парог хаты. Але зноў сядзеў, чакаў, пакуль абедалі. Немец спыніўся ля мужчыны, які нёс поўны кош рыбы. Паказваючы на ўлоў, салдат пачаў нешта гаварыць. А ксяндзы без праважатага паціху рушылі да камісарыята. Усё было мірна. Але Генуэфу, якая глядзела, як у звоне летняга дня аддаляюцца постаці божых служкаў, агарнуў страх. Такога пачуцця не было, калі ксяндзоў і яе выклікалі ў свой час у НКУС, калі, заняўшы Ліду, немцы выгналі іх з плябані ў невялікую старую хату побач з касцёлам… І як ні ўгаворвала сябе, што да вечара святары павінны вярнуцца, супакоіцца не магла. Мінуў дзень, прайшла ноч. Ксяндзы не вярнуліся.

У чаканні Генуэфа правяла яшчэ некалькі бяссонных начэй. Што рабіць? Пяць гадоў верай і праўдай праслужыла яна ў слабадскіх ксяндзоў. З дзяцінства бедная наймічка мела тут кавалак хлеба. Стараннем, акуратнасцю заслужыла павагу святароў, і сама прывыкла да іх, як да родных. А зараз здрадзіць? Кінуць усё - пойдзе прахам. Вернуцца, дзе жыць будуць?

Сярод вязняў

Раіцца пайшла да дэкана Баярунца з Лідскага фарнага касцёла. Яго, старога, кульгавага чалавека, немцы пакінулі ў спакоі. Можа, Баярунец ведае, чым правініліся яе слабадскія ксяндзы?

- Кажуць, заключаны ў турму, каб не падбівалі людзей на смуту супраць немцаў, - адказаў дэкан. І сказаў, дакладней, загадаў ні ў якім разе не пакідаць Генуэфе службы. Яна патрэбна нявольнікам.

Затым жанчына штодня збірала пакунак з такой-сякой ядой і несла ў турму, што размяшчалася па вуліцы Сыракомлі. Два дні на тыдзень клала разам і чыстую бялізну.

- Калі можаш, прынось болей хлеба і варанай бульбы, - папрасіў неяк пры спатканні пробашч Лабан. Аказваецца, шчодрай рукой раздаваў ён гэтую ежу згаладалым нявольнікам у камерах.

… У дзень перад куццёй Генуэфа прыйшла ў турму пад самы вечар. Сустрэла намесніка начальніка турмы Паўлоўскага. Той, мясцовы чалавек, няблага ставіўся да ксяндзоў.

- Што прынесла ў святы вечар гаспадарам? - зачапіў пытаннем Генуэфу.

Тая кінулася да яго:

- Паночак, пусці маіх ксяндзоў на Вігілію дахаты. Яны не ўцякуць. Калі патрэбна, дык я застануся ў турме закладніцай.

- Ты з глузду з'ехала? - адмахнуўся Паўлоўскі.

Але Генуэфа так упрошвала, што згадзіўся паклікаць начальніка турмы. Жанчына на каленях пачала маліць немца аб спагадлівасці да ксяндзоў. І той, на дзіва, злітаваўся, не патрабуючы ніякіх закладнікаў, дазволіў двум ксяндзам (а іх з усёй акругі дзевяць пакутавала ў турме) выйсці на волю ў святую ноч.

Вячэру слабадскія ксяндзы Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі елі дома. Схадзілі ў касцёл, памаліліся. А пачало святлець на вуліцы - накіраваліся да турмы. Далажылі начальніку, што з'явіліся.

- Навошта прыйшлі? Хіба на тое я вас адпускаў, каб вы вярнуліся зноў? - спытаў немец.

- Не можам інакш, - адказалі тыя. - Што паду-маюць пра нас іншыя ксяндзы? Ды і людзі палічаць за здраднікаў. Пакутаваць будзем разам.

У Кашаровым лесе

10 сакавіка 1943 года пакунак з ежай Генуэфе вярнулі назад. Жанчына хацела ісці на станцыю, мяркуючы, што яе гаспадароў павязуць у іншае месца, але сустрэла па дарозе паліцая Сцепанюка. І той расказаў Генуэфе, што айцы расстраляны. Жанчына ад такой весткі ледзь не страціла прытомнасць. Што рабіць? Куды кідацца? Нейкае пачуццё падштурхоўвала яе ў кашаровы лес, дзе фашысты забівалі людзей. Абышла бліжэйшыя ад лесу хаты. Жанчыны з вуліцы Кашаровай (зараз Чырвонаармейская) пацвердзілі, што зранку "на Кашары" праехала машына, абцягнутая брызентам, у якой сядзелі людзі ў сутанах. Некаторыя жыхары лідскай ускраіны - Пескаў - бачылі, як машына праехала назад ужо полем і з борта яе матляхаліся рукавы чорнага ксяндзоўскага адзення. Тады Генуэфа рушыла проста ў лес. Хоць быў яшчэ сакавік, снег сышоў даўно. Першую яму, якую ўбачыла, нават пакрапаў дожджык. Здагадалася: значыць, тут захаваны яўрэі, па чутках, расстраляныя тры дні назад. Пайшла далей і метраў за трыццаць ад дарогі наткнулася на свежую яму. Побач - лужына запечанай крыві. Зняла з галавы хустку і сабрала ў яе зямлю, перамешаную з крывёю, каб потым пахаваць ля касцёла, а месца пазначыла, абламаўшы ядловец.

Трэба ячмень жаць

Думкі, як перахаваць ксяндзоў па-людску, ні на хвіліну не пакідалі Генуэфу. Прыходзілі ці то сны, ці то трызненні.

… Адчыняюцца дзверы ў плябані і заходзіць пробашч Лабан. "Ты пробашчанька?" - "Я". - "Адкуль?" - "З Кашаровага лесу". - "А ты што, Генуэфа, дамоў сабралася?" - "Дамоў". - "А ці ведаеш ты, што ў полі наш ячмень паспеў? Трэба пажаць, у снапы звязаць, на месца пакласці". - "А я, пробашчанька, пра гэта і думаю".

Потым, здаецца, жне яна ячмень, а там куст ядлоўцу. Нахіляецца над ім: гняздо перапёлак-шарачкоў, дзюбы паадкрывалі. Хацела ўзяць дваіх. І раптам з'яўляецца чалавек, увесь у чорным, але з вельмі прыемным тварам. Кажа: "Не руш. Хай сядзяць да часу. I як забярэш - дык усё гняздо..."

Па дапамогу Генуэфа накіравалася да служкі слабадскога касцёла Ежы Маркевіча, а таксама набожнай сям'і Марыі і Антона Ухтаў з вёскі Дайнава. Яны згадзіліся, што перахоўваць ксяндзоў трэба. Падрыхтоўка вялася ў самай строгай тайне: за гэта немцы маглі расстраляць. Сын Ухтаў Донек зрабіў дзве труны. Бо меркавалася дастаць толькі слабадскіх ксяндзоў. Марыя Ухта дала матэрыял абабіць труну і зрабіла падушачкі.

У кашаровы лес паехалі глыбокай ноччу. Антон Ухта, Донек Ухта, Ежы Маркевіч, сама Генуэфа і двое дайноўскіх мужчын - Пятрук Кодзік і Альфонс Янцэвіч. Колы падводы абкруцілі анучамі, каб не бразгаталі па каранях.

Дабраліся да месца, Генуэфа пайшла наперад праверыць, ці ўсё спакойна. Абышла вал - ціха. Знайшла яму і паклікала мужчын:

- Капайце.

Знялі літаральна метр зямлі і пры святле адзінага ліхтара разгледзелі першага нябожчыка. Але раптам цішыню неба разрэзаў гул матораў самалётаў. Ад выбухаў задрыжэла ўсё навокал. Пачалася страляніна, чутно было, як немцы павыскоквалі з казармаў вайсковай часткі. Мужчыны, схапіўшы лапаты, прысыпалі яму і кінуліся да падводы, амаль цягнучы за сабой Генуэфу:

- Не галасі ты, Бог дасць, яшчэ вернемся сюды.

Другая спроба адкапаць забітых была зроблена дзесьці ў сярэдзіне красавіка. Не расказаць, колькі Генуэфа перахвалявалася, праліла слёз і абышла надзейных богапаслушных мясцовых мужчын, агітуючы на дапамогу. Ды згадзіліся зноў толькі Ухты і Маркевіч, а астатнюю сілу знайшла ў вёсцы Бельскія, звярнуўшыся да Ваўжынца Карэйвы. Яму не адмовілі трое хлопцаў-сяброў: Станіслаў Карэйва, Юзаф Лапко і Станіслаў Буткевіч. Зноў капалі пры святле ліхтара. На гэты раз вельмі хутка і спорна. Дасталі Вінцэнта Лабана і Люцыяна Мрачкоўскага. Ваўжынец, зняўшы бурку, паклаў пад голавы нябожчыкам, каб не так трэсла па дарозе. Прывезлі да Ухтаў. Абмылі, апранулі і пахавалі ў садзе блізка ля хаты. Закончылі - якраз пачаў займацца дзень. Над магілай на дрэве закукавала зязюлька.

Праз тыдзень тым жа гуртам паехалі даставаць астатніх ксяндзоў. Грошы на тое, каб зрабіць труны, купіць матэрыял, адзенне і на іншыя расходы, даў дэкан Баярунец. I не толькі таму, што расстраляны быў яго вікары з фарнага касцёла Стэфан Снягоцкі, але і таму, што пакідаць астатніх божых служкаў у яме было грахом.

Дваіх ксяндзоў яшчэ пахавалі каля хаты Ухтаў, астатнія пяць трунаў закапалі ў лесе, блізка каля гарадзенскай шашы.

Хай спачываюць у цішы

Прайшлі гады. Генуэфа Казакевіч служыла ў іншых ксяндзоў, потым працавала ў калгасе. Але ўвесь час і ў святы, і ў вольныя хвіліны будняў наведвалася да тых месц, дзе былі пахаваны святары. Прыбірала магілы. Дарэчы, сям'я Ухтаў пасля вайны выехала ў Польшчу.

Ужо ў 1960 годзе Казакевіч даведалася, што дайнаўскія і цыбарскія вернікі напісалі ў Лідскі райвыканкам просьбу аб перазахаванні забітых ксяндзоў на Слабадскіх могілках, не паставіўшы сваіх подпісаў, а толькі ўказаўшы, што агітаваў іх напісаць гэта пісьмо белагрудскі ксёндз. Прадстаўнікі райвыканкама ездзілі ў вёскі шукаць аўтараў. Але не знайшлі. Вакол перазахавання пачалі хадзіць усялякія плёткі і непрыемныя чуткі. I тады Генуэфа смела пайшла ў райвыканкам. Пераадолеўшы заслону наведвальнікаў з заявамі выпісаць шыфер, дрэва на дом, зайшла ў кабінет да старшыні. Расказала ўсё чэсна, без утайкі, як былі арыштаваны ксяндзы, расстраляны, як і кім пахаваны. І старшыня, выслухаўшы, зразумеў па-чалавечы, даў згоду на перазахаванне, нават падказаў, што для парэшткаў неабходна зрабіць новую труну, бо старыя, пэўна, ужо спарахнелі.

Па падмогу Генуэфа Казакевіч звярнулася да жыхароў Дайнавы. Вернікі сабралі грошы на расходы, выдзелілі двух мужчын для работы па перазахаванні.

30 кастрычніка 1960 года прах ксяндзоў быў перавезены на могілкі на Слабадзе. На свежым насыпе Генуэфа паставіла невялічкі сціплы крыжык. Гэта ўжо потым ксяндзы з акругі, узяўшы ініцыятыву ў свае рукі, паставілі на магіле помнік з імёнамі расстраляных божых паслужнікаў.

За лістом ліст на дол спадае

На дзіва, імкненне бабулі Казакевіч, пра якое яна казала мне: і пасля смерці быць бліжэй да тых, каму захоўвала вернасць, - спраўдзілася. На Слабадскіх могілках я адшукала магілу старэнькай - дзякуючы яе плямянніцы Ядвізе Міхайлаўне Гербедзь з вёскі Астроўля. Ад месца, дзе пахаваны ксяндзы, яна знаходзіцца зусім блізка: напрасткі праз метраў дзесяць. Веру, што і душа Генуэфы Іванаўны знайшла спакой ля тых, да каго імкнулася.

А што засталося пасля бабулі Генуэфы на зямлі? На яе магілцы надмагільнік і сціплы металічны крыж. Іх устанавіла (дзякуй ёй за гэта) дачка плямянніцы, якая пражывае далёка ад Ліды. А вось помніка ці нават надпісу, што тут спачывае Генуэфа Казакевіч, на магіле няма.

Ядвіга Міхайлаўна паказала мне медаль з надпісам на польскай мове "Таварыства аховы памяці бітваў і месц пахавання", якім была ўганаравана бабуля Генуэфа, але даслалі яго дзесьці праз год, пасля таго, як яна памерла.

Жыхары вёскі Бельскія нагадалі мне шлях да дома, у якім жыла Генуэфа Казакевіч.

- Гэта тая, што ксяндзоў хавала? - перапытвалі.

Хатка старой, што стаіць на водшыбе, без гаспадарскага цяпла раскідалася. Вакол яе расправілі галіны старыя яблыні. Расквечаныя восенню лісты злятаюць з іх адзін за другім і кладуцца на дол. Сумна. Хаця, можа ўсё гэта і не так важна? Пасля Генуэфы Казакевіч засталося нешта большае.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX