Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Датаванне пабудовы царквы ў Малым Мажэйкаве Dating the construction of the church in Malamazejkau (w Murowance)


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 29-06-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Датаванне пабудовы царквы ў Малым Мажэйкаве // Białoruskie Zeszyty Historyczne №40. Białystok, 2013. С. 226–232.

Спампаваць




Маламажэйкаўская Багародзіцкая царква-крэпасць - адна з тых трох культавых пабудоў памежжа ХV-ХVІ стст. (другая i трэцяя - гэта Сынкавіцкі i Супрасльскі храмы-крэпасці), дзякуючы якім Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры.

Святар Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) царквы а. Леў Савіцкі, які артыкулам «Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь», надрукаваным ў № 33, 34, 36, 42 «Литовских Епархиальных Ведомостей» за 1873 г. данёс да нас галоўны масіў інфармацыі пра гэты храм, пісаў: «Маламажэйкаўская царква знаходзіцца ў Лідскім павеце, у 30-ці вёрстах па паштовай дарозе ад Ліды на Гродна. Царква гэта, з некалі прыналежнымі да яе землямі i некалькімі дварамі пасяленцаў, пад назвай Агароднікі, размешчана на даволі ўзнёслай мясцовасці, якая апускаецца пахілам да невялікага раўчука, маляўнічыя берагі якога аблямоўвае густы хмызняк i высокія дрэвы, творачы значны гай, які як бы наўмысна вырашчаны тут для прыгажосці i для абароны ад заходніх вятроў Гэта мясцовасць у старажытнасці вядома пад назвай "Багданаўшчына", тут размешчаны будынкі святара (...). Некаторыя асобы, камандзіраваныя ў апошнія гады для агляду славутых помнікаў нашай краіны, не маючы дакументаў i гістарычных дадзеных, не маглі нават спадзявацца сустрэць у падобнай глухмені такую выдатную сваёй архітэктурай святыню. Шмат хто думаў, што гэты будынак пабудаваны ў даўнія часы татарамі для мячэці, а потым ужо перароблены на царкву, але ясныя сляды крыжоў, выштукаваныя з цэглы ў вежах з заходняга боку i мясцовыя пісьмовыя помнікі, пераконвалі ix у адваротным» [1].

Паспрабуем па магчымасці прасачыць раннюю гісторыю Маламажэйкаўскай царквы i мясцовасці, дзе яна знаходзіцца.

Яшчэ ў XV ст. па ўсёй тэрыторыі гістарычнай Лідчыны цягнулася вялікакняская путча. У часы Вітаўта тут яшчэ не было сталага насельніцтва i менавіта ён пачаў надзяляць баяраў землямі, прычым надаваць ён мог толькі лясы i рэкі. Гэтая маёмасць каштавала не шмат, бо гаспадар павінен быў карчаваць лес i так праз выкарчоўку лесу ды заняцце новых пусташаў i рухалася каланізацыя Лідчыны [2].

Да 1506 г. Мажэйкава верагодна было вялікакняскай маёмасцю, бо першы вядомы ўпамін пра гаспадара Мажэйкава разам з суседнімі Дзікушкамі (Бікушкамі) знойдзены пакуль толькі ў 8-м томе Метрыкі BKЛ: «1506.09.02. Мельник. Лист наместнику жолудокскому о пожаловании Михаилу Гагину двора Можейковского и дворца Бийкушского Жолудокского повета, до очищения имений его путивльских и киевских от неприятеля» [3]. Міхал Гагін у 1508 г. пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ здрадзіў i перайшоў на бок вялікага князя маскоўскага Васіля III, таму Мажэйкава перадаецца Льву Тышкевічу: «1508.05.26. Новогрудок. Привилей дворянину господарскому Льву Тишкевичу на дворцы Можейково и Бикушки в Жолудокском повете, до очищения его отчины от вел. кн. московского» [4].

Праз палову года ад Тышкевіча маёмасць перадаецца князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму: «1508.12.14. Вильно. Лист дворянину господарскому Льву Тишкевичу, что бы уступил ему пожалованные дворцы Можейково и Бикушки Жолудокского повета Василью Андреевичу Полубенскому, которому были пожалованы ранее» [5]. Льву Тышкевічу засталіся Дзікушкі. Князь Палубенскі за зносіны ca здраднікам Міхалам Глінскім быў арыштаваны, але потым памілаваны i ў 1514 г. зноў атрымаў пацвярджэнне на валоданне Мажэйкавам [6].

Кароль i вялікі князь ВКЛ Аляксандр 27 студзеня 1505 г. пацвярджае будучаму фундатару пабудовы Маламажэйкаўскай царквы Шымку Мацкавічу права на валоданне зямлёй у Жалудоцкім павеце i «на дворец на Тури близко Рожанки». З пацвярджэння бачна, што яшчэ бацька Шымкі - Мацка Андрушкавіч атрымаў пустэчу, якая звалася Трэшэўшчына ў Жалудоцкім павеце i потым, з дазволу вялікага князя, абмяняў сваю зямлю з васілішскімі i жалудоцкімі баярамі i прыкупіў поле з лесам у баярына Багдана Пацэвіча i «дворец ихъ на Тури близко Рожанки обел вечно (...)» [7]. 27 жніўня 1508 г. Шымка Мацкавіч атрымлівае 2 чалавекі i 4 пусташы ў Жалудоцкім павеце [8], у 1509 г. прывілей на людзей i на двор на рацэ Тур'я [9].

У 1514 г. кароль пісаў намесніку жалудоцкаму: «Біў нам чалом падканюшы віленскі Шымка Мацкавіч i распавёў перад намі, што лоўчы наш, намеснік ожскі i пераломскі, пан Мікалай Юр'евіч Пацэвіч, калі ад нас Жалудок трымаў даў яму зямельку на пусташы (...) у Жалудоцкім павеце пад назвай Мажэйкаўшчына (...). а ён тую зямлю ў дзержанні меў аж да гэтага часу, i сам пан Мікалай нам распавёў, што тую зямлю даў трымаць яму да нашай волі. i ён біў чалом, каб яму на тое далі наш ліст. I мы яму на тое наш ліст даём: няхай ён тую зямлю трымае з усім тым, што да яе здаўна знаходзіцца, а нам з таго службу земскую заступае (...)» [10]. Такім чынам, яшчэ да 1514 г. Шымка Мацкавіч атрымаў пустэчу ў яшчэ адзіным Мажэйкаве. Потым частка Мацкавіча атрымала назву Малое Мажэйкава. Як пісалася вышэй у тым жа 1514 г. князь Палубенскі атрымаў пацвярджэнне сваіх правоў на двор Мажэйкава ў Жалудоцкім павеце і, відочна, ягонай часткай стала будучае Вялікае Мажэйкава.

Другім шлюбам, пасля смерці сваёй першай жонкі князёўны Аксінні Заслаўскай, князь Васіль Андрэевіч Палубенскі, мсціслаўскі, бабруйскі i барысаўскі стараста i дзяржаўны маршалак, у вельмі пажылым узросце ажаніўся з удавой Шымкі Мацкавіча (цівуна i гараднічага віленскага, старасты ушпольскага, пенянскага i радунскага) - Сафіяй Паўлаўнай. Верагодна, яна як пасаг унесла Малое Мажэйкава другому мужу, бо ў 1546 г. ён адпісвае жонцы адну траціну сваіх валадарстваў, 2000 коп літоўскіх грошаў ад сядзібы Мажэйкава, i адначасова свайму сыну князю Івану траціну ўсіх сваіх маёнткаў, за выключэннем Мажэйкава (раней ужо адпісанага жонцы Сафіі Паўлаўне). Апошнюю траціну сваіх валадарстваў Васіль Андрэевіч Палубенскі адпісваў як пасаг сваёй унучцы Марыне, дачцэ яго сына Льва, якая засталася сіратой пасля смерці бацькі. Князь Васіль Андрэевіч Палубенскі памёр 4 сакавіка 1550 г. у сядзібе Гарадзішча. Удава перавезла яго цела ў Кіеў i пахавала ў Кіева-Пячэрскай лаўры, у царквы Прачыстай Багародзіцы Пячэрскай, каля ягонага сына Льва.

У 1563 г. Марына, дачка памерлага князя Льва Васільевіча Палубенскага, i жонка Станіслава Паўлавіча Нарушэвіча (спраўцы Гарадзенскага староства) сумесна з мужам выступае з заявай, што маёнтак Мажэйкава быў падараваны каралём Аляксандрам «яе дзеду князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму, старасту мсціслаўскаму»; апошні, заўдавеўшы, узяў шлюб з Сафіяй Паўлаўнай, удавой Шымкі Мацкавіча, якой адпісаў гэты маёнтак «у вечнае карыстанне». Яна ж сама «перапісала» гэты маёнтак на свайго сына Яна Шымкавіча (маршалка i пісара гаспадарскага [вялікакняжацкага], дзяржаўца тыкоцінскага). Паколькі ў 1563 г. Марына была адзінай спадчынніцай свайго дзеда Васіля, бацькі Льва i дзядзькі Івана, усе свае правы на маёнтак Мажэйкава яна перадала Шымкавічу, які ўжо i так меў на гэты маёнтак каралеўскае пацвярджэнне. У свой чарод Шымкавіч упісаў сядзібу Мажэйкава у так званы «пасаг» сваей жонцы, князёўне Аляксандры Іванаўне Вішнявецкай [11].

Пасля смерці Яна Шымкавіча Мажэйкава было падзелена паміж яго дочкамі (або пляменніцамі): Альжбетай - жонкай падскарбія ВКЛ Крыштафа Мікалаевіча Нарушэвіча i Багданай - жонкай мсціслаўскага ваяводы Андрэя Сапегі. Нарушэвічы атрымалі Малое Мажэйкава, a Сапегі - Вялікае [12]. Як бачым з імёнаў, ужо сын Шымкі Мацкавіча - Ян, як i ўнучкі, дакладна не былі праваслаўнымі.

Найбольш верагодным фундатарам пабудовы мураванай царквы лічыцца Шымка Мацкавіч, аб чым запісана ў акце візітацыі 1784 г.: «Мажэйкаўская царква пад тытулам нараджэння Панны Марыі, даўнейшай фундацыі васпанства Мацкевічаў Шкленскіх» [13], але існуе меркаванне, што фундатарам царквы мог быць князь Васіль Палубенскі, які ў 1508 г. атрымаў ад вялікага князя двор Мажэйкава [14].

Ранейшыя даследчыкі час пабудовы царквы адносілі да 1407 г. (траўня 10 дня), у доказ прыводзіўся больш позні дакумент ад 1524 г., які падае ў сваім артыкуле а. Леў Савіцкі: «(...) отец Федосий Воротынскій, протопопа Лидский, до книг метрополитальныхъ въ дворы нашемъ, в Новогрудку будучи, покладалъ, и ку актыкованью подалъ листъ ограничный церкви Маломожейковской Мурованной, грунтов, лесов, сеножатей, самого седлиска и прочих принадлежностей, сходно стародавнаго фундушу учиненнаго чрезъ зошлого его милости пана Шимка Мацкевича Шкленскаго, подконюшего Виленского, державцы Ушпольскаго, Пенянскаго и Радунскаго, наданыхъ и належачихъ на туюжъ церковь Мурованную, в повете Лидском лежачую и им побудаваную, року 1407 мая 10 дня» [15]. На сённяшні дзень верыфікаваць гэты дакумент не ўяўляецца магчымым i ён выклікае вялікі сумнеў бо ў 1407 г. Шымкі Мацкавіча яшчэ не было на свеце, а ў 1542 г. ён - i гэта дакладна ўстаноўлена - зрабіў завяшчанне на карысць Маламажэйкаўскай царквы, якая да таго часу ўжо была пабудавана. Можна выказаць здагадку, што перапісваючы старую паперу святар памыліўся пры распазнанні асобных слоў i такім чынам змяніў першасны сэнс дакумента. Аднак менавіта на падставе гэтага тэксту, у 1907 г. святкавалася меркаванае 500-годзе царквы i ў Вільні была надрукавана адмысловая брашура: Маломожейкоеская «Мурованная» церковь. На память о 500-летии каменной церквu Рождества Пречистой Богоматери в селе Маломожейков, Лидского уез., Виленской губ. 13 мая 1907 г. Издание Виленского Православного Св.-Духовск. Братства. Вильна. 1907.

Зараз лічыцца, што сучасная мураваная царква пабудавана каля 1524 г. Гісторык Юзэф Ядкоўскі, які па даручэнню Маскоўскага археалагічнага таварыства даследаваў Маламажэйкаўскую царкву ў 1913 г., датаваў яе першай паловай XVI стст. З ім быў згодны беларускі мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін. Спецыяліст па абаронным будаўніцтве на Беларусі ў XVI-XVIII ст. Міхась Ткачоў таксама датаваў храм першай паловай XVI ст. - паміж 1516 i 1542 дт. [16] На карысць больш позняга за 1407 г. узвядзення Маламажэйкаўскай царквы ўскосна сведчыць яе архітэктура. Названыя храмы абарончага тыпу ў Вільні, Супраслі, Сынкавічах i Маламажэйкаве, на думку беларускіх i польскіх вучоных, узведзены прыблізна ў адзін перыяд (звычайна называецца памежжа XV-XVI стст. або пачатак XVI ст.). Дарэчы яшчэ а. Леў Савіцкі адзначыў «падабенства з (...) старажытным Прачысценскім Мітрапалітальным саборам у Вільні, які відаць па ўсім служыў для будаўнікоў Маламажэйкаўскай царквы прататыпам, храмастваральнік нават прысвяціў яго імю Прачыстай Багародзіцы» [17].

Гэтыя храмы першыя ў гісторыі праваслаўнага культавага будаўніцтва ў Беларусі спалучылі ў сабе рысы візантыйскага тыпу i заходне-еўрапейскай готыкі і, па меркаванню шэрагу дасладечыкаў той эпохі, з'яўляюцца вынікам i праявай распаўсюджвання ідэй Фларэнцкай уніі 1439 г. сярод уплывовай праваслаўнай эліты Вялікага Княства Літоўскага [18].

Аднак падчас рэканструкцыі 1870 г. «пры расчыстцы месца ў сярэдзіне царквы было адкапана мноства вялікіх камянёў, пад якімі былі сляды мёртвых целаў, на некаторых камянях былі пазначаны, ледзь прыкметна славянскімі літарамі. гады ад стварэння свету. Так на адным атрымалася разабраць год ад Р. Хр. 1469 г. i надпіс: Хрыстоў раб Іерей Авраамъ. Тэты камень быў пакінуты на месцы» [19]. Такім чынам пад храмам не перанесеныя пад час будоўлі асобныя надгробкі, a саўпраўдныя магілы з захаваўшыміся надгробкамі.

Артыкул а. Льва Савіцкага змяшчае інфармацыю, якая дазваляе вырашыць гэтае пытанне. Святар піша: «Як абвяшчае паданне i бачныя зараз сляды падмурка, на пляцы каля царквы фундатары пабудавалі манастыр, (...) верагодна драўляны, i ўжо трухлявы ў 1524 г.» [20] Такім чынам яшчэ ў XIX ст. каля сучаснай царквы існавалі падмуркі старой сакральнай пабудовы i захоўвалася народная памяць пра яе.

Істотна, што ў Метрыцы ВКЛ ёсць успамін пра царкву - папярэдніцу сучаснай: 5 снежня 1528 г. Шымка Мацкавіч скардзіўся на васілішскага i маркаўскага дзяржаўцу Яна Мікалаевіча Радзівіловіча (Радзівіла), што той пачаў сабе забіраць, «што давалі людзі на капліцу Вітаўтаву» [21]. Вядома, што Мажэйкава, ўваходзіла ў Троцкае ваяводства [22], патомным уладаром якога быў Вітаўт, знаходзілася зусім недалёка ад старажытнага шляху з Вільні ў Кракаў i таму з'яўленне тут «капліцы Вітаўта» не павінна дзівіць.

Відавочна, сучасны мураваны храм - другі па ліку, а першым тут быў пабудаваны драўляны храм. Таму дапушчальна прыняць за дату пабудовы першага драўлянага храма год, які падае a. Леў Савіцкі - 1407 г. [23] Гэта цалкам магчыма, бо, напрыклад, суседняя, драўляная Дзікушская царква ў 1442 г. ужо існавала [24].

Такім чынам сучасная гатычная царква абарончага тыпу верагодна была пабудавана каля старой драўлянай капліцы Вітаўта, падмуркі якой i памяць пра яе існаванне захаваліся да другой паловы XIX ст., ды i сама яна доўгі час магла стаяць побач з мураванай царквой. Пры гэтым некалькі пахаванняў з могілак, якія раней узніклі вакол капліцы Вітаўта трапілі ў перыметр сучаснай царквы i гэта захавала для нас імя аднаго з першых мажэйкаўскіх святароў - іерэя Аўрама.

Мы маем падставы лічыць, што Маламажэйкаўскі прыход быў заснаваны на пачатку XV ст. пры пабудове капліцы Вітаўта i такім чынам датаванне пабудовы мураванай царквы ў першай палове XVI ст. не выклікае ніякіх пярэчанняў.

Leanid Łauresz - badacz niezależny, administrator historyczno-krajoznawczej strony internetowej "Pawet". Autor szeregu artykułów i książek poświęconych historii Ziemi Lidzkiej i naukom przyrodniczym.



[1] Л. Савицкий, Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь, «Литовские Епархиальные Ведомости» (далей: ЛЕВ), 1873, № 33, с. 297.

[2] J. Glinka, Ród Klausucia w wiekach X111-XYL Ze studiów nad kształtowaniem i różnicowaniem społecznym bojarstwa litewskiego, "Studia Zródłoznawcze", Warszawa-Poznań 1959, t. IV, s. 96.

[3] starbel.narod.ru/metrika/rgadalOO.htm: Национальная библиотека Беларуси (далей: НББ): 1БА91074К. - Реестр актов и записей: № 177, с. 175.

[4] starbel.narod.ru/metrika/rgadalOO.htm: НББ: 1БА91074К. - Реестр актов и записей: Лг» 315. с. 257.

[5] starbel.narod.ru/metrika/rgadal00.htm: НББ: 1БА91074К. - Реестр актов и записей: № 379. с. 287.

[6] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (далей: ЭГБ). Мінск 1994, т. 2. с. 423.

[7] Lietuvos Melrika. Knyga Nr 6 (1494-1506): Użraśymij knyga 6 / Lietuvos istorijos institutas: parengć A. Baliulis, Vilnius 2007, c. 308.

[8] starbel.narod.ru/metrika/rgadalOO.htm; НББ: 1БА91074К. - Реестр актов и записей: № 355. с. 277.

[9] starbel.narod.ru/metrika/rgadal00.htm; НББ: 1БА91074К. - Реестр актов и записей: № 488, с. 319.

[10] М. К. Любавский, Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: исторические очерки, Москва 1892, с. 602.

[11] Князья Полубинские. Сборник исторических материалов по истории рода (составитель: Дмитрий Георгиевич Карпинский), wikiznanie.ru/ru-wz indех.рhр/Полубинские

[12] ЭГБ. т. 2. с. 423.

[13] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, ф. 634, воп. 1, спр. 53, Візіты цэркваў Лідскага i Слонімскага дэканата, 1784 г., с. 42.

[14] А. М. Кушнярэвіч. Кулыпавае дойлідства Беларусі XIII-XVШ ст., Мінск 1993, с. 73-74.

[15] Л. Савицкий. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь, ЛЕВ. 1873. № 33. с. 297.

[16] А. М. Кушнярэвіч, Кулыпаеае дойлідства Беларусі..с. 75.

[17] Л. Савицкий, Маломожейкоеская (или Мурованая) Пречистенская церковь, ЛЕВ, 1873, № 33, с. 298-299.

[18] А. А. Семянчук, Распаўсюджанне id эй Фларэнцкай у н ii ў Вялікім княстве Лiтоўскім ў канцы XV - пачатку XVI ст., [у:] Хрысціянства ў гістарычным лесе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 v., ч. 1.Гродна 2009, с. 162.

[19] Л. Савицкий. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь, ЛЕВ. 1873. Хо 36. с. 322.

[20] Л. Савицкий. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь, ЛЕВ. 1873. № 34. с. 306.

[21] В. Сліўкін. Малое Мажэйкава, «Лідскі летапісец», № 25-26, с. 41.

[22] ЭГБ. т. 2. с. 423.

[23] Л. Савицкий. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь, ЛЕВ. 1873. № 33. с. 297.

[24] Л. Лаўрэш. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне, Полацк, 2012, с. 44.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX