Вярнуцца: Рэлігійная гісторыя

Сацыяльна-палітычнае становішча Рымска-каталіцкага касцёла ў Лідскім дэканаце ў канцы XIX - пачатку XX стст.


Аўтар: Сыцько Кірыл,
Дадана: 15-09-2014,
Крыніца: Сыцько Кірыл. Сацыяльна-палітычнае становішча Рымска-каталіцкага касцёла ў Лідскім дэканаце ў канцы XIX - пачатку XX стст. // Лідскі Летапісец №1(65)-2014; №2(66)-2014. C. 19-24.



Усю сукупнасць з'яваў, асобаў, сацыяльна-палітычных, эканамічных, гендэрных чыннікаў можна назваць гістарычнай рэальнасцю. Калі мы вычленім з гэтай рэальнасці адзін элемент, то ён стане аб'ектам даследвання, а сама рэальнасць, як сукупнасць пабочных элементаў - кантэкстам. Гэта выклікае двухбаковасць методыкі апрацоўкі гістарычных дадзеных. З аднаго боку - мы можам апрацаваць іх як кантэкст да з'явы, з іншага - непасрэдна як аб'ект.

Менавіта з гэтай прычыны перад тым, як пачынаць апісанне ўласцівасцяў аб'екта, важна даследаваць яго сутнасна-прасторавую прыроду. Адарванасць ад кантэксту і неправільная яго інтэрпрэтацыя прыводзіць, па-сутнасці, да агістарызму і нараджэння гістарычна-сацыяльных міфаў.

Таму намі вырашана было разглядзець у якасці аб'екта даследвання не царкоўную крыніцу як рэфлексію на падзеі, але сацыяльны кантэкст крыніцы. Сацыяльны кантэкст абранага намі пытання, па-сутнасці, складаецца з 3 чыннікаў:

Адносіны Рымска-каталіцкага касцёла і ўладаў Расійскай імперыі;

Адносіны Рымска-каталіцкага касцёла і насельніцтва Паўночна-Заходняга краю;

Асоба рымска-каталіцкага святара як чыннік уплыву на нацыянальнае і рэлігійнае самавызначэнне беларусаў.

Апошні кантэкстуальны фактар, па сутнасці, з'ява, якую немагчыма сістэматызаваць і падпарадкаваць нейкім правілам, бо калі першыя два фактары - аб'ектыўная рэальнасць, якая склалася гістарычна, то апошні - суб'ектыўны, ён складаецца з псіхалагічных чыннікаў адной асобы. Псіхалагічныя чыннікі кожнай асобы розныя, таму скласці нейкую заканамерную карціну немагчыма. Часткова ў гэтай справе дапамагае мемуарная літаратура прадстаўнікоў касцёла.

Аднак існуюць з'явы настолькі архаічныя і самабытныя, што любыя спробы падпарадкаваць іх пэўным правілам прыводзяць да парушэння адлюстравання гістарычнай рэальнасці.

Так, працуючы з культавымі дакументамі, а таксама з крыніцамі, якія адклаліся ў дзейнасці святароў, важна памятаць аб дагматызме іх стваральнікаў, якія патрабуюць ад сваіх прыхільнікаў прыняцця шмат якіх рэчаў на веру.

Па-сутнасці, як мы ўжо казалі, даследчык па-вінен памятаць гэтае, падыходзячы да пытання выкарыстання мемуарнай літаратуры ў сваім даследванні па дзвюх прычынах - асаблівасці інтэрпрэтацыі навакольнай рэяльнасці аўтарам крыніцы, а таксама асаблівасці інтэрпрэтацыі гістарычнай рэальнасці гэтай крыніцы даследчыкам.

Разнастайнасць і шматлікасць крыніц па гісторыі Рымска-каталіцкага касцёла на землях цяперашняй Заходняй Беларусі нараджае неабходнасць правільнага іх выкарыстання.

Варта разумець, што адрэзак часу, які мы бярэм за межы нашага даследвання, з'яўляецца досыць вялікім. 90-я гады XIX - 20-я гады XX стст. досыць арганічна запоўнены падзеямі, і ўсю іх паўнату адлюстраваць не магчыма. Аднак варта памятаць, што царква базуецца на кансерватывізме, а таму з'яўляецца вельмі трывалым інстытутам з архаічнымі сувязямі ўнутры.

Прысутнае кожнаму чалавеку як разумнай істоце памкненне да паляпшэння свайго становішча (у першую чаргу тут мы маем на ўвазе духоўнага), да пазнання невядомага, заўжды апераджае магчымасці іх задавальнення. Гэтая няроўнасць у сістэме "імкненне - магчымасці" нараджае сацыяльныя зрушанні.

Царква, як мы ўжо казалі - кансерватыўны, дагматычны інстытут, які неахвотна прымае змены. Як вынік павінная была адбыцца нейкая сацыяльная рэвалюцыя, якая б падштурхнула яе да дзеі - калі патрэбы большыя за магчымасці, узнікае трэцяя рухальная сіла. Аднак у сітуацыі з тэрыторыямі Беларусі ў ХІХ-ХХ стст., гэта не так моцна выражана па прычыне традыцыйнасці грамадства.

Традыцыйнасць і непарушнасць становішча Рымска-каталіцкага касцёла ў сістэме светапогляду тагачасных заходніх беларусаў напачатку ХХ стагоддзя, на нашую думку, вынікае з яго інстытуцыялізаванасці. То бок, фактычна, культ на той момант ўяўляў сабой не інстытут, але інстытуцыю, бо з'яўляўся не ўстановаю, але сістэмай з закрытай сукупнасцю правілаў і сімвалаў, якія не змяняюцца досыць працяглы прамежак часу і, фактычна, рэгулююць адносіны паміж грамадствам і Богам.

Аднак, у перыяд, які мы разглядаем, узнікла трэцяя сіла, якая актыўна ўмешвалася ў справы Рымска-каталіцкага касцёла - грамадзянскі ўрад Расійскай Імперыі.

Алесь Смалянчук адзначае, што польскае і каталіцкае насельніцтва Беларусі ў другой палове ХІХ ст. апынулася ў досыць цяжкім становішчы. Галоўнай мэтай ўрадавай палітыкі пасля задушэння паўстання 1863-1864 г. была ліквідацыя ўсялякага ўплыву на жыццё краю з боку гэтых груп насельніцтва, поўнае абрусенне Беларусі. "Ворагам нумар адзін" лічылася каталіцкая шляхта. Супраць яе, у першую чаргу, і быў накіраваны шэраг абмежавальных законаў. Рэформы 60-70-х гадоў ХІХ ст., фактычна, не закранулі Беларусі.

Для таго, каб зразумець праблему, варта звярнуцца да ангельскага палітолага Энтані Сміта, які лічыць, што рэлігія была адным з чыннікаў развіцця нацыяналістычных ідэяў. Так, ён вызначае рэлігійныя рухі першым крокам да нацыяналізму. На гэтым этапе стан рэлігіі адпавядае стану грамадскай свядомасці масаў.

Такім чынам, Э. Сміт вылучае рэлігійныя рухі як адзін з элементаў сістэмы, якая стала глебай нацыянальных рухаў.

Канешне, з вышэй абазначаным сцверджаннем можна не пагадзіцца, бо, калі прачытаць Э. Сміта, то стане зразумелым, што размова ў яго працы ідзе аб вузкаспецыфічных сектах так званага "Руху за тысячагадовае Божае валадарства", якія, збольшага, былі ў апазіцыі да афіцыйнай рэлігіі ў дзяржаве. Аднак Каталіцкі касцёл на Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі апынуўся менавіта ў такім стане. Варта адзначыць, што каталіцкае духавенства спрабавала надаць рэлігійным працэсіям рысы палітычнай антыдзяржаўнай накіраванасці. Пацверджаннем таму, напрыклад, антыімперскія шэсці ў мястэчку Масты Лідскага дэканату ў 1907 годзе.

І сапраўды, разглядаючы ўваходныя лісты па Віленскай епархіі за пачатак XX ст., а таксама цыркуляры на імя ўсіх епархіяльных святароў мы бачым, што:

1. Рымска-каталіцкі касцёл на Беларусі спрабаваў арганізоўваць таемныя прыватныя навучальныя ўстановы (якія прыраўноўваліся да патаемных), аб чым сведчыць цыркуляр № 8469 ад 21 верасня 1911 году.

У Лідскім дэканаце існавалі 2 такія патаемныя школы - ў вёсцы Руда, дзе навучалася 3 хлопчыкі, а таксама ў мястэчку Смаргонь, дзе навучалася 7 хлопчыкаў.

2. Рымска-каталіцкія святары адмаўляліся чытаць тэксты прысягаў на дзяржаўнай мове Расійскай Імперыі, якой з'яўлялася расейская. За такую грамадзянскую пазіцыю маглі быць прыменены рэпрэсіўныя меры, нават да крымінальнай адказнасці. Аб гэтым сведчыць цыркуляр на імя кіраўніка епархіі, падпісаны Сталыпіным ад 2 снежня 1909 года № 9342. Тут варта заўважыць, што і польская, і літоўскай гістарыяграфія моўнага пытання ў касцёлах гэта цалкам пацвярджаюць, у адрозненні ад сучаснай расійскай гістарыяграфіі, якая адмаўляе існаванне агрэсіўнай моўнай палітыкі.

3. Рымска-каталіцкія святары ў некаторых выпадках спрабавалі прыпісваць праваслаўных да свайго прыходу, аб чым свечыць копія рапарту ад 3 жніўня 1910 году № 6778.

4. У каталікоў адбіралі землі на карысць дзяржавы, аб чым сведчыць "Нарыс аб парафіі Ішчальнскай".

5. Некаторыя каталіцкія святары напрыканцы XIX - пачатку XX стст. асэнсоўвалі сябе часткай беларускай, альбо літоўскай нацыі, пры гэтым карыстаючыся польскай моваю.

Такім чынам, мы бачым, што калі ў XVII - першай палове XVIII стст. каталіцкая грамада з'яўлялася групай ціску, то ў перыяд, які мы разглядаем, яна стала групай, да якой прымяняюць палітычны ціск.

Натуральна, што пункт 3 можа выклікаць спрэчкі. Аднак, маюцца сведкі таго, што прыняты ў 1905 годзе указ "Аб асновах верацярпімасці" быў зразумелы як спосаб барацьбы двух цэркваў адна супроць адной з мэтай штучнага прыцягвання сялян у сваё лона.

Спробы кантролю і ўзмацнення ціску на Рымска-каталіцкі касцёл працягваліся ў ХХ ст., і заключаліся ў тым, што любыя акты Ватыкану, перасланыя на тэрыторыі Расійскай імперыі з мэтай іх выканання мясцовым каталіцкім духавенствам лічыліся несапраўднымі без праверкі іх Міністэрствам унутранных справаў на факт адпаведнасці ўзаканенням Імперыі - з прыцягненнем да адказнасці святароў, якія гэтыя распараджэнні выконваюць.

Гэта пацвярджвае і той факт, што пасля задушэння паўстання К. Каліноўскага 1863 - 1864 гг. да Рымска-каталіцкага касцёла былі прымененыя такія меры, як закрыццё касцёлаў і кляштароў. Так, напрыканцы 60-ых - пачатку 70-ых гг. ХХ ст. у Лідскім дэканаце дзейнічала толькі 13 з 20 установаў, а, на-прыклад, у Слонімскім - 5 з 33.

У 1866 годзе распачаўся суд над 776 сялянамі Дакудаўскай воласці Лідскага павета па звінавачанні ў "адступленні ад праваслаўя ў каталіцызм", справу разглядала грамадзянская ўстанова - Віленская судовая палата.

У справе 6425 мы можам пабачыць спіс за 1904 год парафіяльных філій, капліцаў у якіх з хадатайства Віленскай кансісторыі дазваляецца праводзіць служэнні, а таксама перыядычнасць гэтых служэнняў - у тым ліку і па Лідскім павеце.

Службы па ўсіх парафіях праводзіліся не па жаданні святароў, альбо прыхаджан, але з дазволу Віленскага генерал-губернатарства. Перыядычнасць службаў таксама залежала ад генерал-губернатарства. Куды больш цікавым з'яўляецца графа з заўвагамі.

Так, перад некаторымі філіямі напісана, што служэнне праводзіцца толькі з дазволу генерал-губернатара, у некаторых - што няма неабходнасці праводзіць служэнні па той жа прычыне.

Куды больш цікавым і карысным для даследчыкаў з'яўляецца заўвага па Радашковіцкім касцёле Вілейскай парафіі: "Въ виду того, что въ Хотенчицкой волости есть много присоединенныхъ и неокрепшихъ въ православіи открытіе в филіи богослуженія, будет иметь вредное влиянія для православія".

Гэты дакумент і вытрымкі з яго яскрава паказваюць стан Рымска-каталіцкага касцёла ў Заходняй Беларусі напачатку ХХ стагоддзя.

Разгледзеўшы "Дело по переписке о костельном имуществе 1880-1888 гг." касцёла Святой Троіцы ў в. Ішчална Лідскага дэканату, мы прыйшлі да высновы, што спробы канфіскацыі царкоўных земляў ажыцяўляліся нават праз 15 год пасля паўстання.

Неаднаразова ксяндзоў Лідскага павета судзілі за распаўсюд антырускіх настрояў і прапольскага этнанацыяналізму. Так, у 1907-1909 былі асуджаныя ксяндзы Вавёрскай парафіі Лідскага дэканату І. Сахарко і Міёрскай парафіі Лідскага дэканату В. Бародзіч.

Аб факце прыніжэння палітычнай ролі Рымска-каталіцкага касцёла сведчыць і той факт, што ў Ішчалнскай парафіі існавала традыцыя прызначэння дыяцэзіяй прыходскага вікарыя (то бок намесніка ксяндза), аднак: ''Od roky 1860 wikarjuszy przy kosciele Iszcolnskim nie bylo".

Знішчэнне ў парафіі пасады намесніка абазначае па сутнасці спрашчэнне яе структуры, а любое спрашчэнне пэўнай грамадскай існасці пры ўскладненні існасцяў іншых кажа аб паступовым яе заняпадзе. Пры гэтым сацыяльная роля Рымска-каталіцага касцёла не знізілася, і большасць насельніцтва заходніх тэрыторыяў усё яшчэ заставалася католікамі.

Справа 6571 паказвае ролю царквы ў статыстычных падліках - кожны касцёл абавязаны быў перадаваць звесткі аб колькасці памерлых ад заразных захворванняў непасрэдна ў медыцынскія ўстановы, што кажа аб недасяжнасці медыцынскіх паслугаў для большасці насельніцтва. У справе 6949 падкрэсліваецца неабходнасць прышчэпак ад воспы. То бок, як мы бачым, інфармацыя ўстановаў аховы здароўя распаўсюджвалася з дапамогай Касцёлу.

Апроч таго, рымска-каталіцкі касцёл на землях Віленскай губерні, як мы можам пабачыць з фондаў LVIA, з'яўляўся пасярэднікам паміж насельніцтвам і Чырвоным Крыжам, Белым Крыжам, а таксама займаўся зборам грошай на патрэбы сляпых, жабракоў і былых афіцэраў, а таксама афіцэрскіх сем'яў.

Падчас Першай сусветнай вайны Касцёл абавязаны быў абнародаваць маніфест з нагоды вайны з Германіяй.

У гэтых дзеях, прачытаўшы лісты ў адрас Віленскай кансісторыі, мы назіраем фактычную бездапаможнасць царскага самадзяржаўя - спроба правядзення ідэалагічнай працы праз інстытут, які доўгі час прыціскаўся і лічыўся, фактычна, галоўным чыннікам пратэстных настрояў.

Гэты факт яскрава гаворыць аб ролі царквы не толькі ў духоўным, але і ў сацыяльным, палітычным жыцці людзей.

Што тычыцца палітычнага жыцця, то мы маем вельмі цікавы дакумент са справы № 6273, у якім месціцца спіс духавенства Лідскага павета, якое мае права прымаць удзел у выбарах.

Паводле запыту гарадскога старасты ў выбарах маюць права прымаць асобы мужчынскага полу, старэйшыя за 25 гадоў, якія пражываюць у межах Лідскага павета цягам тэрміну, большага за год за выключэннем ніжэйшых прыслужнікаў. Такім чынам, атрымаліся 24 ксяндзы ва ўзросце ад 27 да 73 гадоў. Сярэдні ўзрост іх склаў 37,9 гадоў. Усяго ж святароў па Віленскай епархіі - 77.

Усяго па Віленскай губерні патрэбна было абраць 7 чалавек, у тым ліку - 1 ад горада Вільні, аб чым сведчыць памятка аб правядзенні выбараў у Дзяржаўную Думу Расійскай Імперыі.

Таксама з гэтай памяткі мы можам вынесці колькасць выбарнікаў па Лідскім павеце - 14, што, варта заўважыць, больш за колькасць выбарнікаў у Думу ІІ склікання: 13, у тым ліку - ад з'езду ўпаўнаважаных ад павета - 7; ад з'езду землеўласнікаў - 5; ад з'езду гарадскіх выбаршчыкаў - 1.

Для таго, каб атрымаць права ўдзелу ў з'ездзе землеўласнікаў, у Лідскім павеце трэба было валодаць 300 дзесяцінамі зямельных надзелаў (для розных паветаў Паўночна-Заходняга краю плошча зямельных надзелаў, неабходных для ўдзелу ў з'ездзе землеўласнікаў розная).

Ксяндзы, якія мелі зямельныя надзелы, падаваліся асобным спісам з указаннем колькасці земляў.

Нажаль, спісаў па Лідскім павеце не захавалася, аднак ёсць аналагічныя спісы па Гарадзенскім павеце, дзякуючы якім мы можам уявіць прыкладную карціну. Варта адзначыць, што ні ў кога не было неабходных 300 дзесяцінаў. Колькасць земляў складала ад 1 да 94 дзесяцінаў, сярэдняя колькасць надзелаў ксяндзоў Гарадзенскага павета - 37,3 дзесяціны, што не давала ім права ўдзелу ў сходах землеўласнікаў.

Для таго, каб мець уяўленне аб колькасці зямлі і правільна інтэрпрэтаваць сітуацыю, варта вылічыць колькасць у гектарах. Вядома, што 1 дзесяціна = 1,0925 гектара. Такім чынам, у сярэднім ксяндзы Гарадзенскага павета воладалі 34,1418 гектара зямлі кожны.

Апроч таго ў той жа справе месціцца спіс ксяндзоў Віленскай епархіі па нацыянальнасці. Па-сутнасці, толькі 5 ксяндзоў пазначылі сваю нацыянальнасць як "літовец" - Гіпаліт Баярунец, Аваровіч Міхаіл, Бразіс-Фрэй Тэадор, Жвілоўскі Антоні, Куята Восіп, Міронас Уладзіслаў, Малюкевіч Клементы, Янушэвіч Георгі. Астатнія - палякі. Калі вылічыць агульную долю "літоўцаў" сярод святароў на тэрыторыі Віленскай епархіі, то яна складае толькі 10,38%.

Гэтыя дадзеныя ідуць у разрэз з дадзенымі за 1904 год, калі па Лідскім дэканаце налічвалася 13 ксяндзоў, з іх 11 - палякі, 2 - беларусы, літоўцаў - 0. Нават вядомыя імёны ксяндзоў, якія называлі сябе беларусамі - Міхал Зямчэнак, Антоні Свіль.

Пры гэтым варта заўважыць, што той жа Гіпаліт Баярунец у сваіх дзённіках не ўзгадваў аб такой нацыі як "літоўцы", але нярэдка ўзгадваў "беларусаў" і дзейнічаў з прапольскіх пазіцый, а таксама лічыў сябе палякам.

Гэты прыклад дае нам падставы гаварыць аб важнасці моўнага і канфесійнага фактараў у пытаннях нацыянальнай ідэнтычнасці ў пачатку ХХ стагоддзя.

Разам з тым варта прывесці вытрымку з праграмы Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, якая была прынятая на ІІ з'ездзе (30 ліпеня - 23 жніўня 1903 гг.). "...Российская социал-демократическая рабочая партия ставит своей ближайшей политической задачей низвержение царского самодержавия и замену его демократической республикой, конституция которой обеспечивала бы: ... 13. Отделение церкви от государства и школы от церкви...".

Натуральна, што РСДРП бачыла пагрозу з боку, перш за ўсё, праваслаўнай царквы, якая была асноўнай апорай царызму.

Энтані Сміт заўважае, што Польшча была адным з цэнтраў моцных нацыяналістычных рухаў. Аднак ён заўважае, што і ў Расіі панавалі моцныя нацыяналістычныя настроі.

То бок, як мы бачым, тэрыторыя Беларусі аказалася пляцоўкай сутыкнення двух рэлігійных нацыяналізмаў - польскага і расійскага. Гэтае змаганне прывяло, на нашую думку, да расколу грамадства. Раскол, у тым ліку, адбываўся і з дапамогаю рэлігійных чыннікаў ціску. Гэтая барацьба, фактычна, і прывяла да фармавання ментальнасці, нават двух розных тыпаў ментальнасці.

Калі падыходзіць да дакументнага аспекту, то на прыкладзе фонда № 604 мы можам сказаць, што ў перыяд, які разглядаецца намі, назіраецца павелічэнне колькасці ўваходнай карэспандэнцыі.

Па сутнасці, калі па стане ўключна да пачатку XVIII ст. фонд № 604 "Духовная консистория Виленского р-к епископства 1391-1915" складаецца пераважна з інвентароў, то ўжо ў канцы XVIII - пачатку ХХ стст. з'яўляецца вялікая колькасць цыркуляраў, рапартоў, ведамасцяў, пратаколаў, прадпісанняў. Асноўнымі дакументамі з'яўляюцца цыркуляр і рапарт, як форма адказу на цыркуляр.

Гэта напрамую звязана з ускладненнем грамадскіх адносінаў і павелічэннем стратыфікацыі грамадства, што прывяло да спробаў удакладнення метадаў кантролю і кіравання і, як канчатковы вынік (што мы і бачым) - да вялікай колькасці бюракратычных адпісак.

Адной з галоўных рысаў канфесіянальнай канцылярыі, як мы можам пабачыць практычна ў любой справе, з'яўляецца калегіяльнасць прыняцця рашэнняў і, як вынік - вялікая колькасць пратаколаў.

Аднак немалаважную ролю працягвалі адыгрываць інвентары (гэтаксама і інвентарныя вопісы) і метрыкі. Так, у пратаколе справы № 804 за 1906-1907 гг. адзначалася неабходнасць уносіць усе дадзеныя, датычныя нерухомай маёмасці і зямельных добраў, у інвентары для таго, каб пазбегнуць спрэчак. Пры гэтым заўважым, што на гэты момант ужо існавалі актыпланы зямельных надзелаў з іх рэгістрацыяй. То бок, роля інвентара была яшчэ вельмі вялікай.

Таксама мы бачым, што ўсе фундушы (дабраахвотныя пазыкі на карысць Рымска-каталіцкага касцёла) абкладаліся працэнтам.

Немалаважным пытаннем з'яўляецца і вызначэнне межаў Лідскага дэканату Гарадзенскай дыяцэзіі. Так, у XIX-пачатку XX стст. у яго ўваходзілі парафіі Беліца, Белагруда, Гаўя, Ельня, Жалудок, Жырмуны, Ішчална, Кір'янаўцы, Крупа, Ліда, Мінойты, Мыто, Няцеч, Нёман, Ракавічы, Ражанка, Скрыбаўцы, Тракелі, Шчучын.

Намі знойдзеная справаздача, у якой пазначаная колькасць прычасціўшыхся за паўгоддзе 1907 г. У табліцы маюцца 2 графы, пазначаныя "P" і ''R'' (К), пад табліцай маецца графа: "Итого 5506, 37". Прагледзеўшы папярэдні гэтай справаздачы дакумент (прадпісанне), мы можам з упэўненасцю сказаць аб тым, што Р- гэта рублі, R - капейкі (заяўленая ў прадпісанні сума складае 5506 рублёў, 37 капеек).

Так, паводле справы 6287, можна пабачыць, якія парафіі плацілі адсоткі ад фундушовых сумаў па Лідскім дэканаце:

- Ліда,

- Шчучын,

- Ражанка.

То бок, з 19 парафіяў Лідскага дэканату, фундуш мелі толькі 3, што фактычна можа казаць альбо аб зніжэнні папулярнасці Рымска-каталіцкага касцёла, альбо аб нізкім узроўні прыбытку насельніцтва Лідскага дэканату.

Сутнасць палітыкі Расійскай Імперыі ў Паўночна-Заходнім краі ў галіне рэлігіі, тут мы пагодзімся са сп. В. Яноўскай, можна апісаць у наступых пунктах:

Мэтанакіраваная антыкаталіцкая палітыка;

Спробы ўмяшацца ў парадак набажэнстваў;

Прымусовае адчужджэнне зямлі рымска-каталіцкіх парафій;

Прымусовае адчужджэнне матэрыяльных каштоўнасцяў святароў і парафій, што прывяло да пагаршэння матэрыяльнага стану.

Гэта ўсе не магло не выклікаць шырокага грамадскага незадавальнення і як вынік - лаянкі ў бок аўгусцейшай дынастыі. Аднак, варта заўважыць, што ў Лідскім павеце за 25 гадоў быў зарэгістраваны толькі адзін такі выпадак.

З першага погляду такі факт можа здавацца пацверджаннем лаяльнасці насельніцтва Лідскага павета, аднак тут варта прывесці статыстыку. У XIX ст. Лідскі павет налічваў 10% шляхты ад агульнай колькасці жыхароў. Калі браць статыстыку, напрыклад, па Ішчалнскай парафіі, то адметна тое, што каталікі складалі 97,5 адсоткаў насельніцтва парафіі. Праваслаўных было 100 чалавек, альбо прыблізна 2,4 адсоткі. Нязначную частку складалі габрэі - 2 чалавекі.

Вынікае лагічнае пытанне - ці магло такое насельніцтва быць лаяльным? Адказ хаваецца ў выйшаўшым указе "Об укреплении начал веротерпимости", падпісаным Мікалаем ІІ 17 красавіка 1905 году.

Указ гэты знайшоў шырокі водгук у каталіцкага духавенства, таму чыноўнік Віленскага губернскага праўлення Пугаўка адзначаў, што ў паветах, дзе было шмат супраціўляўшыхся, у тым ліку і ў Лідскім, з'явіліся праяўленні шчырай любові да імператара.

Гэта была спроба ўлагодніць рыма-каталікоў у цяжкі перыяд існавання Імперыі. Дэфакта гэты ўказ прызнаваў, што ціск на католікаў быў.

У пацверджанне ўсяго напісанага намі мы звернемся да В. Яноўскай, якая сцвярджае, што заходнерусісты бачылі тры асноўныя праблемы Паўночна-Заходняга краю:

- маёнтак польскага ўзору з польскамоўнай шляхтай, польскай мовай і штодзённасцю;

- польская таемная школа (аб якой мы ўзгадвалі вышэй);

- польскі касцёл з польскім ксяндзом.

З прыходам да ўлады бальшавікоў сітуацыя мяняецца, але мяняецца галоўным чынам так, што ў апале аказваюцца ўсе канфесіі. Дэкрэтам Савета народных камісараў ад 23 снежня 1918 "Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы" царква аддзялялася ад дзяржавы, а яе маёмасць прызнавалася дзяржаўным здабыткам, перададзеным пэўнай канфесіі ў бескаштоўнае карыстанне.

Такім чынам, Рымска-каталіцкі касцёл на Лідчыне, апынуўшыся ў цяжкім стане, тым не менш, меў вялікі ўплыў на насельніцтва парафіяў.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ:

1. Архіў касцёла Святой Троіцы, в. Ішчална. Дело по переписке о костельном имуществе 1880-1888 гг. - 51 с.

2. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 4. - С. 6273. Дело о выборах в Государственную Думу 8 июля 1907 г., Л. 2,3,9,14,15,17-31.

3. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 4. - С. 6425. Дело по распоряжениям епархиального начальства, коллегий и др. о порядке сбора пожерствований на постройки и ремонт, о проведении богослужений и др., Л. 6-70.

4. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 4. - С. 6571. Дело о доставлении настоятелями, филиалистами и капеланами костелов Виленской губернии подлежащим уездным врачам регистрационных карточек об умерших от заразных болезней, Л. 1-24.

5. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 4. - С. 6529. Дело о доставлении сведений о положении отставных офицеров для выдачи пособий на Пасху, Л. 1-4.

6. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 4. - С. 6925. О сборах пожертвований на создание воздушного флота, Л. 1-11.

7. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 4. - С. 6935. Об обнародовании высочайшего Манифеста войны с Германией, Австрией, Турцией, Л. 1-24.

8. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 4. - С. 6287. О % от фундушевых сборов, причитающихся Виленской епархии за 1 и 2 полугодие 1907, Л. 1-21.

9. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas, Фонд 604. - Воп 6. - С. 810. Об ознакомлении духовенства Виленской епархии с проектом правил передачи костельного имущества 1906-1907, Л. 1-45.

10. Opis Parafii Iszczolnskiej / Архіў касцёла Святой Троіцы, в. Ішчолна, 64 с.

11. Бендин А.Ю. Проблемы веротерпимости в Северо-Западном крае Российской империи (1863-1914 гг.) / А. Ю. Бендин. - Минск : БГУ, 2010. - 439 с.

12. Bojaruniec Hippolit. Zapisy o Krzyzy i Kaplicy w Cwiermah / H. Bojarunec - Lida, рукапіс. копія, 50 с.

13. Ciechanowicz Lech. Rozwoj liczby ludnosci miasta Lidy // Zemia Lidzka № 3 (46) Sierpien 2001, s. 64 - 67.

14. Ганчар, А.И. Римско-католический костел в Беларуси (1864 -1905 гг.) : монография / А.И. Ганчар. - Гродно : ГГАУ, 2008. -276 с.

15. Канфесіі на Беларусі (к. XVIII - ХХ ст.) / В.В. Грыгор'ева, У.М. Завальнюк, У.І. Навіцкі, А.М. Філатава; Навук. рэд. У.І. Навіцкі. - Мінск, 1998.

16. Moroz Malgorzata Krynica. Ideologia і przywodcy bialoruskiego katolicyzmu / M. Moroz. - Bialystok: Bialoruskie Towarzystwo Historyczne, 2001. - 284 s.

17. Носевич, В. Л. К вопросу об объективности исторического исследования / В. Л. Носевич // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцы-пліны : навук. зб. Вып. 3 / рэдкал. : У. Н. Сідарцоў, С. М. Ходзін (адк. рэдактары) [і інш.]. - Мінск : БДУ, 2007. - С. 47-57.

18. Положение о выборахъ в Государственную Думу, 6 августа 1905 // Полное собрание законов Российской империи. Собр. III. Т. XХV. Отд-ние II-е : Приложения. СПб., 1908.

19. Положение о выборахъ в Государственную Думу 1907 года / Архіў касцёла Святой Троіцы, в. Ішчална.

20. Сагановіч Г. Палітычны міф у гістарычнай памяці і гісторыяапісанні / Г. Сагановіч // Беларускі Гістарычны Агляд. - 2012. - Т.19. - сш. 1-2. - С. 213 - 237.

21. Смалянчук А. Каталікі Беларусі і царская ўлада ў другой палове ХІХ ст. // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. - 2000. - Nr. 14. - S. 105-114.

22. Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі / Э. Сміт. - Мн.: Беларускі фонд Сораса, 1995. - 272 с.

23. Указ Об Укреплении Начал Веротерпимости (1905) // Полное собрание законов Российской империи: Собр. 3-е. T.XXV: 1905. Спб., 1908. С.237-238.

24. Яноўская, В.В. Моўнае пытанне ў Рымска-каталіцкім касцёле Беларусі (60-я гг. ХІХ - пачатак ХХ ст.): славянская и літоўская гістарыяграфія / В.В. Яноўская // Российские и славянские исследования: науч. сб. Вып. 2. / редкол.: А. П. Сальков, О. А. Яновский (отв. редакторы) [и др.]. - Минск : БГУ, 2007. - С. 152-162.

25. Яноўская В.В. Хрысціянская царква ў Беларусі, 1863-1914 гг. / В.В.Яноўская. - Мн. : Бел. дзярж. Ун-т, 2002. - 197 с.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX