Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

20-ці годдзе аднаўлення дзейнасці грэка-каталіцкай царквы ў Лідзе 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 02-10-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. 20-ці годдзе аднаўлення дзейнасці грэка-каталіцкай царквы ў Лідзе //НАША СЛОВА № 39 (1190), 24 верасня 2014 г.

Спампаваць




У Лідскай парафіі Св. Язафата адбылася ўрачыстая служба. Свята 20-ці годдзя парафіі закончылася танцамі пад старабеларускую музыку.

У верасні 2014 г. лідскія грэка-католікі святкуюць 20 год узнаўлення дзейнасці Грэка-каталіцкай Царкы на Лідчыне. Менавіта 20 год назад намаганнямі творчай інтэлігенцыі была зарэгістравана Грэка-каталіцкая (ўніяцкая) парафія св. Язафата ў г. Лідзе. Людзі, якія сталі ініцыятарамі рэгістрацыі парафіі, хацелі быць часткай паўсюднай Каталіцкай Царквы ды мець адначасова магчымасць маліцца і жыць паводле традыцыі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў. Багаслужэнне ў Лідскай парафіі, таксама як ва ўсёй Беларускай Грэка-каталіцкай Царкве, адбываецца па-беларуску. За мінулыя дваццаць гадоў парафія стала прыстанішчам усіх тых, хто шукая Бога, людзей розных нацыянальнасцяў, узросту і светапогляду. Руплівая парафіяльная супольнасць грэка-каталікоў рэгулярна праводзіць багаслужэнні ў капліцы парафіяльнага дома па вул. Каліноўскага, 16, а ў вялікія святы таксама далучаецца да набажэнства ў рыма-каталіцкіх парафіях, праз што перажывае сулучнасць і паўсюднасць Каталіцкай Царквы. Не ўсе грэка-католікі, якія жывуць ў Лідзе, уключыліся ў рэгулярнае жыццё парафіі. На гэтым полі застаецца яшчэ шмат зрабіць. Адначасова парафіяльная супольнасць праводзіць розныя ініцыятывы духоўнай адукацыі, сацыяльнага служэння, прэвенцыйнай працы з моладдзю.

У гадавіну аднаўлення Грэка-каталіцкай Царквы на Лідчыне варта даць кароткі нарыс яе гісторыі. У другой палове XVI ст. праваслаўная царква Кіеўскай мітраполіі, якая ўнесла вялікі ўклад у духоўную культуру беларускага народа, зведала моцныя ўдары Рэфармацыі. Процістаяць ім магла толькі Царква з магутным інтэлектуальным патэнцыялам. Аднак, праваслаўе на беларускіх землях не мела тады ўласнай багаслоўскай школы і магутных інтэлектуальных цэнтраў. Праваслаўны Ўсход не мог аказаць рэальнай дапамогі ў рашэнні гэтых праблем, таму што Візантыя знаходзілася пад уладай турак. У другой палове XVI ст. праваслаўная царква ВКЛ апынулася ў стане крызісу. Адмоўнае значэнне мела і традыцыйная залежнасць праваслаўнай царквы ад свецкай улады. У пошуках выхаду з крызісу сваёй царквы, прадстаўнікі праваслаўнай эліты прыйшлі да ідэі рэгіянальнай уніі з Рымам.

Грэка-каталіцкая (гістарычная назва "Ўніяцкая") Царква атрымала адміністрацыйную структуру на царкоўным саборы 1596 г. у Берасці. Галоўнай мэтай сабора было аднаўленне былога адзінства хрысціянства, вырашэнне праблем, якія не дазвалялі спыніць міжканфесійныя канфлікты.

Беларускі гісторык А.А. Суша паказаў, што па сутнасці праз унію ва ўсходняй царкве ВКЛ была праведзена рэформа, вынікі якой можна параўнаць з вынікамі рэформы патрыярха Нікана ў Расіі. У той жа час немагчыма лічыць, што ў Берасці ў 1596 г. была створана нейкая новая Царква. Кіраваць Царквой працягваў той самы мітрапаліт, тыя ж япіскапы - у тых жа епархіях, у тых самых цэрквах вялі службы пераважна тыя ж святары, служылі ўсё тую ж усходнюю літургію, а на службу хадзілі тыя самыя вернікі. Таму ўніяцкую Царкву немагчыма лічыць новатворам, сваю гісторыю на нашых землях яна адлічвае ад Х ст. Самі прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы амаль ніколі не казалі пра яе стварэнне ў 1596 г. Яны прасочвалі яе існаванне ад самых ранніх часоў хрысціянства.

Украінскі гісторык Сафія Сэнык пісала: "Большасць ... зусім не заўважыла яе (унію - Л.Л. ). Епіскапы так і заставаліся на сваіх кафедрах, святары - на сваіх парафіях. У парафіяльных храмах і манастырах працягвалі ўзносіць малітвы за іх пабожных фундатараў. Богаслужбовыя абрады не змяніліся, народ хадзіў у паломніцтва ўсё да тых жа абразоў".

З пачатку XVII тварам да Ўніі паварочваецца беларуская шляхта, і на працягу другой паловы XVII-XVIIІ ст. уніятамі становіцца большасць беларусаў.

Згодна з "Ведомостью о греко-унияцких церквах и монастырях Бресткой епархии" за 1827 г., у Лідскім павеце дзейнічала 18 уніяцкіх цэркваў і адзін манастыр (Голдаўскі), якія разам мелі 22 496 прыхаджан. Лідская царква Св. Міхаіла аб'ядноўвала ў 1837 г. 306 прыхаджан. Паводле статыстыкі 1838 г., Ганчарскую царкву наведвалі 1230 вернікаў-уніятаў, да Глыбоцкай было прыпісана 1872 чалавекі, да Голдаўскай - 1047, Дзікушскай - 614, Дакудаўскай - 922, Жыжмянскай - 725, Лябёдскай - 812, Зблянскай - 1135, Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) - 497, Мытлянскай - 272, Арлянскай - 1400, Астрынскай - 3327, Ракавіцкай - 630, Сабакінскай - 1379, Турэйскай - 947, Баброўскай - 417, Дэмбраўскай - 853. Згодна з хронікай касцёла вёскі Ішчална, у 1801 г. у Вялікім Мажэйкаве было 1300 вернікаў.

Да нашага часу на гістарычнай Лідчыне захаваліся і дзейнічаюць як праваслаўныя былыя ўніяцкія цэрквы: Голдаўская (пабудавана ў 1795 г.), Баброўская (год пабудовы - 1810 г.), Ганчарская (пабудавана ў 1774 г.). Матэрыялізаваным ўвасабленнем ідэй Фларэнційскай уніі 1439 г. на беларускіх землях стала архітэктура знакамітай Маламажэйкаўскай гатычнай царквы абарончага тыпу, якая ў XVII-XIХ ст. працяглы час дзейнічала таксама як уніяцкі храм.

Пасля паўстання 1831 г. па рашэнні царскіх уладаў Уніяцкая Царква была гвалтоўна ліквідавана ў 1839 г. За два з паловай стагоддзі свайго існавання Грэка-каталіцкая Царква стала традыцыйным культавым інстытутам, які ўвайшоў у жыццё многіх пакаленняў беларусаў, адпавядаючы іх нацыянальна-культурным памкненням. Ліквідацыя структураў уніяцкай царквы суправаджалася русіфікацыяй вернікаў.

Гісторыя ўніі не закончылася 1839-м годам. Царскім уладам Расейскай імперыі спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб знішчыць уніяцкі дух народа, які працягваў цягнуцца да афіцыйна пакінутай веры. Забароненая, яна стала для многіх яшчэ больш дарагой. З'явіліся тайныя ўніяты, якія ўпотай ад уладаў вызнавалі ганімую веру. У заходніх раёнах Беларусі існавала асабліва моцная настальгія па страчанай Уніі. Заклікі да адраджэння Ўніяцкай царквы гучалі на хвалі патрыятычнага ўздыму 1863-1864 гг. Вярнуць гістарычную ўнію намагаліся дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. У 1929 г. з'явілася "Дэкларацыя ініцыятараў новай царкоўнай уніі з Рымам". Але ўлады Польшчы не былі зацікаўлены ў пашырэнні Уніі, таму к канцу 1930-х гадоў уніяцкая справа ў Заходняй Беларусі абмяжоўваецца.

Калі гаварыць пра гісторыю пасля ІІ Сусветнай вайны, ёсць факты, якія сведчаць аб дзейнасці ў Лідзе ўніяцкіх святароў у брэжнеўскія часы. Яны жылі ў лідскага рыма-каталіцкага пробашча ксяндза Роека, піяра. Выконваць духоўныя абавязкі ім было забаронена, таму сродкаў на пражыванне яны не мелі. Дапамаглі ім айцы піяры, якія далі магчымасць адпраўляць т. зв. інтэнцыяльныя імшы, звязаныя з грашовымі ахвяраваннямі. Але падчас ператрусу ў доме аднаго з уніяцкіх святароў карткі са спіскам імшальных інтэнцый трапілі ў рукі адпаведных органаў. Пасля гэтага праблемы ўзніклі і ў саміх піяраў.

На мяжы 1980-1990-х г. грэка-каталіцкая царква адраджаецца ва Ўкраіне і Беларусі. У 1994 г. у Лідзе была адроджана грэка-каталіцкая парафія св. Язафата - гэта значыць вернікі змаглі адкрыта збірацца ды маліцца. Першае памяшканне царквы было ў прыватнай мастацкай майстэрні якую абсталявалі пад капліцу. Новаствораны прыход наведаў тагачасны протапрасвітар а. Ян Матусевіч. Ён правёў у Лідзе, у памяшканні музычнага ву-чылішча, першую грэка-каталіцкую літургію. У 1996 г. для парафіі быў набыты дом па вуліцы Каліноўскага, 16. Пасля рамонту і перабудовы, у капліцы на першым паверсе гэтага дома пачаліся рэгулярныя набажэнствы. Першую службу ў новай капліцы правёў а. Казімір Ляховіч. Ён жа стаў і першым настаяцелем Лідскай парафіі - кожную нядзелю прыязджаў з Менска.

Усё парафіяльнае жыццё канцэнтруецца вакол парафіяльнага дома ды багаслужэнняў, што адбываюцца ў капліцы, якая ў ім знаходзіцца. На працягу 20 год за парафію былі адказныя розныя святары. Гэта былі а. Казімір Ляховіч, а. Андрэй Абламейка (з 1997 г.), а. Андрэй Крот (з 2006 г.), а. Аляксандр Шаўцоў (з канца 2007 г.). З восені 2008 г. душпастырам парафіі з'яўляецца а. Андрэй Буйніч.



20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014. 20.09.2014.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX