Вярнуцца: Беліца

Беліцкі павет


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 55.



Традыцыйна, гаворачы пра пра адміністрацыйную адзінку Лідскі раён, мы згадваем яго папярэдніка - Лідскі павет - які з 16-га стагоддзя паспяхова праіснаваў да 1939 года, мяняючы сяды-тады межы то ў бок павелічэння, то ў бок змяншэння. Аднак на тэрыторыі Лідскага раёна ў сярэднявеччы існавала яшчэ адна адміністрацыйная адзінка - Беліцкі павет.

Беліцкі павет, як адміністрацыйная адзінка існаваў нядоўга. Таму не проста знайсці дакументы, паводле якіх удалося б устанавіць час яго існавання, а таксама геаграфічныя межы.

Сама Беліца - вельмі старажытнае паселішча, а як цэнтр вялікакняскай воласці згадваецца ў запісной кніжцы караля і вялікага князя Казіміра Ягелончыка пад 1486 годам. Пры гэтым жа каралі і вялікім князі Казіміры Ягелончыку (памёр у 1492 годзе) адзін з маёнткаў Голдава ўваходзіць у склад вялікакняскага Беліцкага павету ("Герольд Litherland" № 3-4 (7-8), 2002 г.). Відавочна, што адначасова існавалі і воласць, і павет, Беліцкі павет не з'явіўся на месцы Беліцкай воласці, а быў сабраны з Беліцкай і яшчэ некалькіх валасцей, маёнткаў, двароў недзе каля 1490-га года. Сама ж Беліцкая воласць, як гаспадарчая адзінка прадаўжала існаваць у Беліцкім павеце, як сёння Гарадзенскі раён існуе ў Гарадзенскай вобласці.

У 1515 годзе Беліца - ужо канкрэтна павятовы цэнтр. Вядомы прывілей караля і вялікага князя Жыгімонта Старога татарыну-талмачу (перакладчыку) Кульзюману (Кулзуману), які перадае яму прыгонных (васалаў) татарына Хазіяша ў Раготнай Беліцкага павету.

"Жыгімонт, Божай міласцю кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі і Рускі, князь Прускі і Жмудскі і інш.

Біў нам чалом талмач наш Кульзюман і прасіў у нас тых людзей у Беліцкім павеце, у Раготнай, каторых спярша трымаў татарын Хазіяш, на імя Петка Радывілавіча, і Доўнара, і Яна Вайткунавіча, і Рымкуса, і Мікуса, і Міхна, і Стэцка Саковіча, і Мартына Рустайкавіча, і Біцюса, і землі пустыя нашыя Манайстэпшчыны. Іна мы для яго службы тым яго пажалавалі, тых людзей з іх землямі і з тымі пусташамі Манайстэпшчынамі яму далі з усім тым, як іх спярша той Хазіяш трымаў, няхай ён трымае, а нам служыў бы.

Пісана ў Гародні, лета Божага нараджэння 1515, дзень індыкта 15."

Такім чынам на поўдзень Беліцкі павет сягаў на 12 кіламетраў за сённяшняе Дзятлава і ўключаў, як мінімум, населеныя пункты на гэтай дузе: Голдава - Беліца - Раготна.

Зразумела, што паўночнае Панямонне са Зблянамі, Сяльцом, Голдавым, магчыма, і з Лебядой уваходзіла ў гэты павет, прынамсі Збляны паводле інвентара 1627 года адносіліся да Беліцкага староства ("Зодчество Беларуси, ХVI - середина VII в." Справочное пособие. Мінск. "Навука і тэхніка". 1991 г. ). Жалудок адносіўся да Троцкага ваяводства, баяры Жалудоцкія хадзілі на службу ў Троцкі замак. Дварэц у 1516 годзе адносіўся да Наваградскага павету. Здзецел (Дзятлава), які знаходзіцца паміж Раготнай і Беліцай, у канцы 15-га - пачатку 16-га стагоддзя адносіўся да Троцкага ваяводства.

Беліцкі павет геаграфічна быў заціснуты паміж Троцкім паветам (ваяводствам) і Наваградскім паветам, але ў Перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года стаіць асабняком.

Па Перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года Беліцкі павет павінен быў ставіць 12 коней:

"БОЯРЕ БЕЛИЦКОГО ПОВЕТУ

Свиридовъ маеть ставити конь. Ян Мнекусъ маеть ставити конь. Матеи Мартинович маеть ставити конь. Авкгуштын в Межиречи плебанию мает, а сам у повете Белицъком маеть ставити конь. Юреи Довкгилович мает ставити конь. Довкгяловая вдова маem ставити конь. Станис Проствилович мает ставити конь. Омъброжеи Янович мает стави­ти конь. Криштофъ Бартькович мает ставити конь. Сидор Климович мает ставити конь. Кн(я)зя Масалског(о) казак мает ставити 2 кони."

У тым жа Перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года запісана таксама: "... Княз Мартуза Малікбашич в Белицком повете в Роготнои маеть ставити 2 кони. Исупъ Кудаи Бактыевич з Белицы ж кон..."

Павятовымі цэнтрамі ў гэты час былі ў бліжніх ваколіцах Васілішкі, Астрына, Скідзель, Наўгародак, Крэва, Ашмяна, Меднікі, Эйшышкі. Ні Ліда, ні Слонім, ні Ваўкавыск, ні Гародня павятовымі цэнтрамі не былі, хаця той жа Лідскі двор ставіў 86 коней.

Найбольш верагодна, што Беліцкі павет праіснаваў да адміністрацыйнай рэформы 1565-66 года, калі з ранейшых воласцяў намесніцтваў і паветаў былі ўтвораны новыя вялікія паветы, як складовыя часткі ваяводстваў. У выніку рэформы ў нашым рэгіёне былі ўтвораны Лідскі, Слонімскі, Наваградскі паветы, паміж якімі і быў падзелены Беліцкі павет. Падзел быў праведзены найпрасцейшым спосабам па Нёману і Моўчадзі, г. зн. па натуральных межах. Пазней гэтыя натуральныя межы будуць парушаны, і лідскія землі перабяруцца за Нёман, на паўднёвы бераг.

Фактычна і праўдападобна Беліцкі павет перад падзелам - гэта частка сённяшняга Дзятлаўскага раёна і прынёманская частка Лідскага раёна.

Беліцкая воласць існавала да ўтварэння павету, паралельна з паветам і пасля яго ліквідацыі. Першы вядомы дзяржавец Беліцкі (1505 г.) князь Юры Аляксандравіч Гальшанскі (1480-1536 гг.) З 1507 года намеснікам Беліцкім стаў маршалак гаспадарскі, стараста Лідскі і інш. Юры Іванавіч Ільініч, будаўнік Мірскага замка. У 1528 г. дзяржаўцам Беліцкім з'яўляецца Юры Мікалаевіч Радзівіл (1480-1541).

У 1557 годзе ва "Ўставе на валокі" Беліца - сярод "дзяржаў" ("дзяржанняў") - вялікакняскіх уладанняў, якія знаходзяцца ў закладзе ў Радзівілаў.

Пасля 1557 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падарыў землі Беліцкай воласці ў вечнае валоданне князю Мікалаю Радзівілу "Рудому" (1512 - 1584). У 70-я гады 16-га стагоддзя Мікалай Радзівіл "Руды" арганізаваў у Беліцы кальвінісцкую грамаду. Больш за 80 гадоў у Беліцы збіраліся кальвінісцкія сіноды, дзякуючы чаму мястэчка стала еўрапейскі вядомым.

Беліца абазначана на карце Макоўскага 1613 года.

Лепшыя гады Беліцы прыйшліся на пачатак 17-га стагоддзя, дзякуючы Радзівілам.

На грунце матэрыялаў, пададзеных сайтам "Павет" матэрыял скампанаваў Станіслаў Суднік

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX