Вярнуцца: Беліца

Беліца ў першай палове 17-га стагоддзя


Аўтар: Якімовіч Ю. А.,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 55.



БЕЛІЦА. Паселішча на правым беразе Нёмана, пры ўпадзенні ў яго рэчак Маўчадкі і Нёманкі, паўстала як феадальны замак, каля якога паступова сфармаваўся пасад. У сярэдзіне XVI ст. Беліца аддадзена каралём Жыгімонтам Аўгустам князю Мікалаю Радзівілу Рудому, які ў 1553 г. перадаў прыходскі касцёл, што існаваў тут да гэтага, кальвіністам. Была таксама праваслаўная царква, дзейнічала пераправа цераз Нёман. У XVI -XVII стст. Беліца - мястэчка, цэнтр павету (буйнога староства).

Развіццё мястэчка ў першай палове XVII ст. ілюструюць інвентары 1627 і 1652 гг. У 1627 г. Беліца мела складаную архітэктурна-планіроўную структуру, якую складалі рынкавая плошча, 8 вуліц і завулак. Усяго лічылася 284 пляцы, з якіх 56,5 пуставалі. У 1626 г. забудова на 69,5 пляца згарэла. Заставаліся забудаванымі 158 пляцаў, на якіх значылася 170 двароў.

Рынак быў забудаваны ў 4 рады. З 26 участкаў 22 займалі па цэлым пляцы, астатнія - па 0,5 і 2 пляцы. Магістральнымі вуліцамі з'яўляліся Габрэйская, Арлоўская, Лідская і Дакудаўская. Габрэйская ішла ад рынка да панскай сядзібы, астатнія злучалі гандлёвую плошчу з дарогамі на Ліду, Арлова (сучасная Орля) і Дакудава. На іх лічылася адпаведна 20, 21, 27 і 28 участкаў. На Габрэйскай вуліцы размяшчалася габрэйская школа, на Дакудаўскай - рэфарматарскі збор са школай. Вуліцы былі забудаваныя нераўнамерна, хоць па шчыльнасці і набліжаліся да адпаведнага адзінства забудовы. Астатнія вуліцы не мелі непасрэднай сувязі з рынкам. Вуліца Палявая, самая вялікая ў мястэчку, налічвала 23 забудаваныя ўчасткі і 43 пляцы "пагарэлыя і пустыя", звязвалася з рынкам кароткім завулкам (4 пляцы). Вуліца Нёманская выходзіла да ракі і ўключала 55 участкаў (14 пустых), злучалася з рынкам вуліцай Папярэчнай, якая мела выгляд завулка (3 аднапляцавыя двары). Акрамя яе ад рынку ішла яшчэ адна вуліца Папярэчная (тупіковая, з 2 пляцамі).

Такім чынам, у 1627 г. у мястэчку меліся магістральныя веерныя, падоўжныя і папярэчныя вуліцы і завулкі. Гаварыць аб квартальнай планіроўцы яшчэ нельга, бо папярэчныя вуліцы не развітыя. Але тэндэнцыя да фармавання такой планіроўкі прасочваецца. Адметнай прыкметай было тое, што самымі працяглымі з'яўляліся не магістральныя, а падоўжныя вуліцы, якія ішлі да ракі і поля. Іх сувязь з рынкам ажыццяўлялася з дапамогай малых вуліц-завулкаў. Забудова была аднастайнай: з 158 забудаваных участкаў 144 мелі стандартны аднапляцавы надзел. Мяшчане валодалі ворнай (81 валока) і агароднай зямлёй.

Да 1652 г. архітэктурна-планіроўная структура Беліцы прынцыпова не змянілася. Дадаліся дзве папярэчныя вуліцы (адна з іх вяла ад рынка на могілкі), а старая "пярэчніца", якая ў 1627 г. яшчэ толькі складалася, атрымала выйсце да Нёмана. Забудова мястэчка прыкметна вырасла - да 234 двароў. На рынку значылася 28 участкаў, рэгулярна размеркаваных па чатырох лініях. Забудова шчыльная, сярэдні памер участка 3-4 пруты. Габрэйская вуліца павялічылася на 6 двароў. Дыферэнцыяцыя памераў дваровых надзелаў па баках вуліцы выяўлялася ў тым, што з аднаго боку пляцы мелі плошчу 3-4, з другога - 6 прутоў. Лідская вуліца павялічылася на 2 двары. Адзін яе бок забудаваны аднастайна (13 пляцаў па 6 прутов, 14 "дымоў"), супрацьлеглы (13 пляцаў з 15 "дымамі") мела ўчасткі памерам ад 3 да 8 прутов. Дакудаўская вуліца скарочана на 2 участкі. Былая вуліца Палявая, атрымаўшы выйсце на віленскую магістраль, стала іменавацца Віленскай. У параўнанні з 1627 г. яна зменшылася з 66 да 45 участкаў. Але, улічваючы тое, што ў 1627 г. 43 пляцы не былі заселеныя, можна лічыць, што ў цэлым гэтая вуліца не рэгрэсавала, захаваўшы аднароднасць забудовы (большасць двароў займала ўчасткі ў 3-4 пруты). Верагодна, вуліца Нёманская была пераназваная ў Дворную, якая вяла ад панскай сядзібы да ракі. Забудова вырасла да 64 участкаў.

Такім чынам, нягледзячы на адпаведны рост мястэчка, яно да сярэдзіны XVII ст. усё ж не дасягнула планаваных памераў. У гэты час існавалі і так званыя "валавыя" пляцы (35 участкаў за вуліцай Дворнай і 33 за Віленскай). Верагодна, гэта было прадмесце, якое яшчэ рыхтавалася пад засяленне, бо ўсе ўчасткі пуставалі. Рознахарактарнасць забудовы і адсутнасць адзінага стандарту сядзібных участкаў сведчаць аб тым, што забудова мястэчка складалася стыхійна, хоць і набыла некаторыя рысы рэгулярнасці. Лік ворных зямельных валок да 1652 г. (у параўнанні з 1627 г.) скараціўся з 81 да 66, з якіх утвораны 226 надзелаў. Было таксама 246 агародных участкаў, размешчаных у канцах Віленскай і Дворнай вуліц. З прычыны гэтага тэрыторыя паселішча была выразна падзелена на сялібную і вытворчую зоны.

Габрэйская і Дворная вуліцы вялі да княжацкай сядзібы. У 1627 г. яна падраздзялялася на двор, фальварак, абору і гумнішча. Двор размяшчаўся на беразе Нёмана. Ён быў прастакутным у плане, агароджаным з трох бакоў частаколам і замётам. З боку ракі агароджы не было, таму прыбярэжны ландшафт арганічна ўваходзіў у структуру комплексу. На ўездзе з боку мястэчка стаяла брама - двух'ярусны будынак каркаснай канструкцыі. У ніжнім ярусе знаходзіліся вялікія двупольныя вароты з брамкай, збітыя з дошак і ўсталяваныя на бягунах. Над праездам размяшчалася зальнае памяшканне з 4 вокнамі без шыбаў, завершанае гонтавым шатром і бляшаным купалам з флюгерам. Наверх з падворка вяла крытая гонтай вонкавая лесвіца, агароджаная з бакоў дошкамі. Верагодна, гэтая зала выкарыстоўваўся як вартавое і абароннае памяшканне.

Двор меў ярка выяўленыя рысы жылога комплексу. У цэнтры падворка размяшчаўся галоўны сядзібны дом, акружаны кветнікам, ля ўязных варот - яшчэ 2 жылыя дамы, кухня з кухонным флігелем; у тыльнай частцы двара - лазня, 3 жылыя дамы, 2 піўніцы, вялікая стайня, свіран.

Найболей архаічны выгляд меў "стары дом" каля ўязных варот, пабудаваны, верагодна, яшчэ ў XVI ст. Ён уяўляў сабой традыцыйнае трохкамернае жыллё з дзвюмя хатамі (у арыгінале изба ў значэнні "асноўны пакой") праз сені, уваход афармляў ганак з балюстрадай; страха гонтавая. Такі ж выгляд меў другі "стары дом" ля варот - двухкамерны, які складаўся з хаты і сеняў. У тыльнай частцы двара дамы мелі больш складаную кампазіцыю. Напрыклад, "стары домік ад саду" уяўляў сабой варыянт развіцця трохкамернай планіроўкі з дзвюмя хатамі праз сені. У сенях знаходзіліся два цагляныя пячныя коміны, тут жа былі адгароджаныя дзве гаспадарчыя каморы; у дамах - зашклёныя вокны ў алавяных рамах з аканіцамі, кафляныя печы, сталы і лавы. З кожнай з хатаў злучаўся пакой - неабаграванае аднааконнае жылое памяшканне, з якога быў выхад у туалет. Дом меў гонтавую (верагодна, вальмавую) страху, вяршыню якой ўпрыгожвалі два металічных флюгеры. Чацвёрты дом па планіроўцы амаль аналагічны папярэдняму. Яго адрозненне ў рашэнні цэнтральнага блока памяшканняў складалася ў тым, што замест дзвюх тыльных камор утварыўся "бакавы" пакой, у сенцах уладкованы кухонны агмень. Да тарцоў прыбудаваны 2 квадратныя ў плане алькежы, некалькі прыпаднятыя адносна ўзроўню падлогі ў іншых памяшканнях. Звонку сцены мелі гліняную абмазку. Кампазіцыя дома стваралася на кантрасным спалучэнні спадзістага асноўнага аб'ёму і вежападобных шатровых алькежаў. Стрэхі вянчалі 4 металічныя флюгеры.

Пяты дом, названы "крыжовым", уяўляў сабой прастакутны ў плане аднапавярховы будынак з мезанінам у цэнтры. Перад уваходам размяшчаўся агароджаны дошкамі ганак. Цэнтральную частку складалі сені і "бакавая" хата. У правай палове дома знаходзілася вялікая сталовая (6 чатырохстворкавых вокнаў, кафляная печ), у левай - хата, пакой і туалет. Дом меў гонтавую страху крыжападобнай формы (са шчытамі ў тарцах і ў завяршэнні мезаніна, які ўключаў дзве хаты і туалет), увянчаную 2 флюгерамі.

Галоўны дом - пабудова палацавага тыпу са складанай архітэктурна-планіроўнай структурай - дзяліўся на жылую і парадную часткі. Цэнтральны вузел складалі вялікія сені, асветленыя двума вокнамі, якія мелі тры коміны, кухонны агмень, разьбяныя дзверы і цагляную падлогу. З сеняў праз праём з двухстворкавымі разьбянымі дзвярамі (з геральдычнымі малюнкамі) траплялі ў сталовую, засланую дубовымі дошкамі. Яна асвятлялася 8 шасцістворкавымі вокнамі, апраўленымі азьбянымі ліштвамі. Тут знаходзіліся буфет, аформлены балясамі, печ з паліванай кафлі з гербамі Радзівілаў, завершаная 4 вежачкамі. Над уваходам размяшчаўся балкон для аркестра, у які траплялі з другога паверху. Пасярод памяшкання з бэлькі перакрыцця звісала на жалезным ланцугу масіўная каваная жырандоля ў выглядзе кароны з 16 люстрамі.

На другі паверх можна было патрапіць толькі па вонкавай лесвіцы, якая злучала ганак ніжняга і галярэю верхняга паверхаў. Галярэя атачала верхнюю частку дома з трох бакоў. З яе траплялі ў верхнія сені, з якіх двое дзвярэй вялі на балкон сталовай і ў залу.

Супрацьлеглая жылая частка дома спланаваная па анфіладнай сістэме. З сеняў першага паверху разьбяныя дзверы вялі ў пакой, які меў 2 акны з разьбяной ліштвай і аканіцамі, печ з паліванай кафлі, камін. З ёй такімі ж дзвярамі злучаўся другі пакой з 3 вокнамі, кафлянай печчу, завершанай двума вежкамі; на сценах віселі тры партрэты. Адгэтуль праз унутраныя сенцы можна было патрапіць у трэці пакой і алькеж, якія злучаліся адзін з адным. Паміж трэцім пакоем і вялікімі сенямі размяшчалася ў тыльнай частцы хаты анфілада з 4 пакояў, у якой паслядоўна чаргаваліся памяшканні з камінным і камінна-пячным абагрэвам.

Своеасабліва была вырашана аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя дома. Ён быў пабудаваны з брусоў на каменным падмурку. У інвентары паказана, што дом быў пакрыты гонтай "у адзін дах", г. зн. страха, нягледзячы на розную вышыню абодвух крылаў дома, была агульнай. Двухпавярховая частка з параднымі памяшканнямі завяршалася трыма купаламі: вялікім у цэнтры, абабітым белай бляхай і волавам, і двума малымі па баках, увянчанымі спічакамі з флюгерамі. У выніку стваралася поўная дынамікі асіметрычная кампазіцыя, у якой дамінавала парадная частка будынка. У той жа час асіметрыя ў нейкай меры ўраўнаважвалася вежападобным алькежам жылой часткі.

Кухонны дом меў тыповую трохкамерную структуру. Цэнтральным элементам з'яўляліся сені з кухонным агменем (з комінам на 4 слупах) і каморай у тыле. Справа нахадзілася вялікая пякарня з 3 цаглянымі "хлебнымі" печамі, злева - жылы блок, які ўключаў хату і 2 гаспадарчыя каморы. Страха гонтавая. Побач з гэтым будынкам стаяла кухня - аднакамерная зрубная пабудова, крытая дранкай, з вялікім агменем усярэдзіне. Лазня была трохкамернай, з белай хатай і лазневым памяшканнем праз сенцы. Яна завяршалася мезанінам, куды траплялі па лесвіцы з сеняў праз вонкавую галярэю. Гонтавы дах упрыгожвалі тры флюгеры. Вялікая стайня - значны па памерах прастакутны ў плане будынак з двухстворкавымі варотамі, збітымі з пілаваных дошак каванымі цвікамі "у тры рады" і ўсталяванымі на ўкапаных у зямлю драўляных бягунах (уверсе бягуны ўмацоўваліся ў адмысловых антабах). З боку падворка сцены канструктыўна ўзмацнялі падпоры, якія нагадвалі драўляныя контрфорсы.

Фальварачны падворак размяшчаўся непадалёк ад княжага двара, з боку якога ў агароджы знаходзілася трох'ярусная брама. У ёй над праездам размяшчалася вялікае зальнае памяшканне, акружанае адкрытай кансольнай галярэяй з балюстраднай агароджай, да якой з падворка вяла адкрытая вонкавая лесвіца. Па ўнутранай лесвіцы з залы другога яруса траплялі ў верхнюю залу, якая мела некалькі меншыя памеры ў плане, чым ніжняя, і абнесена па перыметры галярэяй. Будынак завяршаў гонтавы шацёр, увянчаны металічным флюгерам. З боку поля ў агароджы размяшчалася другая брама - двух'ярусная, з залай над праездам, галярэяй і шатровай гонтавай страхой. Акрамя брамаў, былі яшчэ крытыя гонтай вароты да садоў і агародаў.

На падворку фальварка размяшчаліся 3 жылыя дамы, саладоўня, бровар, лазня, 4 свірны, стайня, 2 хлявы. Найболей простым па планіроўцы быў дом пастуха - традыцыйны трохкамерны будынак з белай і чорнай хатамі праз сені. З апошняй злучалася неабаграваная камора. У сенях знаходзіўся адкрыты кухонны агмень. Дом быў пакрыты над чорнай хатай саломай, над белай хатай і сенямі - дранкай. Флігель для работнікаў ("домік перад варотамі") меў шасцічасткавую планіроўку: сені, дзве белыя хаты і тры каморы, прычым каморы пры хатах з'яўляліся спальнымі альковамі, камора пры сенях мела гаспадарчае прызначэнне. Такімі ж планіроўнымі рысамі адрозніваўся і дом аканома. Яго асаблівасці складаліся ў тым, што камора пры адной хаце была ператвораная ў жылы пакой, а ў сенях уладкованы кухонны агмень.

Саладоўня ўяўляла сабой трохкамерны будынак з сенямі ў цэнтры, якія злучалі хату і вазоўню. Бровар складаўся з сеняў і хаты. У сенях знаходзіўся горан з умураваным у яго вялікім піўным катлом. Хата з'яўлялася жылым памяшканнем, не мела перакрыцця. У каморы, прыбудаванай да хаты, была дашчаная столь. Лазня - двухкамерны будынак з сенямі-прылазнікам і лазневым памяшканнем з курнай печчу-каменкай. З 4 свірнаў тры з'яўляліся простымі аднапавярховымі будынкамі з засекамі ўсярэдзіне для захоўвання збожжа. Чацвёрты свіран быў двухпавярховым, са склепам (піўніцай). У склеп вяла крытая дранкай "шыя", абкладзеная ўсярэдзіне прасмаленым дрэвам. Над свірнам знаходзілася сырніца, збудаваная з тонкіх брусоў, з невялікім "прыганкам", на які вяла вонкавая лесвіца.

Да фальварка адносіліся гумнішча і абора. У гумнішчы, агароджаным дылямі і плотам (у дадзеным выпадку плеценым частаколам), знаходзіліся тры вялікія адрыны і 38 переплотаў азяроду. Адна з адрын прызначалася для захоўвання неабмалочаных снапоў, другая сумяшчала функцыі пабудовы для захоўвання снапоў і іх малацьбы, г. зн. была роднасная гумну. У двух яе супрацьлеглых сценах былі ўладкованыя вялікія двухстворкавыя вароты. Трэцяя адрына прызначалася выключна для малацьбы снапоў, г. зн. фактычна з'яўлялася крытым токам. Да яе была прыбудована асець. Абора ўяўляла сабой самастойны гаспадарчы комплекс, не звязаны планіроўна з астатнімі часткамі сядзібы. Яна размяшчалася на супрацьлеглым беразе Нёмана. У аборным двары-дзённіку знаходзіліся вялікі хлеў з плеценымі сценамі, сырніца, свіран са склепам і жылы дом даглядчыкаў жывёлы - ускладнены варыянт трохкамернага жылля. У сенцах адгароджаная кухня з агменем, сцены якой у супрацьпажарных мэтах былі абмазаныя глінай. Правую частку дома складала вялікая чорная хата-пякарня з 3 вокнамі і глінабітнай печчу, у левай размяшчаліся белая (чыстая) хата і камора. Страха саламяная. Маёнтку належылі ставок і дзве рыбныя сажалкі.

У 1649 г. сядзіба перабудоўваецца, што было звязана з пажарам, які знішчыў шэраг будынкаў, у тым ліку і галоўны дом. Як паказвае інвентар 1652 г., сядзіба некалькі скарацілася па складзе пабудоў і стала больш кампактнай па планіроўцы. Пры гэтым прыкметна ўзрасла роля фальварка ў агульнай структуры ансамбля.

У 1649 г. замест яруснай Брамы на галоўным уездзе ў княжы двор пастаўленыя звычайныя двухстворкавыя вароты на драўляных бягунах. Каля варот захавалася апісаная ў інвентары 1627 г. вялікая стайня. Побач з ёй стаяў спіхлер са склепам. Яго гонтавы дах вянчала драўляная "галка".

Галоўным у двары стаў стары "крыжовы" дом. Пры перабудове ў 1649 г. яго прынцыпова не змянілі, толькі да адной з хат далучаны алькеж, з пакоя ўтворана камора. Былі пераробленыя вокны - усе сталі "адчынятымі", з акяніцамі і 8 жалезнымі прутамі, устаўленымі ў шуфляды. У перабудаванай з пакоя каморы захаваўся камін, з прычыны чаго яна не згубіла жылых функцый. Пры ёй з'явілася новая каморка, якая з'яўлялася так-сама сенцамі, якія злучалі гэтую частку дома з падворкам. Новы алькеж быў двухпавярховым: унізе знаходзіўся падклет, наверсе - жылое памяшканне. Верагодна, алькеж меў характар параднага памяшкання - яго дзверы былі ўпрыгожаныя разьбой, усярэдзіне знаходзілася балюстрадная галярэйка тыпу антрасолі. Астатнія памяшканні прынцыпова не змененыя. З сенцаў па лесвіцы траплялі ў верхнюю хату над ганкам, у якой было 4 акны і "печ дзівоснай кафлі белапаліванай". Супрацьлеглая частка мезаніна некалькі змененая: замест пакоя - камора з адным акном без шыбаў і акяніц. У інвентары асоба падкрэсліваецца, што гонтавая страха хаты крыжападобнай формы, са шчытамі на ўсіх чатырох фасадах. Калі раней дом меў у завяршэнні два флюгеры, то пасля перабудовы ён атрымаў і трэці флюгер - над алькежам. Такім чынам, кампазіцыя дома ўскладнілася, стала асіметрычнай, больш дынамічнай і маляўнічай.

Чацвёрты дом двара названы ў інвентары 1652 г. "старым". Яго сцены абмазаны звонку глінай, перад уваходам збудаваны ганак у тэхніцы "прускага мура", які меў значныя памеры. У сенцах захавалася кухня, але яна стала асобным памяшканнем. У правай хаце 3 акны ў алавяных рамах "з прытворкамі засовістымі" і 22 жалезнымі прутамі, новая зялёная кафляная печ, 2 стала, лавы ля сценаў. Алькеж захаваў старое месцазнаходжанне. У гэтай частцы дома, дзе раней быў пакой з туалетам, утварыліся камора і каморка з туалетам. У каморы збудаваны камін і "хлебная" печ, дзякуючы чаму яна стала пякарняй. "Бакавая" хата пры сенцах атрымала сувязь з правай групай памяшканняў праз камору. Левая частка дома захавалася ў ранейшым выглядзе, толькі пакой была ператвораная ў камору і адсутнічаў туалет. У сувязі з гэтымі пераўтварэннямі планіроўка дома набыла анфіладныя рысы.

Далей інвентар 1652 г. называве тры "старыя апалыя" дамы. "Домік ад саду" (трэці ў папярэднім апісанні) захаваў ранейшую планіроўку, але жылыя пакоі пераўтвораныя ў каморы. Другі дом ("будыніна над Нёманам") у інвентары 1627 г. адзначаны як лазня. Да 1652 г. гэты будынак быў некалькі перабудаваны: жылая частка падзелена на хату і камору, знік мезанін, у завяршэнні адсутнічалі флюгеры. Лазня стала парной, з двума палкамі. Трэці дом, які быў у 1627 г. кухонным флігелем, зусім здрахлеў: у некаторых памяшканнях адсутнічалі дзверы, "страха апалая, гонтай крытая... шчыт адзін увесь выпаў..." Побач з гэтым домам над Нёманам стаяла старая кухня, "апалая" і "пустая". Пры двары існавалі два сады: адзін з грушамі і яблынямі, другі са слівамі і вішнямі.

Такім чынам, рэканструкцыя двара ў 1649 г. мела частковыя характар і выражалася ў рамонце і перабудове некаторых будынкаў.

Да фальварка ад двара вяла двух'ярусная брама каркаснай канструкцыі. Верхняе памяшканне атачала балюстрадная галярэя і завяршаў гонтавы шацёр з галавой, "галкай" і флюгерам. Справа ад брамы знаходзіўся дом аканома. Ён не быў прынцыпова зменены, толькі пакой пры адной хаце пераўтвораны ў камору і прыбудаваны "у зямлі" ганак, агароджаны дошкамі і крыты гонтай. Да 1652 г. зніклі адзначаныя ў інвентары 1627 г. "домік перад варотамі" і дом пастуха.

Забудова фальварачнага двара насіла перыметральны характар. У цэнтры знаходзіўся двухпавярховы са склепам свіран. Да склепа (піўніцы) вёў вонкавы ўваход з двума дзвярыма: вонкавымі рашэцістымі і ўнутранымі глухімі. Першы паверх выкарыстоўваўся як складское памяшканне, меў глінабітную падлогу і бэлечную дашчаную столь; на другім паверсе - сырніца з асобным уваходам праз вонкавую лесвіцу і галярэю, 4 незашклёныя акны з кратамі ў выглядзе "простых" баляс. Будынак завяршала двухсхільная гонтавая страха з тарцовымі дашчанымі шчытамі. У падворку захоўваліся старыя свірны - аднапавярховыя будынкі пад саламянымі стрэхамі, з засекамі ўсярэдзіне. Інвентар 1652 г. апісвае таксама "нова пераробленую" стайню, разгароджаную на малое і вялікае памяшканні, пакрытую саломай. Каля варот, якія вялі ў поле, пабудаваны два новыя спіхлеры, аб'яднаныя ў агульны корпус і завершаныя адзіным гонтавым дахам.

Абора перанесена на тэрыторыю фальварка, паміж фальварачным дваром і гумнішчам. Новая архітэктурна-планіроўная сувязь зрабіла лішнімі розныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы, якія існавалі раней у складзе аборы, таму яе структура спрасцілася, стала больш кампактнай. У 1652 г. абора ўяўляла сабой замкнёны квадратны ў плане комплекс з унутраным дваром-дзённікам у цэнтры, па перыметры якога размяшчаліся 5 вялікіх рубленых хлявоў, пакрытых саломай. Да іх прыбудаваны 2 малыя хлявы. У разрывах паміж пабудовамі знаходзілася двое варот: да фальварачнага двара і гумнішча.

У забудове гумнішча таксама адбыліся адпаведныя змяненні. Калі ў 1627 г. малацілі і захоўвалі снапы ў адрынах, то ў 1652 г. існавала толькі адна адрына, прызначаная для захоўвання сена. Яна мела плеценыя сцены, саламяную страху, заснаваную, верагодна, на сохах. Для абмалоту снапоў служылі стадола і гумно. Гумно ў адрозненне ад стадолы мела акрамя току "прыстаронкі" уздоўж дзвюх падоўжных сценаў для захоўвання неабмалочаных снапоў. Стадола ж уяўляла сабой крыты ток; мела ў тарцы прыбудаваную асець. Існавала таксама шопа, дзе складаліся снапы перад асетной сушкай. Перыферыйныя часткі гумніща займалі два рады азяродаў на 15 і 11 праслаў. Такім чынам, уся гуменная вытворчасць прадугледжвала паветраную сушку снапоў з наступнай іх малацьбой у гумне і агнявую - у асеці, пасля чаго малацілі ў стадоле. Параўнальны аналіз тэрміналогіі інвентароў 1627 і 1652 гг. паказвае, што толькі да сярэдзіны XVII ст. у дадзенай мясцовасці фармуюцца ўстойлівыя паняцці: "гумно", "стадола" і "адрына".

Паміж фальварачным і княжым дварамі да 1652 г. склаўся асобны комплекс, які ўключаў жылы дом, саладоўню і квасную хату. Жылы дом, прызначаны для "гаспадыні" саладоўні, быў трохкамерным, з сенцамі ў цэнтры, хатай і каморай у правай і пякарняй у левай частцы. Меў глінабітныя падлогі, дашчаныя бэлечныя столі, вокны, забяспечаныя акяніцамі на драўляных бягунах, двухсхільную страху з дранкі са шчытамі ў тарцах. Саладоўня ўяўляла сабой двухкамерную зрубную пабудову, якая складалася з квасной хаты і азніцы. Хата ўключала сенцы і пакой з "простай" (верагодна, курнай) печчу.

Маёнтку належалі Беліцкая пушча, 13 азёр, 2 ставы на р. Магільне, стаў на Нёмане каля лідскага гасцінца з аднаколавым млыном. На наваградскім гасцінцы стаяла карчма, якая называлася "Занёманскай". Яна разам з пераправай цераз Нёман здавалася ў арэнду. Уяўляла сабой значны па памерах будынак трохкамернай планіроўкі з заездам у цэнтры які меў 2 вялікіх варот і 2 жолабы ўздоўж сценаў. Справа размяшчалася хата для пастаяльцаў з каморай для захоўвання купецкіх тавараў, злева - другая хата, у 1652 г. яшчэ не дабудаваная. Ва ўсіх памяшканнях, акрамя заезду, былі глінабітныя падлогі і дашчаныя бэлечныя столі, у хаце - 2 акны ў драўляных рамах, печ з "простай" кафлі, 2 лавы, стол, лаўка. Увесь будынак завяршала агульная саламяная страха. Да тарца карчмы быў прыбудаваны дом арандатара, не апісаны ў інвентары.

У цэлым развіццё дадзенай сядзібы можна разглядаць як працэс фармавання адасобленых функцыянальных зон (жылых, гаспадарчых, вытворчых), аб'яднаных у адзіную тэрытарыяльную сістэму, якая першапачаткова была некалькі раз'яднаная, але ў 40-я гады ХVII ст. стала больш кампактнай.


(Паводле Якімовіч Ю. А. "Зодчество Беларуси, ХVI - середина VII в." Справочное пособие. Мінск. "Навука і тэхніка". 1991 г. )

ЦДГА Беларусі, КМФ-5, воп. 1, спр. 176, арк. 1-4 аб; 39-52 ;

Там жа, спр. 179, арк. 2-29.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX