Вярнуцца: Населеныя пункты

Пакінуць след на зямлі


Аўтар: Крупа Анатоль,
Дадана: 25-02-2019,
Крыніца: pawet.net.



Аўтар распавядае пра гістарычнае мінулае вёскі з моманту першага ўпамінання маёнтка «Бердаўка» ў пісьмовых крыніцах у 1527 годзе да дня сённяшняга. Чытач даведаецца пра малавядомыя факты мясцовай гісторыі, пра людзей - жыхароў Бердаўкі, якія добрасумленна працавалі і працуюць на карысць Радзімы. Закранаюцца тэмы культуры, адукацыі, побыту, маралі. Разлічана на шырокага чытача - усіх, хто цікавіцца краязнаўствам.

Ёсць такi куточак

У паўночна-ўсходнім закутку Лідчыны знаходзіцца мясціна, якая называецца Бердаўка. Прырода шчодра адарыла яе наваколле дзівоснымі краявідамі, а гісторыя настолькі багатая, наколькі драматычнае мінулае гэтай зямлі.

Сярод пасляледніковага краявіду плоскай слабаразрэзанай раўніны вока вандроўніка штораз трапляе на люстэрка маляўнічых штучных азераў, на палі, квітнеючыя вясной лугі, зялёны далягляд змешаных лясоў.

(40KB) Крупа Анатоль. Пакінуць след на зямлі.

Тое, што зрабіла на гэтым акрайку Зямлі прырода, а з цягам астатніх пяці стагоддзяў удасканаліла праца дрывасека, земляроба, цесляра, будаўніка, архітэктара, стварыла для гэтага куточка цалкам вылучаную, калі не сказаць экзатычную, цэласнасць.

Зусім натуральна паўстае пытанне: чаму паселішча носіць назву Бердаўка? Што ж абазначае гэтае слова?

Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі Лідчыны Валерый Васільевіч Сліўкін, спрабуючы растлумачыць паходжанне назвы Бердаўка, дае вельмі грунтоўнае тлумачэнне дадзенаму тапоніму. Ён схіляецца да таго, што бердаўка - гэта невялікі бярозавы гай, а берд - гэта бяроза. У пацверджанне зазначае, што на летувіскай мове бяроза - berzas, а беразняк - berzyne. (Лідскі летапісец, №6 за 1998 год). Неабходна адзначыць, што ля вёскі ёсць гай, дзе растуць розныя шырокалісцевыя дрэвы. Бяроза ў нашым гаі сустракаецца не так часта. Больш пераважае цвёрдае дрэва, падобнае на вяз, - бераст, якое адносіцца да сямейства ільмавых, або вязавых (ільм, бераст, вяз) - сямейства Ulmaceas, род Ulmusl. Так што найбольш верагодна, што сваю назву Бердаўка атрымала не ад бярозавага гаю, а ад гаю, дзе расце бераст (брузэльнік, брызгліна, бярдзіна), з яго вырабляюць дугі. Дарэчы, гэтае дрэва расце і каля штучнага вадаёма ў 50м ад палаца.

Асмелюся выказаць і яшчэ адну думку наконт назвы вёскі. За 2км ад Сцеркава ў бок Бердаўкі некалькімі лініямі цягнуцца насыпаныя курганы. Іх вышыня дасягае 1-1,3м. Частка іх, магчыма, была разбурана ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. У 1997 годзе вучні Бердаўскай школы пад кіраўніцтвам супрацоўніка НАН РБ Яраслава Звяругі правялі археалагічныя раскопкі двух курганоў. Было ўстаноўлена, што гэтыя пахаванні належаць аднаму з балцкіх плямёнаў. Магчыма - барцева, якія мігравалі на тэрыторыю Лідчыны ў канцы ХІІІ стагоддзя з паўднёвага ўзбярэжжа Балтыйскага мора пасля выцяснення іх Тэўтонскім ордэнам.

У адрозненне ад курганнага магільніка, які знаходзіцца ля вёскі Касоўшчына, сцеркаўскія курганы аказаліся беднымі: рэшткі попелу і некалькі каменьчыкаў, выкладзеных строга ў пэўным накірунку: усход - захад, поўдзень - поўнач.

У сённяшняй летувіскай мове слова berti абазначае "сыпаць", слова priberti - "насыпаць". Верагодна, мясціна Бердаўка, а затым і маёнтак атрымалі сваю назву ад слова berti - сыпаць. І "Бердаўка" абазначае месца за насыпамі (курганамі) або месца, дзе шмат насыпаў.

Маёнтак Бердаўка ўпершыню згадваецца ў прывілеях Гаспадара Вялікага княства Літоўскага Жыгімонта І Старога 28 траўня 1527 года. Сынам лідскага і беліцкага старасты, маршалка надворнага Юрыя Іллініча, Яну, Станіславу і Шчаснаму на палюбоўны падзел бацькоўскіх уладанняў на тры долі: "А третья часть именья, отчизны их, достала брату их, пану Станиславу (кан. 1500-31), а двор Бердовка и Придбайловский дворец,... "

Знаўца Лідчыны, Міхал Шымілевіч, пісаў, што Бердаўка ў ХVІ стагоддзі з'яўлялася прыватнай уласнасцю Бердаўскіх. І толькі даследчык Р. Атаназы, спецыяліст па гісторыі шляхецкіх сядзібаў, лічыць, што Бердаўка - радавое гняздо Бердаўскіх гербу Мандроскі.

У ВКЛ прозвішчы з'явіліся ў ХV - пачатку ХVІ ст. ст. Часта іх атрымлівалі ад назвы мясцовасці і паселішчаў, якімі валодалі. Верагодна, што Бердаўскія атрымалі сваё прозвішча ад назвы мясцовасці, а не наадварот, як лічаць некаторыя даследчыкі. Дзесьці ў канцы 80-х гадоў ХVІІ стагоддзя Бердаўскія маёнтак прадаюць. Ужо ў 1690 годзе ім валодае Аляксандр - Ян Місевіч, затым Крэчаты (1700), Гінгалы (1750), Томаш Умястоўскі (1784), Юзэфа Жабіна (1813), Нарбут.

У пачатку 60-х гадоў ХІХ стагоддзя Бердаўка з'яўлялася ўласнасцю Вінцэнта Захватовіча. У 1863 годзе ён, як і каля 200 шляхцічаў Лідскага павета, далучыўся да паўстанцаў К. Каліноўскага. У 1864 годзе маёнтак у Захватовіча быў канфіскаваны, а ён з сям'ёю высланы ў Варонежскую губернію.

Імператарскім пажалаваннем Бердаўка дасталася Аляксандру Станіслававічу Дамбавецкаму (1840 - пасля 1914). Аляксандр Станіслававіч Дамбавецкі - відны дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі: камергер, ганаровы суддзя Лідскага павета, магілёўскі губернатар, сенатар, беларускі краязнаўца. У канцы 60-х - першай палове 70-х гадоў пабудаваў у Бердаўцы цагляны палац у неагатычным стылі, разбіў пейзажны парк. У 1904-1905гг. на беразе става пабудаваў спіртзавод. Было ўзведзена шмат гаспадарчых пабудоў. Маёнтак адносіўся да ліку добраўпарадкаваных.

У пачатку ХХ стагоддзя ахопліваў 600 дзесяцін зямлі, да яго было прыпісана 118 работнікаў.

З верасня 1915 года да канца 1919 года ў маентку стаялі кайзераўскія войскі.

17 красавіка 1919 года ўвайшлі палякі. А з ліпеня па жнівень 1920 года Бердаўку нядоўгі час займала Чырвоная Армія.

У верасні 1920 года значная частка тэрыторыі Беларусі зноў акупіравана палякамі. 18 сакавіка 1921 года па Рыжскім мірным дагаворы тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы. Перапіс, праведзены 30 верасня 1921г., засведчыў, што ў фальварку Бердаўка ў 7 жылых дамах пражывае 121 чалавек. У 1922 годзе фальварак перайшоў дзяржаўнай скарбніцы. Частку земляў маёнтка, прыкладна 320-400 га (па 15-30га), выдзелілі 16 сем'ям асаднікаў. Вось прозвішчы некаторых з іх : Халявінскі, Дулько, Міраслаўскі, Касцельнік, Яшчэржэмбскі.

З 1923 па 1939 год у маёнтку функцыянавала школа ральніча (агранамічная). Дырэктар - Квяткоўскі.

З сярэдзіны 30-х гадоў пачаўся новы перыяд у гісторыі Бердаўкі. Тут быў заснаваны племянны конезавод. Вялося будаўніцтва стайняў, гаспадарчых пабудоў, жылля для спецыялістаў конезавода, школы, касцёла.

Другая сусветная вайна прынесла жыхарам Бердаўкі і навакольных вёсак шмат выпрабаванняў, многім паламала лёсы. 13 чалавек трапілі на польска-германскі фронт. Міхаловіч Тэафіл, Груша Іосіф і Кучынскі Баляслаў апынуліся ў нямецкім палоне. Ксёндз Францішак загінуў, спрабуючы пры дапамозе Божага слова спыніць нямецкае наступленне. Ён заклікаў немцаў адумацца, не ваяваць супраць суседзяў, але для фашыстаў не было нічога святога, і чарга, выпушчаная з варожага кулямёта, абарвала жыццё гэтага высокамаральнага і смелага чалавека.

Капітан авіяцыі Войска Польскага Лясковіч, што валодаў фальваркамі Кір'янаўцы і Філіпкі, смела адбіваў атакі нямецкіх сцярвятнікаў, а калі супраціўленне стала бессэнсоўным, на сваім самалёце ў складзе авіяцыйнай эскадрыллі пераляцеў у Вялікабрытанію і працягваў змагацца з фашыстамі на розных франтах Другой сусветнай вайны.

16 сем'яў асаднікаў у 1940 годзе вывезлі ў Варкуту. Падчас Вялікай Айчыннай вайны 12 мірных жыхароў сельсавета загінулі ад рук акаўцаў: Алютаровіч К. Р., Алютаровіч У. М., Алютаровіч Ф. І., Залужын І. Л., Хоміч Б. К., Хоміч І. К., Хоміч Э. С., Багдзевіч А. У., Багдзевіч Л. А., Багінь З. К., Багінь К. У. У верасні 1942 года "чырвоныя" партызаны расстралялі сям'ю ўладальніка фальварка Ільянова, што знаходзіўся каля Татарцаў , Радкевіча Вітольда, спалілі будынак Сцеркаўскай школы.

52 ураджэнцы сельсавета апынуліся на франтах у дзеючай арміі. 16 з іх склалі свае галовы на апошнім месяцы вайны. Гэта Арэхва А. У., Варона В. А., Півута А. М., Півута І. А., Півута І. В., Півута М. Р., Пілевіч Т. І., Пілецкі М. Я., Сілюк П. С., Тулай М. А., Кіякоўскі С. В., Памаха І. Дз., Міхаловіч С. М., Багдзевіч У. У., Сантоцкі Т. А., Шульга М. А.

З першага па апошні дзень вайны знаходзіліся ў дзеючай арміі Бубен Цімафей Якаўлевіч - кавалер Ордэна Славы ІІІ ступені, Самахвалаў Міхаіл Якаўлевіч, ад Сталінгарада да Берліна прайшоў франтавымі дарогамі кавалер Ордэна Айчыннай вайны І і ІІ ступені Серада Іосіф Прохаравіч, удзельнічаў у баях за Берлін Бубен Іван Іванавіч, геройскі змагаліся з лютым ворагам Лобан Аляксандр Васільевіч - кавалер Ордэнаў Славы ІІІ ступені і Чырвонай Зоркі, Курсевіч Станіслаў Станіслававіч - кавалер Ордэна Крыжа Грунвальда, Півута Мікалай Мікалаевіч, узнагароджаны медалём "За адвагу".

Апошнія 5 месяцаў вайны ў Войску Польскім змагаліся з фашыстамі Куташ Іван Альфонсавіч, Куташ Баляслаў Станіслававіч і Куташ Віктар Станіслававіч. Удзельнічаў у вайне з мілітарыскай Японіяй на тэрыторыі Маньчжурыі (Кітай) Сегень Стэфан Станіслававіч.

Ад рук бандытаў пасля вызвалення раёна загінулі 9 жыхароў сельсавета:

Залужны Л.Ф., старшыня Бердаўскага сельсавета, забіты ў ноч з 25 на 26.10.44г.,

Марцінкевіч Станіслава, в. Сцеркава, актывістка, загінула 24.01.1945г.,

Півута М.С., в.Ваўкаўцы, загінуў 12.07.1945г.,

сям'я Тулай -6 чалавек з в.Харужаўцы, з дзецьмі ва ўзросце ад 2- х месяцаў да 12 гадоў, забітыя 30.05.1945г.

28 чалавек рэпрэсаваныя ў 1945 - 1952 гадах: Нітко Ю.Я., Галавач Б.І., Галавач Л.Б., Галавач М.І., Галавач М.С., Галавач Р.Б., Галавач С.К., Галавач Т.У., Галавач Я.Б., Галавач Я.І., Гурская В.В., Гурская І.В., Гурская Я.І., Гурскі З.В., Гурскі Л.В., Гурскі Ч.В., Дулько Г.А., Дулько Е.К., Дулько З.К., Дулько К.М., Дулько Л.К., Дулько М.К., Дзядовіч М.В., Дзядовіч С.К., Запаснік А.Ю., Запаснік І.В., Запаснік М.А.

Да 1958 года ў Бердаўцы дзейнічаў конезавод. У 1958-1975 гг. - дзяржплемстанцыя штучнага асемянення. У пачатку 50-х гадоў у сельсавеце праводзілася гвалтоўная калектывізацыя. Калгасы былі створаны ў кожнай вёсцы. Усяго іх было шэсць. У 1975 годзе ў выніку аб'яднання калгасаў "Барацьбіт", "Чырвоны Кастрычнік" і дзяржплемстанцыі ўтвораны калгас "Бердаўка". З 1975 па 1993 год калгас узначальваў руплівы гаспадарнік і таленавіты арганізатар Каранюк А. А.. З 1993 па 2004 год - Калабухін А. М., а з 2004 года СВК "Бердаўка - Агра" ўзначальвае Каламіец П. І..

Вёска Бердаўка дзеліцца рэчкай Вядроўкай і двума штучнымі вадаёмамі на дзве часткі. Забудова правабярэжнай часткі ў асноўным праводзілася ў другой палове ХІХ-70-х гадах ХХ ст.ст. Тут размешчаны палац Дамбавецкага (Дом культуры - дырэктар Белакур І.В. і бібліятэка - загадчыца Чэчат А.Г.), дом дырэктара конезавода (амбулаторыя - галоўны ўрач Лучко Э.В.), дом прыслугі (жылы дом), дамы спецыялістаў конезавода (жылыя дамы), жылыя дамы вяскоўцаў, стайні сярэдзіны 30-х гг. ХХст., ферма БРЖ, стары парк.

Будаўніцтва левабярэжнай часткі, за выключэннем дзесятка будынкаў, вядзецца з сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя на землях фальварка Філіпкі. Да 1939 года фальварак належаў Лясковічам, адзін з якіх - Альберт Лясковіч - за ўдзел у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага быў расстраляны ў Вільні. Тут размяшчаюцца адміністрацыйны будынак, дзе знаходзіцца праўленне СВК "Бердаўка-Агра"-старшыня Каламіец П.І., сельвыканкам, аддзяленне сувязі- начальнік Сташэўская І.І., аддзяленне Беларусбанка - кантралёр-касір Страчынская С.В. , школа і дзіцячы сад - дырэктар Крупа А.Л., два магазіны: дзяржаўны- загадчыца Мядзведская Т.М. - і прыватны, комплексна - прыёмны пункт - загадчыца Акрыш Т.С., лазнева - пральны камбінат, жылыя дамы з усімі выгодамі.

Шаша Ліда - Іўе аддзяляе вёску ад вытворчай зоны, дзе знаходзяцца фермы БРЖ, майстэрні, сушня, складскія памяшканні, Дамы механізатара і жывёлавода. Жылыя і вытворчыя зоны добраўпарадкаваныя, заасфальтаваныя, тут праведзена азеляненне.

Калі ў 1970 годзе ў вёсцы налічвалася 125 жылых дамоў і кватэр, у якіх пражывалі 383 жыхары, то да 2007 года іх колькасць дасягнула 250, а колькасць жыхароў узрасла да 652. Забудова населенага пункта працягваецца. Большасць жыхароў вёскі звязаныя з сельскай гаспадаркай. 191 чалавек працуе ў СВК "Бердаўка-Агра", 32 чалавекі працуюць у школе і дзіцячым садку, 8 - у медыцынскіх установах, 13 - у сферы гандлю і абслугоўвання, 157 дзяцей і падлеткаў - да 18 год, 142 - пенсіянеры.

Бердаўскі сельсавет утвораны ў 1940 годзе. Уключае 9 вёсак: Бердаўка-250 двароў,Бялундзі-13 двароў-32 жыхары, Бакуны- 13 двароў - 23 жыхары, Воўкаўцы-30 двароў-60 жыхароў, Касоўшчына - 25 двароў- 52 жыхары, Кірьянаўцы-44 двары - 84 жыхары, Сцеркава - 118 двароў - 261 жыхар, Татарцы - 16 двароў - 27 жыхароў, Харужаўцы - 9 двароў - 18 жыхароў. Старшыня сельсавета - Пазняк А.П.

Розныя людзі жывуць у Бердаўцы. У кожнага з іх свой адметны лёс, свой характар, свае мары і надзеі. Яны працуюць, вучацца, ствараюць уласныя сем'і, нараджаюць дзяцей, адыходзяць у вечнасць. У чымсьці ўсе людзі падобныя адзін да аднаго, але ў кожнага з іх ёсць штосьці сваё, што вылучае яго як чалавека, як асобу.

Многія імкнуцца пакінуць на зямлі пасля сябе добры след. У нас жылі і жывуць людзі, якія шмат зрабілі дабра, плённа і творча працавалі, змагаліся з ворагамі, вырошчвалі хлеб, узводзілі будынкі, вучылі і выхоўвалі дзяцей, упрыгожвалі свой куток.

Шмат жыхароў Бердаўскага сельсавета маюць дзяржаўную адзнаку за сваю працу:

Бубен Л.І., звенявая калгаса «Бердаўка», узнагароджана ардэнамі Працоўнай Славы ІІІ ступені (1977), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972),

Вашкевіч Я.К., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ардэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1975),

Варано Я.М., галоўны заатэхнік калгаса «Барацьбіт», узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (1975),

Зубрыцкая А.П., даярка калгаса «Бердаўка», узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1977),

Кудзі В.М., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966),

Кучынскі П.А., трактарыст калгаса «Бердаўка», узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1977),

Ловыш А.І., трактарыст калгаса «Барацьбіт», узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971),

Марцінкевіч С.С., трактарыст калгаса «Бердаўка», узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені (1978),

Піута М.І., тэхнік калгаса «Барацьбіт», узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973),

Сілюк А.С., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971),

Хоміч Я.П., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973),

Чэчат М.М., аграном калгаса ім. Вярхоўнага Савета СССР, сакратар парткама калгаса «Бердаўка»,намеснік старшыні калгаса "Бердаўка" па кормавытворчасці, узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» (1971, 1973),юбілейным медалём «За доблесную працу»(1970),шматлікімі граматамі аблвыканкама і райвыканкама.

Шыбутовіч А.С., даярка калгаса «Барацьбіт», узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (1971).

Праляцяць гады, а ў людской памяці застануцца імёны Дамбавецкага А.С., Каранюка А.А., Нітко М.І., Самахвалавай Р.С., Самахвалава М.Я., Серады І.П., Хоміча П.К., Шафранскага І.М., Вінча Л.М., Кучынскай З.Ф., Васілеўскай А.В., Якубоўскага І.А., Кісялевай В.М., Парфенчыка І.І., Уласа Я.С., Сілюк А.С., Кудзі В.М., Хоміч Я.С., Чэчата М.М. ,Сяўко Р.С., Тулай Г.І. і многіх-многіх іншых.

Апошні ўладальнік маёнтка "Бердаўка"

Сення на Лідчыне ды, мабыць, і ў самой вёсцы Бердаўцы мала хто ведае, што ўладальнікам маёнтка "Бердаўка" з сярэдзіны 60-х гадоў ХIХст. да 1914 года быў неардынарны чалавек - беларускі краязнаўца, грамадскі і палітычны дзеяч - Аляксандр Станіслававіч Дамбавецкі.

І толькі нямногія пажылыя людзі могуць узгадаць расказы сваіх бацькоў аб гэтым чалавеку.

У апошнія гады свайго жыцця А.С. Дамбавецкі жыў у Пецярбургу, а ў маёнтак прыязджаў на лета, каб адпачыць ад шумнага сталічнага жыцця.

Для работнікаў маёнтка і жыхароў навакольных вёсак прыезд пана ператвараўся ў сапраўдную падзею. Вітаць гаспадара збіраліся і старыя, і малыя. Дзеці выконвалі песні, чыталі вершы, танцавалі. За гэта ад Дамбавецкага яны атрымлівалі вельмі рэдкія ў тыя часы для сялянскіх дзяцей ласункі: цукеркі, пячэнне, пернікі.

Могуць згадаць аб яго патрабавальнасці і строгасці да работнікаў маёнтка, аб яго гаспадарлівасці і прыхільнасці да парадку, любові да прыгожага і да прыроды.

Захаваліся ўспаміны аб сям'і: жонка Марыя, сыны - Петр і Аляксей, дзве дачкі - Наталля і Вольга. Па расказах кухаркі Дамбавецкага, якая паходзіла з вёскі Меляшы сённяшняга Дварышчанскага сельсавета, яго сыны загінулі на фронце падчас 1-й сусветнай вайны, а дочкі эмігравалі за мяжу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917г.

Сведкам тых часоў у Бердаўцы з'яўляецца эфектны неагатычны палац - адзін з лепшых на Лідчыне, пабудаваны ў канцы 60-х - пачатку 70-х гадоў ХIХ стагоддзя ( сёння ў ім месціцца сельскі Дом культуры і бібліятэка), таксама дом прыслугі, гаспадарчы будынак - магчыма,стайня,захаваліся разваліны амбара і піўніцы, фундамент млына, запушчаны стары парк.

Маёнтак "Бердаўка" перайшоў А.С. Дамбавецкаму ад Вінцэнта Захватовіча, у якога ён быў канфіскаваны за ўдзел у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а сам Захватовіч высланы ў Варонежскую губернію.

Царызм праводзіў палітыку ўмацавання ў краі сваёй сацыяльнай апоры, і гэтым тлумачыцца насаджэнне ў беларуска-літоўскіх губерніях буйнога рускага памешчыцкага землеўладання замест польскага.

Аб дзіцячых гадах Аляксандра Дамбавецкага і яго бацьках практычна нічога невядома.

У фармулярным спіску губернатара ўказана, што ён "з дваран", але пры гэтым ні ў яго бацькоў, ні ў яго самога маёнтка няма - дваранства, верагодна, атрымана па адукацыі і выслузе.

Вядомы беларускі літаратуразнавец, пісьменнік-публіцыст, прафесар Адам Мальдзіс нават лічыць, што А. Дамбавецкі - пазашлюбны сын імператара Аляксандра ІІ ! Тут няма нічога неверагоднага, бо слабасць "цара-вызваліцеля" да жаночага полу добра вядома, яму на момант нараджэння будучага губернатара (1840 год) было ўжо 22 гады. У дадатак да гэтага імклівая кар'ера Дамбавецкага і яго ўдалы шлюб амаль што былі немагчымыя без пратэкцыі ў вышэйшых колах Расійскай імперыі.

Малаверагодна, што ён быў палякам, бо ў фармуляры губернатара значыцца: "Вераспавядання праваслаўнага".

У 1860 годзе Дамбавецкі закончыў курс навук Кіеўскага універсітэта і атрымаў ступень Кандыдата, быў прыняты на службу ў Гаспадарчы дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў, але хутка быў пераведзены ў калежскія сакратары.

У 1862 годзе Дамбавецкага перамяшчаюць у канцэлярыю Рыжскага ваеннага генерал-губернатарства на пасаду сакратара гаспадарчага аддзялення. Акрамя гэтага, ён кіруе і паліцэйскім упраўленнем канцылярыі.

17 мая 1863 года Аляксандру нададзены чын тытулярнага саветніка, а ўжо 30 жніўня 1865 года ён прызначаецца чыноўнікам асобых даручэнняў IV класа пры Міністэрстве ўнутраных спраў.

У 1865 годзе Дамбавецкі бярэ шлюб з Марыяй Грын, дачкой генерал-маёра, "дзяўчынай лютэранскага веравызнання", хутчэй за ўсё, прыбалтыйскай немкай. 26 кастрычніка 1866 года ў іх нарадзіўся сын Пётр і адбылося чарговае павышэнне Аляксандра па службе. Яго перамяшчаюць на пасаду сакратара пры галоўным начальніку ІІІ Аддзялення Уласнай Яго Імператарскай Вялікасці Канцылярыі.

У 1868 годзе атрымлівае чын стацкага саветніка, а ў красавіку 1870 года-званне камергера Двара Яго Вялікасці.

30 сакавіка 1872 года А. С. Дамбавецкага прызначаюць магілёўскім губернатарам.

Пры прызначэнні на гэтую пасаду 32-гадовага А. С. Дамбавецкага імператар Аляксандр ІІ зрабіў яму наказ: "Магілёўская губернія даўно ўжо знаходзіцца ў разладжаным стане, зрабі ўсё магчымае для аднаўлення яе сіл".

Магілёўская губернія плошчай 48 тысяч кв. км. (пераўзыходзіла сваімі памерамі Бельгію, Нідэрланды або Швейцарыю) з насельніцтвам каля 1 мільёна чалавек.

Малады губернатар, з характэрнымі для яго стараннасцю і энергіяй, узяўся за даручаную справу, праяўляў добрыя арганізатарскія здольнасці, творчасць і энтузіязм.

Хутка першыя поспехі губернатара заўважылі ў Пецярбургу. За карысную справу па ўзыманні падаткаў і другіх акладных грашовых збораў у 1873г. губернатар атрымаў Вышэйшую падзяку, а ў 1874 годзе быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 3-й ступені і 2000 рублямі.

Наладжваўся і быт сям'і, дзе ўжо раслі трое дзяцей.

Жалаванне губернатара складала 1718 рублеў, столькі ж сталовых і 2000 рублёў прыбавачных...

У 1876 годзе губернатар адзначаецца чарговай высокай узнагародай - ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені і 2000 рублямі.

1 красавіка 1879 года Дамбавецкі стаў кавалерам Ордэна Святой Ганны 1-й ступені.

Ад папярэдняга губернатара Дамбавецкаму дастаўся горад, які мала адпавядаў свайму статусу. Члены гарадской управы сумесна з гарадскім галавою распрацавалі план добраўпа-радкавання горада, які губернатар дапамог ажыццявіць. Грошы на гэтыя мэты давала падаткаабкладанне ўсіх гарадскіх дамоў. У хуткім часе ў горадзе быў распланаваны і засаджаны гарадскі сад, які абнеслі драўляным плотам. Першы магілёўскі парк мяшчане назвалі садам Дамбавецкага. Праз два гады (1878) у Магілёве быў уведзены ў эксплуатацыю вадаправод і тэлефонная 93- вёрстная лінія, якая абслугоўвала 68 абанентаў.

У 1875-92гг. узводзяцца будынкі фельчарскай школы, жаночай гімназіі, Аляксандраўскага рэальнага вучылішча, драматычнага тэатра, пабудаваны масты, добраўпарадкаваны вуліцы, пракладзены драўляныя тратуары.

У 1883 годзе ў сям'і Дамбавецкіх нарадзіўся другі сын Аляксей.

У 1885 годзе Дамбавецкага ўзнагароджваюць ордэнам Святога Уладзіміра 2-й ступені.

Губернатар у пастаяннай працы. З'явілася ідэя стварэння кнігі аб прыродных умовах, асноўных занятках, матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў краю, развіцці прамысловасці, сельскай і лясной гаспадаркі, народнай адукацыі і ахове здароўя, ідэя апісання помнікаў археалогіі, архітэктуры, гісторыі населеных пунктаў і запісу народных песень. Складалі гэтую працу ўсе службы, уся эліта губернскага Магілёва.

І вось, роўна 125 гадоў таму, трохтомная кніга "Вопыт апісання Магілёўскай губерніі... " пад рэдакцыяй А. С. Дамбавецкага пабачыла свет. У паліграфічных адносінах выданне не ўступала пецярбургскаму або маскоўскаму, а па змесце ўяўляла сабою бестселер таго часу. Пазней яе назавуць "энцыклапедыяй магілёўскага жыцця".

30 жніўня 1882 года "за выдатную службу" Магілёўскі губернатар быў узведзены ў тайныя саветнікі. А за кнігу "Вопыт апісання Магілёўскай губерніі" яму была аб'яўлена Вышэйшая падзяка.

Дамбавецкі стаў ініцыятарам адкрыцця гісторыка-этнаграфічнага музея ў Магілёве і ўсяляк садзейнічаў гістарычным пошукам і археалагічным даследаванням.

У музеі былі створаны гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны аддзелы, дзякуючы чаму Магілёўскі гісторыка-этнаграфічны музей да гэтага часу застаецца адным з лепшых на Беларусі.

Дзейнасць Дамбавецкага на пасадзе губернатара была шматграннай, але стан здароўя не заўседы дазваляў поўнасцю аддацца працы. Праз хваробу печані губернатар часта выязджаў за мяжу на лячэнне, дзе праводзіў 1-2 месяцы ў год, але на справе гэта не адлюстроўвалася.

У 1889 годзе губернатар быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла - адной з вышэйшых узнагародаў Расійскай імперыі.

30 жніўня 1893 года адбылося чарговае і апошняе павышэнне па службовай лесвіцы.

Дамбавецкі А. С. імянным Вышэйшым указам прызначаецца сенатарам.

Без сумнення, займаючы такую высокую пасаду, ён плённа працуе на карысць Расійскай імперыі.

Вялікая занятасць не дазваляе часта бываць у маёнтку, але 2-3 разы на год ён адзін, а то і з сям'ёй, наведваецца ў Бердаўку.

Яшчэ ў канцы 60-х гадоў ХIХст. Дамбавецкі задумаў пабудаваць у маёнтку "Бердаўка" цагляны палац. Для забеспячэння будоўлі будаўнічым матэрыялам каля вёскі Харужаўцы ўзводзіцца цагельня.

Палац плошчай 381,4м.кв. пабудаваны ў неагатычным стылі і ўяўляе сабой двухпавярховы прастакутны будынак з рызалітам, які выступае за асноўную лінію фасада па ўсёй яго вышыні і складае з ім адно цэлае. Вертыкальная дамінанта - квадратная ў сячэнні вежа (вышынёй 14 метраў, з адкрытымі шасцю праёмамі) завершана каменнай каланадаю і чатырохкутнымі піноклямі. Па ўсім перыметры будынка праходзяць тры гарызантальныя карнізы: адзін - пад вокнамі першага паверха, другі (раздзяляльны) - паміж першым і другім паверхамі, трэці (завяршальны) падтрымлівае дах будынка і засцерагае страху ад вады. Фасад палаца з 16 вузкімі высокімі вокнамі раздзелены вертыкальнымі выступамі па паверхні сцяны - пілястрамі, шырыня якіх раўняецца 0,5м і якія служаць для члянення фасада будынка з мэтай надання яму большай выразнасці. З правага і з левага бакоў на даху перпендыкулярна пілястрам устаноўлены па два піноклі, а з тыльнага - па вуглах - па адным піноклі. У дэкоры выкарыстаны паўцыркулярныя завяршэнні крайніх аконных праёмаў, філенгі, профілі і інш. Палац меў тры ўваходы. Цэнтральны ўваход быў зроблены ў выглядзе арачнага порціка з балконам, агароджаным літай чыгуннай балюстрадай. Для стварэння рытмічнасці ў паўночна-заходняй сцяне палаца маецца 7 блендаў (ніш), якія імітуюць аконныя праёмы і маюць абрамленне ў выглядзе ліштваў. Таўшчыня сцен першага паверха ад 1м з усходняга боку да 1,2м з заходняга і другога - ад 0,6 да 0,7м. Страха будынка двухскатная, гладкая, пад ацынкованай бляхай. Пад будынкам маюцца скляпенні агульнай плошачай 74 кв.м., якія падзеленыя магутнымі цаглянымі сценамі на тры памяшканні са зводчатымі столямі. Глыбіня склепавых памяшканняў складае 3,2м. Спусціцца ў скляпенні можна было толькі знутры па лесвічным спуску і тамбуры, даўжыня якога 6м, а шырыня - 1,8м. У кожным са склепавых памяшканняў у сценах маюцца нішы і адтуліны для вентыляцыі. Таўшчыня сценаў скляпення дасягае 1,5м.

Унутраныя сцены палаца распісваліся маслянымі фарбамі, падлога была з дубовага паркету, які націраўся масцікай. Абаграваўся палац галандскімі печамі, зробленымі з белай паліванай кафлі з малюнкамі і ўпрыгожваннямі. Дымаходы праходзілі ўнутры сценаў. Толькі адзін з пакояў, магчыма сталовая, амаль захаваў свой першапачатковы выгляд: крыжападобная зводчатая столь, арачныя невялікія дзвярныя праёмы, нішы ў магутных (да 1,2м ) унутраных сценах. Да палаца ў 80-х гадах ХІХ ст. быў прыбудаваны невялікі аднапавярховы будынак (плошча 77 м.кв. ) з двухскатнай страхой. Ён служыў кухняй і каморай.

Узводзены млын, гаспадарчыя пабудовы, піўніца, амбар, адрына, аўчарня, цагляны дом для прыслугі. Добраўпадкавана тэрыторыя: разбіты пейзажны парк плошчай 3 га, які складаўся з двух частак: партэрнай перад палацам і пейзажнай на паўночна - ўсходнім і паўднёва - ўсходнім схілах узгорка. У планіроўцы адкрытыя, з курцінамі прагулачныя алеі. У парку высаджана больш за 30 відаў дрэў і кустоў. У тым ліку дубы, лістоўніца еўрапейская, блакітныя елкі, ясені, піхта, акацыя, воцатнае і коркавае дрэвы, а таксама і шмат разнастайных кветак.

Маёнтак "Бердаўка" ахопліваў 660 дзесяцін зямлі, да яго былі прыпісаны 118 работнікаў. А.С. Дамбавецкаму належалі таксама маёнткі Сліжы і Касоўшчына, засценкі Глебаўшчына і Харужаўцы (усяго 1017 дзесяцін і 204 работнікі). Асновай гаспадаркі маёнтка з'яўлялася земляробства, найперш вырошчванне збожжа (жыта, авёс, ячмень). Галоўную частку сваіх даходаў Дамбавецкі атрымліваў ад продажу земляробчай прадукцыі, астатнюю - ад збыту цэглы, прадуктаў жывёлагадоўлі.

У 70-80-х гг. ХIХст. важнай крыніцай даходаў маёнтка стала льнаводства. Пашыраліся пасевы канопляў, якія па Немане адпраўляліся ў Прусію (Кёнігсберг) на патрэбы Балтыйскага флоту.

На фермах маёнтка ўтрымлівалася буйная рагатая жывёла, авечкі, свінні, коні.

Па звестках Віленскага губернатара маёнтак "Бердаўка" адносіўся да "добраўпарадкаваных". Аднак зямля ў гаспадарцы апрацоўвалася на аснове ўстарэлай агратэхнікі, старадзедаўскім інвентаром. Пануючай сістэмай земляробства заставалася трохполле.

Паступова ў 70-80-х гг. ХIХст. гаспадарка маёнтка пераходзіла на капіталістычны тып, набывала гандлевы, прадпрымальніцкі характар. Уводзіўся шматпольны севазварот, паляпшаліся прылады працы (жалезныя плугі, бароны і інш.). У пачатку ХХст. з'явіліся розныя сельскагаспадарчыя машыны (малатарні, веялкі, саломарэзкі, жняяркі, сеялкі і інш.). Але ўраджайнасць збожжавых заставалася невысокая (усяго каля 30 пудоў з гектара).

У другой палове 80-х гг. у сельскай гаспадарцы Беларусі пачаўся працяглы аграрны крызіс, выкліканы з'яўленнем на рынках Еўропы таннага высокаякаснага збожжа з Паўночнай Амерыкі, Аргенціны і Аўстраліі. Цана на жыта і іншыя збожжавыя культуры знізілася ў 2-2.3 разы.

А. С. Дамбавецкаму прыйшлося пераарыентаваць гаспадарку маёнтка на малочную жывелагадоўлю і вінакурства.

Колькасць буйной рагатай жывёлы вырасла прыблізна ў два разы. Былі заведзены высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандскія). На месцы наладзілася перапрацоўка малака на сыр і масла.

У 1904 годзе на беразе става Дамбавецкі пабудаваў спіртзавод, які дзейнічаў да 1915 года. На ім было занята 15 работнікаў.

Спецыялізацыя гаспадаркі маёнтка на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурстве суправаджалася пашырэннем пасяўных плошчаў пад кармавыя культуры і бульбу. У канцы 90-х гг. ХIХст. - пачатку ХХст. яны выраслі адпаведна ў 6 і 3 разы. Вытворчасць збожжа прызначалася пераважна на корм жывеле і вінакурства. Як рыначная галіна развівалася свінагадоўля. На знешні рынак маёнтак "Бердаўка" пастаўляў спірт, малочныя прадукты, мяса і сала, буйную рагатую жывёлу, ільновалакно і пакулле, алейнае семя.

Сталыпінская аграрная рэформа паскорыла працэс распаду дваранскай паўфеадальнай уласнасці. Гаспадарка маёнтка адчувае цяжкасці, А.С. Дамбавецкі пачаў прадаваць свае землі. 15 мая 1913 года прададзена 19 дзесяцін М. Мікалаевічу, затым 7 дзесяцін Сантоцкаму Івану. У хуткім часе пачалася першая сусветная вайна, затым рэвалюцыя, грамадзянская і савецка-польская войны...

…Палац А. С. Дамбавецкага стаіць у вёсцы Бердаўка як нямы сведка той бурлівай і цікавай гісторыі, якая пракацілася па нашым краі. Сёлета спаўняецца 167 год з дня нараджэння А. С. Дамбавецкага, які пакінуў на нашай зямлі свой след. Імя А.С. Дамбавецкага мы можам знайсці ў беларускіх энцклапедыях, у падручніках па гісторыі Беларусі.

Сябры клуба "Спадчына", што дзейнічае пры гісторыка-краязнаўчым музеі Бердаўскай СШ, вырашылі ўвекавечыць памяць аб гэтым чалавеку. Выпускнік школы 1980 года скульптар Рычард Груша зрабіў мемарыяльную шыльду з выявай А. С. Дамбавецкага, якая пасля дазволу ўладаў размесціцца на фасадзе сельскага Дома культуры (былы палац).

Якая справа, такая і слава

Многім вядомая старая быль пра людзей, якія пераносілі каменне. Аднаго разу іх спыталі, што яны робяць. "Ці не бачыце, каменне нашу", - рэзка адказаў адзін. "А я зарабляю на хлеб для сям'і", - спакойна адказаў другі. "Я будую храм для людзей", - з упэўненасцю адказаў трэці. І кожны з іх меў рацыю. Хаця разуменне імі сутнасці чалавечага дзеяння рознае. У сваім жыцці кожны чалавек выбірае для сябе пэўныя мэты, пэўныя каштоўнасці.

Гэты чалавек у свае 73 гады актыўны, працягвае рабіць людзям дабро, ён бескарыслівы, сумленны і справядлівы. Такім яго выхавалі бацькі, загартавала жыццё. Ен сам абраў свае жыццевыя арыенціры, сам стварыў сябе.

Нарадзіўся Мечыслаў Іосіфавіч Нітко 1 снежня 1933 года ў вёсцы Пекары Гнезненскага павета Познанскага ваяводства. Бацька, Юзэф Янавіч, працаваў мастэляжам (конюхам), а затым, закончыўшы курсы бухгалтараў, - бухгалтарам конезавода ў Гнезна. Маці памерла ў маладым узросце, калі Мечыславу быў усяго 1 год і 7 месяцаў. Мачаха, Марта Янаўна, сціплая, акуратная і працавітая жанчына, замяніла яму маці і ўсю сваю душэўную цеплыню і ласку аддала прыёмнаму сыну і дачцэ Люцыі.

У міжваенны перыяд у Польшчы паспяхова развівалася конегадоўля. Да сярэдзіны 30-х гадоў колькасць коней дасягнула чатырох мільёнаў галоў. Вось тады ўрад краіны прыняў рашэнне будаваць конезаводы ва ўсходніх крэсах.

Адзін з такіх племянных конезаводаў будуецца ў 1934-1935 гадах у вёсцы Бердаўка на тэрыторыі былога маёнтка Дамбавецкага. Былі ўзведзены тры цагляныя прасторныя стайні пад чырвоным шыферам агульнай плошчай 1878 кв.м. на 120 галоў племянных жарабцоў, манеж, ветэрынарны лазарэт з ізалятарам, склады фуражу, конскага інвентару і інш. Пабудаваны 4 драўляныя шасцікватэрныя жылыя дамы з мансардамі для спецыялістаў (кожны па чатыры кватэры для сямейных і па дзве аднапакаёвыя кватэры для халасцякоў).

Былі ўзведены каменны аднапавярховы асабняк з мансардаю для дырэктара конезавода, будынак школы з трыма класнымі пакоямі, настаўніцкай і гардэробнай, распачалося будаўніцтва драўлянага касцёла. У адным з новых дамоў размясціўся дзіцячы сад, які наведвала каля 40 дзяцей служачых конезавода, выкладчыкаў школы ральнічай (агранамічнай), настаўнікаў.

27 спецыялістаў накіравалі з Гнезна і Бяла-Падляскi: прыехалі Бортнік Уладзіслаў, Вайцяховіч Браніслаў, Смотр Станіслаў, Сегенчук Мікалай, Светлік Ян, Свярчэўскі Франц, Турок Петр, Пэрдон Эдвард, Шчэрба Юзеф, Кавальскі Станіслаў, каваль Борак Карл, ветэрынар Прэнткоўскі Ян, бухгалтар Нітко Юзеф і іншыя. Дырэктарам конезавода быў назначаны маёр Станіслаў Сігмунд.

Усе мастэляжы мелі парадную форму шэрага колеру, якая складалася з мундзіра, галіфэ, шыняля і фуражкі з какардай, на якой была выява арла, і хромавых ботаў.

Сям'я Нітко пасялілася ў доме, пабудаваным у канцы 70-х гадоў ХІХст. для прыслугі маёнтка. Тут жа знаходзілася бухгалтэрыя і святліца (пакой для адпачынку работнікаў), дзе размяшчалася радыё, маленькая бібліятэчка і некаторыя перыядычныя выданні на польскай мове. Заробак у служачых конезавода быў прыстойны - 150-220 злотых у месяц, а бухгалтар атрымліваў у 1,5 разы болей. У тыя часы добрая карова каштавала 100 злотых. Гаспадарка займалася ўзнаўленнем і гадоўляй высокаякасных коней на племя. Яна забяспечвала жарабцамі-вытворнікамі конегадоўчыя прыватныя гаспадаркі. На конезавод былі завезены 120 племянных жарабцоў чыстых ангельскіх крывей, а таксама шведскія гудбрансдалі. Пры заводзе меліся свінарнік, аўчарня, вадзяны млын.

Хутка ляцелі дні, месяцы, гады. Бацька Мечыслава добрасумленна працаваў, старанна вёў бухгалтэрыю конезавода. Адрозніваўся пунктуальнасцю і акуратнасцю. Марта Янаўна ўвіхалася па хатняй гаспадарцы. У сям'і быў дастатак. Дзяцінства Мечыслава было бестурботным і праходзіла ў гульнях і забавах…

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, а 19 верасня ў Бердаўцы з'явіліся рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі, якія раскватараваліся ў палацы Дамбавецкага, прыстасаваўшы яго пад казармы. У парку размясцілі танкеткі і гарматы.

У хуткім часе ўсталявалася Савецкая ўлада. Пачаліся пераўтварэнні. Школа ральніча спыніла сваю дзейнасць. Ужо 24 верасня 1939 года аднавіла работу адукацыйная школа, навучанне ў якой было пераведзена з польскай мовы на беларускую.

У пачатку 1940года 16 сем'яў асаднікаў, якія жылі ў Бердаўцы, вывезлі ў Варкуту. У вёсцы Ваўкаўцы арганізуецца першы ў сельскім савеце калгас імя Молатава, а 15 снежня 1940 года адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Конезавод сваю дзейнасць не прыпыніў. Кіраўніком конезавода стаў Ігар Крыжаў.

Бацькі Мечыслава хваляваліся. Хадзілі чуткі: пад Катынню, што на Смаленшчыне, саветы расстралялі звыш 20 тысяч польскіх афіцэраў, настаўнікаў, ксяндзоў. Пагаворвалі, што хутка ізноў пачнецца вайна. Гітлер рыхтуецца да нападу на Савецкі Саюз…

Так яно і сталася. На досвітку 22 чэрвеня 1941 года з боку Ліды пачуліся выбухі, бачыліся бліскавіцы і ў неба ўздымаліся клубы густога чорнага дыму. Немцы бамбілі горад, вакзал, аэрадром… У гэты ж дзень чырвонаармейцы спешна пакінулі вёску. Прайшло некалькі дзён у трывожным чаканні. Фашысты з'явіліся ў Бердаўцы 27 чэрвеня. Сямігадовы Мечыслаў памятае, як па шашы ў бок Іўя праехаў бронетранспарцёр і некалькі матацыклетаў з кулямётамі. Праз некаторы час яны вярнуліся назад, а затым праз вёску пайшлі машыны, танкі, бронетранспарцёры, матацыклеты, аграмадныя коні, якія цягнулі гарматы, шмат немцаў ехала на веласіпедах, а яшчэ больш ішло пешшу. Некаторыя з іх спыняліся на адпачынак, купаліся ў ставе, фатаграфаваліся, ігралі на губных гармоніках, дзяцей частавалі шакаладам. Кідаўся ў вочы іх акуратны, халёны знешні выгляд.

У ліпені месяцы ў Бердаўцы ў палацы Дамбавецкага размясціўся аддзел жандармерыі. На тэрыторыі парка яны пабудавалі бліндажы і 4 бункеры, выкапалі акопы. Праз некалькі тыдняў з'явіліся нямецкія каланісты.

Конезаводам цяпер кіраваў спакойны і ўраўнаважаны Фос, а заатэхнікам стаў вельмі жорсткі і ўзрыўны Брайтак, які не выпускаў з рук бізун. Пакаштаваў нямецкага бізуна і Мечыслаў. Адзін раз за тое, што ў крынічку, адкуль бралі ваду, шпурляў каменні, а другі раз за гульню на нямецкім агародзе.

Пагалоўе коней папоўнілася за кошт бельгійскіх кургузых жарабцоў з абрэзанымі хвастамі. Зямля абраблялася двухкорпуснымі плугамі, у якія запрагалі чацвярых жарабцоў і ўзорвалі за дзень 1,1-1,3 гектары зямлі.

На конезаводзе працавалі спецыялісты, што прыехалі ў Бердаўку ў 1935-1936 гадах. Заробак выплочваўся рэгулярна без затрымак.

Юзэф Нітко, як і да вайны, вёў бухгалтэрыю. Дзякуючы добрай памяці і прыродным здольнасцям змог засвоіць нямецкую мову. Калі была патрэба, то выступаў і ў ролі перакладчыка.

У 1942 годзе ў вёсцы пачала працаваць беларускамоўная школа. Настаўнічалі муж і жонка Кшэмінскія. Да гэтага часу бацька ўжо навучыў Мечыслава чытаць, пісаць і лічыць. Яго прынялі ў 2 клас. У вучобе хлопчык праяўляў стараннасць, адрозніваўся вялікімі здольнасцямі. Школа працавала ўсяго адзін год. У 1943 годзе была зачынена, так як настаўнікі баяліся расправы з боку акаўцаў, якія кватаравалі ў вёсцы Сцеркава і ўжо ўчынілі забойства васьмі жыхароў фальварка Ільянова і чатырох жыхароў Сцеркава.

У ліпені 1943 года да "чырвоных" партызанаў падаўся ветлекар конезавода Іван Цікач, папярэдне прыхапіўшы некалькі коней з сёдламі. Восенню 1943 года ў адну з начэй нехта спрабаваў падпаліць канюшню. Немцы адкрылі страляніну. Пажар удалося патушыць. Часткова згарэлі толькі адныя дзверы.

У пачатку ліпеня 1944 года пачалося нямецкае адступленне. Цяпер ўжо нямецкія салдаты мала чым нагадвалі тых бравых зухаватых ваякаў, якім здавалася, што іх перамогі не скончацца і ля іх ног будзе ляжаць увесь свет. Немцы, а затым і ўласаўцы забралі з конезавода амаль усіх коней. У тыя дні сям'я Нітко хавалася ў склепе на хутары Сегеня. Адзінаццацігадоваму Мечыславу давялося быць сведкам расстрэлу ўласаўцамі гаспадара хутара Сегеня за тое, што той не аддаў ім свайго каня.

8 ліпеня 1944 года ў Бердаўку ўвайшлі рэгулярныя часці Чырвонай Арміі. А на наступны дзень прыблізна ў 11 гадзін дня варожая авіяцыя па наводцы нямецкага шпіёна падвергла бомбаваму ўдару падраздзяленні нашых войскаў у раёне вёскі Татарцы. Страты чырвонаармейцаў склалі больш за 100 чалавек забітымі. Загінуўшыя вайскоўцы былі пахаваныя на мясцовых могілках, а пазней іх парэшткі перазахавалі ў брацкай магіле ў парку вёскі Бердаўка.

Пачало наладжвацца мірнае жыццё. Восенню 1944 года конезавод атрымаў статус дзяржканюшні. За ёй 23 красавіка 1945 года выканкам Лідскага раённага Савета замацаваў 300га ворнай зямлі і 200га сенажаці.

На дзяржканюшню завозяць жарабцоў новых парод. З'явіліся ахалтэкінец, расійскі ўладзімірскі цяжкавоз і арлоўскі рысісты, будзёнаўскі кавалерыйскі. Большасць жарабцоў былі беларускія запражныя, якія найбольш прыстасаваныя да мясцовых умоў. Кіравала конезаводам у пасляваенны перыяд Румянцава, а яе муж быў ветэрынарным урачом. Ён ведаў лекавыя ўласцівасці разнастайных зёлак і лячыў людзей. Жыхары Бердаўкі і навакольных вёсак называлі яго прафесарам. У канцы 40-х гадоў Румянцаў быў рэпрасаваны.

У сакавіку 1945 года бацьку Мечыслава, Юзэфа Янавіча Нікто, па даносе жанчыны Станкуць, арыштавалі. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі.

У 1945-1946 гадах спецыялісты конезавода, што прыехалі ў сярэдзіне 30-х гг., пакінулі Бердаўку. Толькі Марта Янаўна Нітко з дзецьмі адкладвала ад'езд у Польшчу да вяртання мужа. Але дарэмна. Так і не дачакаліся. Ён бясследна знік.

Марта Янаўна працавала на палявых работах. Ей дапамагаў Мечыслаў. Хлопчыку хацелася вучыцца, але магчымасці не было.

І толькі ў 1947 годзе ўдалося закончыць 4 класы Бердаўскай вячэрняй школы. У 14 год юнак пачаў афіцыйна працаваць на дзяржканюшні. Пасвіў коней, кароў, выконваў абавязкі конюха. Затым два гады даглядаў племянных жарабцоў. За ім было замацавана 6 жарабцоў. У абавязкі ўваходзіла карміць жывёлу, паіць, чысціць, прагульваць і размінаць па дзве гадзіны ў дзень.

З сакавіка па жнівень месяц племенных жарабцоў па заяўцы кіраўнікоў калгасаў развозілі па гаспадарках вобласці. У гэтыя месяцы спецыялісты займаліся рамонтнымі і сельскагаспадарчымі работамі, нарыхтоўвалі корм. Здаралася, што іх пасылалі ў камандзіроўкі ў калгасы.

З 1952 па 1955 год Мечыслаў праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі ў Забайкальскай ваеннай акрузе ў горадзе Чыта. Служыць давялося ў матулі пяхоце.

Пасля заканчэння службы Нітко вяртаецца ў Бердаўку. Ізноў працуе конюхам, затым брыгадзірам. Да працы адносіўся вельмі добрасумленна. Кожны ўчастак зямлі, што належала дзяржканюшні, вымераны дзесяткі разоў яго крокамі і старанным роўным почыркам намаляваны схемы і запісаны іх памеры. Уся праца тады выконвалася ў асноўным ўручную, зямля абраблялася коньмі, толькі ў 1947 года з'явілася палутарка, на якой працаваў Самахвалаў Міхаіл, і трактар на гусянічным хаду - трактарыстам быў Улас Ян. Заробак выплочваўся нізкі. Але жылі, працавалі, верылі ў лепшыя часы.

Амаль штогод змяняліся кіраўнікі дзяржканюшні: Куршаў, Ялманаў, Чэрнікаў, Конараў, Хутчанка, Бычкоў… Жарабцы дзяржканюшні ў 50-х гадах удзельнічалі ў спаборніцтвах па конным спорце. Наезнік Вайцяховіч на адным з жарабцоў быў першым на спаборніцтвах, што праводзіліся ў Пскове ў 1950-1951г.г.

"Вялікі спецыяліст" у сельскай гаспадарцы М. С. Хрушчоў палічыў, што ў век НТР коні на вёсцы не патрэбныя. Іх заменіць "конь сталёвы". Пачалося рэзкае скарачэнне пагалоўя такіх патрэбных у сялянскай гаспадарцы жывёлін. У 1958 годзе дзяржканюшня спыніла сваё існаванне. Жарабцоў адправілі на бойню і толькі нямногіх распрадалі калгасам. На базе дзяржканюшні арганізавалі дзяржплемстанцыю штучнага асемянення. Замест пародзістых жарабцоў завезлі 47 элітных быкоў-вытворцаў малочных парод: чырвонай беларускай і чырвонай дацкай, бурай латвійскай і 8 быкоў спецыялізаваных мясных парод. Зона абслугоўвання станцыі ўключала сельскагаспадарчыя гаспадаркі трох раенаў. Так, напрыклад, толькі за 1967 год штучна былі пакрыты 34108 кароў.

Мечыслаў Іосіфавіч пачаў працаваць брыгадзірам дзяржплемстанцыі. Без адрыву ад вытворчасці завочна займаецца ў Жыровіцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі, пасля заканчэння якога працаваў механікам дзяржплемстанцыі, а з 1970 па 1975 год - механікам калгаса "Барацьбіт", старшынёй якога з'яўляўся Каранюк А. А.

У гэтыя гады М.І.Нітко стварыў сям'ю. Спадарожніцай яго жыцця стала Валерыя Ігнацьеўна Шафранская, настаўніца гісторыі Бердаўскай СШ. Яны ўзрасцілі і выхавалі двух дачок Марыну і Вольгу.

Мечыслаў Іосіфавіч 20 гадоў займаў пасаду галоўнага інжынера калгаса "Бердаўка", а апошнія тры гады працаваў на пасадзе загадчыка майстэрняў. Вялікія прыродныя здольнасці, працавітасць дапамаглі яму дасканала засвоіць будову і прынцып дзеяння ўсёй сельскагаспадарчай тэхнікі.

Часта можна было пабачыць такую карціну: галоўны інжынер, закасаўшы рукавы, сам корпаецца ў рухавіку, дае парады механізатарам, дапамагае рамантаваць трактары, аўтамашыны. Галоўныя рысы гэтага чалавека - высокі прафесіяналізм, працавітасць, пунктуальнасць, вернасць дадзенаму слову, абавязковасць, развазжлівасць. Для яго характэрна прыродная інтэлегентнасць. Стрыманы і спакойны, сціплы.Ад яго не пачуеш брыдкаслоўя. Такія людзі выклікаюць павагу. На іх заўседы можна пакласціся ў любой справе.

У 65 гадоў Мечыслаў Іосіфавіч выйшаў на пенсію. За шматгадовую добрасумленную працу праўленне калгаса "Бердаўка" прыняло рашэнне падараваць Нітко М.І. трактар "Уладзіміравец". Усе прычапныя механізмы Мечыслаў Іосіфавіч зрабіў сам, выкарыстаўшы дэталі спісанага сельскагаспадарчага інвентару. За невялікую плату ён аднавяскоўцам і зямлю ўзарэ, і бульбу пасадзіць, апрацуе ад жука і фітафторы, акучыць яе, выкапае. Нікому не адкажа. Усё зробіць своечасова і якасна.

Не адзін год Мечыслаў Іоcіфавіч з'яўляецца старастам вёскі і старшынёй касцёльнага камітэта. Толькі дзякуючы яго кемлівасці, руплівасці, настойлівасці і ўменню давесці пачатую справу да канца ўзвысіўся ў Бердаўцы за возерам прыгожы будынак новага касцёла Святой Троіцы, будаўніцтва якога вядзецца ўжо пяць год. Штодзень можна бачыць пажылога высокага хударлявага чалавека то ў кабіне трактара, то на будоўлі. Ён спяшаецца рабіць людзям дабро. Ён будуе храм для людзей.

З гісторыi калгаса «Бердаўка»

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе землі памешчыкаў Лясковіча, Радкевіча і польскіх асаднікаў былі размеркаваны паміж малазямельнымі сялянамі Бердаўскага сельсавета.

Ужо вясной 1940 года на тэрыторыі Лідскага раёна было ўтворана 9 калектыўных гаспадарак. Адной з іх быў калгас імя В.М. Молатава, у які аб'ядналіся сяляне вёскі Ваўкаўцы. Кіраўніком гаспадаркі яны абралі аднавяскоўца Шульгу Міхаіла Аляксеевіча.

З пачаткам вайны калектыўная гаспадарка спыніла сваё існаванне. Увесь інвентар і жывёлу жыхары вёскі разабралі па дварах.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ўрад СССР і БССР вярнуўся да палітыкі калектывізацыі. У 1944 годзе ў Лідскім раёне на асабістыя гаспадаркі прыпадала 38 тыс. га зямлі, а на дзяржаўныя - 2,2 тыс.га.

Пачалося раскулачванне. Зямлю адбіралі ў 29 кулакоў і ў 60 гаспадарках у тых гаспадароў, хто адмаўляўся плаціць падаткі. Многія з іх аказвалі супраціўленне.

На тэрыторыі Лідскага раёна загінулі 87 чалавек партыйнага, савецкага і гаспадарчага актыву, 120 чалавек іншых службовых супрацоўнікаў, 14 супрацоўнікаў унутраных спраў сярод іх быў і ўпаўнаважаны ўнутраных спраў Бердаўскага сельсавета Кірылаў Аляксей.

У 1948 годзе ў раёне налічваліся 3 калгасы, а ў 1958 - ужо 108 калгасаў, якія аб'ядноўвалі 25200 сялянскіх гаспадарак.

На тэрыторыі Бердаўскага сельсавета налічваліся 6 калгасаў.

31 жніўня 1951 года сяляне вёскі Ваўкаўцы на агульным сходзе прынялі рашэнне аб аднаўленні калгаса Імя Молатава. Старшынёй абралі Бубена Уладзіміра Іванавіча.

У верасні 1950 года жыхары вёскі Кір'янаўцы ўтварылі калектыўную гаспадарку "Новае жыццё" , якую ўзначаліў Куча Міхаіл Аляксеевіч.

Калгас Імя Сталіна на сваім сходзе 30 чэрвеня 1952 года стварылі жыхары вёскі Бялундзі. Старшынёй яны абралі Багіня Браніслава Сцяпанавіча. Сяляне вёсак Сцеркава, Татарцы і Дуцішкі арганізавалі калгас "Чырвоны кастрычнік". Яго ўзначаліў Пялевіч Станіслаў Марцінавіч. У 1952 годзе ў в. Касоўшчына ўзнік калгас Імя Леніна. Старшынёй калгаса абралі Зубрыцкага Уладзіміра Іосіфавіча.

Усе калгасы былі дробнымі гаспадаркамі. Мелі 200-400га ворнай зямлі, 8-10 галоў буйной рагатай жывёлы, 2-3 дзесяткі авечак. Такія гаспадаркі практычна прыбытку не прыносілі.

У студзені 1953 года адбылося аб'яднанне калгасаў "Новае жыццё", Імя Молатава, Імя Сталіна, "1 Мая" у адзін калгас Імя Молатава. Калгаснікі абралі праўленне ў складзе 11 чалавек на чале са старшынёй Піута Мацвеем Мацвеевічам. З 1957 года калгас Імя Молатава перайменавалі ў калгас "Барацьбіт".

У 1953 годзе адбылося аб'яднанне калгасаў "Чырвоны кастрычнік" і Імя Леніна. Старшынёй узбуйненага калгаса была абрана Мельнікава Ганна Раманаўна, а з 1954 года - Гайдукевіч.

З 1965 па 1970 год калгас "Чырвоны кастрычнік" узначальваў таленавіты арганізатар Эрдман Раман Альфонсавіч.

Што ўяўляў калгас "Барацьбіт" у той час? У канцы 50-х гг. мелася 1799 га зямлі, з іх 861га пашы, 4 грузавыя аўтамабілі, 54 вазы, 3 трактары, 1 камбайн, 7 саломарэзак, 9 канюшняў, 1 кароўнік, 1 свінарнік, 1 аўчарнік, 1 цялятнік. Утрымліваліся 103 каровы, 222 галавы свіней, 272 галавы птушак, 111 коней. Ураджайнасць складала 6-8 ц з га збожжавых, 70-90 ц бульбы, 2 ц ільносемя, 100 ц буракоў.

У 1975 годзе адбылося аб'яднанне "Барацьбіта", "Чырвонага кастрычніка" і Лідскай дзяржплемстанцыі ў калгас "Бердаўка".

З 1964 года калгас "Барацьбіт", а з 1975 года калгас "Бердаўка" узначальваў Каранюк Аляксандр Аляксандравіч - руплівы аграном, дбайны гаспадар. Пры ім калгас дасягнуў свайго росквіту. Узводзіліся фермы, складскія памяшканні, гаражы, збожжасушылка, Дамы жывёлавода і механізатара, майстэрня.

Адбудоўваўся пасёлак. Былі ўзведзены тыпавы, на 320 вучнёўскіх месцаў, будынак школы, гандлёвы цэнтр, Дом быту, гасцінніца, лазнева-пральны камбінат, дзіцячы садок, адміністрацыйны будынак. Для калгаснікаў, настаўнікаў, урачоў пабудавана 85 кватэр з усімі выгодамі. На тэрыторыі калгаса працавалі філіял музычнай школы, амбулаторыя, два Дамы культуры, тры бібліятэкі.

Раслі і вытворчыя паказчыкі. Значна паднялася ўраджайнасць збожжавых, павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Расла прадуктыўнасць мяснога і малочнага статкаў.

Добрасумленная і творчая праца старшыні Каранюка А. А. неаднаразова адзначалася: двойчы на раённай Дошцы гонару змяшчаўся яго партрэт,ён быў узнагароджаны ардэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, "Знак Пашаны", медалямі "За працоўныя поспехі", "Выстава народнай гаспадаркі".Аляксандр Аляксандравіч выбіраўся дэпутатам мясцовага, раённага і абласнога Саветаў. З 1980 па 1985 год - дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 10 склікання.

З 1993 года Каранюк А.А. знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

З 1993 па 2004 год гаспадарку ўзначальваў Калабухін А.А. У гэты перыяд калгас "Бердаўка" перажываў цяжкасці: спынілася будаўніцтва ў вытворчай сферы, прыйшлі ў заняпад падсобныя промыслы. Мала ўзводзілася жылля ( было здадзена ў эксплуатацыю толькі 13 кватэр), знізіўся заробак калгаснікаў. Але патрэбна прызнаць, што за гэтыя гады ўзрасла ўраджайнасць збожжавых i кармавых культур. Разам з тым скарацілася ўраджайнасць бульбы,знiзiлicя надоi малака на адну карову.

У 2004г. адбылося аб'яднанне дзвюх гаспадарак ПУАП "Бердаўка" і ПУАП "Мічурынскі" ў адну - ПУАП "Бердаўка", а 29 снежня 2004 года адбылася рэарганізацыя ПУАП "Бердаўка" ў СВК "Бердаўка - Агра". Гаспадарку ўзначаліў Павел Іванавіч Каламіец. СВК "Бердаўка - Агра" спецыялiзуецца па вытворчасцi мяса i малака.

Гаспадарка размяшчаецца на тэрыторыі двух сельскіх саветаў: Дубровенскага і Бердаўскага. На яе тэрыторыі знаходзіцца 29 населенных пунктаў і паcёлак Першамайскі. Колькасць насельніцтва 4690 чалавек. У СВК працуюць 404 чалавекі. Машынна - трактарны парк налічвае 46 адзінак трактараў, 29 адзінак грузавых аўтамабіляў, 13 збожжаўборачных камбайнаў. З 2006 года па Прэзідэнцкай праграме праводзіцца рэканструкцыя населенага пункта, пабудавана і здадзена ў эксплуатацыю 10 жылых дамоў. Работы па добраўпарадкаванні аграгарадка працягваюцца.

Ён пабудаваў сабе помнік

У нашым жыцці часта здараецца, што постаць чалавека, яго значнасць мы ацэньваем праз гады. У адносінах да былога старшыні калгаса "Бердаўка", заслужанага калгасніка Каранюка Аляксандра Аляксандравіча гэтага не скажаш. У канцы 70-х -пачатку-90-х гадоў мінулага стагоддзя ён пазнаў славу і за сваю нястомную працу атрымаў вялікую колькасць узнагарод. Сярод іх шматлікія падзякі і Ганаровыя граматы, медалі "За працоўныя поспехі", "Выстава народнай гаспадаркі СССР", ордэны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Знак Пашаны, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Неаднаразова выбіраўся ў прадстаўнічыя органы ўлады: мясцовы, раённы і абласны Савет, з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 10 склікання. Яго імя занесена ў Кнігу народнай славы.

А гаспадарку, якую ўзначальваў Аляксандр Аляксандравіч Каранюк, ведалі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. У тыя гады ў Бердаўку ехалі з розных раёнаў і абласцей нашай рэспублікі, рэспублік Савецкага Саюза, краін сацыялістычнай садружнасці, каб пераняць вопыт гаспадарання, вопыт забудовы цэнтральнай сядзібы. Жыхары вёскі Бердаўка ўспамінаюць А.А. Каранюка як кіраўніка з вялікай удзячнасцю і цеплынёй.

Гісторыя жыцця гэтага чалавека тыповая для прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

Нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч 1 чэрвеня 1929 года ў вёсцы Дакудава Лідскага раёна. Сям'я была вялікая: бацькі, дзядуля з бабуляй, і пяцёра дзяцей. У сям'і ён быў старэйшы сын. Бацька меў 31 гектар зямлі. З іх 18 - ворнай, а астатняя - выган, сенажаць, лес. Бацька часта хварэў, і ўвесь цяжар нялёгкай сялянскай працы з ранняга дзяцінства лёг на плечы Аляксандра. Прыходзілася працаваць з ранку да позняга вечара. З сямі гадоў хлопчык дапамагаў дарослым пасвіць авечак, кароў, коней, а з дванаццаці - давялося араць зямлю і выконваць усю сельскагаспадарчую працу.

Была ў вясковага хлопчыка вялікая мара вучыцца, але на першае месца ў сям'і ставілася праца па гаспадарцы. І ўсё ж да 1939 года яму ўдалося закончыць 4 класы польскай школы, а да 1941 года былі яшчэ 2 гады вучобы ў савецкай школе. У 1952 годзе Аляксандр закончыў усяго 5 класаў вячэрняй школы.

У пачатку 50-х гадоў ХХст. у Заходняй Беларусі праводзілася прымусовая калектывізацыя. Бацькі і Аляксандр уступілі ў калгас імя Панамарэнкі. Даводзілася выконваць розную сельскагаспадарчую працу: араць, сеяць, касіць. Працаваў на здабычы торфу рабочым, а затым брыгадзірам.

Калгас адчуваў вострую патрэбу ў спецыялістах. Вось тады Каранюка А.А. і паслалі на вучобу за кошт гаспадаркі ў г.Гродна ў школу па падрыхтоўцы старшыняў калгасаў. Залічвалі ў навучальную ўстанову на базе сямігадовай адукацыі. Прыйшлося ўзяць фіктыўную даведку. Вучоба давалася цяжка. Не хапала ведаў. Часта выклікалі ў канцылярыю, гутарылі з ім, нават уздымалі пытанне аб выключэнні. Але дзякуючы працавітасці і ўпартаму характару на другім годзе навучання Аляксандр - ужо ў ліку сярэдніх, а на трэцім - сярод лепшых вучняў.

Пасля заканчэння школы 6 кастрычніка 1955 года Каранюк А. А. вярнуўся на радзіму ў вёску Дакудава, дзе працаваў ў калгасе аграномам, намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі.

Калгасы былі слабымі. Абсалютная большасць працы выконвалася рукамі, а працаваць прыходзілася шмат як днём, так і ноччу.

У 1958 годзе ў жыцці Аляксандра Аляксандравіча адбылася знамянальная падзея. Ён злучыў сваё жыццё з душэўнай і працавітай дзяўчынай Вандай Вікенцьеўнай, якая на доўгія гады стала яму не толькі вернай жонкай, але і надзейным сябрам і дарадцам. Яны ўзрасцілі і выхавалі дваіх дзяцей: сына Віктара, які стаў афіцэрам Савецкай Арміі, і дачку Алену, якая атрымала прафесію настаўніка і зараз выкладае рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 9 г.Ліды..

У пачатку 1959 года маладая сям'я Каранюк пераехала ў горад. Ванда Вікенцьеўна працавала ў МБА прамсельскагаспадарчай інспекцыі галоўным заатэхнікам, а Аляксандр - у калгасе імя Свярдлава галоўным аграномам.

Праз тры гады Аляксандр Аляксандравіч быў накіраваны ў доследчую гаспадарку, што знаходзілася ў вёсцы Бердаўка, дзе прапрацаваў адзін год. Затым было назначэнне ў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі на пасаду інспектара-арганізатара. У яго абавязкі ўваходзіла куратарства шасці калгасаў. Адначасова Каранюк А.А. паспяхова сумяшчаў працу з завочнай вучобай ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце на агранамічным факультэце, які закончыў у 1962 годзе.

Па прапанове Лідскага райкама КПБ інструктара-арганізатара Каранюка А.А. у 1964 годзе накіравалі на новую адказную пасаду. Яго прызначылі старшынёй калгаса "Барацьбіт". Гэта была гаспадарка са слабой матэрыяльнай базай. Недастаткова тэхнікі, невысокая культура земляробства, нізкая ўраджайнасць, недахоп кармоў, малыя надоі і прывагі - такая незайздросная спадчына дасталася новаму кіраўніку.

З характэрнай для яго энергіяй і энтузіязмам добрасумленна ўзяўся Аляксандр Аляксандравіч Каранюк за працу на новай пасадзе. Праз 12 год, у 1976 годзе, адбылося аб'яднанне двух калгасаў "Барацьбіт" і "Чырвоны Кастрычнік", а таксама земляў Лідскай дзяржплемстанцыі ў адну гаспадарку - калгас "Бердаўка". Кіраўніком аб'яднанай гаспадаркі прызначаецца Каранюк А.А. На гэтай пасадзе ён плённа працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак у 1993 годзе.

На першым сходзе аб'яднанага калгаса Аляксандр Аляксандравіч акрэсліў свае планы на бліжэйшы час і перспектыву: "Каб калгас стаў моцнай гаспадаркай, а калгаснікі жылі заможна, нам усім патрэбна шмат і добрасумленна працаваць, змагацца з марнатраўствам і "несунамі". Я ўсё зраблю і сваёй паўсядзённай працай дакажу, што наш калгас стане лепшым у раёне, а жыццё калгаснікаў не горшым, чым у горадзе".

Старшыня разумеў, што патрэбна працаваць так, каб людзі яму паверылі і пайшлі за ім. У першую чаргу паказваць асабісты прыклад адносінаў да справы, да людзей. Неабходна ўмацоўваць працоўную дысцыпліну, павышаць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, паляпшаць яе якасць. Да перадавікоў прымяняліся меры заахвочвання, да нядбайных - меры спагнання.

Плённая праца дала свае вынікі. Асноўныя вытворчыя паказчыкі па раслінаводстве і жывёлагадоўлі палепшыліся, вырас заробак калгаснікаў.

Падабалася Аляксандру Аляксандравічу рабіць людзям дабро, добраўпарадкоўваць населеныя пункты, цэнтральную сядзібу калгаса, упрыгожваць свой куток, родную зямлю. У канцы 80-х гадоў на бердаўскай зямлі вырас сапраўдны аграрны гарадок. З дабротным камфартабельным жыллём, дзе быў набор усіх сацыяльных і бытавых паслуг. Усё гэта было зроблена дзякуючы намаганням і арганізатарскай працы руплівага гаспадарніка, сапраўднага патрыёта нашага краю Каранюка Аляксандра Аляксандравіча.

Упершыню мне давялося сустрэцца з гэтым прыгожым статным 55-гадовым чалавекам у пачатку верасня 1984 года. Я падняўся на трэці паверх адміністрацыйнага будынка і сутыкнуўся з высокім мужчынам, які выходзіў з кабінета старшыні калгаса, "Прабачце, я ў раён", - прамовіў ён.

"Я новы дырэктар школы", - кінуў я наўздагон. Мужчына спыніўся. "Я змагу вам удзяліць некалькі хвілін, праходзьце ў кабінет", - сказаў невядомы, прапускаючы мяне наперад. Мы пазнаёміліся. Ад Каранюка А.А. зыходзіла моц і ўпэўненасць у сваіх сілах: "Сустрэнемся пасля працы, пакажу вам сваю гаспадарку".

А васемнаццатай гадзіне каля будынка праўлення калгаса Аляксандр Аляксандравіч чакаў мяне ў кабіне службовага "козліка". Разгаварыліся. Я больш выступаў у ролі слухача, зрэдку задаючы ўдакладняючыя пытанні. А Каранюк А.А. шчыра і бясхітрасна паведаў пра сябе, сваё жыццё, свае планы.

"Задумаў я, Анатоль, - раптам ён перайшоў на "ты", - пабудаваць сабе помнік". Я са здзіўленнем паглядзеў на Каранюка. "Помнік не ў прамым сэнсе слова, - працягваў ён. - Помнікам мне павінен стаць пасёлак з усім комплексам паслуг і даброт на цэнтральнай сядзібе калгаса. Я хачу, каб жыхары пасёлка адчувалі сябе лепш, чым у горадзе. А цяпер мы бліжэй пазнаёмімся з гаспадаркай, здзейснім, так бы мовіць, экскурсію". Пасля гэтых слоў ён запусціў рухавік свайго "козліка", і машына плаўна пакацілася ў бок вытворчай зоны. "Вось гэта палявы стан. На сённяшні дзень у гаспадарцы маецца 40 трактароў, 24 грузавыя аўтамабілі, 10 збожжаўборачных камбайнаў і шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. А гэта рамонтныя майстэрні, - кіўнуў ён у бок дабротнага двухпавярховага будынка. - Гэта гаражы для аўтамашын, навесы для камбайнаў, ворахасушня, збожжасклад на 2000 тон збожжа, КЗС. Плануем пабудаваць Дом механізатара".

Затым сваю машыну Аляксандр Аляксандравіч накіраваў на тэрыторыю малочна-таварнай фермы "Філіпкі". Перад вачыма паўсталі адзінаццаць новых будынкаў: памяшканні для адкорму маладняку на 300 галоў, цялятнік на 200 галоў, кароўнікі і г. д.

"А гэта Дом жывёлавода", - паказаў Каранюк рукою ў бок утульнага доміка, што прытуліўся да агароджы ў сарака метрах ад вытворчых памяшканняў. Мы выехалі на шырокую заасфальтаваную вуліцу пасёлка аграрнікаў. Насупраць дома адміністрацыі старшыня спыніў машыну і выключыў рухавік.

Свой позірк я накіраваў на трохпавярховы будынак з вялікім гербам БССР на фасадзе, са шклянымі вітражамі, упрыгожанымі пятнаццаццю пяцікутнымі зоркамі, якія сімвалізавалі пятнаццацць рэспублік СССР. "У нас тут размяшчаецца праўленне калгаса, сельвыканкам, аддзяленне сувязі і ашчадная каса, а насупраць - гандлёвы цэнтр, дзе месцяцца магазіны харчовых і прамысловых тавараў, сталовая, Дом быту, гасцінніца. Усё гэта ўзведзена за апошнія два гады".

…Наша экскурсія працягвалася. Мы ехалі па шырокай вуліцы, і я пранікаўся ўсё большай і большай сімпатыяй і павагай да гэтага мудрага чалавека, захапляўся велічнасцю яго планаў.

"Вось тут мы будуем лазнева - пральны камбінат, - паказаў ён у бок амаль завершанай новабудоўлі. - У канцы мінулага года ў Бердаўку прыйшоў прыродны газ, што дазволіла нам газіфікаваць жыллё, ацяпленне як жылых дамоў, так і вытворчых памяшканняў перавесці на газавае паліва".

Праз нейкі час мы накіраваліся ў стары парк, дзе па ініцыятыве старшыні і за сродкі калгаса ўзводзіўся помнік загінуўшым падчас мінулай вайны савецкім салдатам.

"Вунь з таго дома, што знаходзіцца каля палаца Дамбавецкага, мару зрабіць калгасны дом для састарэлых, а ў памяшканні, дзе сёння месціцца дзіцячы садок, - амбулаторыю"

Наступным прыпынкам для нас стаў бераг напалову асушанага става. "У гэтым месцы плануем пабудаваць пляж з пірсам. А гэта скульптуры "залатой" рыбкі, русалкі і шчупака. Усё зроблена рукамі студэнтаў і выкладчыкаў Берасцейскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Дарэчы, мабыць, бачыў казачны домік са шматлікімі разнымі драўлянымі скульптурамі, што ў цэнтры сядзібы?" "Так", - адказаў я. "Гэта таксама праца студэнтаў БІБІ". Ён яшчэ доўга расказваў пра будаўніцтва новай школы на 320 вучнеўскіх месцаў, тэхкласа, стралковага ціра, гароднесховішча. Паведаў пра свае планы на будучыню. Наша экскурсія і размова зацягнуліся далека за поўнач…

Мне па абавязку працы прыйшлося кантактаваць з Каранюком А.А. 9 год. І заўсёды ўражвала маштабнасць яго мыслення, дзяржаўны падыход да абавязку, здольнасць бачыць прыгожае і захапляцца ім, любоў да сваёй радзімы не на словах, а на справе.

У 80-х-пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Бердаўка ўяўляла сабою суцэльную будаўнічую пляцоўку. Адначасова на розных аб'ектах працавалі па 10 і больш будаўнічых арганізацый і брыгад. За гэтыя гады быў узведзены дзіцячы садок з плавацельным басейнам на 140 месцаў і шмат дабротнага жылля, катэджы па праекце, што дэманстраваўся на ВДНГ БССР, усяго 85 кватэр, распачата будаўніцтва бальніцы на 25 ложкаў, аказана фінансавая дапамога школе ў стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея, праведзена добраўпарадкаванне і азеляненне вуліц і двароў.

На левым беразе става у той перыяд быў закладзены новы парк, узведзена шмат гаспадарчых пабудоў.

Хацелася Аляксандру Аляксандравічу, каб у Бердаўцы для людзей было ўсё самае лепшае, таму для праектавання пасёлка аграрнікаў запрашаліся архітэктары з Мінска, падбіраліся арыгінальныя праекты. А жыллё ў першую чаргу выдзялялася маладым сем'ям калгаснікаў і вясковай інтэлігенцыі. Так, напрыклад, у тыя гады 9 настаўніцкіх сем'яў атрымалі кватэры і катэджы. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў па кіраўніцтве калгасам, ён жыва цікавіўся становішчам і аказваў матэрыяльную дапамогу ўстановам медыцыны, адукацыі і культуры. "Усё гэта для людзей і іх дзетак, " - любіў падкрэсліць старшыня.

Клапаціўся Аляксандр Аляксандравіч і пра новыя рабочыя месцы для сяльчан. У гэтыя гады развіваліся падсобныя промыслы. Функцыянавалі цэх па вытворчасці фарбаў, майстэрні па рамонце і афарбоўцы аўтамабіляў, па вытворчасці помнікаў, па пашыве рабочага адзення.

Была мара пабудаваць дом састарэлых, царкву і бальніцу. Але па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах гэта не ўдалося здзейсніць.

У свае 78 год Аляксандр Аляксандравіч не сядзіць без справы. Ён пастаянна ў працы па хатняй гаспадарцы, на прысядзібным участку. Вясной нарыхтоўвае бярозавы сок, а ўвосень збірае вінаград, якім частуе аднавяскоўцаў. Сёлета, напрыклад, раздаў сяльчанам каля 2,5 тон соку, каля 30 вёдзер вінаграду.

Вось такі гэта чалавек. Шчыры беларус, стваральнік, працаўнік, які пры жыцці пабудаваў сабе помнік. ЧАЛАВЕК !!!

Адукацыя ў Бердаўскім сельскім савеце

Капіталістычнае развіццё краіны пасля адмены прыгоннага права патрабавала ўдасканалення сістэмы адукацыі. Рэформа адукацыі 60-70-х гг. ХІХст. закранула і нашы мясціны. У 1869 годзе ў вёсцы Князікоўцы адчыняецца народнае вучылішча, а ў вёсцы Бялундзі - школа царкоўнай граматы. Яна размяшчалася ў сялянскай хаце Кучынскага.

У 20-30-я гг. школы з польскай мовай навучання дзейнічалі ў в. Бялундзі і ў в. Сцеркава.

У Бялундзях школа размяшчалася ў прыватным доме Кучынскага Пятра Вікенцьевіча, настаўнічаў Краўчык, які падчас вайны загінуў у вёсцы Леснікі.

У 1923 годзе Соймік Лідскага павета арганізаваў у маёнтку школу ральнічу (агранамічную). Дырэктарам школы быў прызначаны Квяткоўскі. Працавала некалькі выкладчыкаў: Спрачынскі, Буцэвіч. Квяткоўская Юзэфа вучыла польскай мове, а агранаміі - Білат Уладзіслаў. Вялася і ваенная справа, якую выкладаў польскі капрал. Навучанне працягвалася 11 месяцаў, з 15 студзеня па 15 снежня. Яго кошт складаў 7 злотых у месяц. Прымалі па 30-40 чалавек мужчынскага полу польскай нацыянальнасці. Школа мела 32га зямлі для падсобнай гаспадаркі, пітомнік дэкаратыўных дрэў. Акрамя таго, вырошчвалі лазу, з якой навучэнцы выраблялі мэблю. Школа давала тэарэтычныя і практычныя веды ў галіне земляробства, садаводства, агародніцтва, жывёлагадоўлі і асновы першаснага ўліку. Навучэнцы знаёміліся з досведам перадавых прыватных гаспадарак, вялася племянная работа, меўся пункт ачысткі насення і пракату новай земляробчай тэхнікі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны школа спыніла сваю дзейнасць.

У 1936 годзе ў Бердаўцы пабудавалі новы драўляны будынак, які складаўся з трох класных пакояў, настаўніцкай і гардэробнай (будынак захаваўся і знаходзіцца насупраць музея). Навучанне вялося на польскай мове. Працавалі два настаўнікі - муж і жонка Кшэмінскія.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з 1939 па 1941 год мовай навучання была беларуская. Акрамя Кшэмінскіх, у школе працуюць яшчэ два педагогі: Славута і Дарошка.

У перыяд нямецкай акупацыі з 1941 па 1943 год школа таксама працавала. Настаўнічалі Чарнавус і Аляхновіч.

Пасля выгнання фашыстаў у 1944 годзе школа адчынілася спачатку як пачатковая, а ў 1945 годзе - як сямігадовая.

Першым пасляваенным дырэктарам быў Рынковіч Васіль Віктаравіч. Разам з ім настаўнічалі яго жонка Вера Рыгораўна, Урабановіч Вера Іванаўна, Рудзеня Вера Андрэеўна, Кучынская Марыя Ермалаеўна.

30 ліпеня 1948 года школу пераўтвараюць у сярэднюю. Яна была першай сярэдняй школай у раёне. Новым дырэктарам школы прызначаецца Шафранскі Ігнацій Мацвеевіч, франтавік, які ў 1939 годзе закончыў Ленінградскі педагагічны інстытут і атрымаў спецыяльнасць настаўніка гісторыі.

У экспазіцыі музея захоўваецца вельмі каштоўны дакумент - Загад № 2 па Бердаўскай сярэдняй школе ад 18.08.1948 года, у якім пералічаныя прозвішчы першых педагогаў школы. Гэта:

1. Спевак Войцех Ігнатавіч.

2. Грудзіна Нэля Іосіфаўна.

3. Урбановіч Вера Іванаўна.

4. Рынковіч Вера Рыгораўна.

5. Маціеўская Ірына Эдвардаўна.

6. Пісарэвіч Ліля Мікалаеўна.

7. Сарока Мікалай Андрэевіч.

8. Вілейка Ніна Міхайлаўна.

9. Васілеўская Алена Васільеўна.

10. Рудзеня Вера Андрэеўна.

11. Рынковіч Васіль Віктаравіч (прызначаўся завучам школы).

Ім давялося вырашаць складаныя задачы па арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў школе.

Першы выпуск сельскай сярэдняй школы адбыўся ў чэрвені 1951 года - 15 юнакоў і дзяўчат атрымалі атэстаты сталасці. Усе яны закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы і плённа працавалі ў розных сферах народнай гаспадаркі.

Мяняліся кіраўнікі школы, настаўнікі. Шафранскага І. М. змяніў Якубоўскі І. А. Затым доўгі час дырэктарам школы працавала Вінча Л. М. А з 1984г. школу ўзначальвае выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Крупа А. Л.

З гадамі павялічвалася колькасць вучняў і старая школа, якая мясцілася ў сямі драўляных памяшканнях, не магла прыняць у сваіх сценах усіх школьнікаў. У 1977 годзе быў пабудаваны новы трохпавярховы будынак школы на 320 вучнеўскіх месцаў.

За 59 гадоў сярэднюю адукацыю ў Бердаўскай СШ атрымалі 1033 выпускнікі. 10 выпускнікоў закончылі школу з залатым медалём: Варано I.I., Мазала Н.В., Крупа Ю.А., Рубан I.В., Гунько I.А., Астроўская Т.В., Гiлевiч В.I., Юткевiч А.М., Ганевiч Ю.Ю., Альшэўскi А. Э. ; 21 - з сярэбраным : Сарока У.А., Шчэрбін Л.М., Лапата В.А., Піута Р.В., Шыбутовіч І.С., Міхаловіч Я.П., Кучынская А.Б., Міхаловіч Ч.В., Сягла Г.В., Дмухоўская Г.А., Пілецкі В.Ц., Мішкель Н.С., Буракоўскі У.У., Вальчук А.С., Петушок Н.А., Новікава Т.В., Кажарновіч У.Р., Крупа П.А., Грэбень Т.М., Нарута С.А., Шымановіч Ю.І.

Выпускнiкi школы працавалi i працуюць у розных сферах: у сістэме асветы - Г. В. Касяк, І. А. Ройша, С. М. Арэхва, В. І. Арэхва, С. П. Кучынскі, Н. М. Сегенчук, С. Г. Лучко, К. І. Новікава, Р. І. Гілевіч, Г. А. Альшэўская і інш.; вышэйшай адукацыі - кандыдат гістарычных навук, прафесар М. В. Васілючак, навукі кандыдат філалагічных навук У. А. Сарока; медыцыны - А. І. Малец, І. С. Шыбутовіч, Дз. У. Галавач, С. Кучынскі, Н. М. Самахвалава, В. В. Лучко, браты Пілецкія,; юрыспрудэнцыі - Л. І. Ванагель, А. А. Сарока,;будаўнічай індустрыі -інжынеры Р. Л. Камянцоў, Л. У. Лобан, С. Э. Юнец; сельскай гаспадаркі - аграномы І. І. Жыдок, А. А. Малец; энергетыкі - М. М. Сегенчук; прысвяцілі сябе вайсковай справе палкоўнікі Л. М. Вілейка, У. М. Жукоўскі, капітан І рангу У. П. Паплёўка, маёры В. М. Жыдок, Ю. П. Язэвіч, К. К. Шавель і спорту- майстры спорту СССР П. Чайкоўскі, Л. Шчэрбін.

Па ўсёй Беларусі вядомы імёны салістаў сямейнага народнага ансамбля Парфенчыкаў, далёка за межы нашай рэспублікі ляціць слава пра выпускніка нашай школы,прадпрымальніка, скульптара, мастака і паэта Рычарда Грушу.

У 2006 годзе школа рэарганізавана ў школу-сад.

Сёння ў школе займаецца 140 вучняў, у дзіцячым садку выхоўваецца 20 дзяцей, працуюць 32 настаўнікі і выхавацелі. Педагагічны калектыў школы - гэта калектыў аднадумцаў, які творча падыходзіць да вырашэння задачы выхавання і навучання падрастаючага пакалення. На ўроках яны імкнуцца актывізаваць думку вучняў, развіваюць творчасць, самастойнасць, выступаюць у ролі дарадчыкаў і кансультантаў.

Плённа, з натхненнем працуюць настаўнікі Сяўко М.А., Альшэўская Г.А., Крупа Н.Ф., Новікава К.І., Гілевіч Р.І., Альшэўскі Э.Э., Цыдзік Л.П., Кузьма Т.А., Сініцкая Т.А., Язэвіч М.І., Рак Г.П., Васілевіч Р.І., Смятаніна Г.Ч., Вітукевіч Т.Р., Піута Н.С., Кандыба Т.І. і інш..

У аснову выхаваўчай працы пакладзены агульначалавечыя каштоўнасці, нацыянальная культура, айчынная гісторыя і родная мова.

Школьнікі ўдзельнічаюць у шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах. Часам займаюць прызавыя месцы.

З 1989 года дзейнічае школьны гісторыка-краязнаўчы музей, якому ў чэрвені 2005 года прысвоена званне "народны". Створаны і плённа працуюць піянерская арганізацыя "Нашчадкі" і моладзевая арганізацыя БРСМ.

Школа дае трывалыя веды. Так, у 2002/2003 навучальным годзе ў ВУЗы паступілі 71% выпускнікоў, у 2003/04 гэта лічба склала 67%, у 2004/05- 34%, а ў 2005/2006-38%.

У 2006 годзе праводзіўся капітальны рамонт памяшкання школы з прымяненнем сучасных матэрыялаў і новых тэхналогій.Педкалектыў актыўна ўключыўся ў працэс рэфармавання сістэмы навучання і выхавання Наперадзе - шмат планаў і творчых задумак па ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Вернасць доўгу

На словах усе людзі аднолькавыя,

і толькі ўчынкі выяўляюць розніцу паміж імі.

Ж. Мальер.

У постаці гэтай 79 - гадовай жанчыны бачыцца нічым не прыкрытая прыродная інтэлігентнасць, глыбокі і ясны розум, вялікі жыццёвы аптымізм.

Яе лёс падобны на лёс тысяч людзей, на долю якіх выпала шмат выпрабаванняў: калектывізацыя, вайна, пасляваенныя разбурэнні, сіроцкая доля, голад… Адкуль толькі браліся жыццёвыя сілы, што дапамагала выжыць, выстаяць, не зламацца.

Нарадзілася і вырасла Раіса Сцяпанаўна Самахвалава (Аўгусціновіч) у вёсцы Цярэшкавічы, што за 18 кіламетраў ад Гомеля, у сялянскай сям'і. Бацька, Сцяпан Рыгоравіч, у 1935 годзе ў час перавозкі сена праз Сож праваліўся пад лёд ракі, прастудзіўся і ў хуткім часе памёр.

Маці, Ганна Кліменцьеўна (яна пражыла 100 год) паходзіла з дваранскага роду Клімовічаў. Была адукаванай, эрудыраванай жанчынай. У свой час закончыла Гомельскую дзявочую гімназію. Займалася ў ліцэі. Нядрэнна ведала рускую і замежную літаратуру. Захаплялася паэзіяй Пушкіна, Лермантава, Цютчава, Блока, прозай Дастаеўскага, Талстога, Чэхава. Ведала латынь, грэчаскую і стараславянскую мовы, добра танцавала. Спявала ў царкоўным хоры. Любоў да чытання, да літаратуры яна прывіла сваім дочкам. На яе плечы і плечы яе чатырох непаўналетніх дзяўчынак лёг увесь цяжар як жаночай, так і мужчынскай працы. Прыходзілася араць, сеяць, жаць, малаціць, касіць, нарыхтоўваць дровы і выконваць іншыя работы па гаспадарцы.

У сем год Рая пайшла ў школу. Вучылася добра. Адрознівалася стараннасцю, мела нядрэнную памяць. Вялікую дапамогу ў першыя гады вучобы ёй аказвала Ганна Кліменьцеўна. Да вайны дзяўчынка паспела закончыць 6 класаў.

Вайну давялося пабачыць ва ўсіх яе антычалавечых жудасных праявах. Падчас нямецкай акупацыі са жніўня 1941 па лістапад 1943 года жылося складана. Лютавалі фашысты і бандэраўцы. Людзей, асабліва моладзь, адпраўлялі на катаржныя работы ў Германію. Праводзіліся карныя экспедыцыі. Так у 1943 годзе гітлераўцы спалілі ў хляве 40 жыхароў суседняй вёскі Церуха. Закатавалі дырэктара школы і яго жонку за сувязь з партызанамі. Забіралі апошнія прадукты харчавання. Прыходзілася есці гнілую бульбу, лебяду, у муку дабаўлялі мякіну.

Калі наступала Чырвоная Армія, разам з вяскоўцамі Аўгусціновічы хаваліся ў лесе ў салдацкіх акопах. Гітлераўцы, заўважыўшы людзей, адкрывалi агонь без папярэджвання. На ўласныя вочы пабачыла смерць семнаццацігадовага суседскага хлопца. Бачыла,як жанчына, маці дзяцей-двайнят, каб фашысты не пачулі плачу, накрывала іх галовы вялікай падушкай.

26 лістапада 1943 года горад Гомель быў вызвалены ад немцаў. Жыхары Цярэшкавічаў вярталіся ў вёску. Але на месцы многіх дамоў былі папялішчы. Сумная карціна паўстала прад вачыма Аўгусціновічаў: замест іхняй хаты тырчэў адзін толькі комін і валяліся галавешкі ад спаленых бярвенняў.

Але трэба было жыць. Ганна Кліменцьеўна з дзяўчатамі нацягалі са штабеляў, нарыхтаваных немцамі, бярвенняў і пабудавалі зямлянку. У куце склалі печку. Месца было нізкім, падыходзілі грунтовыя воды, і штодня прыходзілася выносіць з зямлянкі да 300 вёдзяр вады. Так і перазімавалі. Вясной садзілі агарод. Для таго, каб узараць зямлю, маці станавілася за плуг, а дзяўчаты запрагаліся і цягнулі яго. Збіралі на балоце шчаўе, у лесе - ландышы і насілі ў Гомель абменьваць на хлеб. Па начах на жытнім полі падбіралі каласкі. Гэта было вельмі небяспечна, бо па сталінскіх законах за пяць каласкоў пагражала турэмнае зняволенне. Выручала карова-карміцелька. Бачачы гаротнае становішча Аўгусціновічаў, улады хацелі забраць дзяўчынак у прытулак, але маці не дала на гэта згоду.

У калгасе з'явілася 8 кароў. Ганну Кліменцьеўну прынялі працаваць даяркай. За працу на калгаснай ферме ў тыя гады практычна нічога не плацілі. На працадні ў сшытак ставілі толькі палачкі. Праз некаторы час змаглі паставіць зруб і накрыць яго. Пераначавалі першую ноч у незакончанай хаце, а раніцай убачылі, што зямлянка, якая два гады была іх жыллём, абвалілася.

У 1947 годзе Рая закончыла сямігодку і ў той жа год стала студэнткай Гомельскага фельчарска-акушэрскага тэхнікума. Горад Гомель ляжаў у руінах. Складаны быў час. Не хапала самага неабходнага: ежы, адзення, абутку, медыцынскай літаратуры. У краіне была картачная сістэма. Па картках выдавалі буханку хлеба на тры дні, крышачку крупы, солі, цукру. Патрэбна было рана ўставаць, для таго, каб заняць чаргу і атаварыць карткі. Паёк вельмі мізэрны. Яго не хапала, каб задаволіць патрэбы ў ежы. Падчас заняткаў перад вачыма стаіў хлеб, па начах сніўся хлеб. Нягледзечы ні на што, дзяўчына займалася з вялікім жаданнем і ахвотай. Уважліва лавіла кожнае слова выкладчыкаў і запісвала пачутае ў канспект. На занятках была вельмі актыўная і старанная, паказвала глыбокія веды. Часта пасля лекцый, практычных заняткаў і ў выхадныя дні прыходзілася працаваць на расчыстцы гарадскіх завалаў. Пераносілі і загружалі на грузавікі цэглу, кавалкі тынкоўкі, дошкі, выконвалі іншыя работы.

Тры гады праляцелі хутка. Паспяхова былі здадзены выпускныя экзамены. У той час Заходняя Беларусь адчувала вельмі вострую патрэбу ў першую чаргу ў медыцынскіх і настаўніцкіх кадрах. Таму многія маладыя людзі на працу размяркоўваліся ў заходнія раёны. Атрымала такое размеркаванне ў Гродзенскую вобласць і Рая Аўгусціновіч.

У канцы ліпеня склала няхітрыя дзявочыя рэчы ў плеценую карзіну, зверху паклала вузельчык з ежай, апранула лепшую сукенку, абула парусінавыя туфлі і адправілася ў дарогу. Гродзенскі абласны аддзел здароўеаховы выдаў накіраванне ў Лідскі раён, у вёску Бердаўку.

На Лідскім чыгуначным вакзале маладога спецыяліста сустрэў чалавек гадоў 45-50, які назваўся Баляславам. Ён спрытна перахапіў з дзявочых рук карзіну і накіраваўся да месца, дзе стаяў запрэжаны ў брычку конь. "Вось і наша карэта, паедзем па-царску", - з усмешкаю сказаў Баляслаў. Затым па-гаспадарску агледзеў брычку, паправіў конскую вупраж. "Но, Малік!" - крыкнуў фурман і лёгка ўдарыў коніка ляйчынай. Колы, "абутыя" у жалезныя абады, загрукаталі па брукаванай шашы.

Здавалася, што дарозе не будзе канца. Але наўкол была цудоўная прырода: змешаныя лясы, лугі, балоты, сярод якіх знаходзіліся вузкія і доўгія ўчасткі, дзе ўвіхаліся людзі, яны сенавалі. На палетках даспявала збажына. Пасвіліся каровы, коні, авечкі. Хаты ў асноўным былі накрытыя саломай, некаторыя дранкай або гонтам. Сустракаліся пад чарапіцай і нават пад ацынкаванай бляхай. Баляслаў аказаўся гаваркім чалавекам. За дзве з паловай гадзіны, што знаходзіліся ў дарозе, ён паспеў расказаць дзяўчыне пра навакольныя вёскі, пра Бердаўку, пра ўчастковую амбулаторыю і ахарактарызаваць увесь медыцынскі персанал. Праехалі гай, парослы елкамі, бярозамі, асінамі, вязамі, клёнамі і стогадовымі дубамі. Вось і наша Бердаўка. З левага боку знаходзіліся канюшні і гаспадарчыя пабудовы, загарада для выгулу коней. Крыху далей - некалькі баракаў, у парку віднеўся былы панскі палац, дом прыслугі і ўтульны домік, дзе знаходзілася кантора дзяржканюшні. Наперадзе - стаў і вадзяны млын. З правага боку - некалькі дамоў з мансардамі, касцёл, дом святара.

Фурман павярнуў управа. Грукат сціх. Брукаваная дарога закончылася. "Ну, вось мы і прыехалі, - сказаў Баляслаў, спыняючы каня каля акуратнага драўлянага дома, - гэта і ёсць наша амбулаторыя. "

Урач участковай амбулаторыі, Цыбізава Антаніна Аляксееўна, ветліва сустрэла маладога спецыяліста, прагледзела накіраванне, дыплом, распытала, адкуль родам, пра бацькоў. Хуценька закіпяціла на прымусе ваду і заварыла заваркай з садавіны чай, парэзала хлеб і паставіла на стол міску з маслам. Пакуль дзяўчына піла чай, урач паведаміла аб некаторых абавязках фельчара. На вуліцы ўжо змяркалася. "Пра ўсё дагаворым заўтра, а цяпер я пакажу кватэру," - сказала Антаніна Аляксееўна. Яна адвяла Раю на хутар Юткевічаў, што знаходзіўся ад амбулаторыі за паўкіламетра. Хата была падзелена печчу і дашчатай перагародкай на дзве часткі: кухню і святліцу. Святліца ў сваю чаргу дзялілася на два пакойчыкі. У адным кватаравала акушэрка з малалетнім сынам, а другі адвялі для фельчара. Гаспадары жылі на кухні. Падлога на кухні быў глінабітнай. Знутры хата была вымазана глінай і пабелена вапнай. У пакойчыку стаяў драўляны самаробны ложак, засланы саматканай дзяружкай, на якім пад столь узвышалася гара падушак. У куце пакойчыка каля сцяны стаяў стол, паўз яго - лавы, на покуце віселі абразы. На сцяне - рамка з фотаздымкамі і маленькае люстэрка.

Ноч праляцела хутка. За акном яшчэ толькі-толькі пачынала світаць, як Рая прачнулася. Да яе даносіліся абрыўкі сказаў. Гаварылі пра яе :"…новая доктарка такая худая і благая, ёй, мабыць, гадоў пятнаццаць, не болей…"

Праз некаторы час дзяўчына паднялася, выйшла на кухню, павіталася. Гаспадыня ўвіхалася ля печы. Яна спрытна здымала з патэльні пышныя падрумяненыя аладкі і складвала ў вялікую гліняную міску. Па хаце распаўсюджваўся апетытны пах.

"Пара снедаць, прашу за стол", - сказала гаспадыня, запрашаючы сваіх пастаялак.

На стале стаяла міска з аладкамі, другая - з густой смятанай, трэцяя - з маслам, патэльня з яечняй, смажанай на скварках, гліняны збан з малаком.

Рая з'ела адну аладку, другую. У галаве з'явілася думка: "Колькі ж гэта будзе каштаваць?" Стала дзякаваць, збірацца з-за стала. А гаспадыня пакрыўдзілася: "Ешце, калі ласка, у нас усё сваё: свая гаспадарка, маем дзве каровы, авечак, свіней, гусей, курэй. Слава Богу, калгасаў у нас яшчэ няма. Пагэтаму і хлеб ёсць, і да хлеба".

Пачаліся працоўныя будні. Ляцелі дні, тыдні, месяцы. Малады фельчар з першых дзён праявіла сябе як добры спецыяліст. Старалася ўважліва, церпяліва выслухаць кожнага хворага, падтрымаць яго добрым словам, устанавіць правільны дыягназ, прапісаць неабходныя лекі, даць карысныя парады.

Зонай абслугоўвання Бердаўскай участковай амбулаторыі з'яўляліся вёскі Бердаўскага, часткова Дакудаўскага і Дубровенскага сельсаветаў. Вёскі ў тыя гады складаліся з хутароў. Бездарожжа, тэлефонная сувязь адсутнічае, "хуткай дапамогі" практычна няма. Адзіны транспартны сродак на ўвесь вялікі ўчастак - конь Малік, якога вясной, летам і ўвосень запрагалі ў калёсы, а ўзімку - у сані. У большасці выпадкаў прыходзілася хадзіць пешшу. Заробак у фельчара быў невялікі - 40 рублёў 50 капеек у месяц. Людзі ж з вялікай павагай ставіліся да доктара. Часта дапамагалі прадуктамі харчавання.

Паступова прыходзіць прызнанне, узрастаў аўтарытэт. Асабліва пасля таго, як маладая доктарка аказала кваліфікаваную дапамогу Сухойдзе Францу, які моцна пакалечыў нагу ў саломарэзцы. Не разгубілася, раны прамыла, апрацавала і спрытна па - майстэрску налажыла 12 швоў.

Даводзілася прымаць і роды. Быў святочны першамайскі дзень. Акушэрка паехала праведаць сваіх бацькоў. Малады мужчына з вёскі Анацкі прымчаўся на ўзмыленым кані і прасіў дапамагчы яго жонцы. І Раіса аказала кваліфікаваную дапамогу жанчыне. На радасць бацькоў на свет з'явілася двойня.

У тыя гады медыцынскі работнік на вёсцы не толькі займаўся выкананнем сваіх непасрэдных абавязкаў. Ён быў правадніком палітыкі Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада. Раісе Сцяпанаўне прыйшлося стаць і агітатарам, і палітінфарматарам. Агітаваць за калгасы, за дзяржаўны заём, выступаць даверанай асобай кандыдатаў у дэпутаты, быць членам участковай выбарчай камісіі, выступаць у самадзейнасці і афармляць баявыя лісткі, насценныя газеты.

У 1952 годзе з дома раскулачанай сям'і Галавачоў пабудавалі ўчастковую бальніцу на 15 ложкаў, пазней яе пашырылі да 25 ложкаў. У бальніцы працавалі 19 чалавек медыцынскага і абслугоўваючага персаналу. Галоўнымі ўрачамі бальніцы ў розны час былі Рэшатнева Л.А., Гуркоў П.М., Федзін П.Г., Дземідчык М.У., Ліснеўскі Р.М., Астапковіч М.М., Яцкевіч У.У.

Бальніца праіснавала 20 гадоў. У 1972 годзе была зачынена, а на яе базе ўтворана ўчастковая амбулаторыя. У 1976 годзе амбулаторыю рэарганізавалі ў Бердаўскі ФАП.

Маладога спецыяліста цанілі людзі, добра ведалі як кваліфікаванага работніка ў раёне. За добрасумленную творчую працу яе адзначалі падзякамі, граматамі. 1954 годзе Раicу Сцяпанаўну ўзнагародзілі значком "Выдатнік здароўеаховы СССР".

Уладкавалася і сямейнае жыццё. У тым жа 1954 годзе Рая звязала свой лёс з Міхаілам Самахвалавым.

М.Я. Самахвалаў нарадзіўся і вырас у горадзе Пушкіне, што за 25 кіламетраў ад Ленінграда. Закончыў політэхнічны тэхнікум. У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Зімой 1939-40гг. удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, затым служыў пад Вільнюсам у Літве, дзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Змагаўся з немцамі на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Быў цяжкапаранены, атрымаў кантузію. Два гады лячыўся ў шпіталях. Меў урадавыя ўзнагароды. Яго бацькі загінулі ў блакадным Ленінградзе. Прыехаў у Баяры-Смалоцкія да свайго дзядзькі ды так і застаўся на Лідчыне.

У 1947 годзе Міхаіл Якаўлевіч уладкаваўся працаваць на Бердаўскую дзяржканюшню шафёрам адзінай палутаркі. Затым працаваў механікам, загадчыкам гаражамі. Многія дзяўчаты ўздыхалі па ім, а ён не спяшаўся расставацца з халасцяцкім жыццём. Быў жартаўнік і весяльчак, але ў прысутнасці Раі губляўся, саромеўся. Нават, жывучы ў Бердаўцы, пісаў ёй пісьмы. Раіса Сцяпанаўна па сённяшні дзень беражліва іх захоўвае. Толькі ў 1954 годзе набраўся храбрасці і прапанаваў Раі стаць яго спадарожніцай жыцця. Ганна Кліменцьеўна, пабачыўшы абранніка дачкі, адобрыла яе выбар: "Ідзі за Мішу, не прападзеш". Так і сышліся, як кажуць, з чамаданамі. Распісаліся ў сельсавеце. На ўрачыстым вечары прысутнічалі 10 чалавек - лепшыя сябры. Маладым выдзелілі маленькую кватэрку на мансардзе ў доме, пабудаваным палякамi ў 1934 годзе для спецыялістаў конезавода.

Пражылі 45 гадоў у згодзе душа ў душу. Вельмі радаваліся нараджэнню дзяцей. У 1955 годзе на свет з'явілася дачушка Наташа, а ў 1962 годзе - сын Мікалай. Дзяцей выхоўвалі ў строгасці, прывівалі працавітасць, абавязковасць, пунктуальнасць, чэснасць.

Наташа таксама, як і маці, стала медыцынскім работнікам. Сёння яна ўрач вышэйшай катэгорыі. Працуе ў г. Гомелі ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі арганізма чалавека ўрачом-афтальмолагам. Робіць складаныя аперацыі на воку, вядзе практычныя заняткі ў студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта. Стварыла сваю сям'ю. Выхоўваюць з мужам сына.

Мікалай закончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Жыве ў г.Лідзе, працуе дырэктарам ААГ "Гроднааптгандаль". Жанаты. Мае дачку і сына.

Да Раісы Сцяпанаўны людзі звярталіся як да медыка-універсала. Таму для сябе яна вырашыла: калі ведаць што па сваёй прафесіі, то як мага больш. Пастаянна працавала над сабою. Паглыбляла веды самастойна: набывала і вывучала разнастайныя падручнікі і даведнікі па медыцыне. Прыходзіў вопыт, узрастаў аўтарытэт. З'явіліся новыя ўзнагароды. У 1968 годзе Раісу Сцяпанаўну ўзнагародзілі значком "Выдатнік санітарнай абароны СССР", а ў 1970 годзе - юбілейным медалём "За доблесную працу". А ў 1972 годзе Самахвалавай Раісе Сцяпанаўне Указам Прэзідіума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік здароўеаховы БССР".

З 1976 па 1985 год Раіса Сцяпанаўна ўзначальвала Бердаўскі фельчарска-акушэрскі пункт. Пад яе кіраўніцтвам ФАП стаў адным з лепшых у раёне і неаднаразова займаў першыя месцы. На базе ФАПа праводзіліся семінары, працавала школа перадавога вопыту.

Усе гэтыя гады Раіса Сцяпанаўна актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці вёскі, раёна. Неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў народных дэпутатаў, засядацелем народнага суда, удзельнічала ў сельскім хоры. Шмат працавала не толькі над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства, але і над пашырэннем кругагляду. Яны з мужам Міхаілам Якаўлевічам з'яўляліся самымі актыўнымі чытачамі сельскай бібліятэкі.

Раіса Сцяпанаўна захапляецца творамі беларускіх пісьменнікаў І. Шамякіна, І. Мележа, У. Караткевіча, В. Быкава, любіць рускую класічную літаратуру - Л. Талстога, І. Тургенева, А. Чэхава, не адмаўляецца ад цікавых прыгодніцкіх раманаў і дэтэктываў. Захапляецца кветкаводствам.

Да яе і цяпер цягнуцца людзі. Для таго, каб атрымаць параду, каб проста паразмаўляць як з цікавым чалавекам. Сорак адзін год свайго жыцця Раіса Сцяпанаўна аддала прафесіі медыка, такой патрэбнай і неабходнай, мабыць, самай высакароднай на Зямлі. Імёны Раісы Сцяпанаўны і Міхаіла Якаўлевіча Самахвалавых ўпісана ў кнігу "Памяць" Лідскага раёна.

Іх любоў да жыцця, іх аптымізм, самаахвярнасць, чалавечая дабрыня і чуласць выклікаюць захапленне і гонар, з'яўляюцца прыкладам для пераймання.

Чалавечае шчасце

Вольга Кісялёва (Астрэйка) з'явілася на свет у той год, калі закончылася Вялікая Айчынная вайна. За два месяцы да нараджэння дочкі памёр яе бацька Міхаіл Іванавіч.

Ад дзяцінства ў памяці засталіся толькі асобныя малюнкі: маленькая хатка з бусліным гняздом на страсе, куст бэзу ля брамкі … ды ўспаміны дарослых пра страшэнны пажар лета 1948 года, які знішчыў 50 дамоў аднавяскоўцаў.

Маці - маленькая, добрая, працавітая і вельмі ціхая жанчына. Яна не мела адукацыі. Яна была звычайнай беларускай жанчынай "ад зямлі". Яе нарадзіла зямля. Яна ж любіла, разумела зямлю, а яе адарвалі ад зямлі. Быў у сям'і нейкі конік, кароўка, з дзесятак авечак і два парсючкі… У 1952 годзе ўсё ў яе забралі і сказалі: "Віншуем! Вы цяпер калгасніца!"

У кожнага чалавека ёсць паляна дзяцінства. Вялікая, прыгожая. Яна дае пачуццё еднасці. На ёй немагчыма згубіцца. Чалавек маленькі, а на паляне ён сам па сабе, ён адчувае сябе.

У Вольгі ў Князікоўцах была такая паляна - загадкавая, з галасамі невядомых птушак, са звілістаю рэчкаю, што носіць назву Жыжма. Па вечарах там кракталі жабы. З аднаго боку паляны - сенажаць і балотца, парослае алешнікам, а з другога - узвышша, на якім стаяла цудоўная царква…

Мабыць, калі і ёсць вытокі духоўнасці - яны ўсе там, на яе дзявочай паляне.

Складаным і цяжкім было сялянскае жыццё ў тыя гады. Уся праца ў сельскай гаспадарцы выконвалася галоўным чынам жанчынамі, старымі і падлеткамі. Працавалі не пакладаючы рук. Ужо з дзесяці гадоў Вольга разам з маці хадзіла ў калгас на работу. Даводзілася і жаць, і рэзаць торф, і палоць буракі, лён, кукурузу, сушыць сена, нарыхтоўваць дровы.

Пасля восьмага класа Вольга зарабіла ў калгасе ажно 60 працадзён.

Ды і да вучобы падыходзіла з усёй сур'ёзнасцю. Вучылася прагна, шмат чытала мастацкай літаратуры, актыўна займалася грамадскай дзейнасцю. Князікоўскую васьмігодку закончыла з пахвальнай граматай. Затым вучылася ў Бердаўскай сярэдняй школе.

Маці ва ўсіх памкненнях і планах падтрымлівала Вольгу, радавалася яе поспехам, марыла бачыць дачку адукаваным спецыялістам. Заахвочвала добрым словам і парадай.

Для сябе яна ўжо даўно вырашыла - атрымае сярэднюю адукацыю і будзе паступаць у педагагічны інстытут.

Яшчэ ў Бердаўскай школе яна была лідэрам, завадатарам усіх школьных спраў. Не думалася ў тыя гады, што большасць яе жыцця будзе звязана з Бердаўкай. Але калі пасля заканчэння дзесяцігодкі дырэктар школы І.А. Якубоўскі прапанаваў ёй пайсці працаваць школьнай піянерважатай у родную школу, без ваганняў згадзілася.

Так пачалася яе педагагічная дзейнасць. А ўжо праз год піянерская дружына Бердаўскай сярэдняй школы была прызнана лепшай у раёне.

У 1963 годзе Вольга стала студэнткай-завочніцай факультэта методыкі і педагогікі пачатковага навучання Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы.

А затым было замужжа, нараджэнне першынца Сашы. Абарона дыплома. Потым нарадзілася дачушка Волечка, а праз некалькі гадоў - блізняты: Юра і Сяргей.

Дзяцей выхоўвалі ў строгасці. У першую чаргу прывівалі любоў да працы. У кожнага з дзяцей былі свае абавязкі. Каб праца не надакучвала - абавязкі чаргаваліся.

Напэўна, сям'я ўяўляе першую і найбольш важную школу, у якой ствараецца характар чалавека. Менавіта ў сям'і чалавек атрымае сваё лепшае або горшае маральнае выхаванне, таму што тут ён пачарпне правілы паводзінаў, якія набывае на ўсё жыццё. Таму і імкнуліся Вольга Міхайлаўна з мужам прывіць дзецям лепшыя чалавечыя якасці.

Працавала ў розных школах Іўеўскага і Лідскага раёнаў, бо мужа Сцяпана Рыгоравіча, галоўнага інжынера, пераводзілі з аднаго калгаса ў другі. Дырэктарствавала ў Князікоўскай васьмігодцы, настаўнічала ў Дварышчанскай, затым у Тарноўскай сярэдніх школах, а ў 1978 годзе лёс прывёў ізноў у Бердаўку. На гэты раз Вольгу Міхайлаўну прызначылі загадчыцай дзіцячага садка. Энергічна ўзялася яна за справу. Дасканала авалодала метадамі навучання і выхавання. Яна любіла сваю прафесію і дзяцей. Працавала з поўнай аддачай і пастаянна адчувала адказнасць за тое, якімі людзьмі стануць яе дзеці, шмат увагі надавала ўмацаванню матэрыяльнай базы дзіцячага садка. А яе былыя вучні і выхаванцы заўсёды ўспамінаюць, як цікава, захапляльна вяла ўрокі і выхаваўчыя мерапрыемствы, даступна тлумачыла вучэбны матэрыял, старанна рыхтавалася да заняткаў, дзе панавала атмасфера бадзёрасці, абуджала разумовыя сілы, мацавала іх волю, фарміравала характар.

Лепшыя чалавечыя якасцi - працавітасць, прыстойнасць, духоўнае багацце, дабрыня - заўсёды вылучалі Вольгу Міхайлаўну і дапамагалі заваяваць любоў і павагу вучняў і выхаванцаў, калег, сяброў, родных і блізкіх.

Вольга Міхайлаўна выхавала вялікую колькасць сваіх паслядоўнікаў. Праца яе адзначана Ганаровымі граматамі, медалём "Ветэран працы", яе імя занесена ў Кнігу гонару Бердаўскага сельсавета. Але самая галоўная ўзнагарода - любоў і павага сваіх вучняў і выхаванцаў.

Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Вольга Міхайлаўна па-ранейшаму ўся ў клопатах, але цяпер ужо па гаспадарцы. Дзверы яе дома заўсёды гасцінна адчынены для людзей. Часта завітваюць да яе і колішнія вучні і выхаванцы. Былых педагогаў не бывае, і Вольга Міхайлаўна шчыра хварэе за сучасную адукацыю, за дашкольнае выхаванне, верыць, што лепшыя напрацоўкі будуць захаваныя. Яна цікавы і непаўторны чалавек, рамантык па натуры.

Мабыць, і праўда, што шчасце дастаецца таму, хто шмат працуе.

Вольга Міхайлаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, шчаслівай маці. З гонарам падкрэслівае, што яна маці чацвярых дзяцей і бабуля васьмярых унукаў, і з вялікай цеплынёй і мацярынскай пяшчотаю расказвае пра іх.

Дзеці ў Кісялевых выраслі добрыя, чулыя, працавітыя. Знайшлі сваё месца ў жыцці, стварылі ўласныя сем'і, жывуць дружна. Старэйшы сын Аляксандр - буйны бізнесовец, узначальвае фірму "Уралмэбля". Яе аддзяленні знаходзяцца ў гарадах Беразнякі і Салікамск, што ў Расіі. Валодае сеткай магазінаў па продажы офіснай і кухоннай мэблі. Шчодры, займаецца дабрачыннасцю. Матэрыяльна падтрымлівае сям'ю свайго школьнага сябра, які трагічна загінуў у Тарнова. Выступіў фундатарам выдання кнігі пра Бердаўку і яе людзей.

Падаліся да Аляксандра на Урал пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута браты Юра і Сяргей. Дачка Вольга з сям'ёю жыве ў Мастах, у яе таксама свой бізнес.

На чужой старонцы сыны вельмі сумуюць па бацькаўшчыне, дзе самая цудоўная прырода са змешанымі лясамі, з лугамі, з блакітнымі азёрамі, са звілістымі рэчкамі, дзе інакшае неба, дзе зусім па-іншаму спяваюць салаўі, жаўрукі, кнігаўкі, дзе жывуць працавітыя і гасцінныя людзі, дзе бацькоўскі дом і мілая, добрая, пяшчотная, самая лепшая ў свеце матуля. Абдыме, моцна прыцісне да сэрца і ласкавым голасам скажа : "Як я рада вам, мае любыя дзеткі!"

Дзеці і ўнукі амаль штодня тэлефануюць маці і бабулі. Яны часта прыязджаюць у Бердаўку, і тады прасторны дом Кісялёвых напаўняецца звонкім смехам і шчаслівымі радаснымі галасамі.

Мабыць, гэта і ёсць чалавечае шчасце.

"Усе мы з весачкі-калыскі"

Народнаму сямейнаму ансамблю Парфенчыкаў 20 год.

Шчодрая наша Лідчына на таленты. Сярод гэтых талентаў вылучаецца народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў з вескі Бердаўка, якому 26 лістапада 2005 года споўнілася 20 год. І хоць па чалавечых мерках гэта зусім мала, але гэтыя 20 год існавання калектыву напоўнены змястоўнай творчай працай па прапагандзе нацыянальнай песеннай культуры і беларускага слова.

Кіраўнік ансамбля - Алесь Парфенчык, хормайстар - Зінаіда Унучко.

Ансамбль вылучаецца экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Творчасці ансамбля ўласціва своеасаблівая пеўчая манера, спалучэнне арыгінальнай мелодыкі з паэтычным зместам, выразнасць музычнай мовы. Для выканаўцаў характэрна апора на нацыянальныя традыцыі, творчы пошук, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі.

У рэпертуары ансамбля беларускія народныя і сучасныя песні, таксама аўтарскія песні на словы і музыку А.Парфенчыка і З.Унучко.

Кожны канцэрт мастацкага калектыву пачынаецца выкананнем аўтарскай песні "З весачкі-калыскі" і заканчваецца песняй "Мы ўсе радня". Вельмі часта ў выкананні ансамбля гучаць песні: "Стары ўхажор", "Мужычок-памочнік", "Вечарынка", "Поле маё, полюшка", "Тальяначка", "Бульба", "Пакахала Васіля", "Песня родная" і іншыя.

Ідэю стварыць сямейны ансамбль у 1985 годзе падказаў былы загадчык аддзела культуры Лідскага райвыканкама Мікалай Антонавіч Грэбень. І ў хуткім часе паступіла прапанова прыняць удзел у канцэртнай праграме на свяце горада Мінска. Мінчукі добра ўспрынялі выступленне маладога калектыву. І гэта натхніла на творчую працу. Выступаюць у роднай вёсцы, раёне, вобласці, горадзе Мінску перад рознымі аўдыторыямі. Дораць людзям радасць, ствараюць бадзёры настрой, прыносяць эстэтычнае задавальненне.

Прыходзіць прызнанне. У 1993 годзе сталі дыпламантамі абласнога фестывалю сямейнай творчасці, а затым лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу сямейнай творчасці, што адбыўся ў Слоніме.

У 1994 годзе сямейнаму ансамблю Парфенчыкаў за плённую працу па папулярызацыі беларускага музычнага мастацтва прысвоена званне "народны".

У 1995 і 1996 гадах прымалі ўдзел у Міжнародным фестывалі сямейнай творчасці ў польскім горадзе Добра Мяста і сталі лаўрэатамі.

На тэлевізійным фестывалі "Залатыя ключы" ў горадзе Клецку сталі дыпламантамі, а ў заключным туры, што праходзіў у горадзе Салігорску, -лаўрэатамі.

Затым бралі ўдзел у рэспубліканскім свяце "Дажынкі"- ў Мастах (1997г.), у IV абласным фестывалі нацыянальных культур у г. Гродне, дзе ансамбль быў адзначаны дыпломам. Удзельнічалі ў тэлеперадачах "Беларускі дом" на канале БТ і "Правінцыйныя гісторыі" на канале "Лад".

Творчая культурна-асветніцкая праца ансамбля адзначана Ганаровай граматай прадстаўніцтва ААН у Беларусі, у тэксце якой - наступныя словы: "За вялікі асабісты ўклад у захаванне беларускай нацыянальнай традыцыі, распаўсюджванне ідэй сямейнай творчасці ў Міжнародны год сям'і". Сярод узнагарод калектыву - Ганаровая грамата Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь, шматлікія Ганаровыя граматы аддзела культуры Лідскага райвыканкама.

Хто яны, Парфенчыкі?

Усе яны сваякі, 10 з 12 чалавек нарадзіліся ў Бердаўцы.

Муж і жонка Алесь і Інэса Парфенчыкі і іх дзеці Дзяніс і Ганна; сястра Зінаіда Унучко і яе дзеці Юля і Ігар, нявестка Ала і ўнучка Ілоначка; сёстры Таццяна, Зоя і яе сын Арцем. Іх усіх аб'ядноўвае любоў да беларускай песні.

Ядро ансамбля - Алесь, Інэса Парфенчыкі і Зінаіда Унучко. Усе яны маюць спецыяльную адукацыю. Алесь закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры па спецыяльнасці рэжысёр-пастаноўшчык масавых мерапрыемстваў. Яго жонка Інэса, якая родам з Барысава, закончыла Гродзенскае вучылішча мастацтваў і Маскоўскі народны універсітэт мастацтваў па класе гармонія музыкі з адзнакай "выдатна". Сястра Зінаіда з адзнакай закончыла Гродзенскае музычна -педагагічнае вучылішча і выкладае музыку ў Першамайскай музычнай школе і ў Бердаўскай сярэдняй школе.

Іх дэвіз - "Без песні хоць трэсні!". Так і крочаць па жыцці з песняй гэтыя таленавітыя людзі, дорачы землякам радасць, прапагандуюць багацце беларускай музычнай культуры, выхоўваюць гонар за нашу Бацькаўшчыну.

Старэйшае пакаленне Парфенчыкаў з задавальненнем сочыць, як іх дзеці і ўнукі захапляюцца беларускім песенным мастацтвам, прымаюць актыўны ўдзел у творчай працы ансамбля.

У планах калектыву музычнымі сродкамі, беларускім словам фарміраваць мастацка-эстэтычны густ у людзей, выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, гонар за нашу багатую і змястоўную культурную і гістарычную спадчыну. У бліжэйшы час збіраюцца прыняць удзел у рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці.

Мы віншуем юбіляраў. Плену і поспехаў, натхнення і задору! Няхай вашы песні ніколі не змаўкаюць і звонка гучаць ў нашым краі!

Да нашага віншавання далучаюцца жыхары вескі Бердаўка.

Багдзевіч М.І. - пенсіянерка, былая старшыня Бердаўскага сель-выканкама.

Сямейны ансамбль Парфенчыкаў - візітная картка Бердаўскага сельскага Савета. Без іх удзелу не праходзіць ні адно мерапрыемства. Усе ўдзельнікі калектыву - людзі, улюбёныя ў сваю справу. Мы ўдзячны ім за іх песні. Зычым шчасця, поспехаў, добрага настрою, творчага натхнення. Няхай збываюцца ўсе іх мары і планы!

Каламіец П.І. - старшыня СВК "Бердаўка-Агра"

З гэтым калектывам добра мець справу. Заўседы прыемна прысутнічаць на іх канцэртах, пасля якіх застаецца добры настрой і жаданне прыйсці яшчэ.

Жадаю ў далейшым творчых поспехаў, здароўя ўсяму калектыву і ўсяго самага найлепшага ў творчым жыцці.

Кісялева В.М. - пенсіянерка, былая загадчыца дзіцячага садка в.Бердаўка.

На маю думку, сямейны ансамбль Парфенчыкаў - гэта гонар і слава нашай Бердаўкі. Усе святы, вечары адпачынку ў СДК праходзяць з непасрэдным іх удзелам. Акрамя таго, яны самыя жаданыя госці на ўрачыстасцях у многіх сем'ях. Усе аднавяскоўцы ведаюць: калі мерапрыемства праводзяць Парфенчыкі, то яно будзе абавязкова змястоўным, цікавым, вясёлым. І асаблівая заслуга ў гэтым Інэсы Георгіеўны і Зінаіды Іванаўны.

Я адчуваю пачуццё гонару за іх, таму што ведаю амаль усіх з калыскі, і мне давялося выхоўваць усе тры пакаленні Парфенчыкаў у дзіцячым садку, а затым у школе. А зараз пашчасціла і жыць па-суседску.

І ў гэты знамянальны дзень хачу пажадаць нашаму Юбіляру: "Няхай у Вашым творчым жыцці будуць лепшымі тыя гады, якія яшчэ наперадзе!"

Лучко Э.В. - галоўны ўрач Бердаўскай урачэбнай амбулаторыі.

Творчасць сямейнага народнага ансамбля Парфенчыкаў - адметная з'ява ў культурным жыцці Лідчыны. Беларускія песні ў іх выкананні хвалююць і закранаюць глыбінныя струны душы. Яны жыццесцвярджальныя, аптымістычныя.

Шчырае ім дзякуй за іх працу, за добрыя песні, за тыя святы, што яны праводзяць для жыхароў Бердаўкі.

З юбілеем! Новых поспехаў, удачы!

Сяўко М.А. - намеснік дырэктара школы па выхаваўчай працы.

Вам толькі 20, і вы зусім маладыя.

Шчаслівыя, творчыя, вечна жывыя.

Будзьце, як сонца, ярка свяціце,

Радасць і песню людзям дарыце.

Ад душы я Вас віншую,

І здароўя пра запас

Вам на 200 год жадаю

І задору, каб не гас.

Няхай споўняцца ўсе Вашы творчыя планы, задумкі, хай народная песня жыве многа-многа год у вашым рэпертуары! Няхай сэрца і душа заўседы будуць маладыя, поўныя энергіі, задору і энтузіязму!

Бердаўскі гісторыка-краязнаўчы народны музей

Пытанне, як выхаваць вучня ў сучасных умовах, калі ў грамадстве рашуча мяняецца спосаб жыцця, як пераадолець у асяроддзі падлеткаў страту патрыятызму, хвалюе педагогаў. Задача фарміравання грамадзянскай сталасці школьнікаў, пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, палітычнай і маральнай адказнасці ніколі не стаяла так востра, як цяпер. Для вырашэння яе неабходны кардынальна новы падыход, які адказваў бы сучасным сацыяльна-эканамічным і духоўным умовам нашага жыцця.

Відавочна, што выхаванне грамадзяніна разглядаецца сёння як адзін з напрамкаў нацыянальнага адраджэння, рэстаўрацыі агульначалавечых каштоўнасцей. Асэнсаванне пачуцця прыналежнасці да грамадзяніна сваёй Радзімы, безумоўна, дапаможа зарыентавацца ў барацьбе поглядаў, ідэй, характэрных для сучаснага грамадства. Яно будзе садзейнічаць пераадоленню сярод падрастаючага пакалення забыцця патрыятычных пачуццяў, праяўлення бездухоўнасці.

Школьнаму музею належыць важнае месца ў выхаванні навучэнцкай моладзі, забеспячэнні захаванасці каштоўнасцей гісторыі, культуры, прыроды, а таксама ў пашырэнні сярод вучняў ведаў пра значныя падзеі мінуўшчыны і сучаснасці.

Дзякуючы музею, педагагічныя работнікі праз канкрэтныя матэрыялы і факты ўплываюць на фарміраванне светапогляду навучэнцаў, выхоўваюць у іх такія якасці, як патрыятызм, грамадзянскі абавязак, адказнасць.

Ідэя стварыць школьны музей з'явілася ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. І, магчыма, гэтая ідэя засталася б марай, каб не дапамог яе ўвасобіць у жыцце былы старшыня калгаса "Бердаўка", руплівы гаспадарнік, сапраўдны патрыёт нашай Бацькаўшчыны Каранюк Аляксандр Аляксандравіч. Гэта ён праявіў зацікаўленасць, ініцыяваў некалькі паездак у музеі гарадоў Ліды, Гродна, вёскі Каменюкі, што ў Белавежскай пушчы, і музей вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна. Мы атрымалі метадычную дапамогу ад навуковых супрацоўнікаў Лідскага музея і кансультацыю вядомага беларускага краязнаўцы Алеся Белакоза.

Пад музей вырашылі прыстасаваць адно з памяшканняў старой школы, а да гэтага дом польскага асадніка. Калгас выдзеліў сродкі, рабочых, аплаціў працу мастака-афарміцеля. Паралельна з гэтым вучні школы і настаўнікі вялі збор экспанатаў па гісторыі і этнаграфіі нашага краю.

Галоўная задача, якая ставілася перад педагагічным і вучнёўскім калектывам, - па крупінцы сабраць расцярушаную часам гістарычную і духоўную спадчыну і захаваць яе для будучых пакаленняў.

Крыніцы збору матэрыялаў для музея былі вельмі розныя, асноўная з іх- сістэматычны збор матэрыялаў па абранай тэматыцы, які ажыццяўляўся праз сістэму заданняў падчас вучобы, правядзення экспедыцый, вандровак, эскурсій, сустрэч, шляхам перапіскі з арганізацыямі, асобнымі людзьмі.

Рашэнне аб адкрыцці музея прымалася педагагічным саветам школы 20 мая 1989 года.

Музей складаецца з шасці экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 145 м 2. У ім захоўваецца 2.5 тысячы экспанатаў асноўнага і дапаможнага фонду, многія з якіх уяўляюць гістарычную, прыродазнаўчую і навуковую каштоўнасць. Гэта прадметы працы і абіходу, адзенне нашых продкаў, старадаўняя мэбля, крамянёвыя прылады працы і кераміка, рэшткі зброі часоў вайны, кнігі з аўтографамі аўтараў, шматлікія дакументы і фотаздымкі, публікацыі ў газетах і часопісах, матэрыялы перапіскі.

Збор экспанатаў для музея вёўся з сярэдзіны 80-х гг. ХХ стагоддзя па вёсках Бердаўскага, Дакудаўскага, Беліцкага, Пескаўскага і Ліпнішскага сельсаветаў Лідскага і Іўеўскага раёнаў. Ёсць экспанаты з Гомеля, Слуцка і нават з Эстоніі.

У музеі прадстаўлены наступныя экспазіцыі:

1. Першабытнаабшчынны лад на Лідчыне.

2. Месца Лідчыны ў ВКЛ і РП.

3. Маёнтак "Бердаўка".

4. Жыццё і побыт беларускага сялянства ў канцы ХIХ-50-х гг. ХХ ст.ст.

5. Вялікая Айчынная вайна ў нашым краі.

6. Калгас "Бердаўка".

7. Флора і фауна раёна.

8. Славутыя землякі.

9. Гісторыя школы.

Кожны экспанат - гэта гісторыя жыцця нашых продкаў. Глядзіш на гэтыя прадметы і перад табой паўстаюць карціны сівой даўніны і часу зусім блізкага. Захапляешся кемлівасцю і майстэрствам жыхароў нашых мясцін, іх вынаходлівасцю.

Музейная экспазіцыя пабудавана на аснове спалучэння тэматычнага, сістэматычнага і ансамблевага метадаў.

Так, напрыклад, тэматычная экспазіцыя "Першабытнаабшчынны лад на Лідчыне" падпарадкавана храналагічнаму прынцыпу і адлюстроўваецца ў дыялектычным развіцці. У ёй экспазіцыйныя комплексы аб'яднаныя ў тэмы і раздзелы.

Сістэматычная экспазіцыя дазваляе дэманстраваць калекцыю аднародных прадметаў. Так, калекцыя археалагічных знаходак дэманструецца ў адпаведнасці з навуковай сістэматыкай, прынятай у археалогіі.

У ансамблевай экспазіцыі захоўваюцца ці ўзнаўляюцца на дакументальнай падставе абставіны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, культурай, побытам народа, дзейнасцю выдатнай асобы.

Менавіта гэты метад выкарыстаны пры афармленні экспазіцыі "Жыццё і побыт беларусаў у канцы ХІХ-сярэдзіне ХХст.ст", "Апошні ўладальнік маентка "Бердаўка" А.С.Дамбавецкі", "Лідчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Гэты метад з'яўляецца найбольш прымальным для нашага гісторыка- краязнаўчага музея.

У арганізацыі работы музея актыўны ўдзел прымаюць вучні. Асноўную частку працы ажыццяўляе актыў. Але да працы абавязкова прыцягваюцца вучні, якія не ўваходзяць у яго лік.

Педагагічнае кіраўніцтва работай актыву музея ажыццяўляе настаўнік, які прызначаны загадам дырэктара школы. Педагог-кіраўнік перадае свой вопыт, вучыць арганізацыйнаму майстэрству, дапамагае лектарам і экскурсаводам у распрацоўцы і правядзенні лекцый, экскурсій, арганізацыі масавых мерапрыемстваў, афармленні экспазіцый музея.

Работу музея арганізуе Савет, які складаецца з пяці сектараў: пошукавага, перапіскі, экскурсійнага, фондавага, афарміцельскага. У склад Савета музея ўваходзяць як вучні, так і настаўнікі, і ўсе яны аб'яднаны ў клуб "Спадчына". Савет музея не вельмі вялікі, што дазваляе лёгка ім кіраваць, аператыўна разглядаць тыя ці іншыя пытанні. У Савеце музея ёсць адказныя за асобныя накірункі дзейнасці.

Сектар пошукавай працы займаецца камплектаваннем фондаў, распрацоўкай маршрутаў вандровак і экспедыцый, арганізацыяй заняткаў па вывучэнні методыкі выяўлення і збору помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, іх апісанне, запіс успамінаў, апавяданняў і г.д. Сектар перапіскі наладжвае і вядзе перапіску з установамі, арганізацыямі, музеямі, выпускнікамі школы, з цікавымі людзьмі. Фондавы сектар вядзе ўлік дакументацыі, арганізуе захаванне помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, кантроль за рэжымамі захавання. Сектар экскурсійнай работы распрацоўвае і праводзіць агляды, тэматычныя экскурсіі, вучэбныя экскурсіі па прадметах школьнай праграмы. Афарміцельскі сектар займаецца распрацоўкай новых экспазіцый, адборам экспанатаў, падрыхтоўкай этыкетажу, афармленнем і мантажом экспазіцый для музея і выстаў.

З актывам музея вядзецца пастаянная праца па іх падрыхтоўцы. Рыхтуюцца і абмяркоўваюцца матэрыялы для экскурсаводаў, праводзяцца сустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі Лідскага краязнаўчага музея, арганізуюцца экскурсіі ў музеі гарадоў Ліды, Гродна, Мінска, Навагрудка, Міра, Нясвіжа, Полацка. Сябры Савета музея прымалі ўдзел у шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах па краязнаўстве, музейнай справе. Праводзіліся сустрэчы з вядомымі навукоўцамі, паэтамі і пісьменнікамі Беларусі. Так, напрыклад, актыў музея ўдзельнічаў у навукова-практычнай канферэнцыі "Гістарычныя і філалагічныя навукі як сродак фарміравання нацыянальнай самасвядомасці" з запрашэннем галоўных рэдактараў "Гістарычнага часопіса" Васіля Кушнера, часопіса "Роднае слова" Міхася Шавыркіна, рэдактара "Лідскага летапісца" Станіслава Судніка, гісторыка Паўла Лойкі. Цікавымі і запамінальнымі былі выступленні супрацоўнікаў Нацыянальнай Акадэміі Навук РБ Яраслава Звяругі, Міхася Чарняўскага і Вадзіма Лакізы. Актыў музея і вучні школы даведаліся пра археалагічныя помнікі Лідчыны, пазнаёміліся з некаторымі знаходкамі, праблемамі археалагічнай навукі. Актыў музея меў магчымасць праслухаць выступленне знакамітага беларускага этнографа Янкі Крука па тэме "Абрады і звычаі беларусаў", сустрэцца з беларускімі паэтамі Рыгорам Барадуліным, Міхасём Скоблам, Уладзімірам Клімовічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, пісьменнікам Уладзімірам Арловым, Уладзмірам Ліпскім, беларускімі бардамі Зміцерам Бартосікам, Алесем Камоцкім, Алесем Мельнікам і Андрэем Хадановічам, навукоўцам-педагогам Пшэмыславам Фенрыхам з Польшчы, прадстаўнікамі беларускай дыяспары з Вільні.

Савет музея сумесна з сябрамі клуба "Спадчына" ў рамках Усебеларускай турысцка-краязнаўчай экспедыцыі "Наш край" праводзіць вялікую пошукава-даследчую і асветніцкую працу. Так, у 1997, 1999, 2000 і 2004 гадах арганізоўваўся і праводзіўся летнік "Юны археолаг і этнограф ",

удзельнікі якога пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Нацыянальнай Акадэміі Навук кандыдатаў гістарычных навук Вадзіма Лакізы і Яраслава Звяругі здзяйснялі паверхневыя зборы і раскопкі археалагічных помнікаў эпохі мезаліту, неаліту і бронзавага вякоў у раёне вёскі Дакудава, курганнага магільніка ля вёскі Касоўшчына, адкрылі і абследавалі невядомы курганны магільнік ля вёскі Сцеркава, даследавалі пясчаную дзюну ў пойме ракі Дзітва каля вёскі Даржы, дзе знаходзілася майстэрня першабытнага чалавека па вырабу крамянёвых прыладаў працы. Частка знаходак пасля апрацоўкі супрацоўнікамі НАН РБ перададзена Бердаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Рэгулярна здзяйсняюцца этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках Бердаўскага, Дакудаўскага і Ліпнішскага сельсаветаў, у час якіх вядзецца збор этнаграфічных экспанатаў, праводзіцца запіс абрадаў, звычаяў, легендаў мясцовасці. Апошняя вандроўка дапамагла нам пазнаёміцца з планіроўкай беларускага мястэчка Ліпнішкі, пабываць на месцы бітвы паўстанцаў 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі з расійскімі войскамі каля вёскі Сураж Іўеўскага раёна, дазволіла зафатаграфаваць капліцу, што ўстаноўлена на полі бітвы ў памяць аб палеглых паўстанцах.

У розныя гады вялася перапіска з ваеннымі, партыйнымі, дзяржаўнымі архівамі і музеямі. Дзякуючы гэтай працы знойдзены многія сваякі воінаў, што загінулі падчас мінулай вайны і пахаваны ў брацкай магіле ў парку вёскі Бердаўка. Вельмі цікавы матэрыял аб апошнім уладальніку маёнтка "Бердаўка" губернатару Магілеўскай губерніі А.С.Дамбавецкім атрыманы з Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музея .

Змястоўны матэрыял аб канфесійным складзе насельніцтва вёсак сённяшняга Бердаўскага сельсавета канца ХIХ - пачатку ХХ стагоддзяў сабраў выпускнік нашай школы, былы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта кандыдат гістарычных навук М.В.Васілючак. Маюцца трывалыя сувязі з Нацыянальнай Акадэміяй Навук РБ. Вядзецца перапіска з супрацоўнікамі Акадэміі, для музея перададзены кнігі з аўтографамі аўтараў.

На базе музея праводзяцца школьныя, раённыя і абласныя семінары па краязнаўстве і музейнай справе. Матэрыялы музея дазваляюць больш змястоўна і цікава праводзіць урокі гісторыі, літаратуры, геаграфіі, біялогіі, пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Вельмі шмат урокаў у музеі праводзяць выкладчыкі гісторыі 5-11 і настаўнікі пачатковых класаў па прадмеце "Мая Радзіма- Беларусь". Дзякуючы багатым матэрыялам, што маюцца ў музеі, яны дабіваюцца высокай выніковасці засваення вучэбнага матэрыялу.

Сярод вучняў школы праводзяцца конкурсы па этнаграфіі краю, па гісторыі вёскі, гісторыі калгаса, школы. Арганізоўваюцца фальклорна-абрадавыя святы "Калядкі", "Вячоркі". У пачатку навучальнага года кожны клас атрымлівае заданне на збор матэрыялаў аб ветэранах вайны і працы, аб людзях, што пакінулі свой след на нашай зямлі. Сабраныя і аформленыя матэрыялы затым перадаюцца ў музей. Савет музея сумесна з дырэкцыяй школы распрацоўвае маршруты паходаў па цікавых мясцінах, звязаных з гісторыяй нашай Бацькаўшчыны. Гэта і наведванне прамысловых прадпрыемстваў, музеяў, і археалагічныя разведкі, раскопкі, і этнаграфічныя вандроўкі.

У маі 2005 года сябры клуба "Спадчына" і актыў музея арганізавалі прэзентацыю творчасці мастака, скульптара і паэта, выпускніка Бердаўскай сярэдняй школы Рычарда Грушы. Вучні, бацькі і настаўнікі змаглі пазнаёміцца з творчасцю нашага таленавітага земляка, наведалі выставу карцін, праслухалі песні на яго вершы. Рычард Баляслававіч прадэманстраваў дзве свае апошнія працы - мемарыяльныя шыльды людзям, што пакінулі след на Бердаўскай зямлі: уладальніку маёнтка "Бердаўка", беларускаму краязнаўцу Дамбавецкаму А.С. і былому старшыні калгаса, у перыяд кіраўніцтва якога быў адбудаваны пасёлак Бердаўка, Каранюку А.А. Шыльды пасля дазволу ўладаў будуць устаноўлены на будынку сельскага Дома культуры і на адміністрацыйным памяшканні СВК "Бердаўка - АГРА".

18 год музей працуе на грамадскіх пачатках на даволі высокім арганізацыйным і навуковым узроўні ў навукова-асветніцкай, збіральніцкай, фондава-захаваўчай, папулярызатарскай і культурна-выхаваўчай рабоце.

У музеі вядзецца дакладная ўліковая дакументацыя (інвентарная кніга, акты прыему музейных рэчаў, вопісы прадметаў, якія ўзяты на ўлік дзяржаўным музеем, навуковыя пашпарты, картатэка).

Штогод музей наведвае ў сярэднім больш за тысячу чалавек. Гэта вучні не толькі нашай школы, але суседніх сельскіх, а таксама гарадскіх школ, дарослыя людзі з розных мясцін нашай рэспублікі.

У штогадовым плане работы музея імкнёмся адлюстраваць розныя бакі сваёй дзейнасці. Наш музей будзе развівацца. Плануецца адкрыццё новых экспазіцый, збор экспанатаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, вандроўкі па нашым краі, археалагічныя раскопкі, семінары. Сёння, калі вялікая ўвага надаецца турызму, мы збіраемся ўключыць наведванне музея ў экскурсійны маршрут. Будзем займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі парку, абазначэннем месцаў размяшчэння гаспадарчых пабудоў маёнтка.

Чакаем новых гасцей і наведвальнікаў.

Праца педкалектыву школы і актыву музея адзначана граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Так , у 2000 годзе школа заняла 1 месца ў рэспубліцы на лепшую вясковую школу па нацыянальна-культурным адраджэнні, у 2001 годзе ўдзельнічалі ў абласным конкурсе відэафільмаў "Гарады і мястэчкі Гродзеншчыны", дзе наш відэафільм "Ёсць куток на зямлі..." пра вёску Бердаўку заняў 1 месца, у 2002 годзе гістарычны гурток стаў дыпламантам IV фестываля нацыянальных культур, у 2004 годзе сябры клуба "Спадчына" за дапамогу ў правядзенні археалагічных раскопкаў былі ўзнагароджаны Пахвальнай граматай Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук РБ, 17 чэрвеня 2005 года рашэннем калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама гісторыка-краязнаўчаму музею Бердаўскай СШ прысвоена званне "Народны музей", у 2006 годзе музей узнагароджаны Дыпломам за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе краязнаўчых музеяў устаноў адукацыі па тэме: "Даследчая дзейнасць і навуковыя дасягненні сучаснага музея ўстановы адукацыі".

Такім чынам, наяўнасць у школе музея дазваляе глыбей вывучыць і асэнсаваць гісторыю, культуру ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей вучняў, выхоўваць у іх нацыянальную самасвядомасць, далучаць іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры, удзельнічаць ва ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчай работы, праводзіць культурна-асветніцкую працу сярод вучняў, бацькоў, насельніцтва.

Вандроўка па Лідчыне

У апошні час узрастае цікавасць да гістарычнага мінулага, культурнай і духоўнай спадчыны народа, што ў сваю чаргу вядзе да росту папулярнасці турызму.

Многія мясціны Лідскага раёна, ды і сам горад Ліда, могуць стаць адкрыццём як для айчынных, так і для замежных турыстаў. Падчас вандровак гасцей зацікавяць помнікі археалогіі і этнаграфіі, гісторыі і архітэктуры, культуры і прыроды.

На жаль, мы не можам пахваліцца добра развітай турыстычнай інфраструктурай, распрацаванымі турыстычнымі маршрутамі. Але прадумовы для павелічэння колькасці турыстаў у нашым рэгіёне ёсць. Гэтаму могуць пасадзейнічаць і зручнае геаграфічнае становішча і вялікая колькасць населеных пунктаў з багатай і змястоўнай гісторыяй. Ужо сёння мы павінны думаць і клапаціцца пра развіццё турызму на Лідчыне, а для гэтага ствараць прывабныя ўнікальныя турыстычныя прапановы.

На наш погляд, турыстаў можа зацікавіць двухдзённая экскурсія па некаторых мясцінах Лідчыны, якую мы прапануем.

На мяжы Шчучынскага і Лідскага раёнаў за паўкіламетра ад шашы Гродна-Мінск знаходзіцца вёска Мажэйкава. Яна раскінулася ў жывапісных мясцінах каля ракі Лебяда. У 2005 годзе тут праведзена добраўпарадкаванне. Для турыстаў цікавасць уяўляе сядзібны комплекс (70 - 80-х гг. ХІХ ст.) - помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму; захаваўся дом, будынак стайні і кухні, парк плошчай 5 га і сажалкі з сістэмай каналаў. Госці змогуць пазнаёміцца і з сучасным сельскагаспадарчым прадпрыемствам "Мажэйкава".

На захадзе, за паўтара кіламетраў ад Мажэйкава, знаходзіцца вёска Мураванка з яе знакамітай Свята-Раства-Багародзіцкай царквою, пабудаванаю ў 1524 годзе. Помнік архітэктуры гатычна-рэнесанснага стылю. Нельга не захапіцца яе непаўторнасцю і хараством, нельга не падзівіцца майстэрству яе будаўнікоў.

Наступны прыпынак нашай вандроўкі - Тарнова. У гэтым населеным пункце турысты пазнаёмяцца з сядзібным помнікам (ХІХ-пач. ХХ стст.), куды ўваходзіць сядзібны дом (помнік эклектычнай архітэктуры), стайня, лядоўня, ветраны млын.

Наш далейшы шлях пралягае ў горад Бярозаўку на шклозавод "Нёман". На заводзе турысты даведаюцца пра гісторыю заснавання гуты ў 1883 годзе, яго ўладальніках і кіраўніках, пабачаць тэхналагічны працэс вырабу шклянога посуду, пазнаёмяцца з планамі завадчан, перспектывамі развіцця прадпрыемства.

Пасля завяршэння экскурсіі на шклозавод можна накіравацца ў вёску Дакудава ў агратурыстычную гаспадарку. Гаспадыня сядзібы, спадарыня Святлана Агарка (настаўніца мясцовай школы), раскажа аб гісторыі населенага пункта, прапануе турыстам вандроўку па ваколіцах вёскі, пераправу на пароме праз Нёман, наведванне заказніка, бабровых тоняў, пазнаёміць з археалагічнымі помнікамі часоў мезаліту, неаліту і бронзавага вякоў, пакажа дзоты часоў першай сусветнай вайны.У сваёй сядзібе яна прадэманструе прылады працы па апрацоўцы ільну, а таксама ўвесь працэс выпечкі хатняга хлеба.

Турыстаў, без сумніву, заварожыць хараство беларускай прыроды, яны будуць шчыра захапляцца пабачаным і пачутым і атрымаюць вялікае задавальнене. У сядзібе можна і заначаваць.

На другі дзень, раніцою, наша падарожжа працягваецца ў вёску Бердаўка, што размясцілася за 14 кіламетраў ад Дакудава. У Бердаўцы гасцям прапануецца наведаць гісторыка-краязнаўчы народны музей, у якім захоўваецца 2500 экспанатаў асноўнага і дапаможнага фонду. У музеі шмат прадметаў па этнаграфіі, багатая калекцыя археалагічных знаходак, цікавыя матэрыялы па гісторыі Лідчыны часоў мінулай вайны, гісторыі школы, калгаса, змястоўная экспазіцыя па прыродзе роднага краю. Па папярэдняй дамове вучні мясцовай школы могуць паказаць фальклорна-абрадавыя святы "Вячоркі", "Калядкі","Беларускае вяселле".

Экскурсаводы музея пазнаёмяць з гісторыяй маёнтка "Бердаўка", раскажуць аб жыццёвым шляху яго апошняга ўладальніка з 1864 па 1914 гг., дзяржаўным і палітычным дзеячы Расійскай імперыі, беларускім краязнаўцу А.С.Дамбавецкім. Можна наведаць парк, дзе знаходзіцца эфектны неагатычны палац, і пабачыць унутраны інтэр'ер аднаго з яго памяшканняў, дзе месціцца бібліятэка.

Калі з'явіцца вялікае жаданне, ёсць магчымасць арганізаваць выступленне перад гасцямі народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў.

Наперадзе горад Ліда. Знаёмства з гісторыяй горада пачынаецца ад сцен замка Гедзіміна 1323г. Турыстам прапануем агледзець замак, падняцца на чацвёрты паверх вежы, дзе экспануецца рыцарскі рыштунак. Дарэчы, і ў гэтым годзе ў Лідскім замку ў чарговы раз праводзіўся рыцарскі турнір. Падобныя фэсты рыцараў ужо традыцыйныя і будуць рэгулярна праходзіць у Лідзе.

Пасля гэтага адпраўляемся на пешую экскурсію па горадзе. Аглядаем помнік архітэктуры барока - касцёл Узвіжання Святога Крыжа, затым помнік Ф.Скарыну, помнік архітэктуры класіцызму - Свята-Міхайлаўскую царкву.

Турыстаў можа зацікавіць наведванне гісторыка-мастацкага музея, у якім 33000 музейных прадметаў асноўнага фонду і 4000 навукова-дапаможнага. Багатая калекцыя манет, ордэнаў і медалёў. Археалагічная калекцыя складае 18213 адзінак. У мастацкай калекцыі 100 прац жывапісу і 50 графікі.

Змястоўныя матэрыялы па гісторыі архітэктуры горада, гісторыі вайны размешчаны ў экспазіцыях музея СШ №8 па вуліцы Ігнатава, 34.

Апошняй кропкай гэтага турыстычнага маршруту будзе падарожжа ў музей Ігната Дамейкі, што ў Крупаўскай СШ. Тут госці змогуць пабачыць шматлікія фотакопіі дакументаў, малюнкаў, кніг, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю нашага знакамітага земляка. У двары школы ўстаноўлены памятны камень у гонар І.Дамейкі.

Бясспрэчна, ад двухдзённай вандроўкі па Лідчыне ў турыстаў застануцца добрыя ўражанні. Госці не толькі пашыраць свой кругагляд, але, што самае галоўнае, пераканаюцца: у нашым краі таксама ёсць цудоўныя мясціны, тут шмат чаго можна пабачыць і добра адпачыць.

Змест

Ёсць такi куточак.

Апошні ўладальнік маёнтка "Бердаўка".

Якая справа, такая і слава.

З гісторыi калгаса «Бердаўка»

Ён пабудаваў сабе помнік.

Адукацыя ў Бердаўскім сельскім савеце

Вернасць доўгу.

Чалавечае шчасце.

"Усе мы з весачкі-калыскі"

Бердаўскі гісторыка-краязнаўчы народны музей

Вандроўка па Лідчыне.

Анатоль Крупа нарадзіўся 02.03.1955г. у в. Мастаўляны Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1982 годзе закончыў гістрыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Працуе дырэктарам Бердаўскай сярэдняй школы-дзіцячага сада, выкладае гісторыю. Стварыў гісторыка-краязнаўчы музей. Аўтар публікацый па краязнаўству.

Пакінуць след на зямлі

Мастацкае афармленне Г.А.Альшэўская

Камп'ютэрная вёрстка Дз.М.Ёрш

Карэктары М.А.Сяўко, Г.А.Альшэўская

Камп'ютэрны набор Г.А.Кравель

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX