Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Дайнава - забытае княства, забыты народ 


Аўтар: Станіслаў Суднік,
Дадана: 31-07-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец №18.



У Дзітвянскім сельсавеце ёсць вёскі Дайнава` - І і Дайнава` - ІІ. Паводле тананімічных слоўнікаў назва "Дайнава`" - этнонім і паходзіць ад назвы племені (групы плямёнаў, народа) "дайнава`" ("дайно`ва").

Назвы, у аснове якіх ляжыць этнонім "дайнава`" дастаткова распаўсюджаныя і акрэсліваюць дастаткова вялікі рэгіён. Акрамя Лідскага раёна вёскі з назвай "Дайнава`" ёсць у Бастунскім і Беняконскім сельсаветах Воранаўскага р-на, у Геранёнскім с/с Іўеўскага р-на. Вёска "Дайнова" - у Гудагайскім с/с Астравецкага раёна. Вёскі з назвай "Дайноўка" размешчаны ў Воранаўскім п/с Воранаўскага раёна, у Гудагайскім с/с Астравецкага раёна, Каменаложскім с/с Ашмянскага раёна. Вёска Дайнаполе знайходзіцца ў Барунскім с/с Ашмянскага р-на, вёска Дойнеўцы - у Крэўскім с/с Смаргонскага раёна.

Вёскі Дайнава і Дайноўка ёсць у Валожынскім раёне. Менскай вобласці.

Вёска Дайнава знайходзіцца ў Укмергскім раёне Літвы, за 10 км на паўднёвы захада ад Укмерге.

Літоўцы выдзяляюць Дайнаўскую нізіну, пясчаную раўніну на паўднёвым усходзе Літвы ўздоўж рэчак Воке, Мяркіс, Котра і Балтойн-Анна, якая аддзяляе азёрную Балтыйскую граду ад Лідскай раўніны і Гарадзенскага ўзвышша.

Дайнаўская пушча - самы вялікі лясны масіў Літвы. Займае больш паловы Варэнскага раёна Літвы.

Паводле гістарычнай традыці - этнонімы ў назвах населеных пунктах скарыстоўваюцца, як правіла на краях арэолу рассялення этнасу. Таму акрэсліўша нашыя тапонімы мы атрымоўваем даволі вялікі рэгіён. Наклаўшы абрысы гэтага рэгіёну на адміністрацыйныя карты розных часоў выразна бачым, што ён накладваецца то на абрысы Віленскага краю, то часткі Віленскага ваяводства. Дайноўскі арэол на 60-70 % накрывае рэгіён лакалізацыі летапіснай Літвы паводле Алеся Краўцэвіча.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі азначае дайноўцаў, як нашчадкаў яцвяжскага пленені. У 13-14 ст. мелі княства, якое займала тэрыторыю паміж Нёманам (правыя прытокі Дзітва, Гаўя з р. Жыжма) і Віліяй, па р. Котра межавала з Гарадзенскім княствам.

Паводле Тодара Нарбута Дайнаўскае (Дайноўскае) княства існавала ўжо ў 1180 годзе. Тодар Нарбут вызначаў Ліду, як магчымую сталіцу гэтага княства. Адсюль і ўсплывае разпораз гэтая дата ў гісторыі горада. Але ўпершыню ў пакуль што вядомых пісьмовых крыніцах Дайноўскае княства згадваецца ў 1255 (1259) годзе (грамата Вялікага князя Міндоўга да крыжакоў, магчыма падробленая).

У 1260-х гадах дайноўцы страцілі сваіх князёў і прызвалі на княжанне Трайдзеня. Абапіраючыся на дайноўцаў Трайдзень стаў Вялікім князем Літоўскім. Княжыў у 1269 (1270) -1282 гадах. 1269 (1270) год такім чынам можна лічыць годам уваходжання Дайноўскага княства ў склад ВКЛ. Але, калі яшчэ раз глянуць на дайноўскія тэрыторыі, то на момант уключэння іх у ВКЛ яны склалі каля трэці тэрыторыі Вялікага княства, што пры этнічнай стракатасці астатніх зямель вызначыла ім дамінантнае становішча ў новай дзяржаве.

Адам Кіркор у "Жывапіснай Расіі" яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя фіксуе дайноўцаў, як асобны этнас у Восаўскім, Жырмунскім, Мытлянскім і Лідскім прыходах Лідскага павету.

У свой час дайноўцы, як і ўсе яцвягі, вызначаліся тым, што ніколі не здаваліся ў палон, былі зацята непакорныя. Гэтыя рысы яцвяжскага характару захаваліся ў тых мясцінах да сёння. Калі ў сакавіку 1943 года немцы расстралялі лідскіх ксяндзоў, менавіта жыхары Дайнавы ноччу выкапалі іх і пахавалі проста ў вёсцы ў агародзе сям'і Ухтаў. За гэта немцы пусцілі б з дымам усю вёску, але дайноўцы не баяліся, бо ведалі, што ніхто не выдасць.

Зыходзячы з усяго сказанага, пытанні этнічнага часавога і прасторавага размежавання дайнавы і літвы нельга лічыць завершанымі.

Разам з тым, калі пачаць улічваць дайнаву, або дайноўцаў у ранняй гісторыі ВКЛ, то з'яўляюцца адказы па мноства пытанняў адносна тапонімаў гэтай тэрыторыі, адносна прозвішчаў, адносна імёнаў вялікіх князёў, верагодна, дайноўскіх імёнаў.

Улік дайнавы рэзка ўзмацняе мяжу паміж Летапіснай Літвой і сённяшняй Жамойціяй. Адна справа, калі гэта мяжа (паводле адной з канцэпцый) паміж двума ўсходне-балцкімі этнасамі. Іншая справа, калі гэтая мяжа паміж жэмайтамі і яцвягамі - дайновай.

Усё сказанае не ёсць прэтэнзіяй на нейкую новую трактоўку нашай ранняй гісторыі, сказанае ёсць запрашэннем да вывучэння дайноўскай тэматыкі ў гісторыі Беларусі.

"Лідскі летапісец" вернецца да гэтай тэмы яшчэ не раз. Мы пакажам і ролю Трайдзеня, каб паглядзець на яго, як на Дайноўскага князя. Мы разгледзім і ролю Ліды, дзе паводле паданняў адбыўся з'езд дайноўскіх, а магчыма і іншых балцкіх князёў з мэтай заключэння саюзу дзеля сумесных дзеянняў. Пастараемся знайсці і апублікаваць "Грамату Міндоўга".

Гэтай жа публікацыяй мы хацелі б заахвоціць перш за ўсё маладых незаангажаваных гісторыкаў да цікавай тэмы ў нашай вялікай гісторыі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX