Вярнуцца: Гайцюнішкі

Трохі пра Гайцюнішкі Hajciunishki


Аўтар: Лаўрэш Л.,
Дадана: 20-12-2005,
Крыніца: Наша Слова № 726.

Спампаваць




У гісторыі Лідчыны Гайцюнішкі з'яўляюцца ў XVI ст. Згодна інвентара 1565 г. маёнтак належаў Рымшам і (21KB) Дом - крэпасць, малюнак Напалеона Орды. складаўся з двара і гаспадарчых пабудоў. У двор уваходзілі тры жылыя дамы, стайні і гароды. Гаспадарчыя пабудовы, агароджаныя дылямі, мелі двое весніц ( варот).

У XVII ст. Гайцюнішкі належаць Нонхартам. Нявядома адкуль гэты род паходзіў і як па сапраўднаму гучала прозвішча. Іх лічылі курляндскай шляхтай, таму што іхняе прозвішча выглядала як курляндскае. Два родныя браты, Пётр і Станіслаў Нонхарты, за вялікія заслугі перад краінай у часе вайсковых дзеяняў з Масквой і шведамі, у 1590 г. атрымалі пацвярджэнне свайго шляхетства, ягое яны мелі раней ад імператара германскай імперыі. Быў таксама падтверджаны іх герб: "Срэбны якар на чырвоным полі".

Пётр Нонхарт жаніўшыся на Падбярэзскай, пратэстанцы, займеў пасаду Віленскага гараднічага, і будаўнічага каралеўскага замка ў Вільні. Як высокакваліфікаваны прафесіянал, быў адпаведна ацэнены і атрымаў Гайцюнішкі. Верагодна, што адзіная дачка Пятра, Зузана, выйшла замуж за Юрыя Храптовіча (1586-1650 г.), ваяводу наваградскага, і перадала яму ў пасаг Гайцюнішкі. Пасля Юрыя, Гайцюнішкі атрымаў у спадчыну яго старэйшы сын Адам Храптовіч, жанаты на Елізавеце Ісайкоўскай.

Не вядома, якім шляхам, пасля Храптовічаў, гэтая маёмасць дасталася Шротэрам (герб - Любіч), шляхце інфляндскага паходжаня, і калі Гайцюнішкі дасталіся Путкамерам.

Хутчэй за усё гэта быў пасаг Дароты Шротэр, другой жонкі Ваўжынца Путкамера, стольніка інфляндскага. На пачатку XIX ст., а можа і раней Гайцюнішкі ўжо былі маёмасцю фон дэр Остэн-Сакенаў. Ягоная дачка Вераніка, выйшла замуж у 1830 г. за Адама Рымшу (герб - Гоздава), атрымала маёмасць як свой пасаг. Пасля Веранікі і Адама, усё гэта атрымала ў спадчыну іхняя дачка Алена, жонка Рамуальда Рымшы. Перадапошнім уладальнікам Гайцюнішак быў сын Алены і Рамуальда- Эдвард Рымша (1863-1937 гг.), жанаты на Яніне Лавянецкай. Апошнімі ўладальніцамі маёнтка былі ягоныя две дачкі: Алена (нарадзілася 19.02.1911г., была замужам за Янам Гаштоўт-Ажынскім) і Зоф'я (нарадзілася 23.06. 1913 г., жонка Напалеона Сянкевіча)

Дом-цвердзь. Узведзены ў паўднёвай частцы вёскі, на левым беразе р. Жыжма ў 1611-12 гг. з цэглы будаўніком і начальнікам каралеўскіх збудаванняў у Вільні П. Нонхартам разам з інжынерам-фартыфікатарам Ван Данэнам. Будынак простакутны ў плане, двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны трохпавярховай простакутнай вежай з невысокім, кубічным, арачным уваходам, прыбудаваным пазней. Чатыры вуглавыя вежы круглыя, накрыты шатрамі. Кожная вежа з вузкімі вокнамі - байніцамі, што дазваляла абаронцам з усіх бакоў кантраляваць подступы да дома. На 1-м паверсе знаходзіліся службы і казарма для невялікай залогі, наверсе - "панскія" пакоі і сталовая.

(14KB) Дом - крэпасць, фота Яна Булгака, 1914 г..(13KB) Дом - крэпасць, фота Яна Булгака, 1914 г..

У гадах 1900 - 1905 г. Эдвард Рымша дабудаваў да яго шырокі ганак, з тэрасай, сапсаваўшы такім чынам чысціню і арыгінальнасць першапачатковага праекту.

Эдвард Рымша , пад час дабудовы, знайшоў насценныя малюнкі са сцэнамі палявання, якія аднак не закансерваваў. Ёсць меркаванне, што гэтыя малюнкі належалі пэндзлю вядомага Віленскага мастака і ўладальніка маёнтка Шротара.

(17KB) Капліца ў Гайцюнішках, здымак Яна Балзункевіча, пачатак 20-га стагоддзя.

У гэтым доме - цвердзі паспяхова вытрымалі аблогу шведы пад час паўночнай вайны, атакаваныя войскамі саксонскага караля Аўгуста ІІ.

У маёнтку былі архіў і бібліятэка, якія загінулі пад час І-й сусветнай вайны. Ацалела толькі "Генеалогія роду Рымшаў", якая сягала часоў хрышчэння Літвы.

Маёнтак акружаў тары парк, плошчай 15 га, раслі ў ім у асноўным ліпы і лістоўніцы, многім з якіх было ўжо больш за 300 год.

У польскай філалогііі з'явілася версія пра тое, што Гайцюнішскі дом-цвердзь стаў правобразам Міцкевічавых Сапліцова і Гарэшкавых. Доўгі час лічалася што праобразам Сапліцова былі Туганавічы, пазнейшыя даследчыкі размяшчалі яго ў Міры ці нават у Вялікапольшчы. Новую цікавую і цалкам праўдападобную гіпотэзу сфармуляваў прафесар Рышард Керсноўскі ў артыкуле "Замак Гарэшкаў і яго жыхары". Ён сабраў шмат фактаў, на карысць слушнасці версіі аб Гайцюнішках.

У 1946 - 49 гг. у доме - цвердзіі знаходзілася школа механізатараў. З 1960 г. - абласная псіхіатрычная бальніца. Быў праведзены капітальны рамонт, у выніку ўнікальны дом -

цвердзь добра захаваўся і зараз у ім знаходзіцца адміністратыўны будынак бальніцы. Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы XIX- 1-й паловы XX ст.

Капліца. Стаіць у паўднёва-ўсходняй частцы вёскі, каля дарогі. Пабудавана ў 1633 г. з цэглы як кальвінскi збор па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П. Нонхарта Зузаны.

Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў а пазней Шротараў і іншых уладальнікаў Гайцюнішак кальвінскай веры (Статкевічы, а таксама пахаваны Остэн-Сакены).

Простакутны ў плане будынак і такая ж алтарная частка. Асноўны аб'ём быў накрыты чарапічным вальмавым дахам. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, завершаны шырокімі прафіяляванымі карнізамі і умацаваны магутнымі контрфорсамі, схілы якіх накрыты чарапіцай. У сутарэннях знаходзіліся труны з муміфікаванымі целамі пахаваных. Высокую каштоўнасць мелі алтар і казальніца XVII ст. Капліца парушана ў часы калі ў доме-цвердзі знаходілася школа механізатараў. Пры гэтым гатычная цэгла выкарыстоўвалася на будаўніцтва гаспадарчых пабудоў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX