Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Да гісторыі Курасёўшчыны 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 08-11-2016,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Да гісторыі Курасёўшчыны // Лідскі летапісец №1(73)-2016. C. 30-31.



Шаноўны рэдактар часопiса "Лiдскi Летапiсец"

Я вельмi ўдзячны, Вам, а таксама краязнаўчаму музею Ёдкаўскай школы за тое, што дзякуючы ўсiм вам, я змог знайсцi на мапе месца радаводу маіх продкаў. Уводзячы назву Kurosiowszczyzna і Куросевщина, я не змог знайсцi адпаведнага адказу: дзе гэтая мясцовасць, цi iснуе ў рэчаiснасцi? І толькi, калi я ўпiсаў на беларускай мове Курасёўшчына, адразу высвецілася адпаведная тэма і ваш артыкул. Усё гэта натхніла мяне напісаць Вам на беларускай мове (не судзіце строга). Я дасылаю вам фрагмент свайго радаводу, з якога вынікае, што мой далёкі продак Самуэль Радзiвiловiч (Samuel Radziwillowicz) маёр (major) войск ВКЛ меў у спадчыне (dziedziczyl) маёнтак Курасёўшчына (Kurasiowszczyzna) ў павеце Лiдскiм. Ужо пазней яго сыны: Ежы - скарбнiк віцебскі (Jerzy Skarbnik Witebski), Францiшак (Franciszek) і Мiхал - ротмiстр ашмянскi (Michal Rotmistrz Oszmianski) прадалi Курасёўшчыну Юзафу Тукалу (Jozef Tukallo) ў 1710 годзе 9 красавiка за 8500 злотых, а 12 красавiка 1710 года была прызнана (купля-продаж) у Лiдскiм земстве.

З наяўных дакументаў не вядома, з якога часу валодалi Курасёўшчынай Радзiвiловiчы і іх продкі.

З павагай,

Раман Бараноўскі , Вільня.


Па просьбе рэдакцыі дасланы аркуш расчытаў і адаптаваў да сучаснай беларускай мовы, на колькі гэта дазволіла якасць, Леанід Лаўрэш. Расчытка пацвярджае прыведзеныя ў лісце Рамана Бараноўскага звесткі.

Вывад - радаслоўная шляхецкай фаміліі Радзівілавічаў герба Любіч

Года тысяча восемсот трыццаць пятага,
лістапада, другога дня.

ывад - радаслоўная шляхецкай фаміліі Радзівілавічаў герба Любіч.

Перад намі, Янам Марцінкевічам Жабам, маршалкам Віленскай губерні, стацкім дарадцам і старшынствуючым кавалерам, а таксама дэпутатамі ад паветаў Віленскай губерні, а менавіта: Ковенскага - Бернардам Кудароўскім, дарадцам ... і Упіцкага - Феліксам Ялавецкім, чыноўнікам 8-га класа і кавалерам, былі выслуханы і разгледжаны довады шляхецкага паходжання. Імі (Радзівілавічамі - Л.Л.) быў складзены вывад шляхецкай радаслоўнай фаміліі ўроджаных Радзівілавічаў герба Любіч. Пры просьбе ЯМ шляхціца Юзафа сына Яна Радзівілавіча, у якой ідзе размова пра яго фамілію, ёсць дададзены дакумент ад 7 верасня 1799 г., у якім прызнаецца шляхецкая годнасць і з гэтым дакументам просьба незаконнароджанага (?) Баніфацыя, а таксама стрыечных Фелікса і Базыля Юзафавічаў ... быў далучаны дакумент ад 15 снежня 1820 г. ... у гэтым дэкрэце ... прывілей продка Самуэля Радзівілавіча, іншыя дакументы па дэкрэту ...., апрача таго, даверанасць з рэзалюцыяй 1820 г. знікла, трэба паўторна разгледзець справу, але гэтай фаміліі не ўсе асобы, а таксама прадстаўленыя ў Геральдыю доказы праходзяць працэдуру. Сабраўшы аб сваёй галіне шляхецкія дакументы і склалі ў гэтую Дэпутацыю для сфармавання папраўчага дэкрэту і прадстаўлення цэлай справы ... для выраку Геральдыі з наступным тэкстам: "Самуэль (?) Радзівілавіч быў маёрам войск Вялікага Княства Літоўскага, а праз грамадзянскія заслугі атрымаў давер караля польскага Уладзіслава IV, праз гэтага манарха абраны камісарам для вызначэння маставой аплаты на рацэ Нёмане, праз які ішла дарога з Варшавы да Гародні і Вільні, доказам гэтага ёсць прыкладзены прывілей вышэйназванага караля 1699 чэрвеня 12 дня. Той самы маёр Радзівілавіч ў Лідскім павеце дзедзіч маёнтка з падданымі Курасёўшчына, які яго сыны Ежы - скарбнік віцебскі, Францішак і Міхал - ротмістр ашмянскі, за 8 500 зл. назаўсёды Юзафу Тукалу прадалі, як гэта даводзіць дакумент аб вячыстым праве продажу памянёнымі сынамі Самуэля Радзівілавіча ад дня 9 красавіка 1710 г., а 12 таго ж месяца і года Лідскім земскім судом (дамова - Л.Л.) прызнана. З іх Міхал Радзівілавіч меў ... праз набыццё маёнтак Шчэпанавічы ў Ашмянскім павеце, які пасля яго смерці дастаўся тром яго сынам Антонію, Яну і Уладзіславу, а гэты апошні, трэцюю частку памянёнага маёнтка свайму сыну Ежы (Юрыю - Л.Л.) падараваў, пра што ўсім сведчыць дакумент на права дарэння ад Уладзіслава Міхайлавіча Радзівілавіча сыну Ежы ў 1768 г." ...


Такім чынам, дзякуючы Раману Бараноўскаму, на гістарычным ланшафце Лідчыны з'яўляецца шляхочы род Радзівілавічаў або Радзівіловічаў, якія займалі значныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім (каралеўскі камісар, скарбнік віцебскі, ротмістр ашмянскі). У гісторыі Курасёўшчыны з'яўляецца 1710 год.

Далейшыя пошукі па роду Радзівіловічаў могуць даць і больш раннія даты. Дзесьці, напэўна, ёсць дакументы, якія сведчаць і пра тое, як Курасёўшчына трапіла да Радзівіловічаў, бо паводле правілаў утварэння беларускіх тапонімаў: Курасёўшчына - спадчына пасля Курася (Кураша, Каруся), а гэта значыць, што або быў нейкі Курась Радзівіловіч, або Радзівіловічы неяк гэтую Курасёўшчыну ад некага набылі.

Падрыхтаваў Станіслаў Суднік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX