Вярнуцца: Населеныя пункты

Фальварак Курасёўшчына


Аўтар: Акола Вікторыя, Агарка Святлана,
Дадана: 06-11-2012,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 57.



Фальварак Курасёўшчына ў сістэме шляхочых сядзіб Беларусі і яго ўладальнікі

У нашай культурнай спадчыне шляхочай сядзібе належыць адмысловае месца. Без увагі, разумення і цікавасці да гэтага феномену няма і не можа быць разумення нашай гісторыі, любові да сваёй малой радзімы. Сядзіба - дзіўна ёмістае паняцце. Яно дае навочнае ўяўленне літаральна аб усіх працэсах, якія адбываліся ў гісторыі і культуры беларускіх земляў у XIX - пачатку XX стагоддзяў. Уяўленне падказвае, як гадоў 100-150 назад выглядаў "культурны ландшафт" нашай краіны. Нароўні з малымі і вялікімі гарадамі, вёскамі і мястэчкамі, цвердзямі і кляштарамі, сядзібы адыгрывалі ледзь ці не галоўную ролю ў гэтым ландшафце. Там, дзе сядзіба, там панскія асабнякі і службы, флігелі і аранжарэі, паркі і сажалкі, алеі і прыстані. Усякая сядзіба - гэта ў адпаведнай ступені яшчэ і музей, паколькі ў ёй стагоддзямі назапашваліся велізарныя гістарычныя і мастацкія каштоўнасці - карціны, кнігі, парцалян. У панскіх асабняках хаваліся незлічоныя, складзеныя некалькімі пакаленнямі асвечаных людзей, зборы дакументаў, партрэтаў, мэблі. А людзі, якія жылі ў сядзібах! Як шмат сярод іх было па-сучаснаму таленавітых пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў! Ды проста сумленных, энергічных людзей!

Тым часам, саміх сядзібаў, паркаў становіцца ўсё менш і менш. Сляды сядзібнай культуры рупліва сціраліся ў пореформенны час, неміласэрна знішчаліся ў гады першай рускай рэвалюцыі, у дваццатыя гады. Кожнае дзесяцігоддзе XX стагоддзя ўнесла свой ўклад ў гэты вар'яцкі і бязлітасны працэс. Абараняць сядзібу няма каму. Пазбаўленая сапраўдных уладальнікаў, яна асуджана на канчатковую згубу. Выратаваць сядзібу нельга. Затое яе можна вывучаць. У гісторыі шляхочай сядзібы можна знайсці айчынныя традыцыі аграноміі, прадпрымальніцтва, гасцінічнай і рэстараннай гаспадаркі, спорту, адпачынку. І гэта вывучэнне, аднойчы пачаўшыся, спадзяемся, будзе працягвацца заўсёды.

Сядзіба Курасёўшчына (Курасоўшчына, Курасеўшчына, Курсеўшчына) Лідскага павету Віленскай губерні - згубленая спадчына. Яе сляды можна знайсці сёння ў вёсцы Навіцкія-2 Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці.

У пошуках згубленага прыйшлося прарабіць вялікі шлях.

Перш чым шукаць сляды сядзібнага жыцця ў Курасёўшчыне, мы вырашылі вывучыць ролю шляхты і дваран-абшарнікаў, а таксама іхніх радавых гнёздаў у айчыннай і расійскай гісторыі.

Дваранства - вышэйшае прывілеяванае саслоўе ў Расійскай дзяржаве да 1917 года. У ВКЛ аналагічнае становішча займала шляхта, якая пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя ў большасці сваім атрымала правы расійскага дваранства.

У XIX стагоддзі 14% дваран у Беларусі валодалі зямлёй і прыгоннымі сялянамі (абшарнікі), 86% не мелі сялян (шляхта). На беларускіх землях, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў Расійскай імперыі, дваранства складала адносна высокі адсотак насельніцтва. Напачатку 1860-х гг., напрыклад, у Віленскай губерні ён раўняўся 6,04%, у той час як у цэлым па Расіі - 3%. Нягледзячы на тое, што колькасць дваранства адносна агульнай колькасці насельніцтва імперыі была невялікай, яго ўплыў на ўсе бакі жыцця краіны і ўсе пласты грамадства быў велізарны.

Вызваленыя ад абавязковай вайсковай службы дваране мелі магчымасць займацца ўладкаваннем сваіх маёнткаў, якія былі асноўнай крыніцай сродкаў да існавання.

Дваранская сядзіба, якая на Беларусі мела назвы маёнтак, фальварак, двор - гэта ўнікальны па сваіх грамадскіх функцыях цэнтр эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця некалькіх пакаленняў дваран.

У руплівасці вядзення гаспадаркі многія з сядзібаў былі прыкладам для наваколля. У Адамполі Храптовіч упершыню ў Беларусі ўжыў шматпольны сеўбазварот: былі і васьміпольныя сеўбазвароты, і нават дванаццаціпольныя. Была праведзена меліярацыя і пракладзена дрэнажная сістэма, а апрацоўвалі зямлю не матыкай і лапатай, а сельскагаспадарчымі машынамі таго часу - ангельскай і амерыканскай вытворчасці. Тут было больш за 450 кароў швейцарскай пароды. А з іх малака на мясцовай сыраварні рабілі сыры, швейцарскіх і галандскіх гатункаў. Проста адгэтуль яны пастаўляліся ў Варшаву і Санкт-Пецярбург. Яшчэ тут займаліся адкормам валоў, якіх было больш за 300 - вялікія, па паўтары тоны кожны. Трымалі іх у адмысловых хлявах, дзе ўжо ў той час усё было механізавана. Пасярод хлява былі пракладзены рэйкі, па якіх рухаліся вагончыкі і дастаўлялі корм да кожнай кармушкі. Акрамя валоў гадавалі коней, авечак і свіней. Свіні былі замежнай пароды - ангельскай. Тут працавалі цэлыя тры бровары, а ў 1878 годзе замест іх пабудавалі адзін трохпавярховы спіртзавод адмысловай канструкцыі. Тут стаяла паравая машына на 80 конскіх сіл. Ад яе працавалі і млын, і алейня, і малатарня. І спірту на гэтым заводзе за год рабілі 160 тысяч літраў.

Прадукты з Адамполя карысталіся вялікім попытам, і не толькі ў Беларусі, але і ў далёкім замежжы. Таму на Нёмане была пабудавана прыстань: тавар везлі туды і па рацэ сплаўлялі да Балтыйскага мора, у порт Кёнігсберг, адкуль тавар ішоў у замежныя краіны.

Пасля адмены прыгоннага права значна пашырала сфера прадпрымальніцкай дзейнасці дваранства і ў далёкіх ад сельскай гаспадаркі абласцях: страхаванні, будаўніцтве, прамысловасці, банкаўскай справе. Сродкі для такой прадпрымальніцкай працы яно часткова атрымлівала ад выкупных аперацый, гэта значыць ад выкупу сялянамі ў абшарнікаў зямельных надзелаў. Частка дваранства атрымлівала на гэта сродкі ад закладу як зямлі, так і сядзібаў, а таксама ад здачы зямлі ў арэнду. Не толькі буйныя землеўладальнікі, якім напачатку XX стагоддзя ў Расійскай імперыі належала дзве тысячы буйных прамысловых прадпрыемстваў, і якія займалі каля 1200 пасад у кіраваннях і радах акцыянерных кампаній, сталі ўладальнікамі каштоўных папер і нерухомасці. Значная частка і сярэдніх землеўладальнікаў папаўняла шэрагі ўласнікаў невялікіх гандлёва-прамысловых устаноў. Многія набылі прафесіі лекараў, юрыстаў, сталі пісьменнікамі, мастакамі, артыстамі. Усё гэта прывяло да таго, што значная частка маёнткавага дваранства страціла сувязь з зямлёй. Яно паступова выцяснялася сялянамі і купцамі. Аднак яго ўплыў на ўсе бакі жыцця краіны і ўсе пласты насельніцтва па-ранейшаму быў вялікі.

На мяжы XIX - XX стагоддзяў гэты ўплыў станавіўся ва ўсё большай ступені ўплывам у вобласці культуры і мастацтва.

Культура дваранскай сядзібы - гэта не толькі ўзаемадзеянне розных відаў мастацтва, мастацкага, літаратурнага і грамадскага жыцця, але і паўсядзённага побыту, заснаванага на традыцыях грамадства. Тып абшарніцкай сядзібы XVIII-XIX стагоддзяў уяўляў сабою комплексны архітэктурна-паркавы ансамбль, які складалі звычайна панскі дом з флігелем (ці флігелямі), абслуговыя пабудовы - стайні, аранжарэі, адрыны, парк і інш.

Стыль сярэднеабшарніцкіх сядзібаў 20-х ці 30-х гадоў XIX стагоддзя - класіцызм. Сведчыць вядомы гісторык XIX стагоддзя граф М. Д. Бутурлін: "…мізэрныя дзедаўскія абшарніцкія хаткі, усе амаль шэра-папялістага колеру, дранкавая ашалёўка і дранкавыя дахі якія ніколі не фарбаваліся… У больш мудрагелістых вясковых пабудовах прыляпляліся, так бы мовіць, да гэтага шэрага фону чатыры калоны з франтонным трыкутнікам над імі. Калоны гэтыя былі ў больш заможных абтынкованыя і вышмараваныя вапнаю гэтак жа, як і іх капітэлі; у менш дастаткавых абшарнікаў калоны былі з кепскага хваёвага бярвення без усякіх капітэляў".

У сядзібах адмысловая ўвага надавалася садам і паркам. Адпавядаючы густам гаспадара, яны адлюстроўвалі і мастацка-эстэтычныя павевы эпохі.

У 1-й палове XIX стагоддзя сады яшчэ захоўвалі планоўку, пакінутую ад рэгулярных паркаў, астатняе дадавала прырода. Менавіта стары разрослы рэгулярны парк лёг у аснову стылю сядзібных садоў. "У іх увесь час праглядаецца і рэгулярная планоўка, і выхады за межы рэгулярнасці, створаныя самой прыродай, яе вечнымі сіламі", - адзначаў акадэмік Д.С. Ліхачоў у сваёй кнізе "Паэзія садоў".

Пачынальна з другой паловы ХІХ стагоддзя планоўка сядзібаў становіцца вельмі разнастайнай. Многія сядзібы набываюць відавочныя ўтылітарныя рысы, становяцца магутнымі гаспадарча-вытворчымі комплексамі. Сядзібнае дойлідства гэтага часу прадстаўлена шматлікімі мясцовымі варыянтамі, у якіх адлюстраваны матэрыяльныя магчымасці ўладальнікаў, іх густы і геамарфалагічныя ўмовы. Сядзібныя дамы будуюцца ў стылі неаготыкі, неакласіцызму з выкарыстаннем формаў псеўдарускага стылю драўлянага дойлідства. Шэраг дамоў быў выбудаваны ў рэтраспектыўна-замкавых формах.

Незвычайная разнастайнасць выявілася і ў садова-паркавай вобласці. Усё часцей пачалі выкарыстоўвацца прыёмы рэгулярнай планоўкі, узрастала ўтылітарнасць. Уладальнікаў сядзіб вабіла практычнасць і выгода рэгулярных паркаў, у якіх вырошчваліся пладовыя дрэвы, пладова-ягадныя, кветкавыя і агароднінныя расліны. У сярэдзіне XIX - пачатку XX стагоддзяў шырока ўжывалася імітацыя рэгулярнага парку, для чаго выкарыстоўвалі цесную пасадку ліп ці клёнаў у вузкіх алеях. Гэта было вылучна айчыннае вынаходства. У Заходняй Еўропе нічога падобнага не назіралася.

Будуючы сваю сядзібу, шляхочая сям'я ў першую чаргу шукала ў ёй пачуццё камфортнасці, абароненасці, волі і функцыянальнасці. А афармляючы яе інтэр'ер, яна задавальняла свае эстэтычныя густы, амбіцыі, імкнулася праз інтэр'ер захаваць гісторыю страчанай даўніны, і выхоўваць у сваіх дзецях гістарычную памяць

Інтэр'ер сядзібы ХІХ - пачатку XX стагоддзяў дыктаваў яе жыхарам стыль паводзін, псіхалагічную ўстаноўку і настрой. А рэчы, з якіх ён складаўся, стваралі вакол сябе адпаведны культурны кантэкст, уключалі сям'ю ў культурную традыцыю. Унутранае ўладкаванне такіх панскіх дамоў, па сведчанні гісторыка М. Д. Бутурліна "было зусім аднолькава ўсюды, яно паўтаралася без усякіх амаль змен ва ўсіх губернях". І багатыя і дробныя сядзібы мелі традыцыйную для ХІХ стагоддзя планоўку: сенцы дзялілі хату на два функцыянальных прасторы - госцевую і прыватную з гаспадарчай часткай. Да таго ж у 1-й палове ХІХ стагоддзя існавалі адмысловыя парады, літаратурныя рэкамендацыі па афармленні сядзібы для вясковай, сярэдняга дастатку шляхочай сям'і.

К. Накваска ў сваёй шматтомнай працы "Dwor wiejski" пісала пра неабходнасць у доме наступных пакояў: сенцаў ці перадпакоя з печчу ці камінам, сталовай, спальні, гардэробнай і дзіцячай пакояў, мужчынскага ці, як яго звалі "кавалерскага", памяшкання для гасцей, для забаў, більярдавага пакоя. Калі дазвалялі магчымасці, раіла яна, можна дадаць сюды яшчэ сямейную каплічку, і пакоі для старэйшых сыноў.

Прыкладна ў 30-я гг. ХІХ ст. пачалася мадэрнізацыя шляхочай сядзібы. Штодзённыя і святочныя справы, гульні патрабавалі асобных пакояў. Увага надавалася не толькі гасцявым пакоям, але і звычайным жылым памяшканням.

Сядзібныя дамы перарабляліся на ангельскія катэджы і італьянскія вілы. Прыйшла іншая эпоха, якая ўносіла камфорт, дастатак і змяняла аблічча асяроддзя. Размываліся межы патрыярхальнай часткі дома на жаночую і мужчынскую часткі. Знікалі "кавалерскія" пакоі для кампаній, што прызначаліся вылучна для мужчын. Замест іх з'яўляліся салоны, будуары, якія размяшчаліся каля сталовай, бальныя залы.

Апальваліся сядзібы шведскімі, галандскімі печамі з белай, зялёнай, блакітнай кафлі і камінамі. Іх дэкаратыўнае афармленне служыла своеасаблівым аздабленнем пакоя. У сярэднім дом з 6-ці жылых пакояў меў 3 печы і 1-2 каміны. Яшчэ адна гаспадарчая печ знаходзілася на кухні. Па ўспамінах І. Ходзькі, у шляхочых сем'ях існавала няпісанае правіла: каля камінаў ставіць вялікія зэдлікі, утульныя канапы, дзе маглі б размясціцца ўсе сямейнікі.

Асвятлялася сядзіба свечкамі і лямпамі. Напачатку ХІХ стагоддзя свечкі былі самаробнымі з прадуктаў уласнай гаспадаркі: заячы ці бычыны тлушч змешвалі са скарыстаным воскам. Пазней у некаторых сядзібах пачалі ўжываць стэарынавыя свечкі. У 2-й палове ХІХ стагоддзя з'явілася нафтавая лямпа. Агонь распальвалі крэсівам. Толькі ў 90-х гадах увайшлі ва ўжытак першыя запалкі. Падлога галоўным чынам была драўлянай.

Вялікая цікавасць выклікае не толькі сама шляхочая сядзіба як помнік культуры, але і асоба "жывога абшарніка" - уладальніка такога маёнтка.

Атрымаўшы агульнае ўяўленне пра абшарнікаў і шляхочыя сядзібы, стала магчымым звярнуцца канкрэтна да сядзібы фальварка Курасёўшчына пад Лідай.

(51KB) Надмагілле Міхала Тукалы на Лідскіх каталіцкіх могілках (пастамент).

Мы запрасілі пра яе звесткі ў архівах Беларусі і Літвы, у розных інтэрнэтрэсурсах, звязаліся з Інстытутам гісторыі НАН РБ, ГДУ ім Я. Купалы, польскім журналістам Ежы Самусікам, якія вывучаюць старадаўнія сядзібы Гарадзеншчыны. У выніку мы знайшлі матэрыялы пра ўладальнікаў фальварка - Тукалаў у шэрагу пісьмовых крыніц. А самае галоўнае, мы знайшлі дзяцей і ўнукаў апошняга фальваркоўца Курасёўшчыны, якія жывуць сёння ў Польшчы (дадатак 1).

Архіўныя дадзеныя, сведчанні і фотаматэрыялы, дасланыя з Польшчы чальцамі сям'і Тукалаў, дапамаглі нам вывучыць генеалогію старадаўняга шляхочага роду Тукалаў.

Першым прадстаўніком роду Тукалаў, пра якога згадваюць пісьмовыя крыніцы 1460 года, быў Мацей Тукала . У 1550 годзе яго сын Ян ажаніўся з Ганнай Булгак. У іх было тры сыны - Станіслаў , Кастусь Станіслаў і Мікалай . Першы ў 1612 годзе займаў пасаду памочніка лідскага суддзі, два іншыя пасяліліся ў 1586 годзе ў сядзібе Ольжава (цяпер вёска Ольжава).

У Віленскім ваяводстве зафіксаваны Мікалай Тукала пад 1648 годам і Крыштаф Тукала пад 1674 годам. Абодва падпісалі элекцыю караля Яна Казіміра ў 1648 годзе.

У рэестры Лідскага павету1690 года пазначаны населены пункт Ольшаў Тукалаўскі і яго ўладальнік Станіслаў Тукала .

Юзаф Тукала гербу Шранява з Ольжава (сын ці брат Станіслава Тукалы) быў лідскім стайнікам да 1717 года. Яго сын Міхал быў лідскім будаўніком. Звесткі пра яго маюцца ў пераліку 1844 года маёнткаў Лідскага павету, складзеным па дадзеных 1834 года: "354. Tukallo Michal s. Jozefa - Kurosiowszczyzna - 55". Паводле гэтых звестак Міхалу Тукалу належала Курасёўшчына з 55-ю прыгоннымі сялянамі. Яшчэ адна пісьмовая крыніца паказвае на тое, што Міхал Тукала быў удзельнікам паўстання Т. Касцюшкі: "5 траўня 1794 гады на падставе "Універсала да ваяводстваў і паветаў правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарадоў вольных" Найвышэйшай Рада ВКЛ у Лідзе была створана Парадкавая камісія Лідскага павету. У яе склад увайшлі…..камісар вайскова-цывільны Міхал Тукала….Пасля 30 траўня парадкавая камісія была расшырана да 21 сябра, складалася яна з 7 аддзелаў….Аддзел бяспекі: Міхал Тукала…"

Некаторыя пісьмовыя крыніцы паказваюць на тое, што на старых каталіцкіх могілках у Лідзе (пр. Перамогі) пахаваны адзін з прадстаўнікоў роду Тукалаў. Мы паспрабавалі адшукаць пахаванне. Справа гэтая аказалася нялёгкай таму, што вялікая частка надмагілляў была пашкоджана падчас Другой Сусветнай вайны бамбёжкамі і абстрэламі і пасля вайны. Аднак мы знайшлі надмагілле, якое, па нашых здагадках, стаіць на магіле Міхала Тукалы. Мяркуючы па фрагментах надпісу, тут яго парэшткі. Добра прачытваюцца першыя дзве лацінскія літары прозвішча Тукалы: TU і апошняя літара: Y . Чытаем: "zwlo (ki) S. P. ... TUK (ALL) Y" Далей: "... l Woj (ska) Polsk (iego) " . Трэба чытаць "генерал Войска Польскага" бо з іншых польскіх вайсковых званняў на "л" заканчваецца толькі званне "капрал", але яно не афіцэрскае, а Тукалы - шляхта. Тым больш, што Міхал Тукала быў Вайскова-цывільны камісар і зусім верагодна атрымаў званне генерала пад час паўстання Касцюшкі. Далей "... 24 Listopada ..." . Верагодна гэта дзень нараджэння. Далей "(zma) rl d. 19 Lipca 18 (4) 7 ". Лічба 4 невыразная, але правы край відзён. Пацвярджае расшыфроўку біяграфія сына Міхала Тукалы - Яна.

Ян Тукала (1811-1905 гг.), сын Міхала быў жанаты на Рацуўной. У працы Чэслава Малеўскага "Rody szlacheckie na Litwie w XIX wieku" ёсць звесткі пра тое, што ён стаў уладальнікам Курасёўшчыны пасля смерці свайго бацькі: "Тукала Tukallo (7.7.1811 г.) - сядзіба Курасёўшчына інакш Валерава (1847-1905 г.), (76KB) Надмагілле Міхала Тукалы на Лідскіх каталіцкіх могілках (адзіная магіла паўстанца Касцюшкі ў Лідзе). з вёскамі Навіцкія, Навасёлкі - 527 дзесяцін, 42 мужч. душ, 46 жан. душ. Ян сын Міхала ў 1847 г.) - парафія Лідская". Ян Тукала стаў уладальнікам Курасёўшчыны ў 1847 годзе пасля смерці свайго бацькі Міхала. Ян быў капітанам Польскага Войска, якое існавала да паўстання 1831 года. Аднак пра ўдзел яго ў паўстанні нічога не вядома. Разам з тым у нейкі перыяд ён быў яшчэ і ўладальнікам Рачкоўшчыны. У іншы перыяд Рачкоўшчына належала яго дзядзьку Валерыю.

Яшчэ адзін сын Юзафа Тукалы - Валеры быў жанаты з Эльжбетай Немаршчанскай , актыўна удзельнічаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага 1863 года. За тое, што ваяваў у шэрагах паўстанцаў у раёне Аўгустоўскага канала, царскія ўлады канфіскавалі яго маёнтак Рачкоўшчына.

Сын Валерыя Тукалы - Валеры Рышард Тукала жаніўся ў 1891 году з Ядвігай Сабалеўскай з прыходу Сільванаўцы Гарадзенскай парафіі. Яе пасагам была сядзіба Белыя Болоты (сёння гэта тэрыторыя Беларусі, Гарадзенскі раён).

Гэтая сядзіба стала галоўным месцам пражывання сям'і Тукалаў, і менавіта там нарадзіліся і выраслі сямёра дзяцей Валера Рышарда і Ядвігі Тукалаў.

У лісце, атрыманым ад Цэцыліі Тукалы, гаворыцца, што Валеры Рышард Тукала памёр у 1929 гозе і пахаваны, паводле яго жадання, на могілках у Лідзе. Яго апошняй воляй было даручэнне да сваіх сыноў аднавіць родавыя пахаванні Тукалаў на гэтых могілках. Нажаль, магіла Валерыя Рышарда пакуль не знойдзена.

Ядвіга Тукала-Сабалеўская, нарадзіўшы сямёра дзяцей, памерла ў маладым узросце. Парэшткі яе ў касцёле, пабудаваным яе бабуляй у 1865-1867 гг. у Сільванаўцах . Там жа трое яе дзяцей: Валеры Ежы (загінуў падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе), Станіслаў (трагічна памёр у 1930 годзе) і Міхал (трагічна загінуў у 1933 годзе).

Да чацвярых іншым дзецей лёс быў больш добразычлівы. Ядвіг а выйшла замуж за Коцкага (памерла ў 1978 г.).

Марыя Галіна была замужам за Юзафам Гурскім, фальваркоўцам у в. Радзівілкі (тэрыторыя Беларусі, Гарадзенскі раён).

Тадэвуш Юзаф ажаніўся з Марыяй Хоўвальт (памёр у 1981 годзе, пахаваны на тэрыторыі Польшчы).

Яўген у 20-я гады XX ст. жаніўся з Геленай з роду Ставецкіх , якія пражывалі ў той час у Гародні. Быў акруговым суддзём у Гародні. У 1930 годзе ад свайго бацькі Валерыя Рышарда Тукалы ён атрымаў у спадчыну сядзібу Курасёўшчына. Займаная ім пасада патрабавала сталай прысутнасці яго сям'і ў Гародні. Праўда, на летні перыяд сям'я выязджала ў сядзібу Монькаўцы, што была часткай маёнтка Белыя Болоты, які належаў у той час брату Гелены Тукалы Тадэвушу.

У Яўгена і Гелены Тукалы было чацвёра дзяцей: два хлопчыкі - Багдан і Ежы , і дзве дзяўчынкі - Цэцылія і Бажэн а. Багдан загінуў у 1944 годзе, ваюючы ў шэрагах Арміі Краёвай. Ежы трагічна загінуў у аварыі ва ўзросце 39 гадоў.

У наш час у польскім горадзе Сопат пражыва Паводле перапісу населеных пунктаў Лідскага павету, праведзенага у 1905-1907 гг., Курасёўшчына была маёнткам Тукалы , размешчаным на рацэ Лідзейцы, за 9 вёрст ад павятовага горада, за 5 вёрст ад валаснога кіравання, за 8 вёрст ад станавой кватэры і за 10 вёрст ад чыгуначнай станцыі Ліда. Да маёнтка было прыпісана 52 жыхары (22 мужчыны і 30 жанчын) і 277 дзесяцін зямлі.

Нажаль, ва ўспамінах Цэцыліі Тукалы звестак пра сядзібу Курасёўшчына зусім мала. Ёй было 9 гадоў, калі сям'я Тукалы ў 1939 годзе выехала ў цэнтральную Польшчу. Па аповядах сваёй маці Гелены яна ведае, што сядзіба была разрабавана двойчы: падчас Першай Сусветнай вайны 1914-1918 гг. і савецка-польскай 1920 г. Згарэлі сядзібны дом і вялікая частка гаспадарчых пабудоў. Якім быў архітэктурны стыль гэтага дома, невядома. Можна выказаць здагадку, што ён быў падобны стылю сядзібнага дома ў Белых Балотах. Па-першае, у сярэдзіне XIX стагоддзя, у той час, калі Ян Тукала ўладкоўваў Курасёўшчыну, жылы абшарніцкі дом ўяўляў сабою цэнтральную, часта двухпавярховую, частку, дзе жыла панская сям'я, і флігель (ці флігелі), прызначаныя для старэйшых дзяцей, гасцей і гаспадарчых памяшканняў. Па-другое, калі выказаць здагадку, што сядзібны дом перабудоўваўся ў часы Яўгена Тукалы, то вялікая верагоднасць таго, што рабілася гэта па ўзоры дома ў Белых Балотах ці ў Монькаўцах. Бо менавіта туды кожнае лета прыязджала сям'я Тукалы. Думаецца, што парк у сядзібе імітаваў рэгулярны.

Захаваная да нашых дзён вузкая кляновая алея была неад'емнай часткай такога парку ў сярэдзіне XIX - пачатку XX стагоддзяў.

Цэцылія Тукала распавядае, што ў 1930-1939 гг. Курасёўшчыну арандаваў Каўфман, уладальнік парфумерыі ў Лідзе. Землі ў фальварку былі заняты ляснымі ўрочышчамі, сенажацямі і ворывам. На гэтых землях гадавалі мяса-малочную буйнарагатую жывёлу. Па рэкамендацыі Яўгена Тукалы арандатар Каўфман пабудаваў у сядзібе сыраварны завод. Частка прыбыт-каў ад сядзібнай гаспадаркі ішла на пашырэнне вытворчасці, на меліярацыю, на аднаўленне панскага дома і парку.

Сям'я Тукалаў наездамі бывала ў Курасёў-шчыне. Мясцовыя жыхары памятаюць апошніх фаль-варкоўцаў. Вольга Фёдараўна Мароз з в. Навіцкія-2 распавяла пра тое, што яе маці, Надзея Іллінічна Паў-лоўская, 1894 года нараджэння, была прыслугай, а дзед Ілля Ілліч - лесніком у сядзібе. Яны сведчылі пра тое, што пан і пані былі высокаадукаванымі, таленавітых сялян прыкмячалі і апекавалі. Івана Хітруна, які граў на скрыпцы, добра спяваў і танчыў, вывучыўся гава-рыць па-французску, часта запрашалі ў панскі дом на імпрэзы. Абшарнікі былі стрыманымі, ніколі не павышалі голас на прыслугу.

На сённяшні дзень ад былых сядзібных пабудоў засталіся толькі фрагменты панскага дома і некалькі гаспадарчых пабудоў.

З 1939 па 2012 гады сядзібны дом ў Курасёўшчыне прыстасоўвалі то пад нарыхкантору, то для патрэб швейнай і мэблевай вытворчасцяў. Асобныя памяшканні сталі жылымі пакоямі для тых, хто працаваў у калгасе "Запаветы Ілліча".

Ад таго, што калісьці знаходзілася ў маёнтку Курасёўшчына, засталіся:

- частка сядзібнага дома,

- вялікі гаспадарчы будынак,

- невялікі гаспадарчы будынак,

- будынак вежавага тыпу,

- падмурак нейкіх яшчэ пабудоў і будаўнічы камень побач з ім,

- кляновая алея, якая вядзе да сядзібнага дома.

У сядзібным доме на другім паверсе 7 гадоў таму назад знаходзілася невялікае прыватнае прадпрыемства па вытворчасці мэблі. Гаспадары прадпрыемства знайшлі іншыя вытворчыя памяшканні, і гэты паверх мэбельшчыкі вызвалілі, пакінуўшы пасля сябе памяшканні ў аварыйным стане. На першым паверсе пражываюць дзве сям'і. Як выглядае дом знадворку, можна меркаваць па фота. Захаваўся падмурак з гранітных валуноў, стары цагляны мур. У нежылой частцы дома, куды можна бесперашкодна ўвайсці, на першым паверсе падлогі выкладзены гранітным брукам (часаным каменем), на другі паверх вядуць стромкія драўляныя ўсходы. У доме ніколі не было ні вадаправода, ні каналізацыі, але ён электрафікаваны.

Вялікі гаспадарчы будынак, які стаіць за 500 м ад дома і будынак вежавага тыпу, сёння знаходзяцца на тэрыторыі невялікай прыватнай фірмы, што выраляе ходнікавую плітку. Гэта, даволі вялікая, тэрыторыя, блізка прылеглая да дома, абнесена высокім глухім плотам. Падмурак іншых будынкаў знаходзіцца за 500 метраў ад дома.

Час пабудовы невялікага гаспадарчага будынка пасляваенны. Цэгла для яго была выраблены на цагельні ў паселішчы Шайбакі, якое размешчана за 7 км ад в. Навіцкія-2. На цэгле выразна відаць таўро гэтага завода.

Пра сядзібны парк нагадвае кляновая алея, уздоўж якой стаяць хаты жыхароў в. Навіцкія-2. Амаль палова дрэў ужо загінула, многія з іх дажываюць свой век. Але некалькі дзясяткаў дрэў стаяць, як магутныя волаты і цешаць вока пышнай кронай . Старыя паркавыя дрэвы стаяць яшчэ і каля дома, і ў тым месцы, дзе раней, відаць, былі нейкія сядзібныя пабудовы.

Шкада, што лёс дваранскай сядзібы на Беларусі аказаўся нешчаслівым. Пасля кастрычніка 1917 года ў адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі дваранства было пазбаўлена ўласнасці на зямлю, а па дэкрэце ЦВК і СНК "Пра знішчэнне саслоўяў і грамадзянскіх чыноў" - і свайго саслоўнага статусу. Гэты дэкрэт дайшоў да Курасёўшчыне толькі ў 1939 годзе, і таму сядзібу загубілі не гэтулькі войны і рэвалюцыі, колькі звычайныя цемра і невуцтва, няўменне і нежаданне бачыць штосьці значнае зусім побач.

У наш час гістарычныя сядзібы працягваюць руйнавацца па розных прычынах, і ў першую чаргу ад адсутнасці элементарнай увагі і нагляду. Сучасная праблема старадаўніх сядзібаў - гэта не настальгія. Іх трэба ратаваць. "Помнікі не маюць іншай альтэрнатывы, акрамя як прыстасаванне да новага функцыянальнага выкарыстання, кансервацыі і дзяржаўнага заступніцтва". Гісторыя дваранскіх сядзібаў у яе ранейшым, першародным выглядзе скончылася. І ўсё ж невялікая частка з іх працягвае жыць у іншым, змененым выглядзе. У форме музеяў яны працягваюць захоўваць нашу спадчыну, далучаючы да гэтай культуры ўсё большую колькасць людзей.

Кропка на планеце

На сваім вяку кожнаму з нас даводзіцца пабачыць нямала мясцін. І кожная з іх у нашай памяці пакідае свой след - трывожна-балючы ці ўсхвалявана-радасны.

Колькі розных думак і пачуццяў перапаўнялі маю душу падчас наведвання ў вёсцы Навіцкія-2 мясцін, дзе раней была сядзіба Курасёўшчына.

Перш за ўсё пачуццё шкадавання і сораму за нас, што не ўмеем шанаваць тое, што створана іншымі пакаленнямі. Прыкра за наша гістарычнае бяспамацтва. Можна запярэчыць: быў такі час. Але ж гэта толькі беспадстаўнае апраўданне.

У кожнага ён свой, парог сумлення,

Яго пераступіць - сябе згубіць.

Я не хачу сябе згубіць, таму і займаюся гэтай працай - вывучэннем гісторыі сядзібы Тукалаў.

Сёння гэты куток - маленькая кропелька таго, што было сядзібай. Ды і то на ўсім бачна пячатка людской абыякавасці. Я дакранулася ды сцен панскага будынка і адчула грук сэрцаў і цяпло рук людзей, якія будавалі яго і жылі тут. У гэтых сценах жыло некалі шчасце і радасць, боль і трывога, надзея і роспач.

А калі б сёння хто-небудзь з нашчадкаў роду захацеў прыехаць на саю малую радзіму, дзе яго карані, дзе цвіло яго маленства, дзе кожнае дрэўца (а цяпер ужо магутныя клёны!) вее знаёмым родным водарам. Што б яны ўбачылі? Іх спадзяванні разбіліся б аб валуны людской нядбайнасці.

А яшчэ я зразумела, што няма мяжы як у чалавечай дабрыні, так і ў людскай хцівасці і сквапнасці… Даруй, Божа, усім тым, хто гэта рабіў - бо не ведаюць яны, што твораць. А калі ведаюць і робяць, то якой жа павінна быць кара за гэты грэх - зруйнаваную памяць…

Маім шчымліва-трывожным думкам сугучны і радкі Васіля Зуёнка:

Ніхто не пачуў:

Яблык упаў дасвеццем…

Ніхто не пачуў -

Ні людзі, ні трава, ні вецер.

Ніхто.

А шар зямны здрыгнуўся.

Мне б хацелася, каб радкі гэтага маленькага, на маю думку, шэдэўра, напоўненага шматзначнасцю і багаццем асацыяцый, пастукаліся ў сэрца кожнага і мы пачулі гэты грук.

На шчасце настаў час (і гэта радуе і ўсяляе надзею), калі нашы счарсцвелыя душы асвятляе прамень занепакоенасці - вывучыць, зберагчы і за хаваць гістарычную спадчыну роднага краю для нашчадкаў. Я спадзяюся, што мая даследчая праца - маленькая цаглінка ў падмурку адраджэння гіста-рычных сядзіб - будзе мець плён.

Аўтар Вікторыя Акола, вучаніца 9 класа Ёдкаўскай СШ

Кіраўнік Святлана Аляксееўна Агарка , кіраўнік гістарычна-краязнаўчага музея Ёдкаўскай СШ.

Дадатак 1.

Ліст Цэцыліі Тукалы дырэктару Ёдкаўскай СШ ад 12.02.2012 г.

Cecylia Halina Тукала [Цэцылія Галіна Тукала]
Ul. Zeromskiego 7/9 m. [вул. Жаромскага]
81-826 Sopot, [Сопат]
woj. pomorskie, Polska [Паморское ваяводства, Польшча]

Паважаны спадар дырэктар Маркевіч.

Праз спадара Андрэя Гяцэвіча, які па Інтэрнэце звязаўся з Пятром Тукалам, я атрымала інфармацыю пра Вашы пошукі адносна сям'і Тукалаў з сядзібы Курасёўшчына пад Лідай. Мяне зауць Цэцылія Тукала, і я разам з сястрой Бажэнай з'яўляемся дочкамі апошняга ўладальніка Курасёўшчыны, Яўгенія Тукалы. Пётр Тукала гэта сын маёй сястры Бажэны. Мае веды на тэму Курасёўшчыны абмежаваныя, бо даўнія польскія Ўсходнія Крэсы я пакінула разам з сям'ёй ва ўзросце 9 гадоў, пасля 17 верасня 1939 года, перасяляючыся на тэрыторыю цэнтральнай Польшчы. У наш час я з'яўляюся самым старэйшым чальцом сям'і і мне ўжо 82 гады. Пачатак вайны і неабходнасць неадкладных уцёкаў пазбавілі нас магчымасці ўзяць і захаваць шматлікія дакументы, а таксама фатаграфіі, якія маглі б дапамагчы Вам у Вашых працах. Ніжэй, для ўводзін, мы падрыхтавалі некаторую інфармацыю пра нашы продкаў, якія нейкім чынам запісаліся ў гісторыі Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Лідскай зямлі, а таксама кароткую гісторыю нашай сямейнай галіны да цяперашняга часу. Генеалагічныя спісы нашага роду і іх валоданняў павольна атрымліваем з розных крыніц (у т.л. ад далейшых чальцоў нашай сям'і). Першае згадванне пра нашу сям'ю датычыцца Мацея Тукалы і датуецца 1460 годам. Яго сын Ян жаніўся з Ганнай Булхакаўнай з 1550 года, з якой у яго былі тры сыны Станіславаў, Канстанты Станіслаў і Мікалай. Станіслаў з 1612 года выконваў пасаду лідскага памочніка суддзі. Канстанты Станіслаў разам з Мікалаем пасяліліся ў сядзібе Ольжава (vel Ольжаў) у 1586 годзе. Юзаф Тукала з Ольжава быў лідскім стайнікам да 1717 гады. Яго сын Міхал ад 1787 гады быў лідскім будаўніком. Ян Тукала (1847 г.н. - памёр 1905), сын Міхала, які ажаніўся на Рацоўнай, быў уладальнікам Курасёўшчыны (vel Валерава), з вёскамі Навіцкія і Навасёлкі Лідскага прыходу. Валеры Тукала, сын Юзафа Тукалы, які ажаніўся з Эльжбетай Немаршчанскай, актыўна ўдзельнічаў у Студзеньскім паўстанні (1860-1863) супраць расійскага захопніка ў раёне Аугустова. Па гэтай прычыне, пасля канца паўстання, расійскія ўлады канфіскавалі яго маёнтак Рачкоўшчына. Сын Валерыя, Валеры Рышард Тукала, жаніўся ў 1891 годзе з Ядвігай Сабалеўскай з прыходу Сільванаўцы, якая ў пасаг прынесла маёнтак Белыя Балоты (vel Беліца), размешчаныя больш за дзясятак кіламетраў на поўнач ад г. Гародня, недалёка ад Сопоцкіна (цяпер на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь). Гэтыя маёнткі сталі галоўным месцам пражывання сям'і Тукалы, і менавіта там нарадзіліся і выхоўваліся дзеці Валерыя Рышарда і Ядвігі, г.зн. Валеры (загінуў у 1920 г. падчас польска-бальшавіцкай вайны, студэнт Сельскагаспадарчага ўніверсітэта), Ядвіга (выйшла замуж за Концкага, памерла ў 1978 годзе), Марыя Галіна (выйшла замуж за Юзафа Гурскага з маёнтка Свяцк-Гурскіх), Тадэвуш Юзаф (жаніўся з Марыяй Хоўвальт, памёр у 1981 годзе на тэрыторыі Польшчы), Міхал (трагічна загінуў у 1933 годзе), Станіслаў (трагічна памёр у 1930 годзе, учадзеў у маёнтку Белыя Балоты), Тадэвуш Юзаф - уладальнік Курасёўшчыны, памёр у 1981 годзе на тэрыторыі Польшчы). Ядвіга з Сабалеўскіх Тукала пасля нараджэння сямярых дзяцей памерла ў маладым узросце і пахавана ў касцёле ў Сільваноўцах, які ў 1865-1867 гг. быў заснаваны яе бабуляй. Там таксама, у крыпце касцёла, побач з чальцамі сям'і Сабалеўскіх пахаваны трое яе дзяцей. Касцёл і крыпта з трунамі захаваліся дагэтуль. Валер Рышард Тукала памёр у 1929 годзе і пахаваны, паводле свайго жадання, на могілках ў Лідзе (прыход Узнясення Святога крыжа ў Лідзе і, калі захаваліся прыходскія кнігі, там менавіта будуць усе звесткі). У сваёй апошняй волі даручыў сынам аднаўленне сямейных магіл Тукалаў на гэтых могілках. Пасля смерці Валера Рышарда Тукалы паводле яго волі Курасёўшчына як сямейная рэліквія была запісана нашаму бацьку Яўгенію і яго брату Станіславу Тукалу. Паколькі Станіслаў трагічна загінуў у 1930 годзе, адзіным уладальнікам з 1930 да 1939 года быў Яўген Тукала. З-за займанай пасады, ён разам з сям'ёй увесь час пражываў у г. Гародня ў сваёй хаце, летні перыяд праводзячы ў сядзібе Монькаўцы (частка маёнтка Белыя Балоты, атрыманай у спадчыну пасля маці Ядвігі), якая была ў суседстве з сядзібай Белыя Балоты (уласнасць брата Тадэвуша). Бацька наш, Яўген Тукала, у дваццатыя гады мінулага стагоддзя жаніўся з нашай маці Геленай са Ставецкіх (якая жыла ў Гародні) і ў іх было чацвёра дзяцей, г.зн. сын Багдан, сын Ежы, дачка Цэцыля, значыць я, і дачка Бажэна, мая сястра, што нарадзілася падчас вайны ў 1941 годзе. У 1944 годзе самы старэйшы сын Багдан загінуў падчас бітваў як партызан Арміі Краёвай. Сын Ежы загінуў ва ўзросце 39 гадоў у трагічнай аварыі пасля вайны. У наш час разам з сястрой Бажэнай і яе сынам Пятром жывём у Сопаце. Нажаль, у нас няма вялікай інфармацыі на тэму Куросёўшчыны па прычынах, якія я раней прадставіла. Мы ведаем, што сядзіба была абрабавана падчас I Сусветнай вайны, а затым падчас польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 годзе, калі спалілі большасць забудоў разам з палацам. У 30-тыя гады мінулага стагоддзя, па ўспамінах маёй маці Гелены Тукалы, палац быў адноўлены, аднак дадзеная інфармацыя не была пацверджана. У 1930-я да 1939 года Куросёўшчына разам з меншай сядзібай Семякоўшчына (vel Сінакоўшчына) разам з урочышчам Трылясоўшчына былі арандаваны Каўфманам, уладальнікам парфумерыі ў Лідзе. Маёнтак уключаў у вялікай меры шырокія вільготныя сенажаці (акрамя лясоў і ворнай зямлі) і ў сувязі з гэтым быў накіраваны на гадоўлю жывёлы і вытворчасць малака. Паводле рэкамендацый майго бацькі Яўгенія, у сядзібе быў разбудаваны сыраварны завод, а за вытворчасцю сыроў назіраў згаданы ўжо арандатар Каўфман. Прыбыткі, атрыманыя такім спосабам, галоўным чынам былі прызначаны на аднаўленне палаца і разбудову гаспадарчых забудоў, меліярацыю і ўтрыманне гістарычнага парку (гэтая інфармацыя таксама з успамінаў маёй маці Гелены Тукалы). Нас цешыць магчымасць усталявання кантакту з Вамі і нас вельмі цікавіць, ці засталося што-небудзь з сядзібы Курасоўшчына. У наш час у Польшчы павялічылася зацікаўленасць гісторыяй былых усходніх ускраін польскіх земляў (Усходніх Крэсаў) і іх былымі жыхарамі. Дзякуючы гэтаму, у апошні час з'явілася шмат распрацовак на гэтую тэму, падрыхтаваных новым пакаленнем гісторыкаў (бо і зацікаўленасць з Вашага боку). Прыкладам можа быць тут праца чальцоў гарадзенскага клуба "Спадчына", дзе выдатна апісана гісторыя маёнтка Свяцк-Гурскіх, які з'яўляўся ўласнасцю нашых сваякоў. Дадзеная праца ў вялікай меры падрыхтаваны на грунце ўспамінаў старэйшых жыхароў навакольных вёсак. Магчыма ўсталяванне сувязі з людзьмі, якія пражываюць у наваколлях былой сядзібы Куросоўшчына, дапаможа Вам у пошуках. Для таго, каб Вам дапамагчы, ніжэй паказваем прозвішчы асобаў, якія да вайны, у рамках вымушанай парцаляцыі земляў, што прылягалі да Курасёўшчыны і Семякоўшчыны, сталі суседзямі фальварка: Войцах і Марыя Нізінскія, Антоні Маршпалак, Браніслава і Станіслаў Вячорак. Не хаваем вядома, што мы таксама зацікаўлены ва ўсталяванні непасрэднага кантакту з людзьмі, якія памятаюць часы нашых бацькоў, памятаюць Куросёўшчыну ў перыяд да 1939 года. Мы часта сустракаемся з асобамі, якія эмігравалі пасля 1945 года ў Польшчу, пакідаючы частку сям'і на тэрыторыі Крэсаў. Мы з задавальненнем звяжамся з гэтымі сем'ямі з наваколляў горада Ліды. Да гэтага ліста прыкладаемы некалькі апісаных фатаграфій, якіх у нас мала. Можа яны спатрэбяцца Вам у Вашай распрацоўцы.

Са шчырым прывітаннем Цэцылія Галіна Тукала.

Спіс літаратуры:

1. Беларуская энцыклапедыя: У 17 т. / Г.П. Пашкоў [і інш.]. - Минск: БелЭн., 1996 - 2004.

2. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя / Ю.Я. Гаева, В.В.Грынявецкі [і інш.]. - Минск: БелЭн., 2004.

3. Гарбачова В.В. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі: Бібліяграфічны слоўнік / В.В. Гарбачова // Электронная библиотека БГУ: Гістарыч-ны факультэт : Навуковыя і вучэбна-метадычныя працы выкладчыкаў і аспірантаў [Электронный ресурс]. - 2004. - Режим доступа: http://www.elib.bsu. by/simple-search?query. - Дата доступу: 20.01.2012 .

4. Лихачёв, Д. Поэзия садов / Д.Лихачёв // Кино-театр HD Видео: Видеодиск ТВ [Электронный ресурс]. - Режим доступа: http://film.arjlover.net/info/d.s.lihachev. poezija.sadov.avi.html. - Дата доступа: 10.04 2012.

5. Лосминский, А.И. Августовский канал. Фотоальбом / А.И. Лосминский. - Минск: УП "Изда-тельство "Беларусь", 2008. - 96 л.

6. Охлябинин, С.Д. Повседневная жизнь русской усадьбы XIX века/ С.Д. Охлябинин.//Либрусек: Книги [Электронный ресурс]. - 2006. - Режим доступа: http://lib.rus.ec/b/220020/read. - Дата доступу: 12.02 2012.

7. Сліўкін, В.В. Лідчына ў паўстанні 1794 года /В.В. Сліўкін // Лідскі летапісец. - 2008. - № 25-26.

8. Словік, С. Інтэр'ер шляхецкай сядзібы як фактар культуры сям'і ў першай палове ХІХ ст. / С. Словік// Наша Беларусь [Электронный ресурс]: Сборник статей и материалов по культуре Беларуси. - Режим доступа: http://nashabelarus.iatp.by/Statii/statii3.htm. - Дата доступа: 15.02.2012.

9. Страчаная спадчына / Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю.У. Чантурыя [і інш.]; уклад. Габрусь Т.В. - Мінск: Полымя, 1998. - 351 с.: іл.

10. Федарук, А. Сядзібна-паркавае дойлідства Беларусі ў еўрапейскім кантэксце/А. Федарук// Наша Беларусь [Электронный ресурс]: Сборник статей и материалов по культуре Беларуси. - Режим доступа: http://nashabelarus.iatp.by/Statii/statii3.htm. - Дата доступа: 15.02.2012.

11. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т./Беларус. Энцыкл., М.В.Біч [і інш.]. - Минск: БелЭн., 1993.

12. Яхантава, В. Аб чым шапочуць клёны ў Курасеўшчыне? / В.Яхантава // Лідская газета. - 2007. - 16 чэрвеня, - С. 3

13. Яхантава, В. Тукала з Курасеўшчыны, або аб чым гамоняць ліпы ў старой сядзібе / В. Яхантава // Лідская газета. - 2012. - 17 сакавіка. - С. 3

14. Dwor Tukallow// zdjecia i historia [Электронный ресурс]. - Режим доступу: http:// www.radzima.org/pl/ob. - Дата доступу: 20.09.2011.

15. Malewski, Cz. Rody szlacheckie na Litwie w XIX wieku: powiat Lidzki. - Wilno, 2005.

16. Majatki powiatu lidzkiego. // Genealogia Polska - najwiekszy polski serwis genealogiczny [Электронный ресурс]. - Режим доступу: http:// www.genealogiapolska. - Дата доступу: 15.09.2011.

17. Poczobut, S. Wadrowki po Grodzienszczyznie/ S. Poczobut// Pozostalosci Polski na Bialorusi [Электронный ресурс]. - Режим доступу: http://www. skyscrapercity.co. - Дата доступу: 10.09.2011.

18. Herbarz polski i imionospis zasluzonych w Polsce ludzi: tom I/ Lwow: Drukiem Koriefa Villera, 1855.

19. Herbarz polski Kaspra Niesieckiego S.J. tom IX/W Lipsku Drukiem Breitkopfa i H.Ertela, 1842.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX