Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 28-04-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць // Новы Замак. 2019. № 8. С. 194-212.; 2020. № 9. С. 180-219.

Спампаваць




Л е а н і д Л а ў р э ш

Лябёдка Іваноўскіх

Дакументальная аповесць (часопісны, скарочаны варыянт)

Ад аўтара

Гэтая аповесць пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, месца, дзе ў адной сям'і выраслі і сфармаваліся выбітныя дзеячы трох суседніх народаў: беларускага, польскага і летувіскага. Беларуса Вацлава Іваноўскага, які быў цэнтральнай фігурай у справе адраджэння нашай радзімы, выгадавала Лідская зямля і яго родная Лябёдка.

Пра Вацлава Іваноўскага грунтоўна напісаў Юры Туронак. Пра братоў Вацлава - Ежы і Тадаса - шмат пісалі польскія і летувіскія аўтары. Галоўнай асобай маёй аповесці будзе сястра Вацлава - Алена Скіндар з Іваноўскіх (1886-1973), сястра чатырох братоў, асоба, якая пакінула свой вялікі след у беларускай гісторыі, але знаходзілася ў цені сваіх братоў [1].

Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі [2] пісаў пра сваю сям'ю: «Сям'я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі - Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Палітэхнікі, быў беларусам. Трэці - Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям'і Іваноўскіх было не гэта, а тое, што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца, - такога больш ні ў каго не было.

Усе браты былі яркімі постацямі, і пра кожнага з іх можна напісаць кнігу [3].

Мае дзядзькі мелі адно хобі - часта мянялі жонак. Кожны з іх быў жанаты па тры разы, і таму мы мелі шмат цётак [4]. У 1920-х гг. мая маці падчас нейкага раўту ў Вільні была прадстаўлена Пілсудскаму. Той запытаў - якога з Іваноўскіх яна жонка?

- Таго, які мае толькі адну жанчыну, - адказала мая маці.

- А, значыць, Станіслава, - заўважыў маршал, які добра арыентаваўся ў справах Іваноўскіх».

Пра свайго старшага дзядзьку Ежы (ці Юрыя) Іваноўскага (1876-1965) пляменнік Казімір коратка паведамляў галоўнае: шматразовы міністр адноўленай Польшчы, асабісты сябар Пілсудскага і ў 1930-я гг. сенатар Польшчы.

Вацлаў Іваноўскі (1880-1943), прафесар-хімік і адзін з заснавальнікаў Беларускага руху, - чалавек, які свае мары пра Беларусь перавёў на практычныя рэйкі і аддаў Беларусі сваё жыццё. Пра яго напісаны кнігі, і я ўпэўнены, што да гэтай постаці яшчэ шмат разоў будуць звяртацца нашыя лепшыя гісторыкі і пісьменнікі.

Тадэвуш Іваноўскі (1882-1970) - прафесар заалогіі і потым член-карэспандэнт Літоўскай акадэміі. Большую частку жыцця ён быў вядомы як Тадас Іванаўскас, бо сам сабе выбраў нацыянальнасць летувіс.

Апошні, самы малодшы брат, Станіслаў (1887-1970) прымаў удзел у польскай «Самаахове» Лідчыны і Гарадзеншчыны, а потым быў шараговым і далёка не самым лепшым віленскім адвакатам. Пра яго я таксама трошкі раскажу…

Род Іваноўскіх

Згодна з сямейнай легендай, з другой паловы XVІІ ст. адзін з Іваноўскіх - Мікалай Іваноўскі, быў мінскім старастам і на ўласныя сродкі аднавіў і рэстаўраваў касцёл Вітаўта Вялікага ў Коўні [5], разбураны рускімі войскамі падчас вайны. Адбудова касцёла закончылася 30 верасня 1669 г. Захаваўся дакумент, з якога бачна, што ў 1747 г. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст ІІІ Сас прызначыў ковенскага чашніка Мікалая Іваноўскага падкаморым (шамбелянам) каралеўскага двара. Гэта была высокая пасада, і брэсцкі канцлер Марцін Матушэвіч у сваіх успамінах каля сотні старонак прысвяціў роду Іваноўскіх, два пакаленні якіх былі старастамі.

З афіцыйнага дакумента № 3896 ад 9 сакавіка 1848 г., выдадзенага Канцылярыяй Бюро шляхецкай дэпутацыі Віленскай губерні, бачна, што Кшыштаф Іваноўскі валодаў дваром Забалаць у Лідскім павеце і ў 1720 г. перадаў яго сыну Міхалу. Міхал у 1750 г. гэты двор з усёй маёмасцю падараваў свайму сыну Дамініку Іваноўскаму, які ў 1776 г. на падставе дароўнага акта перадаў двор з прыгоннымі сялянамі сваім двум сынам Юзафу Вінцэнту Ферар'ю Іваноўскаму і Людвіку Іваноўскаму, якія ў 1790 г. прадалі двор князю Радзівілу. Сынам Юзафа Вінцэнта Ферарыя Іваноўскага быў Тамаш Іваноўскі, прадзед нашых Вацлава і Алены Іваноўскіх. У Слонімскім павеце ён купіў двор Яворская Руда. Хадзілі чуткі, што зрабіў гэта таму, што там быў закапаны скарб, пра які больш ніхто не ведаў.

Сын Тамаша Іваноўскага Станіслаў (1816-1900), дзед Вацлава і Алены, ажаніўся з Антанінай Рыла-Быкоўскай, якая была адзінай дачкой свайго бацькі і таму ўспадкавала пасля яго двор Лябёдка. Шлюб адбыўся 2 ліпеня 1844 г. у касцёле Старых Васілішак. У Лябёдцы нарадзіўся Леанард Іваноўскі, а потым усе дзеці Леанарда.

Тадас Іванаўскас цытуе дакументы, з якіх бачна, што «прывілеям караля польскага Жыгімонта І ад 7 лістапада 1510 г. фальварак Дварэц нададзены Яго Каралеўскай Мосцю двараніну Івашку Рыла-Быкоўскаму і яго нашчадкам», і пасля гэтага ён чатыры стагоддзі заставаўся маёмасцю фаміліі, пераходзіў ад бацькі да сына, і апошнім у чарадзе ўладальнікаў стаў Юрый Андрэевіч Быкоўскі. Апошні меў адну дачку Антаніну ў замужстве з Станіславам Іваноўскім і пакінуў ёй сваю маёмасць. Пасля смерці Антаніны маёнтак перайшоў у рукі яе адзінага сына, інжынера Леанарда Іваноўскага.

У прывілеі караля Жыгімонта І гэта маёмасць называецца Дварэц з вёскай Пацкі. У дакуменце ад 12 ліпеня 1568 г. маёнтак ужо мае назву Лябёдка, нагодай змены назвы быў перанос двара на тое месца, дзе ён стаіць і цяпер - у вусце рэчкі Лябёдка. Сяляне вёскі Пацкі перасяліліся ў Ваейкаўцы і Верх-Лябёдку. Там, дзе быў двор Дварэц і вёска Пацкі, у XІX ст. заставалася толькі ўрочышча з гэткімі назвамі, якое належала фальварку Лябёдка. Прозвішчы сялян усе гэтыя гады засталіся нязменнымі.

Прадзед Тамаш Іваноўскі

У сям'і памяталі гісторыю, якая сведчыць пра зухаваты і свавольны характар прадзеда. Неяк ён з-за нейкай дробязі паспрачаўся з пробашчам з Васілішак і, доўга не чакаючы, загадаў сваім служкам у цэнтры мястэчка распрануць і высекчы ксяндза розгамі. Справа была вельмі сур'ёзная і пагражала яму смерцю, але прадзед з цяжкасцю і за вялікія грошы ўратаваўся.

Дзеці Тамаша Іваноўскага - Станіслаў і яго брат Вінцэнт - мелі такі ж нястрыманы характар, казалі праўду ў вочы і нярэдка ўблытваліся ў скандальныя гісторыі. Вінцэнт закончыў жыццё трагічна. Закахаўся ў прыгожую, але жанатую кабету, якая адказала яму ўзаемнасцю. Калі сітуацыя дайшла на скандалу, жонка атруціла свайго мужа. Ёй пагражала суровая кара, і падчас суду Вінцэнт Іваноўскі ўзяў яе віну на сябе. Прыгожую даму апраўдалі, а Вінцэнта арыштавалі і засудзілі на катаргу. Па дарозе ў Сібір ён дачакаўся адпаведнага моманту і напаў на вартаўніка, але раззброіць жаўнера і ўцячы не змог - і быў забіты.

Дзед Станіслаў Іваноўскі

У сям'і Іваноўскіх захавалася школьнае пасведчанне Станіслава, з якога бачна, што ён нарадзіўся ў 1816 г. у Рудзе Яварскай Слонімскага павета. Закончыў трохкласную павятовую вучэльню ў Слоніме і ў 1833 г. быў прыняты ў гімназію. Служыў у канцылярыі Гродзенскага дваранскага дэпутацкага сходу і Гродзенскай палаце дзяржаўнай маёмасці.

Дзед дажыў да старэчага веку і памёр, калі ўнукі былі ўжо падшпаркамі. Станіслаў шмат часу бавіў з імі, і таму яго ўнук Тадас добра памятаў свайго дзеда.

Станіслаў Іваноўскі толькі ў сівым узросце перастаў займацца маёнткам. Але і ў старым узросце, летам ён трохі назіраў за гаспадаркай, размаўляў з працаўнікамі, а потым паліў люльку і раскладаў пасьянсы. Меў час расказваць гісторыі з свайго жыцця ці шматкроць паўтараць адны і тыя ж жарты. Любіў паразмаўляць з вяскоўцамі, пачаставаць іх тытунём ці прапанаваць кілішак гарэлкі. Тадас памятаў: неяк да іх прыйшоў вясковы стараста, дзед пасадзіў яго за чысты стол і пачаў частаваць гарбатай з печывам і сухім сырам. Стараста пачаставаўся, а недаедзены сыр схаваў у сваю скураную торбу і забраў з сабой. У сям'і з гэтага моцна смяяліся.

Згодна з старым звычаем, сяляне цалавалі пану руку (асабліва старому пану). Гэтак было і ў Лябёдцы, але дзед Станіслаў звычайна рабіў пры гэтым адзін і той жа фінт. Калі чалавек хапаў яго за руку, ён прыкідваўся напалоханым, крычаў «Што, што?» і ўздымаў рукі ўверх. Тыя, хто ведалі гэты жарт, усё ж цалавалі яму руку, а чужыя пужаліся ці нават абражаліся.

Але час ад часу праяўляўся і гарачы характар Станіслава Іваноўскага. Неяк касцы суседа перайшлі мяжу і выкасілі кавалак лугу Іваноўскіх (на балоце Кятуркі, там дзе луг Лябёдкі межаваў з лугам Макрэцкіх). Якраз у той момант на сенакос прыехаў сам стары. Пабачыўшы, што робіцца, ён атакаваў суседа, які там таксама знаходзіўся. Слова за слова - пачалася спрэчка, якая закончылася тым, што Станіслаў апрацаваў суседа кіем. Аднак доўга не гневаўся, хутка супакоіўся і не толькі выбачаўся, але і запрасіў Макрэцкага на сняданак. Той жа ад такога «гонару» адмовіўся.

Аднак сяляне ведалі, што Станіслаў Іваноўскі меў добрае сэрца і быў зычлівы да ўсіх, яшчэ падчас прыгону ён адносіўся да сваіх сялян як да людзей. Пра гэта можа сведчыць такі факт. Паўстанцам 1863 г. стары Іваноўскі аддаў свайго вельмі добрага каня. Пасля падаўлення паўстання рускія, каб даведацца, хто быў гаспадаром каня, вадзілі яго па ваколіцах і пыталіся ў сялян, каму ён належыць. І хоць усе ведалі, чый гэта конь, ніхто дзеда не выдаў [6].

Станіслаў Іваноўскі меў вясёлы і прыязны нораў, любіў забаўныя гісторыі і часта шуткаваў. Расказваючы гісторыі з былога жыцця, стары не надта выбіраў словы, і таму слухачы (асабліва маладыя жанчыны) часам чырванелі ці ад сораму апускалі вочы. Але маладзёны трымаліся інакш. Ведаючы звычкі дзеда, яны стараліся справакаваць яго і ўзбудзіць перапалох сярод паннаў і паненак. Аповяды Іваноўскага не былі надта ўжо цікавымі і, тым не менш, мелі свайго слухача.

Вось адна з гэтых гісторый. Неяк стары ехаў з Вільні. Недалёка ад горада, у Папішках затрымаўся каля карчмы. Там на плоце ці сцяне знайшоў надпіс «У панны Вінцэсі ёсць на што сесці» [7], а ніжэй, іншым почыркам, нехта дапісаў: «Ёдкаўны». Маладыя кавалеры заўсёды прасілі дзеда, каб расказаў, што ж было напісана на карчме ў Папішках, а ён зноў і зноў сур'ёзна згаджаўся выканаць іх просьбу і зноў і зноў засмучаў паннаў і паненак.

Але Станіслаў Іваноўскі любіў шуткаваць і з маладымі кабетамі. Неяк, калі па справе ён знаходзіўся ў Гродна, пачалася бура з залевай. Потым дождж спыніўся, распагодзілася, але па вуліцах яшчэ цяклі ручаі бруднай вады. Іваноўскі падпільнаваў маладую даму, якая стаяла, падняўшы спадніцу, і не ведала, як перайсці на другі бок вуліцы. Дзед незаўважна падкраўся да яе, ухапіў на рукі і перанёс на другі бок. У першую хвіліну дама аслупянела, але потым апрытомнела і пачала гучна папракаць неспадзяванага кавалера. Станіслаў гжэчна перапрасіў і прапанаваў перанесці яе назад, але дама не згадзілася.

Часам ён любіў удаваць сябе за нейкага непрыстойнага старога, але непрыстойнасць не была характэрнай рысай яго жартаў. Такія паводзіны з'яўляліся звычайнымі для тагачаснай шляхты і знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратуры. Але калі-некалі яго жарты стаялі блізка да той мяжы, пасля якой пачынаецца дрэннае выхаванне. Да таго ж з сялянкамі ён размаўляў яшчэ вальней, тым больш што і яны таксама любілі пагаманіць. Калі чуў нейкую навіну ці проста нешта яго ўражвала, звычайна ўскрыкваў: «А каб ты ўсікаўся!» [8] Гэтую лаянку ведалі ўсе суседзі і лічылі звыклым элементам стылю размовы старога пана. Унук Тадас распавёў адну звязаную з гэтым гісторыю. Ён тады вучыўся ў другім класе Варшаўскай гімназіі і прыехаў у Лябёдку на калядныя вакацыі. Дзед узяў яго з сабой на паляванне. Яны абышлі вялікі абшар і пры канцы, вырашыўшы вярнуцца дадому, выйшлі на дарогу. Дзед добра стаміўся, унук таксама змучыўся, і таму, пабачыўшы кабету, якая ехала санямі, папрасілі яе падвезці іх. Кабета адмовілася, патлумачыўшы гэта тым, што конь стаміўся, а ёй яшчэ трэба прывесці хрусту з лесу.

«Каб ты ўсікалася!» - адрэзаў дзед сваёй любімай фразай. І раптоўна твар кабеты праясніўся: «А, дык гэта пан Іваноўскі! А я пана не пазнала, прашу сядаць, падвязу…» [9]

Неяк Станіслаў Іваноўскі невядома адкуль прывёз некалькі трусоў і даручыў ахмістрыні Лябёдкі апекавацца імі. Потым ён часта пытаў яе пра гэтых звяркоў, і праз некалькі дзён сам прыйшоў да гаспадыні ў пакой, які знаходзіўся на другім канцы дома, і ўбачыў, што адзін трус ужо здох. Узяў яго і паклаў гаспадыні ў ложак паміж матрацам і металёвай рамай. Праз нейкі час зноў спытаў пра трусоў і атрымаў адказ: «Жывыя, здаровыя і добра ядуць». Мана выявілася, калі трус засмярдзеў.

Без злой волі, але сурова адносіўся стары да маладых кавалераў, якія заляцаліся да дзяўчат. У Лябёдцы часта гасцявала моладзь, і таму заляцанак не бракавала. У прыбыўшых з візітам маладзёнаў, у якіх ужо пачыналі расці першыя вусікі, стары заўсёды пытаў: «Ці ж бацька дазволіў табе гадаваць вусы?»

Неяк дайшло да здарэння, якое назаўсёды сапсавала адносіны Іваноўскіх з адным з сваіх сваякоў. Калі ў Лябёдцы сабраліся госці, з-за Нёмана на кані прыехаў пляменнік старога Палікарп Лункевіч, які толькі што атрымаў афіцэрскі чын. Калі з'явіўся стары Іваноўскі, ён якраз з поспехам заляцаўся да прыгожай панны. Дзед прывітаўся з Палікарпам і пахваліў яго, сказаўшы, што той добра выглядае ў ваенным мундзіры, а потым дадаў: «А памятаеш, Палікарпка, як ты прыехаўшы неяк, не мог рашыць практыкаванне па геаметрыі і я загадаў на гэтым каменю даць табе дзесяць бічоў?». Палікарп пачырванеў як рак, пайшоў на стайню, асядлаў каня і з'ехаў. Больш у Іваноўскіх ён не паказваўся.

Часам у Лябёдку на паляванне запрашаліся госці. Звычайна такія паляванні арганізоўваліся падчас сямейных урачыстасцяў. Паляўнічыя збіраліся з вечара, і калі дазваляла надвор'е, спалі на сене на падворку. Ім выдаваліся коўдры з падушкамі, і ўдзельнікі палявання клаліся ў радок адзін каля аднаго. Устаць належала да ўсходу сонца. Неяк дзед, абудзіўшыся першым, выйшаў на падворак і ўбачыў, што ўсе паляўнічыя яшчэ моцна спяць. Пастаяў хвілінку, потым загадаў свайму «стральцу», старому Вінцуку Крывашэю, трымаць доўгі кій і стаяць каля спячых, а сам узяў у рукі стрэльбу. Раптоўна паляўнічыя пачулі стрэл і адчулі ўдары па спінам і нагам. Усе імгненна паўскоквалі. Для ўсіх такі пачатак палявання быў у навіну!

Стары меў вялікі запас паляўнічых апавяданняў і ахвотна іх расказваў. Звычайна пры гэтым дадаваў да расказаў розную небывальшчыну. Дзясяткі разоў расказваў пра спрытнага зайца, якога гналі сабакі, а ён расплыўся ў паветры, і сабакі страцілі яго след. Потым даведаліся, што заяц заскочыў на высокі пень, таму ганчакі яго не заўважылі і прабеглі міма. Аднак пра адно паляўнічае здарэнне дзед не любіў узгадваць. Было гэта так. Ён паляваў на зайца і пачуў, што сабакі гоняць звярка ў яго бок. Заяц ужо павінен быў выскачыць на дарогу, і стары падрыхтаваўся яго сустрэць, як раптоўна пачуў: «Хай будзе пахвалёны», - па дарозе ішла вясковая кабета. Дзед замест «На векі вечныя» закрычаў: «Пацалуй сабаку пад хвост!» І як раз у гэты момант заяц збочыў і ўцёк.

Запомніўся ўнукам яшчэ адзін забаўны эпізод з бясконцых паляўнічых гісторый дзеда. Падчас адпачынку пасля палявання, адзін з гасцей, нахіліўшыся, нешта прашаптаў старому на вуха. Станіслаў Іваноўскі меў кепскі слых і, недачуўшы, гучна адказаў: «Што такое… а… добрае месца? Пачакай трохі, зараз закончу расказваць пра справы з тым зайцам… Зараз пакажу». І няспешна закончыў свой аповед, не звяртаючы ўвагі на тое, што госць не мог ужо дачакацца фіналу. У канцы ён зноў пачаў шаптаць нешта дзеду на вуха. Тады абодва выйшлі на падворак, і дзед выцягнуўшы перад сабой руку, павярнуўся вакол сябе на адной назе і сказаў: «Дзе толькі хочаш, ажно да самага гарызонту» [10].

Да сваякоў дзед адносіўся па-рознаму. З нявесткай быў вельмі лагодны і падчас размовы з ёй не дазваляў сабе розных дрэнных словаў. З сваёй апошняй жонкай, бабуляй Стасяй, размаўляў трошкі свабадней. З сваімі ўнукамі размаўляў вольна, час ад часу ўстаўляў пікантнае слоўца. Аднак часта бываў сентыментальным, і тады называў унукаў «душачкамі». Перад і пасля абеду хрысціўся. Падчас абеду патрабаваў цішыні і казаў: «Падчас абеду - як у касцёле». Крошкі са стала трэба было сабраць і спаліць, каб не трапілі на сметнік ці іншае бруднае месца. Такім жа чынам дзед шанаваў і жыта. Дажынкавы вянок заўсёды вісеў у яго каля святых абразоў.

Гэта быў сапраўдны чалавек XІX ст., і ў тым стагоддзі ён і застаўся. Але, у той жа час, быў ён прадстаўніком амбітнага і свавольнага класа, які ўжо дажываў свой век.


Першая жонка Станіслава Іваноўскага - Антаніна з дома Рыла-Быкоўскіх, маці Леанарда, памерла ў 1852 г. у досыць маладым веку. Станіслаў застаўся ўдаўцом. Было яму самотна, і ён адчуваў патрэбу ў другім шлюбе. Паўторна Станіслаў ажаніўся з Макрэцкай, але і яна, пакінуўшы дзве дачкі, рана памерла.

Калі яго сын Леанард узяў шлюб, Станіслаў Іваноўскі жаніўся ў трэці раз з дачкой свайго суседа Губарэвіча - Стасяй (1843-1917), якой здаўна аказваў сімпатыі. Гэтак у сям'і з'явілася бабуля Стася, якая любіла ўсіх унукаў Станіслава, і яе таксама ўсе любілі як родную.

Пра Губарэвічаў Тадасу Іванаўскасу расказваў стары ляснік Іваноўскіх Вінцук Крывашэй. Стары Губарэвіч, уладальнік двара Галавічполе, быў прадстаўніком збяднелай шляхты, якая ў той час ужо пачала знікаць. Часткова ў гэтым была вінаватая і сама шляхта, бо пасля адмены прыгону не прыстасавалася да новай эканамічнай сітуацыі. Пасля паўстання 1863 г. шмат двароў знаходзілася ў цяжкім стане, эканамічны стан пагаршала яшчэ наложаная на шляхту так званая кантрыбуцыя - грашовая кара за паўстанне.

Маёмасць Губарэвічаў Галавічполе лічылася занядбаным дваром. Ляснік Вінцук казаў, што Губарэвіч нават быў не ў стане абслугоўваць свой статак быдла і здаваў яго ў арэнду яўрэю (таму меў толькі частку малака ад статку). З-за гэтага нават самім панам Губарэвічам не хапала смятаны. Яны бралі малочныя прадукты ў яўрэя ў крэдыт і давяралі ягоным бухгалтарскім запісам. Такая сітуацыя трымалася шмат гадоў, і калі яўрэй пачаў патрабаваць грошы, каб заплаціць, сям'і трэба было прадаць кавалак зямлі.

Аднак Губарэвіч не страціў добрага настрою і ўсё жыццё самааддана паляваў. Трымаў статак сабак, якіх потым перадушылі ваўкі. Стары Вінцук апавядаў, што неяк сабакі схапілі ваўка, а Губарэвіч, які знаходзіўся з тылу, саскочыў з каня і голымі рукамі ўхапіў ваўка за заднюю лапу, пасля чаго паламаў яе на сваім калене.

Губарэвічы часам наведвалі двор у Ішчалне, дзе жылі іх сваякі Важынскія. Бабуля Стася расказвала пра адну непрыемную прыгоду, якая здарылася з ёй падчас такога візіту. Яна ўзяла з сабой любімага коціка і неяк разам з ім пайшла на шпацыр. Кот ішоў каля гаспадыні, калі яго раптоўна атакавалі ішчалнянскія паляўнічыя сабакі. Ратуючыся, кот кінуўся да гаспадыні - ганчакі за ім. Бабуля таксама пабегла, але хутка заблыталася ў крыналінах і ўпала. Тады кот, як у адчыненую браму, убег ёй пад спадніцы і схаваўся. За катом палезлі і сабакі… Пачалася мітусня, енкі, крыкі і ўсё гэта закончылася валяр'янавымі кроплямі.

Бацька Леанард Іваноўскі

У памяці дзяцей ён застаўся нешматмоўным і строгім. Любіў і песціў толькі сваю дачку Алену, да сыноў жа ставіўся сурова, і яны яго нават баяліся.

З дакументаў бачна, што Леанард Іваноўскі нарадзіўся 2 лістапада 1845 г. (па старым стылі) у Лябёдцы. Меў двух сёстраў, якія памерлі ў дзяцінстве. Яго маці таксама памерла ў адносна маладым веку, і Леанард рос самастойна, бо бацька Станіслаў меў невялікі ўплыў на свайго нашчадка.

Пасля паўстання 1863 г., з-за матэрыяльных цяжкасцяў, большасць шляхты не магла паслаць сваіх дзяцей вучыцца, і таму трэба з павагай узгадаць старога Станіслава Іваноўскага: ён зрабіў усе, што мог, каб даць сыну сапраўдную адукацыю.

Напачатку Леанард Іваноўскі з добрымі адзнакамі закончыў гімназію № 1 у Вільні (знаходзілася на рагу вуліцы Вялікай [11] і Святога Яна [12] - цяпер гмах універсітэта). Пра яго жыццё ў Вільні вядома не шмат. Здымаў пакой недзе па вуліцы Святога Яна, і потым, калі сын Тадас ужо сам быў студэнтам, паказаў яму вакно сваёй кватэры. Неяк праз тое вакно да яго заляцеў стрыж, Леанард злапаў птушку і зрабіў з яе экспанат, які папоўніў калекцыю ў Лябёдцы.

У гімназіі Іваноўскі цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі і добра ведаў флору і фаўну Віленшчыны. З гімназічных часоў і да першага прыходу бальшавікоў у Лябёдцы захоўваўся яго вялікі гербарый. Падчас паляванняў у ваколіцах Вільні ён вывучаў раслінны і жывёльны свет. Але пасля паўстання 1863 г. у гімназіста канфіскавалі паляўнічую зброю, і Леанард страціў магчымасць паляваць.

Улетку Іваноўскі прыязджаў да бацькі ў Лябёдку і там аддаваўся сваім захапленням - збіраў гербарый, паляваў, прэпараваў казурак і птушак. Цікаўнасць да біялогіі засталася на ўсё жыццё, але ён выбраў сабе іншую і, верагодна, больш перспектыўную прафесію. Пасля гімназіі малады Іваноўскі працягнуў вучобу ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце.

Пасля заканчэння вучобы, з дыпломам інжынера-тэхнолага, ён паехаў у Сібір, якая прыцягвала сваімі бясконцымі магчымасцямі, тым больш, што там меліся сваякі. Адным з іх быў Юзаф Козел-Паклеўскі, ссыльны ўдзельнік паўстання, які потым стаў у Сібіры багатым чалавекам, ён меў вялікі маёнтак, капальні золата, заводы і шмат лесу. Каля самай мяжы з Кітаем, у Маймачыне, стаяла яго дыстылярня спірту. Хімік Леанард Іваноўскі атрымаў тут сваю першую пасаду, але доўга на ёй не затрымаўся, а дэталёва разабраўшыся з тэхналогіяй дыстылярні, выехаў у Францыю і прадоўжыў там адукацыю. У Францыі працаваў і вывучаў новыя прамысловыя тэхналогіі вырабу спірту і пераканаўся пры гэтым, што ў Расіі справа вырабу спірту знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Потым, праз укараненне еўрапейскіх тэхналогій, малады інжынер змог значна знізіць сабекошт вырабу спірту ў Расіі і зрабіць сабе на гэтым кар'еру.

Пасля вяртання дахаты Іваноўскі прымяніў веды на вялікім спіртзаводзе ў Варонежскай губерні. Вынікі былі выдатнымі, яму далі вялікі заробак і запрасілі ў склад кіраўніцтва завода. Аднак і тут Леанард Іваноўскі доўга не працаваў, бо яго інжынерныя здольнасці ўжо атрымалі агульнае прызнанне, і яму прапанавалі дзяржаўную пасаду - на пачатку ў Варшаве, а потым і ў Пецярбургу. Працуючы ў Варшаве, па просьбе Міністэрства фінансаў, Іваноўскі напісаў працу па спецыяльнасці («Устройство винокуренных заводов»). Быў вялікім і паважаным аўтарытэтам у сваёй сферы.

Неўзабаве Іваноўскі быў пераведзены ў Міністэрства фінансаў у Пецярбург. Здаецца, інжынер быў задаволены сваёй пасадай, бо дзякуючы ёй не быў прывязаны да аднаго месца. Шмат часу праводзіў у розных дэлегацыях, часам у самых аддаленых кутках Расіі: у Сібіры ці на Урале, дзе кіраваў пабудовай вялікіх хімічных прадпрыемстваў. Быў чалавекам шырокай кваліфікацыі, і неяк яму нават даручылі рэарганізаваць чаканку манет у Пецярбургу, працу выканаў добра і быў узнагароджаны.

У 1874 г. Леанард Іваноўскі і яго сябар Вацлаў Карафа-Корбут (яны пасябравалі падчас перабудовы вінакурні ў Рокішаках) - пабраліся з сёстрамі Ядвігай і Хэленай Райхель з ваколіц Пятркова. Сёстры былі выхаванкамі курсаў прафесара Баранэцкага ў Кракаве і, як на тыя часы, мелі добрую адукацыю. Леанард атрымаў за жонку ў пасаг частку маёнтка Райхеляў над ракой Вальборкай каля Вальбромя. Але чужая старонка яго не вабіла. Прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы. Унук Леанарда Іваноўскага Казімір пісаў: «Дзед Леанард, жадаючы выхаваць маладую жонку, цалкам ізаляваў яе ад сваякоў, перасяліўшы на 600 км у Лябёдку, дзе яна мела толькі яго аднаго».

З роду Райхеляў нам вядомы цесць Леанарда Іваноўскага (дзед Алены і Вацлава Іваноўскіх) - барон Амон фон Райхель. Ён паходзіў з Эльзасу і служыў у прускім войску ротмістрам гусарскага палка. Гэты полк стаяў каля Гданьска, Райхель нейкім чынам пакінуў ваенную службу і, ажаніўшыся з паннай Хжаноўскай, асеў у Польскім каралеўстве.

Ядвіга Іваноўская з Райхеляў мела сястру Хэлену і двух братоў - Уладзя і Браніслава. Уладзь меў слабасць да кабет і моцных напояў, і яшчэ яму заўсёды не шанцавала ў карты. Канец свайго жыцця ён дажываў каля сястры ў Лябёдцы. Брат Ядвігі Браніслаў меў сына Мечыслава, які ў ваколіцы Лябёдкі пазнаёміўся з багатай паннай Марыяй (усе звалі яе Мануля) Кандраценка. Пасля паўстання 1863 г. рыма-католікам нельга было набываць маёнткі, і канфіскаваны маёнтак Шайбакполе (раней належаў паўстанцам Александровічам і Плятэрам) за заслугі быў прададзены казацкаму генералу Кандраценку (памёр у 1880 г.). Калі пляменнік Ядвігі Іваноўскай Мечыслаў ажаніўся з Марыяй (дачкой Кандраценка), гэты стары маёнтак перайшоў у рукі Райхеляў.

Як ужо адзначалася, Леанард Іваноўскі вельмі любіў падарожжы, ён часта атрымліваў даручэнні за мяжой: прымаў удзел у міжнародных выставах і стаў спецыялістам у гэтай справе. Праца на выставах вымагала шмат часу праводзіць у Парыжы, Турыне, Вене ці Берліне. Паўсюдна ён меў знаёмых і нідзе не пачуваўся чужым. З падарожжаў Іваноўскі заўсёды вяртаўся задаволены і поўны энергіі зноў прыступіць да сваёй звычайнай, штодзённай працы. Жыў у Пецярбургу і, здаецца, любіў гэты горад, бо прывязаўся да яго з часоў свайго студэнцтва. Жыў сціпла, але бываў на прыёмах і наведваў абавязковыя, афіцыйныя банкеты. Меў некалькі старых знаёмых, з якімі сябраваў яшчэ з часоў віленскай гімназіі і Тэхналагічнага інстытута. Яго старымі сябрамі былі Ялавецкі, Златніцкі, Навіцкі і іншыя. Сыны Леанарда падчас свайго студэнцтва жылі разам з бацькам у Пецярбургу.

Падчас жыцця ў Пецярбургу Леанард Іваноўскі супрацоўнічаў з хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым і перакладаў на ангельскую мову яго лекцыі ў Лонданскім каралеўскім таварыстве аматараў прыроды. У 1898-1905 гг. займаў пасаду прэзідэнта Варшаўскага садоўніцкага таварыства і прымаў актыўны ўдзел у яго працы. Як адзін з заснавальнікаў і фундатараў лідскай гімназіі быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ліды.

Паводле ўспамінаў, Леанард быў чалавекам працавітым, любіў парадак і акрэслены рытм жыцця: уставаў рана, заўсёды ў адзін час. Напачатку трошкі працаваў у сваім кабінеце, а потым, хоць Міністэрства фінансаў у Пецярбургу было досыць далёка, заўсёды пешшу ішоў на працу. Вяртаўся з працы таксама пешшу. Жыў далёка ад бацькаўшчыны, але сэрцам быў заўсёды з ёй. Шляхі ўсіх ягоных паездак праходзілі праз Лябёдку. Відавочна, калі вяртаўся з Заходняй Еўропы, адведаць Лябёдку было проста. Але калі нават ён ехаў з усходу, заўсёды выкройваў дзень ці два, якія абавязкова праводзіў дома. Пры гэтым аглядваў сваю гаспадарку і кантраляваў працы, асабліва ў садзе. Калі яго дзеці жылі ў Лябёдцы, яны павінны былі аглядаць гаспадарку разам з ім і слухаць яго заўвагі.

Восенню, звычайна ў верасні, Іваноўскі меў месяц адпачынку. Свядома выбіраў сабе гэты час, каб у маёнтку асабіста займацца ўборкай ураджаю і асабліва ў яго любімым садзе. Сад быў галоўным захапленнем інжынера. Кожную восень часткова выконваўся план Леанарда Іваноўскага: садзіўся новы кавалак саду, новая алея, новая школка маладых дрэўцаў. У апошнія часы перад Першай сусветнай вайной сад займаў ужо каля 20 гектараў. Падчас адпачынку гаспадар рана ўставаў і сам кантраляваў працу. Бываў паўсюдна, усё бачыў, і не дзіва, што мучыў сваіх рабочых, служак і ўсю сям'ю. Калі ён ад'язджаў, усе, нават жонка, уздыхалі свабадней.

Дзеці шанавалі бацьку за яго справядлівасць, працавітасць і мудрасць. Ім нават не прыходзіла ў галаву казаць пра яго дрэнна, бо быў для іх вялікім аўтарытэтам. Аднак сын Тадас заўважыў, што яго бацька меў і недахоп: ён быў кепскім псіхолагам і не бачыў таго, што робіцца ў душы не толькі жонкі, але і дзяцей. Яго адносіны да дзяцей былі суровыя і бескампрамісныя, з-за гэтага даходзіла да балючых канфліктаў, у якія, баронячы дзяцей, заўсёды ўступала маці. Дзеці вельмі баяліся гэтай рысы характару бацькі, і паступова паміж імі з'явілася мяжа, праз якую ўжо немагчыма было перакрочыць. На жаль, гэтая мяжа не дазваляла мець больш блізкія, сардэчныя адносіны. Толькі для адной сваёй дачкі Алёны Іваноўскі быў іншым, больш лагодным і разважлівым, а яна, дзякуючы сваёй жаночай інтуіцыі, гэта рана зразумела і старалася залагодзіць жорсткасць бацькі.

Здаецца, Леанард Іваноўскі значна больш вольным быў з чужымі людзьмі, чым з сваімі дзецьмі. Калі прыязджаў у Лябёдку, да яго па справах прыходзілі самыя розныя людзі: суседняя шляхта, сяляне ці яўрэі з бліжніх мястэчак. І яму прасцей было знайсці агульную мову з сялянамі, асабліва калі размова вялася пра сельскую гаспадарку. Дзеці памяталі свайго бацьку, які падчас размовы з групай сялян у доўгіх авечых кажухах быў апрануты ў кароткі гаспадарскі кажушок. Вось яны разам аглядаюць палі, сельскагаспадарчыя машыны ці быдла, і інжынер вельмі доўга не развітваецца з сялянамі. Уладальнік маёнтка часта дарыў сялянам ці ёркшырскіх парасят, ці новыя гатункі бульбы, ці маладыя прывітыя дрэўцы. Каб прыахвоціць вяскоўцаў да паляпшэння гаспадаркі, Іваноўскі прыдумаў праводзіць выставы прадукцыі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі ён дабіўся падтрымкі і невялікай субсідыі, афіцыйных пахвальных лістоў і г. д. Выставы адбываліся ў вялікай лябёдскай стадоле, мелі гучны поспех і добра ўплывалі на мясцовых гаспадароў. Леанард Іваноўскі вельмі радаваўся, бо бачыў, з якім шацункам удзельнікі выставы атрымоўвалі грашовыя ўзнагароды ці пахвальныя лісты.

У вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» віленская газета «Кур'ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра адну з гэтакіх сельскагаспадарчых выстаў у Лябёдцы Іваноўскага. «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага Некралог Леанарда Иванощскага, Kurjer Warszawski. 1919. двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збож жа… Гаспадарчыя пабудовы лёгкія і танныя… У адной з такіх, высокай і добра пабудаванай шопе, усталяваны простыя, але спрытныя машыны для вырабу дахоўкі, цэглы і пустых знутры вялікіх блокаў… У стайнях, аборах, хлявах, курніках шмат жывёлы розных сартоў, падабраных для нашых умоў. Агароды і купкі пладовых дрэў дэманструюць шматгадовую працу былога прэзідэнта Таварыства Садаводаў. Сады з-за вялікай колькасці сартоў дагледжаных тут дрэваў маюць музейную вартасць… Колькі смачнай і карыснай гародніны стала вядома дзякуючы толькі таму, што сп. Леанард Іваноўскі купляў яе паўсюдна, а потым папулярызаваў сярод мясцовых гаспадароў. Сп. Іваноўскі ёсць найвялікшы знаўца сваёй справы ў Літве… На выставе дэманстраваліся цікавыя вырабы з садавіны і гародніны, вырабленыя пад кіраўніцтвам гаспадыні сп. Ядвігі Іваноўскай. Адборныя віны, кансерваваныя ягады і грыбы ў шкляных і бляшаных банках розных відаў: гародніна па-кіеўску, гародніна сушаная ў адмысловых сушарнях, старасвецкія канфіцюры і сокі, - усё надта смачнае і дасканала вырабленае. Бляшаныя банкі, распрацаваныя Вацлавам Іваноўскім, - простыя, танныя і адначасова дасканалыя і герметычныя, абавязкова будуць выкарыстоўвацца ў прамысловасці… Выстава ў Лябёдцы была арганізаваная для суседніх гмін, і ў ёй прымалі ўдзел вырабы суседніх маёнткаў… Але вырабы з Лябёдкі былі па-за канкурэнцыяй. …Лябёдка 400 гадоў знаходзіцца ў руках Іваноўскіх…» [13]. А ў верасні 1913 г. Леанард Іваноўскі ў сваім маёнтку Лябёдка правеў выставу жывёлы.

У тагачаснай Беларусі не хапала добрых рамеснікаў, і інжынер здаўна хацеў арганізаваць у Лябёдцы школу садаводства, і таму здабыў у адпаведным міністэрстве дазвол на яе адкрыццё. Школа пачала працаваць перад Першай сусветнай вайной, і разам з садаводствам ў Лябёдцы неафіцыйна выкладалася і польская мова. Гэтым займаліся жонка Леанарда Ядвіга і яе сястра Хэлена. З таго часу ў сям'і памяталі амаль што анекдот, як падчас вывучэння назваў раслін беларускія дзеці на слых успрынялі фразу: «Дуб ёсць дрэва, а ляшчына куст» як «Дуб ёсць дрэва, але сцыць на куст». Маладых сялян прымалі ў маёнтку для практыкі ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 г. меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Для будучай школы выбралі месца ў блізкім суседстве з Лябёдкай, у вёсцы Банюкі. Будаўнічы матэрыял даў дзяржаўны лес, але ў 1914 г. пачалася Сусветная вайна, і будынак школы не быў пабудаваны.

У апошнія гады перад Сусветнай вайной Лябёдка перажывала свой «залаты век». У гаспадарцы ўсталяваўся добры парадак, палепшылася агратэхніка, з'явіўся дрэнаж, усталявалі сучасныя машыны, купілі статкі пародзістага быдла, вырас добры сад. Гэта быў момант найвышэйшага ўздыму маёнтка. Але выбухнула вайна, край агарнула гарачка мабілізацыі. Як і звычайна, увосень 1914 г. Іваноўскі меў чарговы адпачынак. Пасля заканчэння адпачынку ён вярнуўся ў Пецярбург і адразу пайшоў у адстаўку. Пра адстаўку марыў даўно і бачыў сваё жыццё на пенсіі ў рамантычным свеце: будзе жыць у Лябёдцы, займацца гаспадаркай, меліярацыяй ці іншымі добрымі рэчамі. Думаў, што яго высокі ранг сапраўднага дзяржаўнага дарадцы гарантуе аўтарытэт і павагу, акрамя таго перад пенсіяй спадзяваўся атрымаць ранг тайнага дарадцы [14]. Усё змянілася: знікла старая ўлада, яго чыны страцілі значэнне, знік капітал, які захоўваўся ў пецярбургскіх банках. А ў 1915 г. раскватараваныя ў маёнтку рускія войскі знішчылі сады і школку маладых дрэў.

Некралог Ядвігі Іваноўскай, Słowo. 1934. № 249.

Хутка прыйшлі немцы. Начальнікам павета (kreіsu) быў прызначаны нейкі Фікель, і ў Лябёдцы пасялілася група гвардзейскіх афіцэраў. Адстаўны інжынер перастаў панаваць у сваім доме, і яго нават на нейкі час пасадзілі пад варту ва ўласнай піўніцы за спробу аказваць супраціў. Некаторыя суседзі, якія раней не прапускалі ніводнага дня нараджэння ці імянін сапраўднага дзяржаўнага дарадцы, каб не выказаць сваю павагу, цалкам перасталі звяртаць на яго ўвагу.

Пад канец Першай сусветнай вайны здароўе Іваноўскага пахіснулася. Новыя акалічнасці жыцця паламалі яго, і гэта быў ужо не той генерал (як любілі яго называць суседзі), а звычайны ўладальнік спустошанага маёнтка. Памёр Леанард Іваноўскі ў 1919 г.

Яго жонка, Ядвіга Іваноўская, расказвала дзецям, як у яго апошнія дні яна вызвала для споведзі з Васілішак ксяндза Сакалоўскага, але бацька катэгарычна адмовіўся ад яго паслуг. Тады маці пачала прасіць Іваноўскага хоць проста паразмаўляць з госцем - спадзявалася, што размова натуральным чынам перарасце ў споведзь. Размова першапачаткова ішла ціха, але хутка інжынер пачаў нешта гучна казаць. Жонка зразумела, што ён востра распякае ксяндза, і паспяшалася закончыць візіт.

Леанард Іваноўскі быў пахаваны ў Лябёдцы. Яшчэ за некалькі гадоў да смерці ён атрымаў дазвол на адкрыццё могілак для сваёй сям'і ў межах свайго маёнтка. Месца было выбрана ў кіламетры ад дома і мела назву Буянаўшчына - сухі пагорак ў сасновым лесе, абсаджаны дубамі. Да могілак правялі дарогу.


Унук Леанарда Казімір Іваноўскі ўспамінаў: «Бабулю Ядвігу памятаю па Лябёдцы і па Вільні, куды яна прыязджала штогод пагасцяваць у наш дом. Памятаю, як яна прыходзіла ў наш пакой, каб пажадаць добрай ночы і прачытаць апавяданне Джэка Лондана. Памерла восенню 1934 г. ва ўзросце 80 гадоў. Калі яна ўжо цяжка хварэла, з Варшавы ў Вільню прыехаў Стэфан Іваноўскі (сын Вацлава Іваноўскага. - Л. Л.) і прывёз у Лябёдку доктара Умястоўскага. Гэты чалавек быў старым сябрам сям'і і пажыццёвым доктарам бабулі…

Добра памятаю пахаванне бабулі. Сабралася ўся сям'я і ваколічны народ. Жалобную імшу правёў пробашч касцёла. …Памятаю кароткую жалобную прадмову сябра сям'і Абрама Гардона, яўрэя з Васілішак. Сваю прамову Абрам закончыў гэтак:

- Ці пані Іваноўская заслужыла неба?

- Так, - выдыхнулі ўсе людзі.

- Голас народа - голас Бога, - закончыў Абрам. Быў ён ужо добра падпіты, бо пасля гэтага народнага рэферэндуму па прызначэнні неба для нашай бабулі, дадаў:

- Хай жыве пані Іваноўская! …у сэнсе… у нашай памяці.

Якой вялікай павагай карысталася бабуля сярод суседзяў, гэта бачна з таго, што было вырашана ўзяць труну з катафалка і ўсю дарогу да могілак, даўжынёй больш за кіламетр, несці на руках. Была пахавана ў вялікім сямейным склепе, разам з дзедам Леанардам. Калі ў 1939 г. прыйшла Савецкая ўлада, удзячны народ павыцягваў труны, павыкідваў парэшткі і гуляў чарапамі як мячыкамі. Калі прыйшлі немцы, мы пазбіралі косткі і там жа ў склепе проста закапалі іх глыбока ў зямлю».

Маёнтак Лябёдка

Лябёдка разам з фальваркамі мела 500 га зямлі. Знаходзілася яна 40 км ад Ліды і 120 ад Вільні. Валасным (потым гмінным) мястэчкам з'яўляліся Васілішкі, да якіх было 6 км. Каля паловы жыхароў Васілішак складалі яўрэі. З Лябёдкі туды ездзілі па пошту, на закупы, на кірмашы, там жа быў і пастарунак паліцыі. Закупы рабілі ў краме спадарыні Фэйгус, якая гандлявала «і мылам і шылам». Там можна было купіць усё, ад шмаравідла для воза і газы да селядца з галантарэяй. У мястэчку меўся яшчэ аптэчны склад Каўфмана, які славіўся рэцэптурай мазі для росту валасоў.

З гэтай маззю адбылася такая справа. Падчас Першай сусветнай вайны мясцовы нямецкі камендант мястэчка паслаў свайго ардынарца да Каўфмана па гуталін. Сапраўднага гуталіну ў продажы не знайшлося, і Каўфман прадаў немцу саматужны выраб. Пасля чысткі ботаў гэтым саматужным гуталінам прыгожы раней абутак каменданта стаў мець выгляд варты жалю. Каб пакараць гандляра, камендант загадаў вымазаць Каўфману галаву яго саматужным гуталінам. І ў раней лысага, як калена, гандляра выраслі валасы! Пасля гэтага Каўфман больш не гандляваў гуталінам, а прадаваў толькі свой цудоўны эліксір для валасоў.

Мястэчка Васілішкі мела барочны касцёл, у якім шмат гадоў працаваў ксёндз-дэкан Цыраскі. Ксёндз быў вельмі энергічным чалавекам і кожнаму казаў толькі праўду. Расказвалі пра яго такую байку. У яўрэйскім аўтобусе, які ішоў у Вільню, ехаў знаны ў акрузе дзялок, пан Віславух. Каля яго сядзеў сціплы ксёндз у старой сутане. Свецкі чалавек Віславух пачаў расказваць вясковаму пробашчу пра цуды матарызацыі. Ксёндз падтакваў. Каб яшчэ больш узвысіцца над прастаком, Віславух сказаў:

- Калі будзеце ў Вільні, дык запытайце, дзе вуліца Віленская. Там пад нумарам 4 ёсць кнігарня Руцкога. Прашу туды зайсці і спытаць кнігу «Маё жыццё і справы» Генры Форда. Гэта такі спадар, які першым пачаў вырабляць добрыя аўтамабілі, ксёндз, пэўна, пра яго не чуў. У той кніжцы Форд гэтак проста ўсё патлумачыў пра аўтамабілі, што нават і ксёндз зразумее.

На што святар адказаў:

- А калі вы будзеце ў Вільні, дык прашу зайсці ў тую ж кнігарню і папрасіць тую ж кнігу, адгарнуць яе на тытульнай старонцы і ўбачыць тое, што напісана пад загалоўкам: «Пераклаў з англійскай мовы А. Цыраскі». Дарэчы, Цыраскі - гэта я [15].

Аднак парафіяльным касцёлам Іваноўскіх быў касцёл пад вызнаннем св. Пятра і Паўла ў Старых Васілішках - 2 км ад мястэчка Васілішкі ў бок рэчкі Лябёдка. Гэты неагатычны касцёл быў пабудаваны амаль што ў адзін час з лябёдскім домам, г. зн. каля 1904 г. Леанард Іваноўскі з'яўляўся адным з яго фундатараў, і таму па правы бок ад алтара стаяла лава калятараў Іваноўскіх (перад ёй мелася меншая лава сям'і Райхеляў). А вітраж з гербамі Райхеляў і Іваноўскіх на адным з вокнаў касцёла быў фундаваны бабуляй Ядвігай Іваноўскай. Гэты вітраж зрабілі ў кракаўскай майстэрні. Касцёл меў багаты роспіс на сценах і столі, па легендзе, мастак, які гэта намаляваў, не меў рук і працаваў нагамі. Потым адукаваныя парафіяне казалі, што калі ацэньваць мастацкі ўзровень роспісаў, дык у гэта можна і паверыць…

Тадас Іванаўскас успамінаў, што самымі набожнымі з яго родных быў дзед Станіслаў і яго жонка бабуля Стася. «А самым вялікім тэолагам з'яўляўся сталяр Казюк Пятачок. Пятачок - гэта не прозвішча, а мянушка. Пятачок меў славу самага вядомага тэолага ў Лябёдцы, бо прызвычаіўся каментаваць тэксты касцельных малітваў. Напрыклад, ён быў глыбока перакананы, што Хрыстос меў вялікія сантыменты да палякаў і таму выбраў час і месца сваёй смерці «за польскім Пілатам». На слых сталяр у касцёле ўспрымаў слова «понскім» як «польскім».

Іванаўскас пісаў, што яго бацька жыў сапраўдным вальнадумцам, якім чалавека магло зрабіць толькі XІX стагоддзе. Маці была веруючай, але вельмі талерантнай, і ніколі не прымушала сваіх дзяцей да рэлігійных практык. Пра веру ў Бога яна казала, толькі калі хварэлі дзеці.


Ад пачатку двор у Лябёдцы складаўся з самой Лябёдкі і фальварка Тэрэспаль, які Леанард Іваноўскі купіў у сваёй мачыхі, нейкім чынам абмінуўшы пры гэтым закон, які забараняў продаж зямлі рыма-католікам. У Тэрэспалі не было ніякіх будынкаў, і таму фальварак проста далучылі да Лябёдкі. Тут раслі толькі дзве вельмі старыя пірамідальныя таполі і мелася старая студня, якая патроху западала, покуль цалкам не знікла. Каля 1900 г. таполяў ужо не было, не было ўжо і назвы Тэрэспаль - месца пачало называцца Зязюлька. Потым да Лябёдкі далучылі яшчэ адзін фальварак - частку Галавічполя, які Леанард Іваноўскі таксама купіў у бабулі Стасі, а яшчэ пазней - калі былі зняты абмежаванні для католікаў - у Франскевічаў купіў двор Рагачоўшчына (некалькі кіламетраў на поўдзень ад Лябёдкі).

У канцы XІX ст. у Лябёдцы стаялі старыя, драўляныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі па чарзе іх бурыў і замяняў новымі, з якіх частка была цалкам мураванымі, а частка - толькі на палову з цэглы. Самымі галоўнымі будынкамі лічыліся: дом для службы - афіцына, дом дзеда Станіслава ў садзе (у сям'і яго звалі дамок), вялікая стадола, дзве стайні, абора, два хлявы, млын з рухавіком і кузня каля яго, старая кузня каля лесу, чатыры шопы, тры хаты для парабкаў (у кожнай хаце па некалькі кватэр), птушнік, шэсць малых стадол, свіран, тры будынкі пад садавіну, некалькі піўніц пад гародніну ды іншыя малыя будынкі.

Акрамя гэтага фальваркі Галавічполе і Рагачоўшчына мелі ўласныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі вельмі любіў свой маёнтак, увесь час прыдумляў нешта новае, развіваў і паляпшаў старое. Іваноўскія мелі шмат лугоў, і ён, выкапаўшы асушальныя равы, паправіў усе свае лугі. Звазіў камяні з палёў і выкарыстоўваў іх для будаўніцтва. Асушаў палі, выцінаў хмызняк і малавартасныя дрэвы і на іх месцы пасадзіў ладны кавалак лесу. Іваноўскі клапаціўся пра сад і школку маладых дрэваў. Новы сад у Лябёдцы быў пасаджаны каля 1867 г., а школка маладых дрэў з'явілася каля 1885 г. Школка і сад забяспечвалі мясцовы рынак, але хутка для збыту маладых дрэўцаў і садавіны інжынер знайшоў новыя рынкі: такія вялікія гарады, як Пецярбург, Масква і Варшава патрабавалі шмат садавіны. Хутка садавіна з Лябёдкі атрымала добрую рэпутацыю ў гандляроў і пакупнікоў, да таго ж яна неаднаразова ўзнагароджвалася рознымі медалямі на выставах. Восенню маштабы працы ў лябёдскім садзе ўражвалі: нанятыя працаўнікі пад наглядам усіх мабілізаваных членаў сям'і збіралі садавіну і звозілі яе ў склады, тут ураджай перабіраўся, пакаваўся, пералічваўся і потым грузіўся на вазы, пасля чаго яго везлі да бліжэйшай чыгункі. Раней гэта была Ліда (45 км), а з 1907 г., калі пабудавалі новую чыгуначную лінію, - станцыя Скрыбаўцы (каля 20 км ад Лябёдкі). Пасля гэтага пачыналі назапашваць садавіну на зіму ў вялікай піўніцы пад домам. Шмат пладоў вывозілася для ўласнага ўжытку ў Варшаву ці Пецярбург, бо ўсе Іваноўскія былі аматарамі садавіны - за час, калі дзеці вучыліся ў гімназіях, а потым набывалі вышэйшую адукацыю, яны самі і іх шматлікія сябры з'елі неверагодную колькасць лябёдскай садавіны.

У школцы маладых дрэў таксама было шмат працы, і працаваў там не толькі садоўнік з 4-5 памочнікамі, але яшчэ і практыканты, шмат нанятых працаўнікоў і члены сям'і - часцей сыны Вацлаў і Тадас. Бацька даверыў ім лекаванне дрэўцаў, іх сарціроўку, прышчапленне і г. д. Дзеці мелі шмат працы, і таму больш старшы і хітры Вацлаў стараўся перакласці яе на Тадаса, а той як мог імкнуўся цалкам пазбегнуць працы. Але дзеці мелі строгага бацьку, і таму ў іх нічога не атрымлівалася.

Гаспадарка ў Лябёдцы адрознівалася ад суседніх. Яна патрабавала шмат служачых і яшчэ больш рабочых рук. Лябёдка насамрэч больш нагадвала прамысловае, а не аграрнае прадпрыемства, тым больш, што ўвесь час будаваліся новыя спецыялізаваныя будынкі, закупаліся машыны, бурыліся артэзіянскія свідравіны і г. д.


У Лябёдцы з былых часоў стаяў вялікі, тыповы для старых двароў драўляны дом, крыты гонтай, з дужым ашклёным ганкам з боку падворка, з шырокім балконам і мансардай уверсе. З боку сада знаходзілася вялікая веранда з дошак. Яе дах апіраўся на белыя, драўляныя слупы, а сходы з веранды вялі ў парк. З другога боку дома быў «чорны» ўваход у пякарню і кухню. У доме меліся наступныя памяшканні: слынны ў сям'і «дамскі пакой», «пакой дзядулі», сталовая, дзіцячы пакой, спальня, «птушыны пакой», найбольшым быў гасцінны пакой, альбо па-іншаму «салон», два кабінеты, далей, каля пякарні, меўся пакой ахмістрыні, потым «цёмная ізба», кухня, вялікая камора - «спіжарня» і нарэшце, наверсе, малая зала, у якой толькі ўлетку жыла цётка - малая зала не мела печкі.

Гэты дом, з якім звязаныя найлепшыя ўспаміны ўсіх дзяцей Леанарда Іваноўскага, быў пабураны ў 1901 г., і на яго месцы пабудаваны вялікі, мураваны, двухпавярховы з чырвонай цэглы сапраўдны палац у стылі мадэрн з элементамі неаготыкі. У плане ён нагадваў літару «L» (Lebіodka) і меў вялікую колькасць пакояў.

Ад старога дома захавалася толькі частка з верандай. Трохі пераробленая, яна была перанесена ў сад. Потым, пасля Першай сусветнай вайны, Алена Іваноўская перанесла гэты дом у вёску Капцюхі, дзе ён згарэў падчас пажару.

Трэба сказаць яшчэ некалькі слоў пра гэты стары дом, які, каб адрозніць яго ад «палаца», усе звалі «дамком». Казімір Іваноўскі ўспамінаў, што дамок быў вельмі мілай, драўлянай, аднапавярховай халупкай памерам 22 на 15 м. Уваходзілі ў яго праз зашклёны ганак. Летам там прыемна было пасядзець на лавах, а зімой ганак з'яўляўся добрай заслонай ад халоднага ветру, снегу і марозу. Менавіта тут у свой час зладзілі алтар і хрысцілі малога Казіміра.

З ганку ўваходзілі ў вялікі перадпакой, адтуль двое дзвярэй вялі ўнутр дома. За левымі дзвярыма была вялікая сталовая, адначасова яна з'яўлялася і салонам. За правымі дзвярыма мелася вялікая кухня з вялікай хлебнай печчу. Каля печы стаяла вялікая кухонная пліта на чатыры фаеркі. У ёй заўсёды гарэў агонь. Тут гатавалася ежа для сям'і малодшага з братоў - Станіслава Іваноўскага, а ў вялізным чыгунным сагане варылася бульба для парсюкоў. Часта, прагаладаўшыся, дзеці кралі тую вараную бульбачку. На ўскрайку пліты заўсёды стаялі вялікія чорныя гладышы - гліняныя збаны з сквашаным малаком, якое адстойвалася на тварог. За печчу меўся ўмураваны ў яе 100-літровы кацёл, у ім грэлася вада для мыцця і прання бялізны. Кухня была цёплай, утульнай, пахла малаком і свежым хлебам. Не шкодзіла ёй нават вялікая колькасць мух улетку. За кухняй меўся яшчэ адзін жылы і адзін службовы пакой, у якім у 1930-я гг. жыла ахмістрыня Мяланья. Мяланья кіравала хатняй гаспадаркай - кухняй, хатняй птушкай і свінкамі. Страціла сваю сям'ю і ў Іваноўскіх знайшла другую.

Усе пакоі, за выняткам кухні, былі высланы карычневым лінолеумам, што дазваляла, нават маючы дзяцей і сабак, утрымліваць чысціню.

Дамок стаяў у 30 метрах ад палацу і аддзяляўся ад яго парканам. Вокны дамка мелі невялікі памер і ўлетку заўсёды адчыняліся, што вечарам значна палягчала хлопцам вяртанне дахаты. Узімку мароз маляваў прыгожыя ўзоры на двайным шкле, з-за чаго не патрэбны былі фіранкі. А ўлетку, калі глядзець вонкі, заўсёды быў бачны дзікі вінаград, які аплятаў увесь дамок.

Калі будаваўся Лябёдскі палац разам з рознымі прысядзібнымі гаспадарчымі пабудовамі, Леанард Іваноўскі, як інжынер, задзейнічаў на будаўніцтве шмат розных машын, якія на месцы выраблялі бетон, цэглу, дахоўку, трубы і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Дзеля ўсяго гэтага выкарыстоўваўся жвір і пясок з ямаў недалёка ад будоўлі. Потым жвір здабываўся для будаўніцтва дарог у ваколіцы і ў выніку недалёка ад палаца паўсталі жвіровыя ямы ў 6 метраў глыбіні і каля 20 даўжыні. Заслоненыя ад ветру, ямы мелі свой мікраклімат і ўвесь год мелі на сваім дне ваду. Але адмысловую цэглу для будаўніцтва старавасілішкаўскага касцёла і лябёдскага палаца прывозілі з польскага Влацлавека.

Як выглядаў Лябёдскі палац у 1930-я гг.? Увайсці ў палац можна было праз вялікія зашклёныя дзверы. Адразу ад увахода меўся невялікі зашклёны перадпакой, а за ім другі, больш вялікі. Па левым баку тут стаяла вешалка для вопраткі, а далей вялікі стэлаж з поручамі, на якім спачывалі прыгожыя конскія прылады Алены Іваноўскай: лёгкія англійскія сёдлы з светлай скуры, далікатныя аброці з кольцамі, спражкі і цуглі, упрыгожаныя слановай косткай. Насупраць стаяла вялікая зашклёная вітрына на ножках з выразанымі на ёй птушкамі. У гэтай вітрыне захоўваліся рэчы, якія нагадвалі пра захапленне паляваннем як мінімум чатырох пакаленняў Іваноўскіх.

Дзесьці з другой паловы 1930-х гг. сям'я малодшага брата Вацлава і Алены - Станіслава Іваноўскага - атрымала ў палацы тры пакоі на першым паверсе, гэтую частку дома раней займаў Леанард Іваноўскі, а на сценах пакоя, у які пасяліліся дзеці Станіслава - Лех і Казімір, да канца 1930-х гг. тут віселі дыпломы дзеда Леанарда, гэты пакой раней быў яго кабінетам. На найбольшым, каляровым, у саліднай дубовай раме дыпломе, быў намаляваны чалавек, які трымаў у руцэ італьянскі сцяг, а каля сцяга меўся надпіс: «Esposіzіone Іnternazіonale dell'Undustrіa e del Lavoro. DІPLOMA DІ BENEMERENZA. Sіgnore Leonardo Іwanowskі. Torіno 1911». Гэта была ўзнагарода за прадстаўленае дзедам Леанардам абсталяванне для вінакурні, у гэтай справе дзед быў выбітным адмыслоўцам. Каля першага вісеў другі, менш прыгожы дыплом з нейкай выставы ў Вене, арганізаванай аўстрыйскай манаполіяй алкаголю і тытуню. Апошні дыплом на французскай мове быў дадзены за выгадаваную ў Лябёдцы гародніну. У гэтым жа пакоі стаяў жалезны ўмывальнік з тазам - зімняя лазня для дзяцей. Улетку ролю лазні выконвалі малыя сенцы каля былога кабінета Леанарда, яны вялі на задні, малы ганак. У сенцах мелася ладная кафляная падлога з фірмовым надпісам пасярэдзіне: «Дзявульскі і Ланге, Апочна». Каб не паслізнуцца, на гладкай паверхні кафлі меліся аб'ёмныя малюнкі кветак. Уся падлога была аблямавана бронзава-жоўтым плінтусам.

На другім паверсе палаца некалькі пакояў займала жонка Леанарда Іваноўскага, бабуля Ядвіга, той жа Казімір помніў, што «У бабуліных пакоях заўсёды цёпла і ўтульна, на сценах вісяць фотаздымкі яе пецярых дзяцей і ўнукаў. Дзядзька Ежы трымае на каленях сваю малую дачушку Ванду, каля яго - фотаздымкі Стэфана, Вацака, Юркі, Ганкі (фотаздымкі ўнукаў, - Л. Л.), таксама і маёй сям'і. Каля свайго вялікага ложка бабця мае ліхтар, у якім заўсёды гарыць свечка. Пад свечкай стаіць талерка, у якую сцякае парафін. У бабулі мы нядоўга, дамаўляемся пра сустрэчу на заўтра і ляцім аглядзець гаспадарку. Па дарозе сустракаем цёцю Алену, як заўсёды, яна мае для нас шырокую ўсмешку, пахне коньмі і хартамі».

Навакольныя яўрэі

Спецыфічным грамадскім элементам у тыя часы былі яўрэі, у значнай ступені ад іх залежалі ўладальнікі двароў.

Тадас Іванаўскас адзначаў, што які б землеўладальнік не быў - заможны ці бедны - без яўрэя ён абысціся не мог. Усё, што неабходна было з маёнтка прадаць - лес, збожжа, быдла, воўну, лён, садавіну і гародніну, усё гэта куплялі яўрэі і звычайна за нізкі кошт, бо канкурэнцыі не было. Яны былі выдатна арганізаваныя, галоўным у яўрэяў з'яўляўся местачковы равін. Усіх ваколічных паноў равін дзяліў паміж сваімі яўрэямі - кожнаму прыходзіўся адзін ці некалькі землеўладальнікаў. Такім чынам, кожны пан меў свайго яўрэя, а кожны яўрэй - свайго пана. Яўрэі былі вельмі салідарныя паміж сабой і працавалі толькі са сваімі панамі, пры гэтым ніколі не пераходзілі дарогу супляменнікам. Таму не існавала ніякай канкурэнцыі, і ўладальнікі двароў цалкам залежалі толькі ад «сваіх» яўрэяў. «Свой» яўрэй мог быць і карысным для землеўладальніка. Нярэдка можна было пачуць ад таго ці іншага пана, што ўсе яўрэі - гэта банда крывасмокаў, але «мой яўрэй» - чалавек добры і незаменны. «Свой» яўрэй, незалежна ад таго, ці меў нейкую справу, рэгулярна наведваў двор «свайго» пана. Звычайна з'яўляўся на цэлы дзень і размаўляў з пані, з бабуляй, з іншымі членамі сям'і і эканомам, калі той быў. Абходзіў увесь маёнтак, паўсюдна, дзе трэба і дзе не трэба, утыкаў свой нос. Таму дакладна ведаў усю гаспадарку «свайго» пана і разумеў, што можна будзе купіць ці прадаць.

Часам, і нават вельмі часта, яўрэі фінансавалі паноў, пазычаючы ім грошы. Было б гэта не дрэнна, каб не вялікія адсоткі і каб гаспадары двароў інвеставалі сродкі ў развіццё сваіх гаспадарак. Але найчасцей грошы выдаваліся на розныя прыемнасці, напрыклад, на паездку за мяжу, на карнавальны выезд у Варшаву, падчас якога пані і паненкі мелі магчымасць міла праводзіць час і знайсці для паненкі мужа. Для гэтых жа мэтаў браліся пазыкі ў земскіх банках, і большасць суседніх двароў танула ў даўгах. Усё гэта добра апісана ў раманах Элізы Ажэшкі.

Пазычаючы грошы панам, яўрэі маглі калі-некалі і ашукаць. Напрыклад, сусед Іваноўскіх Валейка на вэксаль атрымаў у пазыку ад аднаго з мясцовых яўрэяў немалую суму грошай. Калі надышоў час плаціць, яўрэй прадставіў дакумент, і Валейка заплаціў. Тады яўрэй прынёс яшчэ адзін вэксаль на гэткую ж суму. Сусед адмовіўся плаціць і атрымаў судовы працэс. У судзе стала вядома, што вэксаль і подпіс Валейкі сапраўдныя. Аказалася, што падробленым вэксалем быў першы, але Валейка гэтага не ўбачыў і заплаціў па ім. Судовыя архівы поўняцца падобнымі гісторыямі.

Бывала і адваротнае. Іванаўскас узгадвае гісторыю, калі «католік падмануў яўрэя». Рэктар былога Віленскага ўніверсітэта на добры працэнт пазычыў яўрэям каля 300 рублёў, пры гэтым у заставу атрымаў срэбныя рэчы, як быццам, адпаведнай вартасці. Праз нейкі час рэктар зразумеў, што насамрэч рэчы не срэбныя, а пасрэбраныя. Трэба было неяк ратавацца, і рэктар пачаў расказваць, што застаўныя рэчы ў яго скрадзены і ён аказаўся ў цяжкай сітуацыі. Пачуўшы гэта, яўрэі прыйшлі да яго як быццам вярнуць грошы і забраць свае рэчы, бо меркавалі, што рэктар будзе не ў стане аддаць «срэбныя» рэчы і таму не будзе патрабаваць назад сваю пазыку. Той аднак з вялікай радасцю ўхапіў свае грошы і вярнуў «срэбра».

Тадас Іванаўскас лічыў, што ў часы яго маладосці мелася вялікая розніца паміж яўрэямі ў Польшчы і ў Беларусі. Польскія яўрэі былі салідарныя з палякамі і самі сябе называлі палякамі іудзейскага веравызнання, а нашы, наадварот, маглі толькі дэманстраваць салідарнасць, а насамрэч стараліся быць бліжэй да рускіх. Хто ў гэтым павінен - пытаўся Іванаўскас? І сам адказваў на гэта пытанне: «Думаю, вялікая частка віны ляжыць на нас. Не памятаю, хто сказаў, што кожны край мае такіх яўрэяў, якіх заслугоўвае».

Каталікі не мелі права набываць зямлю, і таму кошты на яе былі нізкія. Гэта выкарыстоўвалі ўсе некаталікі, у тым ліку асобы пратэстанцкіх канфесій. Яўрэі ахвотна куплялі б зямлю, але таксама не мелі такога права. Але яны мелі грошы і куплялі зямлю праз рускіх (беларусаў), запісаўшы яе на чужое імя ці ўзяўшы ў арэнду. Гэткія камбінацыі сустракаліся нярэдка, і ў купленых маёнтках адразу пачынаў высякацца лес на продаж, а зямля распрадавацца па частках [16]. Часта рускі абшарнік, на якога быў запісаны маёнтак, атрымліваў цэнтральную частку маёнтка з дваром, а ўсё астатняе распрадавалася. Такія новыя ўладальнікі двароў усімі спосабамі жадалі зблізіцца з суседзямі, але гэта не заўсёды ў іх атрымлівалася. Большасць сапраўдных гаспадароў маёнткаў глядзелі на іх зверху ўніз. Прыбышы, аднак, мелі заступнікаў сярод чыноўнікаў адміністрацыі родам з цэнтральных губерняў. Сярод чыноўнікаў трапляліся таксама балтыйскія немцы, якія былі большымі русіфікатарамі, чым самі расейцы.

Татары

У гістарычнай Літве жыло нямала татараў. Адны з іх мелі малыя двары, іншыя валодалі толькі кавалкам зямлі і не адрозніваліся ад сялян. Татары самі пра сябе расказвалі, што іх продкі - уцекачы, а можа і добраахвотнікі, якіх князь Вітаўт перасяліў з Крыма ў Літву. Сярод іх найчасцей сустракаліся прозвішчы Шчансновіч, Гасеневіч, Туган-Бараноўскі, Чайзбіевіч і іншыя. У асноўным гэта былі прыстойныя і працавітыя людзі, якія захоўвалі свае традыцыі і веру. Яны не елі свініну, і ў Іваноўскіх расказвалі, як адзін з іх, калі быў у гасцях у Лябёдцы, выбраў з тушанай бульбы ўсе кавалкі смажанай свініны на край талеркі.

Прытрымліваючыся сваіх традыцый, татары імкнуліся да вайсковай службы: стараліся, каб хоць адно дзіцё з сям'і трапіла ў кадэцкі корпус ці хоць бы ў жандары. Улада лічыла татараў «надзейным элементам», бо яны не былі каталікамі ды імкнуліся служыць.


Большасцю ж насельніцтва былі беларускія сяляне - адвечная народная стыхія. Нацыянальнае самаўсведамленне ў нашых сялян толькі пачынала з'яўляцца, - і менавіта для свайго, кроўнага народа, працавалі Вацлаў і Алена Іваноўскія…

Алена Іваноўская і яе браты

Алена (Хэлена) Іваноўская нарадзілася 3 мая 1885 г. у Лябёдцы Лідскага павета чацвёртым дзіцём у сям'і. Як і браты, сярэднюю адукацыю атрымала ў Варшаве. У гэтым горадзе сям'я жыла па адрасе Маршалкоўская, 60, кв. 3. Апошнім часам я часта гуляю па Маршалкоўскай - каля гэтай вуліцы ў Варшаве жыве мой сын. Шпацыруючы тут у студзені 2019 г., я не знайшоў старога дома, дзе жылі Іваноўскія. Зараз Маршалкоўская, 60 - прыгожы, адбудаваны пасля вайны, шасціпавярховік, недалёка ад плошчы Канстытуцыі.

Леанард Іваноўскі нейкі час меў пасаду ў Варшаве, але не быў цесна звязаны з гэтым горадам і часта ездзіў па розных мясцінах Расіі. Гісторык Юры Туронак меркаваў, што ў Варшаву сям'я перабралася не дзеля бацькавых інтарэсаў, а дзеля таго, каб даць дзецям адпаведную адукацыю і акунуць дзяцей у польскае асяроддзе. Тут было больш магчымасцяў прывіць ім імунітэт супраць русіфікацыі, якую лічылі за найвялікшую пагрозу сямейным традыцыям. Калі бацька перабраўся ў Пецярбург (кватэру тут меў у адным з лепшых кварталаў горада ля Ізмайлаўскага праспекта, вул. 6-я рота, д. 10), старэйшыя браты пачалі па чарзе набываць вышэйшую адукацыю ў Пецярбургу, а маці заставалася ў Варшаве з двума меншымі дзецьмі - Аленай і Станіславам.

Паездкі з Лябёдкі ў Варшаву ў той час былі працяглымі і запаміналіся дзецям на ўсё жыццё. Тадас Іванаўскас кранальна апісвае апошнія дні перад паездкай на вучобу ў варшаўскую гімназію (думаю, што нешта падобнае перажылі і іншыя малыя Іваноўскія): «Набліжалася восень, і хутка мне збірацца ехаць у Варшаву, дзе трэба было яшчэ падрыхтавацца да навукі ў гімназіі. Але ехаць я не хацеў, бо ведаў, што такое горад і як дрэнна ў ім жыць. А тут, у Лябёдцы, стаялі прыгожыя асеннія дзянькі - ужо выкапалі бульбу, стаяла бабіна лета, у паветры насіліся срэбныя павуцінкі, рабіна і каліна стаялі чырвоныя. У садзе здымалі апошнія яблыкі. Наш садоўнік Лявон Прускі прыводзіў у сад сваіх памочнікаў, якія былі маімі лепшымі сябрамі. Яны збіралі і заносілі ў склад поўныя кошыкі найлепшых яблыкаў. У садзе сохлі снапкі каноплі...

Мой бацька па дарозе з Пецярбурга ў Варшаву павінен быў заехаць у Лябёдку і забраць мяне з сабой. Што зрабіць, каб не ехаць? Можа, захварэць? Чуў, што людзі, калі трохі замерзнуць, заўсёды хварэюць - можа, і мне паспрабаваць? Парадзіўся з малодшай сястрычкай Аленай і брацікам Стасем. Вырашылі, што трэба мне памерзнуць, для гэтай мэты выбралі балота Кятуркі, што за нашым садам, - месца, дзе пачынала свой бег рэчка Лябёдка. Пайшлі туды ўтраіх. Мае меншыя засталіся на беразе, а я адважна зайшоў у ваду. Папраўдзе, быў да гэтага прызвычаены, бо летам тут часта купаўся. Зараз, аднак, было холадна. Меў на сабе боты з халявамі, але яны хутка прамоклі. Зайшоў глыбей і прамок да паса. Брадзіў тут з паўгадзіны, нават падняў аднаго спазніўшагася бакаса, пасля чаго вырашыў, што хопіць, і вылез на бераг. Зняў боты, выліў з іх ваду, адціснуў штаны і шкарпэткі, а потым зноў апрануўся. Пахадзіў так да вечара, дамашнім не паказваўся, каб не даведаліся, што я нарабіў. Праспаў ноч і на раніцу вырашыў, што я ўжо захварэў. Але дзе там... Нічога са мной не здарылася, застаўся здаровы як рыба. Памятаю, што той ранак быў ясны, халодны, трава на падворку заінела і стала белай, як быццам выпаў снег.

Яшчэ адна ночка - і канец. У тую цёмную раніцу ўсе ўсталі раней. Сняданак елі пры свечках, а ў печках весела трашчалі сасновыя дровы. Нарэшце перад домам стаў воз, наперадзе якога сядзеў наш вазніца Ян Бароўскі. Развітаўся з цётачкай, з дзядамі, сястрычкай Аленай і брацікам Стасем і з усімі іншымі. Потым прыйшла чарга сабак, прытуляў галаву кожнага з іх да свайго сэрца, пачухаў за вушамі, а малую Муху ўзяў на рукі. Толькі ганчакі не прыйшлі развітацца, не было з імі такога сяброўства, як са звычайнымі сабакамі, з якімі я паляваў на птушак». Думаю, што трошкі раней тое самае перажыў і малы Вацлаў, а праз некалькі гадоў гэтак жа перад пачаткам навучання адчувала сябе і Алена Іваноўская. Усе дзеці прайшлі праз развітанне з Лябёдкай, і ўсе захавалі яе ў сваім сэрцы назаўсёды.

Па Тадаса ўжо прыехаў бацька, і трэба было ехаць у Варшаву. З Лябёдкі выязджалі ў бок рэчкі Нявішы, там была невялікая вёска Пілоўня з карчмой, каля якой Іваноўскія заўсёды спыняліся, каб пад'есці і даць адпачыць коням. Карчма - вялікае памяшканне з доўгім сталом і печкай, у якой гарэў агонь. Да вандроўнікаў выходзіў стары, высокі яўрэй з сівой барадой, пэйсамі і ў чорнай ярмолцы на галаве, потым выходзіла і яго жонка. Абое кланяліся Леанарду Іваноўскаму і пачыналі хутка ладзіць вялікі самавар. Вазніца прыносіў з воза кошык, у якім была запакавана ежа: печаныя качкі, хлеб, масла. На стале з'яўляліся талеркі, а каля іх на абрусе хатнія стравы і шклянкі з гарачым чаем.

Пасля Пілоўні быў яшчэ добры кавалак дарогі, але нарэшце прыязджалі на станцыю Парэчча [17]. Мураваны будынак вакзала асвятлялі дужыя нафтавыя лямпы. У багажнай зале стаялі вагі, каля іх - гара поўных мяшкоў. Да цягніка заставалася яшчэ шмат часу, і таму чыгуначнікаў вакол было не шмат. Вакзал меў прасторную буфетную залу - Парэчча лічылася вялікай станцыяй, і цягнікі стаялі тут ажно 18 мінут. Бацька з сынам чакалі цягніка на мяккай канапе каля стала, пакрытага белым абрусам. Пра прыезд Леанарда Іваноўскага заўсёды даведваліся розныя інтарасанты, яны штохвілінна падыходзілі да яго паразмаўляць пра свае справы.

Але вось ужо хутка павінен падысці цягнік - у памяшканні вакзала запанавала ажыўленне, запалілі больш лямпаў, з'явіліся службоўцы ва ўніформе і новыя пасажыры. Пад'ехаў цягнік, пачуўся ўдар у звон, і чыгуначнік гучна выкрыкнуў: «Станция Поречье, 18 минут». Праз адчыненыя дзверы з вагонаў выйшлі пасажыры, першыя з іх - вайскоўцы, абступілі буфет, пілі з чарак розныя напоі, а потым ішлі да сталоў, каб павячэраць, - для дзяцей Іваноўскіх гэта былі чужыя, непрыемныя, нават нікчэмныя людзі. Пакуль пасажыры вячэралі, малыя з бацькам ішлі ў вагон займаць свае месцы.

Цягнік ішоў усю ноч, і на ранку Іваноўскія былі ўжо ў Варшаве. Станцыя знаходзілася ў прадмесці Прага, адтуль да кватэры па Маршалкоўскай трэба было ехаць на другі бераг Віслы. Вазніца вёз іх праз жалезны мост над вялікай ракой, потым праз дужую плошчу, а потым шырокімі варшаўскімі вуліцамі. Было яшчэ зусім цёмна, холадна, панура. Нязвыкла для лябёдскіх дзяцей свяцілі нафтавыя ліхтары. Вось нарэшце і вуліца Маршалкоўская, 60. Тут іх ужо чакала маці і звычайна нехта са старэйшых братоў. Па белых мармуровых сходах Іваноўскія паднімаліся на трэці паверх і ўваходзілі ў добра асветленую кватэру. Віталіся з мамай і братамі. Вялікі стол, шум кіпеню, свечкі, яшчэ цёплыя булачкі і іншая ежа - тут, у Варшаве, яны мелі сапраўднае сямейнае, утульнае гняздо.

Малыя Іваноўскія з задавальненнем хадзілі ў парк Лазенкі - даўнюю летнюю рэзідэнцыю караля Рэчы Паспалітай. Быў там вялікі парк са ставам, а ў ставе карпы, якія гэтак прызвычаіліся да чалавека, што бралі дробкі хлеба з рук. У ставе плаваў статак белых і чорных лебедзяў. Лебедзі таксама былі хатнімі і ахвотна хваталі кінутыя ім кавалкі печыва. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай вялікую частку каралеўскай маёмасці забраў рускі цар, і Лазенкі таксама належалі яму. Дзеці ведалі гісторыю пра тое, як нейкі вучань гімназіі зрабіў сабе прымітыўную вуду і злавіў карпа. Яго заўважыў вартаўнік, і віну гімназіста кваліфікавалі як крадзеж прыватнай маёмасці асабіста ў цара, за што вучань павінен быў атрымаць суровую кару. Толькі пасля дапамогі ўплывовых асоб неяк удалося справу заладзіць.

У якой Варшаўскай гімназіі вучылася Алена, невядома. Яе старэйшы брат Вацлаў на пачатку 1890-х гг. паступіў у 5-ю мужчынскую гімназію, якая змяшчалася ў прыватным будынку на рагу Маршалкоўскай і Пенкнай вуліц (зараз тут плошча Канстытуцыі), і скончыў яе ў чэрвені 1899 г. Улічваючы розніцу ва ўзросце ў пяць гадоў, Алена павінна была вучыцца прыкладна да 1904 г.

На працягу года вучобы ў гімназіі дзеці мелі тры доўгія адпачынкі: два з паловай месяцы летам і па тры тыдні на Каляды і Вялікдзень. Увесь гэты час яны бавілі ў Лябёдцы. Калі падыходзілі вакацыі - пачыналі лічыць дні, а потым гадзіны да моманту, калі можна будзе паехаць дахаты. Цягнік у бок станцыі Парэчча па чыгунцы Варшава-Пецярбург адыходзіў каля поўначы. Усю ноч праводзілі ў вагоне і прыязджалі ў Парэчча каля 8-й раніцы. Дзеці ведалі, што паміж станцыямі Лапа і Беласток чыгуначная лінія праходзіць праз Нараў і што гэта рака - мяжа паміж Польшчай і гістарычнай Літвой. Нараў праязджалі каля 5-й гадзіны раніцы. Дзеці стараліся не спаць і ўважліва ўглядаліся ў цемру за акном вагона, каб убачыць тую гістарычную мяжу іхняй радзімы. Пасля Нарава цягнік хутка перасякаў Нёман і спыняўся каля вакзала ў Гродне. Ад Гродна заставалася толькі адна станцыя, толькі 25 км да Парэчча.

У Парэччы гімназісты як хутчэй беглі на плошчу каля вакзала, каб убачыць коней, прысланых з Лябёдкі. Колькі радасці яны адчувалі, калі знаходзілі дужыя лябёдскія драбіны з двума сядзеннямі, прыкрытымі вясковымі дыванкамі. Прыязджалі па іх Ян, Вінцук ці Пятрук - дзеці сардэчна віталіся з вазніцамі, а потым і з коньмі. У Лябёдку вяла доўгая, кепская дарога праз лес і палі - але якой яна была для іх мілай у параўнанні з вуліцамі Варшавы! Па дарозе, каля Глушняў, мелася вялікае возера, і далей цягнуліся лясы з малымі і вялікімі балотамі. Потым лес канчаўся і дарога ішла каля шырокага Берштанскага возера і рэчкі Котры, якая ўвесну шырока разлівалася. Праз рэчку быў перакінуты няроўны мост, выкананы з круглых калод, мост калыхаўся, калі брычка праязджала па ім - коні ішлі тут асцярожна, фыркалі і туліліся адзін да аднаго. Пасля моста пачыналася балоцістая, няроўная дарога. Толькі вечарам, у паўзмроку Іваноўскія прыязджалі дадому.


У гэтым месцы аповесці самы раз будзе паразважаць пра нацыянальнае самаўсведамленне маладых Іваноўскіх.

Гісторык Юры Туронак паказаў, што Леанард Іваноўскі быў прадстаўніком таго пакалення беларускай шляхты, якое не размяняла яшчэ традыцыйнага паняцця вялікалітоўскай бацькаўшчыны на тры сучасныя нацыянальнасці - беларускую, польскую і летувіскую. Закранаючы гэтае пытанне, яго сын Тадас (летувіс) напісаў у сваіх успамінах, што бацька лічыў сябе за ліцвіна ў гістарычным сэнсе. Ніводзін з даследчыкаў не згадвае пра які-небудзь удзел Леанарда ў працы польскіх арганізацыяў, няма ўказанняў і на тое, каб ён цікавіўся літоўскім ці беларускім нацыянальным рухам.

Магчыма, я знайшоў сляды дзейнасці яго сына Тадаса для летувіскай культуры вакол Лябёдкі, бо ў верасні 1913 г. віленская газета «Кур'ер Літоўскі» паведамляла: «У гэту нядзелю ў маёнтку Лябёдка сп. Л. Іваноўскага адбылася нарада некалькіх прадстаўнікоў летувіскага руху, якія прыехалі з Вільні з мэтай увядзення дадатковага летувіскага набажэнства ў парафіяльным Васілішскім касцёле. Гэтае жаданне летувісаў трэба лічыць беспадстаўным, бо ў васілішскай парафіі, можа, ёсць толькі пара вёсак з мешаным насельніцтвам...» Адразу, у наступным нумары, уладальнік маёнтка Леанард Іваноўскі адказаў, што насамрэч адбылася «выстава сялянскіх кароў і выступ урадавага агранома перад сялянамі, якія сабраліся на выставу. Ніякай нарады не было; пра ўвядзенне летувіскай мовы ў касцёле не можа нават ісці размовы, бо ў васілішскай парафіі наогул няма вёсак з мешаным, польска-літоўскім насельніцтвам». Магчыма, сын Тадас правеў ці жадаў правесці адпаведную нараду, але, як і ў выпадку з выданнем беларускай газеты «Свабода» (глядзі далей), умяшаўся бацька і спыніў дзейнасць свайго сына. Цікава, што праз шмат гадоў дзеці Тадаса прыязджалі ў Лябёдку як на святую, адвечную летувіскую зямлю. Не ведалі яны, што пісаў іх высокаадукаваны дзед.

Яшчэ праз некалькі нумароў «Кур'ера Літоўскага» вікары касцёла ў Васілішках ксёндз Янкянец паведаміў, што насамрэч у парафіі няма ніводнай мешанай вёскі. Трэба дадаць, што ў той час ужо меліся сур'ёзныя нацыянальныя праблемы з летувісамі ў Радунскай, Нацкай і Дубіцкай каталіцкіх парафіях Лідчыны.


Тадас Іванаўскас пісаў, што мова тутэйшых абшарнікаў мела выразныя дамешкі беларускай і літоўскай моваў, акцэнт і сінтаксіс нашай шляхты адрозніваў іх ад сапраўдных палякаў гэтак моцна, што людзі з Польшчы з цяжкасцю разумелі мясцовую польскую гаворку. Жыхары гістарычнай Літвы адрозніваліся ад палякаў псіхікай, спосабам мыслення і тэмпераментам і яшчэ лічылі сябе ліцвінамі. Існаваў нават адносны антаганізм паміж ліцвінамі і палякамі - не нянавісць, але выразны брак зычлівасці. Ліцвіны кпілі з палякаў, лічылі іх несур'ёзнымі хлусамі і ведалі сотні анекдотаў пра іх. Палякі адказвалі тым жа, высмейвалі мясцовую мову, павольны характар, звычаі і г. д. Тадас лічыў, што з боку палякаў мелася нават пэўная агрэсіўнасць. У іх вачах Літва была толькі правінцыяй Польшчы, а ліцвіны - падпарадкаваным народам, які павінен быць удзячным за унію, хрысціянскую веру, мову, культуру і іншыя польскія даброты.

У Лябёдку калі-нікалі наведваліся госці з Польшчы, часам тут працавалі людзі з Польшчы. Неяк, каб зрабіць артэзіянскую свідравіну, выклікалі гідратэхніка-паляка. Іванаўскас і праз шмат гадоў з абурэннем узгадваў словы гідратэхніка: «У Польшчы ралля прыемна пахне, а ў вас смярдзіць».

Іваноўскія жылі сярод беларускага народа - іх акружала сапраўднае «беларускае мора», якое ўплывала на іх самаўсведамленне. Не магу не прывесці некалькі вялікіх цікавых фрагментаў з успамінаў Тадаса Іванаўскаса, якія дазволяць нам зразумець, у якім асяродку гадаваліся Іваноўскія-дзеці: «Падчас хатняй працы (у Лябёдцы. - Л. Л.) спявалі прыгожыя песні. Апавядалі розныя праўдзівыя і непраўдзівыя гісторыі. Дамінуючай мовай быў страшны польскі жаргон (калі работнікі звярталіся да маёй бабулі - старэйшай пані) ці беларуская мова (калі старэйшая пані не звяртала ўвагі, засынала ці не прымала ўдзелу ў размове). Прыгодніцкія аповеды былі спецыяльнасцю жыхаркі Шайбакполя Батурыхі, на яе польская панская мова цалкам не мела ўплыву. І хоць служыла ў Лябёдцы шмат гадоў, яна і яе сын Антон захавалі сваю родную мову ў поўнай чысціні. Яны расказвалі вельмі цікавыя гісторыі. Вось адзін з іхніх аповедаў, які потым мне адмыслова нагадваў Антон: "Гэта было ўжо даўно-даўно. Адзін чалавек з нашай вёскі прамануў ісці некуды далёка-далёка-далёка. Ішоў ён колькі дзён ці колькі нядзель, ды ж захацеў есці. Ажно бачыць - хата ды чалавек на ўслоні сядзіць і нешта робіць. Прыйшоў ён да таго чалавека і просіць есці. "Добра, - кажа той чалавек, а сам нешта лічыць і кідае ў гаршчок. - Пачакай крыху, хутка будзе вячэра". - "А што гэта ты кідаеш у гаршчок?" - пытае ён таго чалавека. "Гэта лушчэнчыкі", - адказвае той. Зварыўшы гэтых лушчэнчыкаў, падалі вячэру. Падарожны, добра пад'еўшы, стаў углядацца, што гэта за лушчэнчыкі, толькі зірк-зірк, а гэта былі мышы».

«Іншым разам, даўно-даўно, - апавядала Батурыха, - адзін чалавек выбраўся ў далёкае падарожжа. Па-рознаму бывала: часамі ішоў пешшу, радзей ехаў. Раз праязджаў праз дужы, цёмны лес, і там на яго напалі разбойнікі. Не меў зброі, але ў кішэні кажуха ляжаў кавалак каўбасы. Выняў яго, прыставіў разбойніку да вока і кажа: "Адыдзі, бо зараз застрэлю". Бандыт спужаўся, і гэты чалавек шчасліва дайшоў да горада. Тут, каб паесці, зайшоў у карчму і, седзячы з іншымі за сталом, расказаў пра свае прыгоды. Потым пайшоў далей, і хутка ў лесе яго зноў акружылі разбойнікі. Але на гэты раз ён меў пісталет, які з-за перасцярогі купіў у горадзе. Калі разбойнік запатрабаваў грошы, чалавек выхапіў зброю і прыставіў яе ворагу да твару, але той не спужаўся і сказаў: "Ведаю, ведаю, які маеш пісталет, страляй, калі можаш". Падарожнік стрэліў і застрэліў разбойніка. Аказалася, застрэлены быў сярод людзей, якім чалавек расказаў у карчме сваю гісторыю».

Часам аповеды былі вельмі страшнымі, напрыклад, пра злых духаў і мерцвякоў. Тады дзеці баяліся ісці ў суседні пакой і чакалі, калі ў сталовай запаляць лямпу і пачнуць накрываць на стол вячэру. Адна з вясковых кабет расказвала, што нейкі чалавек павесіўся, а калі яго пахавалі, ноччу часта ўставаў з магілы і падарожнічаў. Падобна, нехта з дзядзькаў, якія жылі пры маёнтку, адзін раз яго і сапраўды бачыў. Свяціла поўня, было светла як удзень і стаяў дужы мароз. Каля поўначы гэты вісельнік - ужо шкілет - бег праз замёрзлую багну з вёскі Сонтакі, што каля Васілішак, у бок Лябёдкі. Ажно чутно было, як бразгаталі яго косці. Другая ж кабета сказала, што гэткі шпацыр памёрлых можна спыніць: трэба толькі паклікаць ксяндза, каб ён пакрапіў святой вадой. Трэцяя казала, што яе матуля ў такой сітуацыі радзіла адкапаць труну, адцяць памёршаму галаву і палажыць яе каля ног нябожчыка - ён не зможа дастаць галаву рукамі і прыставіць яе на месца і таму не выйдзе з магілы. Тадас піша, што малым не мог зразумець, чаму, каб спыніць прывідаў, ніхто не карыстаецца гэтымі спосабамі. Дзеці згаджаліся, што і сапраўды там на багне, паблізу такіх месцаў, як Загарні, Арцішы ці Дварчаны, жылі злыя духі. Каля поўначы яны выходзілі на шпацыр па гасцінцы, а найчасцей па могілках. Аднаго разу ляснік Вінцук, які жыў у Ванёўцах, сам бачыў д'ябла ці злога духа. Было гэта так: ішоў дарогай і, набліжаючыся да крыжа, які стаяў у лесе як памяць пра паўстанне 1863 г., убачыў асобу, якая стаяла як належыць чалавеку, але увесь час з сябе нешта здзьмухвала. «А што ён з сябе здзьмухвае? - запытаўся адзін з парабкаў. - Можа, вошы?» - «Не, не вошы, калі б вошы, дык забіваў бы іх». Потым той чалавек хутка расплыўся і знік у імгле.

Гэтыя аповеды вельмі ўражвалі дзяцей. І часам, калі ад марозу трашчаў плот, здавалася, што гэта трашчаць нячысцікі. Але надыходзіў час вячэры, адчыняліся задымленыя дзверы кухні і ўваходзіў наглядчык маёнтка Лапінскі, а за ім крэпкая дзеўка, якая несла ежу. Лапінскі хвіліну слухаў дзіцячыя гісторыі, а потым заўважаў, што нельга ў гэты час казаць пра злых духаў, бо д'ябал з'яўляецца менавіта там, дзе пра яго гавораць. І тут тое самае можа здарыцца: з'явіцца і ўсіх настрашыць.

А вось пра добрых духаў у Лябёдцы ніколі не размаўлялі - пра іх існаванне малыя Іваноўскія даведаліся толькі потым. Таксама потым ім расказалі, што паміж злымі і добрымі духамі існуюць сярэднія - больш альбо менш злыя, а часам і цалкам не злыя. Жывуць яны паўсюдна, але найчасцей у багнах, часам таксама ў будынках ці, напрыклад, у стайнях. Завуць іх па-рознаму. У Лябёдцы духа з багны Кятуркі звалі дзядок з балота. Паводзіны гэтых дзядкоў былі рознымі, і чалавек ніколі не ведаў, што ад іх чакаць. Часам яны маглі рабіць людзям розныя паскудствы, а іх любімай справай было суправаджаць таго, хто заблукаў. Гэтак было з адным мужчынам, які ноччу вяртаўся з Сабакінцаў. Дзядок завёў яго ў дрыгву, мужчына развярнуўся, але зноў патрапіў у балота. Ездзіў так усю ноч, выехаў толькі на раніцы і пачуў за спінай: «Ха, ха, ха, ха!» Тады зразумеў, хто ўвесь час вадзіў яго.

Гэты дзядок часамі сам не ведаў, чаму крыўдзіць нейкіх звяркоў ці, наадварот, нейкім звярам дапамагае. Найчасцей гэта былі коні. Калі дзядок палюбіць нейкага каня, дык пачынае ўсяляк над ім апекавацца: ноччу прыносіць яму авёс, і тады конь становіцца тлустым, прыгожым, міла на яго паглядзець. Але калі нейкага каня няўзлюбіць, дык не дае яму жыцця. Ездзіць на ім начамі і вяртае ў стайню толькі на раніцы.

Дзядок з балота часам сябраваў з некаторымі людзьмі і добра імі апекаваўся. У адлегласці 4 кіламетры ад Лябёдкі была вёска Арцішы. Яе жыхары мелі выразны літоўскі акцэнт і ўжывалі шмат літоўскіх словаў, за што іх іншыя высмейвалі. Жыў там гаспадар Сяргей - вялікі паляўнічы. Так моцна яго цягнула да палявання, што адкладваў убок усю іншую працу і ішоў паляваць. Як толькі з'яўлялася нейкая птушка ці звер, можна было быць пэўным, што Сяргей знойдзе яго і ўпалюе. Усе паляўнічыя ў ваколіцы зайздросцілі яго поспехам, хоць ён меў толькі старую, доўгую, іржавую стрэльбу і звычайнага кудлатага дварнягу. Здаўна падазравалі, што Сяргей сябруе з дзядком з балота. Праз нейкі час усё высветлілася. Адзін чалавек позняй восенню, калі на балоце травы цалкам пажаўцелі, бачыў, як дзядок стаяў на купе і трымаў за вушы зайца, а Сяргей цэліў у яго са сваёй стрэльбы.

Як выглядаў дзядок з балота, ніхто дакладна не ведаў. Казалі толькі, што ён невялікі, чарнявы і трохі падобны да пня выкапанай з зямлі вольхі, як тыя пні, што ляжалі ў Лябёдцы за садам.

Дзеці лічылі, што калі б у лябёдскім доме быў свой дзядок з балота, дык напэўна ён жыў бы на паддашку. Бо там ляжала незлічоная колькасць розных старых рэчаў: паламаныя крэслы, старыя куфры, абутак, кілімы, часткі сельскагаспадарчых машын і нават старая вопратка. Усё гэта было пакрытае пылам, месца было цёмнае і непрыемнае. Ноччу тут рабіліся дзіўныя рэчы і не раз чуліся выразныя адгалоскі хады, скачкоў, розныя гукі. Калі малыя Іваноўскія ішлі туды ўдзень, дык адзін раз яны нават прагналі старую саву, якая ўляцела праз акно.

Калі беларускія людзі збіраліся разам, каб выканаць нейкую працу, настрой і тэмы размовы ў іх бывалі розныя. У Лябёдцы падчас вячэрняй працы размаўлялі пра суседзяў, пра дзяўчат, якіх далёка выдалі замуж, пра жыццё ў іншых парафіях і г. д. Была такая служка Фрузя, якая раней служыла ў ваколіцах Радуні. Казала, што людзі размаўляюць там толькі па-літоўску, мужчыны носяць кашулі паверх штаноў, а жанчыны, перад тым як ісці ў касцёл, прыгожа апранаюцца, ладуюць каралі і каляровыя стужкі. Там ёсць рака Дзітва, на берагах якой, у балотах жывуць розныя птушкі, і ўсе яны прыгожа спяваюць. А якая там рыба! Самы такія, што, калі кладзеш на воз, хвост цягнецца па зямлі. Паблізу рэчкі ёсць вёска, у якой вадзілася шмат вужоў. Калі на падлогу паставіць місу з малаком, з усіх нор выпаўзалі вужы і імкнуліся да міскі піць. Дзеці адганялі іх - білі лыжкамі па галавах. Хлявы і стадолы поўніліся тымі вужамі, а летам, калі сяляне вывозілі гной пад жыта, знаходзілі іх на полі цэлымі клубамі. Але «гігуны» (гэтак беларусы звалі літоўцаў) не баяліся вужоў. Адзін раз было гэтак: адна кабета мела карову і, калі рана прыйшла яе падаіць, убачыла вялікага вужа, які смактаў малако з вымя. Кабета ўзяла цэп і забіла вужа. Пасля гэтага карова стала даваць мала малака, бо шкадавала вужа.

Іншымі вечарамі спявалі беларускія песні з тонкімі, лірычнымі мелодыямі. Усе вельмі любілі: «Прыляцелі гусі да чужога краю, памуцілі ваду на ціхім Дунаю...». Дзеці часта ўяўлялі сабе шэрых гусей, якія прыляцелі на прыгожы Дунай і замуцілі ваду. Іншая песня, якая вельмі падабалася, гэта «Ой ты, рэчанька, чаму ж ты не поўная. Чаму ж ты не поўная, у берагах не роўная». Тады малыя ясна бачылі пакручастую рэчку з высокімі берагамі, якая цякла праз луг.

Гэтыя і іншыя песні спяваліся ў Лябёдцы шмат разоў, і малыя Іваноўскія прасілі дзяўчат, каб спявалі іх яшчэ і яшчэ. Не дзіва, што праз шмат гадоў Алена Іваноўская пераклала на англійскую мову, пракаментавала і надрукавала ў чатырох нумарах англійскага часопіса «Фальклор» некалькі дзясяткаў беларускіх песень, але пра гэта будзе далей.

Беларускі асяродак у Лябёдцы прывёў да таго, што ў варшаўскай гімназіі Іваноўскія не адчуваліся сябе сярод сваіх, Тадас успамінаў: «Але вось я ў Варшаве, я вучань гімназіі, і ўсе мае калегі - чыстай крыві палякі. Кпяць з мяне, з маёй мовы, абзываюць мяне. Я таксама чую, што не ёсць такі, як яны, паміж намі існуе розніца. Яны ведаюць, што яны палякі, і маюць для гэтага падставы. Жывуць у Польшчы і паміж сабой размаўляюць на чыстай польскай мове. Я пачуваюся ліцвінам, летувіскай мовы не ведаю і на ёй не размаўляю, а палякі высмейваюць маю польска-беларускую гаворку. Больш не маю з імі нічога агульнага. Але ж мая гаворка мне блізкая. У хаце мы, дзеці, хоць і ведалі чыстую польскую мову, размаўлялі на гэтай гаворцы (маецца на ўвазе беларуская мова ці польска-беларуская трасянка. - Л. Л.) і нават пісалі на ёй, каб паказаць, што мы адрозніваемся ад варшавякаў. Не любілі мы іх і таксама з іх кпілі. Мы высмейвалі іх легкадумства і гарадскі стыль, бо адчувалі сваю повязь з вёскай».

Адзначу - яшчэ ў дзяцінстве малыя Іваноўскія пісалі па-беларуску.

Трэба заўважыць, што ўсё выкладанне ў варшаўскіх гімназіях і Варшаўскім універсітэце ішло на рускай мове. У гімназіях польская мова вывучалася па-жаданні, як факультатыў, адну гадзіну на тыдзень. Малыя Іваноўскія мелі «беларускія» праблемы з рускай мовай: «Рускі язык вывучыў хутка, бо ён быў падобны на беларускі, але доўгі час, нават у гімназіі, калі пісаў практыкаванні, замест рускіх словаў пісаў беларускія, з-за чаго мяне высмейвалі настаўнікі. Напрыклад, казаў "сабака брэша" замест "собака лает" альбо "дахаты" замест "домой"».

І ў 1930-я гг. у Лябёдцы нічога не змянілася. Казімір Іваноўскі пісаў: «Маё пакаленне Іваноўскіх выхавалася ў Лябёдцы і з дзяцінства ведала беларускую мову і запазычыла з яе шмат словаў. Замест "стрый" мы казалі "дзядзька", замест "ойцец" - "бацька". На гэтай мове размаўлялі з дваровай службай, набранай з ваколічных вёсак, з коньмі і сабакамі (але былі і польскамоўныя сабакі)».

Менавіта ў гэтай беларускай атмасферы раслі малыя Іваноўскія.

Пачаткі беларускага адраджэння на Лідчыне

Я думаю, у гэты месцы аповесці трэба трошкі расказаць пра хуткае развіццё беларускага адраджэння на Лідчыне і, шырэй, на Віленшчыне ў канцы XIX - пачатку XX ст.

Займаючыся біяграфіяй знакавага для Лідчыны чалавека, гісторыка, этнографа, сябра Таварыства беларускай школы і Лідскага раднага ад ТБШ у 1920-х Міхала Шымялевіча (18.Х.1879-11.01.1969), я знайшоў вельмі цікавае сведчанне папулярнасці вершаў Францішка Багушэвіча яшчэ да выдання зборнікаў ягоных твораў.

Мне прыйдзецца прывесці некалькі фрагментаў з артыкула Шымялевіча «З таго свету». Усё жыццё Міхал Шымялевіч збіраў дакументы па лідскай гісторыі і запісваў расказы старых людзей. Пра вывучэнне папераў, якія захоўваліся ў простай хаце, і працяглыя размовы з адным з лідскіх старажылаў - Казімірам Вісмантам - даследчык напісаў: «50 гадоў таму (тэкст надрукаваны ў 1937 г. - Л. Л.) гэты быў чалавек у росквіце сіл, трохі сіваваты, трохі лысаваты, але шыракаплечы, румяны і да жанчын цікаўны. Яго белая хатка пад саламяным дахам, на Вісмантах пад Лідай, стаяла пры абсаджаным бярозамі Навагрудскім гасцінцы (цяпер праспект Перамогі. - Л. Л.) ... У старога ў хатцы пад столлю мелася скрынка, поўная старых пажоўклых папер, пісаных і па-славянску, і па-польску, памятаўшых часы караля Аляксандра Ягелончыка ... Стары Вісмант ведаў на памяць свой вялікі шматаркушовы радавод з усімі датамі і ведаў шмат цікавых гісторый». Вось такі тады быў цікавы час, калі ў скрынях шарачковай шляхты ляжалі дакументы XV-XVI стст.

Пан Казімір меў сына, якога ён вучыў на арганіста, і ажно чатыры дачкі: «...да пана Казіміра вечарамі хадзіла на пасядзелкі і размовы лідская прыгарадная моладзь, вядома: у доме тры дарослыя дачкі, і чацвёртая, Броня, ужо "ўбіваецца ў пёры". Моладзь гуляла ў гульні, часамі распавядала ўсялякія цікавыя гісторыі, анекдоты, байкі, жахі альбо пра чары і незвычайныя з'явы. Часам дэкламавалі "Kiwona, męczennika bożego" [18], "Uchwale gromady żydowskiej o oddaniu syna Chaski w soldaty" за тое, што не хадзіў у лазню... альбо такія вершы, як "Панскае ігрышча" ці "Адказ на панскае ігрышча" і іншыя, якія праз нейкі час былі надрукаваныя ў Кракаве ў кніжачках Мацея Бурачка». З гэтых некалькіх радкоў выцякае, што вершы Францішка Багушэвіча мелі папулярнасць яшчэ да выдання ягоных кніжак, перапісваліся і чыталіся падчас вячорак.

Вядома, што беларускі паэт быў знаёмы з польскай пісьменніцай Элізай Ажэшкай і наведваў яе ў Гародні. Ажэшка пісала ў пісьме да Яна Карловіча з Гародні 02.11.1887: «Тры тыдні таму назад быў у мяне добры Ваш знаёмы з Вільні п. Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла я з ім некалькі гадзін. Ён мне чытаў свае беларускія паэзіі дый нават даў мне адпісы з ix з асобным вершыкам, гэтаксама па-беларуску... Ці ж не праўда, што гэтыя рэчы вельмі харошыя, маюць нейкае асаблівае хараство, i мяне вельмі цікавіць, ці здолеюць ix зразумець дый засмакаваць у ix нашыя сяляне? Будучым летам паспрабую чытаць ix маім міневіцкім знаёмым».

Як бачым, пры канцы 1887 г. вершы Багушэвіча яшчэ невядомыя на радзіме, і Эліза Ажэшка яшчэ толькі плануе іх «пусціць у народ» - перадаць сялянам свайго маёнтка ў Мінявічах. А першая кніга паэта «Дудка беларуская» выходзіць у Кракаве ў 1891 г.

Таму падзеі, якія апісвае Міхал Шымялевіч, можна датаваць паміж 1888 і 1891 г. Важна адзначыць відавочны «выбуховы» распаўсюд вершаў Багушэвіча, фактычна за некалькі гадоў вершы набываюць папулярнасць і пачынаюць жыць у беларускім народзе сваім жыццём.

Цікава, што ў распаўсюдзе і папулярызацыі кніг Багушэвіча чынны ўдзел прымаў Юзаф Пілсудскі. Антон Луцкевіч у сваім базавым артыкуле пра Багушэвіча «Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў» звяртаецца да запісаных ім успамінаў вядомага сімпатыка беларусаў і беларускай культуры Зыгмунта Нагродскага (памёр у 1937 г. у Вільні). Нагродскі пазнаёміўся з Багушэвічам у Вільні ў 1893 ці 1894 г. Жыў тады Нагродскі на Бяльмонце. Непадалёк ад Бяльмонта, на ўзбярэжжы Вялейкі, было месца канспірацыйных спатканняў Нагродскага з рэвалюцыйнымі дзеячамі, у тым ліку з Юзафам (Зюкам) Пілсудскім. Раз падчас такога спаткання Пілсудскі сказаў Нагродскаму, які здаўна цікавіўся беларушчынай, што мае для яго навінку, і дастаў з кішэні толькі што прывезеную з-за мяжы «Дудку беларускую». Нагродскі з вялікім зацікаўленнем кінуўся на беларускія вершы і спытаўся ў Пілсудскага, хто іх аўтар. «Ot, takі sobіe adwokacіk, nazywa się Bohuszewіcz» [19], - адказаў Зюк. Нагродскі папрасіў Пілсудскага, каб той пазнаёміў яго з Багушэвічам, і Зюк абяцаў яму зрабіць гэта. Трэба заўважыць, што ў выбары знаёмстваў Багушэвіч быў вельмі пераборлівы. Паводле слоў Нагродскага, Багушэвіч, займаючыся ў Вільні адвакацкай практыкай, не меў блізкіх сувязяў ані са светам адвакатуры, ані наогул з сучасным яму грамадствам. Акрамя Нагродскага, адваката Адама Карповіча і свайго крэўнага Радзевіча, блізкіх стасункаў ні з кім не падтрымліваў. Выступаючы ў судзе, бараніў выключна сялян, бо быў цесна звязаны з беларускім народам.

Таксама Нагродскі праінфармаваў Луцкевіча аб гісторыі друку і пашырэнні «Дудкі беларускай» і іншых твораў. Калі Пілсудскі прывозіў «Дудку беларускую» з-за мяжы, належыць думаць, што і друкаванне яе за мяжой было арганізавана ім жа. Але 3 000 надрукаваных у першым выданні асобнікаў «Дудкі беларускай» вельмі хутка разышліся. Працуючы ў кааператыве (у Вільні, на Татарскай вуліцы), Нагродскі вельмі дзейна пашыраў гэтую кнігу - да яго часта прыходзілі людзі з вёскі, якіх ён надзяляў Багушэвічавымі творамі. Апрача «Дудкі» і «Смыка» была яшчэ трэцяя кніжачка: зборнічак вершаў (паводле Нагродскага - слабейшых) «Тралялёначка». Калі «Дудка» вычарпалася, Нагродскі надумаў перавыдаць яе ў Кракаве за 100 рублёў сваім коштам, што і было зроблена. Але кнігу было цяжка ўвезці ў Беларусь праз мяжу. Спачатку - з дапамогай Юзафа Пілсудскага - прывезлі 200 экз. «Дудкі». Далейшыя транспарты меліся ісці кантрабандай - з аплатай па 40 руб. за пуд. Але ўвесь наклад чамусьці на доўгі час застаўся ў Кракаве. Толькі шмат пазней Іван Луцкевіч, калі быў у Кракаве, адшукаў гэты наклад і часткамі даслаў кніжкі ў Беларусь, дзе яны вельмі хутка разышліся. Пасля «Дудку» перадрукавала суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбургу, закупіўшы ад Багушэвічавай сям'і права на выданне ўсіх твораў паэта.

Але трэба разумець, што ў той час адукаваныя людзі нашага краю яшчэ не дзялілі паміж сабой польскую і беларускую культуру і бачылі адзіную будучыню нашых народаў. Пра гэта кажа факт, пра які напісала стваральніца польскіх школ А. Даніловіч-Змачынская. У сакавіку 1891 г. (якраз у гэты год выйшла кніжка Багушэвіча) «мае добрыя знаёмыя, адвакат Францішак Багушэвіч і... Альфонс Жангаловіч, прыйшлі з праектам арганізацыі ў Вільні тайных польскіх школ для насельніцтва. Яны прынеслі праграму выкладаў у падобных школах у Кіеве... Ініцыятары ідэі - сп.сп. Багушэвіч і Жангаловіч - тайна прыцягнулі да гэтай працы сваіх блізкіх знаёмых».

Якраз у гэты час падрастаюць малыя Іваноўскія.


На пачатку XX ст. Ежы, Вацлаў і Тадас Іваноўскія вучыліся ў Пецярбургу, а Алена заканчвала вучобу ў гімназіі. Усе тры браты знайшлі сабе сяброўскія колы для самарэалізацыі. Ежы стаў дзеячам польскага Кола народнай асветы і ППС (Польскай партыі сацыялістычнай) і нават прыняў удзел у вызваленні Юзафа Пілсудскага з пецярбургскага турэмнага шпіталя. Тадас завязаў кантакт з літоўскімі дзеячамі, пачаў вучыць літоўскую мову і вывучыў яе дзесьці да 1905 г. І толькі Вацлаў не мог далучыцца да беларускай арганізацыі, бо гэтакай проста яшчэ не існавала.

Старэйшы сын Леанарда Ежы (паляк) пісаў: «Адраджэнне беларускай культуры ў значнай ступені адбылося дзякуючы працы палякаў. Выбітную ролю адыгралі два браты Луцкевічы, інжынер Неканда-Трэпка, Вацлаў Іваноўскі і шмат іншых шчырых дэмакратаў (да ліку палякаў ён прылічваў свайго брата Вацлава, братоў Луцкевічаў і іншых беларускіх дзеячаў, якія, зразумела, з дзяцінства ведалі польскую культуру. - Л. Л.). ... Мы паходзім са Шчучынскага павета (Шчучынскі павет быў вылучаны з Лідскага толькі ў 1929 г. - Л. Л.), з ваколіц, дзе жыве беларускі люд, сям'я наша пасялілася тут некалькі стагоддзяў таму... Бацька-інжынер большую частку жыцця правёў у Расіі... Тры яго сыны з ранняй маладосці мелі глыбокае замілаванне да роднага краю, якое выражалася... у вывучэнні яго фаўны і флоры, а таксама ў вывучэнні мясцовага фальклору і мовы, а потым бароліся за свабоду краю ад царскага ярма. На працягу студэнцкіх гадоў вызначылася этнічнае аблічча братоў. Адзін з іх пад уплывам летувіскіх сацыялістаў стаў руплівым летувісам, вывучыў мову, ажаніўся з летувіскай і прыняў жывы ўдзел у працы летувіскіх арганізацый. Мы, два старэйшыя браты, патрапілі пад уплыў ППС... Пытанні будучыні нашай айчыны - Вялікага Княства Літоўскага - хвалявала нас у першую чаргу ... У паразуменні з кіраўніцтвам ППС, мы арганізуем беларускую групу, якая займаецца друкаваннем першых беларускіх выданняў (з гэтай групы потым паўстане Грамада)». Юры Туронак прааналізаваў уплыў польскіх сацыялістаў на пачатак беларускага руху, і можна ўпэўнена сказаць, што старэйшы брат трошкі перабольшвае. Таксама цікава, што Ежы ніякім чынам не ўзгадвае малодшага брата Станіслава, які, як пабачым потым, не карыстаўся павагай у сям'і.

Заслугай менавіта Вацлава Іваноўскага сталася стварэнне Беларускай рэвалюцыйнай партыі (БРП), што паклала пачатак развіццю беларускага нацыянальнага руху. У 1902 г. БРП распачала выдавецкую дзейнасць. Мецэнатаў не было, таму Вацлаў Іваноўскі купіў гектограф на свой заробак са студэнцкай практыкі. Першай публікацыяй БРП, надрукаванай на гэтым гектографе, стала адозва «Да інтэлігенцыі», яна выйшла ўвосень 1902 г.

Наступнай ініцыятывай Вацлава Іваноўскага стала спроба нелегальна выдаць часопіс «Свабода». Да ліку самых блізкіх і давераных паплечнікаў Іваноўскага належаў пецярбургскі гімназіст Вінцэнт Валейка з фальварка Галавічполе. Маладыя людзі заняліся выданнем першага нумара «Свабоды». Ручную матрыцу «Свабоды» на восем старонак падрыхтавалі Мілер (член ППС, зрабіў першую старонку) і Валейка (зрабіў усе астатнія старонкі). Усё гэта яны перавезлі ў Лябёдку, дзе падчас калядных вакацыяў 1902 г. Вацлаў і Тадас Іваноўскія, а таксама Валейка з братамі Антонам і Станіславам надрукавалі газету на гектографе накладам 200 асобнікаў. На тытульным аркушы часопіса значылася: «Свабода, № 1, 1903 г.». Такім чынам першая беларуская газета XX ст. была надрукавана на Лідчыне.

Лёс газеты быў нешчаслівы - большасць накладу «Свабоды» знішчана, і яна не дайшла да чытача. У студзені 1903 г. падчас вобыску ў варшаўскай кватэры Ежы Іваноўскага быў сканфіскаваны толькі адзін асобнік газеты, і хутчэй за ўсё «Свабоду» прымусіў знішчыць бацька - Леанард Іваноўскі, які прыехаў у Лябёдку на свята Божага Нараджэння і ўтаймаваў сыноўскія рэвалюцыйныя парывы.

У 1905 г. Вінцэнт Валейка разам з Вацлавам Іваноўскім былі ў ліку сямёх сяброў-закладчыкаў беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», якая выдавала і творы Ф. Багушэвіча. Таму, я думаю, трэба расказаць пра Вінцэнта Валейку і Валейкаў наогул, бо, як бачым, газету Вінцэнт выдаваў разам з братамі Антонам і Станіславам.

Як я ўжо пісаў вышэй, ранейшым уладальнікам Галавічполя [20] з'яўляўся стары Станіслаў Губарэвіч, ён меў сына Стэфана (разам з Людвікам Нарбутам загінуў у бітве каля Дубічаў) і дзвюх дачок - Станіславу, якая стала трэцяй жонкай Станіслава Іваноўскага - дзеда Вацлава Іваноўскага, і Юстыну, якая выйшла замуж за Яна Валейку. У Юстыны і Яна Валейкі нарадзіліся тры сыны - Вінцэнт, Антон і Станіслаў. Такім чынам, фальварак Галавічполе падзялілі паміж сабой Іваноўскія і Валейкі.

А сын Станіслава Губарэвіча - Стэфан (1836 г. н.) - падчас паўстання лічыўся паручнікам у адпачынку (з'яўляўся кадравым афіцэрам) і пасля бітвы пад Кавалькамі далучыўся да атрада Нарбута. Ратуючы свайго камандзіра Людвіка Нарбута, ён загінуў пад Дубічамі. Зоф'я Кавалеўская пісала: «"Спадарства, халаднакроўна адстрэльвацца і адсоўвацца назад", - скамандаваў Нарбут. "У рассыпную!" - дадаў яшчэ, але яго голас заглушыў гул бітвы. Раптам камандзір захістаўся... і ўпаў. Андрыёлі і Пілецкі кінуліся яму на дапамогу, але атрымалі раненні і вымушаны былі ўступіць месца другім, якія ўчатырох падхапілі Нарбута, каб вынесці яго з лініі агню ў больш бяспечнае месца. Частка атрада разбеглася па лесе, а тыя, хто нёс камандзіра, - Пакемпіновіч, Леон Краінскі, Аляксандр Бразоўскі і Стэфан Губарэвіч - упалі на зямлю мёртвымі...» Сімвалічна, што родныя пляменнікі героя паўстання 1863 г. разам з Вацлавам Іваноўскім надрукавалі першую у XX ст. беларускую газету. У гісторыі нічога і ніколі не вырастае на пустым месцы - каб з'явілася нешта па-сапраўднаму каштоўнае, патрэбна вялікая культурная традыцыя.

Цікавую інфармацыю пра Валейкаў падае тагачасны ўладальнік суседняга маёнтка Ішчална Караль Лясковіч у мемуарах, якія захоўваюцца ва Уроцлаўскай бібліятэцы імя Асалінскіх: «...у 1921 г. ...маёнтак Голдава з 1500-2000 га ўспадкаваў уладальнік маёнтка Табарышкі з Віленшчыны Юзаф Скарбак-Важынскі і тры браты Валейкі. У якіх суадносінах падзялілі маёнтак Скарбак-Важынскі і Валейкі, не памятаю. Мне толькі вядома, што Важынскі сваю частку атрымаў лесам і ніколі ў Голдаве не жыў. З братоў Валейкаў Голдава атрымаў Антон і таму мусіў пабудаваць тут жылы дом. Таксама ў Голдаве сваю долю атрымаў і Вінцэнт Валейка. Станіслаў успадкаваў фальварак Галавічполе ў Васілішскай гміне і лясы. Горны інжынер Вінцэнт меў дваіх дзяцей: сына Вітольда і дачку Ядвігу, наколькі я ведаю, яны абое зараз жывуць у Варшаве (гэта ў 1971 г. - Л. Л.)».

Дачка ўладальніка суседняга з Голдавам маёнтка Стрэліца Яніна Бурак успамінала: «Уладальнікам Голдава быў Антон Валейка, арыштаваны бальшавікамі 2 лістапада 1939 г., а пад Боркамі гаспадарыў інжынер Вінцэнт Валейка, які выкладаў у Дамброве Горнай».

Уладальнік Голдава Антон Валейка ў міжваенны час быў членам управы павятовага Звязу землеўладальнікаў, узначальваў рэвізійную камісію Шчучынскага павятовага аддзела, быў членам рады Лябёдскай гміны і кіраўніком рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Дзікушках. У 1939 г. яго арыштавалі і выслалі ў глыб Расіі. Далейшы яго лёс невядомы.

Пасля падзелу маёмасці паміж братамі ў суседнім з Лябёдкай Галавічполі гаспадарыў адзін з былых друкароў газеты «Свабода» Станіслаў Валейка. Гэта быў грузны, абсалютна лысы мужчына з поўным ротам залатых зубоў. Увесь час сядзеў на гаспадарцы, бо не давяраў эканомам, і ў яго ўсё выдатна атрымлівалася - своечасова плаціў падаткі. Станіслава Валейку добра характарызаваў яўрэй-кравец з Васілішак Абрам, які сябраваў з Іваноўскімі. Неяк яго запыталі, што новага чутна ў ваколіцах. Абрам падрабязна расказаў пра ўсе навіны і закончыў гэтак:

- А пан Валейка дапамагае іншым наракаць на цяжкі час.

Станіслаў Валейка нейкі час быў удаўцом, але потым паўторна ажаніўся. Яго другая жонка працавала настаўніцай дзесьці на Валыні і наведвала мужа толькі падчас вакацый. Была гэта энергічная жанчына з рубенсаўскімі формамі ва ўзросце каля сарака гадоў. Валейкі да канца 1930-х заставаліся сябрамі Іваноўскіх. Пляменнік Вацлава Іваноўскага Казімір узгадваў такую гісторыю: «…у нашай ваколіцы гаспадарыў далёкі кузэн нашай мамы Фэлек Аскерка, былы капітан польскага войска. Меў ён вельмі маладую і прыгожую жонку - гэта была самая маладая з нашых цётак. Як заўсёды, 15 жніўня мы адзначалі імяніны нашай мамы, і, як заўсёды, з'язджаліся сваякі, суседзі і сябры. Мы ўжо сядзелі за традыцыйным пірагом з капустай, калі пачулі, што адчыніліся дзверы і нехта з ганка ўвайшоў у хату. Шляхетны Лех (старэйшы брат Казіміра. - Л. Л.), які ў гэты час вучыўся ў выпускным класе, вырашыўшы, што прыехала цёця Аскерка, кінуўся ў цёмны прадпакой, каб выказаць свае гарачыя пачуцці сваякам, і ў цемры моцна ўзяўся за пацалункі. Калі ўнеслі святло, дык аказалася, што спазніліся Валейкі. Пан Станіслаў быў не ў захапленні ад гэтакай сардэчнасці, але яго жонка не пратэставала».

Станіслаў Валейка меў дзяцей толькі ад першага шлюбу, былі гэта Вітак і Дзюня. Дзюня перад самай вайной выйшла замуж за маладога афіцэра з рэдкім прозвішчам Вайнікініс, потым ён загінуў на вайне. Вітак пасля заканчэння курса права Віленскага ўніверсітэта адбываў стажыроўку юрыстам. Жыў у Вільні, быў заўзятым філатэлістам і ўражваў сяброў сваімі калекцыямі, у гэтай аповесці яго я яшчэ згадаю.

Станіслаў Валейка з'яўляўся членам Васілішскай гміннай рады, у 1939 г. яго арыштавалі і вывезлі ў глыб Расіі. Далейшы лёс невядомы.

Пра сябра Вацлава Іваноўскага Вінцэнта Валейку вядома няшмат. Нарадзіўся 23 студзеня 1883 г. у фальварку Галавічполе, у 1903 г. скончыў 3-ю рэальную гімназію ў Пецярбургу, а потым стаў студэнтам сталічнага Горнага інстытута. Увосень 1910 г. пасля заканчэння Горнага інстытута выехаў з Пецярбурга і 15 лістапада 1910 г. пачаў працаваць горным інжынерам у Шчарбінаўскай шахце на Данбасе. З 1921 г. жыў у Дамброве Горнай у Польшчы, спачатку працаваў у шахтах, вядома, што ў 1923 г. займаў пасаду галоўнага інжынера, а потым працаваў дырэктарам Дзяржаўнай горнаметалургічнай школы імя Станіслава Сташыца.

Юры Туронак піша, што Вінцэнта Валейку ў траўні 1940 г. арыштавала гестапа і 18 кастрычніка 1940 г. ён памёр у канцлагеры Заксенгаўзен. Але захаваліся ўспаміны вязня лагера Дахаў Францішка Шоты, які быў вучнем Валейкі і напісаў пра лёс свайго настаўніка: «Трошкі ўспамінаў пра дырэктара інжынера Валейку. Як праз сон памятаю доўгія кашмарныя дні побыту ў гітлераўскіх лагерах смерці Дахаў і Араніенбург у адным бараку з інжынерам Валейкам, апошнім дырэктарам горна-металургічнай школы. Лагерны вопыт - цяжкі жыццёвы груз, не магу пазбыцца яго і сёння. Лагер вяртаецца ў фантомных снах, чакае над ложкам у выглядзе пакутлівых і жахлівых прывідаў. Калі я згадваю тыя гады, дык у думках вяртаецца да мяне вобраз майго лагернага калегі інжынера Валейкі, які прайшоў тут праз пякельныя пакуты. Ён быў ужо стары, але гітлераўцы адчулі ў ім высокую душу, і ўсё самае дрэннае яго не абмінала. Біты і абшуканы пры кожнай магчымасці (а гэтакіх хапала), працаваў на самых цяжкіх працах, але духоўна не зламаўся і заахвочваў жыць іншых. Быў сябрам усіх вязняў без розніцы ўзросту, нацыянальнасці і расы, хто ж яго не ведаў? Яго сэрца было раскрыта для ўсіх, і вязні цягнуліся да яго па добрую параду, апеку і дапамогу, па яго аптымізм і веру ў блізкую волю. Няма яго паміж намі. Спрацаваны, збіты і хворы, ён упаў на пляцы падчас шасцігадзіннага стаяння без руху - гэтак пакаралі ўвесь лагер з-за спробы аднаго з вязняў збегчы. Здранцвелага ад холаду, яго прынеслі ў лазарэт, і адтуль ён ужо не вярнуўся. Ніколі не забуду яго слоў, якія мне сказаў, калі яго адносілі санітары: "Я ўжо сыходжу, і смерць для мяне не будзе страшнай, але сэрца сціскае боль, што маё цела застанецца на варожай зямлі"».

Такім чынам, Валейкі - сябры і суседзі Вацлава Іваноўскага - былі закатаваныя камуністамі і нацыстамі.


Трэба сказаць яшчэ пра Амброзія Самуэля Кастравіцкага, які належаў да шляхецкага роду Кастравіцкіх герба «Байбуза», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Мінскім ваяводстве ВКЛ і Мінскім павеце Мінскай губерні. З гэтага роду паходзіць знакаміты французскі паэт Гіём Апалінэр.

Бацька братоў Амброзія і Казіміра (Каруся Каганца) Кастравіцкіх Караль Кастравіцкі прыняў удзел у паўстанні 1863 г. Яго маёнтак Вялікія Навасёлкі на Міншчыне быў канфіскаваны, а сям'я саслана ў Сібір. Караль Кастравіцкі, сын Самуэля (1819-1873), пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Маці - Гелена са Свентаржэцкіх, дачка Тадэвуша.

Сын Караля Кастравіцкага Амброзій Самуэль Кастравіцкі нарадзіўся ў 1871 г. у Цывінску, што ў Сібіры, падчас вяртання сям'і са ссылкі. Скончыў гімназію ў Пецярбургу і ў 1897 г. - медыцынскае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта. У канцы 1890-х гг. разам з Амрозіем у Маскве вучыўся Антон Лявіцкі (будучы празаік Ядвігін Ш.) і шмат іншай беларускай моладзі.

Малодшы брат жонкі Амброзія Кастравіцкага - Марыі з Багушэўскіх - Сцяпан Багушэўскі вучыўся ў Ягелонскім Кракаўскім універсітэце і часта гасцяваў у сястры і швагра ў Лідзе. Менавіта ў Лідзе летам 1903 г. Вацлаў Іваноўскі схіліў Багушэўскага да ўдзелу ў новай выдавецкай задуме: выпуску беларускіх кніжак у Кракаве, горадзе, які ў той час знаходзіўся ў Аўстра-Венгрыі. Багушэўскі, у сваю чаргу, прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго сябра з часоў гімназічнага навучання ў Мінску Мар'яна Фальскага, студэнта Варшаўскай палітэхнікі.

З Амброзіем Кастравіцкім Вацлаў Іваноўскі пазнаёміўся праз яго швагра - Сцяпана Багушэўскага, які разам з Іваноўскім займаўся беларускімі выдавецкімі справамі. А з Казімірам Кастравіцкім (Карусь Каганец) Іваноўскі пазнаёміўся ў яго брата, лекара Амброзія, які ў 1901 г. жыў і працаваў у Лідзе. Вацлаў пасябраваў з абодвума і неўзабаве намовіў іх заняцца беларускай выдавецкай дзейнасцю, першага - як аўтара, другога - як спонсара. Абодва Кастравіцкія ўваходзілі ў суполку «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», створаную Іваноўскім.

Сярод іншых выданняў у 1904 г. «Круг...» выдаў зборнік «Казкі». Гісторык Юры Туронак лічыў, што выданне зборніка «Казкі» было падрыхтавана да друку Казімірам, а фінансавалася яго братам, Амброзіем Кастравіцкім, чые ініцыялы «А. К.» апынуліся на тытульным аркушы кніжкі. «Казкі», па сутнасці, былі перадрукоўкай некаторых народных твораў, сабраных расейскім этнографам П. В. Шэйнам.

Амброзія Кастравіцкага няма ў адрас-календарах пачатку XX ст. Віленскай губерні, таму можна зрабіць выснову, што ён займаўся ў Лідзе прыватнай лекарскай практыкай.

Доктар Кастравіцкі цікавіўся грамадскай дзейнасцю. У сувязі з выбарамі ў Дзяржаўную думу Расіі ў 1906 г. віленская газета «Кур'ер Літоўскі» падрабязна расказвала пра стварэнне Звязу землеўладальнікаў Лідскага павета. 15 студзеня адбыўся агульны сход, на які акрамя землеўладальнікаў з маёнткаў былі запрошаны і прадстаўнікі ад парабкаў «для рашэння пытання пра паляпшэнне побыту сельскіх працаўнікоў з улікам інтарэсаў гаспадароў. Прэзідэнтам камітэта Звязу землеўладальнікаў выбраны Вітольд Даўкша, віцэ-прэзідэнтамі Уладзімір Ятаўт, сакратаром А. Кастравіцкі». Як бачым, у 1906 г. Амброзі Кастравіцкі ўсё яшчэ жыў у Лідзе [21].

У 1905-1907 гг. на будаўніцтве чыгункі Балагое-Сядлец у Лідзе працаваў дзясятнікам грамадскі дзеяч, беларускі паэт, празаік, драматург, аўтар першых беларускіх падручнікаў Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі, родны брат Амброзія). Ён прывёз сюды жонку і дваіх дзяцей, Янку і Мірона. Свой «Беларускі лемантар...» Карусь Каганец напісаў менавіта ў Лідзе, падчас працы на чыгунцы. Непасрэдна ў Лідзе сям'я жыла да 1906 г.


Немагчыма не згадаць тое, што суседкай і сяброўкай Іваноўскіх была Алаіза Пашкевіч. Потым гэта сяброўства і супраца з Вацлавам Іваноўскім працягвалася ў Пецярбургу - тут Алаіза Пашкевіча жыла разам з Сабінай Ячыноўскай, нявестай і будучай жонкай Вацлава Іваноўскага. Як потым паведамляў муж Алаізы, літоўскі сацыял-дэмакратычны дзеяч Стэпонас Кайрыс, Цёткай яе празвалі менавіта суседзі Іваноўскія. З цягам часу гэтая мянушка стала літаратурным псеўданімам.

Суседам, сябрам і аднадумцам і Вацлава Іваноўскага, і Алаізы Пашкевіч з'яўляўся Фелікс Стацкевіч - выбітны беларускі палітык і грамадска-культурны дзеяч.

Як бачым, Лідчына і ваколіцы Лябёдкі сталіся сапраўднай крыніцай беларускага руху.

«Апошні наезд на Літве»

Пасля вайны 1920 г. і смерці бацькі Леанарда сям'я Іваноўскіх пачала дзяліць спадчыну і сварыцца, паступова сямейныя спрэчкі ўзмацняліся.

Першым з братоў аддзяліўся ад агульнай сямейнай гаспадаркі адзін з заснавальнікаў беларускага руху Вацлаў Іваноўскі [22]. І задаволіўся двума фальваркамі: Рагачоўшчынай і Баярамі. У Рагачоўшчыне жыла яго першая жонка Сабіна з Ячыноўскіх, а сябе ўзяў Баяры з вялікім кавалкам лесу.

Пляменнік прафесара Вацлава Іваноўскага Казімір расказваў, што калі ён наведваў свайго дзядзьку ў Баярах, дык той заўсёды частаваў яго выдатным абедам, а фурмана запрашаў на кухню, дзе яго добра кармілі і ўзнагароджвалі пачкам махоркі. Вацлаў сам любіў добра паесці, меў веды ў кулінарнай справе і добрыя кухарскія здольнасці. Іваноўскія памяталі, што неяк падчас гасцявання Вацлаў пакрыўдзіў гаспадыню гэтакай заўвагай:

- Печань была цудоўнай, але я б дадаў яшчэ да яе маярану і каляндры.

Вацлаў Іваноўскі быў заўзятым паляўнічым і страляў дзікоў нават з вокнаў свайго дома ў Баярах, калі яны прыходзілі ў яго авёс. Любімым сабакам Вацлава быў Пім, гладкавалосы выжал белага колеру з карычневымі лыткамі. Гэтага сабаку ён часта пакідаў у сястры Алены, а калі прыязджаў у Баяры, дык першым чынам пасылаў ганца ў Лябёдку па Піма. Ганец заўсёды меў хустку гаспадара, і Пім, унюхаўшы знаёмы пах, бег да гаспадара ў Баяры наперад ганца. Вацлаву Іваноўскаму не хапала гэтага сабакі падчас Другой сусветнай вайны, і ён моцна сумаваў па выжлу. Пляменнік памятаў, як прафесар ехаў цягніком з Коўні ў Вільню і, задрамаўшы ў цёплым купе, праз сон пачаў соладка казаць:

- Пімчык, Пімчык, нюхай, сучка рыжа!

Усе Іваноўскія любілі сабак, звяроў і паляванне, аднак сярод іх асабліва вылучаліся Алена і Вацлаў. Любоў да хатніх жывёл - добрая еўрапейская звычка. Алена расказвала, што, калі яна вучылася ў Кембрыджскім універсітэце, сярод яе знаёмых былі асобы, якія нават у лабараторыю прыходзілі з вавёркай на руках ці за пазухай, а нехта меў нават вялікую афрыканскую яшчарку. Многія студэнты не развітваліся са сваімі сабакамі - з імі прыходзілі ў лабараторыі: звяры там мелі свае посцілкі і пасля заняткаў вярталіся з гаспадарамі дахаты. Падчас Другой сусветнай вайны, у 1940 г., прафесар Вацлаў Іваноўскі пачаў працаваць у Віленскім універсітэце. Ён вельмі любіў сабак і з сабой на працу браў малую таксу. Аднак Вільня - не Кембрыдж, і хутка ад дэкана Ёзаса Матуліса Іваноўскі атрымаў афіцыйны ліст наступнага зместу: «Наколькі мне вядома, спадар прыводзіць сабаку ў свой кабінет ва ўніверсітэце, што недапушчальна. Прафесар павінен даваць студэнтам узорны, а не дрэнны прыклад паводзін, таму прашу зрабіць адпаведныя высновы з гэтага ліста».

Любоў да хартоў і коней пераняў пляменнік Алены і Вацлава Іваноўскіх, сын Тадаса ад першага шлюбу Ежы Іваноўскі (1907-2008). Паручнік Іваноўскі нават у страшным верасні 1939 г. падчас баёў з нацыстамі як пра найлепшыя моманты свайго жыцця ўспамінаў, як «з бацькам хадзіў на паляванне, як з цёткай Аленай конна ездзілі на ловы з хартамі, steeple [23]...». Потым ён усё жыццё будзе займацца гадоўляй коней і конным спортам. Сын Тадаса гадаваўся ў Лябёдцы, і цётка Алена аказала моцны ўплыў на яго выхаванне. Праз шмат гадоў Ежы (у сям'і яго звалі па-беларуску - Юрак) пісаў: «Як падаючыя зоркі з неба, з вельмі маладых гадоў мне свяцілі пэўныя размовы. Цётка Алена - тая, праз якую ў маім жыцці з'явіліся коні, казала: "Strow your heart over and horse will follow" [24]. Гэтак жа і з людзьмі».

Пляменнік Казімір пераказаў некалькі пацешных гісторый пра свайго дзядзьку Вацлава і адзначыў, што той быў заўсёды чароўны ў сяброўстве і меў надта прывабны лад жыцця. Часта цытаваў розныя кароткія, трапныя беларускія вершыкі і байкі, як, напрыклад, гэту, можа не зусім «літаратурную» хвалу рэдзьцы:

- Бо рэдзька - трайныя лекі. Кішачкі чысціць, гаўнячко прастуе, пярдзенне чыніць.

Неяк пры канцы 1930-х гг. Тадас Іванаўскас наведаў свайго брата Вацлава ў Варшаве. Якраз перад вайной былі адноўленыя сувязі між Польшчай і Літвой, і Тадас з групай ковенскіх прафесараў выбраўся ў Варшаву. Спаткаў брата Вацлава, і той запрасіў яго да сябе ў госці, каб пазнаёміць з чарговай жонкай. Жыў Вацлаў Іваноўскі на другім паверсе аднаго з прафесарскіх дамоў палітэхнікі. У вызначаную гадзіну Тадас падняўся на другі паверх, перад уваходнымі дзвярмі кватэры было цёмна, і ён змог прачытаць на таблічцы толькі «Праф. Вацлаў...». Далей чытаць не стаў і пазваніў у кватэру. Дзверы адчыніла пакаёўка і сказала, што прафесара яшчэ няма. Потым выйшла гаспадыня. Тадэвуш прадставіўся, гаспадыня сказала, што муж хутка будзе, і запрасіла ў кватэру. Яна ведала пра візіт літоўскіх гасцей, размова, аднак, не ладзілася, і гаспадыня выказвала толькі халодную ветлівасць, калі Тадас, каб стварыць настрой, пашуткаваў пра вялікі жывот, які пачаў з'яўляцца ў брата. Праз некалькі хвілін размовы літоўскі прафесар зразумеў, што пераблытаў дзверы. Гаспадар гэтай кватэры таксама быў прафесарам і таксама Вацлавам, але яго брат жыў у кватэры насупраць.

Першая жонка Вацлава Сабіна паходзіла з таленавітай, музычнай сям'і Ячыноўскіх. Іваноўскія памяталі, што калі Вацлаў меў да яе гарачае, першае каханне, дык правозіў цэлыя ночы, седзячы на дрэве пад яе акном. Аднак быў чалавекам асцярожным і, каб, калі засне, не ўпасці з дрэва, прывязваў сябе пасам.


… Але мы трошкі адхіліліся, і таму варта вярнуцца да тэмы падзелу маёмасці.

Першапачаткова Галавічполе атрымаў малодшы брат Станіслаў Іваноўскі, але гэтага чалавека не любілі не толькі сваякі (пра гэта потым), але і ваколічныя сяляне. «За дзень да нашага пераезду туды пры нявысветленых абставінах згарэў дом у Галавічполі», - пісаў сын Станіслава Казімір. Пасля гэтага Галавічполе атрымаў старэйшы брат Ежы Іваноўскі. У 1915-1917 гг. ён быў дырэктарам фірмы «Сіменс-Шукерт» у Кітаі, Японіі, ЗША і Маскве. У незалежнай Польшчы два разы займаў пасаду міністра, з'яўляўся сенатарам і палкоўнікам польскага войска. Разам з братамі Вацлавам і Станіславам прымаў удзел ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Быў шматгадовым дырэктарам Аб'яднання польскіх механікаў і дырэктарам польскага філіяла ФІАТа.

Ежы Іваноўскі карыстаўся павагай і любоўю ў сям'і. Падчас спаткання з пляменнікамі расказваў ім розныя сямейныя байкі пра Лябёдку, а таксама пра свае падарожжы і паляванні. Пляменнікам запомнілася яго гісторыя пра паляванне ў Маньчжурыі. Там ён паляваў на тыгра і памочнікамі меў двух мясцовых паляўнічых. Склалася так, што першыя тры дні яны палявалі на тыгра, а апошнія тры дні тыгр паляваў на іх. Ежы Іваноўскі ўсё ж застрэліў звера, калі той ужо ўхапіў за ватны халат аднаго з мясцовых паляўнічых.

Калі пляменнікі прыязджалі ў Варшаву, Ежы карміў іх смачнымі пірожнымі ў дарагіх кафэ, даваў кішэнныя грошы і атачаў іх адмысловай апекай у час, калі іх бацькі стваралі сабе новыя сем'і. Пасля Другой сусветнай вайны ён жыў у Англіі, меў цяжкую матэрыяльную сітуацыю і канец жыцця правёў у пансіёне для старых польскіх камбатантаў. Там яго, 87-гадовага старога, наведаў пляменнік Лех (старэйшы сын Станіслава Іваноўскага). Дзядзька быў вельмі ўсцешаны гэтым візітам і пры канцы выняў з-пад падушкі два фунты.

- Ведаеш, Лех, больш няма, а табе ў Лондане лішнімі не будуць.

Ён не змяніўся да самага канца жыцця, і нават калі ўжо нічога не меў, усё роўна раздаваў апошняе - сапраўдная лябёдская школа давалася ў знакі. Пляменнік, канешне ж, грошы не ўзяў. Дадам яшчэ раз, што Ежы Іваноўскі на пачатку XX ст. цалкам падтрымліваў брата Вацлава і сам прымаў удзел у беларускіх справах.

Атрымаўшы Галавічполе, Ежы Іваноўскі планаваў перадаць гэты фальварак сваёй дачцэ ад першага шлюбу Вандзе. Але потым яго планы памяняліся, і на месцы згарэлага старога дома ён пабудаваў новы прыгожы драўляны дом, заснаваў узорную гаспадарку і сам кіраваў ёй. Летам тут жыла яго трэцяя, маладая і прыгожая, жонка Зося з дачкой Ягадай (пасля Другой сусветнай вайны дачка жыла ў Канадзе).

Гэты казачна прыгожы дом у Галавічполі спраектаваў знакаміты беларускі архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі! Адначасова з пабудовай дома Ежы Іваноўскі пасадзіў новы сад на 10 га, і, верагодна, з тых часоў недалёка ад дома захавалася афіцына. Вядома, што пры канцы 1920-х Лявон Вітан-Дубейкаўскі нейкі час выкладаў у Лідзе, а потым, у першай палове 1930-х настаўнічаў і працаваў ў Беларускім інстытуце гаспадаркі i культуры, аднаўляў кляштар у Друi, будаваў кляштар пад Варшавай і мікрараён на Антокалi ў Вiльнi. У другой палове 1930-х з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. У савецкія часы дом у Галавічполі, спраектаваны архітэктарам Вітан-Дубейкаўскім, стаў школьным інтэрнатам, а сёння належыць парафіі касцёла ў Старых Васілішках.

Барацьба за сямейнае гняздо, пабудаванае Леанардам Іваноўскім, цягнулася амаль 20 гадоў. Прыгожы палац і ўвесь маёнтак, акрамя грашовай, мелі яшчэ і эмацыйную вартасць. Чытаючы ўспаміны розных Іваноўскіх, я прыйшоў да высновы, што Леанард Іваноўскі планаваў перадаць палац з цэнтральнай часткай маёнтка сваёй жонцы, а пасля яе смерці - дачцэ Алене. Менавіта таму браты Вацлаў, Ежы і Тадас хутка аддзяліліся, але Станіслаў не падпарадкаваўся выраку бацькі, да таго ж, пэўна, тастамент не быў належна аформлены. Сусед Іваноўскіх, Караль Лясковіч у сваіх мемуарах пацвердзіў маю ранейшую здагадку: пасля смерці Леанарда Іваноўскага зямлю маёнтка (без фальваркаў Рагачоўшчына і Галавічполе) разам з палацам успадкавала жонка Ядвіга, а дачка Алена павінна была, у свой чарод, успадкаваць гэту маёмасць пасля смерці сваёй маці.

Аднак пасля таго, як Леанард Іваноўскі пакінуў гэты свет, яго малодшы сын Станіслаў пачаў барацьбу са сваёй маці і сястрой, і, як мы пераканаемся потым, гэта прывяло да ізаляцыі яго ў сям'і. Нейкія непаразуменні Станіслава з бацькам пачаліся раней, бо Леанард, як чалавек багаты, законна выкупіў ад службы ў войску трох старэйшых сыноў, але чамусьці вырашыў ахвяраваць для арміі малодшага. Станіслаў запомніў гэта назаўсёды.

Сын Станіслава Іваноўскага Казімір пісаў, што муж Алены - Казімір Скіндар - праводзіў цэлую кампанію супраць свайго швагра. Справа дайшла да нападу на Станіслава - на суседнім галавічпольскім полі ён ледзь не развітаўся з жыццём. У справе прымалі ўдзел пляменнікі Станіслава Іваноўскага, і аднаму з іх пагражаў суд за ўдзел у нападзе і цяжкае збіццё дзядзькі. Але адвакатам удалося абараніць хлопца, і пляменнік атрымаў толькі малую кару. Віленская газета «Слова» надрукавала пра той судовы працэс артыкул пад загалоўкам «Гайда ў Галавічполе, ці Апошні наезд на Літве». Як бачым па загалоўку, артыкул адсылаў чытача да паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» [25].

Аднак і пасля гэтага ў Лябёдцы даходзіла нават да страляніны - гэтакія былі гульні і сямейныя забавы ў той міжваенны час. Пасля першага нападу Станіслаў Іваноўскі пад падушкай заўсёды трымаў зараджаны браўнінг і ў Лябёдцы нікуды не выходзіў без зброі.

У выніку сямейных спрэчак жыццё Лябёдкі было паралізаванае і ўтварыліся дзве партыі. Большая партыя, куды ўваходзілі ўсе блізкія родныя, стаяла на баку Алены Скіндар з Іваноўскіх, другая, партыя «прыхільнікаў Стаха», колькасна была значна меншай. Падзел быў настолькі моцны, што нават перад самай Другой сусветнай вайной, калі сям'я нарэшце прыйшла да згоды, партыі не прымірыліся.

Вось як апісвае Казімір Іваноўскі адносіны сваіх стрыечных братоў і родных пляменнікаў да свайго бацькі Станіслава - падзеі адбываюцца пры канцы 1930-х, калі ўся сям'я сабралася ў Лябёдку на Вялікдзень: «Паволі збіраюся да сняданку і чую рух на калідоры. Гэты на свята прыехалі Юрак, сын дзядзькі Тадаса, і сыны дзядзькі Вацлава - Стэфан і Вацак, браты Ганкі... Знаходжуся ў пакоі бацькоў і адсюль бачу, як насупраць бацькавай тахты за акном нешта вісіць. З цікаўнасцю прыглядаюся і разумею, што да доўгага кія шнурам прывязаны здохлы шчанюк. Гэта выглядае вельмі непрыемна, а шчанюк вісіць на такой вышыні, што з зямлі яго дастаць немагчыма. Але бацька знае правілы гульні, адчыняе акно і з дубальтоўкі перастрэльвае шнурок. Шчанюк падае на зямлю, і мы выкідваем яго ў кусты. Але праз пэўны час шчанюк зноў з'яўляцца за акном, бацька зноў страляе, і на гэтым гульня заканчваецца, бо ёй зацікавілася бабуля, якую стаміла ранішняя кананада ў доме». Дарэчы, сын Тадаса, Ежы (Юрак) Іваноўскі, пісаў, што дзеці Вацлава Іваноўскага - Стэфан, Вацак і Ганна - былі яго «найбліжэйшымі кузэнамі і сябрамі дзяцінства, з якімі меў столькі гульняў і бітваў у Лябёдцы». Можа, якраз «бітвы» з дзядзькам Станіславам ён меў на ўвазе? Як жа трэба было давесці пляменнікаў, каб яны гэтак ставіліся да роднага дзядзькі?

Станіслава Іваноўскага не любілі ні яго сваякі, ні беларускія сяляне. І, пэўна, было за што. Каб праілюстраваць інтэлектуальна-маральныя якасці Станіслава Іваноўскага, перакажу фрагмент з успамінаў, якія ён напісаў у 1937 г. Праз 20 гадоў ён ганарыцца дробнай антыбеларускай правакацыяй, якую арганізаваў у Гародні, і з вялікім задавальненнем расказвае пра яе ў сваіх успамінах пра стварэнне польскай «Самаабароны» і складаныя моманты 1918-1919 гг. на Лідчыне і Гарадзеншчыне.

Як вядома, у канцы сакавіка 1919 г. у Варшаве раптам з'явіўся палітык Гадыцкі-Цвірка [26]. На імя польскага прэм'ер-міністра Падарэўскага ён склаў адозву з рэзалюцыяй нібыта праведзенага Беларускага краёвага з'езду, у якой сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы немагчыма», таму Беларусь «у сваіх этнаграфічных межах» павінна была ўвайсці ў «сціслы звязак з Польскай Рэччу Паспалітай». З гэтай адозвай палітык паехаў у Варшаву. Калі звесткі пра гэта дайшлі да Гародні, Васіль Захарка ў ноце ад імя Рады Міністраў БНР апратэставаў заяву «беларускай» дэлегацыі. Калі ж Гадыцкі-Цвірка зноў з'явіўся ў горадзе, на загад Кастуся Езавітава ён быў арыштаваны і адпраўлены ў мясцовую турму. Калі вязня пад вартай эскадрона беларускіх гусар везлі з турмы на чыгуначны вакзал, па загаду Станіслава Іваноўскага на іх напаў атрад «Польскай арганізацыі вайсковай». Завязалася кароткая перастрэлка, падчас якой быў забіты адзін з нападнікаў. Аднак адбіць К. Гадыцкага-Цвірку не атрымалася [27].

Станіслаў Іваноўскі напісаў пра гэта: «На пачатку 1919 г. у Гародні арганізавалася дэлегацыя беларусаў для паездкі ў Бельведэр (да Пілсудскага. - Л. Л.). На чале гэтай дэлегацыі стаў нейкі Гадыцкі-Цвірка са Случчыны. Пра гэту дэлегацыю пісалі варшаўскія газеты, і, калі Гадыцкі-Цвірка вярнуўся ў Гародню, ён быў арыштаваны ўладамі і пасаджаны ў турму... Гадыцкага-Цвірку павінны былі перавезці ў Коўна. Пра дзень перавозкі я быў праінфармаваны. Вясеннім днём у 4-й гадзіне пасля поўдня яго везлі па вуліцы Ажэшкі ў турэмнай карэце пад канвоем гусараў (беларускіх. - Л. Л.). На іх шляху, пры палацы князя Чацвярцінскага, на ходніках чакалі каля дзясятка членаў польскай вайсковай арганізацыі з рэвальверамі. Гусары праз хвіліну былі рассеяныя залпамі з рэвальвераў... і паўцякалі. Усе немцы пахаваліся, было бачна, што яны не жадаюць браць удзел у канфлікце... Скарыстаўшы замяшанне, я паехаў да каменданта цвердзі Гародня палкоўніка Ловенфілда і заявіў яму, што ўся віна за інцыдэнт ляжыць на беларусах, і выказаў пажаданне, каб больш не было страляніны, якая пагражае жыццю нямецкіх жаўнераў у горадзе... Палкоўнік Лавенфілд запэўніў мяне, што зробіць для гэтага ўсё магчымае... З таго памятнага дня знікла ўсякае значэнне Народнай беларускай рады...» Такім чынам, Станіслаў арганізаваў страляніну ў горадзе і абвінаваціў у ёй беларусаў. Нават праз 20 гадоў ён не зразумеў, што непрыстойна і нават бязглуздна хваліцца правакацыяй, не асэнсаваў свае дзеянні і не зрабіў спробу неяк па-іншаму інтэрпрэтаваць падзеі.

Пэўна, быў ён не надта разумным, здольным да выніковай працы чалавекам. Яго сын Казімір пісаў: «Жылі мы ў дамку ў Лябёдцы. Бацька гаспадарыў у суседнім Галавічполі (покуль гэты фальварак не адышоў да старэйшага брата Ежы. - Л. Л.). Дом у Галавічполі якраз да таго часу быў спалены "вернымі слугамі", і праца, якая знаходзілася далёка ад Лябёдкі, была вельмі клапатлівай і малаэфектыўнай. Па праўдзе, цяжка было назваць гаспадараннем тое, чым бацька займаўся потым і ў Лябёдцы. З вясны па зіму мама вяла гаспадарку, а бацька меў працу адваката ў сваёй канцылярыі ў Вільні і наязджаў да нас не часта, каб тут паламаць і расцярушыць планы, якія мама з цяжкасцю складала без яго, а потым зноў ад'язджаў у Вільню. У Вільні за лета меў толькі некалькі кліентаў, але карыстаўся спакоем і свабодай, покуль сям'я сядзела ў вёсцы».

Станіслаў Іваноўскі не мог нават знайсці для свайго маёнтка добрага эканома, а можа, да такога пана добры і сам не ішоў: «Зімой гаспадарку пакідалі на апеку Бога ці добрую волю эканома. Калі судзіць па выніках, пан Бог меў іншыя клопаты, а эканом рэгулярна краў усё, што можна было панесці. Таму, дарэчы, і красці не надта было чаго. Эканомаў перабывала ў нас шмат. Калі эканом хуткі і энергічны - дык злодзей, калі спакойны і пачцівы - дык цалкам дупа, якога падманваў любы, хто хацеў. Невядома, што горш. Але не, вядома! Бо быў у нас адзін такі, які быў і дупа, і злодзей, і яшчэ жлукта, звалі яго Вітольд Р.».

Цяжкія адносіны склаліся ў віленскага адваката і з мясцовымі сялянамі, якія раней спалілі яму хату ў Галавічполі. Сын Казімір апісвае гісторыю, якая адбылася ў велікодныя дні ў 1930-я гг.: «...бацька злы, бо пачынаецца працэсія баб з ваколічных вёсак з квіткамі на заробак. Гэта яшчэ адны сумныя наступствы пасля працы нашага эканома Вітольда - жлукты і злодзея. Ён выдаў шмат квіткоў за аднадзённую працу па праполцы буракоў. Вітольд прадаваў квіткі сялянам за працэнт ад намінальнага кошту, бо не меў за што выпіць. Сітуацыя сур'ёзная - бабы ўсё ідуць, запасы гатоўкі заканчваюцца, а трэба яшчэ зрабіць свята і мець грошы на адваротны шлях. Адвакат ратуе справу тым, што загадвае адчыніць капец і замест грошай пачынае плаціць бульбай. Але галодны на грошы народ гэтаму вельмі не рады».

Апошнюю кропку ў гэтай справе для сябе я паставіў, даведаўшыся пра адназначную ацэнку Антонам Луцкевічам разумовых здольнасцяў Станіслава Іваноўскага. У студзені 1919 г. падчас знаходжання ў Гародні старшыня ўрада БНР запісаў у сваім дзённіку: «Прыходзіў Станіслаў Іваноўскі. З усёй яго гутаркі, як заўсёды дурной і бязладнай, з тэндэнцыяй выказаць свой розум, годнай увагі была толькі заява, што цяпер усе палякі маюць адну супольную ідэю: за ўсялякую цану далучыцца да Польшчы. "Краёвая ідэя, - сказаў ён, - магла б мець вагу толькі тады, калі б за ёй стаялі некалькі корпусаў войска. А цяпер мы аб ёй забыліся". Шчыра і ясна!»

І хопіць пра гэтага чалавека.

Алена Скінар з Іваноўскіх

Як бы там ні было, але ў канцы 1930-х гг. маёнтак Лябёдка з палацам быў запісаны на Алену Скіндар з Іваноўскіх.

Дачка Вацлава Іваноўскага, пляменніца Алены Ганна Карнецкая пісала: «Я мела цётку, сястру майго бацькі, незвычайную жанчыну, якая нас, маладых, у пэўным сэнсе натхняла. Перад Першай сусветнай вайной яна атрымала вышэйшую адукацыю па сельскай гаспадарцы ў Кембрыджы і спецыялізавалася на гадоўлі коней. Была дасканалай наезніцай, яе ўзгадавалі ў сваіх працах навукоўцы-гіполагі (напрыклад, праф. Прускі). Сама вырашыла, на каго і дзе хоча вучыцца, і была накіраваная бацькамі на вучобу пад наглядам уласнай цёткі, маёй стрыечнай бабулі Хэлены. Потым аказалася, што студэнткі жывуць у кантралюемых інтэрнатах свайго каледжа і апека над імі не патрэбна. Былі гэта іншыя часы».

Такім чынам, каля 1905 г. Алена Іваноўская прыехала на навучанне ў каледж Нью-Нам Кембрыджскага ўніверсітэта. У Кембрыджы пераважна з англійскай арыстакратыі і пры яе ўдзеле склаўся гурток студэнтаў, які даследчык Гай Пікарда назваў «Кембрыджскай хеўрай». У гуртку бралі ўдзел паэт Руперт Брук, біяхімікі Мюрыэл Уэлдэйл, Гуя Онслаў і іншыя. Удзельнікі суполкі сур'ёзна цікавіліся беларускім фальклорам, а сяброўка Руперта Брука Кэтрын Кокс у 1912 г. некалькі месяцаў правяла ў Лябёдцы.

Трэба заўважыць, што сябры кембрыджскага гуртка, у які ўваходзіла Алена, вывучалі паганства, і таму фальклор, у тым ліку і беларускі, цікавіў іх з гэтага боку. З 1914 да 1924 г. Алена Іваноўская разам з Гуі Онславам (1890 г. н.) апублікавала ў лонданскім часопісе «Folklore» тэксты і ноты беларускіх песень, запісаных у ваколіцах Лябёдкі. Публікацыі беларускага фальклору суправаджаліся вялікімі ўступнымі тэкстамі, якія знаёмілі брытанскіх чытачоў з Беларуссю. Напрыклад, сярод іншага ва ўступе да першай публікацыі 1914 г. [28] сааўтары напісалі: «Вялікія лясы, якія паранейшаму пакрываюць тут зямлю, аказалі глыбокі ўплыў на характар людзей. Гэтыя лясы - апошнія некранутыя лясы Еўропы, і тут да нашага часу жывуць зубры. Да чатырнаццатага стагоддзя лясы давалі жыхарам адчуванне бяспекі ад ворагаў, сюды не даходзілі цывілізацыя і хрысціянства, якое ахапіла да таго часу больш даступныя краіны, і таму тутэйшыя жыхары былі адным з апошніх паганскіх народаў у Еўропе. Іх рэлігіяй было натуральнае пакланенне сімвалам дрэва, агню і змяі. У пушчы меўся Зніч, ці непагасны агонь (у Віленскім саборы ляжыць камень, на якім падтрымлівалася гарэнне Зніча, а звонку стаяла вежа, з якой Крыве-Крывейта звяртаўся да людзей)...» [29]. Заўважу, што Алену Іваноўскую цікавілі менавіта лакальная, наша, лідская гісторыя і тутэйшы фальклор.

Першая публікацыя ўтрымлівала беларускія тэксты шасці песень з перакладамі на англійскую мову [30]. Ва ўступе тлумачыцца паходжанне песень і падаецца кароткая гісторыя Беларусі. Сярод іншага аўтары пішуць: «Часам кажуць Беларусы ці Белыя рускія, аднак ніводзін беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён - расіец» [31]. Тут упершыню ў англійскай тэрміналогіі быў выкарыстаны тэрмін «White Ruthenia» замест «White Russia».

У тым жа 1914 г. сааўтары апублікавалі яшчэ дзевяць песень [32]. Наступныя песні з іх перакладамі выйшлі толькі праз дзевяць гадоў. Гуя Онслаў, паралізаваны пасля інцыдэнту пры катанні на лыжах у 1911 г., памёр у чэрвені 1922-га і, такім чынам, не ўбачыў надрукаванымі трэцюю і чацвёртую публікацыі перакладаў. Незадоўга да яго смерці Алена Іваноўская наведвала Англію, і таму ў прадмове да трэцяй часткі згадваецца, што «захаванне і завяршэнне гэтай каштоўнай калекцыі хутка знікаючых народных песень» стала магчымым толькі з-за «яе нядаўняга візіту ў гэту краіну і адданасці жонкі сп. Онслаў». Трэцяя частка, апублікаваная з дапамогай жонкі Онслаў Мюрыэл Уэлдэйл (Muriel Wheldale), змяшчала дзесяць [33], а чацвёртая - дванаццаць беларускіх песень [34]. Усе пераклады рабіліся ў традыцыйным англійскім «навуковым» стылі, перакладчыкі адначасова выступалі і як этнографы - тэксты песень маюць вялікую колькасць тлумачальных зносак. У прадмове да чацвёртай часткі сааўтары тлумачаць: «Асаблівасцю першых чатырох вясельных песень з'яўляецца тое, што яны маюць сумныя словы і музыку. Гэта на самай справе не дзіўна, як здаецца на першы погляд, бо ў Беларусі вяселлі - сапраўды журботныя святы, ва ўсялякім разе да нядаўняга часу гэта было менавіта так. Бо падчас прыгону гаспадар меў не толькі амаль што ўсю ўладу над жыццём і смерцю сялян і мог караць іх па сваім меркаванні, але меў яшчэ і прывілей цераз сілу жаніць людзей, і часта шлюб адбываўся так, як у рабоў у Амерыцы. Таму часта каханне і шлюб былі паняццямі ўзаемавыключнымі».

У каментарыях яшчэ адзначалася, што для беларуса колькасць кукаванняў зязюлі азначае тое ж самае, што і ў Англіі, і «дружкі» на вяселлі, як і ў Англіі, суправаджаюць маладых. Але сэнс слова «цягаўся» тлумачыцца французскім словам «flâner» - англійскага адпаведніка гэтаму беларускаму слову не знайшлося. Гэтаксама немагчыма было дакладна перакласці на англійскую мову радок «Ой, няхай ён скача як Белка», бо «Белка» ў гэтай песні - мянушка сабакі, і сэнс выразу атрымліваецца шматзначны. Не знайшлося адпаведніка і слову «кудзелька» - кавалку воўны ў калаўроце, і Алене даводзілася тлумачыць, што гэта такое.

Такім чынам, Алена Іваноўская і Гуя Онслаў зрабілі першыя навуковыя пераклады мастацкіх тэкстаў з беларускай на англійскую мову.

З пачаткам Першай сусветнай вайны кембрыджская суполка перастала існаваць. Алена Іваноўская з'ехала на радзіму і ў 1915 г. трапіла пад нямецкую акупацыю.


Але вернемся трошкі назад.

Выбітны беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец і публіцыст Аляксандр Мікітавіч Уласаў у 1912 г. у Вільні наладзіў выданне сельскагаспадарчага часопіса «Саха» дэмакратычнага кірунку [35]. На старонках яго прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гаспадарчыя парады.

Ужо ў другім нумары «Сахі» з'яўляецца артыкул Алены Іваноўскай (пад псеўданімам Г. Ів., м. Васілішкі, Віл. губ.) «Як з прастой кабылы дахавацца заводнага жэрэбца». У трэцім нумары зноў надрукаваны яе артыкул, гэтым разам «Як даглядаць каня, хворага на золзы» (пад псеўданімам Г. І. Лябёдка, Віл. г.). У чацвёртым нумары «Сахі» друкуецца артыкул В. Тройцы [36] (Вацлава Іваноўскага) пра канюшыну і артыкул Алены Іваноўскай «Школа і прышчэпкі» (за подпісам: Алена, м. Хільчыцы, Лідзкі пав.). Такім чынам, адразу вызначаюцца галоўныя цікавыя для аўтаркі тэмы: гадоўля коней і садаводства.

За 1912-1913 гг. у першых васямнаццаці нумарах часопіса «Саха» Алена Іваноўская друкуе дзесяць артыкулаў, і ўсе яны напісаны на вельмі добрай, сапраўды жывой беларускай мове.

У перыяд з 1927 па 1931 г. яўных публікацый Іваноўскай (у той час ужо Скіндар) у часопісе «Саха» я не выявіў. Часопіс друкуе аўтараў пад псеўданімам І. С. (Іваноўская-Скіндар?), С. (Скіндар?), С. А. (Скіндар Алена?) па тэмах, на якія магла б пісаць Іваноўская. У № 10 «Сахі» за 1928 г. друкуецца вялікі і змястоўны артыкул з малюнкамі па конегадоўлі, але ён наогул не мае ніякага подпісу. І трэба адзначыць, што ўсе гэтыя артыкулы напісаны сухой, не характэрнай для Алены Іваноўскай мовай. Супрацоўніцтва з беларускім часопісам у тыя часы магло быць небяспечным для ўладальніцы маёнтка, да таго ж у чэрвеньска-ліпеньскім нумары за 1928 г. паведамляецца пра арышт рэдактара У. Павалковіча і затрымку выдання часопіса. Але калі нават не браць гэта пад увагу, трэба разумець, што людзі, бывае, змяняюцца: змяняюцца іх прыярытэты і зацікаўленасці. Алена магла спыніць супрацоўніцтва з беларускай прэсай і пачаць пісаць у польскую ці наогул страціць цікавасць да журналістыкі.

9 сакавіка 1915 г. у Вільні рэгіструецца статут Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, якое пасля зацвярджэння губернатарам пачынае працу. Старшыня праўлення Таварыства - Вацлаў Іваноўскі, яго намеснікі - Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Таварыства, узначаленае Вацлавам Іваноўскім, стварала вялікія магчымасці для збірання нацыянальных сіл і было адзінай на той час афіцыйнай беларускай грамадскай арганізацыяй.

Вядома, што з канца 1914 г. Алена Іваноўская ў Лідскім павеце з'яўлялася прадстаўніком Віленскага аддзела таварыства дапамогі ахвярам вайны. Мне ўдалося знайсці наступны артыкул у газеце «Кур'ер Літоўскі», надрукаваны ў самым пачатку 1915 г.: «Уладальнік маёнтка Гурнофель на Лідчыне сп. Альфрэд Бразоўскі знайшоў годную форму таварыскай забавы і адначасова дапамогі бежанцам. Ён запрасіў у Гурнофель на святкаванне Новага года сваіх суседзяў. І калі ў гасцінных салонах старога палаца сабралася шмат гасцей, найбліжэйшая суседка Гурнофеля панна Яніна Паплаўская з Воўчынак разам з гаспадаром арганізавала з моладзі канцэртную дружыну, якая выступіла на імправізаванай эстрадзе. Панна Ірэна Жураўская [37], якая цяпер вучыцца ў Мышугі [38], з першай хвіліны свайго выступу захапіла прысутных, якія аддзячылі спявачцы апладысментамі і кветкамі… і доўга не адпускалі з эстрады яе сястру Яніну. Потым выступіў знаны спявак Станіслаў Куцінскі… яго талент атрымаў агульнае прызнанне. Мілую неспадзеўку зрабіў адвакат Мацей Ямант, калі прысутныя ўгаварылі яго заспяваць. Прыгожы барытон спевака здабыў сэрцы слухачоў. І калі жонка Яманта ў атачэнні іншых спадарынь пачала збіраць грошы, за адну хвіліну былі ахвяраваны 500 рублёў, якія тут жа ўручылі прысутнай сярод гасцей дэлегатцы ад Лідскага павета ў Віленскім аддзеле таварыства дапамогі ахвярам вайны панне Алене Іваноўскай. Грошы ахвяравалі: малады паэт Антон Прыбытка [39], Уладзіслаў Брахоцкі з дачкой і сынамі, Антаніна Жураўская з дочкамі, дырэктар дэпартамента аднаго з міністэрстваў у Пецярбургу, тайны дарадца Леанард Іваноўскі з дачкой, яго сын з жонкай і кузінамі, адвакат Мацей Ямант, жонка генерала Прыбыткі з сынамі, сп-ры Баеры, Мікульскія, Кастравіцкія, Крыгелі, Корбуты, Урублеўскія, Паплаўскія, Сахоцкія, Стапінскія, Свяцкевічы, Фрэйтагі і іншыя».


Немцы занялі Ліду 22 верасня 1915 г.

Першая беларуская школа ў зоне акругі Обер-Ост [40] была адкрыта 13 лістапада 1915 г. у Вільні на Юр'еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі з удзелам першай жонкі Вацлава Іваноўскага Сабіны Іваноўскай.

Несумненна, падчас грамадскай працы па дапамозе ахвярам вайны Алена зноў зблізілася з колам беларускай інтэлігенцыі, тым больш што сярод стваральнікаў першай беларускай школы ў Вільні былі і жонка яе брата Сабіна, і суседка Алаіза Пашкевіч. Таму ўжо ў лістападзе 1915 г. у мястэчку Васілішкі Лідскага павета Алена Іваноўская адкрыла беларускую пачатковую школу. Але школа доўгі час не магла распачаць заняткі з-за супрацьдзеяння мясцовага «абыватэльскага» камітэта, у якім панавалі польскія абшарнікі. І ўсё ж: Алена Іваноўская - родная сястра Вацлава Іваноўскага - першая вядомая нам беларуская настаўніца на Лідчыне.

У часы Першай сусветнай вайны яна навучылася паляваць конна з хартамі на зайца: «Мяне ў гады Першай сусветнай вайны навучыў паляваць Мацей Марачэўскі. Тады палі былі пераважна неапрацаваныя і развялося шмат зайцаў. З'язджаліся з ім у дзесяці кіламетрах ад Лябёдкі. Зайцамі карміла ўвесь дом».

А ў 1919 г. вакол Лябёдкі, у якой жыла Алена, разгортваліся драматычныя падзеі.

У гэтым месцы трэба зноў згадаць сябра Вацлава Іваноўскага Амброзія Кастравіцкага - брата Казіміра Кастравіцкага, які таксама на пачатку XX ст. займаўся беларускім кнігавыдавецтвам. У той час Кастравіцкі жыў у Лідзе і ў кастрычніку 1918 г. разам з сынам Самуэлем з'яўляўся сябрам польскай Самаабароны Лідчыны.

Бацька і сын Кастравіцкія вызначыліся ў час падзей вакол Лябёдкі Іваноўскіх. Зімой 1918/1919 г. у суседнім з Лябёдкай маёнтку Гурнофель знаходзілася база вайсковых аддзелаў польскай Самаабароны. На пачатку студзеня аддзелы Самаабароны паспрабавалі выбіць з Ліды бальшавікоў, але паход на Ліду не ўдаўся.

Пасля гэтага 9-ы конны аддзел лідскай Самаабароны з мэтай выведкі ў бок Ліды спыніўся ў маёнтку Лябёдка. 15 студзеня 1919 г. атрад чырвоных, які налічваў 300 добра ўзброеных жаўнераў і меў некалькі кулямётаў, на вазах накіраваўся ў бок Васілішак. 16 студзеня ноччу, калі на варце знаходзіўся 16-гадовы гімназіст-улан Самуэль Кастравіцкі, а пры канюшні - Лявон Барташэвіч, чырвоныя наблізіліся да Лябёдкі. Заўважыўшы бальшавікоў, вартавыя пачалі страляць, але ўвесь Лідскі аддзел спаў у сваёй казарме. Не бачачы супраціву з польскага боку, чырвонаармейцы ўварваліся на падворак, узялі ў палон Барташэвіча і параненага Кастравіцкага і занялі канюшню з коньмі. Пасля блытанага начнога бою 9-ы конны аддзел лідскай Самаабароны быў разбіты - уцяклі толькі 4 чалавекі, 6 уланаў былі забіты, 7 узяты ў палон, у рукі чырвоных трапілі 19 коней і 5000 марак.

17 студзеня аддзелы Самаабароны з Гурнофеля адышлі да Шчучына, але яшчэ вечарам 16 студзеня доктар Амброзі Кастравіцкі на двух параконных санях прывёз з Лябёдкі ў Гурнофель целы загінулых: харунжага Стэфана Крыдля, капрала Юзафа Мейлуна, капрала Станіслава Шалевіча і ўланаў Юльяна Лібіха, Віктара Шкопа і Станіслава Вайцяхоўскага. Паводле ўспамінаў відавочцаў, знешні выгляд загінулых марозіў кроў у жылах. Выкалатыя штыкамі вочы, на грудзях кожнага дзясяткі ран, пакрытых спёкшайся крывёю, усе раздзетыя дагала.

Пасля гэтых падзей Алена Іваноўская ратавалася ў Гродне. Вось што запісаў Антон Луцкевіч 24 лютага 1919 г. у сваім дзённіку: «Сустрэў п. Гэлену Іваноўскую: толькі што прыехала з-пад Васілішак. Кажа, што ў дарозе даведалася аб наступленні двух палкоў бальшавікоў у ваколіцах Жалудка, дзе апэраваў бандыцкі польскі атрад Дамброўскага».


У 1922 г., незадоўга да смерці сябра сваёй маладосці Гуі Онслава, Алена Іваноўская прыязджала ў Англію. Пляменніца Ганна Карнецкая з Іваноўскіх згадвала: «Цётка Алена час ад часу наведвала Англію, і калі-нікалі адтуль прыязджалі яе сяброўкі. Захапляліся несапсаванай вёскай і драбіністымі вазамі... Гэта цётка Алена са сваімі англійскімі звычкамі навучыла мяне спаць летам у садзе ці на тэнісным корце пад зоркамі. Цётка кожны вечар выцягвала палявы ложак за дом, а часта слала сабе на сене перад верандай, там, дзе газон пераходзіў у луг, разам з ёй клаліся яе харты. На ранку купалася ў халодным ручаі і потым практыкавалася ў конным спорце».

Сусед Іваноўскіх Караль Лясковіч успамінаў, што Алена незалежна ад надвор'я купалася ў рацэ да самых маразоў і гэтую звычку захавала да канца жыцця.

У першай палове 1920-х Алена выходзіць замуж за Казіміра Скіндара (1891- 1941?), уладальніка маёнтка Капцюха. Пляменнік Казімір Іваноўскі так апісвае вяселле сваёй цёткі: «У касцёле Старых Васілішак брала шлюб цётка Алена Іваноўская. Яна вельмі любіла коней і хартоў і была дастаткова эксцэнтрычнай жанчынай. Пастанавіла прыступіць да шлюбу ў касцюме амазонкі. Калі вяселле конна выехала з Лябёдкі, замкнутыя ў доме харты вылі ад роспачы і выглядвалі ў вокны, каб убачыць кавалькаду, якая паехала ў касцёл. Тады нехта выпусціў сабак на волю, і яны па свежым следзе кінуліся наўздагон. Дзверы касцёла былі адчынены, таму ўся зграя з сямі шчаслівых, бо знайшлі гаспадыню, сабак радасна вылецела да алтара якраз падчас цырымоніі. Нягледзячы на замяшанне, шлюб адбыўся».

Падобна да таго, што гэтае вяселле запомнілася сваякам і суседзям, бо і Ганна Карнецкая з Іваноўскіх успамінала: «Пасля смерці дзеда Леанарда (1919) у Лябёдцы гаспадарылі толькі цётка Алена са сваім мужам (да шлюбу ў парафіяльны касцёл паехала конна і ў брыджах) - землеўладальнікам, дальнім суседам, а ўсе яе браты выйшлі са сваімі надзеламі».

Пра сабак, і коней, і шлюб Алены памяталі і пісалі ўсе яе суседзі. Напрыклад, у рукапісе ўспамінаў уладальніка Малога Мажэйкава Андрэя Брахоцкага чытаем: «Недалёка ад Касцянёва быў маёнтак Лябёдка Іваноўскага, які ў свой час ажаніўся з паннай Райхель. Уладальніка Лябёдкі называлі генералам, бо ён калісьці служыў у Пецярбургу і меў чын «тайного советника», быў дырэктарам дэпартамента гандлю і прамысловасці, што ў той час лічылася вельмі высокай пасадай у іерархіі царскага чынавенства ў Пецярбургу. Купіў ці быў дзедзічам Лябёдкі, маёнтка ў чатырыста гектараў, якія асушыў, пабудаваў новыя добрыя будынкі і завёў чатыры тысячы пладовых дрэў. Меў чатырох сыноў і адну дачку. Два сыны лічылі сябе палякамі, адзін быў беларусам, а адзін - летувісам. Дачка выхоўвалася ў Англіі... і мела вялікую сімпатыю да гэтай дзяржавы. Тая сімпатыя выражалася ў тым, што яна ўсё жыццё падтрымлівала стасункі з сябрамі з Англіі, гадавала коней і сабак - спачатку англійскіх гончых, а потым хартоў. Аднак яе галоўным захапленнем былі коні. Яна лічыла, што конь мае душу, спрабавала прышчапіць англійскія звычаі на нашай тэрыторыі, нават арганізоўвала паляванне з гончымі і хартамі ў чырвоных фраках, што неяк не вельмі пасавала да ліцвінскага пейзажу і таму не надта добра атрымлівалася, а мясцовым сялянам дакладна не спадабалася. Ездзіла конна, нават да шлюбу паехала конна са сваім нарачоным панам Казімірам Скіндарам. Нарэшце на скачках у Лодзі ўпала разам з канём, конь яе прыдушыў, і яна доўгі час змагалася за жыццё ў шпіталі. Гэты выпадак не ахаладзіў яе захапленне коньмі, хоць і перастала выступаць на спаборніцтвах і больш не спрабавала арганізоўваць паляванне на ліс. ...Хартоў была поўная хата, і калі я прыязджаў у Лябёдку, дык яны панавалі ў салоне, займалі лепшыя крэслы і рыкалі на таго, хто хацеў іх з крэсла сагнаць».

Пра падзенне падчас спаборніцтваў пісаў і Казімір Іваноўскі: «На адным з іх конь не пераадолеў бар'ер, але цётка бар'ер пераадолела і прызямлілася на галаву. Пасля гэтага стала яшчэ больш дзіўнай і эксцэнтрычнай, хоць і да здарэння гэтага хапала».

Сусед Іваноўскіх, сын архітэктара Тадэвуша Раствароўскага Андрэй занатаваў: «Яшчэ бліжэй да Васілішак была Лябёдка пані Скіндар з Іваноўскіх - вялікай спартсменкі, якая гадавала прыгожых коней чыстай крыві. Яе муж, так званы Казюньця, дапамагаў у гадоўлі коней і сабак-хартоў, а таксама ўгаворваў яе супакоіць запал наезніцы, бо яна шмат разоў падала з каня».

У Лябёдцы Алена Скіндар мела вялікую стайню, дзе гадавала прыгожых спартыўных коней і коней на продаж. Гэта быў галоўны падмурак яе гаспадаркі, галоўная крыніца даходу. Для рэкламы сваіх коней яна брала ўдзел у спаборніцтвах. Пляменніца Ганна пісала: «Яна гадавала коней-паўкровак для войска. Жыццё паміж войнамі для нас, маладых, здавалася раскошным. Нейкія рукі падавалі ежу, часам нават пад ліпамі ў лесе. Нейкія душы зімой палілі печы. Дарослыя, пэўна, мелі свае клопаты, бо кошты на збожжа былі нізкія. Таму гадоўля коней для войска, гэтак званыя рамонты, ратавалі сітуацыю. Гэтая гадоўля была добрай справай».

Цікава, што па справах конскай вупражы ў Лябёдку са Старых Васілішак рэгулярна запрашалі рымара па прозвішчы Выдрыцкі - бацьку знакамітага музыкі Чэслава Немана.

Коні і сабакі Алены Скіндар былі часткай дзяцінства яе пляменніка Казіміра Іваноўскага. Ён успамінаў: «Чыста сабачая неразумнасць моцна кантраставала з прыроднай прыгажосцю і арыстакратычнасцю. Асабліва прыгожа яны выглядалі, калі ў полі суправаджалі кавалькаду вершнікаў. Але гэтыя сабакі маглі пакусаць нават дзяцей - маю асабісты досвед. Такія рэчы выходзілі за межы звычайных сабачых паводзін».

Харты штодзень карміліся аўсянкай, гатаванай на здыхліне, ад чаго смурод стаяў на палову палаца. Сабачая ежа разлівалася па лаханках недалёка ад кухні. Калі варыва трохі астывала, Алена, якая жыла на першым паверсе, пускала зграю, і сабакі беглі праз калідор, збіваючы ўсё, што траплялася на іх шляху: гэта былі гонкі за лепшым кавалкам мяса, які атрымліваў пераможца. Не дзіва, што Алена праз нейкі час развялася з мужам - жыць з такой жанчынай было цяжкім выпрабаваннем.

Але добрую спартсменку, гаспадыню прыгожага палаца з пародзістымі коньмі і сабакамі, высокаадукаваную і цікавую жанчыну, Алену Скіндар добра ведалі ў тагачасным грамадстве, і яна выклікала законную цікаўнасць з боку тагачасных творчых асоб. «Алене Скіндар-Іваноўскай, слыннай наезніцы і знаўцы хартоў з удзячнасцю пра чароўны адпачынак у яе Лябёдцы і цудоўныя конныя шпацыры з ёй», - з такім прысвячэннем да першай главы ў 1934 г. выйшла кніга прозы Ежы Стрэмя Яноўскага.

Летам 1939 г. у Алены гасцяваў знакаміты пісьменнік Сяргей Пясецкі. Аўтар аўтабіяграфічнага рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» толькі ў 1937 г. вырваўся з турэмных муроў, і кніга адразу прынесла яму вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў выдадзены на адзінаццаці мовах свету.

Адразу Пясецкі патрапіў у суседні з Лябёдкай маёнтак Воўчынкі, якім валодала экстравагантная абшарніца Яніна Мейр. Пра гаспадыню гэтага маёнтка яе сусед Караль Лясковіч пісаў: «Яніна Мейр з Паплаўскіх - сапраўдная з'ява ў нашым павеце. Перад Першай сусветнай вайной яна ўспадкавала ад бацькі і дзядзькі значны маёнтак, які складаўся з фальваркаў і меў агульную плошчу каля 800 га. У 1939 г. засталося толькі 244 га. Астатнюю зямлю гаспадыня ці танна прадала, ці падарыла сябрам і сялянам з навакольных вёсак. Было ў ёй нешта ад Жорж Санд. Не надта прыгожая, але вельмі жаноцкая, самастойная, з разнастайнымі зацікаўленасцямі, поўная капрызаў, рамантычная, падобная на суфражыстку. Інтэлектуалка, якая кіравалася ў жыцці сантыментамі [41]. У яе Воўчынках бывалі госці розных поглядаў і прафесій: літаратары, артысты, палітыкі і нават «нябесныя птушкі». Калі б у той час жыў граф Каліёстра - ён не абмінуў бы Воўчынак, як не абмінуў іх авантурнік, перамытнік і нават бандыт Пясецкі, аўтар «Каханка Вялікай Мядзведзіцы». У Воўчынках увесь час бавіліся госці, хоць гаспадыня дома не надта думала пра кухню. Падчас летніх вакацый Воўчынкі нагадвалі нейкую рэспубліку, у якой кожны госць гаспадарыў як у сваім доме. Дазвалялася яму ўсё, акрамя аднаго: быць нудным».

Верагодна, пазнаёміліся Алена Скіндар і Сяргей Пясецкі ў суседніх Воўчынках.

Пікантнасць знаходжання Пясецкага ў Лябёдцы была ў тым, што менавіта за ўзброены рабунак вагона вузкакалейкі (платформы з дошак на чыгуначных колах, якую па рэйках цягнуў конь, - так званай лоркі), які курсіраваў паміж Скрыбаўцамі і Васілішкамі - практычна ў ваколіцах Лябёдкі, Сяргей Пясецкі ў 1927 г. Лідскім судом быў прыгавораны да смяротнай кары, якая потым была заменена на пятнаццаць гадоў турмы [42]. Пра дзёрзкі ўзброены налёт на лорку і суд над Пясецкім пісалі ўсе тагачасныя віленскія і варшаўскія газеты. Так атрымалася, што Вацлаў Іваноўскі жыў тады ў Германіі і пра падзеі каля Васілішак прачытаў у нямецкіх газетах, якія падрабязна пісалі пра рабунак на «міжнароднай трасе Васілішкі-Скрыбаўцы». З'яўленне ў Лябёдцы сапраўднага «бандыта» выклікала шок у жыхароў наваколля і прыслугі Алены, бо мясцовыя людзі добра памяталі той рабунак і як пра вялікую сенсацыю распавядалі пра яго нават праз шмат гадоў.

Як толькі Сяргей Пясецкі з'явіўся ў Лябёдцы, зайздросныя суседзі празвалі яго «Каханкам старой мядзведзіцы». А старая ахмістрыня Іваноўскіх сп. Мазгель - паважаная гаспадыня дома - запытала ў пляменнікаў пра госця нашай спадарыні. Ёй патлумачылі, што гэта менавіта той самы чалавек, які абрабаваў лорку.

- Я іду дамоў, з такім бандытам пад адным дахам начаваць не буду, - са здаровым сялянскім сэнсам сказала старая.

З цяжкасцю ёй растлумачылі, што цяпер гэты чалавек - знакаміты пісьменнік і рабаваць яе, пэўна, не будзе. Але ахмістрыня так і не зразумела, як можна запрашаць і прымаць у сваім доме бандыта.

Пляменнік Алены Казімір Іваноўскі часта размаўляў з Пясецкім: «Той цікава расказваў пра сваё бурлівае жыццё, а адзін яго аповед запомніўся мне назаўсёды. Акрамя іншага, ён яшчэ краў і коней. Каб скрадзены конь не заржаў, выкарыстоўваўся стары трук. Да конскага хваста прымацоўвалі камень, прычым валасы хваста завязвалі так, каб камень быў як у сетцы. Пасля гэтага конь ніколі не ржаў. Ужо ў час вайны, амаль што нічога не ўзяўшы з сабой, мая цётка збегла ў летувіскую Вільню. На фурманцы праз мяжу вёз яе барадаты стары селянін па імені Гаўрыла. Мяне зацікавіла, як яны абмінуць густыя патрулі савецкіх памежнікаў, каб конь ні разу не заржаў.

- А вельмі проста, усадзім яму камень у хвост, - адказаў стары.

- Дык гэта вы, спадар Сяргей! - усклікнуў я.

Нягледзячы на добры грым, я пазнаў яго, і ён моцна сканфузіўся. Супакоіў яго, сказаўшы, што пазнаў толькі з-за гісторыі пра каня».

Пра ўцёкі з Лябёдкі я яшчэ напішу, а пакуль што заўважым, што ратаваў Алену Скіндар сам Пясецкі.

Тым апошнім перадваенным летам у Лябёдцы акрамя Пясецкага гасцявала яшчэ і сяброўка Алены - англійская журналістка Клер Райнольд Чансэрэль (Clair Raynolds Chancerelle). Прозвішча яе тлумачыцца замуствам з французам, але да 1939 г. яна развялася. Вядома, што вечарам 31 жніўня 1939 г. Клер Райнольд Чансэрэль знаходзілася ў маёнтку Ішчална: «Дарогу з Лябёдкі да Ішчалны - 10 км - яна праехала конна... У Лябёдцы знаходзілася як журналістка. Пісала для некалькіх англійскіх газет пра наш край. Між іншым, ужо даслала ў Лондан апісанне і фотаздымкі Ішчалны. З ёй у нас завязаліся мілыя стасункі. Яна прыехала, каб расказаць нам вельмі важную навіну, перададзеную лонданскім радыё, - на ўсходняй мяжы Польшчы адбываецца вялікая канцэнтрацыя савецкіх войскаў».

Аднак вайна для ўсіх пачалася знянацку.

Любімая пляменніца Алены Скіндар - Ганна Карнецкая (дачка Вацлава Іваноўскага) - пісала: «І прыйшла вайна 1939 года. Усе маладыя мужчыны, і мае браты, пайшлі ў войска. Мы, бабы, малацілі збожжа, каб нашы жаўнеры мелі хлеб, на патрэбу арміі аддавалі дарослых коней і вазы. Ажно 17 верасня "вызвалілі" нас ад усяго бальшавікі. За два дні Лябёдка страціла ўсё - забралі ўсіх коней: матак, двухлетак і нават жарабцоў і кароў. Адна старая баба сказала на палітычным сходзе: "Вызвалілі вы нас ад усяго: ад печкі, ад кароўкі... толькі гэта чырвоная ануча трапечацца і трапечацца!" ...Жылі ўсе разам у вялікім доме і, каб выжыць, кралі ўласную жыўнасць - курэй і качак з курніка. Ніякай уласнасці больш не мелі». Былы муж Алены, Казімір Скіндар, быў арыштаваны і ўжо больш ніколі не вярнуўся дахаты.

Пляменніца Ганна пісала далей: «Каля Лябёдкі, па фальварках, пазаставаліся іншыя жанчыны, пераважна з малымі дзецьмі, а таксама і я са сваёй маці (Сабінай з Ячыноўскіх - першай жонкай Вацлава. - Л. Л.), якая жыла ў фальварку Рагачоўшчына. Нашы мужчыны пасля 17 верасня вярнуліся з фронту і патаемна пайшлі ў Вільню, каб потым перабрацца на захад і ваяваць. Тым часам паміж намі і Вільняй з'явілася мяжа: з аднаго боку з ласкі Саветаў новая Літва, з іншага - Беларусь. Браты з Вільні арганізавалі нам пераход праз гэту новую мяжу з нанятым кантрабандыстам».

Як мы ўжо ведаем, гэтым кантрабандыстам быў Сяргей Пясецкі. У паход праз мяжу ў Вільню Алена ўзяла толькі аднаго са сваіх хартоў - Яцуся. Ён меў цёмны колер і таму быў менш бачны ноччу. «Мы павінны былі зрабіць класічны нелегальны пераход мяжы - пасярод ночы і паміж вартавымі. Усіх іншых, белых хартоў (мела яна іх сем) цётка пакінула людзям, у разліку, што хутка вернецца. Англічанка забрала ў мяшок сваю партатыўную друкарку з тэкстамі, напісанымі ў нас, і выехала з цёткай на нанятай фуры. За імі я з маёй маці на іншай фуры. Маці жонкі майго брата з унукам Андрэйкам - на трэцяй. Наша фура была з леснічоўкі Баяры, дзе мы бавілі вакацыі да вайны. Я хацела забраць любімую таксу Туркуця - бо гэта панскі сабака, а мы павінны былі ўдаваць з сябе бежанцаў ад немцаў з Варшавы. Рознымі спосабамі, праз Вялікія Салечнікі, арыштаваныя і зноў вызваленыя, нарэшце мы ўсе патрапілі ў Вільню. І сабака Яцусь, і англічанка, а разам з ёй і мех з друкаркай і машынапіснымі нататкамі, футра для саней і мае французскія і англійскія слоўнікі і Ларус [43]. Пачалося савецкае, літоўскае, а потым зноў савецкае жыццё ў Вільні, у тлумах розных людзей з усёй Польшчы, афіцэраў і падхарунжых, братоў і кузінаў - усе яны імкнуліся праз Літву і Швецыю і далей на захад, у войска. Цётку Алену пасялілі на вёсцы ў літоўскім фальварку дзядзькі Тадэвуша (фальварак Гелюкас). Сядзела там з Яцусем у атачэнні мясцовых жывёл. Памятаю, што на шпацыры з Яцусем хадзіла і свінка. ...Англічанка жыла ў Вільні і рабіла свае запісы. Вольны час праводзіла ў прафесарскім асяродку УСБ [44]. Англічанка хутка памерла ў Вільні ад завароту кішак».

Пляменніца не піша, што «нанятым кантрабандыстам» быў знакаміты пісьменнік Сяргей Пясецкі, але намякае на гэта, кажучы, што «пераход праз мяжу быў цалкам як у Сяргея Пясецкага ў кнізе "Каханак Вялікай Мядзведзіцы". Ці чыталі Сяргея Пясецкага? Пісаў ён і пра падпольныя акцыі падчас Другой сусветнай вайны».

У канцы 1939 г. у Вільні сабралася амаль уся сям'я Іваноўскіх: браты Вацлаў, Тадас і Станіслаў, сястра Алена, першая жонка Вацлава Сабіна з дзецьмі Стэфанам, Вацлавам і Ганнай - усе яны ратаваліся ці ад савецкай улады, ці ад немцаў.

У Вільні знаёмства паміж Аленай Скіндар і Пясецкім працягвалася. Гэта добра бачна з рамана «Чалавек, ператвораны ў ваўка». У рамане Пясецкага галоўны герой, ад імя якога вядзецца аповед (Юзаф), здымае кватэру ў маленькім доміку ў наваколлі Вільні ў жанчыны (Ядвігі), якая з'яўляецца сястрой двух братоў (праўда, у рамане - стрыечных братоў), прычым адзін з братоў мае дачку Ганначку (нават імя супадае з Ганнай Іваноўскай, дачкой Вацлава). Але самае галоўнае, абодва браты - прафесары. Навукоўцы, пры тым адзін з іх «летувіс, а другі заўзяты беларус».

Верагодна, адным з прататыпаў Ядвігі ў рамане стала будучая жонка пісьменніка прыгажуня Ядвіга Вашкевіч, з якой ён пазнаёміўся падчас Другой сусветнай вайны, калі жыў у фальварку сям'і Вашкевічаў пад Вільняй. Але толькі Алена Іваноўская мела двух братоў-прафесараў, беларуса Вацлава і летувіса Тадаса, і толькі яны ў той час падыходзілі на гэтую ролю: ні адна сям'я ў нашых мясцінах у той час не мела гэткай асаблівасці.

Паміж героямі рамана Ядзвігай і Юзафам адбываецца размова:

«Ён зразумеў, што можа пазнаёміцца з палітычным дзеячам (маецца на ўвазе беларускім. - Л. Л.)... узрадаваўся, але зрабіў выгляд, што яшчэ разважае.

- А можа, сціплы паляк паміж такімі нацыяналістамі будзе зайцам сярод ваўкоў? <…>

- Яны вельмі сімпатычныя, але сварацца паміж сабой.

- А як выглядае дзяўчына? (Маецца на ўвазе Ганна, дачка прафесара. - Л. Л.)

- У яе прыгожыя з агеньчыкам вочы, прыўкрасны твар і фігура. Яна ведае пра гэта і зазнаецца. <...>

- Якога яна ўзросту?

- Такога, што ёй не трэба яго хаваць. Гэта мае гады - вялікі сакрэт.

... На сцежцы паказаліся двое мужчын. Першы, высокі, поўны вясёлы прафесар В., выціраў на хаду вялікай насоўкай спатнелы лоб. Другі, прафесар З., быў сярэдняга росту, шчуплы...»

Потым паміж прафесарамі адбываецца спрэчка аб гісторыі і палітыцы, якая не надта адрозніваецца ад сучасных спрэчак, датычных спадчыны ВКЛ паміж беларусамі і летувісамі і г. д.

Згадванне ў рамане ўзросту Ядзвігі - яшчэ адна ўскосная прыкмета Алены Іваноўскай, а не Ядвігі Вашкевіч, маладой у той час дзяўчыны. Заўважу яшчэ раз, што пляменнік Алены Казімір амаль што наўпрост піша пра раман паміж славутым пісьменнікам («Каханкам старой мядзведзіцы») і Аленай Скіндар. Яна і насамрэч на чатырнаццаць гадоў старэйшая за яго - Пясецкаму летам 1939 г. споўнілася 38, Алена ж мела ўжо 52. Але стрымаюся, не хачу, не буду гадаць пра тое, ці было што паміж імі, хоць ведаю, што ў рэальным жыцці часта адбываюцца падзеі, якія літаратар нават не можа і выдумаць.


У Вільні на Св. Антонія - 13 чэрвеня 1941 г. - пачаўся савецкі хапун і вываз людзей у Сібір. 23 чэрвеня 1941 г., на Св. Яна, у Вільню прыйшлі немцы.

«Калі прыйшлі немцы, мы, бабы (гэтак нас звалі мае браты), вырашылі трымацца сваёй зямлі, дзе нас заўсёды можна будзе знайсці, і ў верасні 1941 г. вярнуліся ў свае вёскі. Пустыя дамы і стайні, але людзі спагадлівыя, далі нам збожжа і бульбы. Дрэва для печак з уласнага лесу. Вярнулі рэшткі мэблі», - успамінала Ганна Іваноўская.

Юры Туронак піша, што Вацлаў Іваноўскі, перш чым выехаць з Вільні ў Мінск, даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку (і гэтак уратаваць іх жыцці) дзвюх жанчын-яўрэек - Эму Альтберг і яе сястру Марыю Арнольд. Сям'я Альтбергаў - старыя знаёмыя Іваноўскіх. З Люцыянам Альтбергам Вацлава звязвала студэнцкае сяброўства, а таксама сямейная гісторыя: брат Вацлава, Тадас, ажаніўся з Марыяй Вольскай, якая неўзабаве кінула яго і выйшла замуж за Люцыяна Альтберга. Такім чынам, паміж сябрамі атрымалася і нават нейкая сямейная сувязь. А ў Марыі Арнольд (з Альтбергаў) Вацлаў Іваноўскі ў свой час выкладаў хімію.

Дачка Вацлава Ганна ўспамінала: «Верасень ужо (1941 г. - Л. Л.). Паехала ў Вільню па цёплыя рэчы. Спаткала там бацьку, і ён сказаў: "Добра, што ты ёсць. Маеш каня? Трэба ратаваць адсюль абедзвюх спадарыняў Альтберг". Забрала іх, бо немцы ў Вільні ўжо заганялі яўрэяў у гета. Я не думала, што рызыкую. Запыталася ў фурмана, які мяне вёз, ці пагодзіцца ён забраць "гасцей для мамы", ён усе зразумеў і заўважыў: "У іх такія чорныя вочы". Ехалі тры дні, бо конь ішоў 40 км штодзень, а да Рагачоўшчыны было 120 км. Мы з фурманам часта ішлі пешшу, а старэйшыя спадарыні, якія мелі каля 50 гадоў, сядзелі на возе. Фурман быў файны, яго звалі Адольф Данілевіч, ён быў нашым арандатарам. На палове дарогі, у Эйшышках, Адольф кажа мне: "Панначка, людзі кажуць, што ў Эйшышках ужо зрабілі гета. Што рабіць будзем?" А я адказваю: "Адольфічак, можа, неяк аб'едзем лесам?" І так даехалі да дома.

Рагачоўшчына была глухой вёскай, сюды ніхто, акрамя сваіх, не заходзіў. Але не мелі чаго есці. Купілі карову, свінку, арандатары давалі бульбу і збожжа. А потым гналі самагон на продаж. Адзін раз злапалі мяне немцы, атрымала ад іх кіем, збілі ў мяса. Неяк абышлося, мяне сям'я выкупіла. Немцы не ведалі, што мы хаваем яўрэек. Пасля вайны Эма Альтберг была прафесарам фартэпіяна і клавесіна ў Вышэйшай музычнай школе ў Лодзі. Калі выйшла на пенсію, пераехала ў Варшаву. Я адведвала яе, была ў шпіталі і на яе пахаванні. Марыя Арнольд - доктар філасофіі, педагог, працавала ў бібліятэцы Інстытута агульнай хіміі ў Варшаве» [45].

У 1979 г. Марыя Арнольд з удзячнасцю расказвала гісторыку Юрыю Туронку пра клопаты Іваноўскіх, якія выратавалі яе і сястру ад гета і смерці.

Алена Скіндар з сабакам Яцусем адна жыла ў сваёй частцы Лябёдкі, іншыя харты да таго часу ўжо памерлі. Нехта з сялян аддаў ёй аднаго коніка, нехта прынёс сядло. А Ганна Іваноўская з маці жыла ў фальварку Рагачоўшчына (які да падзелу маёнтка паміж баратамі быў часткай Лябёдкі), іх любімы сабака Туркуць памёр з голаду. Праз нейкі час маці з дачкой знайшлі сваё піяніна, потым з Вільні прывезлі ноты, і тады яны разам з прафесарам Эмай Альтберг па вечарах гралі Шапэна (цікава, чаму сяляне паквапіліся на такую вялікую і не патрэбную ў гаспадарцы рэч, як піяніна?). Хату асвятлялі карбідам ці лучынай. Потым здабылі адну карову і аднаго парсючка. Палі стаялі неараныя, бракавала коней і інвентару. У пошуках інвентару Ганна, як самая маладая, курсіравала паміж Вільняй і Лідай, ажно пакуль яе не арыштавалі немцы і не пасадзілі ў лідскую турму.

На пачатку 1943 г. Вацлаў Іваноўскі наведаў Ліду. Яму трэба было знайсці дакументы, якія пацвярджалі, што адзін з яго супрацоўнікаў у Мінску з'яўляецца беларусам, а не палякам, бо яго арыштавалі з-за падазрэння ў працы на выведку польскага эміграцыйнага ўрада. Канешне ж, Іваноўскі павінен быў наведаць Лябёдку і пабачыцца з сястрой і былой жонкай. Іваноўскі раней вызваляў дачку Ганну з-пад арышту, і з восені 1942 г. яна жыла разам з ім у Мінску. Калі ж Вацлава Іваноўскага забілі, першая жонка Сабіна і дачка Ганна ўдзельнічалі ў яго пахаванні. Алена Скіндар заставалася ў гэты час у Лябёдцы. Якім было жыццё жанчын у родным маёнтку ў час вайны, можна даведацца з успамінаў Казіміра Іваноўскага.

Першую палову вайны на сваёй частцы Лябёдкі жыў брат Алены Станіслаў з сынам Казімірам, потым ён перабраўся ў Вільню. Казімір пісаў: «Заставацца на месцы было небяспечна. Старыя крыўды з ваколічнымі вёскамі ў той час вырашаліся пры дапамозе аўтамата ці сякеры.

З суседніх маёнткаў толькі мы ўдвох з Вітакам (сынам Станіслава Валейкі з Галавічполя. Станіслаў Валейка на пачатку XX стагоддзя разам з братамі і Вацлавам Іваноўскім выдалі беларускую газету «Свабода». - Л. Л.) засталіся на сваіх гаспадарках. Былі маладыя, хуткія, больш жвавыя, не мелі асабістых ворагаў, і таму нашы шанцы выжыць былі большыя. Відочна, нехта павінен быў застацца на гаспадарцы, каб пільнаваць дамы, але падчас акупацыі слова "бяспека" не мела сэнсу. Так мы з Вітакам праз мяжу і гаспадарылі».

Казімір Іваноўскі згадвае адзін характэрны выпадак: «Гэта быў 1943 год, навокал панавала анархія. Гарэлі маёнткі, і людзей без абвінавачванняў забівалі партызаны розных палітычных плыняў ці звычайныя бандыты, што для ахвяраў не мела розніцы. На нашых тэрыторыях немцы не мелі ніякай улады, а ціха сядзелі ў бункерах. З ваколічных вёсак і мястэчак прыязджалі цэлыя табуны фурманак, каб высекчы дрэвы ў нашым лесе, - такім чынам ліквідавалася сацыяльная несправядлівасць.

Аднаго разу прыходзіць да мяне наш эканом Вінцук Санкевіч і кажа:

- Паніч! Прыехалі і вырубаюць ясень на мяжы Старога саду. Нешта зрабі! Я не пайду, бо мяне заб'юць.

Сітуацыя была цяжкай. Зрэагаваць - значыць страціць жыццё, не зрэагаваць - страціць рэшткі прэстыжу, здрадзіць свайму гнязду. Далейшым крокам будзе рабунак дома і гаспадарчага інвентару. Кінуўся да Вітака і расказаў яму пра справы. Вітак маўчком выцягнуў з-пад шафы рэвальвер, узвёў курок і схаваў у кішэні. Паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, мы выйшлі з хаты. У той раз удалося захаваць дрэва, твар і сваю шкуру. Праз некалькі дзён прыехалі старыя выбачацца і прасіць, каб мы вярнулі ім інструменты. Вярнулі».

З гэтых успамінаў пляменніка можна сабе ўявіць, як выжывалі жанчыны, якія, да таго ж, хавалі яўрэяў.

22 кастрычніка 2001 г. за ўратаванне яўрэйскай сям'і званне праведнікаў свету было нададзена: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндар з Іваноўскіх, Ганне Карнецкай з Іваноўскіх і Адольфу Данілевічу.

Вось такая гісторыя чалавечнасці. Як для мяне - нічога дзіўнага, бо прыкладна гэтак жа паводзіла сябе большасць маіх суайчыннікаў. За сваё жыццё я наслухаўся шмат гісторый пра тое, як беларусы ратавалі, кармілі і хавалі яўрэяў, бо разумелі, што нельга забіваць людзей! І мая мама расказвала, як мой дзед даваў ёй кавалак хлеба - усё, што меў беларускі селянін у той час, - і адпраўляў у Ваўкавыскае гета, каб яна перадала той хлеб былым суседзям-яўрэям...


Неяк так здарылася, што ўсе браты Іваноўскія разам са сваімі дзецьмі перажылі тую страшэнную вайну. У сям'і загінуў толькі беларус Вацлаваў Іваноўскі [46] і ўсе яго тры сыны.

Старэйшы сын Вацлава Стэфан перад вайной закончыў палітэхніку, быў выдатным пілотам. Мабілізаваны, ваяваў у верасні 1939 г., потым жыў у Вільні. Прымаў удзел у падполлі, быў арыштаваны немцам, але ўцёк. З жонкай і сынам перабраўся ў Варшаву. У чыне падпаручніка прыняў удзел у Варшаўскім паўстанні пад мянушкай Домэк. Пасля капітуляцыі паўстання не злажыў зброю і сышоў у лясы над Піліцай. Там загінуў у вялікай нямецкай аблаве.

Малодшы сын Вацлаў закончыў палітэхніку і атрымаў дыплом інжынера-будаўніка. Быў выбітным яхтсменам. Пасля баёў у верасні 1939 г. патрапіў у Вільню. Немцы знялі яго з карабля «Эстонія», які плыў з Таліна ў Стакгольм, і пасадзілі ў лагер. Але Вацлаў-сын паспеў знішчыць свае вайсковыя дакументы, і таму праз нейкі час яго выпусцілі. Перабраўся ў Люблін і тут даведаўся, што гестапа забіла яго жонку. У чыне сяржанта пад мянушкай Драпач прыняў удзел у Варшаўскім паўстанні і загінуў.

Самым маладым сынам ад другога шлюбу быў Пётр. Таксама быў жаўнерам Варшаўскага паўстання і гераічна загінуў.

Адзіная дачка Вацлава Іваноўскага Ганна (у замустве Карнецкая), праведніца свету, дама Рыцарскага закона Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай, дама Камандорскага крыжа ордэна Polonia Restituta, пражыла вельмі дастойнае жыццё па-сапраўднаму інтэлігентнага чалавека. Памерла 14 кастрычніка 2017 г., пражыла 103 гады.

Летувіскі прафесар і дырэктар Інстытута біялогіі Летувіскай акадэміі навук Тадас Іванаўскас памёр у пашане ў 1970 г. Яго брат - беларус, прафесар Вацлаў Іваноўскі - быў забіты пры таямнічых абставінах і апляваны пасля смерці. Трэба зняць капялюш перад бліскучым гісторыкам Юрыем Туронкам, які аднавіў для нас вобраз заснавальніка і рупліўца беларускай нацыянальнай ідэі. І яшчэ адзін факт для разумення таго, чым для беларускай інтэлігенцыі пасля Другой сусветнай вайны адрозніваліся рэаліі жыцця ў Летуве ад сітуацыі ў Беларусі - старэйшы летувіскі «нацыяналіст» Тадас Іванаўскас у 1946 г. атрымаў ад савецкага ўрада медаль за «Доблестный труд в годы Великой Отечественной войны» за тое, што падчас нямецкай акупацыі выкладаў для летувіскай моладзі. Якраз за тое самае беларускія педагогі гібелі ў турмах і лагерах.


Але вяртаемся да праведніцы свету Алены Скіндар з Іваноўскіх, бо мая аповесць падыходзіць да канца і з гэтага месца першая перакладчыца на англійскую мову і першая беларуская настаўніца Лідчыны Алена Скіндар з Іваноўскіх застаецца адзіным героем.

У 1944 г. ужо выразна адчувалася, што немцы сыходзяць. Новае спатканне з бальшавікамі магло стацца для ўсіх Іваноўскіх фатальным. Рознымі шляхамі Іваноўскія здабылі ў немцаў пропускі на выезд у Варшаву. Апошняй, ажно ў Мінску, дастала пропуск для сябе і свайго сабакі Алена Скіндар. Пляменніца Ганна ўспамінала, што падчас паездкі чыгуначнікі паводзілі сябе па-рознаму: дапамагалі ці, наадварот, з-за сабакі нават выкідвалі з цягніка. Але неяк на Вялікдзень 1944 г. Алена ўсё ж дабралася да Варшавы і пасялілася ў сваякоў Міхаловічаў на вуліцы Лекарскай. На ўездзе ў Варшаву Алену абрабавалі. Жаўнеры заўважылі жанчыну ў футры з хартом на павадку, загадалі ёй распрануцца і ў адзенні знайшлі мяшочак з упрыгожаннямі. Усё забралі, пакінулі толькі сабаку.

Праз нейкі час Алена пасялілася на ўскрайку Варшавы - у Блоні (так па-польску завецца «Выган»), у хатцы вартаўніка саду. Ёй тут спадабалася, але, каб зарабіць, наймалася фурманам, працавала ў сялян на гаспадарцы, давала ўрокі французскай і англійскай мовы.

У лістападзе 1945 г. пляменніца Ганна Іваноўская атрымала працу касіркі ў адмысловай сталовай аддзела культуры і мастацтва Варшаўскага магістрата, якая знаходзілася ў Празе (раён Варшавы на правым беразе Віслы).

Аднойчы Ганна падавала яечню нейкаму англічаніну, які кіраваў групай дапамогі польскаму народу, і пачала з ім размаўляць. Раптам пачула: «Ці ведаеце вы, лэдзі, маю сяброўку, якую я шукаю, яе завуць Алена Скіндар?»

- Гэта ж мая цётка Алена! - адказвае маладая Іваноўская. - Так, я ведаю Алену Скіндар, яна жыве ў трыццаці кіламетрах ад Варшавы.

Ганна даведваецца, што гэтыя англічане - квакеры, пацыфісты і таму не служылі ў арміі, але былі абавязаныя прысвяціць адзін год грамадскай працы. Кіраўнік групы гаворыць, што хоча ўзяць сваю старую сяброўку ў якасці перакладчыцы ў пункт дапамогі, які месціцца дзесьці на былым плацдарме каля Віслы - там усё разбіта і людзі жывуць у зямлянках. Ганна сядае на ровар і едзе ў Блонь да цёткі [47].

Але да таго часу Алену Скіндар ужо гэтак знудзілі сяляне з Блоні, што яна ўцякае ў Люблін да Сабіны Іваноўскай (маці Ганны), якая там пасялілася ў недабудаваным доме свайго загінулага сына Вацлава. Жывучы ў Любліне, Алена мае харта Яцуся і таксу Пёку Сабіны. Гэтая такса, як і Яцусь, прыехала з Лябёдкі і перажыла Варшаўскае паўстанне.

У красавіку 1946 г. у Люблін прыехаў кіраўнік квакераў у Польшчы Філіп Зялей (той самы знаёмы па сталоўцы) і забраў Алену з сабакамі ў горад Кажаніцы. Запэўніў яе, што не трэба ні аб чым думаць, бо ён дасць ёй усё і будзе ўтрымліваць «яе як сам сябе». Алена з радасцю запісвае ў сваім дзённіку: «Здарыўся цуд, англічане мяне шукаюць на працу і дадуць мне і Яцулю харчаванне і заробак».

Кажаніцы - былая каралеўская маёмасць, месца нараджэння караля Жыгімонта Старога. У памяць аб гэтай падзеі ў 1518 г. паставілі калону. Яна з'яўляецца сёння самым старым свецкім помнікам у Польшчы. У Кажаніцах меўся палац з цудоўным паркам, а таксама пушча для каралеўскага палявання. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтая маёмасць была падорана нейкаму рускаму генералу.

Пасля Другой сусветнай вайны англійскі пункт дапамогі быў арганізаваны ў афіцыне каля напаўзгарэлага палаца. Яшчэ з 1920-х палац з афіцынамі стаў дзяржаўнай маёмасцю і тут пачала працаваць вядомая дзяржаўная канюшня для гадоўлі пародзістых коней, а потым і коней для спорту.

Да таго часу з Захаду пачалі патроху вяртаць нарабаваных немцамі коней. Вярнуўся даваенны дырэктар стайні - спадар Зопі - і зноў узначаліў стайню. Алену Скіндар дырэктар ведаў яшчэ з даваенных часоў па розных конных выставах і спаборніцтвах, да таго ж яна раней і сама гасцявала ў Кажаніцах. Дарэчы, Зопі разам з Ежы Іваноўскім (сынам брата Тадаса) займаўся вяртаннем коней, сагнаных у Германію, і перадаў пляменніку, дзе цяпер жыве яго цётка.

Алена зноў пачувалася шчаслівай: мае англічан, працу на паветры, а не ў бюро, мае заробак для сябе і Яцуся і, акрамя таго, мае справу з коньмі, і дырэктар дазваляе ёй ездзіць вярхом па пушчы. Да таго ж у прыгожым парку цячэ ручай для ранішняга купання.

Ёй ужо амаль 60 гадоў. Як я пісаў вышэй, перад вайной, падчас спаборніцтваў у Лодзі, яна ўпала з каня і атрымала кантузію. З гадамі яна пачала кульгаць, а часам у яе дваіўся зрок. Пасля ад'езду квакераў Алена вымаліла сабе жытло ў стайні. Дырэктар Зопі па сваёй дабрыні дазволіў ёй спаць у канюшні. Пасля гэтага ў дзённіку Алена напісала, што зноў пачуваецца шчаслівай. Старыя конюхі з гэтай стайні ведалі яе яшчэ з даваенных часоў, і хтосьці з іх, жадаючы дагадзіць, зрабіў зэдлік з грубых ашалёваных дошак без выкарыстання цвікоў. Было гэта ў 1947 г. Гэты зэдлік потым быў з ёй да канца жыцця. Але калі спадар Зопі выйшаў на пенсію, новы дырэктар выгнаў яе са стайні. Тады Алена перасялілася на ўскраек мястэчка, у малую хатку, адкуль яна ўсё ж магла бачыць коней. Седзячы на зэдліку, старая варыла мяса свайму сабаку - мяса для сабакі, адвар для сябе. Харт Яцусь да таго часу ўжо памёр, а яго месца занялі два чарговыя сабакі - жоўты і белы (Мішка і Белка). Ад квакераў Алена Скіндар атрымлівала малую пенсію. Пляменнік Казімір згадваў: «Са студэнцкіх часоў цётка мела сяброў у Англіі, і тыя дасылалі ёй па некалькі фунтаў. Пра гэта ведалі суседзі і заўсёды прасілі ў яе грошы. Ніколі не адмаўляла. Да канца жыцця захавала высокі стыль і шляхетнасць, ужо нічога не маючы сама, усе аддавала іншым». Той жа Казімір дадае цікавую рысу да вобразу апантанай спартсменкі: яна пашкодзіла нагу, бо «ва ўзросце амаль што 80 гадоў вучылася ездзіць на матаролеры, які ёй даслалі англійскія сябры».

Пляменніца Ганна з Іваноўскіх пісала, што цётка Алена жыла ў атачэнні добрых людзей, але са смуткам марыла пра вяртанне дадому, у Лябёдку. Яна ж запісала цікавую гісторыю, якая адбылася ў канцы цётчынага жыцця: «Некалі ў Кажаніцах цётка Алена з-за траўмы нагі патрапіла ў шпіталь. Пры чарговым абходзе з'явіўся доктар-ардынатар. Гледзячы на картачку хворай, ён спытаў: "Іваноўская-Скіндар - можа, вы сваячка інжынера Леанарда Іваноўскага з Пецярбурга?" - "Так, - адказала цётка. - Яго дачка". - "О, тады прашу, каб вы былі маім асабістым пацыентам. Бо я вывучыўся на лекара дзякуючы вашаму бацьку. Маё прозвішча Цывінскі, мая маці працавала ў сп. Леанарда Іваноўскага ў Пецярбургу перад Першай сусветнай вайной. Дзякуючы стыпендыі вашага бацькі я скончыў медыцынскі факультэт"».

Сям'я доктара Цывінскага паставілася да Алены Іваноўскай як да роднага чалавека. Яны разумелі яе любоў да харта, жаданне жыць каля стайні і забяспечылі ёй поўную апеку. Калі доктар Цывінскі быў пераведзены ў іншы горад, ён перадаў хворую дачку свайго былога дабрадзея пад апеку наступнаму доктару, Сабашаку. Доктар Сабашак шмат гадоў даглядаў Алену, трымаў яе грошы і пры неабходнасці прысылаў сваю ахмістрыню з правіянтам ці каб прыбраць кватэру. Ён меў пастаянны тэлефонны кантакт з яе пляменніцай Ганнай, якая жыла ў Варшаве і клапацілася пра сваю цётку.

Алена Скіндар жыла 88 гадоў, памерла хутка, і зычлівыя людзі зрабілі так, што на могілкі яе павезлі на прыгожай, укрытай конскай гунькай платформе, якую цягнулі прыгожыя коні. Ксёндз-дэкан у сваёй прамове расказаў, што за доўгае жыццё ў Кажаніцах (пражыла тут 26 гадоў) ніхто не ведаў, што гэтая прыгорбленая асоба з сабакам на паску - адна з паходняў культуры на Лідчыне.

Пахавальную платформу і коней са стайні на пахаванне Алены Скіндар замовіла жонка доктара Сабашака. «Гэта яна дапамагла мне на рэшту грошай цёткі танна пакласці на яе магілу камень. Пра маці доктара Цывінскага цётка Алена неяк расказвала, што ахмістрыня Цывінская ў Пецярбургу была вельмі добрым чалавекам», - успамінала Ганна з Іваноўскіх.

А пляменнік Казімір Іваноўскі з пэўнай іроніяй успамінаў: «Я з братам быў на яе пахаванні. На гэты раз стайня дапамагла - дала воз-платформу з парай коней і чатырох абмундзіраваных жакеяў. Так, мела пахаванне, аб якім магла марыць, - малітву ксяндза перарывала ржанне коней. Падчас пахавання здарыўся дзіўны выпадак. Для развітання з нябожчыцай труну паставілі каля долу, і туды, у дол, упаў адзін з жакеяў. Цётка заўсёды мела да іх слабасць, і жакей быў бы ёй прыемным кампаньёнам у апошняе падарожжа, але хлопца выцягнулі».


Дачка Вацлава Іваноўскага, пляменніца Ганна, занатавала: «З яе простых рэчаў забрала ў Варшаву зэдлік, пра які цётка сказала, што зрабіў яго нехта са стайні. Гэты зэдлік - мой каштоўны антык».



[1] Аповесць грунтуецца на мемуарах Тадаса Іванаўскаса і яго сына Ежы Іваноўскага, Ганны Карнецкай з Іваноўскіх (дачкі Вацлава Іваноўскага) і Казіміра Іваноўскага (сына малодшага брата Станіслава Іваноўскага).

[2] Сын малодшага брата Вацлава Іваноўскага, адваката Станіслава і ўнук Леанарда Іваноўскіх з маёнтка Лябёдка Лідскага павета.

[3] Пра Вацлава Іваноўскага гл: Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006.

[4] Ежы Іваноўскі меў трох жонак: Казіміру Зямецкаю (1880-1967), Мілабедзка-Гарчынскую (1878-?), Зоф'ю Газдзенскую (1913-1979); Вацлаў Іваноўскі быў двойчы жанаты: з Сабінай Яцыноўскай (1877-1954) і Лігіяй Федаровіч (1890?-?); Тадас Іванаўскас меў трох жонак: Марыю Вольскую (1884-?), Ганарату Паскаўскайце (1891-1949) і Марыю Наткевіч (1905-1996).

[5] Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, самы стары касцёл у Коўні.

[6] Праўнук Станіслава Казімір Іваноўскі так падаў гэту гісторыю: «Пасярод лесу быў крыж, каля якога маліліся за паўстанцаў 1863 г. Тут казакі наскочылі на лагер інсургентаў, у лагеры меліся вазы з маёнтка Лябёдка з рэчамі для паўстанцаў. Следства так не ўстанавіла, чые былі тыя вазы і коні - ніхто з суседзяў не выдаў Іваноўскіх (за дапамогу паўстанцам клады канфіскоўвалі маёнткі)».

[7] Па-польску: «U panny Wіnсenty tyłek wypіęty».

[8] Праўнук Станіслава Казімір Іваноўскі піша, што любімым прыслоўем Станіслава Іваноўскага было: «А каб ты абасраўся(лася)!», і ў яго тэксце гэта лаянка запісана па-беларуску.

[9] Казімір Іваноўскі падаваў гэту гісторыю трохі інакш:

«Расказваў мне дзядзька Тадэвуш, што, калі яшчэ быў хлопцам, неяк узімку змучаныя разам з дзедам Станіславам вярталіся з палявання. Той жа дарогай ехала санямі баба. Дзед папрасіў, каб яна падвезла. Баба адмовіла, кажучы, што дарога цяжкая і кабылка ўжо змучылася. Тады Станіслаў пачаў лаяцца:

- А каб ты абасралася!

Баба затрымала каня і саромеючыся адказала:

- Прашу сядаць, падвязу. Я, дурная, адразу пана Іваноўскага не пазнала».

[10] Камічнасць сітуацыі ў тым, што госць запытаў пра прыбіральню - «wyсhodek», а Іваноўскі напачатку падумаў, што справа ідзе пра «добрае месца» для палявання.

[11] Цяпер - Dіdžіojі gatvė.

[12] Цяпер - Šventojo Jono gatvė.

[13] Трэба заўважыць, што і насамрэч 400 гадоў, але «па кудзелі».

[14] Ранг тайнага дарадцы Леанарду Іваноўскаму быў нададзены 4 лютага 1916 г. калі ён жыў пад нямецкай акупацыяй.

[15] У другой версіі гэтай байкі ксёндз ехаў у Варшаву.

[16] Пра аднаго з такіх арандатараў у ваколіцах Лябёдкі Іваноўскіх пісала газета «Кур'ер Віленскі» ў студзені 1913 г.: «Каля маёнтка Ваверка забілі арандатара маёнтка яўрэя Ляса, які ехаў з фальварка Лябёдка ў Багданаўшчыну. Цела арандатара пасеклі на кавалкі… Ляс быў вядомы сваім нялюдскім стаўленнем да ваколічных сялян, і таму яго будынкі перад гэтым неаднаразова падпальваліся». - Гл.: Kurjer Lіtewskі № 12, 15(28) styсznіa 1913.

[17] У той час яшчэ не было чыгункі Полацк-Сядлец, па якой да Варшавы можна было даехаць са Скрыбаўцаў.

[18] Легенда пра Ківона, божага пакутніка, Гл.: Kiwon: Pociech, żywot i śmierć Kiwona bożego, męczennika żydowskiego. Bracia Worzallowie, 1913.

[19] «От, такі сабе адвакацік, называецца Багушэвіч» (пол).

[20] Мясцовая легенда кажа, што назва Галавічполе паходзіла ад нейкага шведскага правадыра Галавіча, які быў тут забіты. Зразумела, што імя шведа было моцна аславянена. Але гэта толькі легенда.

[21] З лета 1920 г. Амброзі Кастравіцкі жыў у Варшаве, у 1925 г., пэўна як вайсковы асаднік, атрымаў гаспадарку ў Белагрудзе пад Лідай, дзе акрамя яго шмат асаднікаў мела зямельныя надзелы і ў сувязі з гэтым у верасні 1926 г. тут нават пачаў дзейнічаць чыгуначны прыпынак. Памёр Амброзі Кастравіцкі ў 1937 г. у Белагрудзе.

[22] У 1918 г. Вацлаў Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе БНР, які ўзначальваў Антон Луцкевіч. У снежні 1918 г., пасля адступлення нямецкіх войск, разам з Я. Лёсікам, А. Уласавым і іншымі членамі Рады БНР застаўся ў Мінску, бо спадзяваўся на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У маі 1919 г. арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрніраваны ў Смаленск. Пасля вызвалення з турмы Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу і вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР. Восенню 1919 г., пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, Іваноўскі ўвайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Мінску. У лютым-сакавіку 1920 г., як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР, удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». У кастрычніку 1920 г. стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падзелу Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы. У 1922-1939 гг. займаў пасаду прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытута і дэкана хімічнага факультэта.

[23] Steeplechase (англ.) - гонкі ці язда з перашкодамі.

[24] «Зрабі сваё сэрца добрым - і коні пойдуць за табой» (англ.).

[25] Поўная назва «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершам».

[26] Кастусь Мардар'евіч Гадыцкі-Цвірка (05(17).04.1880 - пасля 1931) - беларускі педагог, публіцыст. У 1903-1923 гг. выкладчык Слуцкай гімназіі, Дзвінскага і Мінскага рэальных вучылішчаў, Мінскага настаўніцкага інстытута, Мінскіх педагагічнага і політэхнічнага тэхнікумаў, рабфака БДУ. Удзельнік 1-га Усебеларускага з'езда ў снежні 1917 г.).

[27] Падрабязней: Чарнякевіч А. Нараджэнне беларускай Гародні: З гісторыі нацыянальнага руху 1909-1939 гадоў. Мінск, 2015. С. 55-56.

[28] Iwanowska H., Onslow H. Some White Ruthenian Folk-Songs // Folklore. Vol. 25. No. 1 (Mar. 31, 1914). P. 91-109.

[29] Тамсама. P. 91.

[30] Oj! Pahnala dzieuchynanka (The maid was driving grey oxen), Z šum eŭ duboček (The oak-tree rustled), Och, ty pole (O! my field!), Hdzie ty chmiel (Where hast thou spent the winter?), Zasumela u boru sasonka (In the forest the pine murmurs), Siwy koniu (The grey horse). - Iwanowska, H., Onslow, H. (1914a) 'Some White Ruthenian Folk-Songs' // Folklore, Vol. 25, No. 1 (Mar. 31, 1914), P. 91-109.

[31] «Sometimes called Byelorusses or White Russians, but incorrectly, since no White Ruthenian would ever allow himself to be called by a name which would imply that he was Russian».

[32] Prylacieli husi (The geese came), Smutna ja smutna (Sad I am, sad I am), Siwy holub (a) and (b)

(The grey dove), Oj, ty dzieucyna (Oh! my Maiden), Ja w alsyni wale pasla (In the alder wood I grazed my oxen), Tuman, tuman (The mist, the mist), Nie idzi mostom (Do not cross the bridge), Dalina (The valley). - Iwanowska, H., Onslow, H. (1914b) 'Some White Ruthenian Folk-Songs, II' // Folklore, Vol. 25, No. 2 (Jun. 30, 1914), P. 212-226.

[33] Pajdu ja dolam, luham (Oh! I will walk through the lowlands and meadows), A u sadu sosna kalychalasia (The pine-tree sways in the garden), Zakuj, zakuj, ziaziulenka rano (Sing, sing, cuckoo, in the morning), Oj recunka, recunka (Oh! river, my river), Zasumiela sum dubrouka (The rustling oakwood murmured), Sabirala dzieucynunka (The maiden gathered cherries), Pajdu ja na kiermas (Oh! I shall travel to the fair), A u poli krynica (There's a spring in the field), Oj, isli try kazaki (Oh! three Cossacks were walking), Stojic jawor pry darozie (a) and (b) versions (A hornbeam stands by the road-side). - Skomorokhova Svetlana. Arising from the depths // A Study of Belarusian Literature in English Translation : A thesis submitted in partial fulfilment of the requirements for the degree of Doctor of Philosophy in Translation Studies. University of Warwick, Department of English and Comparative Literary Studies. P. 187.

[34] Oj, pasou winahrad (Oh! the vine was climbing), Zahrukacieli (The black horses), Nas malady jak surawieska (Our bridegroom is like a mushroom), Leta (Harvest song 1 and Harvest song, sung after the midday meal), Pawiej wiecier (Harvest song, Sung at any time of day), Nie syt, ni halodzien (Harvest song, III (Sung after the midday meal)), Da uzo wiecer (Harvest song, IV, Sung just before sunset), Huduc, huduc paludnicki (Call, call for your midday food), Oj, pajdu ja darohaju (Oh! I shall wander down the road), Trubił backa (The father sounded a horn), Zajcyk (The hare [Dance Tune]), Mikita (Dance Tune). - Skomorokhova Svetlana. P. 187.

[35] Выходзіў у Вільні (красавік 1912 - кастрычнік 1913), у Мінску (лістапад 1913 - студзень 1915). На 27-м нумары выхад спынены ў сувязі з Першай сусветнай вайной. У далейшым выходзіў у Вільні (сакавік 1927 - жнівень 1931), выйшаў 41 нумар.

[36] Менавіта Вацлаў Іваноўскі намовіў да публікацыяў сваю сястру Алену.

[37] Уладальнік у 1930-я гг. маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі (сын Уладзіслава) пісаў: «З больш далёкіх маёнткаў можна ўспомніць Вензаўшчыну, якой валодалі чатыры пані Жураўскія. Усе былі таленавітыя, мелі галасы мецца-сапрана, і адна з іх, Ірэна, нейкі час выступала ў варшаўскай оперы. Пасля Другой сусветнай вайны эмігравала ў Англію, малявала карціны, якія мелі добрую славу і ахвотна пакупаліся. Другая, Марыя, была таленавітай піяністкай... (у іх) бывалі канцэрты найвышэйшага ўзроўню. Дзве другія сястры - Гурская і Пратасевіч - памянялі свае таленты на шлюб, і ў Вензаўчыне я з імі я не спаткаўся».

[38] Аляксанлр Мышуга (1853-1922), украінскі оперны спявак і музычны педагог.

[39] Антон Грымайла-Прыбытка, сын генерал-маёра рускай арміі Аляксандра Прыбыткі. У 1920-1930-х гг. неаднаразова выбіраўся ў Лідскую гарадскую раду, быў лаўнікам Лідскага магістрата і выдатным лідскім краязнаўцам, старшынёй Лідскага краязнаўчага таварыства. Аўтар шэрагу артыкулаў і кнігі «Кароткі турыстычны даведнік па Лідскім і Шчучынскім паветах» (1936). Пры канцы 1930-х гг. працаваў над вялікай манаграфіяй пра Лідскі і Шчучынскі паветы. 20 чэрвеня 1941 г. вывезены ў Мінусінскі край. Далейшы лёс невядомы.

[40] «Обер-Ост» - ваенна-адміністрацыйная адзінка. Агульнае кіраўніцтва «Обер-Остам» ажыццяўляў камандуючы Усходняга фронту фельдмаршал, а непасрэднае кіраўніцтва - начальнік штаба фронту. Да вясны 1917 г. «Обер-Ост» дзяліўся на акругі: Курляндыя, Літва і Беласток-Горадня (беларускія землі былі ў складзе дзвюх апошніх акруг).

[41] Яніна Мейр у 1940 г. была арыштавана і вывезена ў глыб СССР, што для яе - сацыялісткі - было нечаканым прабуджэннем ад мараў. З СССР праз Персію, Палесціну і Егіпет дабралася да Лондана і там памерла ў 1950-х гг. у беднасці і адзіноце.

[42] Гл: Лаўрэш Л. Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне // Маладосць. 2015. № 2. С. 148-153.

[43] «Larousse gastronomique» - гастранамічная энцыклапедыя, кулінарная кніга.

[44] Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя.

[45] Гэтыя аўдыёўспаміны дачкі Вацлава Іваноўскага Ганны выкладзеныя ў інтэрнэце: https:// sprawiedliwi.org.pl/pl/historie-pomocy/historia-rodziny-iwanowskich

[46] Калі восенню 1939 г. былы студэнт Іваноўскага, сустрэўшы прафесара ў Вільні, спытаў, чаму ён не ўцякае на Захад, той адказаў: «Чакаю ад'езду ў Менск, каб будаваць Беларусь: вы ж ведаеце, я - беларус. Я хачу быць у цэнтры падзей».

Мастак Яўген Ціхановіч успамінаў пра Вацлава Іваноўскага: «Ад 3 лістапада 1941 г. прызначылі бурмістрам Менску, ён шмат зрабіў для ратавання людзей ад нямецкіх рэпрэсіяў. Я гэта ведаю. Улетку 1943 г. з ініцыятывы групы прафесара Іваноўскага было створанае і падпольнае беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб'яднанне дзеля гуртавання сілаў, якія мелі на мэце адбудову беларускае незалежнае дзяржавы па вайне...

7 снежня 1943 г. Вацлаў Іваноўскі быў забіты на рагу цяперашніх вуліцаў Нямігі й Камсамольскай. Іваноўскі, як заўжды, без аховы ехаў на фурманцы. Ролю ахоўніка й выконваў фурман. Некалькі чалавек жалезнымі прутамі забілі іх абодвух, Іваноўскага з фурманам. Прутамі - кааб не было чуваць стрэлаў. Хто гэта зрабіў, невядома было ні тады, ні цяпер. Магчыма, забойства было ўчыненае са згоды гаўляйтара фон Готбэрга. Але тады ўсе забойствы валілі на партызанаў, і, каб гэтак выглядала, Іваноўскаму як бурмістру немцы зрабілі шыкоўнае пахаванне на Кальварыі. Так не стала вялікага чалавека. Было яму толькі 62 гады...» Гл: Сяргей Харэўскі. Партрэт стагодзьдзя вачыма мастака. Успамінае найстарэйшы беларускі мастак Яўген Ціхановіч // Наша Ніва. 2001. 3 студзеня, № 1 (210).

Язэп Найдзюк пісаў: «Ён не захапляўся ідэямі і праграмай Гітлера, не быў германафілам. Яго найвялікшым імкненнем была арганізацыя якога-колечы жыцця ў горадзе, каб людзі не галадалі. А таксама - адкрыццё беларускага ўніверсітэта ў Менску». Гл: Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006. С. 137.

[47] Цікава, што другі пляменнік, маёр Ежы Іваноўскі (сын Тадаса), у 1943 г. падчас службы ў войску сустракаўся ў Англіі з сябрамі цёткі Алены, аматарамі коннага спорту Кросманамі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX