Вярнуцца: Населеныя пункты

Нагародавічы


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-12-2011,
Крыніца: Наша Слова № 49 (1044) 7 снежня 2011 г.

Спампаваць




Нагародавічы ў XVI - пачатку XVII ст. уласнасць сям'і Вельямінаў-Руцкіх. "Слоўнік геаграфічны..." піша, што тут адбыўся першы з'езд уніяцкай капітулы пад кіраўніцтвам мітрапаліта Іосіфа Руцкога. Першая драўляная царква была так сама пабудавана мітрапалітам Руцкім, аб чым сведчылі дакументы якія знаходзіліся ў царкве яшчэ на пачатку XX ст. Пра царкву "Слоўнік геаграфічны..." паведамляе, што да перабудовы 1894 г. яна захоўвала свой першапачатковы выгляд (Słownik Geograficzny Krуlewstwa Polskiego ... Warszawa . 1895. Т. 14. S . 558.) .

Гісторык Жуковіч П.Н. цытуючы першага біёграфа мітрапаліта Руцкога Рафаіла Корсака паведамляў: "Руцкі прыйшоў да думкі пра неабходнасць больш трывалай пастаноўкі ўсей справы ўладкавання жыцця манахаў, каб пасля яго смерці справы не прыпыніліся. З гэтай мэтай ён склаў статут Базыліянскага ордэна і на Нагародавіцкай кангрэгацыі палажыў заснаванне самага ордэна". І далей: " Як вядома, толькі да часу першай (Нагародавіцкай) базыльянскай кангрэгацыі 1617 г. Руцкі напісаў ...першы том правілаў манаскага жыцця" . У дакуменце ўніяцкай царквы 1824 г. "О средствах умножения в Греко-униатском духовенстве просвещения" ёсць такі адрывак: "Каля 1615 г. уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі задумаў даць іншае ўладкаванне цэлай рускай іерархіі і ў ёй адукацыі духавенства. ...Таму па радзе езуітаў і па узору іх ордэна ён даручыў ордэну базыльянаў клопат аб свецкіх вучылішчах і на гэта атрымаў дазвол у папы Паўла V . 3 снежня 1615 г. ...мітрапаліт завёў такія вучылішча, а ў 1617 г. яны ўжо былі ў Наваградаку і ў Менску, як сведчыць пра гэта першы базыльянскі сход які адбыўся ў Навагародзічах (тут памылка - Нагародавічах, - Л.Л.)" (Жукович П.Н. Жизнеописание митр. Иосиф Вельямина Рутского, составленное митр. Рафаилом Корсаком, и сочинение Рутского об улучшении внутреннего строя униатской церкви / П.Н. Жукович // Христианское чтение. - 1909. № 8-9. С. 1099-1102.) . Цалкам, матэрыялы Першай Нагародавіцкай кангрэгацыі надрукаваны ў Т. 12 "Археографического сборника документов, издаваемого при управлении Виленского учебного округа".

У купчай ад 26 кастрычніка 1635 г., якая была складзена пры продажы мітрапалітам Руцкім фальварка Нагародавічы Яну Булгаку, напісана: "в держанье … подали есьмо фольваркъ наш, … зъ церковью въ томъ фольварку, до которое церкви и грунту придано волокъ пулторы, то есть: подъ свещенником волока одна, а под подданымъ его полъ волоки, которая то церковь вечными часы застовати маетъ …" (АВАК. Т.11. Вильна. 1880. С.114.) .

У 1635 г. Нагародавічы мітрапалітам Іосіфам Руцкім былі прададзеныя Булгакам. Потым сталі маёмасцю Сурынаў, Тызенгаўзаў, Глухоўскіх. У XVIIІ ст. Нагародавічы купляе генерал Мараўскі жонка якога была сястрой Караля Радзівіла "Пане каханку".

Маёмасць генерала была прададзеная за даўгі і гаспадыняй стала старасціна Ленская а з 1820 г. маёмасць пераходзіць Дмахоўскім. У Нагародавічах жыў Вінцэнт Дмахоўскі (1807-1862) - мастак, вучань Яна Рустэма і Казіміра Ельскага, удзельнік паўстання 1831 г. Нарадзіўся ў маёнтку Гаўя (належаў Брахоцкім) Ашмянскага павету. Належаў да герба Побуг, быў жанаты з паннай Саламеяй Арлоўскай якая паходзіла з Каралеўства Польскага. Аднак маёнтак па смерці бацькоў Вінцэнта перайшоў да яго нежанатага старэйшага брата, пасля смерці якога ўладальнікам Нагародавіч стаў сын Вінцэнта Дмахоўскага - Уладзіслаў (Bieliński Jуzef. Uniwersytet Wileński. Krakуw. 1899 - 1900. T. ІI. S. 747.).

Пачатковую адукацыю Вінцэнт атрымаў у піярскім вучылішчы ў Шчучыне (па некаторых звестках вучыўся у Наваградку.) і ў 1826 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Для шляхты лічылася прэстыжным атрымаць адукацыю юрыста, філосафа або літаратара. Разам з наведваннем лекцый на філалагічным факультэце, Вінцэнт бярэ ўрокі малявання ў Яна Рустэма. Жывучы сярод студэнтаў, будучы мастак удзельнічаў у абмяркаванні пытанняў літаратуры і мастацтва, духоўнай чысціні асобы. Спрэчкі разгараліся вакол рэвалюцыі ў Францыі, пра намер цара Мікалая I задушыць яе штыкамі польскага войска. Думкі прыводзілі да неабходнасці вызваленчай вайны палякаў разам з рускімі супраць царызму - «за нашу і вашу вольнасць». Вінцэнт асабіста ведаў Міцкевіча і яго сяброў, у ягоных Нагародавічах гасцяваў Адам Міцкевіч (Chlopicki, E. Kartki z teki podróżnej // Klosy.- 1869.- № 9.- S. 404.).

У 1829 г. Дмахоўскі кінуў навучанне ва ўніверсітэце, не закончыўшы поўны курс навук.

У лістападзе 1830 г. пачалося паўстанне ў Польшчы, якое перакінулася на Беларусь, Літву і Украіну. Вінцэнт Дмахоўскі апынуўся ў шэрагах паўстанцаў. Да канца лета 1831 г. царскія войскі разбілі паўстанцаў у Менскай і Віленскай губернях. Ратуючыся ад пераследаванняў, Вінцэнт эміграваў ва Усходнюю Прусію, і тут менавіта ўменне маляваць давала надзейны кавалак хлеба.

У 1837 г. цар аб'явіў амністыю былым паўстанцам. Вінцэнт Дмахоўскі вярнуўся ў Вільню і прафесійна заняўся мастацтвам. У гэтыя часы (20KB) Вінцэнт Дмахоўскі. з'явілася карціна на гістарычную тэму - «Крыжакі пры аблозе цвердзі Пуня». Ен часта наведваўся свой маёнтак Нагародавічы і маляваў родныя мясціны Наваградчыны. У 1843 годзе з'явілася карціна «Радзіма» («Двор у Нагародавічах»): прасторны фальваркавы двор, зарослы гусінаю траўкаю і дробнымі пахучымі рамонкамі. Пад наглядам нянек гуляюць дзеці. Пасуцца куры і снежна бялеюць на гладзі рачулкі гусі. Сушыцца вымытае адзенне і бялізна. Удалечыні, у карэтніку, расчынены дзверы. Праз іх відаць аглоблі брычкі. У цяні - звычайны сялянскі воз. А яшчэ крыху далей - аднапавярховы драўляны прыземісты будынак фальварка пад насунутым высокім дахам. Перад будынкам - ліпы і свечкі пірамідальных таполяў, што ўскінуліся ў неба. За домам відаць кашлаты сад. Сучаснікі не ацанілі алейнай кампазіцыі Дмахоўскага, але спецыялісты годна ацэняць пазней, калі яго карціна «На радзіме (Двор у Нагародавічах)» з прыватнага збору графа Ігнацыя Корвін-Мілеўскага патрапіць на рэтраспектыўную львоўскую выставу 1894 г . (Малiноўская Т.Р. УСПАМІНЫ Я. БУЛГАКА І ТУГАНАВІЧЫ // ЯН БУЛГАК І КУЛЬТУРА ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАГА РЭГІЁНУ Ў КАНЦЫ XIX ст. ДА ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна. 2009. С. 57.)

Па замове археолага, гісторыка і этнографа Яўстаха Тышкевіча, у 1853 г. Дмахоўскі напісаў серыю відаў руінаў літоўскіх замкаў (Antoni Grzymała-Przybytko. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida. 1936. S.30.). Сярод іх выява Лідскага замка, з якой, відочна, зроблена добра вядомая гравюра "Разваліны замка ў Лідзе", змешчаная ў 3-м томе "Жывапіснай Расіі". Частка з гэтых палотнаў - "Руіны замка ў Медніках", "Руіны замка на Трокскім возеры", "Руіны замка ў Гальшанах" захоўваюцца зараз у Нацыянальным музеі у Кракаве. Серыю малюнкаў літоўскіх замкаў Дмахоўскага успанімае Адам Кіркор у "Літоўскіх старажытнасцях": "Віленская губерня - цэнтр старажытнага Літоўскаго Княства багаты на помнікі мінулага. Дзякуючы таленавітаму віленскаму мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму, нам удалося прадставіць хоць некалькі з гэтых помнікаў" (Адам Киркор. Литовския древности // Черты из истории и жизни литовского народа. Вильно, 1854. С. 7-20.).

Сучаснікі В. Дмахоўскага налічвалі ў яго больш за сто пейзажаў і жанравых карцін, якія знаходзілі эмацыйны водгук у мясцовай шляхты і былі папулярнымі ў наваградскіх шляхецкіх сядзібах, сярод іх: «Вуліца ў Вільні», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Наваградку», «Сядзіба ў Туганавічах», «На начлезе», «Каля пераправы», «Наваградак», «Возера Свіцязь» і інш. У першай палове 50-х гадоў Вінцэнт Дмахоўскі афармляў спектаклі ў Віленскім гарадскім тэатры («Галька» Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Фаварытка» Даніцэці і інш.). Вінцэнта Дмахоўскага называлі «Клод Ларэн віленскіх ваколіц» (Клод Ларэн, 1600-1682, - знакаміты французскі жывапісец і гравёр пейзажаў) бо так-сама, як і знакаміты французскі жывапісец XVII ст. ён быў таленавітым мастаком - рамантыкам.

Каля 1840 г. у Вільні В. Дмахоўскі адкрыў мастацкую майстэрню, якая за 20 год працы стала своеасаблівай мастацкай школай, дзе вучыліся многія вядомыя майстры.

Памёр Вінцэнт Дмахоўскі 22 лютага 1862 г. у Вільні. Некралог з жыццярысам знанага мастака, напісаны Ўладзіславам Сыракомлем, быў надрукаваны ў "Курьеры Віленскім" № 18.

Вінцэнт Дмахоўскі меў сына - Уладзіслава Дмахоўскага (вядомы мастак і ілюстратар) і трох дачок (Bieliński Jуzef. Uniwersytet Wileński. Krakуw. 1899 - 1900. T. ІI. S. 747.) . Уладзіслаў Дмахоўскі (1838-1913) пачаў вучобу ў Вільні, а з 1857 г. вучыўся ў Парыжы. У 1862 г. ён вярнуўся на радзіму і ўдзельнічаў у паўстанні, за што быў арыштаваны і заключаны ў турму. З 1866 г. жыў у Варшаве, працаваў ілюстратарам часопісаў, а таксама выкладаў малюнак у Варшаўскім Інстытуце глухіх, і з 1873 г. - у гімназіі ў Чэнстахове. У 1884 г. ён атрымаў спадчынны маёнтак Нагародавічы і з тых часоў маляваў ўсё менш і менш, а галоўным чынам займаўся гаспадаркай.

Неабходна сказаць і пра яшчэ адзін сакральную пабудову ў Нагародавічах, пра якую піша "Слоўнік геаграфічны..." - старажытны кацёл у стылі італьянскага барока пабудаваны ў XVI ст. Першапачаткова гэта быў кальвіністкі збор (бацька мітрапаліта Іосіфа Руцкога - Фелікс Руцкі быў кальвіністам, і будучы мітрапаліт ў маладосці менавіта з кальвінізму перайшоў у унію). З часам касцёл быў закінуты і ператвораны ў склад, а часткова ў жылыя памяшканні і атрымаў назву "скарбец". Згодна са "Слоўнікам геаграфічным...", у варшаўскім часопісе "Каласы" за 1871 ці 1872 гг. друкаваліся малюнкі з відамі "скарбца " (Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego... Warszawa. 1895. Т. 14. S. 558.). Часопіса пакуль знайсці не ўдалося, можна меркаваць, што малюнкі ўладальніка маёнтка, мастака Вінцэнта Дмахоўскага друкаваліся ў артыкуле Е. Хлапіцкага "Малюнкі з тэкі падарожнай" у 1869 г. (Chlopicki E. Kartki z teki podróżnej // Klosy. 1869. № 9. S. 404.) . Касцёл у Нагародавічах - гэта адна з першых пабудоў у стылі барока на Беларусі.

Дакладна вядома, што да 1939 г. "скарбец" яшчэ існаваў, бо гісторык і краязнаўца Антон Грыжайла-Прыбытка ў 1936 г. пісаў: "Жылы панскі дом з лістоўніцы, пабудаваны Тызенгаўзам ў сярэдзіне XVIII ст. і добра захаваны "скарбец" - былы кальвінскі збор і касцёл з паловы XVI ст., верагодна пабудаваны Руцкім... У 1569 г. перад Люблінскай уніяй тут быў праведзены з'езд дысыдэнцкіх біскупаў" (Antoni Grzymała-Przybytko. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida. 1936. S.30.).

У канцы 1930-х гг. уладальнікам Нагародавіч быў Станіслаў Дмахоўскі, лёс якога невядомы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX