Польскі гісторык Ян Глінка ў сваёй найгрунтоўнейшай працы пра род Клаўсуцяў на Лідчыне, указаў, што Ольжава а таксама Малое і Вялікае Ольжава, якія былі часткай адзінай маёмасці, з XV ст. належала гэтаму роду [1]. Заснавальнік роду Клаўсуцяў нарадзіўся, пэўна каля 1300 г. і жыў у першай палове XIV ст. Хутка тры яго ўнука, у тым ліку і Галігін, у 1401 г. прынялі ўдзел у заключэнні Віленска-Радамскай уніі. У XV ст. род асядае ў Ваверцы і вакол яе. Працяглы час яны валодалі больш за 30-цю маёнткамі на Лідчыне. Падрабязна пра Клаўсуцяў я раскажу ў частцы, прысвечанай Ваверцы.
Другімі уладальнікамі нейкай часткі Ольжава ў ваколіцах Белагруды з першай паловы ХV ст., былі Завішы. Каля 1442 г. вялікі князь ВКЛ Казімір пацвердзіў Завішам 12 людзей парачан у Лідскай воласці, якія ўжо перад тым былі іх спадчынай па бацьку Андрэю Завішу (кухмістру вялікага князя) і даў пяць людзей над ракой (Дзітвой?) у Ольжаве [2]. Магчыма, гэта першае згадванне Ольжава ў дакументах.
Нейкай часткай маёнтка валодаў і Пётр Гаштольдавіч, нам вядомы дакумент наступнага зместу, падпісаны ў Вільні 7 ліпеня 1468 г.: «Ян, сын Пятра Гаштольдавіч разам з жонкай Кацярынай і дзецьмі надалі віленскім францішканам на Пясках 10 бочак з Ольжава, 5 збожжа і 5 ярыны а таксама 1 бочка пшаніцы і адна гароху а таксама 1 вепрука штогод з абавязкам адпраўляць штотыдзень дзве імшы - адну за жывых, другую за памерлых» [3]. Пра Пятра і Яна Гаштольдах можна прачытаць ў 6-м томе «Rocznika Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie» [4].
У 1463 г. адзін з самых магутных у той час родаў Лідчыне - Клаўсуці, фундавалі касцёл у Ваверцы. Грошы на касцёл былі ахвяраваны з двароў Ольжава і Ваверка. Ольжавым у той час валодалі наступныя прадстаўнікікі рода: Міхал, Суцька, Дыль і Андрэй, Галігінавічы [5].
Міхал Галігінавіч з жонкай Зофьей, якая жыла яшчэ ў 1479 г., меў сына Жыгімонта - адзінага нашчадка лініі Галігінавічаў і старэйшыны ўсяго роду. Жыгімонт меў сына Мікалая і дачку Скіндарову. У Мэтрыцы ВКЛ захаваліся дакументы «Справы Скіндаравай пра маёнтак Ольжава». З дакументаў вядома, што Мікалай быў сынам Жыкімонта, унукам Міхала Галігінавіча, памер не маючы дзяцей, а яго маёнтак успадкавала яго сястра, якая была замужам за Скіндарам (маці Сымона і Андрэя) [6].
У 1498 г. лідскі маршалак Войцех Кучуковіч атрымаў загад падзяліць маёнткі нябожчыка Мікалая Жыгімонтавіча паміж панамі Скіндарам і Андрэям Сіруцевічам. Сярод іншай маёмасці, трэба было падзяліць і «имен(ь)я небожчика Миколая Жикгимонтовича Олжево. … Ино, онъ небожчикъ отписалъ одно имен(ь)е Олжово на церковь Бож(ь)ю…» [7]. Сутнасць справы была ў тым, што Мікалай Жыгімонтавіч, памер бяздзетным і па тагачаснаму закону вялікі князь Аляксандр перадаў яго маёнтак Ольжава Скіндару. Аднак, стала вядома, што нябожчык запісаў свой маёнтак царкве а частку перадаў Андрэю Сіруцевічу. Вялікі князь і паны-рада, вырашылі царкве і Сіруцевічу пакінуць толькі трэцюю частку маёмасці нябожчыка. Зямля ў той час даваліся шляхце каб яна служыла дзяржаве і пасля смерці бяздзетнага шляхціца, зямля адыходзіла да дзяржавы. Зразумела, гэта не магло падабацца землеўладальнікам. Цікава, што былі выпадкі, калі вялікія князі прымушалі аўдавеўшых шляхцянак хутка выходзіць замуж другі раз, тады зямля пакідалася за імі і было каму служыць дзяржаве. Для гэтага ж яны дазвалялі бяздзетным землеўладальнікам усынаўляць ці ўдачараць чужых людзей [8].
Хутка і сам Войцех Кучуковіч пачаў прэтэндаваць на маёнтак Ольжава і пажадаў забраць яго у сваёй зводнай бабулі. Пасля шматразовых скаргаў маршалка Войцеха Кучуковіча на Раклёвую Петкавічаву, вялікі князь, пагражаючы Раклевай «страченьемъ права» на маёмасць, выклікаў яе ў суд які павінен быў адбыцца ў Берштах [9].
14 красавіка 1496 г. Кучуковіч у судзе выставіў сведкаў: Станіслава Вадынскага («писар дорогицки») і лідскіх баяр Юшку, Войтку і Богуша Караевічаў, якія сведчылі, што муж Марыны Анцушка, запісаў ёй Ольжава пажыццёва а не на вечнасць [10]. А Марына, якая была два разы замужам, перадавала маёмасць сваім дзецям ад другога брака з Раклём а не ад першага - Кучуковічам.
З дакумента ад 8 ліпеня 1496 г. даведваемся, што Войцех Кучуковіч меў наступную прэтэнзію пані Марыны Раклёвай Петкавай «... ты тое именье держишъ, атое именье тобе не приидет, то моя отчизна и дедина». Марына адказвала «... мне тое именье Олжова муж мои а дед твои ... записал за вено вечно. И тот тестаментъ пани Петковая мужа своего Анъцушъков перед нами положила». Войцах Кучукович адказаў, што насамрэч гэты тастамент. фальшывы. Пасля спрэчак, Кучуковіч пагадзіўся каб Марына «на томъ присягнула из дочкою, иж она того тестаменту не фалшовала». Марына прысягнула і суд пакінуў маёнтак за ёй [11]. Яшчэ раз заўважу, што Войцех Кучуковіч хацеў адсудзіць маёнтак у сваёй, хоць і не роднай, але бабулі («муж мои а дед твои»).
Верагодна ўнук Марыны Раклёвай Петкавай, Станіслаў Якубавіч Раклевіч, 30 кастрычніка 1556 г. атрымаў прывілей на вольную карчму ў сваім Ольжаўскім маёнтку - вёсцы Раклевічы. Можна не сумнявацца, Раклевічы - гэта сучасная вёска Раклёўцы. З прывілея бачым, што землеўладальнік Станіслаў Якубавіч Раклевіч прасіў у вялікага князя дазволу пабудаваць у сваім Ольжаўскім маёнтку ў вёсцы Раклевічы карчму каб гандляваць у ёй півам, мёдам, «горелкою шинъковати» што па яго меркаванню, не будзе перашкаджаць ужо існуючым гаспадарскім корчмам. Вялікі князь улічыў, што яго (гаспадарчых) корчмаў тут няма і дазволіў Раклевічу пабудаваць карчму [12].
Як звычайна, ранейшае вялікае адзінае ўладанне з часам распрадавалася па кавалкам. Гэтак 29 жніўня 1493 г. гаспадарскі маршалак і Лідскі намеснік Станіслаў Петрашкевіч (Кішка) купіў «Олжово, отчизное имение Григория Симоновича» [13]. Такім чынам, нейкі кавалак Ольжава належаў ужо бацьку Рыгора Сыманавіча.
Станіслаў Петрашкевіча (Пятровіч) Кішка паходзіў з магнацкага роду Кішкаў герба Дуброва і быў сынам Пятрашкі Страмілы. Атрымаў мянушку «Кішка», ад якой пайшло прозвішча роду. Займаў шэраг дзяржаўных пасад, у тым ліку падстолія (1487-1488), стольніка літоўскага (1491 г.), намесніка лідскага (з 1493 г.). Удзельнічаў у пасольстве ў Маскву наконт шлюбу дачкі маскоўскага гаспадара Івана III Алены з вялікім князем Аляксандрам.
У 1496 г. браў удзел у выправе караля Яна Ольбрахта на малдаўскага гаспадара, дзе з уласным аддзелам разбіў татараў пад Брацлавам. У 1499 г. атрымаў пасаду намесніка смаленскага, распачаў умацаванне горада. У чэрвені 1502 г. кіраваў абаронай Смаленска ад маскоўскіх войскаў. У 1503 г. разбіў татараў у бітве каля Прыпяці. У тым жа годзе стаў вялікім гетманам і заставаўся ім да 1507 г., калі з маскоўскага палону вярнуўся Канстанцін Астрожскі. У 1506 г. браў удзел у бітве пад Клецкам.
З 1508 г. стаў гарадзенскім старостам. У 1508 і 1511 гг. удзельнічаў у камісіі па размежаванні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў Мазовіі. Каля 1512 г. стаў земскім маршалкам.
Другі раз ажаніўся з дачкой троцкага ваяводы Пятра Мантыгірдавіча Белага Соф'яй, ад якой меў сына Пятра і дачку Ганну (жонка Яна Радзівіла, кашталяна троцкага а потым Станіслава Кезгайлы, старосты жамойцкага). У спадчыну ад згаслага роду Мантыгірдавічаў ён атрымаў маёнткі Нясвіж, Алыка і Лахва, якія праз шлюб дачкі Ганны перайшлі да Радзівілаў [14].
У XVI ст. Вялікае Ольжава належала Кішкам а Малое Ольжава - пані Раклёвай [15].
У Кнізе № 229 Літоўскай метрыкі надрукаваны цікавыя дакументы, датычныя судовага разбіральніцтва паміж «пани Андреевое Завишыча, пани Барбары Кгейзъкгяйловны с паном Станиславом а паном Петром Петровичами (Кішкамі - Л. Л.) ... о бои и грабежы подданых васьковских» [16] (вядома, што ў старых дакументах Вашкевічы часта называюцца Васькавічамі ці нават Івашкевічамі).
Судовая справа разглядалася камісарскім судом ў Вільне з 19 лістапада 1540 па 24 студзеня 1541 г. Барбара Завіша (з Кезгайлаў, удава Андрэя Завішы [17]): «Барбара Кгезъкгайловъна жаловала на панятъ троякихъ, старостичовъ жомойтьских: на пана Станислава а на пана Петра Петровичовъ Техоновъских, о наслаи(ь)е кгвалътовное на йменье свое Васковичы» [18]. Справа ідзе пра Станіслава Пятровіча і Пятра Пятровіча Кішак (Кіщыцаў) якім належаў маёнтак Ольжава [19].
Падчас суду Петр Пятровіч Кішка прадставіў «листъ купчый под завесистыми печат(ь)ми, в которомъ пишет(ь) Грыгорей некоторый Симоновичъ, вызнаваючы самъ на себе, ижъ продалъ пану Станиславу Петровичу, подстолему г(о)с(по)д(а)ръскому, державцы лидскому, за полъчетвертаста коп грошей шырокое личъбы имен(ь)е свое Ольжево со всими людми и зъ землями и с тыми польми, што за болотомъ, и с тыми пятма чоловеки, што у Васковичах за Дитвою. И поведил пан Петръ: "Ижь с тых пяти служобъ людей есть тамъ шестъ служоб…"» [20]. Як бачым, Кішкі пераказваюць факт продажу ім маёнтка Рыгорам Сымановічам, пра які я пісаў вышэй.
Браты Кішкі якія фігуравалі на вышэйзгаданым працэсе - дзеці ад другога брака Пятра Кішкі і Ганны Юр'еўны Іллініч: Станіслаў (? - 1544), Пётр (1519-1550) і Мікалай (1524-1587) [21].
У спісе войска ВКЛ ад 1565 г. нейкі «Янъ Довлидъ з Олжовского іменя конъ ... з ощепомъ (кап'ем - Л. Л.)» [22].
У спісе войска ВКЛ ад 1567 г.:
«Янъ Тукало з Вольжава ставилъ братанича своего Миколая Юръевича, конь, пнцр, ..., тарч ...; самъ Янъ Тукало служитъ пану подчашому. Ян Довлюдъ з ыменья своего Олжово ставил слугу Мартина Станиславовича а самъ служил Собостьяну Третяку, ставил мерына, ... рогати» [23].
«Матеевая Нелюбовая Настасья вдова з ыменей своих - Олжова, съ Пелесы, з Ворнянъ, з Ваверки, конниковъ 6 пнцр. ..., тарчъ ... выслала слугъ своихъ, при томъ почьте поставила драбов 3 у зброяхъ блях. а рогати» [24].
«Станиславъ Радивиловичъ з Олжова, кляча, ... прил. [25]» [26].
У 1570-я гг. Ольжава - маёмасць Мікалая Пятровіча Кішкі Цеханавецкага, падляшскага ваяводы, дарагічкага і белскага старасты. Мікалай Кішка падтрымліваў планы збліжэння ВКЛ з Польшчай, дзякуючы чаму ў 1569 г. стаў падляшскім ваяводам (пасля пераходу ваяводства ў склад Кароны). Заставаўся ваяводам падляшскім да канца жыцця. Быў сенатарам і разам з іншымі займаўся арганізацыяй пахавання караля Жыгімонта II Аўгуста. У 1573 г. браў удзел у працэдуры абрання новага манарха Генрыха Валуа. У 1575 г. ён першапачаткова не падтрымліваў кандыдатуру Стэфана Баторыя, аднак прымаў удзел у яго ўрачыстым ўзвядзенні на трон Рэчы Паспалітай і каранацыйным сойме. Потым ніколі не належаў да яго прыхільнікаў і нават супраціўляўся волі караля ў справе вызвалення ад падаткаў драгічынскіх мяшчан.
Быў двойчы жанаты. Першы раз у 1555 г. з Марынай Заслаўскай, якая памерла ў 1563 г. Другі раз з Барбарай Хадкевіч, дачкой віленскага кашталяна Гераніма Хадкевіча. Меў дачку Барбару (жонку Юрыя Алелькавіча) і сына Мікалая [27].
2 мая 1579 г. падляшскі ваявода Мікалай Кішка Цеханавецкі запісвае сваёй другой жонцы Барбары з Хадкевічаў у «дажыванне» акрамя іншых і маёнтак Ольжава за яе пасаг у 6 000 коп грошаў літоўскіх [28].
Вядома, што ў 1586 г. Канстанты Станіслаў і Мікалай Тукалы дакупілі яшчэ нейкую маёмасць у Ольжава але як бачым з спіса войска ВКЛ ад 1567 г. Тукалы ўжо валодалі тут нейкай маёмасцю.
Крыштаф Тукала 13 траўня 1603 г. запісаў сваёй жонцы Гальшке Сабакінаўне 1000 коп літоўскіх грошаў на маёмасць Ольжава і Гарадзішча. Запісам у кнігах земскага суда ад 16 лютага 1612 г. за Гальшкай Сабакінаўнай (па другому мужу Дышкевічавай) была пацверджана яе маёмасць: Гарадзішча, Вольжаў і Жданаўшчына Сабакінская [29].
З судовых дакументаў даведваемся, што як і раней, у 1618 г. часткай Ольжава валодала Барбара Кішка з Хадкевічаў, але іншай часткай маёнтка у той час, валодаў мсціслаўскі стараста Мікалай Францкевіч-Радзімінскі [30]. У 1622 г. Багдана Войнянка Эпімахаўна, жонка драгічынскага старасты Мікалая Кішкі (пра гэтую жанчыну нічога не вядома), адмовілася ад ўсіх правоў на Ольжава «з фальваркам, сялом, прысёлкамі, баярамі, падданымі і ўсімі прыналежнасцямі», маёнтак яна атрымала ад свайго пасынка Пятра Кішкі, які да гэтага часу ўжо памёр. Права на ўласнасць Багдана Кішка перадала полацкаму ваяводзе Янушу Кішку і яго жонцы Крысціне [31].
У тым жа 1622 г. Януш і Крысціна Кішкі за 15 000 злотых здалі сваю частку маёнтка Ольжава ў заставу да 1626 г. Мацісу Літаву. Сярод іншага, да маёнтка належаць: дваровыя пабудовы, сад, гарод, ставы, саджалкі, рэкі, млын, бабровыя гоны, пушчы і ловы, конныя панцырныя і путныя баяры [32].
2 жніўня 1624 г. Мікалай Францкевіч-Радзімінскі падае пратэстацыю на Крысціну Кішку за наезд на маёнтак Ольжава і рабунак рухомасці [33]. У 1629 г. пробашч Ваверскага касцёла праз суд патрабуе ад Мікалая Францкевіча-Радзімінскага вярнуць зямлю, запісаную за касцёлам, якую папярэднія землеўладальнікі выкарыстоўвалі як сваю. Судовы працэс цягнецца доўга, і ў 1645 г. касцёл судзіцца ўжо з Уладзіславам Леанам Францкевічам-Радзімінскім [34]. У той жа час сам Уладзіслаў Леан Францкевіч-Радзімінскі судзіцца з суседам Янушам Кішкам з-за таго, што той не зняў з Ольжава праўныя прэтэнзіі [35].
Крыштаф Тукала 13 траўня 1603Трэба сказаць некалькі слоў пра Януша Кішку.
Януш Кішка (1586-1654) - вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода полацкі (з 1621 г.), польны (1635-1646 гг.), а з 1646 г. вялікі гетман літоўскі. Бацька Януша - Станіслаў Кішка, маці - Альжбета з Сапегаў. Меў братоў Мікалая, Крыштафа і Станіслава. Быў жанаты з Крысцінай князёўнай Друцкай-Сакалінскай, дачкой полацкага ваяводы Міхала Друцкага-Сакалінскага.
Адукацыю будучы вялікі літоўскі гетман атрымаў у Віленскім ўніверсітэце. З дзяцінства выхоўваўся як кальвініст, але, прыкладна ў 1606 г., перайшоў у каталіцтва. У 1624-1626 гг. вучыўся ў Падуанскім універсітэце.
У 1600-1629 гг. удзельнічаў у вайне супраць Швецыі, служыў пад камандай Яна Караля Хадкевіча. У 1605 г. на чале ўласнага аддзела браў удзел у Кірхгольмскай бітве. Таксама ў 1611 і 1618 гг. удзельнічаў у выправах на Масковію, а ў 1621 г. - на Турцыю. У 1633 г. падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай бараніў Полацк, вёў баі пад Смаленскам.
Януш Кішка дзяцей не меў і таму стаў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Кішкаў [36].
У рэестры Лідскага павета за 1680 г. у Белагрудскай парафіі знаходзім:
- Ольжава Тукалаўскае (гаспадар Станіслаў Тукала) - 1 дым;
У Лідскай парафіі:
- Ольжава лідскага падсудкавіча і лідскага войскага Яна Альшэўскага († 1695) - 9 дымоў;
- Ольжава лідскага падсудкавіча, лідскага скарбніка Юзафа Альшэўскага, († 20.03.1693, забіты жмудскай суддзёвай Аленай Шэмёт з Тышкевічаў і яе сынам Уладзіславам Шэмётам) - 9 дымоў;
- Ольжава Самуэля Радзівілавіча - 1 дым;
- Ольжава з млынам Франскевіча-Радзімінскага - 45 дымоў [37];
Верагодна, прозвішчы Альшэўскіх паходзілі ад назвы іхняга маёнтка Ольжава.
У падымным рэестры Лідскага павета за 1728 г. бачым у Лідскай парафіі:
- Яп Самуэль Радзівілавіч з Ольжава, тры чвэрці дыма.
- ЯВ паны Ян і Юзаф Альшэўскія з Ольжава Нелюшоўшчыны (?), 16 дымоў.
- Яп Юзаф Альшэўскі з Вострава з карчмой, 28 дымоў.
- Яп Стэфан Контрым з Ольжава, адзін дым.
У Белагрудскай парафіі:
- Яп Станіслаў Тукала з Ольжава Тукалаўскага, тры дыма.
- ЯВ ксяндзы лідскія кармеліты з маёмасці Ольжава з млынам каля Палубнікаў, трыццаць два дыма.
- Вяльможны Яго Мосць пан Дэ Кампа Сцыпіён з фальварка Палубнікі ад Ольжава, восем дымоў [38].
У Падымным тарыфе 1775 г., у Лідскай парафіі бачым:
- Ольжава з фальваркамі Крысцінава і Тукалаўшчына ЯП Гінета - 3 дыма;
- Вёска Ольжава - 21 дым;
- Вёска Тукалаўшчына - 4 дыма;
- Вёска Далекіе - 23 дыма;
- Ольжава ЯП падстоліча Яна і вайсковіча Міколая Альшэўскіх - 1 дым;
- Фальварак Зайкі тых жа ЯП Альшэўскіх - 1 дым;
- Вёска Мальгі тых жа ЯП Альшэўскіх - 14 дымоў;
- Вёска Раклёўцы тых жа ЯП Альшэўскіх - 10 дымоў;
- Вёска Зайкі тых жа ЯП Альшэўскіх - 1 дым;
- Вёска Кузьмічы тых жа ЯП Альшэўскіх - 2 дыма;
- Ваколіца Верх-Ольжава, у ёй жылі наступныя шляхціцы: Юзаф Едка (1 дым), удава Якуба Едкі (1 дым), Ігнат Карчэўскі (1 дым), Дамінік Околаў (1 дым), Юры Околаў (1 дым) [39], а таксама шляхта Грыневічы [40]
У Вопісах парафій Лідскага дэканату ў 1784 г., у лідскай парафіі бачым:
- Малое Ольжава, двор Нелюбоўскага, васпана (ВП) Альшэўскага, падстолія Лідскага;
- Ольжава, вёска і карчма ВП Гінета, крайчага Лідскага;
- Вялікае Ольжава, двор Кішчынскага і ўніяцкая капліца (ritus graci uniti) ВП Гінета, крайчага Лідскага;
- Далекія, вёска ВП Гінета, крайчага Лідскага;
- Мальгі, вёска ВП Альшэўскага, падстолія Лідскага;
- Падольжава, фальварак ВП Тукалы, будаўнічага Лідскага;
- Раклёўцы, вёска і карчма ВП Альшэўскага, падстолія Лідскага [41].
У Белагрудскай парафіі:
- Зайкі, двор яснавяльможнага пана (ЯВп) [42] Альшэўскага, Лідскага войскага;
- Тукалаўшчына, фальварак ЯВп Гінета;
- Зайкі, двор ЯВп Альшэўскага, Лідскага войскага;
- Кузьмічы (Kuzmicze), ЯВп Альшэўскага, Лідскага войскага [43].
Недзе з XVIII ст. у Ольжава існавала грэка-каталіцкай капліца якая была філіялам лідскай царквы. У акце візітацыі 1784 г. ёсць апісанне капліцы ў Ольжаве: «На зямлі вяльможных ягамосцяў паноў Гінетаў крайчых Лідскіх [44] ... У Ольжаве. Драўляная, гонтай крытая, на падмурку, высвечаная. Гэтага высвячэння сакрамант быў презентаваны. Мае досыць сялян (парафіян - Л. Л.). мае апаратаў, якія ёсць пад час візіты. ... капліца пабудавана, за кошт .... у Яна Бялькевіча, сурагатара Гарадзенскага [45], 2 жніўня 1764 г. ахвяравана Лідскай парафіяльнай царкве.» [46]
Будзе карысным расказаць пра старыя дарогі, якія праходзілі каля Ольжава. Міхал Шымялевіч пісаў, што ў даўнейшыя часы дарога з Ліды на Слонім, ці так званы Беліцкі гасцінец, бегла з Ліды на Гарні, Палубнікі і Любары, дзе быў пабудаваны вялікі мост цераз Дзітву. Перад Ольжавам ад той дарогі адхілялася дарога на фальварак Белагруду, бегла яна цераз Дзітву на Парачаны, Голдава і Жалудок і была вядома пад назвай Зэльвенскага гасцінца [47].
Вось як апісана дарога ад Белагрудскага касцёла ў бок Ліды ў Вопісах парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.:
«Дарога да Ліды, судовага горада і тракт Віленскі ад касцёла Белагрудскага ў кірунку на летні усход сонца, ідзе па правай руцэ, даехаўшы да броду, будзе вёска Гарняты за тры стаі да карчмы Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войск ВКЛ, за імі Дубчаны Найяснейшага князя ягомасці Масальскага, біскупа Віленскага за шасцідзесят стаяў, далей фальварак Белагруда Найяснейшага князя ягомасці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войск ВКЛ за трыццаць стаяў, потым Тукалаўшчына, фальварак яснавяльможнага пана Гінета за чвэрць мілі, далей мінуўшы брод, па правай руцэ Рубікі у пацэсіі васпана Сідаровіча і васпанства Ёчаў, з гасцінца, з якога ідуць дарогі да фальварка Тукалаўшчына і вёскі Дубчаны, праз дзевяць стай, па леваму боку ідзе дарога да Мохавіч і да Медзеўшчыны, плябаніі Белагрудскай, адкуль на усход сонца ідзе дарога на гасцінец Лідскі і Віленскі, да карчмы якая мае назву "Пад крыжамі" яснавяльможнага пана Альшэўскага, на мяжы Лідскай парафіі, тут гасцінец налева ідзе да Вільні на Дайнаву ксяндзоў аўгустынаў да гасцінца Віленскага, які ідзе з Мыто і сходзіцца з Мытлянскім гасцінцам. Сярэдні гасцінец ідзе на Ліду, і крута направа да Шчытнікаў, ад гэтага гасцінца за дзесяць стаяў, ідуць дарожкі, адна да Лідскай парафіі, а другая, направа на поўдзень, да Рубікаў. Шчытнікі дзеляць парафіі Белагрудскую з Лідскай» [48].
А вось апісанне дарогі з боку Ліды да Белагруды:
«Дарога да Белагруды цягнецца каля Раклёўцаў на Ольжаў-Нелюбоўскі (Малое Ольжава) васпана Альшэўскага, падстолія Лідскага, дзе і заканчвацца парафія Лідская» [49].
Вядома, што некалькі вялікіх маёнткаў Лідчыны, сярод якіх былі і Тарноўшчына з Белагрудай, належалі Радзівілам. Недзе пры канцы XVIII ст. яны набываць і Ольжаўскую маёмасць.
У 1808 г. Мікалай Радзівіл здаў застаўным правам (здаў у арэнду) Тарноўшчыну Тадэвушу Андрэйкавічу на 10 тыс. чырвонных злотых і 130 злотых польскіх. Потым за гэтую маёмасць узнік судовы працэс і ў 1824 і 1825 гг. бакі падпісалі пагадненне, у выніку якога Андрэйкавіч стаў уладальнікам Тарноўшчыны [50]. З спісу парафіян-уніятаў 1829 г. [51] бачна, што Ольжава і Далекіе належыць Андрэйкавічам.
У 1820-м г. маёнткам Лебяда і нейкай часткай маёнтка Ольжава валодаў цельшаўскі маршалак Леапольд Горскі (1787-1825). Леапольд Горскі - вядомы калекцыянер. У сваім галоўным маёнтку Салантай ён стварыў нумізматычны кабінет, любіў кнігі і ўмеў атрымліваць ад іх асалоду і таму назапасіў вялікую бібліятэку рэдкіх кніг, у тым ліку і гістарычных твораў XVI-XVII ст. Займаўся пісьменствам і навукай [52].
У 1844 г. маёнткам Ольжава валодаў Рышард Андрэйкавіч (305 душ), нейкая частка Ольжава належала Хэлене Горскай (100 душ) а Антон Альшэўскі валодаў вёскай Зайкі (40 душ) [53].
Юлію Андрэйкавічу ў 1845 г. сярод іншай маёмасці, належала Вялікае Ольжава, ён жа валодаў маёнткам Тарноўшчына. У той жа час маёнтак Ольжава з вескамі Ольжава, Дудары, Тукалаўшчына, Далекіе, Палубнікі (3694 дзесяцін, 305 дымоў, 305 мужчынскіх і 252 жаночых душ), належаў Рышарду Андрэйкавічу [54].
Сын Тадэвуша Андрэйкавіча Юлій прадаў Тарноўшчыну Канстанціну Кашыцу [55]. З кнігі Чэслава Малеўскага даведваемся, што Кашыц купіў Ольжава ў 1858 г. [56]
Канстанцін Ян Казімер Яўстах Кашыц (23.3.1819-1881), сын Юзафа і Соф'і Дунін-Раецкай. Меў братоў Юліюша і Караля і быў жанаты з Юліяй Несялоўскай (1830 г. н.)
Бацька Кашыца прымаў удзел у кампаніі 1812-1814 гг. на баку Напалеона, быў афіцэрам 17-га ўланскага палка. Пасля заканчэння вайны ён на тры года выехаў за мяжу для працягу адукацыі, пасля чаго вярнуўся і пасяліўся ў маёнтку Ятра Наваградскага павета. У 1830 г. Юзаф Кашыц быў абраны наваградскім маршалкам. Падчас паўстання 1831 г. быў арганізатарам выступлення ў Наваградскім і Слонімскім паветах, стварыў ў сваім маёнтку асобны атрад, які ў ліпені 1831 г. налічваў каля 1 тысячы чалавек.
Пасля паразы паўстання 1831 г. Канстанцін Кашыц разам з бацькам апынуўся ў эміграцыі ў Францыі - 26 кастрычніка 1831 г. яны прыбылі ў Парыж. У 1838-1842 гг. Канстанцін Кашыц у Дэрпцкім універсітэце вывучаў дыпламатыку. Кандыдат дыпламатычных навук, быў член мясцовай арганізацыі «Палонія». У матэрыялах «Палоніі» праходзіць інфармацыя, што Кашыц меў дачыненне да справы Шымана Канарскага, аднак у іншых крыніцах гэты факт пацверджання не знаходзіць [57].
Канстанцін Кашыц вызначаўся незвычайнымі здольнасцямі, а асабліва рэзкім словам і вострым пяром. У 1850-х гг., калі былі яшчэ дзейныя шляхецкія соймікі, слушнымі жартамі і эпіграмамі моцна дакучаў павятовым і губернскім чынам, праз што нарываўся на прычэпкі з іх боку. Пра аднаго такога саноўніка, які, пішучы ліст да знаёмага, слова «аўторак» («wtorek») напісаў праз ф - «афторак» («ftorek»), за што быў празваны «пан Афторак» («pan Ftorek») - склаў некалькі вершаваных сатыр пад назвамі: «Загадка», «Крыжык», «Дагератып», «Пастка на крэскі (сеймікавыя галасы ці воты)» і г. д. [58]
Згодна з Слоўнікам Геаграфічным, у сярэдзіне XIX ст. Вялікае Ольжава - маёнтак Кашыцаў у Тарновскай воласці, вёскі: Ольжава, Палубнікі, Далекіе і Дудары.
Малое Ольжава, маёнтак Кайзерлінга, праваслаўная капліца, вадзяны млын, вёскі: Раклёўцы і Більтаўцы. У XVIII ст. гэта маёмасць належала да ключа Дзітва кн. Вішнявеціх.
Ольжава, маёнтак Кашыца, вескі: Палубнікі, Далекіе, Дудары, Раклёўцы, Банцавічы, Кульбакі, Дубчаны і Цыбары [59].
Гісторык Вольга Гарбачова піша, што ў паўстанні 1863 г. Кашыц выконваў абавязкі цывільнага кіраўніка па Наваградскім павеце, аднак выступаў супраць пашырэння паўстання. Пазней ён сцвярджаў, што пагадзіўся на кіраўніцтва з мэтай нейтралізаваць актыўнасць прыхільнікаў узброенага выступлення. 20 красавіка 1863 г. Кашыц адмовіўся ад выканання сваіх абавязкаў і выехаў у Рыгу, затым у Пецярбург і далей у Мінск. 17 чэрвеня 1864 г. ён быў арыштаваны і падчас допыту 30 ліпеня 1864 г. даў поўныя і шчырыя паказанні, па выніках якіх былі раскрыты шэраг членаў і дзеянні наваградскай паўстанцкай арганізацыі. Рашэннем часовага палявога суду ў Вільні Кашыц быў прысуджаны да смяротнага пакарання, аднак гэтае рашэнне перагледзеў М. Мураўёў і па канфірмацыі ад 15 студзеня 1864 г. «за заслугі перад следствам» ён быў пакараны ссылкай у Казанскую губерню з утрыманнем пад пільным паліцэйскім наглядам. Правы і маёнткі былі захаваныя за Кашыцам. Пасля выплаты ім 9000 рублёў срэбрам з маёнткаў быў зняты секвестр.
Паводзіны Кашыца ў перыяд следтва становяцца прычынай нападак на яго з боку ўдзельнікамі паўстання. Гэта відаць ва ўспамінах, прысвечаных перыяду этапавання і ссылкі. Пра негатыўнае стаўленне да Кашыца з боку былых паўстанцаў згадвае Якуб Гейштар. Спыняецца на гэтым факце і гісторык Рышард Мяніцкі. Ён пісаў, што да канца жыцця за Канстанцінам Кашыцам быццам цені цягнуліся «слушныя папрокі і кляймо здрадніка. Пасля вяртання палякі не жадалі прымаць яго ў сваіх дамах, не жадалі з ім размаўляць». Апісвае сваю сустрэчу з Кашыцам па дарозе ў ссылку і Апалінарый Свентажэцкі, ён сустрэўся з Кашыцам на этапе ў Цюмені, Вольга Гарбачова падае фрагмент з успамінаў: «У партыі польскіх ссыльных на караблі знаходзіўся Кашыц з Наваградскага павета ... хтосьці з прыяцеляў пазнаў яго. У нашай групе было чалавек дваццаць наваградцаў, і большасць з іх лічылі сябе ахвярамі «здрады» Кашыца. Слова «здрада» прычапілася да гэтага слабога і нешчаслівага чалавека, як чорная пляма, якой ніколі немагчыма адмыць. Распавядалася пра гэта шмат і шырока. Падлічвалі ягоных ахвяраў… Абурэнне і агульнае таўраванне нарастала з распаўсюдам разнастайных версій. Калі на караблі даведаліся пра прысутнасць Кашыца, усё забушавала. Асабліва моцна выступалі наваградцы. Уся прыхаваная антыпатыя і крыўда вылілася, як вулканічная лава. Вайсятыч, Грынявецкі, Пансет і іншыя кідалі гром і маланкі. Марна спакайнейшыя людзі, жадаючы прадухіліць буру, спрабавалі ахалодзіць распаленыя галовы. Усё скончылася тым, што Кашыца перавялі з групы палітычных ссыльных і адправілі яго на «баржу» да крымінальных злачынцаў. Акт помсты быў выкананы».
Вольга Гарбачова лічыць, што магчыма справа Кашыца насамрэч не была настолькі адназначная. У каментарах да ўспамінаў А. Свентажэцкага Зоф'я Кавалеўская, якая падрыхтавала іх да друку, пакідае наступнае ўласнае дапаўненне: «Адчуваю свой абавязак дадаць тут некаторыя факты, якія ў некаторай ступені павінны рэабілітаваць імя і памяць памерлага Кашыца. Склаў ён свае сведчанні на судовым следстве не з мэтай уратаваць сябе, як меркавалі пра гэта іншыя, а пад уплывам трохразовага катавання; у хвіліну болю і фізічнага аслаблення і дух мог лёгка аслабець. Вусны прашапталі месца схованкі пад Обрынскім палацам, дзе захоўваліся дакументы Нацыянальнага ўрада. Ці тыя, хто пазней кідаў у яго камяні, маглі б прысягнуць, што ў адпаведнай сітуацыі былі б больш трывалыя за Кашыца? Сведка, які апынуўся там у нейкай цывільнай судовай справе... распавядае, што ўбачыў у астрозе слабы цень чалавека, параненага бізунамі і напалову непрытомнага ад болю. Кашыц усё жыццё шкадаваў пра гэтую хвіліну слабасці, якая вырвала ў яго паказанне і прывяла да новых ахвяраў».
З 22 мая 1865 г. Кашыц знаходзіўся ў Цывільску. 19 сакавіка 1866 г. ён атрымаў дазвол на трохмесячную паездку ў Мінскую губерню для продажу свайго маёнтку, пасля чаго ў Цывільск болей не вярнуўся. У 1866 г. ён выехаў на чатыры месяцы ў Пецярбург, а 2 студзеня гэтага ж года выехаў у Маскву. У 1867 г. Кашыц атрымаў дазвол на выезд за мяжу, а ў снежні 1868 г. яму было дазволена пражыванне ў Рызе. Некалькі разоў Кашыц потым прыязджаў у свой маёнтак Обрын Наваградскага павета. У красавіку 1869 г. ён быў вызвалены з-пад паліцэйскага нагляду, а ў 1872 г. атрымаў дазвол на свабодны выбар месца пражывання.
З 1876 г. Кашыц жыў у маёнтку Обрын і займаўся гаспадаркай. Меў сыноў Юзафа Калікста (1855 г. н.) і Аляксандра Фелікса (1857 г. н.), дачку Ванду Людвіку (1860 г. н.). Маёнтак Обрын з'яўляўся ўласнасцю сям'і Кашыцаў да 1939 г. Канстанцін Кашыц пакінуў успаміны, прысвечаныя перыяду навучання ў Дэрпцкім універсітэце, якія захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве (BN, rkps. 2981), апрацаваныя прафесарам Янам Трынкоўскім [60].
Ёсць меркаванне, што яшчэ ў час паўстання на зямлі Канстанціна Кашыца паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі (Шчытнікамі) былі ўстаноўленыя памятныя крыжы па загінулым у баі паўстанцам.
Міхал Шымялевіч пісаў, што Канстанцін Кашыц, сасланы на выгнанне, праз нейкі час вярнуўся ў край і змушаны быў, як кажуць, «добраахвотна» падпісаць 25 траўня 1866 г. акт, у сілу якога прадаў Тарноўшчыну (разам каля 2500 дзесяцін), генералу Дзмітрыю Маўрасу за 56 300 рублёў, у гэтай суме набыўца прыняў да пагашэння 12 000 рублёў доўгу былога ўладальніка Юлія Андрэйкавіча і саступіў прадаўцу дом у Рызе, ацэнены ў 25 000 рублёў [61].
Акрамя Тарноўшчыны Маўрас набыў Мыто, Дзітву Талвашоўскую, Паперню, Нявішу, Дубічы, Вялікую Лябяду, Зданаўцы, Няцеч, Ярэмічы, Жукаўшчыну і інш., разам каля 15 000 дзесяцін або 150 км2 - цэлае нямецкае княства сярэдзіны XIX ст.! У 1876 г. Маўрас атрымаў у кесара Франца Іосіфа дыплом на графскі тытул, які яму ў тым жа годзе прызнаў цар Аляксандр ІІ. Дзеля свайго адзінага сына Мікалая граф Дзмiтры Маўрас 20 снежня 1883 года атрымаў ад імператара Аляксандра ІІІ імянны ўказ, паводле якога тарноўскія землі склалі ардынацыю, ці маярат, у які ўваходзілі: Тарнова, Андрушкі, Малы Ольжаў, Данеўшчына, Манькавічы, Ярэмічы, Лебяда. Туды таксама быў уключаны дом у Вільні з багатай бібліятэкай і каштоўнымі рэчамі. Агульная плошча сельскагаспадарчых зямель ардынацыі (па расейску - «заповедного имения») дасягала 3 500 дзесяцін з фальваркамі, цагляным і вапнавым заводамi.
У 1861 г. пасля скасавання прыгону, з прыгонных зямель Тарноўшчыны, Радзівонішак, Малога Ольжава, Вялікага Ольжава, Кульбакаў і Дзітвы Шамятоўскай утворана вясковая Тарноўская воласць з сядзібай у маёнтку Тарноўшчына. У склад Тарноўскай воласці спачатку ўваходзілі вёскі Парачаны, Масявічы, Хадзюкі, Гарняты, Рэпнікі, Бабоўцы, Палубнікі, Далекія, Дудары, Раклёўцы, Банцавічы, Ольжава, Кульбакі, Монькаўцы, Цвербуты, і Більтаўцы, разам вёсак 16, душ 848. У 1866 г. да Тарноўскай воласці далучылі са скасаванай Голдаўскай воласці вёску Дзітрыкі, а з Лідскай воласці дадалі вёскі Мохавічы, Янаўляны, Дубчаны і Цыбары, прычым Тарноўская воласць была падзелена на тры вясковыя грамады - Тарноўскую, Ольжаўскую і Радзівонішкаўскую. Пасля гэтага Тарноўская воласць налічвала 20 вёсак, сялянскіх душ паводле рэвізіі 1857 г. - 1166.
У 1906 г. у Тарноўскай воласці налічвалася 20 вёсак, сялянскіх гаспадарак - 680, мужчын - 3 501, жанчын - 2 406, разам - 4 907; рольнай зямлі - 5 227 дзесяцін: коней - 652, кароў - 1 632 і іншага быдла - 2 050 штук. Кожная вясковая грамада мела ўласныя запасы збожжа. «За польскім часам» Тарноўскай гміне была прысвоена назва «Белагрудская» [62].
Памёр генерал Дзмітры Маўрас у 1896 г., а за няпоўныя трыццаць гадоў пасля яго смерці магнацкая фартуна рассыпалася і ад ардынацыі засталася адна частка. Яго сын, малады граф Маўрас пасля смерці сваёй жонкі быў прызнаны за асобу няпоўнага розуму, у 1911 г. аддадзены пад апеку а ў 1919 г. памёр у Гатчыне. Павятовы надаўчы камітэт у Лідзе 11 красавіка 1921 г. прыняў ва ўласнасць Польскай дзяржавы частку той ардынацыі - фальваркі Малы Ольжаў, Шчытнікі, Белагруду, Чыжоўшчыну і Бабоўцы [63].
Прывяду тое, што знайшоў пра Ольжава ў прэсе.
Увосень 1906 г. прэса пісала пра некалькі рабункаў на Лідчыне: «У ноч на 18 верасня ў фальварку Ольжава у Тарноўскай гміне абрабаваныя арандатары Гірш Гутоўскі і Дварынскі. Рабаўнікі Юзаф Мерч-Аляксееў і Мікалай Пухальскі (сын кантралёра акцызнай палаты) былі арыштаваны з забранымі грашамі» [64].
Пра пажар: «У Лідскім павеце гэтай восенню ўсё болей пажараў. У пані Красіцкай ў маёнтку Ольжава спалілася гумно і свіран, яшчэ ў трох маёнтках яе пагарэлі гумна. Дрэнна што прападае шмат хлеба - ўсё, што сёлета з поля сабралі, ад гэтага хлеб падаражае, а пад вясну і мужыком ня будзе гдзе купіць ... . Арыштаваны да суда 8 чалавек з вёскі Ольжава, вінавацяць іх у тым, што пасвілі быдла па лесу пані Красіцкай. Вёска гаворыць, што яны не пасвілі, толькі раз дзеці мімаходам прапусьцілі» [65].
У кастрычніку 1916-га забойства адбылося ў вёсцы Ольжава, што каля Ліды. Жыхар гэтай вёскі «Канстанцін Мазалеўскі за душагубства і спробу забіць чалавека засуджаны на смерць» [66].
Відочна, што з 1920-х гг. па ўплывах на насельніцтва сярод беларусаў Грамада перамагала ППС, і з другой паловы 1926 г. беларуская прэса пачала стала друкаваць лісты былых «пэпээсаўцаў», якія выйшлі з партыі і далучыліся да Беларускай Грамады. Напрыклад, у снежні 1926 г. у газеце «Наша Справа» надрукаваны лісты былых «пэпээсаўцаў» Ігната Ганевіча з вёскі Ольжава і А. Кліма з вёскі Вялікія Канюшаны [67].
9 жніўня 1928 года «Лідскае жыццё» змясціла зацемку наступнага зместу: «Ушанаванне палеглых у 1863 годзе. Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года.
Крыж і надмагільны камень [68] зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць.
Прыгожую і ўзнёслую прамову сказаў ксёндз Гародка, звяртаючыся да баёў 1863-64 гадоў.
Ва ўрачыстасці брала чынны ўдзел люднасць, мясцовая Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Горнага Шлёнска, якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер» [69].
20 кастрычніка 1930 г. у маёнтку Вялікае Ольжава былі падпалены стадола і свіран. Пабудовы згарэлі разам з 16 тонамі збожжа. У тушэнні пажару бралі чынны ўдзел добраахвотныя пажарныя дружыны з вёсак Далекія і Парачаны, а таксама мясцовыя сяляне. Шкода ад пажару - 75 000 злотых [70].
Пад суд траплялі нават вельмі ўплывовыя людзі, напрыклад Лідскі акруговы суд прыгаварыў уладальніцу маёнтка Малы Ольжаў графіню Эльжбэту Красіцкую на 8 месяцаў турмы за парушэнне межаў зямельных надзелаў [71]. Ці адбывала яна свой тэрмін пакарання - невядома.
Трэба сказаць, што ў 1920 - 30-я гг. каля Шчытнікам валодаў фальваркам і гаспадарыў у ім адзін з заснавальнікаў і фундараў беларускага руху на пачатку XX ст. доктар Амброзі Кастравіцкі [72].
***
Пасля прымусовага продажу Тарноўшчыны за Кашыцамі застаўся маёнтак Вялікае Ольжава. Прадстаўніца рода у той час з'яўлялася - графіня Зоф'я Красіцкая з дома Кашыц (28.02.1852 - 25.01.1933). Яна нарадзілася ў Тарнова і была дачкрй Канстантына Кашыца і Юліі з Нясілоўскіх. Муж - Раман Станіслаў Красіцкі (1844-1878). Мела сына Алексу Яна Марьяна (1878-1935) які быў жанаты на Эльжбеце Красіцкай. Памерла ў Лідзе, пахавана на Росах ў Вільні.
Лідскія Красіцкія паходзяць з Літоўска-Валынскай лініі графаў Красіцкіх. Прадзед Цэцыіліі - Юзаф Красіцкі (сын Караля Аляксандра Красіцкага і Катажыны з Чацвярцінскіх), быў жанаты на Юстыне з Сапегаў, яны мелі двух сыноў, якія памерлі ад сухотаў. Дзед Цэцыліі Красіцкай - Раман памёр ва ўзросце 34 года за некалькі месяцаў да нараджэння свайго сына і бацькі Цэцыліі, быў жанаты на Зоф'і з Кашыцаў.
Бацькі Цэцыліі - Алексы і Эльжбета Красіцкія першыя тры года адразу пасля шлюбу жылі ў радавым маёнтку Шабастоўка на Падолле. Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны, у 1921 г. бацькі Цэцыліі пераехалі ў маёнтак Вялікае Вольжава, які належаў яе Зоф'і Красіцкай з Кашыцаў - маці Алексы Красіцкага, бабулі Цэцыліі.
У 1936 г. Эльжбета Красіцкая выдае ў Лідзе кніжку паэзіі [73]. У рэцэнзіі надрукаванай ў газеце «Лідская Зямля», указваецца, што графіня ў сваёй кнізе прапагандуе мясцовы фальклор і з'яўляецца прыхільніцай народнага мастацтва. «Пані Красіцкая, была адной з першых, хто патрымаў неабходнасць узняць якасць вырабаў з мясцовага ільну да ўзроўню, калі ён змог бы цалкам замяніць бавоўну. Праблемы ільнаводства ў 1930-м г. яна абмяркоўвала на старонках "Сучаснай кабеты". Энтузіястка рэгіяналізму і сялян, у сваіх вершах яна акцэптуе свае гарачае замілаванне да вёсцы» [74]. Дадам, што з патрыятычнай ідэяй цалкам замяніць імпартную бавоўну на мясцовы лён у той час выступіў генерал Люцыян Жалігоўскі.
Маёнтак Вялікае Ольжава меў 2500 га і кіраваўся адміністратарам, палац маёнтка разам з іншымі пабудовамі, быў спалены падчас вайны. Захаваўся толькі драўляны сядзібны дом, пабудаваны ў XVIII ст., у ім і пасяліліся новыя гаспадары. Гэты стары дом меў анфіладную планіроўку, праз увесь дом можна было пераходзіць з пакоя ў пакой. Першым у доме быў доўгі калідор, потым канцылярыя. У сярэдзіне мелася вялікая сталовая (з сталовай можна было адразу прайсці ў бацькоўскую спальню), за ёй салон, потым тры пакоі ў шырыню дома. За салонам была гасціная, потым кабінет бацькі, спальня бацькоў, спальня Цэцыліі, пакой Цэцыліі, пакой гувернанткі-францужанкі, потым пакой служкаў і кухня. Паміж пакоямі стаялі вялікія кафляныя печы кожная з якіх абагравала адразу два памяшкання.
Перад сядзібай расла ліпа пад якой стаяў стол і лавы. Сядзібны дом замыкаў квадрат фальварка ў якім мелася стадола, спіхлеры [75] для сена і саломы, парк з садам і згарэўшым палацам, за палацам меліся аборы і стайня, кузня і дамы для прыслугі на чатыры кватэры (так званыя чваракі). Мелася таксама птушарня для качак і гусей, якія плавалі ў суседняй сажалцы а ў парку жылі два паўліна. Перад згарэўшым палацам быў вялікі газон на якім расла белая спірэя і квітнелі чырвоныя райскія яблыні, ствараючы гэтым бела-чырвоную кукарду. Двор быў аточаны садам у якім было шмат маліны.
Маёнтак спецыялізаваўся на вытворчасці малака, у гаспадарцы трымалі каля 100 малочных кароў. З гэтага малака яўрэй Ілютовіч, які жыў у маёнтку, вырабляў галандскія сыры. Ольжаўскія сыры можна было купіць у самім маёнтку, у Лідзе, Вільне ці Варшаве і нават у самой Галандыі.
Па звычаю, на Каляды, леснікі маёнтка праносілі праз двор елачкі. Бацькі Цэцыліі выбіралі самую прыгожую елачку і ўзнагароджвалі лесніка, які яе прынёс. Астатнія елкі раздавалі прыслузе.
А на Вялікдзень сям'ю прыходзіў віншаваць мясцовы яўрэй Ілютовіч. Ён прэзентаваў гаспадарам маёнтка скрынку з мацой. На Вялікдзень заўсёды быў прыгожа ўбраны вялікі стол пад белым абрусам на якім стаяла шмат прысмакаў. На раніцы ўсе ехалі ў Белагрудскі касцёл на імшу якую праводзіў ксяндз Гародзька, пасля імшы вярталіся на святочны сняданак.
Цэцылія нарадзілася ў 1921 г. у Лідзе але месцам нараджэння было запісана Вялікае Ольжава.
Маці Цэцыліі Эльжбета Красіцкая добра ведала арцыбіскупа-мітрапаліта Рамуальда Ялбжыкоўскага які ўгаварыў яе прыняць удзел у пабудове Слабадскога касцёла ў Лідзе. У выніку, касцёл быў пабудаваны з лесу маёнтка Вялікае Ольжава. Цэцылія нават на год пазней прыняла першую камунію - каб зрабіць гэта менавіта ў новым касцёле. Першую камунію прымала разам з двума дочкамі служак, пасля імшы дзяўчынак у Вялікім Ольжаве частавалі марозівам.
Цэцылія расла і выхоўвалася ў маёнтку, яна мела тут няню па прозвішчу Капля і гувернантку-францужанку мадам Шубэн, жонку царскага афіцэра. Да паступлення ў школу Цэцылію рыхтаваў дырэктар суседняй школы П. Маргенстэрн.
У 10 гадоў Цэцылія пачала вучыцца ў пансіёне сясцёр-бенедыктынак у Вільні, адразу была прынятая ў 4 клас. На пачатку сакавіка, на Казюкі, да дачкі ў Вільню заўсёды прыязджала маці і забірала яе да арцыбіскупа. Арцыбіскупу яны прыносілі кветкі і пернік у выглядзе сэрца. На гэтых спатканнях Цэцылія страшна нудзілася. Аднак на ўсе жыццё яна запомніла, як з балкона арцыбіскупа назірала за жалобнай працэсіяй, якая перавозіла сэрца маршала Пілсудскага з Віленскай катэдры на могілкі Росы.
А на Каляды і Вялікдзень дзяўчынка вярталася ў Вялікае Ольжава. Падчас летняга адпачынку ў бацькоў, Цэцылія любіла ездзіць конна і нават мела свайго каня. У канцы лета 1939 г. з маёнтка ў войска былі мабілізаваныя легкавая і грузавая аўтамашыны, таксама забралі коней разам з канём Цэцыліі.
17 верасня 1939 г. Цэцылія разам з маці знаходзілася ў Вялікім Ольжаве. На раніцы яе абудзіла маці і сказала, што Саветы ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. Разам яны селі на звычайны сялянскі воз і паехалі ў бок Вільні, у сталіцы края яны былі 18 верасня.
У Вільні Цэцылія вярнулася ў свой пансіён і правучылася ўвесь вучэбны год (1939 - 1940). Пасля далучэння Літвы да СССР, дзяўчына яшчэ год вучылася ў савецкай школе.
У чэрвені 1941 г. прыйшлі немцы. Яны выдалі загад які прымушаў уладальнікаў маёнткаў вярнуцца ў свае гаспадаркі. Таму ў ліпені 1941 г. Эльжбета Красіцкая з сваёй сяброўкай і дачкой вярнулася ў Вялікае Вольжава. Дам быў заняты і сям'я пасяліліся у чвараку. У жніўні 1941 г. нямецкія ўлады прызначылі Эльжбету Красіцкую адміністратарам маёнтка і выдалі план ёй па здачы сельскагаспадарчай прадукцыі.
З-за небяспекі, на пачатку лета 1942 г. Эльжбета Красіцкая з сяброўкай пераехалі ў Ліду а Цэцылія засталася ў маёнтку і прыняла на сябе абавязкі маці. Але небяспека з боку чырвоных партызан павялічвалася і восенню ў Ліду пераехала і маладая гаспадыня. У Лідзе дзяўчына пазнаёмілася з сваім будучым мужам Станіславам Маскала. Каб не патрапіць пад вываз на працу ў Германію, Цэцылія да шлюбу, паўтара года працавала на бровары. У гэты час сям'я жыла ў арандаванай палове дома з садам, а сваю швейную машынку Зінгер Эльжбета Красіцкая абмяняла на карову і корм для гэтай каровы на два года, у дадатку яна атрымала яшчэ і два вядра мёду.
У студзені 1944 г. Цэцылія Красіцкая выйшла замуж за Станіслава Маскала [76].
Станіслаў Маскала (1916-2004) нарадзіўся ў Белагрудзе. Вучыўся ў лідскай гімназіі і з дзяцінства захапляўся музыкай. Пасля гімназіі закончыў школу падкарунжых і 1939 г. сустрэў кадравым ваенным. Падчас вайны знаходзіўся ў Лідзе, быў афіцэрам АК і працаваў арганістам у касцёле.
У студзені 1945 г. Маскала быў арыштаваны і вывезены ў Сібір. Музыка дапамагла яму выжыць і ў лагеры. Ніякай сувязі з роднымі не было, Станіслаў не ведаў як жыве яго сын Міхал, не ведаў ён і што выхоўвае яго ўжо новы партнёр Цэцыліі. У 1956 г. Станіслава Маскалу выпусцілі з лагера і ён выехаў у Польшчу. Праз нейкі час паўторна ажаніўся. З першай жонкай і сынам заўсёды меў добрыя стасункі [77].
Адразу пасля арышту мужа, каб не патрапіць пад арышт, Цэцылія ўехала ў Вільню. Адтуль перабралася ў Люблін а потым у Варшаву. Тут, у жніўні 1945 г. нарадзіўся сын Міхал Маскала-Красіцкі а ўжо ў верасні яна запісалася ў Акадэмію палітычных навук, дзе вучылася 3 года [78].
* * *
15 верасня 2017 г. у Варшаве я сустрэўся з дачкой апошняй уладальніцы маёнтка Вялікае Ольжава Цэцыліяй Красіцкай якая ўзначальвае фонд «Крэсы усходнія Рэчы Паспалітай, спадчына і памяць».
Жыве Цэцылія Красіцкая ў раёне Варшавы, забудаваным на пачатку 1960-х гг., невялікімі двухпавярховымі домікамі, жыве ў двухпакаёвай кватэры. Калі ў яе гасціннай зале сабраліся іншыя сябры фонду, пачалася двухгадзінная размова, якую Красіцкая пачала фразай: «Мы ўсе нарадзіліся ў Лідзе». Абмяркоўвалася шмат тэм, але галоўнай тэмай быў наш горад.
Напісаць жа я хачу пра дзве рэчы.
Цэцылія Красіцкая дыпламатычна сказала, што шмат з таго, пра што напісаў адзін з аматараў лідскай гісторыі на адным з лідскіх сайтаў пра падзеі ў маёнтку Ольжава, ніколі не было ў рэчаіснасці. На той момант я не чытаў гэтая артыкулы, таму нават бараніў аўтара і давёў графіне, што ўспаміны людзей, якія прыводзіліся ў тых артыкулах, з'яўляецца карыснымі толькі тады, калі аўтар добра валодае матэрыялам і разумее як трэба інтэрпрэтаваць напісанае - верагодна ў дадзеным выпадку гэтага не было. Па-другое не трэба ўсур'ёз ставіцца да нейкіх не рэцэнзаваных і не рэдагаваных тэкстаў у інтэрнэце - вартасна гэта амаль тое самае што і надпісы на плоце. Потым, прачытаўшы тыя тэксты, знайшоў яшчэ шмат фактычных памылак, але лічу, што патрэбна з павагай ставіцца да жадання людзей вывучаць нашу гісторыю, нават калі яны не вельмі разумеюць тое, пра што пішуць. Тыя памылкі цалкам зразумелыя калі ведаць, што аўтар гэтых ужо цалкам забытых тэкстаў нават географіяй (здаецца, гэта яго прафесія) не займаўся ўжо больш за 40 гадоў.
Другім цікавым для мяне момантам былі ўспамін графіні Красіцкай пра мову. Яна сказала, што польскую мову пачала вывучаць ва ўзросце 5 - 6 гадоў разам з французскай і ў сям'і да гэтага заўсёды размаўляла па-беларуску. Неяк, менавіта ва ўзросце 5 гадоў яна гуляла з сялянскімі дзецьмі і яны заўважылі ў Ольжава іншых дзяцей, якія размаўлялі на нейкай іншай мове. Спыталіся і даведаліся што гэтыя дзеці размаўляюць па-польску бо яны ... палякі!
- А я тады хто!? - закрычала малая Цэцылія - Мама кажа, што гэта мы палякі!
Вось такая гісторыя пра тое, на якой мове размаўлялі графы Красіцкія ў сваёй сям'і ў 1920-я гг.
[1] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze. - Warszawa, Poznan, 1959. T.V. S.52-53.
[2] Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 39-40.
[3] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. Krakow 1939. T. 1, z. 2. S. 295.
[4] Rocznik Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie. 1921-1923. T. 6. Kraków, 1923. S. 120-122.
[5] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // SZ. Warszawa, Poznan, 1959. T. IV. S. 92-93.
[6] Там жа. S. 101.
[7] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. С.-Петербург, 1910. Т. 27. С. 693-694.
[8] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1892. С. 683.
[9] Там жа. С. 661.
[10] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 6 (1494-1506). Vilnius, 2007. P. 350.
[11] Там жа. P. 130.
[12] Метрыка Вялікага Княста Літоўскага. (1523 - 1560). Кніга запісаў 43. Мінск, 2003. С. 80.
[13] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440-1498): Užrašymų knyga 3 / Parengė L. Anužytė ir A. Baliulis. Vilnius, 1998. С.78.
[14] Думін С. Кішкі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2005. Т. 2. С. 101.
[15] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 25.
[16] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 229 (1540-1541). 10-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija). Vilnius, 2003. P. 94-90.
[17] Андрэй Яновіч Завіша (каля 1490 - каля 1534) падкаморы, з 1519 г. цівун віленскі. У другім шлюбе быў жанаты на Барбары Кежгайлам. У 1528 г. выставляў у войска 29 коней.
[18] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 229 (1540-1541). P. 95.
[19] Там жа. P. 98.
[20] Там жа. P. 99.
[21] Думін С. Кішкі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. С. 101.
[22] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. С.-Петербург, 1915. Т. 33. С. 285.
[23] Там жа. С. 747.
[24] Там жа. С. 749 - 750.
[25] Прылбіца - тып шлема. Адрозніваліся паўсферычнай тульяй якая даходзіла да пераносся і таму меліся паўвыразы для вачэй. Забяспечваліся кругавой барміцай якая цалкам закрывала твар.
[26] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. С.-Петербург, 1915. Т. 33. С. 753.
[27] Там жа.
[28] Литовская метрика. Кнiга 272. (1576-1579). Мінск, 2015. С. 234 - 236.
[29] Biblioteka Czartoryjskich. Archiu Drucko-Lubeckich. Sygn. 13135. Аркушы без нумароў.
[30] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 676. K. 1-8.
[31] Там жа. K. 9-13.
[32] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 676. K. 16-18.
[33] Там жа. K. 20-28.
[34] Там жа. K. 30-36.
[35] Там жа. K. 38-44.
[36] Думін С. Кішкі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2005. Т. 2. С. 101.
[37] Metryka Litewska. Rejestry Wielkiego Ksęstwa litewskiego. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 200-235.
[38] Vilnius University Library. F5-A8-1915. Podymny rejestr szlachty powiatu Lidzkiego, 1728. Аркушы без нумароў.
[39] Асабісты архіў аўтара. Арк. 148.; 151.
[40] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 83.
[41] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Лідская // Лідскі летапісец. 2013. №1(61). С. 30-35.
[42] Для лідскага пробашча усе гэтыя паны - толькі васпаны, а для белагрудскага - яснавяльможныя паны. Белагрудскі пробашч больш высока велічаў шляхціцаў чым лідскі. Магчыма таму, што яны былі яго суседзі.
[43] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Белагрудская парафія // Лідскі летапісец. 2012. №2(58). С. 23-26.
[44] У 1788 г. Ян Гінет - Лідскі крайчы. Гл. Herbarz polski Kaspra Niesieckiego, S. J. Powiеkszony dodatkami ..., T. 4. Lipsk. 1839. S. 118.
[45] Ілія Бялкевіч - гарадзенскі сурагатар, парах скідзельскі. Гл. Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 124.
[46] ДГАЛ. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 127.
[47] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 38-39.
[48] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Белагрудская парафія // Лідскі летапісец. 2012. №2(58). С. 23-26.
[49] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Лідская // Лідскі летапісец. 2013. №1(61). С. 30-35.
[50] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 40.
[51] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Сп. 10. Спіс парафіян Лідскага дэканату 1829 г. Лідская царква Арк. 189 - 193 адв.
[52] Jucevičius Liudvikas. Mokyti žemaičiai. Vilnius, 1975. P. 70-71.
[53] Malewski Czesslaw. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majątków pow. Lidzkiego // Ziemia lidzka. 2004. № 2(60).
[54] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. S. 37.
[55] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 40.
[56] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. S. 101.
[57] Гарбачова В.В. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках // Arche. 2010. № 12. С. 123.
[58] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 41.
[59] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1886. T. VII. S. 520.
[60] Гарбачова В.В. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках. С. 124 - 125.
[61] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 41.
[62] Шымялевіч Міхал. Збор твораў. С. 41.; 45.
[63] Гл.: Лаўрэш Леанід. Кароль Андоры з-пад Ліды // Маладосць. 2014. №10. С. 114-125.; Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра караля Андорры // Лідскі Летапісец. 2018. № 1(81). С. 37-50.
[64] Kuryer Litewski № 219, 29 września (11 października) 1906.
[65] Наша Ніва №32, 26(8) akciabra 1907.
[66] Гоман № 72, 20 кастрычніка 1916.
[67] Наша Справа № 8, 24 снежня 1926.
[68]Той крыж прастаяў да канца 90-х гадоў, на ім была пазначана дата: 1925 год, і старыя людзі апавядалі пра камяні з надпісамі, якія пры саветах патапілі ў балоце, і месца паказалі. Такім чынам можна лічыць, што першы крыж на магілах паўстанцаў паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі, каля якога былі пастаўленыя новыя крыжы ў 1995 г., быў пастаўлены ў 1925 годзе, а надмагільны камень, якога няма - у 1928 годзе. Аўтэнтычны камень 1863 года захаваўся на адной з магіл праз усе часы і ўлады. Больш чым праз паўстагоддзя стары лідзянін Мікалай Стралюк успамінаў: «Гэта месца называюць Грушы, было шмат грушак. Быў вялікі камень. Там было напісана 1863 г. Крыжык быў такі, крыж паставілі ў 1925 г. Паставіў асаднік Лучко. Знайшоў камень з датай 1863 г. Зрабілі мітынг, ксёндз асвяціў. Ядловец пасадзілі каля крыжу. Грубы быў, высокі. Палкоўнік Ардылоўскі Стэфан. ... Камень загарнулі ў Малым Ольжава або пад лазню, або пад кароўнік ... у траншэю»
[69] Zycie Nowogrodzkie №183(217), 9 sierpnia 1928.
[70] Słowo № 245(2455), 24 października 1930.
[71] Kurjer Wilenski № 278(4239), 9 października 1937.
[72] Гл.: Лаўрэш Леанід. Амброзі Кастравіцкі // Лідскі летапісец. 2019. №3(87). C. 49-52.
[73] Elżbieta Krasicka. Okruchy. Poezje. Lida, 1936.
[74] Ziemia Lidzka. 1936. № 7.
[75] Спіхлер - гаспадарчы будынак, які прызначаўся для захавання зерня ці іншых рэчаў.
[76] http://ziemianskie-historie.dobrzyca-muzeum.pl/biogramy.php?ido=333
[77] Zaręba-Wronkowska Jolanta. Stanisław Mockałło // Ziemia Lidzka. 2004. № 5 (63).
[78] http://ziemianskie-historie.dobrzyca-muzeum.pl/biogramy.php?ido=333