Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Ражанка 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 14-01-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 47-55.



З "Паведамленнях аб літоўскіх шляхах" ("Die Littauischen Wegeberichte") бачна, што каля 1400 г. гэтую маёмасць меў Доўкша Кімантавіч, і ў крыжацкіх крыніцах Ражанка мае назву Кімантэдорф. На поўдзень ад Ражанкі жыў Васюта, уладальнік вёскі "Waisedendorf" [1]. "Паведамленне аб літоўскіх шляхах" з'яўляецца важнай крыніцай па гісторыі ВКЛ і Лідчыны XIV ст., яно было напісана на мяжы XIV-XV ст., напярэдадні Вялікай вайны ВКЛ і Польскага каралеўства з Тэўтонскім ордэнам. Гэты тэкст утрымлівае апісанне дарог праз тэрыторыю заходняй часткі ВКЛ, у большасці сваёй зробленае паміж 1385 і 1404 г. шпіёнамі Ордэна.

Пачатковы праект Марконі перабудовы касцёла ў Ражанцы, 1827 г.

Першы вядомы ўладальнік Ражанкі Доўкша Кімантовіч атрымаў герб Пяршхала ў Гародлі. У Віленскай дамове 1401 г. як сведкі выступаюць Кімант з сынам Доўкшам. Апошні раз Доўкша Кімантавіч згадваецца ў Хрыстмемельскай дамове 1434 г. [2] Яго бацька Кімант упершыню згадваецца ў прывілеі Вітаўта 1388 г., апошні раз - у 1401 г. у Віленска-Радамскай дамове. У 1396 г. Кімант быў прызначаны Вітаўтам кіраўніком дэлегацыі на перамовы з Ордэнам пра межы. Ёсць меркаванне, што Кімант паходзіў з Гародні [3].

Потым маёмасць пераходзіць ад бацькі да сына - пасля Доўкшы ўладальнікам стаў яго сын Пац Доўкшавіч Кімантовіч [4]. Упершыню згадваецца ў Гарадзенскай дамове ў 1434 г., да якой ён прыклаў пячатку са знакам негарадзельскага паходжання. На пячатцы Паца Доўкшавіча напісана імя яго дзеда - Кімант. Імя Паца Доўкшавіча прысутнічае ў прысязе да Берасцейскага міру ў 1435 і ў 1447 гг. У 1434 і 1435 гг. ён займаў пасаду гаспадарскага маршалка. Юзаф Вольф лічыць Паца Доўкшавіча пачынальнікам роду Пацаў, вядома, што ён меў сына Юрыя. Акрамя Ражанкі Пацы мелі вотчынную зямлю ў ваколіцах Гародні і маёнткі ў Камянецкім павеце [5].

Пачатковы праект Марконі перабудовы касцёла ў Ражанцы, 1827 г.

Пац Доўкшавіч некалькі разоў згадваецца ў Метрыцы ВКЛ: "Пацу Довъкшевичу Довъкгяловы люди, транадцать ч(о)л(о)в(е)ковъ Овъдеевичи, на имя: Олекса, Яков, Воробеи Павел, Ходот, Ондрон, Конон, Климъ, Тищъ, Осипъ, Величко, Микита, Ондрониск" і "Пацевичи Довкшевичи шесть ч(о)л(о)в(е)ка" [6].

Пасля Паца Доўкшавіча па чарзе Ражанкай валодалі: Юры Пацавіч [7] - сын Паца Доўкшавіча, герба Газдава. Юры Пацавіч упершыню згадваецца ў 1480 г., памёр ён у 1505 ці 1506 г. Быў жанаты два разы: з першай жонкай Анастасіяй меў сына Мікалая, які потым ажаніўся з дачкой князя Аляксандра Юр'евіча Гальшанскага Аляксандрай. Другая жонка Фядора (ці Федзька), дачка Яна Рагатынскага. Юры Пацавіч у 1480-1492 гг. займаў пасаду гаспадарскага маршалка, у 1486-1492 гг. - кіеўскага ваяводы. У 1492-1496 гг. - наваградскі стараста [8] - сын Паца Доўкшавіча, герба Газдава. Юры Пацавіч упершыню згадваецца ў 1480 г., памёр ён у 1505 ці 1506 г. Быў жанаты два разы: з першай жонкай Анастасіяй меў сына Мікалая, які потым ажаніўся з дачкой князя Аляксандра Юр'евіча Гальшанскага Аляксандрай. Другая жонка Фядора (ці Федзька), дачка Яна Рагатынскага. Юры Пацавіч у 1480-1492 гг. займаў пасаду гаспадарскага маршалка, у 1486-1492 гг. - кіеўскага ваяводы. У 1492-1496 гг. - наваградскі стараста [9]. У 1495 г. разам з жонкай Анастасіяй, сынам і групай кіеўскіх святароў Юры Пацавіч запісаўся ў брацтва св. Духа ў Рыме. У 1496-1500 гг. Юры Пацавіч - полацкі намеснік, у 1505 г. - мерацкі стараста [10]. Да Юрыя Пацавіча і яго другой жонкі Фядоры мы яшчэ вернемся.

Наступны гаспадар Ражанкі - сын Юрыя Пацавіча - літоўскі лоўчы і падкаморы ды падляшскі ваявода Мікалай Юр'евіч Пац (†1545/1546) [11], ён атрымаў гэтую маёмасць пасля смерці сваёй мачахі. У 1511 г. Мікалай Юр'евіч Пац паведаміў пра сваю маёмасць каля Гародні, якой валодалі яго продкі: "И панъ Микола поведалъ передъ нами: тая де пашня здавна дедина и отчизна моя была …" [12]. Кардынал Юрый Радзівіл запісаў у сваім дзённіку: "13 [кастрычніка] … я заначаваў у шаноўнага біскупа кіеўскага Мікалая Паца ў яго сядзібе Ражанцы, размешчанай за 4 мілі ад Васілішак, быў ім шчодра і ласкава прыняты" [13].

Віленскі кашталян Павел Пац (†1595) у 1594 г. перадаў Ражанку ў заставу літоўскаму падскарбію Дзмітрыю Халецкаму (†1598) [14] і пасля гэтага на працягу каля 90 гадоў Ражанка была маёмасцю гэтага роду.

Пасля смерці Дзімітрыя Халецкага маёмасць успадкаваў яго сын, лідскі маршалак Аляксандр Халецкі (†1651), потым яго ўдава Альжбета з Раецкіх, якая запавядала маёнтак свайму другому мужу, літоўскаму падчашаму Крыштафу Патоцкаму. Ад яго застаўныя правы на Ражанку перайшлі да кракаўскага ваяводы Фелікса Казіміра Патоцкага, а ад яго - да Гедэона і Яўфіміі Халецкіх.

Першым з Пацаў пажадаў вярнуць сямейную сядзібу вялікі літоўскі гетман і віленскі ваявода Міхал Казімір Пац (1624-1628), які 20.03.1682 г. падпісаў дамову з Халецкімі аб выкупе маёмасці. Аднак яго раптоўная і безпатомная смерць 04.04.1682 г. зрабіла вынікі дамовы нядзейснымі. Пасля яго смерці спадчыннікі зракліся ад правоў на Ражанку на карысць батоцкага старасты Яна Крыштафа Паца, які пасля яшчэ 3-х гадовай спрэчкі з Халецкімі 03.04.1685 г. увайшоў у права валодання маёнткам, хоць усе юрыдычныя праблемы былі вырашаны толькі 19.06.1687 г. Пасля яго безпатомнай смерці ў 1702 г. маёнтак перайшоў да яго ўдавы Зоф'і з Падбярэскіх (†1720 г.). Чарговым дзедзічам Ражанкі стаў пляменнік Яна Кшыштафа, вілейскі стараста Пётр Пац (†1756 г.), які ў 1727 г. атрымаў для мястэчка Ражанка права на тры кірмашы ў год.

Наступным уладальніка Ражанкі стаў Юзаф Пётр Пац (1736-1797), з магнацкага роду Пацаў герба Газдава. Бацька - стараста пінскі і вілейскі Пётр Пац, маці - князёўна Ефрасіння з Агінскіх, сёстры - Бенядзікта і Альжбета. Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, у 1757 г. Юзаф Пётр Пац атрымаў патэнт генерал-маёра літоўскіх войскаў, а не пазней за 1758 г. - патэнт генерал-ад'ютанта вялікай літоўскай булавы [15].

У дэпешы ад 2 кастрычніка 1767 г. да прэзідэнта калегіі замежных спраў Расійскай імперыі Мікіты Паніна, расійскі пасланнік Мікалай Рапнін назваў Юзафа Паца годным чалавекам для рэалізацыі расійскіх планаў на сойме 1767 г., куды ён абіраўся ад Лідскага павета [16]. Абіраўся Пац і дэпутатам ад Лідскага павета на канфедэратыўны сойм 1776 г. Ён з'яўляўся праціўнікам так званай "Фаміліі" - партыі Чартарыйскіх і Панятоўскіх. 16 сакавіка 1792 г. Юзафа Паца ўзнагародзілі ордэнам Белага арла.

24 красавіка 1794 года на плошчы перад ратушай ў Вільні быў урачыста абвешчаны "Акт паўстання", які пацвярджаў адзінства віленскіх інсургентаў з паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі. У той жа дзень была створана Найвышэйшая Літоўская Рада на чале якой стаў Юзаф Несялоўскі. Сярод іншых у склад Рады ўвайшоў і вілейскі стараста Юзаф Пац, ён лічыўся ў складзе ваеннай камісіі Рады. Пра сур'ёзнасць намераў гэтага "паўстанца" кажа тое, што 15 чэрвеня 1794 г. ён ахвяраваў паўстанню ажно тры лёгкія янычарскія ружжы! Нагадаю, што Юзаф Пац быў вельмі багатым чалавекам, бо ў сваім тастаманце (06.03.1797 г.) акрамя вялікай нерухомасці, ён пералічвае і грашовыя квоты ў памеры 4 мільёнаў злотых [17].

Першая хваля расійскіх казакаў прайшла праз Ражанку прасторы 7-15 траўня 1794 г., рабуючы маёмасць на сваім шляху. Маштабы рабункаў вядомы па такому факту, што ў лагеры генерала Цыцыянава пад Жалудком стаяла 4 тысячы падвод, нагружаных нарабаваным дабром. Казакі не маглі абысці маёнтак Юзафа Паца, але дзейнічалі больш акуратна. Орган Найвышэйшай Рады "Газета Нарадова Віленска" (Gazeta Narodowa Wileńska) паведамляе: "Цыцыянаў ... няведама з якіх прычын частку рэчаў, зрабаваных у ражанкаўскіх уладаннях пана старасты Вілейскага, вярнуў уладальніку, менавіта 28 коней, і з забранай сумы некалькі тысяч аддаў, а ў два разы больш сабе і сваім падначаленым пакінуў" [18]. Напалеон Роўба пісаў, што з ражанкаўскага маёнтка расійскія грэнадзёры вывялі 35 жарабцоў і кабыл коштам не меней, не меней як па 100 чырвоных злотых за кожную жывёлу і вывезлі 4693 чырвоных злотых і да 10 пудоў срэбра [19]. У пачатку лета 1794 г. у Ражанцы стаялі лагерам паўстанцкія аддзелы генерала Хлявінскага [20].

У ліпені 1794 г. Юзаф Пац выехаў у Галіцыю "для папраўкі здароўя на водах" і вярнуўся толькі пасля задушэння паўстання.

Юзаф Пац меў вялікую зямельную маёмасць у Лідскім і іншых паветах, памёр 13.03.1797 г. ва ўзросце 61 год бяздзетным і быў пахаваны ў капліцы касцёла ў Ражанцы, дзе меў вялікую маёмасць (пісаўся - "граф на Ражане"). У тастаманце ад 09.03.1797 г. усю сваю маёмасць, акрамя раней запісанай для касцёла ў Ражанцы, запісаў свайму далёкаму крэўнаму Людвіку Міхалу Пацу "як апошняму з дома і роду пацаўскага" [21].


Генерал Людвік Пац (†1835 г.) быў апошнім уладальнікам Ражанкі, якая за удзел генерала ў паўстанні 1831 г. была ў 1832 г. канфіскавана і пераведзена ў дзяржаўную маёмасць [22].

Людвік Пац (1780-1835) быў сынам Міхала і Людвікі з Тызенгаўзаў. Цікава, што бацька Людвіка Паца - Міхал Пац "запаў у меланхолію і памёр 29 студзеня 1800 г. у Мыто (каля Ліды - Л. Л.), маючы 46 гадоў" - памёр у маёнтку свайго сына, але быў пахаваны "ў катакомбах Езненскага касцёла" [23].

Па сведчанні сучаснікаў, Людвік атрымаў "стараннае выхаванне ў Францыі, Англіі і на радзіме", а ў 1796 г. стаў студэнтам Віленскай акадэміі. Праз год атрымаў у спадкі ад далёкага сваяка Юзафа Паца вялікую маёмасць: ключы [24] Ражанку (з Мыто) і Гарадзішча на Лідчыне і Наваградчыне, Даўспуду, Рачкі і Мазуркі на Беласточчыне, якая ў той час стала часткай Прусіі, палацы ў Вільні і Гародні і тыя самыя 4 мільёны злотых гатоўкай, пра якія я пісаў вышэй.

Касцёл у Ражанцы на малюнку Напалеона Орды.

У 1802 г. Людвік па тагачасных законах стаў паўнагадовым і распачаў ваяжы па Еўропе: наведаў парыжскі салон княгіні Ганны Сапяжанкі, а потым з яе братам Станіславам Замойскім у 1803 г. перабраўся ў Лондан. Тут, у Англіі, Шатландыі і Ірландыі, ён вывучаў сельскую гаспадарку. У 1808 г. у Парыжы са званнем "шэф эскадрона" [25] паступіў у полк лёгкаконнай гвардыі. Ваяваў у Іспаніі, дзе атрымаў раненне багнетам у сцягно. Прыняў удзел Аўстра-Французскай вайне 1809 г., належаў да эскорту Напалеона, атрымаў ордэн Ганаровага легіёна, пасля чаго пайшоў у адстаўку і пераехаў у Варшаўскае княства. Адсюль ён займаўся арганізацый выведкі на тэрыторыі былога ВКЛ і перад кампаніяй 1812 г. атрымаў чын палкоўніка. Напачатку камандаваў 15-м палком уланаў, а ў траўні 1812 г. атрымаў 2-гі ўланскі полк. Пасля ўваходу Напалеона ў Вільню, сустракаў яго тут у сваім палацы. 16 ліпеня атрымаў чын брыгаднага генерала і прайшоў з Напалеонам да Масквы праз усе бітвы. У 1814 г. стаў дывізіённым генералам і камандаваў кавалерыйскай брыгадай, якую сам і сфармаваў. Пры канцы вайны камандаваў усёй французскай коннай гвардыяй і недалёка ад Парыжа быў паранены. На баку Напалеона прайшоў чатыры ваенныя кампаніі і пасля адстаўкі, у траўні 1814 г,. выехаў у Англію, дзе зноў пільна вывучаў сельскую гаспадарку.

Пасля амністыі Людвік Пац вярнуўся дахаты і тут разам з Адамам Чартарыйскім прэтэндаваў на руку Ганны Сапяжанкі. Канкурэнцыя з Чартарыйскім за руку і сэрца дзяўчыны набыла палітычнае адценне, бо Адам Чартарыйскі быў сябрам маладосці цара Аляксандра І і ў 1804-1806 гг. займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі. Справа даходзіла да дуэляў са шчаслівым канкурэнтам, і цікава, што апошняя дуэль паміж імі адбылася, калі абодва рывалі ўжо былі жанатыя.

У 1817 г. Людвік Пац бярэ шлюб з Каралінай Малахоўскай, якая прынесла яму 1 мільён злотых пасагу. Але хутка, у 1822 г. ён аўдавеў. Жыў у беластоцкіх маёнтках і быў віца-прэзідэнтам мясцовага Аграрнага таварыства. Пабудаваў цікавы палац у стылі англійскай готыкі ў Даўспудзе і перабудаваў куплены ў 1823 г. у Радзівілаў палац па вуліцы Мядовай у Варшаве, пасля рэканструкцыі, тут паўстала "адно з самых арыгінальных прасторавых рашэнняў Варшавы". Палац паступова ператварыўся ў музей, дзе месціліся калекцыі Людвіка Паца, у тым ліку і калекцыя антыкаў, купленая ім асабіста ў Рыме і Пампеях. Тут былі грэцкая, гатычная, і маўрытанская залы і калекцыі жывапісу, у тым ліку і партрэты Пацаў розных эпох. Госці з захапленнем разглядалі сервізы са срэбра, крышталю, наборы сеўрскай парцэляны коштам у дзесяткі дукатаў за талерку. Жартавалі, што гэты гмах актуалізаваў даўнюю прымаўку: "Варты Пац палаца". Менавіта ў гэтым палацы і жыў калятар царквы ў Мыто. Перад 1830 г. нерухомасць Паца ў Польскім каралеўстве ацэньвалася ў 3 мільёны, а ў былым ВКЛ - у 1 мільён злотых [26].


Касцёл у Ражанцы з'явіўся па ініцыятыве вельмі цікавай жанчыны Фядоры з Рагатынскіх, асобы, якая як быццам, зышла са старонак авантурнага гістарычнага рамана. Раскажу пра як, спасылаючыся на вядомага гісторыка Юзафа Вольфа.

Першым мужам Фядоры быў князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі, які вядомы нам па сваіх набожных фундацыях. Разам са сваёй жонкаю Фядорай у 1473 г. фундаваў царкву ў гонар Божага Нараджэння ў сваім маёнтку Дабучаны (цяпер Пружаны). Фядора была дачкою пана Івана Рагатынскага, а ўнучкаю (па маці) князя Андрэя Уладзіміравіча Альгердавіча. Абое, князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі ды ягоная жонка княгіня Фядора (ці Федка), у 1478 г. пацвярджаюць запіс князя Андрэя Уладзіміравіча, які са сваёй жонкаю Марыяй запісаў маёнтак Осава на царкву Прачыстай Маці Божай у Кіеве, а ў наступным годзе пацвярджаюць святару Якубу загадванне царквою Маці Божай у Кобрыне. Князь Іван ад імя сваёй жонкі ў 1484 г. судзіцца з князем Сямёнам Іванавічам Валадзімеравічам (Бельскім) за маёнткі жончынага дзеда, князя Андрэя Уладзіміравіча, i гэтыя маёнткі кароль прысудзіў княгіні Фядоры. На сваю жонку княгіню, дачку пана Івана Рагатынскага, а ўнучку князя Андрэя Уладзіміравіча, князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі запісаў трэцюю частку ўсёй сваёй маёмасці, а 25 студзеня 1487 г. запісвае на яе як пасаг дзве тысячы дукатаў з дзвюх іншых часткаў. Тым самым днём княгіня Фядора Іванава Сямёнавіча Кобрынская, адпісвае свайму мужу 2 000 злотых з дзвюх частак маёмасці, атрыманай у спадчыну па дзеду, князю Андрэю Уладзіміравічу.

Наступным днём муж ды жонка павялічваюць суму, выдадзеную на царкву ў Дабучанах, фундатарамі якой былі. У хуткім часе, каля 1490 г., памёр князь Іван, а княгіня Кобрынская Фядора, выконваючы волю нябожчыка мужа, 10 чэрвеня 1491 г. адпісвае манастыру Збавіцеля ў Кобрыне маёнтак Корчыцы. Па мужчынскай лініі на князі Іване скончыўся род князёў Кобрынскіх, і Кобрын вярнуўся да караля, які пакінуў княгіні Фядоры валоданне ім.

Каб маёмасць працавала на карысць дзяржавы, у канцы 1491 ці напачатку 1492 г. кароль выдаў Фядору за намесніка кіеўскага пана Юрыя Пацавіча. Юры Пацавіч у 1501 г. адышоў ад грамадскага жыцця ды пачаў кіраваць маёнткамі жонкі. Пад канец жыцця ён атрымаў ва ўладанне маёнтак Марэцкае і памёр каля 1506 г. Пані Юр'ева Пацэвіча Федзька ў хуткім часе па другім аўдавенні, у 1506 г., дабіваецца ад караля і вялікага князя Аляксандра пацверджання запісаў свайго першага мужа, князя Івана Сямёнавіча Кобрынскага, які запісаў на яе трэцюю частку ўсёй сваёй маёмасці. Спешка тая мела аснову, бо ейныя сваякі выказвалі сваё права на спадчыну. Ужо ў наступным годзе перад каралём Жыгімонтам зноў узнікае справа пані Юр'евай Пацэвіч з сястрою ейнага першага мужа Вацлававай Касцевічавай, якая, лічачы Кобрын сваім спадчынным маёнткам, выклікала на суд пані Пацаву. Кароль не прызнаў правоў пані Вацлававай ды яшчэ раз пацвердзіў валоданне Кобрынам пані Пацавай. У тым самым 1507 г. пані Пацава выйшла з усходняга абраду, якому ейныя продкі шчыра служылі, і перайшла ў каталіцызм, узяўшы імя Соф'я. Факт пераходу ў каталіцызм найлепей засведчаны ў пастанове каралевы Боны ад 1541 г.: архімандрыт Кобрынскага манастыра выклікае Мікалая Жамбоцкага на суд за зямлю, якую надаў манастыру князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі, на гэта Жамбоцкі прызнаецца, што пані Соф'я тыя землі дала ягонаму бацьку, аднак з увагі на тое, "што пані Соф'я па смерці свайго (першага) мужа князя Івана Сямёнавіча Кобрынскага выйшла за пана Паца i перайшла на рымскую веру, таму мела права тыя землі забіраць у царквы", аднак каралева загадвае вярнуць ix архімандрыту.

Адказваючы на позвы сваякоў, пані Юр'ева Пацава ў 1508 г. выклікае на суд Вацлава Касцевіча ды ягоную жонку за нанесеныя шкоды ў маёнтках i за запіс князёўны Кобрынскай. Каб дамагчыся свайго, пані Юр'ева Пацавіч Соф'я паказала каралю запіс княгіні Юлляны, сваёй свякрові, маці пані Вацлававай Касцевіча Ганны, якім яна адпісвае Юрыю Пацавічу ды ёй 600 коп грошаў з дзвюх частак Грушава і Чаравачыцаў; але кароль адхіляе скаргу пані Пацавай ды пакідае Касцевічам валоданне маёнткамі.

Хаця была ўжо ў гадах, пані Пацава у 1508 г. пашлюбавалася яшчэ і ў трэці раз, з Мікалаем Радзівілавічам, ваяводам Віленскім ды канцлерам Літоўскім. Перажыла яна, аднак, і трэцяга мужа, які памёр 16 ліпеня 1509 г. Трохразовая ўдава фундавала касцёл у Кобрыне ды адпісала Станіславу Жамбоцкаму зямлю Мардвіноўшчыну пад Кобрынам.

Будучы тры разы замужам, наша гераіня памерла без нашчадкаў у ліпені ці жніўні 1512 г. Пахаваная была ў Ражанцы, у маёнтку свайго пасынка Мікалая Юр'евіча Пацавіча. Зараз жа пасля ейнай смерці блізкія і далёкія сваякі заявілі пра свае правы на спадчыну.

У гэты ж час кароль пацвярджае ігумену Кобрынскага манастыра запіс нябожчыцы княгіні Іванавай Сямёнавіча Кобрынскай Фядоры на сяло Корчыцы. Сваім тастамантам, які падпісалі кароль i нават рымскі папа, Фядора-Соф'я запісала на свайго пасынка Мікалая Паца двары Лемніцу, Палонна з сёламі: Ходчам, Аляксеніцамі, Беразовічамі i Белым, 500 коп са Славенска, Магільна ды Кунасы, 250 коп доўгу княгіні Слуцкай i 80 коп доўгу князю Сакалінскаму; пры гэтым даручае яму пабудаваць касцёл у Ражанцы, дзе хоча быць пахаванай, ды расплаціцца з даўгамі.

Пац не мог захаваць тое, што адпісала яму мачаха, і быў выкліканы на суд князем Юрыем Сямёнавічам Слуцкім, князем Канстанцінам Астрожскім ды Аляксандрам Хадкевічам. Каб пазбегнуць працэсу, пачаў перамовы, у выніку чаго саступіў князю Канстанціну маёнткі "ў рускай старане", а менавіта - двары Лемніцу і Палонну, а таксама частку сумы, што запісала на яго мачаха. І нават праз некалькі дзесяткаў гадоў Пацу прысудзілі выплату віленскаму бургамістру 180 коп доўгу ягонай мачахі [27].


Ражанкаўская парафія згадваецца ў 1522 г. [28] але, верагодна, існавала яшчэ раней, разам з касцёлам св. Пятра і Паўла, які, як і жадала Фядора-Соф'я быў фундаваны ў 1514 ці 1516 г. Мікалаем Юр'евічам Пацам і Сядзібны дом у Ражанцы, 1930-я гг. яго жонкай Аляксандрай Гальшанскай. Ёсць інфармацыя што пад час Рэфармацыі касцёл стаў кальвінскім зборам, але калі гэта і сапраўды так, дык ужо ў 1595 г. храм у Ражанцы фігуруе ў спісе каталіцкіх парафій.

У 1578 г. будучы праваслаўны мітрапаліт Анісіфар, а ў той час "дваранін Яго Каралеўскай Міласці" Міхаіл Пятровіч Дзевачка прадставіў у Гарадзенскі земскі суд выпіс з актавых кніг Віленскага гродскага суда аб продажы яму кіеўскім рымска-каталіцкім епіскапам-намінатам Мікалаем Пацам часткі грунту ў маёнтку Ражанка за 60 коп літоўскіх грошаў. Сам дакумент аб продажы быў складзены ў Вільні яшчэ 28 жніўня 1577 г., а актыкаваны ў Віленскім гродскім судзе 15 снежня 1577 г. З дакумента вынікае, што на гэты час Міхаіл Пятровіч быў свецкай асобай і сямейным чалавекам - грунт набываецца пакупніком з магчымасцю перадачы "малжонце, детемъ и потомъкомъ его". З дакумента бачна, што Пац прадае гэты кавалак зямлі, бо ён яму мала патрэбны і ляжыць асобна ад іншых земляў маёнтка Ражанка "межы кгрунтовъ пана Девоччыных". Пададзена і падрабязнае апісанне межаў гэтага кавалка: "Идучы от Рожанки от грушки до ростани, отъ которое ростани две дороги пошли, делячы тые кгрунъты от кгрунтовъ пана Девоччыных, одна дорога по левеи идеть в болота Терпиж, тое дорогою до межы, которая делить кгрунт пана Девоччын названыи Глинаковщину тою межою в дорогу зъ Заболотья дворов земян повету Городеньского пановъ Павловичовъ Гамшеевъ и пана Залеского под двор Девоччынъ, а дорогою оною до тое ж вышеи мененое грушки и ростани от кого ся початокъ тым кгрунтомъ сталъ". Калі паглядзець на карту, то можна ўбачыць, што гэтыя землі належаць да маёнтка Алешавічы - у той час радавога маёнтка будучага мітрапаліта [29].

Бясспрэчна, першы касцёл быў драўляным. У першай палове ці каля сярэдзіны XVII ст. у Ражанцы паўстаў мураваны храм, пра такое датаванне, па меркаванні гісторыкаў архітэктуры, сведчыць тагачасная барочная архітэктура касцёла: агульны выгляд, тып скляпення і двухвежавы тып фасада, высокі празбітэрыюм з доўгімі вокнамі яшчэ гатычнай традыцыі, пра што вядома з вопіса 1700 г.

У 1659 г. касцёл быў разрабаваны, знішчаны ўсе дакументы, а пробашч касцёла Сымон Птак забіты. Наступны пробашч Стэфан Дранеўскі з 1668 г. займаўся рамонтам касцёла, і 17 чэрвеня 1674 г. біскуп Мікалай Слупскі высвяціў адноўленую святыню.

З візітацыі 1700 г. бачна, што касцёл быў пабудаваны ў форме крыжа з дзвюма капліцамі, меў двухвежавы фасад, сігнатурку і вежачкі над шчытамі капліц, а таксама аднапавярховую сакрыстыю.

У 1796 г. занатавана, што касцёл "па большай частцы развалены і зараз пусты", набажэнтвы адбываліся ў часовым, драўляным касцёле, пабудаваным у 1793 г. за грошы Юзафа Паца. У 1797 г. Пац загадаў зруйнаваць патрэсканы фасад старога касцёла. Ён не змог пачаць пабудову новага касцёла і пераклаў гэты абавязак за свайго спадкаемцу Людвіка Паца, пра што зрабіў запіс у сваім тастаманце [30].

5 сакавіка 1797 г. ён напісаў тастамант "Юзаф Пац, будучы па сваім бацьку Пятру, старастам Вілейскім, дзедзічам маёмасці Ражанка з авульсамі (авульс - фальварак без сялян) Далкеўшчынай і Заполлем, фальваркамі Тур'я, Малевічы, Багушоўшчына і Дражна ў Лідскім павеце [далей ідзе пералік маёнткаў па-за межамі Лідскага павета] … акрамя таго маючы палац ў Вільні і Гародні, аддаю ўсё гэта свайму найбліжэйшаму крэўнаму … Людвіку Пацу … як апошняму з дома і імені Пацаў ..". Таксама Юзаф Пац запісаў Людвіку Пацу маёмасць, якую ён сам набыў ў Лідскім павеце: "Вялікую Дзітву ці Мыто, а таксама Жыжму" і 4 мільёны злотых гатоўкай. Уладальнік Ражанкі пажадаў быць пахаваным у Ражанкаўскім касцёле [31].


Апошні з Пацаў - Людвік Пац, які меў палацы ў Варшаве, Вільні і Гародні, працягнуў будаваць у Ражанцы дасканалую рэзідэнцыю. У Варшаве ён трымаў дыстанцыю ад палітыкі, тым не менш з'яўляўся сенатарам каралеўства. Прыняў удзел у паўстанні 1830-1831 гг. і ахвяраваў на паўстанне 100 000 злотых - больш за ўсіх іншых сенатараў. Пасля паразы паўстання выехаў у Парыж [32].

Царскі ўрад канфіскаваў усю маёмасць Людвіка Паца, у тым ліку і ключ Ражанку (1351 душу) [33], але нейкія капіталы ў яго захаваліся, і таму і за мяжой граф заставаўся багатым чалавекам. У 1834 г. з рознымі даручэннямі кола эмігрантаў Пац выехаў з Парыжа ў Італію - жыў у Генуі, Рыме, Неапалі, дзе, пакінуўшы дачку пад нагляд манахінь, усю зіму бавіўся ў арыстакратычным "элегантным свеце". У 1835 г. выехаў у Грэцыю, дзе таксама займаўся палітычнымі справамі. З Афін перабраўся ў старажытны грэцкі горад Смірна, што ў Малой Азіі [34] дзе 31.08.1835 г. памёр. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Людвік Пац для Адама Міцкевіча з'яўляўся правобразам Графа ў паэме "Пан Тадэвуш" [35].

Адзіная дачка Людвіка Паца - Людвіка (1819 г.н.) выйшла замуж за князя Ксаверыя Сапегу з Высокага Літоўскага. Аднак яна мала што магла ўспадкаваць ад свайго бацькі, маёмасць якога была канфіскавана за ўдзел у паўстанні 1831 г. Канфіскавана была таксама і Ражанка. Са "Слоўніка геаграфічнага" даведваемся, што ў другой палове XIX ст. маёнтак Ражанка быў дзяржаўнай маёмасцю, якая паступова была распрададзена мясцоваму насельніцтву.


Напрыканцы XVIII ст. Юзаф Пац пабудаваў новую сядзібу па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, двухпавярховую аранжарэю, пейзажны парк і гаспадарчы двор, істотна пашыраны пры наступных уладальніках Ражанкі. Вядома, што Юзаф Пац быў вялікім аматарам коней і, верагодна, з тых часоў і пайшла легенда пра дываны і люстэркі ў пацавых стайнях, хто ведае, можа, гэта была і праўда

Палаца-паркавы комплекс з'явіўся тут напрыканцы ХVІІІ стагоддзя. Праект італьянскага дойліда Карла Спампані як нельга лепш адпавядаў амбіцыйным запатрабаванням гаспадароў, ён уключаў аднапавярховы сядзібны дом з высокім ламаным дахам, два аднапавярховыя флігелі - раскоша панавала тут і ў архітэктурных формах, і ў інтэр'ерах. Сядзібу акружаў шыкоўны парк з круглымі газонамі, англійскім садам і мураванай аранжарэяй на два паверхі, дзе, безумоўна, валадарылі ружы. Флігель, канюшня ды фрагменты парку - гэта, на жаль, усё, што сёння засталося ад колішняга фальварка.

Да 1939 г. у Ражанцы ў добрым стане захоўвалася вялікая сядзіба, якая магчыма, паходзіла яшчэ з XVII ст. У гэтым двары, да смерці Юзафа Паца, сям'я мела сваю рэзідэнцыю. Аднапавярховы сядзібны дом меў форму шырокага прастакутніка. Ад фронту, з правага боку да дома была дабудавана вялікая веранда. Высокі гонтававы дах амаль што ў два разы перавышаў вышыню самога дома. У 1920-30-я гг. у гэтым доме знаходзілася сельска-гаспадарчая школа, дзякуючы якой быў захаваны вялікі парк з вялікім газонам перад фронтам дома [36].


У 1960-я гг. дом разабралі. Да цяперашняга часу захаваліся толькі стайня, рэшткі аранжарэi, парку і брукаванай дарогі.

Адметнасцю мястэчка Ражанка, безумоўна, і сёння з'яўляецца памятны слупкаплічка, які, па легендзе, Людвік Пац загадаў устанавіць у памяць усіх загінуўшых салдат падчас вайны 1812 г. Але ёсць меркаванне, што капліца паўстала яшчэ ў XVIII ст.


Людвік Пац досыць доўга не выконваў волю свайго памерлага сваяка і прыступіў да рамонту і перабудовы касцёла толькі ў 1824 г. Падчас гэтых работ, касцёлу быў нададзены сучасны, неагатычны выгляд. Вонкавыя працы былі закончаны ў 1828 г., а ўнутраныя ў 1830 г. - менавіта ў гэтым годзе былі пастаўлены мураваныя неагатычныя хоры і амбон. Пры выкананні работ не быў парушаны агульны контур ранейшага барочнага касцёла акрамя выгляду галоўнага фасада. Быў разабраны двухвежавы фасад і пабудаваны новы, плоскі фасад з гарызантальнымі падзеламі і мазаікай, які завяршаўся трохкутным шчытом.

Касцёл у Ражанцы, чэрвень 2021 г.

Архітэктар Генрык Марконі спраектаваў неагатычны касцёл у Ражанцы для генерала Людвіка Паца і таму сучасны выгляд касцёла - вынік перабудовы, бо ранейшы касцёл быў пабудаваны ў стылі барока. Ролю галоўнага элемента фасада сёння выконвае вежа, ссунутая на правы край. Першапачатковы праект Марконі прадугледжваў больш элементаў готыкі, чым мае сучасны касцёл. Адхіленнем ад першапачатковага стала тое, што камнем быў абліцованы ўвесь галоўны фасад, была захавана сакрыстыя i паўцыркульныя вокны на капліцах, бакавых фасадах і апсідзе, а таксама адмовіліся ад двух дадатковых вокнаў на капліцах [37]. Неаготыка, прыўнесеная на тэрыторыю сучаснай Беларусі Пацам, праз нейкі час стала асноўным стылем у каталіцкай архітэктуры.

Акрамя Марконі ў Ражанцы працавалі яшчэ два італьянцы, якіх запрасіў Людвік Пац. Нікола дэ Анджэліс з 1823 па 1828 г. намаляваў абраз свсв. Пятра і Паўла для новага галоўнага алтара. А Карла Аўрэлі ў 1823-1826 гг. выканаў для касцёла скульптуры са стуку св.св. Пятра і Паўла.

Энрыка Марконі (1792-1863 гг.) лічыцца адным з самых буйных польскіх архітэктараў XIX ст., ён нарадзіўся ў Рыме і быў старэйшым сынам італьянскага архітэктара Леанарда Марконі і Элеаноры з Гербертаў.

Цікавую інфармацыю пра касцёл у Ражанцы паведаміў прыхаджанін суседняга касцёла ў Жалудку Яўстах Шалевіч. Як вядома, каталіцкім касцёлам у 1850-х гадах быў ініцыяваны рух за цвярозасць, які разглядаўся ўладамі як пагроза напаўненню бюджэту і небяспечная "польская" грамадская ініцыятыва. Аднак ураду давялося пайсці на пэўныя захады, каб зменшыць спажыванне алкаголю. Пасля 1863 г. ксяндзам было забаронена ўтрымліваць брацтвы цвярозасці, але некаторыя ксяндзы не склалі зброі і рабілі справу, пераважна, на споведзі. Шалевіч пісаў:

"Такім быў кс. Рыхлевіч з Ражанкі. Прыходзіць да яго чалавек да споведзі:

- А ці ты п'еш водку?

- П'ю, ксёнжачку!

- Тады ідзі сабе, з Богам, я цябе спавядаць не буду.

Пасля гэта чалавек кідаў піць і толькі тады ішоў да споведзі. І гэтак ксяндзы працягвалі сваю барацьбу" [38].

Таксама, Шалевіч паведаміў, што вікарый жалудоцкі кс. Ішора, пасля таго, як у 1863 г. прачытаў у сваім касцёле паўстанчы маніфест, "у той жа дзень выехаў да кс. Рыхлевіча ў Ражанку ... Кс. Ішора мог пайсці ў лес ці выехаць за мяжу, але яго арыштавалі, бо ён сам аддаў сябе ў рукі ўладаў, кажучы пры гэтым: "Я маніфест чытаў, бярыце мяне, пробашч не вінаваты …" [39].


У другой палове XIX ст. Ражанка стала звычайным яўрэйскім мястэчкам. Сёння ў былой сінагозе пачатку XX ст., якая ў савецкі час выкарыстоўвалася як клуб, размясцілася праваслаўная царква.

У 1924-1925 гг. адбыўся грунтоўны рамонт касцёла падчас якога з'явіўся насценны роспіс віленскіх мастакоў Казіміры і Міхала Роўбаў (роспіс не захаваўся да нашага часу).

Без страт касцёл у Ражанцы перажыў Другую сусветную вайну. Аднак пасля арышту ў 1949 г. апошняга пробашча кс. Яна Мароза касцёл не працаваў 40 гадоў. У 1961 г. была знесена плябанія, у 1974 г. згарэў дах касцёла, пасля чаго было знішчана скляпенне і насценныя роспісы.

У 1991 г. прайшла рэканструкцыя касцёла, пасля якой папярэдні інтэр'ер не быў узноўлены, з-за чаго сёння лепш чытаецца барочны стыль старога касцёла. І на галоўным фасадзе, як і раней, усіх наведвальнікаў касцёла сустракае тарча з выявай герба Пацаў Газдавай [40].

Дадатак

Пустэльнік з Ражанкі [41]


Каміла Юрэвіч з Нарбутаў


Не, гэта яшчэ не твае мясціны -

ты прыйшоў з іншых і для іншых ты наканаваны.

Дж. Г.


У эпоху, калі шал чалавечых учынкаў стрымлівае халодны розум, які ўсялякую экзальтацыя лічыць смешнай, у эпоху, калі нават надзея жыцця вечнага, надзея, якую не аспрэчваюць філосафы і якая аднак стала пытаннем для асвечанага класа і вырашаецца ім па-рознаму, словам, у ХІХ стагоддзі незвычайнай з'явай павінен лічыцца рэлігійны летуценнік і пустэльнік, цалкам адарваны ад зямнога свету, пустэльнік, які з чыстай верай у Хрыста імкнецца да неба.

Аднак такі чалавек жыве ў Лідскім павеце, у Ражанкаўскай парафіі.

Я не жадаю ведаць - з гербам ён нарадзіўся ці без герба. Ці насілі яго продкі кунтушы і залатыя пасы, ці яны апраналіся ў шэрыя сукманы? Я ведаю толькі, што ад Бога ў святым хрышчэнні ён прыняў імя Ян, а ад бацькі - прозвішча Калясінскі [42].

Тры гады таму я чытала пра яго, а ў гэтым годзе, падчас наведвання сваіх кузынаў, якія жывуць у Ражанкаўскай парафіі, я з ім асабіста пазнаёмілася.

15 лютага з паняй Тэкляй М. мы паехалі ў Ражанку, да якой з маёнтка, дзе я гасцявала, было вёрст з дзесяць.

Заснежаныя палі, аголеныя ад лісця дрэвы, замёрзлыя ручаі. Гэты аднастайны зімовы від наднёманскага наваколля, прызвычайвае да думкі пра чалавека, выкрасленага са спісу жывых, і выклікае тугу, якую нарэшце перапыняюць словы маёй кузынкі: "Вось і Ражанка!"

Узняўшы вочы, я ўбачыла касцёл з дзвюма вежамі, пра які пазней даведалася, што ён быў вымураваны некалькі дзясяткаў гадоў таму на сродкі генерала Паца, на месцы старога храма, пабудаванага некалі яго продкамі. Тут знаходзяцца пахаванні графаў Пацаў. Але прах апошняга фундатара касцёла не змяшаўся з прахам продкаў - ён памёр у Смірне падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю [43].

Сані спыніліся за некалькі тысяч крокаў ад касцёла каля брамы, якая вядзе ў сад, дзе растуць фруктовыя дрэвы, італьянскія таполі, агрэст і іншыя расліны. З цяжкасцю сунуліся мы па снежных сумётах да хаціны, якая стаяла пасярод саду. Тут сустрэў нас высокі мужчына сярэдняга ўзросту і моцнага целаскладу, апрануты ў грубую вясковую вопратку. Яго аблічча казала пра лагодны характар, колер твару сведчыў аб добрым здароўі - гэта і быў пустэльнік.

Пасля прывітання яго імем Езуса Хрыстуса, мая сяброўка пані Тэкла М. назвала маё імя. Ён лёгка пакланіўся, падаў мне руку і дапамог прайсці праз цесныя сені ў пакой з шасцю малюсенькімі квадратнымі акенцамі. З мэблі тут меўся вялікі стол, два зэдлікі для сядзення і высокі пастамент з дошак, на якім паміж дзвюма лаёвымі свечкамі стаяў крыціфікс [44] і абраз Марыі Магдалены.

- Можа, пані, хацелі б паслухаць песні пустэльніка?

Сказаўшы гэта, ён запаліў свечкі і праспяваў гімн Богу. Тэкст гэтага гімна і ліст з тэкстам яго ўласнага рэлігійнага твора - вельмі містычны і амаль незразумелы, ён ахвяраваў мне пры развітанні.

Пасля спеваў пачалася размова наступнага зместу:

- Як даўно пан Калясінскі жыве ў гэтай хаце?

- Васямнаццаць гадоў.

- Што адштурхнула вас ад звычайнага жыцця?

- Воля майго Творцы, які прызваў мяне да сябе.

- Хацелася б ведаць, праз што выявілася гэта воля?

- Праз бязбожнасць людзей! - усклікнуў ён з бачным узрушэннем і хутка расказаў нам, як, скончыўшы школу шчучынскіх ксяндзоў-піяраў, ён доўгія гады служыў у маёнтках. Спачатку ў маёнтку генералавай Мараўскай, потым рахункаводам у генерала Паца. Тады, з-за павагі да Паца, ён расказаў яму аб дрэнных паводзінах яго служак, а потым з-за інтрыг гэтых паноў быў прымушаны звольніцца са службы.

Неразуменне Паца, подласць дворных і далейшыя непрыемныя падзеі, праз якія вёў яго лёс, пакінулі балючую рану на сэрцы і розуме, амаль што давялі да вар'яцтва. У такім ліхаманкавым стане ён пражыў цэлы год. Каб вярнуць здароўе, выпрасіў у ксяндза-пробашча Ражанкі паўтара морга закінутай смеццем зямлі, якую сваімі рукамі ачысціў, ускапаў і ўгнаіў. Дзве часткі засадзіў дрэвамі, а трэцюю, пакінуў пад ячмень і бульбу. З ячменю ён сам сабе пячэ праснакі і ўжывае іх замест хлеба, а бульба - яго адзіная ежа, бо ён ніколі не есць мяса, рыбы, масла і сыру. Восем гадоў жыў у падзямеллі, якое сам выкапаў. Аднак ад страшнага чаду часта на некалькі гадзін нават страчваў прытомнасць і таму мусіў паклікаць на дапамогу людзей і пабудаваць хацінку з двух малых пакойчыкаў, але з комінам і шведскай печчу. Я зазірнула ў яго спальню - тут не мелася ні ложка, ні посцілкі - адна толькі салома і ніякіх коўдраў.

- Улетку ў вас ёсць добры занятак ў садзе, але што вы робіце ў доўгія зімовыя вечары?

- Я вучу чытанню і катэхізісу сыноў бедных сялян.

- Я чула, - сказаў мая кузынка, - што галоўнай прычынай меланхоліі пана Калясінскага было няшчаснае каханне?

- Я хацеў ажаніцца, - сказаў ён, апусціўшы вочы, і сумны змрок пакрыў яго твар.

Задумлівы пустэльнік лаканічна паведаміў, што наша размова скончылася, пасля чаго мы развіталіся. Праводзячы нас, ён паказаў рукой на крыж, які стаяў на клумбе. Пад ім у цёплыя месяцы года ён мае звычку спяваць пакаянныя псалмы.

Я здзівілася, заўважыўшы дзясятак-другі вуллёў з пчоламі,.

- Пчолы задавальняюць адну з маіх неабходных патрэб: штогод маю некалькі рублёў за мёд і на гэтыя грошы купляю сабе адзенне.

З хаты пустэльніка мы напрасткі рушылі да двара Ражанка, былой любімай рэзідэнцыі старасты Паца (дзядзькі генерала), а сёння казённага маёнтка ў арэндзе панства Ж. Калі мы праходзілі ля паркана англійскага саду, бачылі гіганцкія дрэвы, з-за якіх, у адным месцы выглядаў грот, а ў другім альтанка. Вялікі, складзены з цэглы жылы дом страціў свой гатычны стыль, бо нядаўна былі разбураны дзве вежы, якія яго ўпрыгожвалі, і, нягледзячы на старанны рамонт, зроблены дзяржавай, дом ужо не заслугоўвае права называцца палацам, як яго завуць навакольныя жыхары. У гаспадыні, кабеты годнай веры пані Ж., я знайшла пацвярджэнне таго, пра што казаў яе блізкі сусед-пустэльнік пра свой лад жыцця, усё гэта была шчырая праўда.

Падчас майго тыднёвага знаходжання ў Ражанкаўскай парафіі я распытвала пра Яна Калясінскага асоб з рознага стану. Найбольш папулярная думкай была тая, што ў свой час ён закахаўся ў панну з багатага класа але яго пачуцці былі з пагардай адрынуты. Пасля ліхаманкавай гарачкі наступіла ціхая, лагодная меланхолія, вынікам якой і сталася самавыдаленне Калясінскага з грамадства і адмова ад усіх выгод і задавальненняў жыцця.

Відавочна, што такая, неацэненая людзьмі чулая і высакародная, душа прысвяціла сябе выключна Богу, замяніла зямны дабрабыт на надзею пра светлую вечнасць.

Тое, што атачае хатку Калясінскага, дае ўяўленне пра пяшчоту яго пачуццяў: сад мае форму сэрца і некалькі клумб маюць тую ж форму. У адной з іх расце пунсовая півоня, якая азначае (як ён сам тлумачыў мінулым летам маёй кузынцы) сумную рану. Дванаццаць таполяў, якія растуць роўнай лініяй - дванаццаць апосталаў. Пяць кустоў ружаў - пяць ран Хрыста, сем раслін розных відаў - сем смуткаў Маці Збаўцы.

Ад арыстакратыі Ражанкі (такую можна сустрэць паўсюдна) я пачула два крыўдныя для пустэльніка расказы: адзін элегантны пан, абапёршыся на мяккае, зручнае падгалоўе годнай канапы, з цыгарэтай у губе, запэўніў мяне, што Ян Калясінскі - невылечны вар'ят; другі, палітык-эканаміст, назваў яго непатрэбным цяжарам на зямлі.

На мой погляд, чалавек, які шануе Бога і праз навучанне бедных дзяцей чытанню і рэлігіі выконвае адзін з найвялікшых абавязкаў чалавека, не павінен разглядацца ні як вар'ят, ні як непатрэбны цяжар, тым больш, што забяспечвае ён сябе сам, сваёй ўласнай працай і не вымагае падтрымкі.

Я бачыла ў пустэльніка карліка, вышынёй толькі ў паўтара локця: гэта яго былы калега і адзіны таварыш, якога ён выратаваў дзесяць гадоў таму ад галоднай смерці. Гэты хлопец мае васямнаццаць гадоў, і ўжо не магчыма чакаць, што ён калісьці падрасце. Некаторыя людзі кажуць, што недахоп паўнавартаснай ежы (бо яе няма ў пустэльніка) - прычына яго малога росту.


Акрамя пустэльніка, у Ражанкаўскай парафіі ёсць яшчэ дзве рэчы, пра якія варта сказаць.

Вялікая прастора зямлі, на якой ёсць пашы і ворныя палі мае назву Абсоч - належыць яна цяпер абывацелям памежжа, але ў далёкім мінулым, (паводле мясцовай легенды) была ўласнасцю аднаго шляхціца, якому, вядомая ў нашай гісторыі каралева Бона, падаравала столькі зямлі, колькі ён мог абысці, г. зн., заараць адной сахой ад усходу да заходу сонца. Шляхціц праараў вялікі круг, і адсюль пайшла назва Абсоч.


Другой цікавай рэччу, ёсць прыгожая сасна на беразе Нёмана, у лесе маршалка Марачэўскага. Форма яе па-сапраўднаму незвычайная: вельмі тоўсты ствол разыходзіцца на дзве больш тонкія галіны, якія ўтвараюць вялікае акно, а потым яны зноў зліваюцца у адзін ствол, які заканчваецца наверсе густым вянком з галін. Праз гэтае акно нейкі сабака кусае людзей і жывёл, і гэта, на думку мясцовых людзей, з'яўляецца надзейнай абаронай супраць шаленства.



[1] Лаўрэш Леанід. Лідчына ў XIV стагоддзі // Лідскі Летапісец. 2020. № 3(91). С. 14-32

[2] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. Смаленск, 2014. С. 248.; 285.

[3] Там жа. С. 258.; 248.

[4] Wolff. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225.

[5] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 285.

[6] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3. (1440-1498). Vilnius, 1998. P. 37., 64.

[7] Wolff. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225-227.

[8] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 285-286.

[9] Wolff. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 7-8.

[10] Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. Смаленск, 2014. С. 285-286.

[11] Wolff. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225-227.

[12] РИБ. Т. 20. С. 753.

[13] Рагойша Аляксандр. Ражанка ў XIV - І пал. XX стст. Нарыс асобных (і дыскусійных) старонак гісторыі мястэчка (Глава з нашай сямейнай хронікі). Мінск, 2023. С. 13.

[14] Wolff. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225-227.

[15] Polski Słownik Biograficzny. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk. 1979. T. 24. S. 705.

[16] Носов Б. В. Установление российского господства в Речи Посполитой. 1756-1768 гг. Москва, 2004. С. 668.

[17] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 705.

[18] Рагойша Аляксандр. Ражанка ў XIV - І пал. XX стст. С. 6.

[19] Rouba N.. Przewodnik po Litwie i Białejrusi. Wilno, 1909. S. 169.

[20] Kuwałek R. Powstanie 1794 r. w powiecie lidzkim // Ziemia lidzka. 1994. № 15.

[21] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 705.

[22] Uchowicz K. Śladami Paców. Rzecz o kościele w Różance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 22-23.

[23] Wolff J. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 284-285., 305.

[24] Ключ - вялікі двор, які дзяліўся на фальваркі ці засценкі.

[25] У французскай арміі слова "шэф" з'яўлялася часткай назваў воінскіх званняў: маёр французскага войска традыцыйна называецца "шэф батальёна" (фр. Chef de bataillon) або "шэф эскадрона" (фр. Chef d'escadron).

[26] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 718-720.

[27] Вольф Юзаф. Князі на абшарах Вялікага Княства Літоўскага ад канца XIV ст. // Спадчына. 1993. №6. С. 86-88.

[28] Kurczewski Jan. Biskupstwo wileńskie Wilno, 1912. S. 177.

[29] Лісейчыкаў Д.В., Бобер І.М. «Варуючы и милуючы малъжонку мою законную веньчалъную...»: жыццё і смерць мітрапаліта-«дваяжэнца» Анісіфара Дзевачкі // Беларускі гістарычны часопіс. № 5. 2018. С. 14.

[30] Uchowicz K. Śladami Paców. Rzecz o kościele w Różance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 24-26.

[31] Wolff. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne 1885. S. 284-285., 305.

[32] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 721-720.

[33] Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. Гродна, 2016. С. 209.

[34] Разваліны Смірны знаходзяцца зараз на тэрыторыі сучаснага турэцкага горада Ізмір.

[35] Polski Słownik Biograficzny. T. 24. S. 720.

[36] Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 4. S. 337-338.

[37] Uchowicz K. Śladami Paców. Rzecz o kościele w Różance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 26-27.

[38] Szalewicz Eustachy. Historja kościła żołudzkiego oraz wspomnienia o żołudzkiej parafji. Słów parę o obok leżącej Iszczołskiej parafji. Słów kilka o Szczuczynie. Lida. Parafja Koleśnicka // ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 4. Спр. 482. Арк. 8.

[39] Там жа.

[40] Uchowicz K. Śladami Paców. Rzecz o kościele w Różance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 33-34.

[41] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. S. 85-100.

[42] Калясінскія - разгалінаваны род лідскай шляхты. - Л. Л.

[43] Гэта вядома з успамінаў пра пілігрымку на Святую зямлю ксяндза Галавінскага.

[44] Настольнае ўкрыжаванне (cruci fixus - lat.). - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX