Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Шчучыншчына 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 27-01-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Шчучыншчына // Наша Слова. № 4 (1519), 27 студзеня 2021.



Вядома, што да адміністратыўнай рэформы 1565-1566 гг., тэрыторыя будучага Лідскага павета, якая потым стала гістарычнай Лідчынай, уваходзіла ў склад Віленскага і Трокскага ваяводстваў. Шчучын адносіўся да Васілішскай воласці Трокскага ваяводства, а пасля вышэйзгаданай адміністратыўнай рэформы стаў населеным пунктам Лідскага павета.

Ад пачатку сучасныя Шчучын і Ішчална з'яўляліся вялікакняскай маёмасцю. У 1505 г. гэтая маёмасць надаецца ва ўласнасць і дзедзічнае валоданне падскарбію ВКЛ Андрэю Якубавічу Давойну. Ужо ў 1515 г. Давойна застаўным правам аддае (у арэнду) Ішчалну і Шчучын Лімантам (сям'і італьянскага паходжання), а ў 1547 г. гэтыя ўладанні становяцца ўжо спадчыннай маёмасцю Лімантаў. У 1616 г. два браты Ян і Мікалай Ліманты дзеляць гэтыя ўладанні на дзве роўныя часткі. З акту падзелу вынікала, што старшы брат Ян атрымаў Ішчалну, а малодшы Мікалай - Шчучын. У выніку кожны з іх атрымаў па 220 валок рольнай зямлі.

Абодва мястэчкі развіваліся належным чынам, але Шчучын рос хутчэй за Ішчалну, і таму мястэчка Шчучын стала гандлёва-рамесным і школьным асяродкам, а мястэчка Ішчална і надалей захоўвала аграрны характар.

Невядома як доўга Шчучынам валодала сям'я Лімантаў, але пры канцы XVII ст. гэта маёмасць з'яўляецца ўласнасцю магнацкай сям'і Глябіцкіх-Юзафовічаў. Полацкі войскі Глябіцкі-Юзафовіч фундаваў у мястэчку піярскі калегіюм, калегіюм быў зацверджаны ў 1726 г. Яго дачка Тарэза прынесла Шчучын у пасаг свайму мужу, смаленскаму кашталяну Сцыпіёну дэ Кампа. Пры канцы існавання Рэчы Паспалітай мужчынская лінія шчучынскіх Сцыпіёнаў згасла, апошні з гэтага роду, Юзаф Сцыпіён дэ Капа быў жанаты з княжной Друцка-Любецкай (дачкой Францішка Друцкага-Любецкага, пінскага кашталяна і Ганавэфы з Алізараў) і пакінуў пасля сябе дачку Марыю (1799-1876).

Шчучыншчына.

Удава Юзафа Сцыпіёна прагнула ўтрымаць Шчучын у руках сям'і Друцкіх-Любецкіх. Таму як толькі Марыі мінула 18 гадоў, маці выдала яе замуж за свайго брата, роднага дзядзьку дзяўчыны, князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага (1778-1846). Адбылося гэта ў 1817 г., мужу было 39 гадоў, ён быў старэйшы за сваю жонку на 21 год.

Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі яшчэ ў 1784 г. паступіў на вучобу ў Пецярбургскі сухапутны кадэцкі корпус, а потым служыў у рускім войску. Удзельнічаў у італьянскім і швейцарскім паходах Суворава, падчас якіх атрымаў кантузію і ў 1800 г. выйшаў у адстаўку. У 1809 г. быў абраны на пасаду гарадзенскага павятовага маршалка шляхты. З'яўляўся прыхільнікам аўтаноміі Літвы і перад 1812 г., разам з Плятарам напісаў праект аўтаноміі пад пратэктаратам Расіі. Вайну 1812 г. сустрэў у Вільні і разам з царом Аляксандрам І выехаў у Пецярбург. Адразу пасля вайны быў прызначаны маршалкам шляхты Гарадзенскай губерні.

У шчучынскім палацы па дарозе на Венскі кангрэс спыняўся цар Аляксандр І. Асабістыя кантакты з князем Любецкім дазволілі цару ацаніць гэтага чалавека і даверыць яму шэраг розных пасад. У 1815 г. князь Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі стаў членам Грамадзянскага камітэта Польскага каралеўства. У 1813 г. быў прызначаны гарадзенскім, а потым віленскім губернатарам. У 1821-1830 гг. князь Любецкі займаў пасаду міністра фінансаў Польскага каралеўства, правёў рэформу і ўпарадкаваў скарбовыя справы. Яго рэформы таксама кранулі і сельскую гаспадарку краю - ён заклаў Крэдытнае таварыства землеўладальнікаў. Любецкі быў перакананым пацыфістам і праціўнікам узброенай барацьбы. Магчыма, таму пасля выбуху паўстання ў 1830 г. ён пакінуў пасаду ў польскім урадзе і выехаў у Пецярбург, дзе і жыў да канца свайго жыцця, быў членам Дзяржаўнага савета. Яго старэйшая сястра і адначасова цешча заўсёды мела ўплыў на паводзіны брата, які хоць і займаў шэраг высокіх пасад але, як казалі суседзі, прыслухоўваўся да яе меркаванняў.

Палац князёў Друцкіх-Любецкіх, 1930-я гг.

У памяці нашчадкаў Францішак-Ксаверы Любецкі застаўся не толькі разумным, але і добрым чалавекам. Вядомы мемуарыст Станіслаў Мараўскі гэтак пісаў пра яго ў сваіх успамінах: «Міністр скарбу Польскага каралеўства і чынны член Дзяржаўнага савета Расіі, князь Ксаверы Любецкі, чалавек вядомы ў Еўропе сваім геніем, а ва ўсім свеце сваёй дабрынёй. Князь не раз ляжаў ад падагры (у Пецярбургу), аднак на мае просьбы паклапаціцца аб нашых земляках загадваў акруціць ногі шкурай барана і, каб дапамагчы бедакам, асабіста ехаў да міністраў».

Адзін з нашчадкаў міністра, князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі, у 1913 г. быў забіты пры загадкавых абставінах у сваім маёнтку Тарэсіне пад Варшавай - галоўнай сядзібе гэтай сям'і. У забойстве абвінавацілі яго швагра, барона Яна Біспінга, землеўладальніка з Ваўкавыскага павета. Перад Першай сусветнай вайной, на фоне працэсу Бейліса гэта быў сенсацыйны судовы працэс пра які пісала ўся тагачасная прэса.

З прэсы бачна, што Уладзіслаў Друцкі-Любецкі прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Лідчыны, балатаваўся ў выбарах выбарцаў у Дзяржаўную Думу, а ў студзені 1906 г. пад відам палявання у сваім маёнтку Шчучын сабраў вяршкі мясцовай арыстакратыі для абмеркавання палітычнай сітуацыі. Удзел у паляванні прымаў і будучы забойца князя - барон Ян Біспінг.

Трэба заўважыць, што ў той час у мястэчку Шчучын слынна працавала фабрыка фанеры Друцкіх-Любецкіх, але на пачатку XX ст. новая чыгунка Балагое - Сядлец абмінула мястэчка, хоць і прайшла недалёка ад яго. У мясцовых жыхароў нарадзілася ідэя пабудаваць добрую шашу ад Шчучына да новай чыгуначнай станцыі Ражанка і такім чынам злучыць сваё мястэчка з «цывілізаваным светам». Але толькі ў Першую сусветную вайну, падчас нямецкай акупацыі, была пабудавана вузкакалейная чыгунка ад чыгуначнай станцыі Ражанка, праз Шчучын да Плянтаў, якія знаходзіліся на шашы Ліда - Гародня. У Плянтах існавала вялікая лесапілка, на якой, дарэчы, у той час пілаваў лес палонны французскі афіцэр Шарль Дэ Голь - будучы прэзідэнт Францыі. Вузкакалейка была патрэбна акупантам, каб вывозіць лесаматэрыялы. Менавіта вялікая лесапілка прычынілася да таго, што падчас першай нямецкай акупацыі з'явілася новая адміністрацыйная адзінка - Плянцкі павет. Бо ў 1916 г. вялікі Лідскі павет для больш надзейнага кантролю за тэрыторыяй, быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радунскі, Васілішскі і Плянцкі. З-за нязначнасці Плянтаў, у тагачаснай прэсе наваствораны павет часта называўся Шчучынскім ці нават Плянта-Шчучынскім, і менавіта тады ў першы раз у нашай гісторыі шырокая грамадскасць пачула пра Шчучыншчыну.

Гэта зямля дала Беларусі вялікіх людзей, першы з якіх, безумоўна Вацлаў Іваноўскі. Лічыцца, што менавіта ён «беларусізіраваў» сваю суседку, вялікую Алаізу Пашкевіч, а яна, у сваю чаргу, улетку 1901 г. на нейкіх вячорках шляхецкай моладзі (па іншай інфармацыі на маёўцы) навярнула на беларускі шлях Фелікса Стацкевіча, які нарадзіўся непасрэдна ў Шчучыне і потым з'яўляўся паплечнікам Антона і Івана Луцкевічаў - у Беларускай Рэвалюцыйнай грамадзе адказваў за друкарскую справу, а потым, «пад Польшчай» кіраваў Таварыствам беларускай школы. Гэтыя людзі ў самым прамым сэнсе гэтага слова «стварылі» Беларусь.

Цікава, што ў так званым Плянцкім павеце, перад сваім сыходам у 1918 г., нямецкі начальнік павета гаўптман Ліндаман хацеў перадаць уладу роднаму брату Вацлава Іваноўскага, прадстаўніку ўрада незалежнай Летувы Тадэвушу Іваноўскаму, вядомаму актывісту летувіскага нацыянальнага руху. Дарэчы, Тадэвуш Іваноўскі вёў тады палітычную працу ў сваім павеце разам беларускім рухам, прадстаўніком урада БНР у Плянта-Шчучынскім павеце ў той час з'яўляўся палкоўнік Кастусь Езавітаў.


Шчучынскі павет у межах польскай дзяржавы ствараўся па этапах. На пачатку тут пачала працаваць так звана «экспазітура», якая падпарадкоўвалася лідскаму старасце і выконвала галоўныя функцыі павятовай улады. У красавіку 1929 г. міністр унутраных спраў зацвердзіў унёсак Наваградскага ваяводы аб стварэнні Шчучынскага павета, і такім чынам пасля некалькіх стагоддзяў знаходжання гэтай тэрыторыі ў Лідскім павеце з шэрагу гмін быў створаны новы Шчучынскі павет. Трэба дадаць, што ў якасці цэнтра будучага павета абмяркоўваліся таксама і Васілішкі, але гэтае мястэчка, хоць і мела цікавую і значную гісторыю, але ляжала ўдалечыні ад галоўных транспартных магістраляў.

Да стварэння сапраўднага Шчучынскага павета ў межах польскай дзяржавы, праз сваю прагу да ўлады, прычыніўся стараста Лідскага павета Станіслаў Здановіч, які з'яўляўся даўнім актывістам польскага руху і стаў першым лідскім старастам яшчэ ў 1919 г. Лідскі абшарнік і тагачасны грамадскі дзеяч, інжынер Андрэй Раствароўскі пісаў у сваіх успамінах: «Стараста Здановіч, які вывучаў юрыспрудэнцыю ў Пецярбургу, меў свае амбітныя планы. Лідскі павет і так ужо меў 20 вялікіх гмін, але стараста штораз адрываў гміны ад суседскіх паветаў. Меў надзею, што калі колькасць гмін дойдзе да 30, дык яны будуць падзелены на 3 паветы і такім чынам створыцца Лідскае ваяводства, якое ўзначаліць, зразумела, сам Здановіч. Аднак, калі павет атрымаў 27 гмін, быў створаны Шчучынскі павет, у які патрапілі ўсе гміны на захад ад ракі Дзітва. Старастам гэтага новага павета стаў Юзаф Сялява». Хутка і самога Станіслава Здановіча, «з'елі» лідскія асаднікі, і пасаду лідскага старасты заняў выхадзец з этнічных польскіх зямель, малады чыноўнік Генрык Багаткоўскі.


Пры канцы 1930-х гг. Шчучын меў каля 4 000 жыхароў. Апошнім уладальнікам маёнтка Шчучын з'яўляўся сын Уладзіслава Любецкага, князь Юзаф Друцкі-Любецкі, маёнтак якога налічваў каля 8 500 гектараў. Пасля Другой сусветнай вайны князь эміграваў у Амерыку, а яго прыгожы шчучынскі парк быў высечаны і стаў часткай савецкага ваеннага гарадка. У шчучынскім палацы адчыніўся афіцэрскі клуб. У наш час палац Друцкіх-Любецкіх рэстаўраваны.

Як вядома, галоўным крытэрыем для Савецкай улады пры стварэнні раёнаў быў кантроль за тэрыторыяй і таму Шчучыншчына працягнула сваё далейшае існаванне ў выглядзе Шчучынскага раёна, аддаўшы пры гэтым частку сваіх усходніх сельсаветаў Лідскаму раёну. Пры гэтым, мяжа паміж Лідскім і Шчучынскім раёнамі прайшла паміж Малым Мажэйкавым і найстаражытнейшай царквой Лідчыны, якая заўсёды звалася Маламажэйкаўскай. Таму, насуперак гісторыі, старажытная царква атрымала новую назву і пачала называцца Мураванскаўскай. Новая назва царквы была ўзятая ад назвы вёскі, якая сама з'явілася тут толькі пры канцы XIX ст. і атрымала сваю назвы ад народнай назвы царквы - Мураванкі. Вось што бывае, калі межы праводзяць чужыя і абыякавыя да нашай гісторыі людзі. Тым не менш ёсць надзея, што гістарычна вывераная дзяржаўная сістэма з вялікімі паветамі, калі-небудзь вернецца і ў межах Рэспублікі Беларусь зноў адродзіцца гістарычная Лідчына.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX